Раздзел пятнаццаты БЕЗ ЗАЛАТОГА РУНА

Чаго не лечаць травы, вылечвае жалеза; што не лякуе жалеза, ацаляе агонь; што не ацаляе агонь, тое належыць прызнаць невылечным.

Гіпакрат меў рацыю.

Ні травы, ні жалеза, ні агонь не дапамаглі б прафесару Віленскай акадэміі змагчы невылечную меланхолію. Выйшаў уранку з пакою гатэля «Дуб і Крумкач» змрачнейшы за зімовае лонданскае неба. І — дзіва — на пару з Пранцішам замовіў сабе кавы. Што ж, трэба было ўзбадзёрыцца — назаўтра вырашылі з’язджаць. А сённяшні дзень панна Багінская і пан Агалінскі запатрабавалі прысвяціць адна — крамам, другі — корчмам, а Пранціш, якога панна міла папрасіла ахоўваць яе падчас паходу за пакупкамі, быў у прадчуванні галантнага шпацыру — каму што, а млынару вецер. Панна, хоць і дэкляравала сваю нелюбоў да гарсетаў, абцасаў і фіжмаў, усё-ткі знудзілася па сваім свецкім абліччы і паспела ўжо накупіць таго-сяго, а цяпер, калі кампанія разжылася дукатамі Пандоры, як было не набыць штось з модных трантаў.

Руды гатэльшчык жэстам паклікаў Лёдніка да сябе, пашаптаўся… Вырвіч не надта ўстрывожыўся — пасля таго, як Лёднік за тры дні вылечыў корчу ў жонкі ангельца, той ставіўся да вучонага пастаяльца са шчырай прыязнасцю. Не выключана, што і падчас турніру ў байцоўскім клубе ўвішны гатэльшчык зрабіў пару ставачак на свайго жыльца праз таго ж служку, якога Лёднік пасылаў у клуб, каб запісацца на ўдзел.

Ангелец пашаптаўся з доктарам і знік. Лёднік вярнуўся з фізіяноміяй нібыта спакойнай. Але Пранціш навучыўся ўгадваць, што на дне таго прафесарскага спакою хаваецца… І пабачыў, што на гэты раз здарылася нежартоўнае.

Доктар уляцеў у нумар, як чорны віхор, студыёзус ледзь паспеў за ім. Пан Агалінскі ажно перастаў пазяхаць.

— Клічце панну Багінскую! Тэрмінова з’язджаем!

— А што такое, доктар? — заспана пацікавіўся Амерыканец, кратаючы спелы «ліхтар» пад вокам, які застаўся на памяць ад лорда Кавендзіша.

Лёднік правёў рукой па твары.

— Лёдзі Кларэнс забілі. Гаспадар папярэдзіў, нас шукаюць. Галоўным чынам, вядома, мяне.

Бяда за бядою ходзіць з калядою. Пранціш агаломшана спрабаваў зразумець, ці не жартуе настаўнік. А той нервова кідаў рэчы ў дарожны куфар, а потым — вось нечакана — асцярожна ўзяў у рукі турэцкую шаблю, падарунак Пандоры, да якой дагэтуль так і не дакрануўся, дастаў з похваў, тужліва паглядзеў, схаваў у похвы — і рашуча пачапіў да пояса.

Вось тут Пранціш і паверыў, што лэдзі Кларэнс сапраўды няма!

— Магу паспрачацца на свой улюбёны парыжскі раброн са срэбнай парчы, што і запаветныя кляйноды з палаца лэдзі Кларэнс зніклі! — лена працягнула панна Багінская, якая перадаверыла пакаваць свой багаж гатэльнай прыслузе. — Яе мосць лэдзі занадта легкадумна ставілася да палітычных інтрыгаў. Калі ўвязваешся ў барацьбу за трон — трэба, каб ад кожнага кубка тры разы перад табой слугі адпівалі, — павучальна гаварыла панна. — Тыя, хто хацеў лэдзі вывесці з гульні, усё зрабілі мудра. Кляйноды акрым яе ніхто не чытаў, яны зніклі, уладальніца памерла, а замест таго, каб адразу распачаць інтрыгу, прабавілася ў кампаніі аднаго чужаземнага доктара, на якога вельмі зручна павесіць забойства. — Багінская гарэзна паглядзела на знерваванага Лёдніка, які ссыпаў бутэлечкі з лекамі ў валізку. — Ну, прынамсі, спадзяюся, што лэдзі перад смерцю правяла час з насалодай. Так ці не, пан Лёднік? Вам жа лепей ведаць!

Нават Пранцішу зрабілася прыкра ад такога цынізму. Доктар раздражнёна выпрастаўся і працяў паглядам нахабную паненку:

— Я не абмяркоўваю ні сваё, ні чужое прыватнае жыццё. І вам не раю.

— Ды ці не закахаўся вашамосць у тую халодную, як кавалак лёду, і пачуццёвую не больш за палена англічанку? — Паланэйка перабольшана наіўна ўзмахнула вейкамі.

Доктар звузіў вочы.

— Баюся, што я, просты мяшчук па паходжанні, не магу дапяць да вашага разумення слова «кахаю». Неяк яно ў вашых магнацкіх мосцяў дзіўна трактуецца. Але запэўніваю вашу мосць, што ў мяне няма аніякіх падстаў для параўнання яе мосці лэдзі Кларэнс з лёдам і паленам.

Багінская трохі пачырванела і шматзначна паківала галавой, а пан Агалінскі дадаў сваёй атруты, злосна кінуўшы:

— Нешта ўсе твае каханкі, доктар, нядоўга жывуць.

Лёднік прамаўчаў, сцяўшы зубы, толькі так шпурнуў астатнюю шкляніцу ў валізу, што тая разбілася, і пакой запоўніў рэзкі пах балота.

Бывай, Вавілондан, ці давядзецца калі яшчэ сустрэцца…


Яны гналі коней скрозь халодны вецер і смугу, скрозь стому і расчараванне, і Вырвічу здавалася, што ад таго часу, калі ў кабінет прафесара Віленскай акадэміі пана Лёдніка ўваліліся п’яныя шляхцюкі з запаветам вялікага гетмана, прайшлі не месяцы, а гады… Як быццам яны здабывалі Святы Грааль у зачараванай краіне феі Марганы.


Агонь у каміне Дуўрскага гатэлю будаваў і зараз жа абрушваў гатычныя храмы, за вокнамі свістаў вецер, у кубках астываў грог, які не паленавалася ўласнаручна прыгатаваць адна высакародная княжна, і здавалася, што акрамя гэтага паўцёмнага ўтульнага пакою, дзе чацвёра маўчалі, кахаючы, ненавідзячы і церпячы адно аднаго, няма нічога.

