II

1493–1547 гады

З падзеннем Канстанцінопаля нібыта зямля перавярнулася пад нагамі афонскіх манахаў. Яны нястомна малілі Госпада ўразуміць іх і выявіць святыя знакі. Але — ці не бачылі, ці не заўважалі, ці іх — не было.

І манахі — хто не звязаў свой лёс з янітамі — падаваліся ў скіты. Афонскія манастыры амаль пуставалі. Балела ад таго ў Максіма Грэка душа, і ён дзякаваў Богу за тое, што мае магчымасць аддаваць свае сілы на пашырэнне Ягонага слова. Манах за некалькі гадоў працы ў Кіеўскай лаўры перапісаў сем кніг і з многімі дапамог у перакладзе. Ён ужо звыкся са сваім новым месцам, зжыўся з ім, як некалі — з Падуяй і Фларэнцыяй, дзе вучыўся, і толькі ў мяккіх снах, забываючыся над кніжнымі радкамі і старонкамі, зрэдку вяртаўся на радзіму — вось як у гэтым, з высокай сакавітай травой, вінаграднікам за спіной, дарогай… доўгай дарогай… якая выбегла з вады ў лес… стары пагудасты лес з вялікімі невядомымі яму дрэвамі… белымі, халоднымі… і дарога белая, ажно забалелі вочы…

— Эвлагітэ! — нечакана пачулася над спіной, і ён абудзіўся.

Яшчэ неўразумела — між сном і явай — усхапіўся над залітым воскам прыстолкам, перахрысціўся і адказаў:

— О Кірыёс… Гасподзь дабраславіць…

І збянтэжыўся, убачыўшы перад сабой брата-яніта, земляка па Афоне, свайго аднаіменца — Максіма Спартанца, у чорным хітоне, з накінутай на плечы авечай скурай.

— Вось я і адшукаў цябе. Збірайся…

Інак, які прывёў госця ў келлю, пакланіўся і выйшаў.

А яны доўга не маглі нагаварыцца. Пачутае аніяк не супакойвала кніжніка-Максіма — свет і сапраўды пераварочваўся: у Рыме пануе нямецкае войска, Свяшчэнная Імперыя спрачаецца з Францыяй за свецкую ўладу… І аскепкі дынастыі Палеалогаў, пасля таго, як Венецыянскі сенат нагадаў маскоўскаму ўладару аб ягоных правах на спадкаемства візантыйскага тытулу, вырашылі падацца на ўсход. Між тым князь маскоўскі Іван ІІІ нібыта прымаў імператарскага пасла і пагадзіўся на саюз з Максіміліянам супраць ісламу, але развязаў вайну з ляшскімі хрысціянамі… А цяпер рыхтуецца да жаніцьбы з пляменніцай Канстанціна Зояй Палеалог і пагадзіўся прыняць герб Візантыйскай імперыі — двухгаловага арла. І вось ён — брат Максім — з’явіўся сюды ў суправаджэнні брата нябожчыка-базілеўса Фамы Палеалога і будучай імператрыцы Зоі, а ў пасажным абозе — з паўсотні старадаўніх манускрыптаў.

— …А яшчэ маскавіты жадаюць пашырэння царкоўных кніг візантыйскай традыцыі, і таму — збірайся і ты, цёзка брат-Максім, у новую вандроўку. Вось табе і ліст нашага магістравага заступніка аб тым… — закончыў госць.


Вось табе і дарога…

Белая, аж вочы коле. Снегу насыпала столькі, што здавалася, ён не растане і за ўсю вясну. А яшчэ — мароз і сіберны вецер, ад якіх слаба ратавалі авечыя скуры ды збітыя на санях буданы-балаголы. Калі коні стамляліся, абоз спыняўся ў больш-менш сцішным месцы. Сані расстаўлялі кругам, у цэнтры распальвалі вогнішча, грэлі ў катле штось паесці, затым — калі былі не ў стэпе — прыцягвалі некалькі сухастоінаў, звычайна елак, і падпальвалі. З людзьмі радаваліся цяплу і коні, дромна іржалі, нібыта ўрываючыся ў манатонныя размовы манахаў.

