2

1992 год

Калі белая «Волга» па-заліхвацку крутнула ў расчыненую брамку і стоена піскнула-прытармазіла, Заяц ужо спускаўся да яе. З машыны выйшлі трое маладых мужчын. Першым з гаспадаром абняўся плячысты высун Іван Мароз, колішні студэнт Мікалая Сымонавіча, а цяпер — народны дэпутат і дырэктар эксперыментальнага ўніверсітэцкага інстытута.

— Ну, паказвайце сваю фазэнду, — шчыра ўсміхнуўся і бліснуў зубамі— часночынамі.

За ім, працягнуўшы аграмадную даланю і з цікавасцю абмацаўшы зрэнкамі-каштанамі, прывітаўся кіроўца Сяргей Сысанкоў, мажны старшыня прыўхвацкага калгаса і па сумяшчэнні — таксама народны дэпутат.

Трэці госць, Віктар Керзан, невысокі, не да часу пасівелы чалавек з вайсковай выпраўкай, паспеў выкласці з багажніка тры вялікія пакункі з прадуктамі ды выпіўкай і вітаўся стрымана.

— Калі ласка — у хату, — запрасіў Мікалай Сымонавіч, але прыезджая тройка захацела «аддыхацца» на вуліцы.

— Мы лепш у ваш хвалёны сад, да травы, — прапанаваў Мароз, і ўсе падаліся на задворак, дзе роўнымі шыхтамі патаналі ў квецені яблыні.

— І дзе тут ваш надзел? — па-гаспадарску пацікавіўся Сысанкоў.

— Плота яшчэ не паставіў… — ніякавата паціснуў плячыма Мікалай Сымонавіч. — Але заместа яго — кусты смародзіны і агрэсту. Добра ўзняліся, а?..

— Ды тут і рэчка пад бокам! — абудзіўся Сысанкоў. — Хто са мной пот сталічны змыць? — і бадзёра пастукаў па сваім ладным жываце.

— Не-не, што вы… — збянтэжыўся Мікалай Сымонавіч. — Вада яшчэ халодная, зімная.

— Якая зімная, калі вясна заканчваецца?! Мы худымі падшыванцамі дома на Вялікдзень купаліся! — не пагадзіўся Сысанкоў, але да рэчкі, якая сваім вірлівым бокам клапатліва атуляла агарод лецішча, не пайшоў.

— Так, лепш давайце мангал распалім, а то скора бутэлькі закіпяць, — спакойна азваўся Керзан. — Можа, іх паставім у лядоўню?

Агонь успыхнуў адразу, і яны пайшлі ў дом — двухпавярховы катэджык з чырвонай цэглы, узведзены на колішнім радзінным котлішчы Зайцоў. У вітальні-гасцёўні быў адмысловы музей: старыя патэфоны, гармонікі, прасы, фотакарткі. На другім паверсе — бібліятэка і кабінет, з якога звісаў у сад — з выглядам на рэчку — жалезны балконік.

— Па сутнасці, дзесяць гадоў майго прафесарска-акадэмічнага жыцця адабрала будаўніцтва, — распавядаў гаспадар. — З ацяпленнем і газам яшчэ не разабраўся. Часу няма — жыццё дэканцкае даймае…

— І так каралеўскі палац! Раскулачваць можна! — упэўнена падрахаваў Мароз і першым выйшаў на балкон, прыгладзіў над залысінамі чарнявыя валасы і выдыхнуў на поўныя грудзі:

— Кра-са-та!..


Вечаровае сонца мякка ружавела ў яблыневых пялёстках, усміхалася ў салодка-дымных вуголлях мангала і хавалася за разлапістай прырэчнай вярбой. Стол стаяў пры зацемненай сцяне пад балконам, абвітым садовымі павоямі. Шашлык атрымаўся, і каньяк быў яго далікатнай аправаю.