Панна Паланэя ўвесь час няўзнак распраўляла карункі на сваёй сукенцы — нібыта хацела ўпэўніцца, што нарэшце прыняла звыклае аблічча дамы. У яе парыку луналі блакітныя птушачкі. Пранцысь не зводзіў вачэй — панна трошкі схуднела за час іх вандроўкі, але носік прыўздымаўся ўсё гэтак жа задзірыста, ніжняя губка міла выдавалася наперад. Палову жыцця аддаў бы за тое, каб пацалаваць гэтыя вусны — без пагрозы, што цябе пырнуць кінжальчыкам, напояць атрутным віном альбо насмяюцца над даверлівым студыёзусам. Вось пан Гервасій Агалінскі, «жаніх» самазваны, не пераймаецца — падкручвае вусы ды напявае сабе пад нос пра звялую руту і разбітае сэрца рыцара… Лёднік маўчыць, уткнуўшыся ў нейкую дужа рэдкую і адметна нудную кнігу, набытую у Лондане, але часам забывае перагортваць старонкі — глядзіць адсутным позіркам, думае нешта сваё, тужлівае… Нічога, вось-вось прыйдзе з Гданьску карабель, там доктару з ягонай марской хваробай будзе не да філасофскіх разважанняў.

Каб толькі бура сунялася…

— Што вы будзеце рабіць па вяртанні, пан Вырвіч? — лена папыталася Паланэйка, любуючыся адшліфаванымі пазногцікамі. — Можа, на вайсковую службу пойдзеце?

— Найперш атрымаю дыплом доктара вольных навук, — упарта адказаў Пранціш. — А там будзе відаць.

— Што ж, у майго будучага мужа, князя Паца, знойдзецца месца для яшчэ аднаго паэты, — невыносна фанабэрыстым тонам прамовіла панна Багінская. — А калі вы пойдзеце далей па медычнай частцы, магу выправіць вам і месца нашага прыдворнага лекара.

Вырвіч адчуў, што кроў прыліла да твару…

— Не думаю, што пайду на службу да вашага мужа.

Пан Агалінскі спыніў напяваць і ашчэрыўся, вычуўшы пачатак сваркі.

— А я б да вас, пан Вырвіч, лячыцца не пайшоў. Доктар павінен быць, вунь як гэты ваш былы слуга, сур’ёзны, змрочны, страшны. Добрыя лекі — горкія і агідныя на смак.

Панна Багінская манерна зарагатала.

— Так, пан Пранціш занадта куртуазны для навукі.

— А вы ўпэўнены, найяснейшая панна, што ягоная мосць князь Пац з вамі ажэніцца? — холадна спытаў Вырвіч, у якога ад гневу аж увушшу закладала. — Асабліва пасля вашай авантурнай вандроўкі. З якой вы прывезяцё замест цуда-зброі крышталёвы чэрап. І будуць паны магнаты адно ў аднаго пускаць сонечныя зайчыкі…

Паланея злосна прыкусіла губу.

— У майго пана брата і звычайнай зброі хопіць, каб заторкнуць раты нахабам!

Пранціш не збіраўся адступацца — аднекуль узялася смеласць выгаварыць усё, што згорклым асадкам ляжала на дне душы:

— Зняволілі, вашамосць, падступна пані Саламею Лёднік, і думаеце, вам усё даруецца нават на тым свеце? Вы, панна, вельмі нагадваеце мне яшчэ адну чароўную панну — Ядвігу Струтынскую.

— Гэта не тую, з-за якой на браслаўскім сойміку парэзаліся-пабіліся? — зацікавіўся Амекрыканец.

Пранціш крыва пасміхнуўся.

— Яе… Стараста Опсаўскі Ян Цеханавецкі дамогся рукі чароўнай панны Ядвігі, а ейны бацька не даў за ёй абяцаных ста тысячаў залатых. Пан Цеханавецкі запатрабаваў разводу з-за непрыстойных паводзін жонкі. А як падчас сойміку ішоў па плошчы з братам, цесць яго ўбачыў, загадаў страляць праз вокны… Пана Цеханавецкага паранілі, а брата ягонага дык і зусім забілі. І разаніна якая ўсчалася! Дом Струтынскага ўзялі прыступам. Жывых ды мёртвых згрузілі на вазы ды ў Вільню павезлі… Мёртвых — прад’яўляць, жывых — судзіць. Але за Струтынскага былі Чартарыйскія, таму Цеханавецкія справу прайгралі. А ў той разаніне майго адзінага родзіча, дзядзьку, забілі, які грошы на маё навучанне даваў, ды пасля дэкляраваў памагчы. І якая, скажыце, розніца, быў ён на баку Цеханавецкіх альбо Струтынскіх? А пані і цяпер на балях красуецца…

Пранціш адсёрбнуў вохкага напою і паставіў кубак з сіняга шкла на стол з ножкамі ў выглядзе грыфонаў. Галава прыемна круцілася.

— Загінуць у бойцы за свайго сюзерэна — гэта доўг шляхціца! — павучальна сказаў пан Агалінскі. — І няма чаго дакараць прыўкрасных дам за тое, што яны карыстаюцца, чым Гасподзь надзяліў іх на нашую радасць і пагібель. Піў і буду піць з туфліка прыўкрасных дам, нашых галантных забойцаў! Вось аднойчы ў Нясвіжы на Масленіцу мы выпілі з бота пана Караля за ягоную фартуну — і няхай ягоная мосць пан Караль усю скуру з мяне заслужана злупіць за непавагу, але з туфліка… з маленечкага, расшытага золатам туфліка піць нашмат прыемней!

Пан Агалінскі таксама адпіў грогу і ўсміхнуўся бахусавым сваім успамінам.

— Калісьці я чытаў працы Андрэя Белаблоцкага, вучонага шляхціца і паэта, якога паклікаў у Маскву Сімяон Полацкі — адукоўваць тамтэйшы люд, незнаёмы ні з вершаскладаннем, ні з сучасным любамудрыем, — умяшаўся ментар-Лёднік. — Вядома, тады мяне найперш цікавіў трактат «Вялікая і найдзіўнейшая навука Богам высвечанага настаўніка Райманда Лулія». Лулій — вось хто золата варыў лёгка, як гаспадыня гарбузовую кашу… Але прачытаў я і «Пентатэўгум, альбо пяць кніг кароткіх пра чатыры рэчы апошнія, пра мітусню і жыццё чалавека». Там чуецца нашая мова, а ў аснове — творы нямецкіх паэтаў.

Гора гладкім тварам жаночым, душам, сэрцам, надзеям,

Што ганарацца, як хвост паўліна, у спакушэнне мужоў.

Блакітныя вочы панны Багінскай блішчэлі, як два сапфіры, ачышчаныя алхімікам да нябёснай празрыстай сінізны.