— …Дык ці скора яна, тая Масковія? І ці праўда, што тамтэйшы базілеўс, ці князь па-іхняму, не дачакаўся патрыяршай булы і загадаў называць сябе імператарам, царом? — пытаў, энергічна паціраючы далоні, Максім Спартанец. — Ці не было тое заявай на візантыйскую спадчыну?

— Пабачым, — спакойна ўздыхнуў Максім Грэк і схаваў у накладную кішэню ружанец — келейны, не на сто «зярнят»-напамінаў пра малітву Ісусаву, а на тысячу, з большым кожным дзясятым «прыпынкам». Кукаль манах апусціў на спіну і прыгладзіў свае наравіста-кучаравыя, з русым адценнем валасы. — У Кіеве ад манашства я многа чаго чуў… Ён, маскоўскі князь Іван, прысвоіў сабе тытул гаспадара ўсяе Русі, гэтым самым заявіўшы сваё права на Кіеў і Полацак. Невядома, што будзе з вольнымі гарадамі Псковам і Ноўгарадам. Але чалавеку — чалавечае, а Богу — Богава. — Манах узняў сваю прадаўгаватую галаву, адкрыўшы востры коўцік, і назіраў, як ад вогнішча адрываюцца і кружляюць у паднеб’е ігрыста-ружовыя матылькі-іскрыны.

— Эх, раней мы і не чулі пра тую Масковію, а цяпер вось даводзіцца снягі да яе церці, — уздыхнуў, калупаючыся дручком у вуголлі, малады і дужы прыслужнік Зоі Палеалог Сілуан, сын канстанцінопальскага ліцейшчыка. І без таго аграмадны, у накідках-скурах ён выглядаў волатам. Толькі дробны, крыху ўзняты нос сведчыў пра яго добры і мяккі характар. Зноў уздыхнуўшы, Сілуан нечакана згадаў: — Я калі ў кузні бацьку дапамагаў, у самы санцапёк, марыў, бывала, каб у лёдзе паляжаць, а тут вось…

— Кароткі век чалавечы, як і ўсялякай дзяржавы, акрамя Нябеснай, — не адрываючы вачэй ад агня, загаварыў Максім Грэк. Гарачыя языкі ўсполыхаў адлюстроўваліся ў ягоных валошкавых зрэнках і, здавалася, вось-вось расплавяць іх. — Я прачытаў некалькі летапісаў і хронік аб тым краі. Розных. Масква нараджалася як калонія, заснаваная русамі ў чужой фінскай зямлі. Яшчэ два-тры стагоддзі таму Масковія гарэла ў братазабойчай вайне паміж нашчадкамі Уладзіміра Манамаха. Юрый Даўгарукі ачоліў войска-калонію і падаўся на паўночны ўсход шукаць новыя землі. Ішоў той дарогай, па якой і мы: праз лясы, між ложаў Дняпра і Волгі… Падпарадкоўваў сабе іншыя плямёны. І збудаваў паходны лагер перасяленцаў, які і стаўся Масквой… Затым, як Божае пакаранне за пралітую кроў — доўгае нашэсце арды.

…Дагарэла вогнішча. Зыркае яшчэ вуголле насыпалі ў катлы і глыбокія жалезныя місы, паставілі ў вазы: яшчэ з гадзіну-дзве будуць леціць-грэць. Запрэглі коней — і санны караван выбраўся з прылеску ды зноў пасунуўся заснежанай поймай ракі.

Сонца — як аграмадны мандарын з афонскага саду — завісла злева ад іх і, здавалася, не спяшыла заходзіць за ледзяны небакрай, баючыся абмарозіцца. А як прыгожа некалі, думалася Максіму Грэку, яно садзілася ў фіялетава-малочныя хвалі — нібыта няўцерп было, перагрэтаму, нырцануць у марскую прахалоду… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? Бо вандруе па свеце, — згадаліся словы прападобнага брата Філафея. — Так і святая кніга павінна асвятляць землі Гасподнія…».

Раптам успалашыліся коні. «Ваўкі! Ваўкі-ы-ы!!!» — закрычалі ззаду. Максім Грэк адхінуў скураную апону і адразу ж убачыў іх: доўгая зграя гонкіх шэра-чорных звяроў злятала са снежнага ўзгрыўку наперарэз ягоным саням. Два ўпрэжаныя конікі нярвова захраплі, заматлялі прыўзнятымі галовамі — і рванулі ўбок, далей ад ікластай зграі. Дзесьці пад імі і снегам рака нечакана падала ўніз. Водны парог быў нябачны пад снегам, хоць і не замерзлы.