Прагучалі тосты за гасцей і гаспадара, і апошні, узняўшы келіх, пацішыў голас:

— Згадалася мне прыпавесць, некалі расказаная за сяброўскім келіхам чарнагорскім прафесарам… Вялікі стол, жыццё-выпіўка… А праз некалькі чарак-гадоў застольнага тамаду перасталі чуць, яшчэ праз некалькі — і слухаць…

— Не турбуйцеся, Мікалай Сымонавіч! Мы вас — толькі скажыце — заўсёды пачуем! — хацеў перавесці размову ў жарт павесялелы Сысанкоў, але Заяц хітнуў галавой:

— Не, хлопцы… Вялікая, думаю, справа чакае вас наперадзе. Імперыя, у якой я нарадзіўся й пражыў, рассыпалася. Цяпер кожны за сваім сталом сядзець хоча. Краіна нашая — незалежная і роўная сярод вялікіх. І ёй патрэбен тамада-прэзідэнт.

— Дык у нас жа па канстытуцыі — парламенцкая дзяржава… — пасля одумнай паўзы вымавіў Мароз.

— Да сапраўднага парламентарызму мы яшчэ не дараслі. А былыя ўладары ад кампартыі і спецслужбаў ужо вызначыліся са сваім стаўленікам. І калі ён уссядзе на сталец — краіну чакае адкат у мінулае… — Заяц уважліва агледзеў гасцей: здалося, слухаюць пранікнёна, зацікаўлена. — Дык вось, прапаную тост: вып’ем за новага кіраўніка нашай краіны! І хачу, каб ім стаў не выкармыш партыйных чынушаў, а… адзін з вас, дарагія мае малодшыя сябры. Будзьма!

Выпілі моўчкі. І задумаліся, памякчэлі, падабрэлі. І размовы пачалі здавацца бясконцымі, аж пакуль расчырванелы Сысанкоў не агаломшыў-узгадаў:

— Штой-та мы з-за гэтай палітыкі на раку забыліся. Пайду, пакуль не сцямнела, пысу абмыю. — І, няўпэўнена расстаўляючы ногі, пасунуўся ў канец агарода. За ім, крэкнуўшы, падаўся і Керзан.

А Мароз зноў наліў у кілішкі, падсунуўся да настаўніка і, не міргаючы, спытаў:

— Вы аб тым прэзідэнцтве — сур’ёзна?

— Як ніколі раней! — Заяц, узняўшы свае савіныя бровы, якія напалову прыкрылі шкельцы акуляраў, таксама глыбока ўгледзеўся ў свайго колішняга студэнта. — Ты, Іване, маеш усе шанцы перамагчы. Рыхтуй каманду і — думай. Павер мне: цяпер ці ніколі! І хай адсохнуць мае ногі, калі ты не станеш прэзідэнтам!

Яны амаль па-гусарску ўсталі і выпілі. А затым абняліся і задумаліся.

— Пайду экскурсантаў праведаю, — першым узварухнуўся Мароз. — А то яшчэ патопяцца, памочнікі…

А тыя, распрануўшыся да трусоў, цялёпкалі на сябе карычняватую, настоеную на старых карэннях ваду і пыхцелі ад задавальнення.

— Эх, качуры, ці так ахалоджвацца трэба? — падцвяліў іх Мароз і, пакуль падышоў Мікалай Сымонавіч, распрануўся да гала і нырцануў у ваду.

Усе анямелі, а затым радасна ўскрыкнулі, калі яго галава вытыркнулася з рачной роўнядзі. Два «экскурсанты» пачалі апранацца, а гаспадар «фазэнды» аніяк не супакойваўся:

— Годзе, плыві назад! — і раптам спакмеціў (як-ніяк, вырас на гэтай вадзе), што Мароз пачаў нерухомець і нярвова ўскідваць рукі. Дыханне яго збілася. Плывец глытнуў вады, кашлянуў і, сполашна крутнуўшы галавой, выхрыпнуў: — Сутарга… ногі звяло!..

