Раздзел восьмы ЯК ПРАНЦІШ З ПАНАМ ПАЛОНІЕМ ПАЗНАЁМІЎСЯ

Пераступіць цераз ганак — гэта вам не лыжку заціркі глынуць. Нездарма ў новы дом першым пускаюць котку альбо пеўня — каб прынялі на сябе тое, што пад ганкам хаваецца, гнеў нябачнага вартавога… Адкупіцца ж ад таго вартавога хто як спрабаваў. Закопвалі пад ганкам манеты, кропельку іртуці, змяіную скурку, кавалак жалеза, ваўчыную галаву альбо чорную курыцу, ці яшчэ страшней — хавалі памерлых няхрышчанымі немаўлятаў.

На парозе нельга есці, бо плёткі прыцягнеш, нельга праз ганак выплюхваць на двор брудную ваду — курыная слепата надарыцца. Калі штось будзеш на ганку сячы — напусціш у дом ведзьмаў і жабаў. Затое ад спалоху няма больш вернага сродка, чым калі шаптуха спырсне цябе праз расчыненыя дзверы нагаворанай вадой, ці «заб’е» перад імі спалох нажом альбо сякерай.


На гэтым ганку ляжаў раздушаны начны матыль, яго абсыпаныя шэрым бліскучым пылком крылцы бездапаможна прыліплі да мокрага каменю, і не верылася, што ў іх некалі жыло вольнае паветра.

Доктар Лёднік забабонаў не прызнаваў, таму цераз ганак дому Рэнічаў, мёртвага матыля і жывыя перасцярогі пераступіў, не вагаючыся… А вось Пранціш Вырвіч на ягоным месцы добра падумаў бы, чаму гэта на стук ніхто не адгукнуўся, а дзверы адчыненыя. Як казалі лаціняне, нават паміж кавалкам і ротам шмат што можа здарыцца. Частку дома, які калісь належаў бацьку пані Саламеі, кніжніку Івану Рэнічу, Лёднікі здавалі ў арэнду — там, дзе пераплётная майстэрня. І па ўсяму выходзіла, што арандатар ці хтось з ягонай чэлядзі павінны быць на месцы… Але майстэрня на замку. Пранціш дастаў шаблю і заўважыў, што доктар таксама паклаў руку на дзяржальна — значыць, усё-ткі не страціў да канца пільнасці, і жэстам загадаў Хвельку заставацца на двары.

— Гэй, ёсць хто ў хаце?

Цішыня… Але Вырвіч быў упэўнены, што яны ў будынку не адны.

Так і здарылася. У гасцёўні чакала чалавек дзесяць — узброеныя да зубоў ваякі, якім не ўпершыню пільнаваць у засоцы. Пасярэдзіне пакоя, у фатэлі, нерухома сядзела пані Саламея Лёднік, збялелая, напятая, у вялікіх сініх вачах адчай. А за яе спінай, прываліўшыся да падваконня, у вольнай позе застыў белавалосы волат са страшным, пакрытым шнарамі, ружовым тварам, з бяздоннымі вачыма, якія здаваліся то празрыста-светлымі, то барвовымі… На вуснах волата лунала іранічная ўсмешка, нібыта ён прысутнічаў пры лёгкай застольнай размове.

— Нарэшце мы вас дачакаліся, вашыя мосці! Забавіліся ж дарогай…

— Пан Герман Ватман…

Калі Лёднік паспеў агаліць шаблю — ніхто ўцяміць не паспеў. Але што тая шабля, калі на цябе скіраваныя пісталеты, а за спінай тваёй каханай стаіць спрактыкаваны забойца.

— І нашто было чапаць маю жонку? — холадна прагаварыў доктар.

— Ну, я ж ведаю, што ў прысутнасці красунек размова лягчэй ідзе, — лена-дабразычліва прамовіў Ватман, пацягнуўся, наблізіўся ўшчыльную да Саламеі. — Вядома, зараз усе аддаюць перавагу маладзюсенькім, трапятлівым, як стракозкі. Але ж мы з табой, доктар, мужчыны сталыя, жыццём бітыя, мы цэнім кабетаў з досведам…

Ватман абвёў пальцам, не датыкаючыся, абрыс твару Саламеі. Лёднік рыпнуў зубамі.

— Што табе ад мяне трэба?

— Ну што ты так спяшаешся, доктар, гэта ж не кроў пускаць. Няўжо не рады бачыць старога сябра?

Вырвіч зрабіў крок наперад.

— Выклікаю вас на двубой, пан Ватман! Пры сведках, зараз жа!

Найміт не зварухнуўся.

— А твой былы гаспадар не змяніўся, чарнакніжнік. Мог бы ўжо і павыхоўваць стрыгунка. А дзе ваш спадарожнік, такі руды, шалёны? Пагрэбаваў кампаніяй ягамосцяў? Ведаеце, — голас Ватмана зрабіўся даверліва-інтымным, — пан Міхал Багінскі вельмі незадаволены. Ён, можна сказаць, абражаны. Ён жа вас з усім гонарам прасіў з’ездзіць у невялічкую перэгрынацыю. А вы насы закапылілі. А варта было Радзівілам свайго блазна прыслаць — тут жа сарваліся з месца. Нядобра…

Доктар сустрэўся вачыма з Саламеяй, ягоная шабля трохі ўздрыгнула ў руцэ, як паверхня вады ад таполевай пушынкі.

