Раздзел дванадцаты ЛІЦВІНСКІЯ ГОСЦІ І АНГЕЛЬСКІЯ ЗЛОДЗЕІ

— Усяго пені! Гісторыя слаўнага разбойніка Джэка Шэпарда, які шэсць разоў збягаў з Ньюгейцкай турмы! З партрэтам і вытанчанымі малюнкамі! Усяго адзін пені!

Мурзаты хлопец у капелюху з абвіслымі брыламі, насунутым па самыя вушы, бег за экіпажам, размахваючы стосам паперы. Трохі адстаў — і вось ужо і знік у густым вільготным тумане. Пранціш у чарговы раз высунуўся з вакна карэты: туман, макрыня, цёмныя сцены, пах дыму і згорклага сала… І гэта Лондан?

А ён ужо нафантазіраваў сабе нешта велічнае!

Калі яны пабачылі з карабля белыя крэйдавыя скалы, на якіх стаіць знакаміты Дуўрскі замак, падалося, зараз патрапяць у краіну цудаў… Цуды пачаліся, калі ў гатэлі выявіўся ватэрклазет — прыбіральня, у якой усе чалавечыя адкіды адразу змываюцца вадой. Прыслугу не здзівіла, што Лёднік адразу, з парогу, запатрабаваў гарачую ванну — нібыта звычайная справа. Калі ласка, панства! І ванна ў іх была чыгунная, на ільвіных бронзавых лапах, а не балея. А нейкія не самыя заможныя людзі, усе ў капелюшах, сядзелі ў кавярні на першым паверсе гатэлю і чыталі газеты… І каву пілі з парцалянавых кубкаў з сінімі малюнкамі! Лёднік патлумачыў, што тут навучыліся рабіць парцалянавы посуд на фабрыках, дзе малюнак наносіць машына. Таму ён і не дарагі, нават бядняк можа купіць.

Затое жабракі і дзеці галаты на вуліцах былі такія ж брудныя, як і на кантыненце.

Лёднік, які адзіны з кампаніі больш-менш валодаў ангельскай мовай, яшчэ і папярэдзіў: ні з кім знаёмстваў не заводзіць, нічога без рады з ім, Лёднікам, не купляць, рэчы без прыгляду не пакідаць. А то ўсучаць якую цудадзейную «Залатую эсэнцыю» альбо «Дух жэмчуга», а яму пасля лячыць дурняў ад атручвання. І галоўнае, не ўздумайце набываць у разносчыкаў за паўтары пені белы мутны напой пад назвай салуп! Там усё роўна ні кроплі алкаголю: салодкая трава сасафрас, малако ды цукар, а вось зарабіць разлад страўніка можна.

Але ў Дуўры ўсё здавалася добрым хаця б таму, што скончылася цяжкое падарожжа праз мора. І хаця зямля яшчэ суткі пад нагамі пагойдвалася, гэта ўсё ж была зямля… Няхай і чужая-далёкая.

Лондан сустрэў туманам, смуродам і шумам. Нават не разгледзіш нічога толкам, кожны завулак вядзе як бы ў пазасвецце.

Лёднік высунуўся з вакна экіпажу і перагаварыў з фурманам у дзіўным зялёным плашчы з каптуром.

— Зараз пад’едзем да самага прыстойнага гатэлю ў Кларкенуэле. Фурман яго горача рэкамендуе. Я пайду дагаворвацца з гаспадаром, а вы пільнуйце рэчы і адзін аднаго. Раён не самы спакойны… Але наша мэта менавіта тут.

— Бяры самыя лепшыя апартаменты! — важна заявіў пан Агалінскі.

— Як зажадаеце, ваша мосць, — з’едліва азваўся прафесар. — Грошы ўсё роўна вашыя, плаціць будзеце самі. У мяне і бітага талера не засталося.

Экіпаж спыніўся перад трохпавярховым акуратным будынкам, умураваным між суседніх, падобных да яго, як родныя браты, толькі што на гэтым, распанелым, браце красаваліся прыгожыя каваныя гаўбцы і бляшаная шыльда з назвай «Дуб і Крумкач». Прычым намаляваны крумкач з жалудом у крывой дзюбе больш нагадваў каршука. Дарэчы, гэта была яшчэ адна асаблівасць Лондану, якая ўразіла студыёзуса — акрамя варон, тут было поўна каршукоў, якія садзіліся на ліхтары і дахі, корпаліся ў смецці — зусім як звыклыя гарадскія вароны.