Керзан кінуўся да яго, але за некалькі крокаў да берага запаволіўся. Сысанкоў неўразумела глядзеў на свае штаны, потым плюхнуўся ў ваду, выпаўз і пачаў знімаць чаравікі.

— Трымайся, Ваня! — як мага спакайней выкрыкнуў Заяц. — Дыхай роўна, зараз мы што-небудзь кінем. — Маланкава забегалі пад акулярным шклом блізарукія вочы: па прытаптаным беразе, па старой вярбе… Намогся адламаць галіну — але раздумаў і ў тую ж хвілю ўбачыў лейчыну (яшчэ летась суседскія падшыванцы збіраліся прымастачыць гушканку).

Ён па пояс ускочыў у ваду і, крыкнуўшы «Хапайся за ляйчыну!», кінуў яе да Мароза. Кінуў удала — небарака цапнуў яе яшчэ ў лёце…

— А цяпер — грэцца, грэцца і слухаць старэйшых! — задыхана прасіпеў Мікалай Сымонавіч і неакадэмічна мацюкнуўся.

І яны зноў пілі — ужо без тастоў. Толькі Мароз, адкашляўшыся і расцёршы гарэлкай непаслухмяныя ногі, зірнуў на сваіх захмялелых таварышаў, устаў і — чаканячы кожнае слова — вымавіў на адным дыху:

— За майго хроснага, які асвяціў мяне ў гэтай вадзе!

* * *

— …Падвялі Вы мяне, Мікалай Сымонавіч, пад манастыр! — Іван Мароз выглядаў змораным і сумным.

Зранку ён прыехаў на гарадскую кватэру да Зайца і, не распрануўшыся, не аббіўшы з шапкі і ботаў снег, выцягнуў з унутранай кішэні складзеную гармонікам газету: — Вось, з сямі ранку па кіёсках ляжыць…

Прайшлі на кухню. Пакуль заварвалася кава, Заяц паспеў прачытаць перадавіцу саўмінаўскай газеты з кідкай назвай «Бервяно ў дэпутацкім воку». Аб тым, які зубаскал і дэмагог народны абранец Мароз, аб страшэнным стане эксперыментальнага інстытута, якім ён кіруе, як здзекуецца са сваіх падначаленых. І нейкія эканамічныя раскладкі, і словы сведкаў…

Мароз сядзеў на невялікай прафесарскай кухні і нярвова пастукваў вузлаватымі пальцамі па стале, а калі газета была адкладзена, стрэліў пачырванелымі ад бяссоння вачыма:

— Ну што скажаце? Здорава размазалі?! І як пасля гэтага?..

Мікалай Сымонавіч зняў акуляры, нечакана ўсміхнуўся і — вочы ў вочы — прамовіў цвёрда:

— Размазваюць, мой дарагі, масла па булцы або сэплі па шчоках. А за гэта ты яшчэ рэдакцыі і заказчыкам праставіць павінен!

Мароз насупіўся і неўразумела ўтаропіўся на Мікалая Сымонавіча. Той падставіў табурэт бліжэй да госця:

— А ты, чую, сам з раніцы ўжо прастаўлены! Апошні раз кажу: пераставай піць. Ці кідай усё — і пі.

Хвіліну памаўчалі, і загаварыў Мароз:

— Ды разумееце… Яны кабінет мой апячаталі, справы нейкія завялі… Я як воўк абкладзены… — і замоўк, паглядаў на прафесара і соп.

Заяц уздыхнуў, дастаў з халадзільніка пляшку каньяка, наліў:

— Значыць так. Гэта — заместа валяр’янкі. Затым ляжаш выспішся. А заўтра збярэм прэс-канферэнцыю. І калі ты воўк — час паказаць зубы! Запомні і супакойся: цяпер усё, што ідзе зверху супраць цябе — працуе на тваю карысць. Прынамсі, у вачах электарату.

— Дык у іх жа структуры…

— Стварай, пакуль ёсць час, і ты свае.

— Як ствараць, калі — ні кабінета, ні тэлефона?!