— Якія ўмовы князя?

— Умовы? Гэта ўжо не ўмовы, — голас Ватмана заледзянеў. — Гэта загад. Калі будзеш ад’язджаць, паведаміш, і прыхопіце з сабой спадарожніка. Усе распараджэнні якога і будзеце выконваць. Яму і перадасцё, што здабудзеце. Вернецеся — атрымаеш назад сваю красуньку.

— А як жа пан Агалінскі? — выпхнуўся Вырвіч. — Ён не пацерпіць, каб з намі ехаў прадстаўнік Багінскіх!

— Разумна гаворыш, студэнт, — іранічна пагадзіўся Ватман. — Гэтую праблему мы вырашым! — і выразна чыркнуў пальцам па сваёй шыі.

Лёднік спахмурнеў.

— Я не магу дапусціць, каб з панам Агалінскім нешта здарылася. Я звязаны з ім прысягай.

Пранціш вылупіўся на Лёдніка, ледзь стрымаўшыся ад рэплікі. Доктар што, жыць не хоча? Такая магчымасць пазбавіцца ад злыдня Агалінскага! Амерыканец, праўда, досыць забаўны, і не баязлівец, але ж доктара не пашкадуе! Праўда, Пранціш сам у свой час у Менску папярэдзіў аб закалоце найгоршага ворага — каб не дапусціць ганебнай расправы няхай і з паскуднікам, але сапраўдным шляхціцам. Яшчэ Вырвіч успомніў, што ад вяртання пана Агалінскага жывым і здаровым залежыць лёс малога Алесіка, а доктар рызыкаваць сынам не стане нізавошта.

Лёднік падціснуў вусны і свідраваў позіркам найміта. Ватман незадаволена скрывіўся.

— Калі табе такі дарагі Агалінскі, можаш цалаваць яго і надалей у дупу. Тады самі прыдумайце, як прадставіць рудому дурню нашага чалавека. Але вось калі з тым, нашым чалавекам, нешта здарыцца — усё, доктар, развітвайся з красунечкай. А я яшчэ і добра праверу, чаму ты навучыў яе за тры гады ў ложку. І не крыўдуй, думаю, мае лекцыі больш змястоўнымі акажуцца, чым твае.

Прысутныя ваякі зарагаталі, дадаючы смачных заўваг пра падрабязнасці эратычных лекцый ад Ватмана. Саламея адчайна прыкусіла вусны. Лёднік, не зводзячы з яе вачэй, прагаварыў-прасычэў:

— Цэлы будзе ваш чалавек. Але калі, пакуль я не вярнуся…

— Ведаю-ведаю… Ніколі мне не даруеш, валасіна з жонкі ўпадзе, пальцам крану — па бруку мяне размажаш, і яшчэ тры талеркі клёцак зверху. Не трасі паветра, і так усё зразумела. Выйсця ў цябе, Баўтрамеюс, нямашака. Радуйся, што я з табой не еду.

— Няўжо пасаромеліся двойчы пасылаць да ахвяры аднаго забойцу? — прабурчэў доктар. — А хто з намі едзе?

Ватман пасміхнуўся.

— Спадарожнік ваш спрытнюга, так што лаўчыць не ўздумайце. Ён вам сам усё пра сябе распавядзе.

Ватман падаў знак, і няпрошаныя госці павялі Саламею да выхаду, не далі нават развітацца з мужам. Усё-ткі Ватман ведаў, на што здатны гэты тыпус, і сачыў, каб занадта блізка ні ён, ні ягоны вучань не набліжаліся.

Калі Ватман выходзіў апошнім, Лёднік стамлёна прамовіў:

— Але ж ты павінен разумець, Герман — гэтыя пошукі што саламяны куль на кані. Толькі бачнасць.

— А мне гэта як зайцу клавесін. І не спрабуй нават рыпацца, жоначку шукаць. Вачэй за вамі дагледзець хапае.

Калі за прыхаднямі зачыніліся дзверы, Лёднік даў волю гневу. Але пасечанае крэсла акрым як затупіць шаблю карысці не прынясе. Доктар, панураны, стаяў пасярод зблочанага дому — госці тут жылі, падобна, не адзін дзень, і маўчаў, бяссіла апусціўшы шаблю. Вырвіч абыйшоў яго, як слуп, адставіў падалей пацярпелае крэсла.

— Што цяпер рабіць?

Лёднік загаварыў глуха, як з таго свету.

— А што тут будзеш рабіць? Альбо я страчу жонку, альбо зламаю жыццё сыну… А яшчэ духаўнік мой перад ад’ездам параіў д’ябальскую тую зброю нават калі знайду, знішчыць. Так што, можа, найлепей было б мне неадкладна з панам Агалінскім расплаціцца. Дарэчы, я перад ад’ездам тэстамент склаў — палова маёмасці маёй табе, палова — Саламеі…

Пранціш узлаваўся.

