VII

У дзяка Віскаватага былі для цара дзве навіны. Адна кепская, а другая — таксама невядома чым пагражала выліцца. І тое трэба было ўвесці ў гаспадаравыя вушы. Аднак як — калі цар ужо тыдзень нікога не падпускаў да сябе, а праз свайго новага пасцельнага дзясяткамі раздаваў загады аб высылках ці галаваннях?

— Кідаюць юды цела маё на закланне… Здрада скрозь сцены точыцца, — нястомна паўтараў цар і наказваў схапіць новага ваяводу. — Не пайшоў я ў паход на Літву, дык яны мяне Жыгімонту за трыццаць срэбранікаў заклалі…

Прычакаўшы цара ў трапезнай, Віскаваты, змагаючыся з адышкай, прагаварыў доўгую тыраду ў гонар гаспадара, а калі той паказаў на стол, з цяжкасцю ўзняў з каленяў сваё таўсмата-нездаровае цела і расказаў аб прыбыцці ў лівонскі Дэрпт паслоў ад шведскага караля Эрыка.

Цар адкінуў смажанае гусінае крыло і, перастаўшы жаваць, уважліва ўталопіўся ў глыбокія — як у старога дзіка — вочы кіраўніка свайго пасольскага загаду.

— Так, гасудар, прыехалі шукаць з маскоўскім царом згоды і міру, — прыспешыў Віскаваты. — Стала вядома, што Данія і Польшча прыклалі пячаткі свае да мірнай дамовы, вось шведы і ўспалашыліся…

— І што хоча Эрык? — цар прагавіта запіў мяса віном і сціснуў худыя пашчэнкі.

Віскаваты адхінуўся да спінкі, і стулец жалліва праскрыпеў пад ягоным цяжарам.

— Ён пагаджаецца з ранейшымі ўмовамі маскоўскага ўладара, адмаўляецца ад Лівоніі, за выключэннем Рэвеля.

— І што ўзамен?

— Наколькі я абазнаны, анічога. Апроч, зразумела, сяброўства з табой, вялікі гасудар.

Іван хмыкнуў, зноў падцягнуў да сябе збан з віном — і раптам як праяснеў.

— Ты гэта… Неадкладна адкажы, што маскоўскі цар жадае прыняць шведскае пасольства, але перад тым нагадвае каралю Эрыку… — у малых зрэнках бліснулі гарэзныя агеньчыкі, і голас цара памякчэў, — нагадвае аб неабходнасці выдачы непакорнай польскай каралеўны Кацярыны.

— Будзе зроблена, — Віскаваты ўстаў і, схіліўшы галаву, задам паклыпаў да выхаду, але цар перапыніў:

— І глядзі зноў справу з Кацярынай якому Сукіну не даручы! А то другім разам я вас абодвух у адну труну пакладу…

Віскаваты застыў з адкрытым ротам, а Іван схіліўся над сталом, падпёр лоб рукой і дакончыў:

— Там у Дэрпце Ванька Курбскі ад гнева майго кісне. Перадай яму, што высахла крыўда мая — і даручы яму Кацярынай займацца.

Віскаваты ледзь не самлеў, у вачах праплылі чырвоныя кругі… Вось яна — навіна другая, якую меўся ён паведаміць, але так і не насмеліўся!

— Гасудар… — выціснуў ён і адчуў, як на спіне выступіў халодны пот. — Далажылі мне сённячы, што Курбскі знік…

— Што?!!

— Няма яго ў замку… І яшчэ дванаццаць баяраў з ім…

Івана як ашпарылі кіпнем. Неўразумела міргаючы, ён загаварыў нібы сам сабе:

— Можа, на паляванне падаўся? Як гэта няма?..

— Кажуць, што пераапранутым праз сцяну цытадэлі пералез. Золата і грошы забраў… — Віскаваты з цяжкасцю выціскаў словы. — Жонка з сынам засталіся…

Іван памарачна ўстаў з-за стала. Прадаўгаватая галава калацілася, і яго тлусныя кудзяры раптам здаліся Віскаватаму змейкамі…

— Трэба было яго разам са шчанюком Адашавым на кол пасадзіць! Яшчэ калі сыну майму крыж цалаваць адмовіліся… — Іван хіснуўся, схапіў збан з віном і шпурнуў у Віскаватага. Патрапіў у жывот; чырвоная вадкасць плюхнула на твар і бараду, узарвалася на каменнай падлозе гліняным друзам і сцякала па чорным каптане. — Вон, юды!!! І я з Масквы з’язджаю! Задушыцеся маёй каронай! — сарваў з сябе шапку і зноў кінуў у анямелага Віскаватага…