— Стой! Сто-ой!!! — роў на коней вознік, а на возніка — праваднікі з абозу. Гохнулі некалькі пішчольных стрэлаў, і ў той момант палазіна саней натыркнулася на штось цвёрдае (камень?), сані рэзка віхнуліся набок, штосьці пад імі хруснула — і Максіма абдало марозным агнём. Ён хапіў паветра — і ледзь не захлынуўся вадой. Узняў руку, зачапіўся за апону і паспрабаваў прыўзняцца — ды зноў уваліўся ў марозны кіпень. Затым чыясь моцная рука сціснула ягоную — і выцягнула на свет Божы…

Спалоханыя коні, паламаўшы аглоблі, крышылі грудзьмі лёд, сані патаналі ў снезе і бурлівай вадзе, а над Максімам паўставала парнае воблака. Каля яго завіхаўся палеаложскі прыслужнік Сілуан, які выцягнуў манаха з халоднага віру і цяпер накрываў доўгай скурай.

Стрэлы напалохалі зграю, і ваўкі раптоўна, як і з’явіліся, зніклі. Як цені д’яблавыя…

Памаліўшыся і прывязаўшы мокрых коней ззаду абозу (утопленыя сані ўжо не адрамантаваць), рушылі далей. Максіма Грэка запрасіў да сябе Сілуан, сані якога былі большымі — на іх везлі некалькі скрыняў кніг.

— Хвала Госпаду за тое, што не яны пад лёд упалі, — прашаптаў Максім і, цяжка дыхаючы, лёг. Аднак і накрыты ён не мог сагрэцца.

А вечарам ягонае цела пачало гарэць. Манах штось неўразумелае трызніў, але глыбокі хрып вырываўся з грудзей, і ён намагаўся ўзняць галаву; скура напіналася на вострым коўціку, пад ім устрывожана пульсавала трапяткая вена… ды сілаў не было. Сілуан азірнуўся ў цёмным будане, каб штось знайсці — падкласці нябогу пад галаву. Намацаў за спіной скрыню, дастаў важкую, аплеценую мяккай скурай кнігу і асцярожна падсунуў пад кучаравыя, яшчэ вільготныя валасы манаха. Той нечакана заціх, пачаў дыхаць спакайней. Здалося, заснуў.

А праз некалькі гадзінаў абудзіўся здаровым. Нібыта нехта ўдыхнуў у яго незвычайную моцу, спакой, упэўненасць. Ужо была ноч — але светлая; поўня люстравалася ў зляжалым снезе. І ён папрасіў спыніцца, пазваў пагрэцца ў будан возніка, а сам пад неўразумела-здзіўленыя позіркі Сілуана палез па лейцы — і да наступнага прыстанку, да глыбокай раніцы і агульнай малітвы адмаўляўся ад падмены. А затым — чырвонашчокі, з пасівелымі ад марознай шэрані барадой, вусамі і брывамі дапамагаў валіць і цягаць аграмадныя сухастоіны, ды і ад ежы адмовіўся. «Хвала Богу, сыты», — сказаў, адышоў да саней, дастаў з кішэні ружанец — і пачаў новую малітву.

А калі зноў рушылі і манах убачыў у санях, дзе зусім нядаўна ляжаў у хворым бяспамяцтве, вялікую кнігу ў скураных вокладках, спытаў здзіўлена-сполашна:

— Што гэта?

— Я пад галаву падклаў быў, каб вышэй, каб дыхаць лягчэй табе было… — адказаў ніякавата Сілуан.

Максім правёў даланёй па далікатна вырабленай скуры, адшпіліў тры медныя спражкі і беражліва разгарнуў манускрыпт.

— Паводле Яна Святое Дабравесце… — прашапталі вусны. Вазок хістала, і ён акуратна закрыў кнігу — і заплакаў.

Сілуан — сядзеў насупраць — сціснуў вусны (нос на яго аграмадным твары зусім змізарнеў), насцеражыўся:

— Нешта не так?