— Пакуль шляхціц жывы і пры шаблі — яму кароль — брат, а смерць — паслугачка. Ты збіраўся да аптэкара ісці. Дык, можа, не будзем час марнаваць? Раней паедзем, хутчэй вернемся. З намі ж не Ватман выпраўляецца — а мы нават з ім калісьці зладзілі. Урэшце, пасланец Багінскіх з панам Агалінскім цалкам могуць адзін аднаго ў дарозе перабіць…

— Толькі гэтага не хапала… — прасычэў Лёднік.

На вуліцы было шэра і тужліва, і дождж, драбнюткі, як інфузорыі, наліпаў на твар, асядаў на валасах срэбным пылком, так што можна было ўявіць сябе раздушаным матылём пад чужым жорсткім абцасам. Хвельку, перапалоханага і здарожанага, пакінулі прыбіраць дом.

Аптэка знаходзілася побач, нават калі ісці нага за нагу, аддаючыся сусветнай нудзе. Звычайны двухпавярховы дамок, з чатырохсхілым чарапічным дахам, з шыльдай, на якой зялёным з пазалотай былі намаляваныя кубак і змяя… Ціхі такі дамок у атачэнні старых ліпаў… Але калі Вырвіч узяўся за клямку, за дзвярыма пачуўся рэзкі пранізлівы крык, проста нечалавечы, у якім чуліся абурэнне і злосць. Рука Пранціша сама выхапіла зброю… Лёднік таксама напяўся, прыўзняў шаблю да ўзроўню плеч, перазірнуўся са студэнтам і асцярожна штурхануў дзверы. Тыя са здрадлівым рыпеннем адчыніліся… Магчыма, самым разумным было б не лезці ў новую пастку, але калі пачуўся голас дзядзькі Лейбы — дзядзька заклікаў на дапамогу ўсіх праайцоў на чале з Абрамам — Лёднік рынуўся ў пакоі, за ім Пранціш. Раптам нешта звяглівае і імклівае кінулася ў ногі гасцям, ледзь не паваліўшы.

— Трымайце! Вох, пакаранні ягіпецкія!

Незразумелая істота верашчала, шаргацела і шастала па паўцёмнай вітальні, дзядзька Лейба ўзмахваў шырокімі рукавамі і лаяўся.

— Дзверы зачыняйце! Вось паганае стварэнне!

Пранціш, нарэшце, злаўчыўся і кінуўся на звера… Дакладней, птушку: бо лапаталі крылы, пад рукой зміналіся пер’і, а дзюба пацэліла дакладна Пранцішу ў падбароддзе.

— Ай, халера!

Вырвіч ледзь не выпусціў дзюбатую страшыдлу, але аптэкар спрытна падхапіў яе, адной рукой прыціснуўшы тулава, другой схапіўшы за доўгую шыю.

— Дзядзька Лейба, нашто табе паўлін? — папытаўся агаломшаны Лёднік, абтрасаючы пух з дарожнага камзолу.

Задыханы аптэкар запхнуў угневаную птушку ў клетку памерам з ладную шафу. Паўлін распрастаў пёры і пранізліва патлумачыў, чаму ўбачыць яго ў сне азначае хуткую жыццёвую буру.

— Пайшлі адсюль, а то пагаварыць не дасць, каб яго пярун… — пракрычаў аптэкар.

І ўжо ў сваім пакойчыку, завешаным паліцамі з кнігамі, распавёў:

— Пан пісар падарунак зрабіў. Я ягоную мосць ад лястыру вылечыў, а ён мне — гэтага птаха… Прыдумаў, што крык паўліна дадае лекам ад лёгачных хваробаў асаблівую моц.

— А адкуль у пісара паўлін? — пацікавіўся Пранціш.

Дзядзька Лейба ўздыхнуў.

— Ад самога яснавяльможнага ваяводы полацкага, пана Аляксандра Сапегі. Паўлін гэты асабліва злосны, брэцёр гэткі сярод паўлінняга народу, ну і, мусіць, нехта з птаства яму адпомсціўся ці з прыслугі, так што птах дастаўся пану пісару паўдохлым… Карацей, на табе, нябожа, што мне нягожа. А я перадарыць каму радасць гэтую не магу. Пан пісар — кліент пастаянны, вось і даводзіцца цярпець…

Паўлін абражана крумкнуў, зусім як варона, і адвярнуў ад крыўдзіцеляў галаву на тонкай шыі. Лейба нарэшце засяродзіўся на гасцях і іх праблемах, акінуў вострым позіркам светлых вачэй былога свайго падмайстра Бутрыма і ягонага цяперашняга студэнта, фізіяноміі ў абодвух былі даволі панылыя і знерваваныя.

— Значыць, з Саламеяй і ейнымі гасцямі пабачыліся… — задумліва прамовіў аптэкар. — Я быў сунуўся ў дом, але мяне не пусцілі й на ганак. Паглядзеў я ў вочы пана, які мяне праганяў, і зразумеў, што зноў ты, Бутрым, улез па самыя вушы ў нейкую нядобрую авантуру, і Саламейку за сабой пацягнуў.

