5

Яго чарговае дзяржаўніцкае лета выдалася спякотным і дымным. Гарэлі лясы, дамы, хлеб. Пякельная непрадыхная павута зацягвала гарады, і ён роспачна насіўся на верталёце па краіне, наладжваў аператыўкі і нарады, даваў прачуханца ўсім — ад ляснічых да губернатараў і прэм’ера, сам працаваў з пажарнымі, а калі ўзнімаўся на верталёце — у вачах плылі чырвоныя кругі.

— Па звестках спецслужбаў, чырвоных пеўняў нам падкідваюць… — сказаў стомлены-пастарэлы Керзан і пачаў выціраць са штаноў сажу. — Калі не будзе іншых установак, аформім паказальныя суды…

— Каго падкідваюць? — не зразумеў правіцель.

— Падпалы, кажу, па данясеннях — спланаваныя.

— А… Пеўні чырвоныя… Ды гэта ўжо коні, а не пеўні! Тысячы дамоў ляснула! А лесу колькі! Хто кампенсуе, адкуль грошы браць? Што людзям… — Ён не змог дагаварыць. Трап нечакана вільнуў убок, перад вачыма праплыў чырвоны жывот верталёта — і стала цяжка дыхаць. Правіцель упаў на рукі спалоханага старшыні Службы дзяржбяспекі і ўжо не памятаў, як яго абступілі дактары і як «Борт № 1» тэрмінова накіраваўся да сталіцы…

І вось — ён перад выбарам, да якога ішоў няпроста і не адзін месяц. Ці жарты: пакінуць краіну на дзевяць месяцаў без свайго нагляду! І да медыкаў асаблівага даверу не меў: а што калі задушаць той пупавінай? Аднак… Сеанс, як ахрысцілі працэдуру-аперацыю, мусіў надаць сілаў і незвычайна абмаладзіць арганізм…

Пачыналася ж усё казённа. Калі дактары паставілі правіцеля на ногі, раніцай у ягоны кабінет, сваімі памерамі падобны да хакейнага поля (толькі замест лёду ляжаў канадскі паркет), ветліва пастукаў памочнік Жакей, мякка прачыніў дзверы і далікатна вымавіў:

— Вітаю Вас, пане правіцель… Дазволіце зайсці?..

— Што ў цябе? — Мароз неахвотна адарваўся ад чытаніны. — Ты што паперу не эканоміш? Заваліў мяне гэтымі запіскамі… Вочы мае хоць бы пашкадаваў!

— Прабачце, я б не турбаваў, але тут без папярэджання Керзан просіцца…

— А яму што?

— Не магу знаць. Сказаў, што па нумары нуль…

Так — нумар нуль — кадыфікавалі найсакрэтныя перамовы, якія без пасярэднікаў вялі службоўцы з кіраўніком. Зразумела, тыя, якія мелі доступ…

— Запускай.

Пакамечаны жыццём, службай і прыроднымі катаклізмамі, але ў зіхоткай аправе з некалькіх радоў ардэноў і ў навюткім генеральскім мундзіры, Керзан кінуў на Жакея прыхавана-раўнівы позірк і, сам зачыніўшы масіўную дзверыну, працокаў да стала і там выпаліў:

— Здравія-жадаю-таварыш-Галоўна-каман-дуючы!

— Ды цішэй ты!.. Сядай.

Керзан наструнена глядзеў на правіцеля і не варушыўся, пакуль той не адклаў раздрукаваны вялікім шрыфтам аркуш і не ўздыхнуў:

— Вочы скора вылезуць… Давай, што ў цябе?

Старшыня Службы дзяржаўнай бяспекі ўскочыў і залепятаў:

— Таварыш галоўнакамандуючы! Я маю радасць далажыць Вам, што ў выніку праведзенай намі працы і адпаведных мерапрыемстваў… маем у выніку… хочам прапанаваць Вам… паколькі праверка праведзена шматпланава, ну а да ўсяго праходзіла аперацыя ў найсакрэтным рэжыме… — ён нечакана для сябе збіўся і акамянеў.

— Не трыньдзі ты, — зноў уздыхнуў правіцель. — Толкам можаш сказаць?