— Усё так. Усё так… — у адказ усміхнуўся скрозь слёзы Максім Грэк.

І калі праз шэсць новых дзён шляху Сілуан прыбег ад вазка Палеалогаў з кепскай навіной: у пляменніцы імператара Зоі, не прывыклай да вандроўнага жыцця, моцна забалеў страўнік, манах зноў дастаў са скрыні скураны манускрыпт — і, спраўляючы малітву, кнігай перахрысціў дзяўчыну. І боль ураз адступіў…

Усе дзівіліся таямнічай моцы манускрыпта, а ён — манах брацтва янітаў — спакойна хітаў галавой і паўтараў:

— Так-так. Усё так. І анічога дзіўнага. Мы схіляемся да абразоў, рукатворных Божых выяваў — і яны лякуюць нас. А што незвычайнага ў тым, калі нас ратуе слова Божае?!

Кніга засталася ў вазку Палеалогаў — як найкаштоўнейшая святыня іх колішняй візантыйскай спадчыны…


Пачалі трапляцца невялікія паселішчы, дзе пагрэцца можна было ўжо і ў нізкіх драўляных хатках. А затым, пасля нягеглай дарожнай цвержы-вартоўні, пайшла ўкатаная дарога, затуманіўся дымамі краявід — і пачалася Масква. Драўляныя заснежаныя слабодкі змянялі адна адну: шэрыя сцены дамоў і лавак, скурчаныя сады, прысады, абледзянелыя зрубы калодзежаў… Манастырскія купалкі цэркваў… Затым вышэйшыя дамы, каменны гасцінны двор. І зноў слабоды, лаўкі, дамы, прысады — аж да небакраю, наколькі хапала позірку.

— І гэтага — трэці Рым?! — неўразумела зіркаючы з-за апоны па баках, здзіўлена паўтараў Сілуан і чухаў малы пачырванелы нос. — Ці гэта я, напіўшыся перад ад’ездам, упаў і моцна стукнуўся галавой аб сходні салоніцкага палаца?..

Яны даехалі да зубчатай сцяны Крамля з каменнымі вежамі, за якімі месціліся княжскія палацы, дамы набліжаных баяраў ды некалькі цэркваў з манастыром, і выправілі паслоў з тлумачамі. Палеалогаў — Фаму і яго дачку Зою — у іхніх вазках, з імператарскім пасагам, а таксама пасольскую світу і прыслужнікаў правяла за сцяну ўзброеная варта — рослыя дзецюкі ў доўгіх рудых кажухах, падбітых і аблямаваных футрам, з шырокімі каўнярамі ніжэй лапатак, у высокіх шапках-мурмолках. Астатнія ж — ахова, павадыры, манахі — падаліся на пастой у бліжэйшую слабаду…


…Першым прапісаў ідэю асвячэння Масквы як трэцяга Рыма тутэйшы мітрапаліт Зосіма. Ён выклаў яе ў прадмове да новай рукапіснай «Пасхаліі» — календары царкоўных падзей на наступнае тысячагоддзе. Ці было яму адкрыццё, ці ён сам прыдумаў тое, што Нябёсы дабраславілі новага Канстанціна — Івана ІІІ — і новы Царгорад — Маскву, — засталося невядомым. Праз трынаццаць летаў пасля з’яўлення «Пасхаліі» Бог паклікаў Івана ІІІ да сябе на суд, а княжскія землі падзялілі паміж сабой яго пяцёра сыноў. Старэйшаму Васілію дасталіся дзве траціны княства: 66 гарадоў з Масквой-сталіцай. Невядома, ці дабраславілі Нябёсы новага «Канстанціна» на чарговае стварэнне Царгорада, але дзяцей яму ад венчанай жонкі — баярскай дачкі Саламаніды — не далі.

— Бясплодную смакоўніцу выкідваюць з саду! — загаварыла баярская дума, і жанчыну, не зважаючы на перасцярогі княжскіх духоўнікаў і новага кіраўніка пісчага загаду Максіма Грэка, зняволілі ў манастыры.