— Улез, дзядзька Лейба, — са скрухай прызнаўся Лёднік. — Не змог пераадолець сваю цікаўнасць… Пачаў даследваць хітрую прыладу, замест таго, каб адразу з рук збыць альбо ў каморы замкнуць. Вось і… Зноў мая Саламея — у закладніцах. І яшчэ адзін маленькі хлопчык можа паплаціцца… І патрэбна мне ад цябе, дзядзька Лейба, кніжка…

Пачуўшы, які менавіта трактат хоча пагартаць Бутрым, аптэкар ажно ўсхадзіўся: шалберствам займацца! Але здабыты з нетраў гаспадарскага дому слоўнік янохскай мовы з малюнкамі лёг на пашарпаны дубовы стол. А яшчэ былы алхімік запатрабаваў геаграфічныя карты, самыя дасканалыя.

Лічбы і літары з малюнка Пандоры Лёднік аднавіў лёгка, хто б сумняваўся ў дасканалай памяці гэтага зануды. Ні разочку беднаму студэнту не запамятаваў найменшай правіны. А потым пачалася доўгая нецікавая праца, у якой госцю трохі дапамагаў аптэкар, але ў асноўным сам Лёднік гарбаціўся, шаргочучы паперамі, як вецер сухім лісцем.

Праца заняла вечар, паўночы, і яшчэ ўвесь наступны дзень. Янохскую мову для доктара Дзі перакладаў ягоны сакратар Эдвард Келі, названая яна была па імені біблейскага прарока, бацькі Мафусаіла. Той Янох быў узяты анёламі ў падарожжа ў рай, пра што і напісаў пасля кнігу. Многія лічылі, што Келі свайго апякуна проста дурыў, выдумваючы неіснуючыя словы. Але калі слоўнік мовы ёсць — значыць, на ёй можна нешта зашыфраваць і, адпаведна, расшыфраваць. У трактаце мелася дзевятнаццаць «енахійскіх ключоў», паэтычных тэкстаў, прадыктаваных нібыта самім духам Урыелем, прыводзіўся алфавіт нябёснай мовы, а, самае галоўнае, абазначэнне лічбаў.

Пранціш не вельмі разумеў, што крэсліць на ашмётках паперы ягоны прафесар, таму бавіў час за даследваннем аптэкарскага дому, дзе быў тры гады таму. На паліцах дадалося слоікаў з рознымі заспіртаванымі пачваркамі, але такога дабра досыць было і ў Лёднікаўскіх апартаментах. Пад столлю па-ранейшаму вісела на ланцугах чучала кракадзіла — абавязковы атрыбут аптэкі. А вось на сцяне з’явілася вялікая старажытная гравюра, пажаўцелая, абтрапаная на краях, расфарбаваная выцвілымі фарбамі. Гравюра ўяўляла сабой карту, на якой акрамя абрысаў рэк і гор былі пазначаныя маленечкія камяніцы і прыгожыя храмы з купаламі, купкі пальмаў, вярблюды, дзівосныя дрэвы з такімі вялізнымі пладамі, што павінны былі б у рэальнасці пераламіць ствол дрэва сваім цяжарам. Пасярэдзіне красаваўся горад, абнесены зубчастай сцяной… У куце надпіс велягурыстымі гатычнымі літарамі: «Ерусалім».

Ад пана Агалінскага звестак не было. Той не зажадаў скарыстацца ні гасціннасцю ненавіснага доктара — той запрашаў усю кампанію ў дом сваёй жонкі, бо ягоны ўласны даўно быў прададзены за даўгі. Не спыніўся Амерыканец і ў гасціным доме — месцічы нездарма не жадалі іх будаваць, нягледзячы на прымусы магістрату. Пані Гігіена там не начавала, таму і падарожныя не надта ахвотна згаджаліся карміць казённых клапоў, дый гараджанам куды выгадней было пасяліць прыезджага ў сваёй хаце і мець жывыя грошы. Вось пан Гервасій і зняў вялікі дом побач з карчомкай. І ясная справа, што на нейкі час вогненны меч доктара Дзі і помста паганаму доктару адступілі перад моцай мясцовай гарэліцы-аквавіты, якой тут рабілася сорак гатункаў: анісавая, кменная, палыновая, блакітная на святаянніку — а як жа не пакаштаваць кожнай хоць па чарачцы?

А Пранціш пасля прагулянак па Ніжне-Пакроўскай ды Віцебскай, жартачак з маладзіцамі з Запалоцця з задавальненнем назіраў, як дзядзька Лейба пад надакучлівыя крыкі сапегаўскага паўліна рыхтуе на продаж лекі: ён рабіў усё не так хутка, як Бутрым, затое і не так сур’ёзна, а нібыта гуляў у дужа цікавую гульню, сам дзівячыся з таго, што атрымліваецца, і расказваючы мноства дзівосных гісторый. Пра глінянага балвана Галема, якога ўмелі ажыўляць вялікія мудрацы з дапамогай напісанага на ягоным ілбе слова «Эмет», што азначае «Праўда». Пра тое, што ў хвосце паўліна змешваецца 365 колераў, таму што менавіта праз столькі нябёсных сфераў праходзяць эманацыі эфіру. Што калі хочаш зрабіць кнот, які змусіць бачыць зялёных істотаў, што лётаюць падобна вераб’ям ды іншым птахам, трэба ўзяць зялёнае сукно, якім абіваюць труны, пакласці туды птушыныя мазгі і пер’і з хваста, загарнуць, змясціць у новую зялёную лямпу, якая напоўненая аліўкавым алеем, і запаліць. Ніколі да канца не было зразумела, ці Лейба гаворыць усур’ёз, ці жартуе, але Пранціш шчыра весяліўся, слухаючы фантастычныя байкі. Не дзіва, што малы Бутрым у свой час, дапамагаючы аптэкару, так захапіўся навукай алхімічнай ды лекарскай.