— Садзіся ў мой, дэканцкі. Ці стой… Пустуе ў нас на факультэце колішні «Ленінскі» пакой, дзе засядаў парткам. Там і ўваход ёсць асобны. Чым не часовая штаб-кватэра?

— Дык жа й вас пагоняць за тое — і з кабінета, і з працы…

— Адганялі мяне ўжо, Ваня! — Мікола Сымонавіч зноў пранікнёна зірнуў у вочы свайму вучню і ўздыхнуў: — Ногі ўжо не тыя, каб бегаць. Ды і колькі ж мне зайцам быць?!

Мароз задумаўся, затым хітнуў галавой і выпіў.

— Паўтараю, як на лекцыі: яны мусяць абараняцца, а ініцыятыва — у тваіх руках. І — не дрэйфі! Усё будзе добра! — Мікалай Сымонавіч усміхнуўся ласкава-блізарукімі вачыма і моцна абняў госця.


…Ён быў шчыры, крыху нехлямяжы, надзвычай актыўны не толькі ў новай дзейнасці, але і ў пошуку сяброў. Мог падвезці на сваёй машыне заклятага ворага, з імпэтам браў удзел у калектыўных наведваннях лазні, ахвотна запрашаў у свой кабінет або на кватэру цікавых для яго людзей — выпіць і пагаварыць.

Праўда, гасцей ён падзяляў па ступені важнасці, значнасці і сваёй да іх прыхільнасці: каго частаваў самагонкай ды салам — і каго крамнай гарэлкай з кілбасой.

«Дыпламатыя» давала плён. Рыхтавалася, напрыклад, на тэлебачанні ў «жывым» эфіры перадача па праблемах навакольнага асяроддзя — разам з навукоўцамі з Акадэміі навук запрашаўся і дэпутат Мароз. І гаварыў не толькі пра экалогію…

На пачатку кожнай справы можа быць выпадковасць. Калі на выпадковасць пачынае працаваць заканамернасць — прыходзіць перамога. Заканамернай было грамадскае спачуванне і павага да выкрывальніка народных ворагаў. Заканамернай стала і падтрымка яго групай маладых дэпутатаў, якіх гісторыя назаве «ваўчанятамі». Яны — таксама заканамерна — убачылі ў актыўным дэпутаце сілу, здольную разварушыць старую цытадэль кіраўнікоў і бюракратаў.

Тое ж — па прафесіі сваёй — не маглі не ўбачыць і адпаведныя дзяржслужбы бяспекі: падтрымалі, падказалі, дзе трэба — і дапамаглі…

І «ваўчаняты», вучачыся і сталеючы, кінуліся ў бой. Аб’ездзілі амаль усе раёны краіны, ладзілі сустрэчы дзе толькі маглі: у клубах, на вакзалах, на рынках, у крамах. Гаварылі (найперш ён, Іван Мароз) проста і адказвалі зразумела — тое, што хацеў пачуць стомлены інфляцыяй ды безвыходнасцю народ. Яны паказвалі прычыну абясцэньвання грошай і жабрацтва-галечы. Прычыну — традыцыйную: злодзеі. Нават не адзін-два, а цэлая каста, названая яшчэ нядаўна невядомым простаму вуху замежным словам мафія. І яно, слова мафія, стала ў народзе найбольш ужывальным (балазе яшчэ не забыўся паказаны тэлесерыял пра італьянскіх мафіёзі і барацьбіта з імі камісара Катані). Мафіяй пачалі называць усіх і ўсё, што так ці інакш асацыявалася з поспехам, багаццем, з карупцыяй, — хоць многія нават не маглі правільна вымавіць тое слова. Ну а на кіношны вобраз змагара з «махвіяй» арганічна накладаўся свой — бясстрашнага дэпутата Мароза…

Народ патанаў у разгубленасці. Заробленыя за месяц грошы за некалькі дзён з’ядала інфляцыя. Цэны раслі. Раслі ў сталіцы ды па-за ёй і княжскія палацы. Першымі — чыноўнікаў ад партыі, саўміна і нафты. Следам — і тых, хто меў магчымасці-«сувязі»: браў у банках крэдыт, пераводзіў «паперкі» ў валюту — і праз паўгода аддаваў пазыку, а за астатак будаваў сабе шматпавярховыя харомы, уцякаючы з бетонных гарадскіх катухоў. А тыя, хто заставаўся ў хрушчоўках, люцелі ад зайздрасці і злосці.