Васілій, нават для адчэпу не правёўшы традыцыйнага параду-глядзелак нявестаў, на заходні манер згаліў бараду і павёў да алтара сірату Алену Васільеўну Глінскую, якая і нарадзіла яму нашчадка. І рана аўдавела. І, таксама не здолеўшы ўзвесці велічныя сцены новага Царгорада, рана пакінула гэты турботны свет, а ў ім — свайго васьмігадовага першынца Івана…

* * *

Ужо не першую гадзіну яго білі нярвовыя дрыжыкі. Ноч паглынула княжскія палацы. Аціхлі п’яныя крыкі баярскай гулянкі, а Іван не знаходзіў адхлання: захутваўся ў коўдры, накрываўся падушкамі — і ніяк не мог супакоіцца, сагрэцца. Балела збітая аб каменную сцяну рука, унутры пякло і калаціла, у заплюшчаных вачах успыхвалі вогненныя шары — і бесперапынна ліхаманіла.

А тут яшчэ стук у дзверы.

— Княжыч, адчыні!

Ён маўчаў.

— Адчыні, а ні то выб’ю дзверы!!!

Грукат пабольшаў, хадуном захадзіў вушак, і ён вылез з ложка, адкінуў засоў.

Дзверы расчыніліся і гухнулі аб сцяну. У спачывальню ўвапхнуўся апякун Шуйскі, а за ім нясмела вызірвала напаўраспранутая дзеўчына.

— Што, ваўчанё, прыціх? — дыхнуў на Івана перагарам няпрошаны зáйшла і падпіхнуў ніжэй спіны сяброўку: — Баярыня Марфа зажадала праверыць, ці не зацвярдзела царскае ложа…

Марфа апусціла галаву, хаваючы вочы — і няяркае святло свечкі выхапіла ў змроку яе пульхныя вусны і расчырванелы твар.

Івану не хапала паветра. Задыхаючыся і калоцячыся, ён пачаў павольна адступаць да супрацьлеглай сцяны, а Шуйскі хмыкнуў — ажно перасмыкнуўся сухі кадык — і сеў на ложак.

— Што маўчыш? Ці не рады гасцям? Ці думаеш, што я, нашчадак па старэйшым калене Аляксандра Неўскага, не раўня табе, сапліўцу? — крыва ўсміхнуўся, спадылба зіркнуў на Івана, кашлянуў — і гулліва вымавіў да дзеўчыны: — Марфу-у-ута! А ты што заледзянела? Ходзь сюды! — і пастукаў даланёй па коўдры.

Марфа дробнымі крокамі наблізілася да ложка, і Шуйскі схапіў яе за локаць, паваліў на пярыну:

— Лябёда мая… Царыца… — зашаптаў юрліва. — А якая гарачая, а якая спраўная…

Ён ірвануў на яе ўздымных грудзях кашулю, грубавата падмяў дзеўчыну пад сябе і соладка засоп. Рудая падрэзаная барада паплыла па бялявай лагчынцы да жывата, вострыя бровы казытнулі набухлыя смочкі — і раптам галава адарвалася ад дзявочага лона.

— А што ты тут зіркаеш? — крыкнуў Шуйскі на збянтэжанага Івана. — У адрозненне ад вашай косткі я — не сквапны. Хочаш — дапамагай, а не — вон адсюль!

Івана, здалося, аблілі варам. Балюча застукала ў скронях, яшчэ мацней закалаціліся рукі. Ён, сцяўшы кулакі, кінуўся было на Шуйскага, але, схапіўшыся за більца ложка, стогна крыкнуў і выбег са спачывальні.

Босы, у начной сарочцы, як самнамбул-здань, ён пáмарачна спусціўся ў тронную залу, мінуў трапезную, выйшаў праз драўляны каланадны калідор да высокіх сходняў палацавага ганка.

Здзіўленыя вартавыя расчынілі перад княжычам дзверы, а ён не заўважыў іх — няўцямна ступаў па замерзлай зямлі двара, не адчуваючы холаду, і яго заплаканыя вочы станавіліся лёдам.

Праз няпэўны час — ноч яшчэ не мінула, хоць надарваны масляністы блін месяца ўжо зачапіўся за купалы Успенскага сабора, — ён няўпэўнена пастукаў у акаваныя дзверы мітрапалітавай рэзідэнцыі. Адчыніў заспаны паслушнік, правёў у цёмную вітальню, акрыў кажухом.