Нарэшце, калі галава студыёзуса ўжо расколвалася ад благанняў паскуднай птушкі, Баўтрамей абвесціў, што малюнак Пандоры цяпер мае трывалыя каардынаты. Дзякуй таму ж доктару Дзі, які спрычыніўся да заснавання Грынвічскага мерыдыяну.

— Месца на ўскрайку Лондану… — стамлёна апавядаў Лёднік. — Але калі звярацца з картамі — самая найноўшая пяцідзесяцігадовай даўніны — цяпер там самыя гарадскія трушчобы. Я па студэнцкай дзёрзкасці сваёй там шнырыў, але, паверце, каб быў я без кампаніі тубыльцаў, адзін з іх, дарэчы, сапраўдны лорд, які збіўся з тропу ў прытонах Іст-Энду, мог я і назаўсёды там застацца, і вылавілі б мяне ў Тэмзе без кашалька і носа.

— Дык што вы павінны адтуль прывезці? — асцярожна папытаўся аптэкар. — Зноў нейкую святую рэліквію?

— Горш, дзядзька Лейба, — змрочна патлумачыў Лёднік. — Зброю мы павінны прывезці.

Аптэкар пакруціў галавою і цяжка ўздыхнуў, ажно полымя свечак здрыганулася.

— Што толькі людзі не выдумляюць, каб адзін аднаго панішчыць… Як быццам галоўная мэта іх жыцця — чужая смерць. А для перамогі самага вялікага волата альбо войска дастаткова аслінае сківіцы альбо звычайнай пастуховай трубы, галоўнае — каб на тваім баку быў Гасподзь. Не хачу нават ведаць дакладна, Бутрыме, што ты павінен здабыць… Мне дастаткова было сузіраць гэтую кнігу… — аптэкар пагардліва тыцнуў пальцам у трактат янохскай мовы. — А хто, так бы мовіць, ваш заказчык?

— Каб жа адзін хто! — з прыкрасцю прагаварыў Вырвіч. — А то абклалі з ўсіх бакоў… І кожны па-свойму пагражае. І як ні круці, усіх мы не задаволім.

Між тым віраванні палітычныя дайшлі і да Полацку… Пранціш, пакуль Лёднік сядзеў у аптэцы, наслухаўся падчас прагулянак ад крамнікаў, рамізнікаў, старызнікаў ды гандлярак і пра страшныя бітвы ў Вільні між панамі, і пра знак на небе ў выглядзе скрыжаваных чырвоных дзідаў, што, як усім вядома, прарокуе братнія звады, і пра здань пана Міхала Валадковіча, якая з зайздроснай адданасцю вартуе менскую ратушу, і пра вядзьмачку з млына, дачку вадзяніка, што ледзь цэлую вёску не вымарыла чырвоным свербам, і пра Чорнага Лекара, які вярнуўся на днях у Полацак, каб наварыць золата, і пра пана Гервасія Агалінскага, які ўчыніў бойку з бычком на панадворку карчмы, і добра, што ў бычка рогі былі падпілаваныя, дык пан абыйшоўся сінякамі на самым далікатным месцы, калі ад таго бычка даваў лататы…

Шпегаўская навука, па ўсім ясна, была для пана Гервасія куды больш складанай, чым для студыёзуса Вырвіча анатомія. Ціхага патаемнага ад’езду не атрымалася. Калі прафесар і студыёзус даехалі конна да дому ў Запалоцці, дзе іх павінен быў чакаць пан Агалінскі, на панадворку тоўпіліся цікаўнікі, што назіралі за падрыхтоўкай вясёлага шчодрага пана да ад’езду. Ехаць у экіпажы ў самае разводдзе значыла страціць процьму часу, таму выпраўляліся вярхом. Затое пан Агалінскі разжыўся каралеўскім патэнтам, і яны маглі мяняць коней на паштовых станцыях у першую чаргу, як фельд’егеры.

Найбольш прысутныя разглядалі не коней, а пана Гервасія Агалінскага. Паглядзець было на што: пан, відаць, за гэтыя дні ўчыніў двубой не толькі з бычком. Адно вока заплыло сіня-чырвоным, другое паглядала на свет дужа цьмяна, твар спухлы, зарослы рудой шчэццю…

Пан Агалінскі схапіў збан, які яму паднесла крамяная прыслуга, нагбом выпіў, абліваючыся… Збан зухавата разбіў аб полацкую брукаванку…

— Паехалі!

У дыхтоўных скураных мяхах, якія нагрувасцілі на запаснога каня, дакладна знайшлося месца астралябіі.

