ІV

Лета — восень 1552 года

Нябачаны дагэтуль чалавечы павадак зліваўся да берагоў Масквы. Меншыя ручаіны акрайных ваяводстваў цяклі да Волгі і расцягваліся ў размаітую плыню на дзясяткі вёрстаў: вершнікі з шаблямі і лукамі, стральцы з мушкетамі і сякерамі, кананіры з абозамі гарматаў і зелля-пораху, зачыншчыкі і гранатчыкі, драўляныя гуляй-гарады, атрады пішчальшчыкаў у высокіх шлемах-шышаках, пяхота з пікамі, мячамі ды шчытамі, нарэшце — раць-пасошнікі, закліканыя ў набор з усіх гарадоў і весяў, абознікі і святары. Хто берагамі ці дарогамі, калі яны былі, хто вадой на лодках і плытах, — усё варушылася, гохкала, тупала, скрыпела, друзгала, плёхала ды мкнула да высокіх сценаў Казані — каб у адзіным наплыве змыць мусульманскае іншаверства і атушыць на маскоўскай зямлі татарскія пажары.

Гэта быў ужо трэці за чатыры гады паход. Два папярэднія не дасягнулі выніку: выступалі восенню, зіма ахалоджвала ваярскі пыл, гарматы і людзі патаналі ў вадзе і снезе. Кусаючы ў цёплых палацях ад бяссілля вусны, цар даваў загад на адступленне. Адзіная заваёва — збудаванне гарадка-цвержы Свіяжск на сутоку Волгі і Свіягі недалёка ад Казані. Але ён стаў бяльмом на татарскіх вачах і мог быць у любы час знішчаным.

Вясной у Маскве сабралі вялікую баярскую раду, і яна прапанавала адмовіцца ад вайны, здзейсніць урачысты перанос святых машчэй з Дабравешчанскага сабора ва Успенскі ды паслаць у Свіяжск асвечанай над імі вады. Цар жа прыслухаўся да слоў сваіх найбліжэйшых людзей — Андрэя Адашава і князя Івана Курбскага. Вырашаецца будучыня ўсёй Маскоўскай дзяржавы, пераконвалі яны. Ці мы пераможам цяпер, ці ніколі. А Эдзігер-Магамет, калі яго не спыніць, аб’яднаецца з крымчакамі і можа пагражаць новым ігам. А таму — трэба спяшыць, цар, і самому табе ўзначаліць паход…

16 чэрвеня 1552 года Іван IV перадаў уладу ў Маскве ў рукі цяжарнай царыцы Анастасіі і выступіў на Казань. Шэсць палкоў — Перадавы пад ачолам Адашава, Вялікі Курбскага, Правай і Левай рукі, Старажавы і Царскі — павінны былі напрыканцы жніўня сустрэцца перад Свіяжскам.

Дарога была цяжкай і спякотнай. Яна зацягнулася да восені, і толькі 11 верасня маскоўскія палкі пачалі абступаць Казанскія сцены, якія з трох бакоў надзейна атулялі рэчкі Булак і Казанка, а з Арскага поля — глыбозны роў. І падвойныя дубовыя сцены ў сем сажняў таўшчыні, засыпаныя знутры пяском і каменнем.

Перадавы маскоўскі атрад быў ушчэнт разбіты яшчэ на подступах да горада, а затым узлютавала бура, раскідаўшы шатры царскага лагера, разбіўшы і патапіўшы на Волзе шмат лодак з правізіяй. Дождж ліў бесперастанку некалькі дзён, і кананіры пачалі баяцца за порах. А цар нястомна маліўся, а потым загадаў абнесці ўсе палкі цудатворным крыжам, які перад паходам падарыў яму мітрапаліт Макарый.