— Дакараеце дам за тое, што за іх кроў праліваецца? Бядуеце аб зняволенні пані Саламеі? А расказвалі вам пра лёс няшчаснай графіні Бельведэрскай? Яна надакучыла свайму мужу, таго намовіла палюбоўніца — і граф абвінаваціў няшчасную кабету ў здрадзе, і яна ўжо гадоў сем сядзіць пад замком. Ёй не дазваляюць бачыцца з дзецьмі, абкружылі самымі грубымі слугамі. Усе ведаюць, што графіня ні ў чым не вінаватая, усе бачаць, як яе муж жыве з іншымі кабетамі, але ніхто дапамагчы і не можа, і не спрабуе. А няшчасная Гальшка Астрожская! — на шчоках Паланэйкі ажно плямы гарэлі. — Яна засталася багатай спадчынніцай, за яе сварыліся жаніхі… Абвянчалася па каханні з Дзмітрыем Сангушкам — іх дагналі, Сангушку на яе вачах акрутна забілі… А потым няшчасную дзяўчыну проста кралі адно ў аднаго, пакуль прызначаны каралём жаніх, стары і сквапны, не ўзяў прыступам кляштар, дзе яна з маці хавалася, сілком з ёй ажаніўся… А калі небарака не захацела выявіць да нежаданага мужа любові — проста замкнуў яе на васемнаццаць гадоў у пакоі свайго замку, і нават слугам размаўляць з ёю забараніў. І дзядзька панны, вялікі гетман Канстанцін Астрожскі, рады не даў. А што ягоная мосць князь Геранім Радзівіл са сваймі жонкамі вытвараў! Тарэзу Сапегу ледзь бацька вызваліў, Магдалена Чапская сама да маці збегла, Анжаліку Мянчынскую брат, рызыкуючы жыццём, выкраў… У бяспраўных істотаў свае сродкі супраціву, панове. Я дасканала ўмею прыкідвацца, ліслівіць, інтрыгаваць, — Багінская нявесела пасміхнулася. — Я буду вельмі добрай жонкай. Думаеце, я не ведаю, што мяне чакае на радзіме? Я такі ж «прыз», як няшчасная Гальшка. Таго, хто ўхопіць мяне «не па рангу», чакае самая вартая жалю доля.

Пранціш і Амерыканец спахмурнелі, як восеньскі дзень.

— А мой жаніх… — панна Багінская тужліва глядзела, як уздымаюцца і рушацца ў каміне вогненныя вежы. — Магу спадзявацца толькі, што ён не будзе надта жорсткім. І не надта хітрым. І вяртацца цяпер… Пасля ўсяго перажытага… — Багінская ажно прастагнала скрозь зубы. — А падарожжа — хто ведае, што я была ў гэтым падарожжы? Па афіцыйнай версіі — я ў Гутаўскім кляштары бернардзінак, дарэчы, там жа, дзе пані Саламея Лёднік. Там і праўда цяпер сядзіць панна Паланэя Багінская, грахі адмольвае… Толькі цемнавокая і ціхмяная, як малако ў кубку.

Доктар ад згадкі пра жонку прыжмурыўся, як ад болю.

— Няўжо вашамосць паслала заміж сябе ў кляштар тую вашую камерыстку, як яе, Ганульку? — удавана абыякава прамовіў Пранціш, у якога ажно сэрца заходзілася ад безнадзейнасці, гневу і тугі.

— Менавіта! — жорстка ўсміхнулася Паланэйка. — Яна ж так закахалася ў вашу мосць, пан Вырвіч. Толькі вамі і трызніла. Ледзь да нярвовай гарачкі сябе не давяла. Адмовілася, між іншым, ад выгаднага шлюбу — адзін юрыста яе быў упадабаў. А я б дала варты яе становішча пасаг. Але для вас, пан Вырвіч, мая бедная Ганулька — занадта дробная птушка, ці не так?

Пранціш адвёў вочы. Ён і праўда не звяртаў асаблівай увагі на прыслугу княжны Багінскай — хоць і шляхцянка, і гожая, і ціхмяная. Але — хто ж згінаецца, каб сарваць маргарытку ля куста ружаў, калі вось яна перад вачыма — прыўкрасная, яркая ружа, няхай і калючая…

— Вось вас, пан Лёднік, муж вучоны, вой адважны, маг магутны, што найбольш абурае — што лэдзі Кларэнс такая нераскаяная грэшніца была, альбо што выбірала, вырашала, змушала — яна, жанчына, смелая, прыгожая і незалежная? Узяла вас, як цацку, пакарысталася — і адправіла з належнай платай, — Паланэйка дзёрзка чакала адказу.

Лёднік памаўчаў, гледзячы ў агонь, цені скакалі па ягоным худым твары. За сценамі білася ільдзяное сэрца буры, шэрань пакрыла шыбы, а гэта значыць, нехта з няшчасных бяздомных гэтай ноччу змерзне і адправіцца ў свой вялікі вечны дом. Маніць, прыкідвацца, падавацца лепшым, чым ёсць — навошта, калі бура змяце ўсё, а Бог бачыць усіх?

— Не буду прыкідвацца святым, — з цяжкасцю прагаварыў Лёднік. — І адмаўляцца не стану… Мне было добра з ёй… З адной з самых прыгожых, жарсных, незвычайных, небяспечных жанчын, якія трапляліся на маім шляху. Напэўна, я б мог нешта прыдумаць, каб не саграшыць, не здрадзіць сваёй каханай, якая засталася дома, у палоне… Але не стаў. І… мне было добра. Фан-тас-тыч-на… А ўведамленне, што пякельныя пакуты, раскайванне — усё будзе, але — пасля, яшчэ дадавала вастрыні адчуванням… Вы што, думаеце, я цалаваў яе і думаў пра Саламею? — былы алхімік суха засмяяўся. — Я ж… нармальны мужчына, з усім наборам жывёльных інстынктаў. І вось калі я даведаўся, што лэдзі мёртвая… Ведаеце — я адчуў палёгку. Быццам мой грэх стаў мізарнейшым, выкупіўся… — Лёднік на хвілю закрыў твар далонямі са слядамі «тамашоўскіх абдоймаў». — Чалавек так лёгка дамаўляецца сам з сабою, каб мець сілы жыць далей. І я буду жыць… Колькі атрымаецца.

— Твая праўда, Бутрым, — ціха сказаў Пранціш, які адчуваў дзіўную палёгку ва ўсім целе і нястрымнае жаданне выказаць, што на душы. — Вось ты апякуешся мною, як сынам. Але ж, каб не прыхамаць пана Багінскага, які выплаціў твой доўг, ты мог надалей заставацца маім бяспраўным слугою. Ты думаеш, я так лёгка адпусціў бы цябе на волю? — Вырвіч таксама горка засмяяўся. — Мне дужа падабалася, што ў мяне, немаёмаснага шляхцюка, у якога нават каня не было, з’явіўся ўласны доктар, раб, з якім я магу зрабіць усё, што хачу — хоць ён больш вучоны і мацнейшы за мяне. І я пераконваў сябе, што я ж аб табе клапачуся, я — добры гаспадар… Магчыма, аднойчы я ўдарыў бы цябе. І ты б сцярпеў. А потым… Я не ведаю, як бы склаўся твой і мой лёс, Бутрым…

Вецер скавытаў за вакном, як патэнцыйны шыбенік, але настолькі няўдалы, што не можа нават знайсці зручнае месца, каб павесіцца. Шчокі гарэлі, як быццам ад ліхаманкі… А свядомасць імглілася…