Напрыканцы 1564 года Масква нечакана засталася без гаспадара. Іван IV, склаўшы свой скарб і царскую казну, адабраў з сотню баяраў ды з тысячу стральцоў і падаўся ў Каломенскае, дзе лютая завея і п’яныя оргіі затрымалі яго на два тыдні. Затым былі прыпынкі ў падмаскоўных Тайнінскім і Троіцы, і ўрэшце абоз дабраўся да невялікага Аляксандраўска — з паўночнага боку Уладзіміра. Там, загадаўшы разбудоўваць Аляксандраўскую слабаду, цар вырашыў зімаваць і паслаў у Маскву да новага мітрапаліта Афанасія ганца з лістом. Віскаваты ледзь паспяваў запісваць халоднай рукой:

— …Ацяжэла душа мая ад мноства зладзействаў, здзейсненых ваяводамі ды людам служывым. Апаліўся я на ўсім і ўсіх у дзяржаве сваёй — ад першага да апошняга чалавека. І абвяшчаючы апалу сваю, паведамляю табе, уладыка, што вырашыў я скласці карону ды пакінуць дзяржаву сваю, і пасяліцца там, дзе Бог пакажа…

Назаўтра ў Маскву павезлі і другое пасланне: да купцоў і ўсяго праваслаўнага люду — аб тым, што цар на іх не гневаецца і аніякай крыўды не мае.

Масква нечакана патанула ў неразуменні і няпэўнасці. Усхваляваўся народ, запалашылася баярства. Купцы папрасілі перадаць цару, што гатовыя ахвяраваць сваім набыткам дзеля спакою агульнага…

І пачалі шукаць вінаватых, а над некаторымі — і вяршыць свае самасуды. Ужо не першы месяц настройваў маскоўскіх святароў супраць царскіх друкароў Іван Віскаваты, які з першага знаёмства з дыяканам Іаанам адчуў ад таго пагрозу: чым жа тады ён, кіраўнік царскай летапіснай справы, будзе са сваімі пісцамі займацца? Віскаваты распускаў па Маскве і вакольных манастырах чуткі пра мноства памылак у нядаўнавыдадзеным «Апостале» (нібыта іх было менш у кнігах рукапісных), а саміх друкароў называў чарнарукімі ерэтыкамі.

Час помсты быў выбраны, і адвячоркам да друкарні прыйшлі святары з некалькімі дзясяткамі просталюдзінаў. Пятро Мсціславец з Грынем толькі паспелі разабраць формы і ўдвох мылі іх на задворку. Па раўчуку збягала на снег, пакрываючыся лёгкім парам, чорная ад фарбы вада.

— Глядзі, народ праваслаўны: у іхніх кнігах чорт рукі памыў! — тыцнуў на ваду нехта з сухарлявых людзей у святарскай рызе. — Нечысціўцы і справы нячыстыя робяць! Гані вон езуітаў!

Частка натоўпу ўварвалася ў друкарню — і ў кроў збіла агаломшанага Іаана. Той жа сухарлявік схапіў кіпсей і, крыкнуўшы «Вось гэтая чорная д’яблава кроў, якой яны мажуць святыя словы!», стукнуў ім аб варштат. Пасобнікі ўжо варочалі наборныя соты ды скідвалі на падлогу адціснутыя старонкі. А з дзвярэй пачулася:

— Палі валхвоў-нячысцікаў!

— Смерць лютым ерэтыкам!

І ўвомірг, як загадзя падрыхтаваны, успыхнуў агонь. Натоўп наспех выбіў некалькі вокнаў і высыпаў вонкі. З паперы полымя скочыла на смольныя сцены, засцілаючы панадворак дымам. Пакуль Мсціславец з Грынем выцягвалі беспачуццёвае цела таварыша, агонь дабраўся да столі і пачынаў лізаць дах…


Праз некалькі дзён да Іаана — друкар толькі-толькі стаў на ногі — завітаў Сілуан. З яго зморанага вялікага твару не сходзіла трывога, хоць вочы зіхцелі апантанасцю і таямнічасцю.