— Так точна… — Керзан выцер аб лампасы спатнелыя далоні. — У нашым сакрэтным цэнтры дамагліся нечувалага! Маю на ўвазе аперацыю «Плацэнта»… Праведзены доследы і аперацыя, пасля якой пацыент памаладзеў на тры дзесяцігоддзі!

Ён набраў паветра і замоўк.

— Ну-у… — правіцель неўразумела склаў на жываце доўгія рукі. — І што: дзяржаўную прэмію табе за гэта даць?

— Я не аб тым, не так зразумелі… Я з прапановай… Толькі правільна мяне зразумейце… Аперацыя найсакрэтная. Акрамя праверанага медперсаналу аб тым знаю толькі я і мой намеснік. Я асабіста курыраваў… А таму маю гонар прапанаваць… Толькі правільна зразумейце…

— Ды не цягні ты жуйку — што хочаш?!

— Хачу, толькі правільна… бо ад усяе адданасці… Лішнія ж Вашыя гады анікому не перашкодзяць… Хачу прапанаваць… абмаладзіцца…

Правіцеля як ашпарылі:

— Што?! Ты гэта… Думаеш, што я ўжо не магу са сваімі старымі косткамі тут сядзець?! Так?!!

— Аніяк не… Я зусім не аб тым… Я проста як лепш… Грошай жа на тое пайшло… Таму каб лепш хацеў… — і Керзан нечакана абмяк ды заціх.

— Як лепш, кажаш? А што там за аперацыя? Не падцяжкі ж ты мне прапануеш зрабіць, а?

— Што-о Вы… — ажывіўся Керзан. — Медыкі сеансам завуць… Там гэта… пупавіну нарошчваюць, а пацыента, так сказаць, у бараплацэнту…

— У бара што?

— Плацэнту… Аб тым лепш самі медыкі хай… Мы ж найперш за бяспекай і сакрэтнасцю… Ну а вынікі, я скажу-у-у! Дзеда аднаго… і напаўсляпы быў, і хваробаў букет… ледзь соваўся, а праз дзевяць месяцаў, прашу прабачэння, маладзіцу папрасіў! І вось ужо паўгода джыгітуе, як падшыванец…

— Маладзіцу, кажаш?.. — правіцель упершыню з дня нечаканай хваробы ўсміхнуўся. — Што ж, будзем думаць. Працягвайце працу…

Керзан выйшаў з выглядам пераможцы, чым насцярожыў памочніка Жакея.

— Ты гэта, галопампаяўропам, мне нічога не хочаш сказаць?

— Не маю права, таварыш Жакей, нумар нуль, сам разумееш…

А праз некалькі хвілінаў памочніка паклікаў да сябе правіцель.

— Значыць так…. Надакучыў ён мне. Хай адпачне. Зрабі так, каб Керзана я не бачыў. І тэрмінова да мяне ягонага намесніка. Як там яго?

— Бадакін.

— Ды хоць Сракін…


Ноччу ён зноў не змог заснуць. Завярэдзілі ўспаміны, а да ўсяго — адолелі болі: і ў галаве, і ў суставах… Задышка падкаціла… Ад пігулак і парашкоў ужо на ваніты цягне…

Раніцай выклікаў памочніка. Той, як і гаспадар, таксама не спаў — кубкамі глытаў каву і выглядаў бадзёрым.

— Рыхтуй сустрэчу. Паехалі, хачу паглядзець, што там…

Пра візіт правіцеля ў сакрэтную лабараторыю Службы дзяржаўнай бяспекі акрамя яго самога і ахоўнікаў ведалі толькі два чалавекі: Бадакін і Жакей. Напачатку высокім наведвальнікам паказалі два відэёзапісы: кульгавы стары да «сеанса» і ажывелы мужчына гадоў пад сорак.

— І што, гэта адзін і той жа хрэн?! — не паверыў бачанаму правіцель.

— Так. Працэс сеанса кантраляваў асабіста я. Папраўдзе, і сам дагэтуль дзіўлюся, — ускочыў па стойцы «смірна» Бадакін.

— То раскажы, як такая байда атрымалася?

— Да сеанса рыхтаваліся дзевяць гадоў. За медзабеспячэнне адказвае прафесар Скоркін. Мае трох асістэнтаў, медычак. Усе, як разумееце, правераныя ды ізаляваныя. Пацыент быў адабраны ў Вялікалукскім раёне. 75 гадоў. Па легендзе знік без вестак. Дастаўлены ў лабараторыю 2 жніўня 20… года. Сеанс пачаўся 13 жніўня, закончыўся 30 красавіка 20..-га. З таго часу — пад нашым наглядам. Адчуванне выдатнае, медпаказчыкі выдатныя, толькі… — Бадакін заціх.