— Вось жукі гэтыя ангельцы, — прабурчэў пан Агалінскі.— Яны разбаўляюць гарбату малаком, малако — вадой, ром — гарбатай, а жарсць — доўгімі размовамі… Няма нічога горш за размовы, у якіх топяцца сапраўдныя мэты і мужнасць учынкаў… — Вырвіч заўважыў, што і твар пана Гервасія хваравіта гарыць, а ў вачах нездаровы шкляны бляск. — Дамовіцца з сабою лёгка… У нясвіжскім кадэцкім корпусе быў звычай — калі падчас коннай муштры хтось з нас па нязграбнасці сваёй звальваўся з каня, мусіў аддаць машталеру ўсё, што на ім ёсць. Адзенне, абутак, тое, што ў кішэнях… Толькі фамільную зброю можна было пакінуць. У нас, альбанчыкаў, не прынята было хітрыць, і ўсе ўчынялі, як дамоўлена. І вось аднойчы з каня паваліўся я. Не таму, што кепскі вершнік — а таму, што ноччу забаляваліся, ды так, што галава была, як цэбар з квашанай капустай. І вось пацягнуўся я на стайню… Распранаюся… Нічога не шкада — а вось паса шкада. Бо пас гэты шчаслівы — не тканы, а скураны, шырокі, са срэбнай бляхай… Я з ім заўсёды і ў карты выйграю, і дзеўку ўгавару… І так мне стала шкада гэтага пасу — як бы ўдачу сваю аддаць — што я яго прыхаваў. Сунуў за бэлькі, пакуль ніхто не бачыў… А ўвечары за ім вярнуўся. Што мне была тая дзяга? Я мог купіць воз такіх дзягаў! Але спакусіўся… Спалохаўся, што ўдача адвернецца… І праўда адвярнулася. Мяне падпільнавалі таварышы, як шарыўся за бэлькамі. Сораму набраўся… Ну як было патлумачыць, што не дзеля срэбнай бляхі правілы парушыў? Тады кожны з кадэтаў-альбанчыкаў у пакаранне павінен быў выцяць мяне той дзягай па спіне. Назаўтра ўстаць не мог… Але засвоіў: шляхціц не павінен нічым даражыцца, акрым гонару! Як толькі звыкаеш да якой рэчы, трэба ад яе пазбаўляцца!

— Мой пан-бацька Даніла Вырвіч, нябожчык, царства яму нябёснае, каб давесці, што не даражыцца ніякай рэччу, пазбавіў наш род маёмасці, а маю пані-маці звёў у магілу, — змрочна сказаў Пранціш. — Пабіўся з суседам аб заклад, хто больш тае сваёй маёмасці спляжыць і параздае. Ну і выйграў.

— Паважаю вашага пана-бацьку! — падняў кубак Амерыканец.

— І вось скажыце, пане-брацці, — працягнуў Пранціш, — чаму ў такім разе, калі пагарда да багацця і маёмасці лічыцца шляхецкай цнотай, вы падсмейваецеся над высакароднымі асобамі, якія той маёмасці маюць менш за вас? Колькі я нацярпеўся за жыццё — «А чаму пан Вырвіч не прымае ўдзел у прыдворнай каруселі? А дзе ягоны арабскі конь? А дзе ягоныя слугі? А гэты дыямент — адзіны, што пан мае?». А я, між іншым, вяду свой род ад князя Палямона!

Панна Багінская апусціла вочы.

Пан Агалінскі стукнуў аб дубовы стол пустым кубкам.

— Калі пан Караль стане каралём, ён усю радавітую шляхту надзеліць шчодра! Мы паны-браты ў роўнасці шляхоцкай — акрым усялякіх, з патэнтамі… Шляхціц — гэта вой! Чалавек просты душою і адважны. Пан Караль, калі да шляхты ў госці прыязджае, з каня сыходзіць — хай бы і ў гразь, і з кожным з дэлегацыі, што яго сустракае, абдымецца, нават калі іх больш за сотню. Не тое, што Цялок, які грэбуе агульны кубак за сталом прыняць. Не люблю людзей, якія хітраць ды нешта ўтойваюць….

— Нешта мы гэтым вечарам нічога не ўтойваем, — задумліва прагаварыў Пранціш, які адчуваў падазроную лёгкасць, аж сцены пагойдваліся.

Лёднік пакруціў у руках кубак з выпітым напалову напоем, паднёс да носу, уцягнуў вохкі пах з насалодай.

— Я сёння перабіраў валізу і заўважыў, што ў некалькіх бутэлечках паменшала рэчываў. А пах таго, што налітае ў гэтыя кубкі, сведчыць, што дададзеная яшчэ і шчопаць парашку аднаго цікавага грыбочка, які, асабліва ў спалучэнні з пэўнымі рэчывамі, уплывае на псіхіку… Разнявольвае, паслабляе кантроль над гаворкай… Памятаеш, Пранціш, як цябе аднойчы частавалі ў Вільні? Гэта падобнае, толькі слабейшае.

Вырвіч рэзка паставіў кубак на стол і ўзняўся на ногі, якія былі як бы ватнымі, гнеўна ўтаропіўся ў Паланэйку.

— Зноў вашамосць атруты намяшалі? А ты… — звярнуўся да Бутрыма, — ты ведаў? Папярэдзіць не мог?

— Па маіх назіраннях, канцэнтрацыя рэчыва невялікая, падабраныя інгрэдыенты па-майстэрску… У італійскага знаўцы вучыліся, вашамосць? — ветліва папытаўся Лёднік у Паланэйкі. Тая нязмушана кіўнула. — Вось і не папярэджваў. Самыя важныя сакрэты ніхто не агучыў, вечар прабавілі цікава… Парашок у медальёне носіце? — зноў папытаўся Бутрым у княжны.

— У большым аб’ёме гэта імгненная бязбольная атрута, самі ведаеце, прафесар, — паціснула плячыма Паланэйка. — Рэч неабходная для дзяўчыны ў вандроўцы.

— Я люблю атруту, — прагаварыў пан Агалінскі, — І гарэлку, і табаку, і небяспечных жанчын. На шлюбным ложы буду трымаць пад падушкай кінжал.

— Вы можаце забіць жанчыну? — зацікаўлена перапытала Багінская.

Яна, відаць, усё-ткі здзівілася, што яе падступны ўчынак Амерыканца не абурыў, як Вырвіча. А той шырока пасміхнуўся і раптам падскочыў і адным рыўком падняў на выцягнутых руках фатэль з паннай Багінскай. Тая ледзь галавой аб бэлькі не далася, добра, столь высокая.

— Я магу кахаць жанчыну! Так, што ёй не захочацца падсыпаць мне парашок ці настаўляць рогі!

Панна Багінская верашчала, учапіўшыся ў падлакотнікі, але Амерыканец урачыста пранёс яе па ўсім пакоі і толькі тады асцярожна апусціў разам з фатэлем.

— І калі пан Караль будзе літасцівы і падаруе мне жыццё, хоць я здабыў за морам толькі бескарысную скрынку з люстэркамі, я паспрабую выйсці яшчэ раз у кола супраць Галіяфа — пазмагацца за вас, чароўная панна. Супраць князя Паца, князя Багінскага, усяе Рэчы Паспалітае і ўсяго свету, — зірнуў на збляднелага Пранціша. — Ну і супраць вашага даўняга прыяцеля, студыёзуса.

Паланэйка прагаварыла сур’ёзна:

— Вы з панам Вырвічам бачылі мяне ў мужчынскім адзенні, у гразі, на саломе, без пудры і памады, вы бачылі, як я магу спраўляцца з кінжалам і атрутай, лаяцца і падманваць…

— Золатка маё, гэта робіць вашу мосць яшчэ каштоўней у маіх вачах, — галантна пакланіўся Амерыканец, — Мне не патрэбная васковая лялька, нават калі яна ўмее маляваць месца скарбу.

Пазяхнуў.