— Спачуваю табе, браце, і хвалю Бога людалюбнага, што жыццё табе захаваў, — ён прысеў да ложка і папрасіў гаспадыню — Іаанаву жонку — прынесці яму вады. Калі дзверы прычыніліся, прашаптаў: — Усё, што ты мог тут зрабіць, зроблена. Збірай, што засталося, і з’язджай адсюль. Едзь на Літву — там такія, як ты, патрэбныя. Балазе снег, дарога санная ёсць1, — Сілуан панізіў голас і загаварыў узнёсла. — А з сабой, папрашу ласкава, вывезі вось гэтую кнігу… — ён вынуў з-пад крыса доўгага кажуха пераплецены рудой скурай манускрыпт і, правёўшы даланёй па зіхоткіх камянях інкрустацыі — нібыта развітваючыся, падсунуў яго Іаану пад падушку. — Думаю, да Кіева напачатку давезці трэба… — увайшла гаспадыня з карцом; Сілуан без ахвоты глынуў вады, падзякаваў і дадаў: — Там пры Святой Сафіі яшчэ ад Максіма Грэка павінны застацца вучні-манахі. Можа, яны яшчэ не перасталі называцца янітамі — дык ім і перадаць кнігу належыць. І волю Максімаву пераказаць, каб на Патмас яе даставілі…

— Гэта візантыйскае Евангелле? — здзівіўся Іаан. Здалося, нават успыхнулі вочы пад доўгімі веямі-матылямі, а сінякі на твары праясніліся. — Як раздабыў?!

— Цар, як ведаеш, з’ехаў. Збіраліся спехам. А ягоным халопам грошы не лішнімі прыйшліся…

— Ну малайчына! — Іаану не хапала слоў. — Толькі… А чаму б табе самому з намі не падацца?

— А знойдзецца месца?

— Як табе не сорамна гаварыць такое?!

— Ну то дзякуй, ну й добра, — усміхнуўся супакоены Сілуан, і яго куртаты нос нібыта расцягнуўся. — А то я, ведаеш, усё роўна тут не маю больш дзе жыць. — Падміргнуў і патлумачыў: — Шмат копаў грошай запрасілі за кнігу, дык давялося свой дом прадаць…


У безуладнай Маскве памнажаліся крадзяжы і падпалы, і багацейшыя з баяраў упрасілі мітрапаліта паехаць у Аляксандраўскую слабаду — каб умаліў цара змяніць гнеў на літасць ды вярнуў яго на сваю дзяржаву. А калі спатрэбіцца, — наказвалі, — хай судзіць тых, на каго апаліўся.

Гэта была новая перамога Івана — не над ворагам-чужынцам, а — над сваім народам. Самаўладна ён увёў апрычніну, падзяліўшы краіну на дзве часткі. Там, дзе захоўваўся стары парадак, дзе кіравалі ваяводы, намеснікі, суддзі, кормленшчыкі з вотчыннікамі, над усім Іван паставіў сваіх баяраў. Другой часткай ён надзяліў сябе. У былых гаспадароў-спадчыннікаў адбіраліся землі і людзі, а іх — калі заставаліся вернымі цару — перасялялі на іншыя вотчыны.

Мяняліся лёсы народа і краіны.

Мяняліся і лёсы слоў. Апрычніна паходзіла ад старамаскоўскага «опричь» (акрамя). У мінулыя часы так называлася маёмасць, якая адыходзіла пасля смерці мужоў удовам. На пірах так звалі прысмакі, якімі гаспадар меркаваў пачаставаць выбраных гасцей. Апрычнікамі менаваліся і сяляне, якія пасяліліся на манастырскіх землях.

Пры Іване Жахлівым гэтае і аднакарэнныя словы напоўніліся зусім іншым сэнсам…

Першыя дні пасля вяртання ў сталіцу Іван выглядаў спакойным. Ці не новыя сны былі таму прычынай — спакусныя сны пра таямнічую каралеўну Кацярыну? Цудам мяняючы абліччы, яна ўсміхалася і нібыта ўзлятала над абшарам. А ён зноў і зноў спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку… і ўжо адчуваў даланёй ейны пярсцёнак і дрыготкія пальцы, як Кацярына раптам ператваралася ў белую лябёдку…

Назаўтра Іван забараніў падаваць на сталы смажаных лебядзей і загадаў Віскаватаму асабіста адправіцца да шведскага караля Эрыка XIV з пытаннем аб непадступнай каралеўне.