І дождж сціх. Зноў вызірнула сонца, і гэта надало маскоўцам рашучасці. Заварушыўся чалавечы мурашнік, загохкалі сякеры, на полі ўзняліся гуляй-гарады — драўляныя туры з высокімі платамі. На ірвы і рэкі леглі масты, а ў рэкі ды ірвы — працятыя стрэламі целы…

Казанцы адказалі на грамату аб здачы горада ярай вылазкай. Іх удар прыняў на сябе Вялікі полк Курбскага. Шалёная лавіна з дзікім крыкам і шаблевым лязгам прайшла да сярэдзіны стану і захлынулася ў сваёй і чужой крыві. Парэшткі яе адступілі, з паўсотні — большасцю параненыя — сталі палоннымі. Іх выставілі перад доўгай сцяной збоку Арскага поля і паслалі другую грамату: біце чалом гаспадару цару і вялікаму князю маскоўскаму — і будзеце жыць, а не — жывот свой бясслаўна закончыце. У адказ «няверным свінаедам» была накіраваная брудная лаянка, і палонных на вачах абаронцаў забілі.

1 кастрычніка — у Пакроў Святой Багародзіцы — цар загадаў служыць прасвітарам і пяўцам ранішнюю ў гонар Ісуса Хрыста, а з абложаных сценаў у адказ загучалі малебны да прарока Магамета з просьбамі ратавання ад нячыстых паганцаў. Адны кляліся аддаць жыцці за веру і цара, другія — за Алаха і свой юрт.

А на другі туманны ранак грозна затрубілі сурны і забарабанілі накры. У самую доўгую сцяну з боку Вялікага палка пачалі біць дзясяткі гарматаў. Зямля задрыжэла пад нагамі, і калі вецер раздзьмуваў па наваколлі серна-сівы дым, былі відны на Казанцы некалькі водных тураў — везлі да сценаў бочкі пораху і атрад зашчыншчыкаў, каб па загадзе ваяводы Курбскага зрабіць падкоп і ўзарваць паўночную сцяну. Кананіры рыхтавалі валкамёткі; пешыя пішчальшчыкі, хаваючыся за драўляныя завесы, падступілі да цвержы і лілі на абаронцаў свінцовы град.

Ноччу ўсё аціхла, а на світанні Іван, накінуўшы паверх калантыру — на залачоныя латы — доўгі шэры плашч, прыйшоў разам з неадлучным Мацеем у шацёр-цэркаўку, узведзеную пасярод Старажавога і Царскага палкоў. Гучала літургія.

— …Воеже покорити под нози его всякого врага и супостата! — узнёсла спяваў рослы жаўтавалосы дыякан з драўляным крыжам на грудзях — і ў той момант сцены і свечкі ўздрыгануліся, і здалося, што неба абвалілася на зямлю.

Усе прысутныя ўпалі на калені і пачалі жагнацца.

— Гэта ў падкопе зелле ўзарвалі… — прашаптаў на царскае вуха Мацей.

— …Пашлі анёла свайго пераможнага, — узвысіўшы голас, працягваў дыякан, — як некалі да Ісуса Навіны дапамагчы разбурыць сцены Іерыхонскія. Іерыхон паў ад гукаў трубаў і крыкаў войска. О Прасвятая Багародзіца! Дапамагай і нам, грэшным рабам тваім, і малі Уладыку Хрыста, Бога нашага, хай пашле нам перамогу на праціўныя…

І зямля другі раз узварухнулася ад выбуху — яшчэ больш магутнага і страшнага. І загулі над ёй чалавечыя крыкі і клічы. Палкі пайшлі ў галоўны наступ, а ў цэркаўцы працягваўся малебен.

Іван скамянела глядзеў на дыякана і штось нячутна шаптаў. Мацей некалькі разоў далікатна спрабаваў звярнуць ягоную ўвагу на ўзбуджанага ганца:

— Гасудар, Вашая Вялікасць!.. Падкоп атрымаўся. Сцяна ўпала… Перадавы полк і полк Правай рукі ўварваліся ў горад!

У царскіх вачах успыхнула радасць.

— «И бе едино стадо и един пастырь», — прашаптаў ён і зноў аддаўся малітве.

— Гасудар, час ехаць… Твае людзі і твой полк чакаюць цябе.

— Няма сілы мацней, чым слова нябеснае, — адказаў Іван, марудна наблізіўся да алтара і прачытаў малітву Гасподнюю. Усе, акрамя Мацея і некалькіх святароў, выйшлі з цэркаўкі.

Праз паўгадзіны з’явіўся другі ганец:

— Наступ слабее. Татары не здаюцца… Ваяводы і войска клічуць цара!