Да Лёдніка падыйшоў з вінаватай фізіяноміяй Хвелька, пачаў мармытаць, што каб здароўе дазволіла, ён бы ніколі пана не пакінуў… Хвелька мусіў прыглядаць за домам Рэнічаў.

— Па адвар будзеш хадзіць да аптэкара Лейбы, — сурова распарадзіўся Лёднік.

Затое не давялося траціць шмат часу, каб угаварыць пана Гервасія прыняць у кампанію яшчэ аднаго дужа патрэбнага спадарожніка, які мусіў далучыцца да іх за гарадской брамай. Па-праўдзе, пану Агалінскаму было ўсё роўна, хто з імі адправіцца, Давід, Галіяф альбо Бава-каралевіч. Амерыканец быў заняты тым, каб не зваліцца з каня і не надта паказваць, што атрыманыя ад бычка сінякі перашкаджаюць у гэтай высакароднай справе. Размова з панам прыпадабнялася лыжцы ў загустым кісялі, што цалкам Пранціша задавальняла. Праўда, Агалінскі ўсё-ткі прамармытаў, што ў Карытнікі прызначыў новага аканома, даў распараджэнне адмяніць падушнае і паслаў мужыкам тры падводы з зернем.

Неба зацягнулі хмары, як быццам паненка заторгнула фіранкі, разгледзеўшы, што кавалер пад ейнымі вокнамі недастаткова фацэтны. А каб зусім стала непамысна, лінуў халодны дождж. Прынамсі, гэта змусіла цікаўнікаў пахавацца па дамах і ўжо там дамываць костачкі Чорнаму Лекару, які гасцяваў у габрэя Лейбы, і пану Агалінскаму, якога нават шкадавалі, што звязаўся з падазронай кампаніяй. Сын гарбара — вядзьмак вядомы, з вядзьмачкай ажаніўся, і вунь у якую сілу ўвайшоў… Пан над панамі, лепей на вочы не патрапляцца, а то сурочыць. Дзякуй Богу, з’язджае…


Гарадская брама схавалася за шэрымі ніткамі дажджу. Студыёзус нецярпліва прыўзнімаўся ў сядле, вызіраючы скрозь залеву таямнічага вершніка. Магчыма, гэта будзе нехта падобны да Ватмана — спрактыкаваны дужы вой, які заб’е, не зморшчыцца… А можа, хітручы шпег, падобны да князя Рапніна.

А новы спадарожнік далучыўся зусім нечакана, выехаўшы з-за прыдарожнае капліцы, як чалец прывіднага дзікага палявання. Коратка махнуў усім рукой і паскакаў паперадзе, як быццам так і трэба. Зменны конь незнаёмца быў нагружаны ладнымі куфрамі, што сведчыла — гаспадар не збіраецца цярпець у дарозе нязручнасцяў ды нястачаў. Лёднік кінуў на прыхадня кароткі позірк і зноў паглыбіўся ў свае роздумы. Пан Агалінскі нават галавы не павярнуў. Пранціш прышпорыў каня, каб параўняцца з госцем ды пагаварыць, але дарэмна — размовы не атрымалася. Пасланец, шчуплы, як падлетак, быў захутаны ў някідкі, але дыхтоўны дарожны плашч, на вочы насунуты капялюш, ніжнюю частку твару таксама не разгледзець пад накручаным шалікам, што не дзіўна, бо абдымацца з мокрым ветрам аматараў мала. На Вырвічаўскія словы пан толькі ветліва пакланіўся і настойліва махнуў рукой наперад. Пранцішу ўсё гэта не вельмі спадабалася, але ж будзе ў іх і прыпынак, дзе незнаёмцу давядзецца раскрыцца. Пакуль што Вырвіч ацаніў шаблю прыхадня, сапраўдную турэцкую серпанціну з буйным дыяментам на дзяржальне, зграбныя боты з сіняга саф’яну, якія можа дазволіць сабе не кожны шляхцюк, французскія пальчаткі са шчыгрэневай скуры. Усё — разлічанае на дарогу, зручнае, някідкае на першы погляд, але калі прыгледзецца, магнацкага рыштунку. Гаспадар малады, спрытны, не дужа моцны, але багаты і страшэнна самаўпэўнены… Але наўрад ён так валодае шабляй, як Пранціш Вырвіч сваім Гіпацэнтаўрам! Трэба будзе пад’юдзіць пана пафехтаваць дзеля размінкі. І ўжо тады паздзеквацца ад душы.

Прыдарожная карчма пад назвай «Венецыя» калі й нагадвала знакаміты італійскі горад, дык вялізнымі рудымі лужынамі, якіх аніяк было не абмінуць, заязджаючы на двор. Аднапавярховы драўляны будынак не абяцаў раскошы… Затое меліся вольныя месцы і коні. А новы спадарожнік хрыплым шэптам запатрабаваў асобны пакой, сыпануўшы аднавокаму «венецыянскаму» карчмару столькі грошай, што хапіла б зняць увесь будынак, таму жаданы пакой і атрымаў. Бутрыму і Пранцішу давялося падзяляць памяшканне з Агалінскім, які адразу ж заваліўся ў ложак і захроп… Гнілы сеннік пах балотам. Начлег ніяк не абяцаў быць прыемным, хоць Лёднік узяў з сабой некалькі фунтаў персідскага парашку ўласнага прыгатавання ад дробных крывасмокаў.