— Але ад атруты тваёй, мая панна, так у сон хіліць, што, бадай, пайду ў ложак… Пакуль што халасцяцкі, — падміргнуў і сышоў.

А Пранціш зразумеў, што часам забіць чалавека вельмі лёгка — прынамсі, ён прыкончыў бы пана Гервасія з такой насалодай… Нават у спіну не пасаромеўся б загнаць кінжал.

— Ну што, панна атрымала задавальненне ад свайго ўчынку? — ціха спытаўся Лёднік.

Паланэйка не адказала, задумліва гледзячы ў агонь і круцячы ў пальцах срэбны медальён з рэшткамі парашочку.

Так гэты вечар у Ангельшчыне застаўся ў памяці ліцвінаў блёкатам, трызненнем і сумам…


А Каляды сустрэлі на караблі. І каталіцкія, і праваслаўныя. Карабель быў магутнейшы, чым «Святая Брыгіта» — двухпалубны фрэгат «Залаты альбатрос». Усе атрымалі па асобнай каюце, а панна Багінская — нават з прыслугай жаночага полу, з мяккім ложкам і люстэркам у пазалочанай раме. З чаго вынікала, што капітан быў папярэджаны, што на борт падымецца радавітая дама. Радавітая і багатая настолькі, што на яе не распаўсюджваюцца прыкметы і забабоны. У адрозненне ад купецкай «Святой Брыгіты», тут высакародныя пасажыры прысутнічалі часта.

Зімовае мора прадказальна было неспакойным, і Лёднік сядзеў у каюце, забяспечаны вынайдзенымі падчас мінулага плавання лекамі ажно па макаўку. Але стараўся не напівацца — прымаў ромавую настойку столькі, абы не нудзіла. І Пранціш, пазбаўлены прафесарскага нагляду, кінуўся ў віры куртуазныя. Панна Паланэя, відаць, вырашыла кампенсавацца за ўвесь час, праведзены ў мужчынскай вопратцы, і цяпер у сваёй каюце зладзіла мініяцюрны свецкі салон, цвелячы па чарзе абодвух сваіх рыцараў, а падчас абедаў у кают-кампаніі распаўсюджвала чары і на флоцкіх афіцэраў. Падобна, і прафесара Віленскай акадэміі была б не супраць далучыць да сваёй світы — але паглядзела, як ён гайдаецца ў падвясным ложку, няшчасны, змрочны, аброслы чорнай шчэццю, прыціскаючы да сябе напалову пустую бутэльку, уздыхнула з прыкрасцю і сышла. Пакуль пад нагамі не акажацца сушы — ад вялікага мага і фехтавальшчыка толку мала.

Пранціш крэмзаў вершы, Амерыканец вывучаў крышталёвы чэрап і скрынку з люстэркамі і ўздыхаў, нібыта прыкідваў, ці не памяняцца з паннай Багінскай здабычай. А панна Багінская змушала нізенькую чарнявую іспанку-камерыстку рабіць сабе мудрагелістыя прычоскі і весялілася — як асуджаная на смерць.

Бяда здарылася, калі выдаўся рэдкі пагодны дзень, і ў хмарах залунала вялізная белая птушка з чорнымі крыламі. Вырвіч і Амерыканец стаялі на верхняй палубе, ля афіцэрскіх каютаў, і назіралі за палётам істоты, якая нават не ўзмахвала доўгімі крыламі, яе нёс вецер, як вада — рыбу, і ў гэтым адчувалася такая воля, такая сіла, што мімаволі хацелася паспрабаваць так жа.

— Кажуць, стары кароль зараз забаўляецца тым, што страляе з пісталету і кулямі перасякае ніткі і гасіць свечкі. Трэба ж — ледзь жывы, тлусты, як воз, а рука цвёрдая, — бязвінным галаском прамовіла Паланэйка, якая вызірнула са сваёй каюты, захутаная ў белае футрачка па апошняй лонданскай модзе.

Не трэба было быць астролагам, каб прадказаць бліжэйшую будучыню: Вырвіч і Агалінскі, абы давесці ўласную трапнасць і цвёрдасць рукі, пачалі пуляць у няшчасную птушку, забыўшыся на эстэтычныя ўражанні. І падстрэлілі — якраз калі белая прыгажуня крыляла над караблём… А толку — калі невядома, чыя куля пацэліла.

Птушка біла па палубе здаровым крылом — другое было афарбаванае крывёй, і страшна і хрыпла крычала, проста вычуваліся словы лаянкі. Нос у яе быў загнуты, як у Баўтрамея Лёдніка.

Не паспеў пан Агалінскі ўрачыста дабіць здабычу, як наляцелі матросы — з шаблямі, абардажнымі крукамі, пісталетамі, і не паспелі паны ачомацца, як іх укруцілі ў нерат, як двух селядцоў. На крыкі выскачыў штурман, і, пабачыўшы параненую птушку, таксама раззлаваўся, як бы ягоную матку абакралі, і патлумачыў дурным гасцям: птушка — альбатрос, сустрэць яе ў гэтых шыротах выпадае дужа рэдка і лічыцца за шчасце, бо на поўначы толькі адзін від яе трапляецца, з чорнымі крыламі і бровамі, які ладзіць гнёзды ў Шатландыі. А забіць альбатроса — вельмі кепская прыкмета, і накліча няшчасце на ўсіх. Альбатрос паказвае мараку дарогу дахаты, амаль ва ўсіх на караблі захоўваюцца побач з ладанкамі ды распяццямі фігуркі гэтых чароўных птушак. А паколькі фрэгат называецца «Залаты альбатрос», дык злачынства пасажыраў выглядае зусім недаравальным. Затоне карабель!

Паланэйка даўно схавалася, а двое рыцараў пачыналі ўсведамляць, што з-за свайго зухаватага бязглуздага подзьвігу патрапілі, як прусак у саладуху. Вырвіч дужа спадзяваўся, што зараз прыдуць афіцэры, адукаваныя людзі, з’явіцца капітан, разгоніць матрасню… Падумаеш, птах! Але калі капітан з’явіўся, становішча палепшала не нашмат. Пан з пагрознымі чорнымі вусамі патлумачыў скрозь зубы, што адзінае, чым ён можа ўратаваць жыцці сваім пасажырам — гэта пасадзіць іх пад ахову ў спецыяльны турэмны адсек у труме. Таму што падчас першага ж шторму — а яны будуць непазбежна ў такую пару — забойцаў альбатроса хутчэй за ўсё альбо зусім выпадкова змые за борт, альбо на іх упадзе нешта цяжкое. І вінаватых у тым ніхто не знойдзе. На шчасце, птушка яшчэ жывая, яе аднясуць да карабельнага доктара, і няхай паны моляцца, каб іх ахвяра выжыла.

Пранціш і пан Гервасій сядзелі ў цёмным і вузкім, як кішэня, катуху, дзе страшэнна смярдзела прагорклым тлушчам, і не маглі асэнсаваць такі выспятак Фартуны. Святло працэджвалася толькі скрозь закратаванае вакенца ў дзвярах, ад ліхтара, каля якога сядзела варта.