Вырвіч, вядома, не паслухаўся загаду былога слугі, выскачыў з экіпажа ўслед за Лёднікам і пачаў з цікаўнасцю аглядацца. Побач тут жа апынуліся панна Багінская і яе самазваны «жаніх». Пранціш ніяк не мог уцяміць, што насамрэч мае пан Гервасій да сваёй «нявесты»… Студыёзус вунь колькі галантнасцяў на паненку траціў… Шматзначны позірк, паціснуць ручку, фрывольны намёк у размове… А пан Агалінскі, хоць прыгожых кабет нідзе не прапускае, за бок ушчыпне, у камору з гожанькай прыслугай не супраць зайсці, да Багінскай па-ранейшаму — як да пана Бжастоўскага. Трохі паблажлівая вясёлая размова… Падколваюць адно аднаго ці плёткі абмяркоўваюць. Можа, усё не так безнадзейна, і авантурная паненка з блакітнымі вачыма, троху кірпатым носікам і халодным сэрцам і пану абыякавая?

Між тым фурман нешта загергатаў, патрабавальна і злосна. Па зразумелым паўсюдна знаку — ангелец нібыта нешта расцёр між пальцамі — з’ясавалі: патрабуе заплаціць. Пан Агалінскі шырокім жэстам дастаў з пояса два дукаты і кінуў фурману. Той схапіў так прагна, што дурань зразумеў бы, наколькі пераплочана. Адразу ж наляцелі нейкія служкі і ўвобмірг згрузілі панскія куфры на брук, таксама запатрабаваўшы платы. Фурман крануў пальцамі брыль капелюша на знак ветлівага развітання і сцебануў коней. Падарожнікі засталіся каля гары рэчаў.

Раптам непадалёк пачуўся гнеўны жаночы крык. Пад вулічным ліхтаром дзве сімпатычныя кабеты зацята, са смакам сварыліся. Тут жа набегла разявакаў, якія пачалі іх пад’юджваць… І… што такое? У руках кожнай апынулася па нажы. Зусім не кішэнным… Сварка ператварылася ў смяротны двубой!

Пранціш схапіўся за шаблю — першы рух шляхціца пры найменшай небяспецы — і забыўся на ўсё на свеце ад захапляльнага відовішча. Кабеты пасярод кола назіральнікаў — Вырвіч, вядома, заняў самае зручнае месца — рухаліся як у танцы, як два спрактыкаваных воі. Скакалі адна на адну, спрытна ўхіляліся… Спадніцы яны падабралі, так што відовішча аголеных вышэй кален моцных ног змусіла пана Агалінскага забыцца на ўсё. Таму што і пан Агалінскі аціраўся тут, у першых шэрагах… І панна Паланэя, цікаўная, як малады верабейчык… Праўда, за натоўпам, які неміласэрна штурхаўся, ціснуўся, гарлаў, паляўнічыя за вогненным мячом адзін аднаго бачылі кепска.

Кабета, больш худая і ніжэйшая, з чорнымі валасамі, спрытна падставіла падножку суперніцы, і абедзве пакаціліся па зямлі. Натоўп рассунуўся, усе зацята крычалі «Гоў! Гоў!».

Чакай, а Лёднік жа казаў не адыходзіць ад рэчаў! Адзін куфэрак, між іншым, дукатамі радзівілаўскімі набіты… Пранціш азірнуўся, прыўзнімаючыся на дыбкі, каб за галовамі гледачоў пабачыць родныя куфры…

І не пабачыў.

Можа, іх ужо занеслі ў памяшканне?

Пранціш з самым кепскім прадчуваннем пачаў прадзірацца праз людзей… Ледзь прадраўся, і тое — агаліўшы шаблю, каб напалохаць нахабаў.

На тым месцы, дзе нядаўна грувасціліся прывезеныя на «Святой Брыгіце» рэчы, шарэў мокры брук. Лёднік нарэшце выйшаў на ганак, увесь такі паважны — у чорным трохкутовым капелюшы, белым парыку, чорным аксамітным камзоле з дробнымі гузічкамі.

Доктар утаропіўся ў разгублены твар Пранціша, потым павярнуў галаву направа, дзе адбывалася бойка. Аблічча яго пачало рабіцца такім, як бы на лекцыі падлавіў вучняў за патаемнай гульнёй у карты. Але не паспеў прафесар задаць пытанне, у агульным шуме пачуўся пранізлівы віскат:

— Пан Гервасій! Памажыце!

Паланэя! Пранціш і Лёднік кінуліся ў натоўп. Вырвіч паспеў толькі заўважыць, што двое абадранцаў спрабуюць нешта ў пана Бжастоўскага адняць, а пан Агалінскі раскідвае іх, як мядзведзь сабакаў.