Настаў час без лішніх вушэй перамовіцца са спадарожнікам.

Спадарожнік стаяў ля вакна свайго пакоя, спіной да дзвярэй. Шчуплая постаць яго была зацягнутая ў камзол з дарагой зялёнай воўны, на галаве акуратны парычок, напудраная каса перацягнутая чорнай атласнай стужкай. Пасля таго, як рытуальныя велягурыстыя фразы прамовіліся, і прафесар пачаў злосна крывіць вусны, сузіраючы спіну фанабэрыстага юнака, які ўсё маўчаў і не рухаўся, той нарэшце павярнуўся да гасцей… Бязвінныя блакітныя вочы зірнулі так празрыста, так шчыра, носік прыўздымаўся так задзірыста, ружовыя вусны ўсміхаліся так сціпла…

На нейкі час у пакоі запанавала маўчанне, як у балагане, калі гледачы зразумелі, што індыйскі факір сапраўды растаў проста на сцэне разам з іхнімі кашалькамі, табакеркамі і гадзіннікамі.

— І што, вашамосць, абазначае гэты куншцюк у духу італьянскай народнай камедыі? — нарэшце сурова папытаўся Лёднік.

Паланэя Багінская міла ўсміхнулася.

— Вы ж атрымалі ліст, пан прафесар? Вось і спраўджвайце загад. Высакародны юнак Палоній Бжастоўскі, хатнім настаўнікам якога вы калісьці працавалі, едзе з вамі ў Ангельшчыну.

Паланэя паказала на сябе, пацвярджаючы, што яна і ёсць гэты высакародны юнак. Вырвіч ураз успомніў такайскае віно з дурнап’янам і злосна выкрыкнуў:

— Вашамосць жартуе? Мы ацанілі жарты вашае княскае мосці, але дазволім сабе нагадаць яснай паненцы, што дарога нас чакае не дзеля прагулянкі, мы едзем не ў карэце, а верхам, начаваць давядзецца часам на голай зямлі, у грубай мужчынскай кампаніі, дыванкі пад ногі ніхто нам не пасцеле.

Але Багінская толькі ўсміхнулася.

— Вашамосць Вырвіч лічыць мяне падобнай да спешчаных мяшчаначак са Збройнай вуліцы, якія захінаюцца фартухом ад студэнцкіх палкіх паглядаў? Запэўніваю, што я дастаткова моцная істота. — Пагляд паненкі зрабіўся жорсткім. — Ніколі не разумела, чаму мужчыны лічаць кабетаў кволенькімі ды спешчанымі. А паспрабавалі б вы, пан Вырвіч, ад сямі гадоў хадзіць са скабамі, перацягнутымі сталёвымі абручамі, не ўздыхнуць толкам, у абутку, які сціскае нагу, у пальчатках, якія зашчыльна абцягваюць пальцы, на абцасах, ад якіх ногі, здаецца, адваляцца. А ведаеце, як гэта — насіць на галаве пару месяцаў цяжэнны каркас з дроту, абматаны чужымі валасамі, стужкамі ды кветкамі, калі спаць можна, толькі падклаўшы пад галаву драўляную падставачку, а пачухацца, прабачце за некуртуазную падрабязнасць, атрымліваецца толькі прэнтам? А спадніцы, у якіх у дзверы не ўвайсці? Колькі б вы такога катавання вытрымалі? — Паланея тэатральна ўскінула рукі, быццам крылы, і шчасліва засмяялася. — Ды я зараз узляцець гатовая! А наконт маіх баявых здольнасцяў таксама не сумнявайцеся — з цяжкім палашом не ўпраўлюся, але кінжальчык, пісталет… Урэшце, мне расказвалі, што ў вашым улюбёным Полацку жыла княжна, якая ў дванаццаць гадоў насуперак волі бацькоў пайшла ў манастыр, потым таксама насуперак усім пастрыгла ў манахіні двух сваіх сясцёр, будавала каменныя храмы, перапісвала кнігі… І нават з’ездзіла ў Ерусалім — праз усе моры і пусткі!

— Параўнанне недарэчы, ваша мосць! — холадна прамовіў Лёднік. — Княжна Еўфрасіння не за прыгодамі ехала, а пакланіцца Гробу Гасподню.

— Ды што я вас нібыта ўгаворваю… — паненка раптам узлавалася. — Гэта вы павінны выконваць, што я скажу. Калі, вядома, пан прафесар жадае калі-небудзь сустрэцца са сваёй жонкай.

Лёднік проста слізгануў наперад, як чорная змяя, навіс над паненкай, якая сутаргава зглытнула, намагаючыся не паказаць страху.

— Бачу, вашамосць начыталася Дыдро ды Вальтэра, прагрэсіўных ідэяў наконт жаноцкага раўнапраўя, далоў гарсэты… Вашамосць уяўляе сябе амазонкай і Клеапатрай у адной асобе… Але, значыць, гэта дзякуючы вам Саламея апынулася ва ўладзе чырванавокага гуна Ватмана?