Словам, як і прадказваў акадэмік Заяц, які стаў кіраўніком перадвыбарнага штаба апальнага кандыдата ў прэзідэнты, падзеі разгортваліся вельмі спрыяльна. Насенне падала на дабрадатную глебу, з-пад якой прабіваўся заканамерны адказ: каб разабрацца з усімі злодзеямі, «праўдарубу» Марозу не хапае ўлады…

Пасля Велікодных святаў апячаталі і гістфакаўскі «Ленінскі» пакой — аднак яго апантаны гаспадар прарваўся ў часовы штабны прытулак, спешна сабраў журналістаў і ва ўніверсітэцкім калідоры, запоўненым здзіўленымі студэнтамі і выкладчыкамі, даў прэс-канферэнцыю.

— Было перавернута ўсё нават у халадзільніку, — абураўся ён. — І гэта ва ўніверсітэце, храме навукі. Які прыклад моладзі?!.. Шукалі на сябе кампрамат, каб знішчыць… Але праўду не схаваеш і не ўкрадзеш! І вось нядаўна мне паведамілі, што Дума плануе зняць з мяне дэпутацкі імунітэт. Аднак няхай яны запомняць: народнага кандыдата ў прэзідэнты Мароза не запалохаць!..

А тут — то машына з «праўдарубам» з моста зваліцца, то ў самалёт не пусцяць… І новыя чуткі папаўзлі па гарадах і весях: з ім ваююць, значыць — баяцца.

Разам з пасведчаннем кандыдата ў прэзідэнты Мароз і яго каманда атрымалі магчымасць афіцыйных сустрэчаў з выбаршчыкамі: на стадыёнах, у залах, на заводах і фабрыках. І калі даверлівы і шчыры ў сваёй любові і павазе электарат пачаў сотнямі і тысячамі ўкленчваць перад ім, Мароз канчаткова паверыў у сваю зорку, у сваё месіянства.

І ён не шкадаваў ні сілаў, ні часу, ні пагрозаў, ні ўсмешак, ні абяцанняў.

…І ён — перамог.

І ў сваёй новай ролі выглядаў упэўнена і спакойна.

— Вынікі выбараў я расцэньваю як вотум народнага недаверу ўраду і мясцовай бюракратычнай уладзе, якая тлусцее на народным горы, — адказаў ён на першае журналісцкае тэлефанаванне-віншаванне ў ноч падліку галасоў. — Цяпер краіна зажыве па-іншаму. Мы адбяром усё нарабаванае! Выкінем злодзеяў з заводаў! Народ уздыхне вальней. Цэнзура ў прэсе будзе адменена, як і манаполія дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі. Годзе, нацярпеліся хлусні!..


Вярхоўная Дума на сваім чарговым пасяджэнні ўрачыста абвесціла Івана Уладзіміравіча Мароза першым прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт прамовіў прысягу, а вечарам усе — нават колішнія ворагі — былі запрошаныя ў рэзідэнцыю на ўрачысты прыём.

У радасцях і эйфарыі, падалося, Мароз і яго каманда не заўважылі, што на інаўгурацыю прыехала зусім мала замежных дэлегацый. Ды і ўзровень іхняга прадстаўніцтва быў не вышэйшым: два спікеры парламентаў краін-суседак, тры віцэ-прэм’еры, а ў астатнім — паслы ды «нафтазацікаўленыя» грамадскія дзеячы…

Загрузка...