— Праўда, што баба на моры — да згубы, — тужліва прагаварыў пан Гервасій. — У Ангельшчыну плылі — бунт на караблі ўсчаўся з-за яе, доктара змусілі малітвы чытаць хвалям. Назад плывем — зноў з-за яе ў карцэр патрапілі, ды яшчэ і ўтопяць нас, не дай Бог. Трэба была нам тая птушка, як свінні завушніцы. От вясёлая мне жонка дастанецца! Буду з ёй часцей на паляванне едзіць. Дзічыну пастраляе да стомы — глядзіш, муж і ацалее да раніцы.

— Вашамосць жаніх фіктыўны, не забывайце, — скрозь зубы прагаварыў Пранціш. — І хоць багацейшы за мяне, аднак у вачах Багінскіх такі самы бядняк. А сардэчную схільнасць панна Паланэя дакладна дарыла не вам.

— Ці не вам, вашамосць? — пагрозна прамовіў пан Гервасій. — Такі смаркач, як васпан, не можа разлічваць нават насоўку панны падбіраць з падлогі.

— Гэта я смаркач? Я амаль доктар і нашчадак Палямона! А вашамосць — дзікун і болбадзень бясклёпачны! — каб не цёмна было, дык Пранціш ад гневу ўсё роўна нічога не забачыў бы.

— Вашамосць абражае шляхціца Агалінскага?

Месца для добрай бойкі было малавата, але затое праціўнік не мог схавацца. Змалацілі паны адзін аднаго з насалодай: пан Гервасій здаровы, як лось, затое Пранціш шустры, як яшчарка.

Раскаціліся ўбакі, толькі як ушчэнт замарыліся.

Задавальненне паўтарылася яшчэ тройчы.

А потым неяк нецікава стала біцца. Бо мінаў дзень за днём, а нічога не мянялася. У спецыяльнае акенца вязням падавалі ваду, хлеб, сланіну, нават панскія сыр і віно. Але ключ у замку не паварочваўся. Пранціш чакаў штохвілі, што вось дзверы адчыняцца, і пакажацца мілы тварык Паланэйкі — не пакіне ж яна тут сваіх кавалераў, што трапілі ў бяду, абы пакрасавацца перад дамай. Ну а Лёднік дык абавязкова з’явіцца — бо нават у сутарэннях Тамашоўскіх свайго вучня знайшоў. Прыйдзе, абавязкова прыйдзе — усіх ворагаў абяззброіць, зачаруе, пераканае, птушку альбатроса вылекуе… Адчытае дурных маладзёнаў, і жыццё пойдзе далей, у прыгодах і надзеях.

Але карабель гайдала ўсё мацней, сыр і віно з рацыёну вязняў зніклі, і не прыходзіў ніхто, нягледзячы на крыкі і патрабаванні зняволеных.

— Яна вырашыла ад нас пазбавіцца, — аднойчы сказаў пан Агалінскі.

Гаварыў ён цяпер, трохі прышэптваючы, бо пасля сустрэчы з кулаком Вырвіча адзін зуб у пана хістаўся. І Пранцішу не спадабалася, як ён гэта сказаў. Вельмі сур’ёзна, спакойна, без сумневу. Як бы паведамляў, што выпаў снег, ці што сёння пятніца…

— Паклапацілася, каб доктар нічога пра нас не ведаў. Яму зараз кепска, ляжыць, ром смокча… А панна да яго, відаць, яшчэ і ходзіць, байкі расказвае. Прыбрала скрынку ад доктара Дзі, што на маю долю дасталася… І доктара Лёдніка прыбярэ да рук, каб фокусы пры ейным двары паказваў. Бо капітану заплачана Багінскімі — бачыў, якая каюта для панны падрыхтаваная? Нездарма слала ўвесь час лісты…

— Бутрыма ніхто да рук не прыбярэ! Гэта проста немагчыма, вашамосць! — рэзка адказаў Пранціш, а сэрца сціснула ад трывогі.

Нешта і праўда доктар доўга не з’яўляецца… Ці не ўтварыла з ім што падступная паненка?

А потым нечакана карабель перастала гайдаць. Чуліся галасы, нешта стукала, грукала… А потым дзверы нарэшце адчыніліся. Капітан змрочна паведаміў вязням:

— Можаце павіншаваць сябе, панове. Вы даплылі да слаўнага горада Гданьску жывымі. Хоць альбатрос, вамі падстрэлены, здох, і той-сёй з каманды дужа хацеў адправіць вас за ім у птушыны рай. Пастаўце па пудовай свечцы святому Хрыстафору. За нязручнасці выбачайце — самі вінаватыя. Тое, што мне ўвесь час трэба было адрываць ад працы па два надзейныя матросы, каб вас ахоўвалі, таксама мог бы паставіць у рахунак. Але Бог з вамі, стралкі хрэнавы. Усё, шчаслівай дарогі дадому.

Пранцысь і пан Гервасій, жмурачы адвыклыя ад яркага святла вочы, выпаўзлі на палубу. Апошнія бочкі і цюкі згружаліся на сушу, апошнія матросы пакідалі «Залаты альбатрос» у прадчуванні сустрэч з роднымі і дарагімі, альбо хаця б з партовымі самадайкамі і куфлямі піва, лёгкі сняжок святочна прыкрашаў чарапічныя дахі, брук і каменныя скульптуры…

А каюты былі пустыя. І Лёднікава, і Паланэйкі. Мяшок з рэштай цэхінаў ад Пандоры быў на месцы. Але, як можна было прадбачыць, знікла і скрынка з люстэркамі, і зялёны сшытак, і крышталёвы чэрап — усё, што дасталося з хованкі доктара Дзі.

— От гадаўка! — неяк здзіўлена-захоплена прагаварыў пан Гервасій.

Вырвіч выбег з каюты і схапіў першага з каманды, што патрапіўся, за грудкі:

— Дзе доктар Баўтрамей Лёднік? Высокі такі, чарнявы? Дзе панна?

Худы смуглявы матрос спадылба зіркнуў на пасажыра.

— З’ехалі. Абодва. Селі ў карэту з гербамі, і…

— Даўно?

— Ды з гадзіну таму.

Пранціш схапіўся за русявыя валасы, гатовы іх выдраць з гора. Гэта немагчыма! Лёднік не мог так учыніць! Што з ім зрабіла гэтая кірпаносая вядзьмарка? Атруціла? Не, нават п’яны і хворы, доктар не мог не распазнаць атруты. Аглушыла? Звязала?

— Гэй, а ты бачыў, як доктар з карабля сыходзіць? — гукнуў у спіну матросу, які ўжо закінуў за плячо валізу, з якой тырчэў тонкі рулон ангельскага паркалю ў сінія кветачкі, падарунак для той, што дачакалася свайго любага.

Марак незадаволена азірнуўся:

— А што тут бачыць? Ну, сыйшоў пан у капелюху, пры дарагой шаблі, дапамог паненцы ў карэту сесці. Злы, праўда, быў, як біскуп пад канец посту. Не хацеў бы з такім у цёмным завулку сустрэцца.

І пайшоў, пагойдваючыся, як бы карабель усё яшчэ змагаўся са штормам.

— Бутрым сапраўды любіць сваю жонку так моцна, як я думаю? — задумліва прамовіў пан Гервасій.