— Пачакайце, Вашая светласць, — прагаварыў дрыготкім голасам, — я зараз разбуджу Уладыку. — І бегма кінуўся па скрыпучых прыступках наверх.

Мітрапаліт Макарый у чорным падрызніку спусціўся да нечаканага госця, прыставіў да стала посах і перахрысціўся:

— Гасподзь усеміласэрны! Што, княжыч, здарылася? Што з тваімі рукамі?!.

А Іван яшчэ доўга не мог прамовіць і слова: прадаўгаватая яйкападобная галава з завостранай макаўкай дрыжэла, нямытыя русыя пасмы закрывалі вочы з кароткімі рэдкімі вейкамі, кажух спадаў з худых плячэй, — і мітрапаліт, выправіўшы паслушніка, папрасіў:

— А ты ў рукавы, у рукавы рукі… Адагрэйся…

Іван глядзеў у адну кропку: ці на край сталешніцы, ці на мітрапаліцкі посах, — маўчаў і адкідваў за лоб валасы; кроў з параненай рукі расціралася па ссінелым твары, і выгляд ягоны быў жахлівы.

Княжыча напаілі малінавым адварам і хацелі прапанаваць паспаць, але ён матнуў галавой і нарэшце зашаптаў:

— Яны поядам жаруць мяне і рабуюць сабранае бацькамі маімі!.. Яны спяць на ложку маім з гуляшчымі сукамі і не знімаюць ботаў!.. Яны — гэтыя шуйскія, бельскія ды іншыя сабакі бесавыя — атруціўшы маці маю, рыхтуюць і мой зыход…

— Божа, што мовяць вусны гэтыя маладыя?! Іван, ты — царскі наступнік, Госпадаў памазанік. І баярскія козні — твая закалка. Малі няўтомна Бога, каб даў табе трываласці і веры вытрымаць гэтыя выпрабаванні. І я аб тым няспынна ва Усявышняга вымольваць буду.

Іван нечакана аціх, перастаў калаціцца, павольна ўзняў галаву — выцягнуўшы доўгую шыю — і наскрозь пранізаў Макарыя халоднымі шэра-зялёнымі вачыма:

— Кажаш, я царскі наступнік?

— Так. Ад людзей і Бога. І недалёкі ўжо дзень вянчання твайго на сталец царскі, бо якраз табе наканавана стаць сапраўдным валадаром зямнога царства праваслаўнага. — Мітрапаліт прыхінуў расчуленага княжыча да сябе і абняў. — Рыхтуйся да гэтага…

Іван праспаў у мітрапалітавых пакоях астатак начы, увесь новы дзень і ўсю наступную ноч. Раніцай наспех падсілкаваўся і апрануўся ва ўсё новае: на прычасаных валасах — таф’я з чырвонай парчы з жэмчугам, паверх яе — вялікая пярсідская ціяра, падшытая чарнабурым лісам; доўгая вышытая кашуля без каўняра; доўгі каптан з вішнёвага аксаміту, сціснуты жоўтым пасам; востраносыя, пакрытыя пурпуровым атласам боты; лёгкае сабалінае футра на плячах…

Ён апрануўся і, не развітаўшыся з мітрапалітам, рашуча пашыбаваў да каланадаў княжскага палаца, прайшоў у тронную залу, сеў, не скідаючы футра, на сталец, выклікаў галоўнага каравульніка і спытаў:

— Як цябе завуць?

— Мацей, княжыч…

І раптам Іван ускочыў, падбег і схапіў каравульніка за каўнер каптана, злосна прашыпеў:

— Я, халопская морда, будучы гаспадар усяе Масковіі і твой цар! Запомні!..

— Я… я й не забываў гэтага, Вашая вялікасць, — неўразумела, з ноткамі сполаху ці зніякавеласці прагаварыў каравульнік.

І тое спадабалася, нават акрыліла Івана, але выгляду ён не падаў:

— Хачу ведаць, дзе Шуйскі.

— Ды адпачывае яшчэ…

— Дзе?!

— У… — каравульнік пацепнуў шырокімі дужымі плячыма. — У Вашых царскіх пакоях…

Івана перакрывіла. Хацеў штось выкрыкнуць, але голас сарваўся.