Іван глыбока ўздыхнуў. У ягоных вачах зазіхцелі гарачыя слёзы:

— Хрыстос Усемагутны, яві нам заступніцтва сваё!

Але словы згубіліся ў гарматных выбухах і стрэлах пішчаляў…


Сонца ўжо вісела над Арскім лесам, але — нібыта ашаломленае пякельным дзействам пад сабой — вышэй узнімацца не спяшала. Марудзіў і цар. Ён прыклаўся да цудатворнага вобраза Сергія, выпіў святой вады, з’еў прасфіры, папрасіў у свайго паходнага духоўніка дабраславення, а ў святароў — даравання грахоў. Зноў памаліўся, і тады загадаў Мацею падаць каня.

Калі Царскі полк перайшоў мост праз Булак і падступіў да сцяны, над дзвюма вежамі ўжо ўзнімаліся маскоўскія сцягі. Бой ішоў у горадзе, у вузкіх вулках, цесных ад наваленых трупаў. Пасля апоўдня бітва пачала затухаць. Некалькі сотняў крымчакоў, пасланых на падтрымку казанцаў, змаглі на конях вырвацца да валу, перайшлі праз брод Казанку, знішчылі тылы палка Правай рукі — і зніклі ў лясной гушчэчы.

А Казань перайшла да царскіх дружынаў. Апошняй захапілі мячэць — і забілі ўсіх іярэяў. Не пакаралі толькі жанчын і дзяцей — збіралі ў палон.

Расчырванелы Андруша Адашаў, скінуўшы шлем і завязаўшы змакрэлыя рудыя пасмы стужкай, прынёс Івану высокі крыж — і цар усталяваў яго на тым месцы, дзе яшчэ нядаўна лунаў сцяг казанскага хана.

— Быць тут царкве Хрыстовай! — бадзёра ўзносячы свой погляд у вечаровае неба, сказаў Іван і запрасіў усіх да малітвы за жывых і загінулых, пасля якой дапамагалі параненым, выстаўлялі варту і рыхтаваліся да агульнай царскай трапезы.

Прызначыўшы ў горадзе свайго намесніка, ужо назаўтра Іван вырашыў вяртацца ў Маскву. За ім выпраўлялася і войска — акрамя Старажавога палка, які заставаўся на зімоўку.

— А хто той дыякан, пад словы якога ўзрываліся сцены? Высокі такі, русы, з драўляным крыжам? — пацікавіўся нечакана перад сном Іван. Мацей шморгнуў носам і прабасіў:

— Дазволь выведаць, гасудар?

— Выведай-выведай… І запрасі яго назаўтра ў мой абоз — хачу дарогай з ім пагаварыць.

…Дыякана Іаана расшукалі толькі падчас дарогі, перад Уладзімірам, конна даставілі да чарговай стаянкі і прывялі ў царскі шацёр. Яго блакітныя шчырыя вочы пад чорнымі, як смоль, брывамі і доўгімі — як крыльцамі матылька — веямі хавалі неспакой. Абнечаканены і збянтэжаны, ён перахрысціўся:

— Гасудар пажадаў бачыць мяне, грэшнага…

Цар прыціснуў даланёй танклявую бародку, схіліў набок галаву і працяў госця цяжкім поглядам. Затым усміхнуўся і запрасіў дыякана прысесці.

— Хто ты і адкуль, і колькі гадоў маеш?

— Іаáн Фéдаравіч, дыякан крамлёўскай Мікольска-Гостунскай царквы.

— У якой старадаўні абраз святога Міколы?

— Так.

— Жанаты?

— Жанаты, гасудар. Двое сыноў-пагодкаў растуць… А сам уроджаны трыццаць тры гады таму ў Літве. Вучыўся ў Італіі багаслоўю і друкарскай справе…

— А як у Маскву патрапіў?

— Князь Глінскі Міхаіл Юр’евіч, царства яму нябеснае, — жоўтавалосы дыякан зноў перахрысціўся, — з ліста ад свайго падуанскага сябра Касцільдзі дачуўся пра мяне, земляка, і ў Маскву запрасіў.

— Хм… — цар задумаўся. — Добрым чалавекам Глінскі быў. Бачыўся я з ім, пра Сабор агульны гаварылі, а два дні да яго не дажыў… — І перакінуўся на іншае: — Дык, кажаш, друкарству вучыўся. А навошта?