— Ну?

— Толькі жанчын патрабуе. Новых. А тут жа — сакрэтны аб’ект. Прафесар скардзіўся, што ягоных медычак заюзгаў…

— То не хвароба! — усміхнуўся правіцель, разгладзіў у абодва бакі вусы і спытаў сур’ёзна: — А ёсць якія аслажненія?

— Не, таварыш правіцель, не выяўлена.

— Дык што ж, урэшце, вы яму тут зрабілі? Не на клізмах жа памаладзеў?!

— Не… Тут цэлая праграма. Яму, гэта… пупавіну аднавілі… і ў плацэнту, як у матчын жывот…

— Іван Уладзіміравіч, — мякка прамовіў Жакей (любіў у прысутнасці высокіх асобаў так назваць правіцеля, падкрэсліваючы сваю блізкасць да кіраўніка і казыраючы тым). — Я моцна перапрашаю, што перабіваю, але, можа, варта паклікаць самога прафесара? Ён бы распавёў пра ўсё больш дэталёва…

— Так, правільна, давай!..

Састарэлы прафесар напачатку ледзь не самлеў ад нечаканкі, але потым ачомаўся і выглядаў упэўнена:

— …Доследы базуюцца на аснове медыкафізічных, неўрапсіхалагічных і біяметральных фактараў…

— Стоп-стоп, — замахаў правіцель. — Не гані сваю пургу! Ты можаш проста і па-чалавечы растлумачыць, як дзеда абмаладзіў?

— Так-так, прабачце, зараз… — прафесар дастаў насоўку, выцер спатнелы лоб і працягнуў: — Чалавек пачынае старэць з таго часу, як нараджаецца. Свет — гэта дадзеная Усявышнім і сапсаваная чалавецтвам плацэнта… Вось мы і паспрабавалі вярнуцца да першаснасці, да матчынага, так сказаць, улоння. Стварылі штучную бараплацэнту ды змясцілі ў яе старога пацыента. Усе тэрмальныя ды іншыя жыццёва неабходныя працэсы кантралявалі аўтаматычна. Пацыент спаў, а за перыяд сеанса цела ачышчалася і акумулявала назапашаную энергію. Абмаладжалася…

— А як ён дыхаў?

— Так, як і ў жываце маці, толькі, зразумела, штучна…

— А што еў у тым вашым пузыры?

— Неабходныя вітаміны і адэкватнае харчаванне падавалася ў плацэнту, ці, па-Вашаму, пузыр, праз…

— Ды ведаю я тую плацэнту не менш вашага, — перабіў правіцель прафесара. — Мы іх з ветэрынарамі яшчэ паследамі называлі…

Усе ўталопіліся на прафесара, але той быў збіты спанталыку параўнаннем і зноў выцер лоб. Памаўчаў, сабраўся з духам — і працягнуў:

— Чалавечы пуп ёсць таямніца, своеасаблівае злучво з сусветам. Праз яго, пасля адмысловых аперацый, мы і падводзім неабходныя шляхі харчавання і вываду адходаў. Паўтаруся, метад вельмі просты і натуральны. Па сутнасці, ён паўтарае тое ж, што робіцца ў матчыным улонні з дзіцем. І тэрмін, як разумееце, мы запраграмавалі той жа…

— Ну а потым, праз дзевяць месяцаў, што? — правіцель зноў ажывіўся.

— Усё… — не зразумеў прафесар. — Спыняем сеанс…

— І пупавіну рэжаце?

— Ну… можна і гэтак сказаць. Адпаведныя шляхі хірургічна адразаюцца…

Пытанняў больш не было. Пацмокаўшы, правіцель нечакана прапанаваў:

— А давай, прафесар, мы і цябе абмаладзім. Галава, бачу, разумная, а то яшчэ кеўкнешся, і медыцына нашая збяднее!