Ён вярнуўся да стальца, моцна сціснуў параненай рукой высокую спінку і загадаў:

— Аспіда Шуйскага выгнаць з палаца, вырваць яму жала лютае і кінуць у маю псарню! Сабаку — сабачая смерць! Ложа, ім апаганенае, спаліць!

Агаломшаны каравульнік задам пасунуўся да дзвярэй, і ўзбуджаны Іван ужо наўздагон кінуў яму:

— А пасля таго, як справішся з усім, быць табе, Мацей, маім галоўным пасцельным і ахоўнікам!

Праз некалькі хвілінаў соннага і неўразумелага Шуйскага стральцы сцягнулі за валасы на гаспадарчы двор. Ён спрабаваў адбівацца і крычаць, і Мацей схапіў яго за горла і не адпускаў, пакуль не адчынілі дзверы псарні.

— Ну вось, — піхнулі цела Шуйскага некалькі ног, — цяпер гаўкай.

Але задушаны Шуйскі ўжо не мог гаварыць…


Купалы Успенскага сабора зіхцелі на студзеньскім марозе мядовым золатам. Хрумсцеў свежым снегам Крамлёўскі дзядзінец — пад ботамі і валёнкамі. Увесь служывы люд Масквы і нават аддаленых слабодаў з’ехаўся-прыйшоў падзівіцца на гэтае відовішча: «асвячэнне на цара» маладога гаспадара Івана Васільевіча.

Яны, стомленыя жыццёвай няпэўнасцю, азлобленыя на ліхвярствы баяраў, даведзеныя да бядоты і голаду высокімі падаткамі-цяглам, чакалі зменаў. Чакалі яшчэ з 1543 года, калі пасля малебну ў прысутнасці мітрапаліта Макарыя княжыч абвесціў вярхоўным баярам пра свой намер вянчацца на царства. Вянчацца не як вялікі князь, а як цар.

Прасталюд асабліва не разбіраўся ў тым. Ён проста хацеў парадку і пэўнасці. Хацеў гаспадара — каб той навёў урэшце ў краі парадак. Хацеў, каб меней было пакражаў. Каб стала ўсё зразумелым і вызначаным, як і раней.

На званіцах Івана Вялікага і Сабора Дабравесця — дамавой царквы маскоўскіх уладароў, якая насупраць, праз тысячу локцяў — рвалі глоткі царскія гласары, але просталюд слаба разумеў іхнія словы.

— …Маскоўская дзяржава і ёсць тое шостае царства, якое згадваецца ў апакаліпсісе… Яшчэ ў старагрэчаскіх летапісах напісана: над родам Ізмаіла запануе род русых… Дзякуючы Богу міласэрнаму і клопату цара нашага Івана Васільевіча Масква нараджаецца як новы Канстанцінопаль, новы Царгорад…

Народ неўразумела ператоптваўся на месцы. Хтосьці спрабаваў перапытваць у суседзяў, што азначае пачутае, але і іншыя толькі пацепвалі плячыма, а некаторыя і падавалі нецярплівы голас:

— Цара давай! Нашага цара-бацюхну хочам бачыць!..

І ўдарылі над дзядзінцам царкоўныя званы, і захісталася ў іх узнёслым перазвоне наваколле. І паскідалі пачырванелыя на холадзе мужыкі шапкі свае. І пачалі спешна хрысціцца.

Расчыніліся дзверы Успенскага сабора, і па пляцы хваляй прайшоў ні то шэпт, ні то стогн. На белым з пазалотай троне, які неслі чатыры рослыя стральцы, у святочным убранні сядзеў каранаваны цар. З абодвух бакоў цягнулася світа япіскапаў, святароў, манахаў. Усе ўзносілі да неба агульную малітву з просьбай умацаваць новага ўладара духам справядлівасці ды ісціны. Ззаду, схаваныя ў доўгія футры ды высокія рознакаляровыя шапкі-камілаўкі, ступалі баяры і асыпалі трон дажджом залатых і срэбных манетаў — трон новага нашчадка грэчаскіх і рымскіх імператараў.

Аб тым, праўда, не ведалі ні ў Афінах, ні ў Рыме, ні нават у бліжэйшым Кіеве. І на тое не давалі дабраславення ні патрыярх Канстанцінопальскі, ні Рымскі1…

Загрузка...