Суразмоўца пракаўтнуў даўкі камяк, і голас ягоны загучаў мацней:

— Веру, гасудар, што ў друкарскай кнізе вялікая сіла тоіцца. Сіла, якая зменіць да лепшага наш грэшны свет…

— Да лепшага?

— Так, бо зможа да многага люду паспалітага дайсці. І Хрыстовую навуку, і запаветы светлыя пашырыць.

— Думаеш, як і Глінскі з Максімам Грэкам, што тых кніг на землях маіх недастаткова?

— Слова Божага, гасудар, ніколі многа не бывае, — мякка, каб не разгневаць, адказаў дыякан Іаан.

— Мацей! — паклікаў цар свайго пасцельніка і ахоўніка. — Клікні да мяне Віскаватага! — а затым яшчэ раз уважліва зірнуў на дыякана і зноў спытаў:

— А там, перад наступам і падзеннем Казанскай сцяны — ты чаму якраз адпаведныя словы спяваў? Пра разбурэнне сценаў Іерыхонскіх?

— Ды само неяк узгадалася… Я, папраўдзе, і не памятаю ўжо, пра што спяваў… Нейкае гарачае ўзрушэнне было, а пра што…

У шацёр спешна ўвайшоў і нізка пакланіўся дзяк Іван Віскаваты, невысокі таўстун з нездаровай адышкай, пульхнымі вуснамі і глыбокімі вачыма. Ён узначальваў пасольскі загад, кіраваў царскім архівам і вёў летапіс.

— Раскажы нам, архіўнік, якімі кнігамі маё царства багатае?

Віскаваты здзіўлена скасіўся на дыякана і затараторыў:

— Рознымі, гасудар… Каля паўтысячы рукапісаў, з іх — сто адна кніга Бібліі, каля паўсотні багаслужбовых перашытых кніг, зборнікі настаўленняў айцоў царквы… Хронікі Малалы і Амартолы. Скрыпт Косма Індыкоплеста, вельмі старадаўні… Скрыпты Пчала і Ступенныя кнігі, гэта што Макарый з перапісцамі складае.

— І ўсё? — нібыта нешта не зразумеў цар.

— Так, гасудар… Большасць іх з ліберыі Троіца-Сергіевай лаўры. Крамлёўскія зборы, акрамя цудадзейнай кнігі Евангелля Святога Яна, знішчаныя пажарам… — Віскаваты ўважліва зіркнуў на цара, убачыў ягонае нездавальненне і паспяшыў апраўдацца: — Як гасудар ведае, мінулы Маскоўскі Сабор прызнаў неабходным заснаванне большай колькасці перапісчых школаў пры манастырах ды прапанаваў распачаць выпраўленне дапушчаных памылак і недакладнасцяў у старых кнігах…

— А што гэта там за ерэтыкі-даччане каля твайго пасольскага загаду масляцца? — цар заклаў рукі за спіну і ўсутыч наблізіўся да Віскаватага. Ад нечаканасці той пачаў кусаць вусны, пакуль, заікаючыся, не выціснуў:

— Злыя языкі, баюся… нядобрае гасудару плявузгаюць… — і адвёў вока на незнаёмага дыякана.

— Ну-ну! — цар заўважыў тое. — Не касіся! Ён наш цёзка і чалавек, па ўсім бачу, свой. Гавары пра даччанаў!

Бачачы такую гарэзную весялосць цара, Віскаваты ўздыхнуў з палёгкай:

— Кароль Хрысціян Трэці прыслаў гэта ў Маскву місіянера Ганса Богбіндэра… З граматай да Вашай вялікасці… Ну і з адпаведнымі грашовымі скарбамі… Перадаў некалькі кніг… Я прасіў разгледзець іх мітрапаліта і япіскапаў. Богбіндэр браўся надрукаваць і даставіць тысячу падобных кніг па-маскоўску, але… — Віскаваты пераступіў з нагі на нагу: — Але большасць япіскапаў не захацелі тых лютэранскіх кніг…