Яна, Кацярына Ягелонка, пасля вянчання з братам Эрыка Юханам была ўжо герцагіняй фінскай, але анішто — ні сваё жанімства, ні святасць чужых абвенчаных сямейных вузаў, урэшце, ні жаданне самой жанчыны — не маглі астудзіць распалены новымі снамі і мроямі пажадны царскі юр. І ён не шкадаваў Эрыку ні шчодрых падарункаў, ні багатага абяцання: абмяняць Лівонію на Кацярыну…

Некалі кароль Эрык і сам супрацівіўся сувязі свайго брата Юхана з Жыгімонтавай сястрой, бачачы ў тым небяспеку ў выглядзе самастойнай Фінляндыі. Але як цяпер шведскаму манарху выдаць сваю швагерку-нявестку?!

— Асцерагайеся! Юхан з Польшчай плятуць змову! — нашэптваў шведскім дворным Іванаў пасланец Віскаваты. Тыя пераказвалі ўсё ля стальца, і нервы караля Эрыка не вытрымалі: з невялікім войскам ён паланіў Юхана і накіраваў яго ў замак Грыпсгольм.

Перадаць цару гэтую навіну прыехаў сам Віскаваты, а з ім — і шведскі пасол. У лютым 1567 года ў Аляксандраўскай слабадзе была падпісаная саюзная дамова паміж Стакгольмам і Масквой.

— Вы будзеце мець ад мяне і дапамогу ў прымірэнні з Даніяй, а калі спатрэбіцца, і вайсковую падтрымку, — абяцаў павесялелы цар. — Толькі вышліце мне герцагіню Кацярыну. І помніце, — перасцярог ён пасла, — калі з ёй у вас ці па дарозе што-небудзь здарыцца — я парву дамову…

…Але ганарыстая Ягелонка ўсхацела раздзяліць лёс свайго вязня-мужа!

— Я не буду больш анічыёй жонкай, нават калі вы зробіце мяне ўдавой! — цвёрда адказвала яна.

Юхан за «здраду інтарэсам манархіі» быў асуджаны на смерць і з лета 1563 года разам з жонкай знаходзіўся за кратамі. Аднак шведскі кароль Эрык аніяк не насмельваўся даць апошні загад: забіць свайго брата. Герцагіню ж Кацярыну аніяк не скаралі ні пякельныя пагрозы, ні мядовыя абяцанкі. А тут яшчэ імператар Максіміліян у сваім маніфесце асудзіў шведаў як парушальнікаў міру і саюзнікаў варварскай маскоўскай дзяржавы. І апошнія папярэджанні выказаў Жыгімонт, збіраючыся абвесціць вайну за сваю пакрыўджаную родзічку ды яе дзяцей: у вязніцы Кацярына нарадзіла двух дачок і сына, якога назвалі ў гонар караля-дзядзькі Жыгімонтам1…

Іван быў сп’янелы пакараннямі і крывёй, але думкі аб Кацярыне цверазілі яго. Ён пераступаў праз трупы і ахвяры — а ейны вобраз уяўляўся светлым анёлам-выратоўнікам. І ў імя яго ён не пашкадаваў бы і свайго жыцця!

— Гэты каранаваны купечы сын можа спудлаваць, — сказаў пра Эрыка Іван. — Націсніце на яго, і без Кацярыны не вяртайцеся! — і выправіў у Упсалу новых пасланцоў. І яны ўжо нават рыхтаваліся выкрасці-выкупіць чароўную паланянку, як здарылася непрадбачнае: «каранаваны купечы сын» паўстаў перад імі ў памутнёным розуме! Больш за тое: ён загадаў вызваліць Юхана!

Некалькі дзён мяняліся каля каралеўскага ложка лекары, і ўсе яны канстатавалі: кароль звар’яцеў.

Двор ахапіла здранцвенне, а Эрык соўгаўся па калідорах палаца ды — усведамляючы сябе вязнем — маліў брата аб дараванні.

У верасні 1568 года новым шведскім каралём быў абвешчаны Юхан, а яго верная жонка Кацярына Ягелонка надзела на сябе карону паўночнай імперыі…


І сотнямі паляцелі на Маскоўшчыне халопскія, баярскія і князевыя галовы. Цар вярнуўся з Аляксандраўскай слабады — і распачаў на Чырвонай плошчы прылюдныя катаванні. Палілі і грызлі чалавечую плоць жароўні ды клешчы, чакалі ахвяраў катлы з кіпенем ды вісельні. Народ маскоўскі за некалькі дзён насыціўся страшнымі відовішчамі ды хаваўся па сваіх закутках, і царскія гласары мусілі склікаць іх: «Не бойся, люд праваслаўны! Справядлівы цар толькі здраднікаў сваіх карае!».