Прафесар ніякавата ўсміхнуўся, а Бадакін ускочыў і залепятаў:

— Таварыш правіцель, Вашая воля для нас закон, але прашу прабачыць і зразумець… Сеанс надзвычай затратны ў плане фінансавання… Я б сказаў — найзатратны…

— Паняў, — уздыхнуў правіцель, зноў цмокнуў і загадаў: — То пакажыце мне ўжо свайго дзеда!

«Пацыента» прывёў сам Бадакін. Дзедам назваць яго магло хіба што немаўля: выглядаў падцягнута, бадзёра. Убачыўшы правіцеля, абрадаваўся і ледзь не кінуўся абдымацца:

— Іва-ан Уладзі-іміравіч, здароўця, ці ты гэта?

— Ну-ну, астынь! — буркнуў на яго Бадакін, але правіцель толькі ўсміхнуўся:

— Нічога-нічога… Дык як, мужык, ты сябе адчуваеш?

— Скардзіцца няма на што…

— А мне казалі, што да маладзіцаў не пускаюць.

— Ну… ента можна й паправіць.

Правіцель наблізіўся да «пацыента», зазірнуў у вочы, пахлопаў па плячы і падрахаваў:

— Харош, маць тваю! — і праз паўзу: — Мне даклалі, што ты мой зямеля. І праўду з-пад Вялікіх Лукаў?

— Ну а адкуль жа?..

— А чым займаешся?

— Цяперака ж нічым. Вось, у гэнтай санаторыі адпачываю. Дзякуй вам і дахтарам: і накормлены, і апрануты, і клопату не маю!

— А да «санаторыі»?

— Дык гэта… конюхам. Пасу, кармлю, а яшчэ летам за бабу на весавой сяджу…

— А не цяжка ў такіх гадах за коньмі бегаць?

— Што вы, Уладзіміравіч! Да санаторыі, не схлушу, не мог ужо, думаў кідаць. А цяпер вылюднеў так, што й галопам дам рады!..

— Чуў, Жакей? — правіцель павярнуўся да памочніка. — Яшчэ адзін наезднік у нашым эскадроне! — задаволена ўсміхнуўся і ляснуў далонямі, што азначала: канчай базар, гайда дамоў…


І зноў ён ноч не спаў. А можа і спаў, ды замест сноў у галаве тыя лабараторныя ролікі круціліся: плацэнта з мутнай вадкасцю, чалавек у ёй… Ну рыхтык малое ў вантробе парадзіхі… Толькі вонкі нейкія шлункі спавіваюцца, а за імі — дзясяткі апаратаў, манітораў, лямпаў…


Толькі на трэці дзень, натомлены роздумамі і нездаровасцю, правіцель рашыўся:

— Ну што, конюхі мае верныя, рыхтуйце свае плацэнты… Была не была: буду абмаладжацца! — ён як рэнтгенам прапёк Жакея і Бадакіна, даўжэй узіраўся ў апошняга і, дадаючы ў голас грознасці, спытаў:

— А ты што гэта да мяне без лампасаў прыпёрся?!

Бадакін, як загіпнатызаваны, расцягнуў пляскаты твар і ціха выціснуў:

— Таварыш правіцель, палкоўніку лампасы… не паложаны…

— А чаму гэта палкоўніку? Жакей, галопамцябепаяўропам! Рыхтуй мой указ аб прысваенні яму генерала! І прызначаю Бадакіна старшынёй Службы дзяржаўнай бяспекі. Глядзіце толькі, каб за дзевяць месяцаў тут херні якой не ўпаролі, а то скуру спушчу!.. — Памаўчаў, зноў прыдзірліва агледзеў падначаленых і закончыў ужо больш ласкава: — Пакумекайце, каб за гэты час я з тэлевізара не вылазіў… Мантаж там які зрабіце, ну… як я прымаю аднаго, другога, дакументы падпісваю, вас, гультаёў, ганяю. Падключыце Федарэнкіна, ён знае, што і як. Ясна?

— Так! — у адзін голас гэўкнулі памочнік і службіст.

— Ну вось і лады. Не пабіцеся толькі, хто маёй павіталкай будзе, плацэнта-шмацэнта…


Народ затушыў пажары, адбудоўваў спаленыя хаціны, глядзеў тэлевізар і піў гарэлку.

А Адміністрацыю пачаў даставаць прэм’ер Сысанкоў, рваўся да правіцеля з нейкімі неадкладнымі клопатамі — пакуль яго сяміпавярхова не абклаў і не выгнаў Жакей. Прэм’ер надламаўся, засеў на лецішчы і таксама запіў.