Атрутай у голасе Лёдніка можна было адправіць на той свет не адну Клеапатру, аспід ад зайздрасці завязаўся б марскім вузлом. Але Багінская толькі прыжмурыла блакітныя вочы і адказала не менш атрутным голасам:

— Хто ж вінаваты, пан прафесар, што вы такі разумны. Не чапалі б васковай лялькі, не чынілі б яе, не разгадвалі б ейныя загадкі — і вас бы ніхто не чапаў, і, натуральна, вашу жонку. А цяпер пазнавата на жабу дыхаць, каб ад хваробы пазбавіцца. Так што я — пан Палоній Бжастоўскі, сын вашых былых гаспадароў і дабрадзеяў, які так засядзеўся за кнігамі, што занядбаў шляхецкія вартасці, чаму і выпраўлены ў небяспечныя авантуры пад вашую адказнасць і прыгляд.

Пад канец фразы голас Паланэі зноў зрабіўся какетліва-наіўным. Лёднік збляднеў, а потым украдліва прагаварыў:

— А ваш яснавяльможны брат, ягоная мосць пан Міхал Багінскі, ведае, што вы едзеце з намі?

— Вы сумняваецеся ў слове княжны Паланэі Багінскай? — холадна прагаварыла панна.

Бутрым скрывіў вусны.

— Як сын гарбара, магу дазволіць сабе нешляхетныя паводзіны. Не толькі сумняюся, вашая княская мосць, у высакародных словах вашай міласці, але і ўпэўнены, што быў адпраўлены да нас зусім іншы чалавек. І ці не лепей мне паведаміць ягонай мосці пану Міхалу, дзе знаходзіцца ягоная малодшая сястрыца?

Гэта быў моцны ўдар. Але Багінская не спалохалася. Прыклала да вуснаў палец, удаючы засяроджаны роздум.

— Цікавы сілагізм атрымліваецца… Як жа нам вырашыць гэтую задачу? Вы паведаміце майму вельмішаноўнаму братцу, дзе я, а я ў адказ паведамлю, што вы парушылі дамову з ім і перадалі ўсе звесткі пра вогненны меч Радзівілам, а мяне гвалтам змусілі з сабою ехаць, каб мець закладніцу, якую можна абмяняць на пані Саламею. І як вы думаеце, васпане, каму паверыць мой брат князь — сыну гарбара і недавучанаму студэнту альбо роднай сястры? А так я напішу яму з дарогі, усё патлумачу…

І зноў міла ўсміхаецца! Вырвіч не вытрымаў:

— Ды нашто табе гэта трэба? Што за бздуры ў галаву зайшлі?

Багінская сціпла апусціла вочы.

— У мяне праз пару тыдняў заручыны… А жаніх так спяшаецца, што адразу пасля заручынаў, не агледжуся, вяселле зладзяць… Пан брат чамусьці прыняў да душы ўсе гэтыя плёткі пра мае нібыта непрыстойныя паводзіны, і што толькі цвёрдая мужніна рука мяне закілзае. А мне нешта пад тую цвёрдую мужаву руку не надта карціць! — Паланэя больш не прыкідвалася, насмешка ў ейным голасе мяшалася са шчырай горыччу. — Жаніх мой меркаваны трох жонак ужо закілзаў… І праменька да брамы ў рай давёў. Так што лепей небяспечная перэгрынацыя!

Бутрым свідраваў позіркам «пана Бжастоўскага».

— Ніякай паблажлівасці не будзе! Падносіць нюхацельную соль, падсаджваць на каня, улучаць лепшы кавалачак — не ў нашых варунках.

— Якая яшчэ паблажлівасць? — ганарыста ўскінула галаву Паланэя. — Паны мусяць забыцца, хто я. Так што, пан Вырвіч, — заявіла Багінская, — пастарайцеся не скіроўваць у мой бок сваю выбітную галантнасць.

Пранціш адчуў, як запалалі ягоныя шчокі.

— Я ўжо зведаў, што галантнасці паненка не цэніць!

— Ціха! — адрывіста гукнуў Лёднік. — Я сам прасачу, каб ягоная мосць пан Вырвіч не дазваляў сабе нават паглядаў, якія могуць выдаць сапраўдную існасць пана Палонія Бжастоўскага. І каб пан Палоній Бжастоўскі не пачаў капрызіць, як свецкая дама.

Пранціш нават не развітаўся з падступнай прыгажуняй.

Перад тым, як прафесар выйшаў з пакоя, панна ціха прамовіла:

— Пан Лёднік, Саламея ў бяспечным, утульным месцы, з ёй абыходзяцца найлепшым чынам. Паверце, Ватман нічога з ёй там не зробіць, ён яе нават бачыць не зможа.

Лёднік застыў на месцы, потым коратка кінуў цераз плячо:

— Дзякую, ваша мосць…

Карчма «Венецыя» плыла па водах дажджу, і цьмяныя ветразі ейных шыбаў раздзімаліся ад храпу падарожных і мрояў недавучаных студыёзусаў. А дзесьці ў полацкай аптэцы драмаў знерваваны паўлін, і кожнае ягонае пёрка захоўвала вока антычнага бога Аргуса.

Загрузка...