І памалу зноў сцягваліся на пляц гледачы, і цар загадваў пачаць пакаранне новых змоўнікаў: пасланца-дзяка Віскаватага, казначэя Фунікава і колішняга любімца Басманава. Першага павесілі за ногі і, як кабана, пасеклі доўгімі нажамі. Другога аблівалі то кіпнем, то ледзяной вадой, пакуль мяса само не пачало адставаць ад костак. Басманава ж цар загадаў уласнаручна забіць свайму сыну — царэвічу Фёдару, спадчынніку маскоўскага стальца.

Іван адпрэчыў ад сябе ўсё старое акружэнне ўключна з радавітымі баярамі, а наблізіў бязроднага мужыка, за якім назіраў яшчэ ў час ад’езду з Масквы — Ваську Гразнага.

— Баяры прывыклі здраджваць свайму гаспадару, — сказаў яму цар, калі паклікаў да стала. — І не толькі баяры… Вось быў пры двары маім круглагаловы сабака Адашаў… Не вядома, якім чынам узняўся да служакі… Мы ж узялі яго з гноя і зраўнялі з вяльможамі… — цар уздыхнуў і завяршыў: — Глядзі ж! На вас, мужыкоў простых праваслаўных, у мяне апошняя надзея засталася — на вернасць вашую і адданасць.

— Ты, цар, як Бог для нас, бо з малога чалавека вялікага можаш стварыць! — узрушана выгукнуў Васька Гразны і кінуўся цалаваць цару ногі.


Склаў свой белы клабук мітрапаліт Афанасій, спусціў дух у руках набліжанага Іванам служніка Малюты Скуратава непакорны мітрапаліт Філіп — а гнеў царскі аніяк не супакойваўся. Яго наноў запальвалі словы даносчыкаў — і тады нішчыліся ўжо цэлыя гарады. Выгналі з Ноўгарада злодзея і бадзягу Валынца, а ён, перахоплены раз’ездам апрычнікаў, распавёў аб страшнай змове сваіх крыўдзіцеляў — ноўгарадскіх жыхароў — з Жыгімонтам. Нібыта, бажыўся, і дамову тую з подпісам ноўгарадскага мітрапаліта Пімена бачыў, і ведае, што яе за абразом Божай Маці ў храме Сафіі хаваюць.

Так было ці не, але Іван сам узначаліў апрычнае войска — і дарогу ад Кліна да Ноўгарада ператварыў у пустэльню. Перадавыя сотні ўварваліся ў Ноўгарад і да прыезду цара выстраілі ўсіх святароў і дыяканаў на правеж.

У горад у суправаджэнні паўтысячы стральцоў прыехаў цар з сынам. Ён пажадаў смерці здраднікам і загадаў мітрапаліту Пімену служыць абедню ў Святой Сафіі. Затым весела паабедаў ва ўладыкі — і мітрапаліта з чэляддзю, сарваўшы адзежы, кінулі ў склеп. На другі дзень хваля катаванняў накрыла і гараджанаў. Іх сотнямі правяралі агнём і жалезам на рынкавай плошчы, а затым гналі да Волхавай быстрыні, якая зімой не замярзала, — і тапілі. Дзяцей прывязвалі да мацярок, мужчынам, каб не супрацівіліся, скручвалі за спіны рукі. Да вечара па рэчцы ў лодках соўгаліся — як страшныя хароны — апрычнікі і дзідамі дабівалі жывых…

Рабаваліся манастыры, і асатанелыя царскія вершнікі ў чорных манашскіх рызах аддана прысягалі свайму дабрадаўцу:

— Мы збудуем у тваёй, цар, Слабадзе манастыр праведны! Ты — наш ігумен! Скуратаў — панамар пры табе!

Прывязаўшы да падсядзёлкаў сабачыя галовы ды мётлы, яны яшчэ з дзень пагойсалі па апусцелых абшарах ды разам з царом скіраваліся да Пскова. На заснежанай дарозе сустрэлі босага юродзівага, закутанага ў смярдзючае рыззё.

— Хочаш? — ён дастаў з-за пазухі кавалак мяса і працягнуў Івану.

— Пост! — крыкнуў яму цар.

— Пост?! — вытарачыў вочы юродзівы. — А мяса чалавечае табе хто дазволіў жэрці?

Увішны Скуратаў ужо ўзняў над нябогам шаблю, але цар крутнуў галавой:

— Хай ідзе Божы чалавек сваёй дарогай.

І загадаў вяртацца ў Маскву.

Загрузка...