І вось — тэлефанаванне старшыні Службы дзяржбяспекі:

— Таварыш Жакей, тэрмін сеанса закончаны. Будзем спыняць?

— А якія іншыя прапановы?

— Не зразумеў…

— Разумееш ты ўсё не менш майго, — абрэзаў яго Жакей. Безумоўна, соладка было яму, — па сутнасці, кіраўніку дзяржавы, — гэты час; і розныя ўжо кашчунныя думкі ў галаву лезлі, але баяўся ён іх, адганяў як струплю: хто ведае, чым тое адгукнецца… Ды і, ведаючы нораў гаспадара, не мог не думаць аб тым, што без чыёйсьці падстрахоўкі палез той у плацэнту… — Канечне заканчвай!

Жакей скасавурыўся на партрэт правіцеля, замовіў сабе кавы, выпіў без задавальнення — і заспяшаўся ў сакрэтную лабараторыю.


Перад уваходам ужо стаяў лімузін пад нумарам 1, і Жакей спалохаўся, што спазніўся першым прывітаць гаспадара. Каля ліфта яго чакаў скамянелы Бадакін, — нярвова схапіў за рукаў і пацягнуў углыб вестыбюля.

— Слухай… выйшла неспадзяванка. Не ведаю, як патлумачыць…

— Правіцель жывы? — абарваў яго Жакей.

— Так, так… Што ты! Усё атрымалася, толькі…

— Што «толькі»?! Не цягні!

— Памаладзелы, здаровы, толькі… у сваім часе.

— Як у сваім?

— Ды хадзем, сам убачыш!

…У ярка асветленай палаце сядзеў выгалены і вымыты правіцель. Памаладзелы ці не на палову. Калі б не памяць ягоных растыражаваных фота «думскага перыяду», яго б цяжка было пазнаць: ні мяшкоў пад вачыма, ні маршчынаў, ні вострых пашчэнак з абвіслай скурай…

— Пане правіцель, дазвольце прывітаць Вас! — пачаў Жакей, увабраўшы галаву ў плечы, але гаспадар злосна сплюнуў і закрычаў:

— Яшчэ во аднаго прыдурка прывялі! Сам ты пан зачуханы, выхранціўся тут мне. Што, яшчэ ад бадуна не прасох?! — памаўчаў і нечакана кіўнуў на акно: — Чаго машыны прастойваюць? Дзе брыгадзіры і звенявыя?! Не пасееце ў час — будзеце эксперыментальнае поле сваімі слязьмі паліваць!

— Зараз, зараз, усё зробім… — сам не ведаючы, што абяцае, Жакей, цягнучы за лампас Бадакіна, падаўся да выхаду. Прычыніўшы дзверы, ён паслабіў гальштук і прамармытаў: — Гэта, галопампаеўропам, што такое?!!

— Правіцель…

— Ды сам бачу! Пра якое поле крычыць?..

— Прафесар сцвярджае, што гэта сіндром вяртання…

— А з конюхам што?.. Што з тым тваім сіндромам?! Дзед жа — нармальны… — Жакей уздрыгануўся і паправіўся: — У сэнсе нармальна з тога сіндрома вярнуўся.

— Ну так…

— Так тваю цераз так!!! Што рабіць будзем? — Жакей пакруціў жылістай шыяй, яшчэ больш паслабіў гальштук, і верхні гузік на кашулі не вытрымаў — адарваўся і паскакаў па гранітнай падлозе…

І раптам нешта нібыта абудзілася ў вачах памочніка:

— Ну-ка дай мне асабовую справу тога дзеда!

— Паверхам ніжэй, у архіўнай…


…Памочнік глядзеў на біяграфію першага пацыента сакрэтнай лабараторыі, хітаў галавой і не мог вымавіць ні слова. У горле страшэнна перасохла.

— Можа, кавы замовіць?

— Што?

— Можа, кавы? — паўтарыў старшыня Службы дзяржбяспекі.

— Кавы? Не, давай гарэлку, і пабольш… Як вы маглі так з дзедам лапухнуцца?

— Ніякага лапухнуцца… Выхад, як і прафесар зацвердзіў, з сеанса быў беспраблемным, без часавай дэфармацыі.