— Разумею, куды хіліць вашамосць! — знервавана прамовіў Пранціш. — Калі Багінская паабяцала Бутрыму, што павязе яго забіраць Саламею, паехаў на любых умовах. Слухай, яны яшчэ не так далёка! Паланэя прагаварылася, што Саламея ў Гутаўскім кляштары бернардзінак…

— Дагонім! — закрычаў пан Гервасій і ірвануў з карабля, як руды пацук з падпаленай адрыны.

Пранціш ледзь паспеў падхапіць мяшок з цэхінамі.

Яны гналі коней, не шкадуючы, маючы яшчэ па адным у повадзе. Спыняліся толькі, каб распытаць пра карэту з гербамі Багінскіх. Першы след азначыўся яшчэ на выездзе з горада — экіпаж бачылі ля паўднёвай брамы. Потым пра сустрэчу з шыкоўнай карэтай — зусім нядаўна — пацвердзіў мужык, які вёз на санях забітага ваўка. А потым пачаўся лес, цёмныя са снежнай сівізной постаці елак вартавалі дарогу, і здавалася, што зараз нехта з-за іх змрочных шэрагаў падасць знак, і векавыя дрэвы, узмахнуўшы цяжкім голлем, рушаць напярэймы маленькім шкадлівым істотам, якія саманадзейна лічаць сябе ўладарамі над дрэвамі, жывёламі, птахамі ды жыхарамі марскімі, а самі не могуць адно з адным ужыцца ды дамовіцца…

А вось на дарозе і свежыя сляды палазоў. Пан Гервасій прыгнуўся да спіны каня і завыў па-ваўчынаму — руды, як гаспадар, конь захроп і паляцеў яшчэ хутчэй. Вырвіч таксама прыспешыў свайго рысака… І вось удалечыні паказалася карэта.

— Бутрым! Лёднік! — загарлаў з усяе сілы Вырвіч.

Вершнікі няўмольна даганялі экіпаж, але слуга, які ехаў на запятках, прыцэліўся ў іх з пісталету, падобна, па чыёйсці камандзе… Але выстраліць не паспеў, скінуты ў снег чалавекам, які спрытна высунуўся з карэты.

— Бутрым! — узрадваўся Пранціш.

— Стой! — гарлаў пан Агалінскі, які амаль параўняўся з экіпажам.

А фурман раптам збочыў — дарога ішла направа пад адхон, дзе ўнізе пятляла рэчка. Узімку пакрытыя ільдом рэкі ператвараліся ў найлепшыя дарогі, якім аддавалі перавагу перад сцяжынамі. Моцных маразоў сёлета не было, і наўрад лёд стаў дастаткова тоўсты… Затое на гладкім лёдзе карэта на палазах, запрэжаная чацвярнёй, мела болей шанцаў адарвацца ад пагоні. Баўтрамей ці сам саскочыў, ці проста паваліўся ў снег, пакаціўся… Пранціш спешыўся ля яго, дапамог падняцца:

— Ты як, цэлы?

— Нармальна, — доктар і праўда быў больш-менш звыклага выгляду, толькі трохі вочы запалі. — А ты хіба не сышоў раней за нас з карабля? — паглядзеў на скептычны твар вучня, пазмрачнеў. — Падобна, паненка развяла нас, як шчаўлікаў. Дык дзе ты быў увесь гэты час?

— У турэмным адсеку сядзеў, пад вартай, разам з панам Гервасіем.

— А мне казала — ты ў карты гуляеш. Каб толькі не хвароба мая клятая… — з прыкрасцю прамовіў доктар.

— Да Саламеі ехаў? — папытаўся-сцвердзіў Пранціш.

— Да яе, — уздыхнуў доктар. — Панна паставіла ўмову — без сведкаў, каб я адзін быў… А я перад жонкай і так вінаваты, і ейным жыццем рызыкаваць…

Між тым наперадзе пачуўся жаночы віск. Пранціш і Лёднік кінуліся туды.

Відовішча был жывапіснае: карэта адным бокам правалілася ўжо ў ваду, і было ясна, што выцягнуць яе немагчыма. Фурман у адчаі вызваляў коней, абразаючы вупраж, панна Багінская спрабавала выцягнуць з карэты дзве скрынкі са спадчынай доктара Дзі, а Гервасій Агалінскі стараўся падабрацца як бліжэй. Гэта было нялёгка, бо расколіны ў лёдзе распаўзаліся, як грахі па сумленні. Раптам карэта яшчэ больш абсунулася ў ваду, павалілася набок, панна ўскрыкнула.

— Руку давай! — загарлаў Агалінскі і ўхапіў такі Паланэю за таненькую, але моцную ручку, якая толькі што згубіла мехавую рукавіцу, і пацягнуў да сябе…

— Пачайкаце, вашамосць! Трэба гэта забраць! — паненка адчайна рвалася назад — з вакна тырчэлі скрынкі, іх можна было яшчэ лёгка дастаць.

Доктар і студыёзус застылі каля берага, лішні цяжар на лёдзе адразу павялічваў трэшчыны.

— Паглядзі на мяне! — крыкнуў пан Агалінскі, не выпускаючы рукі панны. Паланэйка няўважна азірнулася на яго. — Кінь гэта ўсё! Выходзь за мяне замуж! Мы з’едзем у Амерыку!

Князёўна нервова засмяялася.

— Пан што, вар’ят?

— Выходзь за мяне замуж! Абвянчаемся сёння ж! — вочы пана Гервасія гарэлі ўпартым агнём.

Паланэйка істэрычна закрычала-зарагатала:

— Вар’ят! Дакладна вар’ят! Пан забыўся — я нядаўна пасадзіла яго ў турму і абакрала! Я на вачах пана цалавалася з іншымі! Я атруціць магу! Ці пан хоча адпомсціцца?

— Нават калі ты ўсадзіш мне нож у сэрца, я толькі пацалую тваю руку! — пракрычаў пан Агалінскі, нібыта яны знаходзіліся на розных берагах. І прагучэла так — што немагчыма было не паверыць. — Слова гонару — я адмаўляюся ад твайго пасагу! Не вазьму ні пярсцёнка, ні ламанага граша! Хопіць з нас майго майна. Мне патрэбная толькі ты, такая, як ёсць, смелая, хітрая, адчайная, вясёлая! Табе спадабаецца ў Амерыцы! Там нікога не дзівіць высакародная дама, якая гойсае на конях і трапна страляе. З індзейцамі ваяваць станем!

Паланэйка ў адчаі азірнулася на карэту, якая амаль пагрузілася ў ваду.

— Пакінь! — уладна выгукнуў пан Гервасій. — Я адмаўляюся ад свае часткі здабычы — адмоўся і ты! Няхай нікому не дастанецца праклятае ангельскае чараўніцтва! Дзеля цябе я забудуся на даручэнне свайго пана — забудзься і ты на сваё! Ну!

Панна разгублена паглядала то на карэту — скрынкі былі яшчэ бачныя, яшчэ можна было дацягнуцца, то на пана Гервасія, чые ноздры раздзімаліся, як у шале бойкі, а ў вачах гарэў вясёлы адчай. Вада падпаўзала да самых боцікаў панны, як цёмная халодная смерць, вусны Паланэйкі дрыжэлі, і Пранціш ніколі не бачыў яе такой па-дзіцячы бездапаможнай…

— Ну, золатка маё! Рашайся! Ці табе зацуглянай жыць, хай тыя цуглі й залатыя? Ільвіцы патрэбны леў!