— Дык што… дацкі кароль Хрысціян — не сапраўдны хрысціянін?! — цар прайшоў да лёгкага паходнага стальца, сеў і моцна абшчаперыў падлакотнік. Адказаць на тое яму ніхто не намогся, і цар узняў сваю тонкую руку ды загадаў:

— Даручаю закласці ў Маскве ўласны друкарскі дом, каб свае кнігі мець, а не чужымі сыціцца! І сабраць належных друкароў, папернікаў ды літарных ліцейшчыкаў. А галавой дому быць дыякану Іаáну Фéдаравічу, які той справе навучаны. — Цар адхінуўся на спінку стальца і прымружыў на агаломшанага госця вочы — ажно вострыя бровы сышліся над пераноссем. — Згодзен, дыякан?

Іаáн Фéдаравіч стаў перад царом на адно калена, схіліў галаву і звонка вымавіў:

— Зраблю ўсё, вялікі гасудар, наколькі сілаў і розуму Гасподзь дасць!

— Што ж, пабачым! А цяпер адпачывайце…

Не паспеў па вяртанні ад цара Іван Віскаваты ўпісаць сваім разборлівым почыркам на летапісную старонку: «Сего убо Бога нашего, в Троице славимого, милостию и хотениемъ удръжахомъ скипетръ царствия, мы, великий государь, царь и великий князь Иван Васильевич, всея Руси самодержецъ, владимирский, московский, новгородский, иныхъ многихъ земель государь, а також царь казанский повелелъ устроити домъ отъ своея казны, идеже печатному делу строитися…», — як на стаянку прыскакаў маскоўскі ганец з радаснай навіной: царыца Анастасія разрадзілася сынам-спадкаемцам!

Царскі абоз затрымаўся ва Уладзіміры толькі на ноч — і спешна рушыў у Маскву. У горад уязджалі праз Фролаўскія вароты, каля якіх Івана Васільевіча сустракалі мітрапаліт Макарый, архіяпіскапы, япіскапы, архімандрыты, ігумены і старэйшае баярства.

Цар — хоць зусім яшчэ малады — выглядаў велічна і ўрачыста. Пад скупым перадзімнім сонцам зіхцелі пазалочаныя і срэбныя адзежы, дарагое каменне царскай парфіры, буйныя жамчужыны на залатым вянцы. І вочы — палкія вочы пераможцы…


Сорак дзён гудзелі па Маскве піры, якія дарэшты спустошылі царскую казну, надарваную трыма вайсковымі паходамі. А затым па слабодах, гарадах і весях загаласілі жанкі і дзеці: даведаліся, што ўжо ніколі не дачакаюцца сваіх мужоў і бацькоў. Амаль палова дваццацітысячнай дружыны склала свае косткі ў невядомай Казані. «Гэта-а ж не вораг-супаста-ат прыйшоў рэзаць радзіну нашую-ю… І што мой саколік забыў у чужой зямельцы-ы-ы?!» — поўніліся плачам галодныя галасы, і ўжо да крамлёўскіх сценаў пакаціліся хвалі народнага абурэння, і нярэдка загадным служылым даводзілася чуць аповеды пра цара-крывасмока.

Час і зімнія маразы атушылі непакору, але для гісторыі Іван Віскаваты ўсё ж мусіў пакінуць у летапісе наступны квяцісты запіс, які загадана было да Раства чытаць гласарам на ўсіх сходах і ў цэрквах: «Мнози худоумные человецы или, прямо рещи, безумныя и тщедушныя, негодоваху и роптаху на самодержца своего, яко самому ему землю свою губящу и паче злее ратныхъ, и не щадящу, и не брегущу людей своихъ. Онъ же, предобрый в самодержцехъ, не похвалы тленные себе взыскуя, да славенъ будетъ в родехъ мужествомъ, якоже и Македонский Александръ, до край земли дошедъ и смерти не убежа, или прежде его бывый Ликиний царь, до четырехъ градовъ дошедъ и столпове тамо постави и свое имя в писанияхъ. Сей же не о такой славе подвизашеся, но о своемъ царствии тружашеся, думающаго ради составления мирскаго, о благостоянии святыхъ церквей и устроении земскомъ, и о тишине всего православного християнства, да не паки бы поработитися поганыя казанцы…».

Загрузка...