— Ды што ты вярзеш, генерал! Ты мазгі маеш?

— Я па-а-прашу! — надзьмуўся той, ураз пачырванеў, але супакоіўся і зноў затараторыў: — Ты ж сам чуў, як той расказваў пра сваё апошняе месца працы, пра коней нешта там і весавую…

І памочнік не вытрымаў:

— Я і кажу, што ты дурань! Ды конюх гэты і дваццаць, і трыццаць гадоў таму, як і перад сеансам вашым ляцкім, коней пасвіў! — ён падняў асабовую справу «дзеда» і з размаху ляснуў ёй аб стол. — Заві свайго прафесара!..


На поўную адаптацыю правіцеля спатрэбілася некалькі тыдняў. І ўсё павінна было пайсці звычнымі кругамі, аднак… Аднак абмаладзелага кіраўніка адмовіўся прызнаць народ, які датэрмінова выбіраў яго, верыў і любіў. І старэў. Разам з народам старэлі і вера з любоўю. А што ж цяпер?

На прыпынках і ў курылках пачаліся насцярожаныя перашэпты, якія выліліся ў стыхійныя мітынгі. І з кожным публічным выхадам правіцеля «на людзі» народнае неўразуменне расло і пагражала стаць абурэннем.

— Нашага забілі, а заместа яго падсоўваюць двайніка!

— Так! Паглядзіце ж, ён нашаму ў сыны гадзіцца…

Анічога не магла зрабіць ні тэлепрапаганда, ні Служба дзяржаўнай бяспекі. А тут, як на ліха, узняў галаву прэм’ер:

— Правільна, народзе, нас усіх дураць! Па-а-а-дман!!!

І правіцель быў вымушаны сам ратаваць сітуацыю. Ён выступіў па ўсіх тэлеканалах з надзвычайным зваротам да народа, падрабязна распавёў пра спланаваныя ворагамі падпалы і сваю хваробу, падчас якой некаторыя высокапастаўленыя службоўцы захацелі захапіць уладу.

— …Іх ужо вывелі на чыстую ваду! — спавядальна вяшчаў правіцель. — Гэтых ролікавых, сысанковых ды керзанаў… Яны марылі дарвацца да ўлады яшчэ з таго часу, калі я хлапчуком узначаліў краіну. Абяцаю вам: усе атрымаюць па заслугах! А да наступнага года мы справімся з эканамічнымі стратамі ды зможам павысіць заробкі і пенсіі. Як і раней, дзяржава не пакіне без дапамогі анікога… — правіцель яшчэ доўга гаварыў пра ліхіх злодзеяў і прадажную апазіцыю, золатавалютныя запасы і міжнароднае становішча, — і народ зноў пазнаваў у тых расповедах колішнюю прастату і сардэчнасць, шчырасць і адданасць. Пазнаваў свайго кіраўніка — да кожнай, хоць і памаладзелай, маршчынкі пад прасветленымі вачыма, да кожнага, хоць і пажвавелага, руху і жэсту, да кожнага слова і гуку…

Вечарам правіцель прыехаў на ўрадавае лецішча, дзе атайбаваўся заапазіцыянелы Сысанкоў.

— Ты?.. — неўразумела ўзняўся з-за доўгага стала прэм’ер і, п’яна ківаючыся, пайшоў насустрач.

Правіцель кашлянуў-хмыкнуў, схапіў пустую бутэльку — і гэкнуў па азызлай галаве прэм’ера. Той хапануў паветра, лізнуў пульхныя губы — і ўраз абмяк…

А калі назаўтра пасля тэлезвароту гаспадара Жакей прынёс складзеныя спецслужбамі аптымістычныя рэйтынгі і вынікі грамадскіх апытанняў, правіцель спакойна адсунуў тыя паперы на край стала і абнечаканіў памочніка:

— Памятаеш, калі метро забаставала… Я тады ва ўніверсітэце выступаў. Там дзяўчына адна, чарнявая такая, мне паперкі падносіла. Я загадваў даведацца пра яе…

— Так, Кацярына Аляксандраўна Бялоўская, студэнтка філфаку. Я дакладваў…

— Ты запрацаваўся ці прыкідваешся?! — зазлаваў правіцель. — Што мне з тых дакладаў? Давай яе сюды! Ясна?..

Загрузка...