— Таксама мне леў знайшоўся ў ліцвінскім лесе! — скрозь слёзы ўсміхнулася панна. — А не баішся — што й цябе, як Дзмітрыя Сангушку — дагоняць з радавітай нявестай, заб’юць?

Агалінскі страсянуў рудымі пасмамі.

— У Сангушкі была шлюбная ноч, глыток волі і каханне ў вачах ягонай адзінай жанчыны. Ты думаеш, мне гэтага мала, каб расплаціцца жыццём? І колькі б нам часу ні дасталося — мы не засумуем разам, мая панна. Ого, свет ходарам заходзіць!

Лёд пад нагамі затрашчаў, карэта адправілася вазіць дачок вадзянога караля, а панна Паланэя апынулася ў абдоймах пана Гервасія. Вырвіч дрыжачай рукой намацваў шаблю, але Лёднік рашуча прытрымаў яго. Два абліччы, злітыя ў шалёным, жарсным пацалунку, расплываліся ў вачах студыёзуса… А потым пан Агалінскі падсадзіў Паланэйку на каня. Ускочыў сам…

— Стой! — пракрычаў Пранціш, здушваючы адчай. — А вызваліць пані Саламею?

— У пана Баўтрамея Лёдніка ёсць на гэта ліст! — пракрычала панна Багінская. — Бывайце!

Пранціш глядзеў услед вершнікам… У яго не было моцы нават абурацца. Тая жарсць, тое каханне, якія раптам перад ім адкрыліся — абяззбройвалі ягоны гнеў. Ці змог бы ён так учыніць, як пан Гервасій? Ці было каханне Пранціша Вырвіча да панны Паланэі Багінскай гэткім жа ўсемагутным — калі даруецца ўсё? Гэткім жа… бескарыслівым? Пранцішу патрэбная была ўсё ж менавіта княжна Багінская, сястра прэтэндэнта на трон, бліскучая прыдворная дама і магнатка, сувязь з якой узвысіла б яго ў вачах мітуслівага свету, узняла б на вяршыні жыцця… Гэта быў ягоны асабісты прыз, ягоная Фартуна… А пан Гервасій нават пайшоў супраць волі князя Караля Радзівіла, якога абагаўляў, і гатовы страціць усё — абы з ім была адчайная кабета, жонка, сяброўка і каханка, якая зможа гойсаць з ім на конях па прэрыях, плысці праз акіяны, біцца, мірыцца, кахацца — піць жыццё нагбом, не скардзячыся і не скараючыся ніколі.

Вырвіч разумеў, што безнадзейна прайграў.

На плячо студыёзуса лягла рука доктара.

— Калі не пазабіваюць адно аднаго, будуць жыць шчасна. Знайшліся абое рабое.

Гэта былі жорсткія словы — але Баўтрамей Лёднік быў не толькі доктарам, але і добрым хірургам. Скальпель ягоны над хворым целам ніколі не дрыжэў, доўга прымерваючыся, а разразаў адразу, выдаляючы пухліны і выпускаючы гной.

А раны загаіць — справа часу. Нават ментальная медыцына тут бяссілая.

— І што мне… далей… — прашаптаў студыёзус.

— Жыць, хлопча мой.


Пруская вайна нарэшце завяршылася. Па дарогах Еўропы яшчэ соўгаліся банды марадзёраў, але Бог быў літасцівы да двух ліцвінаў, даставаць шаблі давялося толькі аднойчы, каб на лясной дарозе адпалохаць рабаўнікоў — але тыя, нядаўнія сяляне са спаленай вёскі, адразу ж разумна схаваліся ў гушчар. Ехаць стараліся, не паўтараючы ўласныя сляды — наслядзілі ж па дарозе ў Ангельшчыну парадкам. Але давялося ўчуць, што ў Тамашоў прыйшла чума, і горад спусташыла так, што хоць ідзі выбірай вольныя дамы ды сяліся. А ў другім месцы распавялі пра цудоўны цмокаў фэст, які рыхтуецца ў слаўным горадзе Дракошчыне — цмок там жывы-здаровы, малады, рыкае — зямля трасецца… Толькі трэба з сабой поўны вацок грошай мець, дорага каштуе на тым фэсце пабываць-пабаляваць.

І, зразумела, усю дарогу прафесар Лёднік ганяў студыёзуса, які прагуляў ледзь не паўгады лекцый, па ўсіх прадметах. Дыплом жа атрымліваць!

А потым Вырвіч пабачыў яшчэ адно каханне — не ягонае. Калі з брамы кляштара выбегла танклявая жанчына ў цёмнай сціплай сукенцы, падобнай да мнішаўскай, але з тварам такім гожым, хаця і змучаным, што думалася пра каралеву альбо сільфіду, і кінулася на грудзі доктару Баўтрамею Лёдніку… І гладзіла тонкімі пальцамі ягоны худы твар, нібыта хацела сцерці з яго стому… А Лёднік цалаваў яе — нібыта ратаваўся…

Саламея плакала ад шчасця і ад жалю, прыкмячаючы ўсе новыя, незаўважныя чужому воку, сляды, якімі пазначыў нялітасцівы лёс яе мужа падчас неверагоднай вандроўкі. Вось паглыбілася зморшчына, з’явіўся сівы волас, дадалася драпіна… Цалавала ягоныя далоні са слядамі ад жалезных дзідаў…

— Паслухай, Саламея, я мушу прызнацца… Падчас падарожжа са мной здарылася… Я не ўтрымаўся… — з цяжкасцю падбіраючы словы, пачаў Лёднік.

Пранціш адразу здагадаўся, што рыхтуецца споведзь наконт Пандоры і чараўніцкай спакусы ў Тамашове. Не, гэты доктар усё-ткі дзівак! Але мудрая Саламея прымусіла мужа змоўкнуць, паклаўшы вузкую даланю на ягоныя вусны.

— Усё, што з табой здарылася дарогай, усе спакусы, усе няшчасці — не маюць значэння, калі ты зноў са мной. Няўжо ты думаеш, што я не падзялю з табою ўсё? Не зразумею, не дарую? Дурненькі! Ды няхай бы ты вярнуўся да мяне ў абліччы крыважэрнага цмока — я пазнала б цябе і прыняла! Чакай, я адчуваю, што тут, на тваёй левай руцэ, у цябе таксама рана… Баліць?

Пранцішу таксама дасталося радасці і ласкавых слоў… А потым пані Саламея зазірнула ў вочы студыёзуса:

— А што здарылася з панам Вырвічам? Ягоная мосць перанёс нейкую сур’ёзную страту?

— Можна сказаць, так, — мякка адказаў замест Пранціша Лёднік. — Першае расчараванне ў першым пачуцці.

Саламея спачувальна дакранулася да пляча студыёзуса, які пастараўся прыняць ганарысты выгляд. Яшчэ чаго — яго будуць шкадаваць за разбітае сэрца! За тое, што выбралі не яго! Але пані Саламея прамовіла толькі:

— Калі прыйдзе сапраўднае, тваё, хлопчык — ты яго не ўпусціш. Нізавошта. Павер, я цябе ведаю, у цябе хопіць сілаў.

І Пранціш Вырвіч знайшоў сілы ўсміхнуцца.

Загрузка...