І раптам усе некуды разбегліся, нават дзве дуэлянткі. На пустой вуліцы засталіся стаяць толькі чацвёра ліцвінаў, ды на ганку гатэлю «Дуб і Крумкач» выскалялася прыслуга і паважны пан з рудой бародкай, у камізэльцы — мусіць, гаспадар гатэлю.

У тумане насмешна крумкалі лонданскія вароны.

— Дзе рэчы? — дужа спакойна папытаўся Лёднік. Пранціш вінавата развёў рукамі.

— Пояс! Пояс з грашыма! — раптам загарлаў пан Агалінскі і пачаў абмацваць кішэні.— Святыя ўгоднікі! Табакерка, падораная панам Каралем! Пярсцёнкі! Фамільны сыкгнет! Гадзіннік!

Пасля хуткага агляду высветлілася, што мясцовыя ўвішныя злодзеі аблупежылі ўсіх, як авечак. Толькі шаблі і засталіся пры панах — і тое таму, што панства за шаблю хапаецца, як п’янтос за келіх. Праўда, похвы, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі, у пана Агалінскага і пана Бжастоўскага зрэзалі. Нават у Лёдніка паспелі кішэні абчысціць.

— А я пра добры нумар дамовіўся, — меланхалічна прагаварыў доктар. — На шэсць пакояў. З ваннай.

Вырвіч разгублена абвёў вачыма вуліцу.

— Можа, у суд заявіць?

Панна Паланэя выразна хмыкнула.

Гаспадар гатэлю нешта крыкнуў і махнуў рукой, каб падыйшлі. Лёднік перагаварыў з ім, паківаў, павярнуўся да сваіх.

— Гэты містэр кажа, што раз такое няшчасце здарылася з намі на ганку ягонага гатэлю, ён зробіць скідку і падбярэ нам прыстойныя апартаменты. Гатовы прыняць плату тым, што ў нас засталося. Каштоўнасці якія, адзенне… Думаю, варта пагадзіцца. Куды мы зараз сунемся…

Вырвіч паглядзеў на задаволены сыты твар уладальніка «Дуба і Крумкача», як ільсняцца ў таго маленькія светлыя вочы:

— Ды ён з тымі злодзеямі ў хаўрусе! А цяпер апошняе забраць хоча!

— А хто вінаваты? — злосна запытаўся Лёднік. — Я казаў — з карэты не выходзіць? Нашто фурмана адпусцілі? Якога ражна пабеглі лупіць вочы на прадстаўленне, якое спецыяльна злодзеі зладзілі?

— Каб пан прафесар не раскамандваўся, нічога б і не здарылася! — раз’юшана напусціўся на Лёдніка пан Агалінскі. — Лезе паўсюль наперад, за ўсіх вырашае. Я сам пайшоў бы і дамовіўся з карчмаром! Мову грошай усе разумеюць!

Гаспадар гатэлю з цікавасцю назіраў за пакутамі абабраных гасцей, лена скрыжаваўшы рукі на грудзях. Падобна, ён мог прастаяць так, пакуль цемра не скончыць бясплатны спектакль.

— Панства, забіваць адзін аднаго будзеце дома. А цяпер што рабіць? — трохі істэрычна папыталася Багінская.

І сапраўды, што? Карабель па іх прыйдзе добра, калі да калядаў. Нават звестку пра бяду каму паслаць — грошы трэба.

— Выварочвайце кішэні, — змрочна загадаў Лёднік. — Можа, у каго якія каштоўнасці яшчэ засталіся… Шаблі прадаваць пакуль не хочацца.

— Ды я хутчэй з голаду здохну, чым Гіпацэнтаўр прадзедаўскі прадам! — угневана крыкнуў Пранціш.

— Прапанаваць двараніну прадаць зброю! Вось па гэтым і відно, што спадар доктар — не сапраўдны шляхціц, — пагардліва кінуў пан Агалінскі. — Ёсць паняцці, якія высакародны чалавек набывае, як толькі вучыцца хадзіць!

На шчасце, прафесар не паспеў выказаць нешта з’едлівае, наконт таго, каб ведаў, што высакародныя ягоныя спадарожнікі настолькі бездапаможныя са сваймі паняццямі, што нельга без прыгляду й на хвілю пакінуць, дык навязаў бы іх на матузкі ды вадзіў за сабою, як пародных шчанючкоў…

— У мяне пярсцёнак застаўся! — хуценька заявіла панна Багінская. — З пальца ўжо сцягвалі, дзякуй пану Гервасію — не паспелі. Смарагд у ім дастаткова каштоўны…

Лёднік узяў пярсцёнак панны, паднёс да вачэй, пакруціў.

— Праца з каштоўнымі камянямі — частка алхіміі… Калісьці я такі смарагд мог нават павялічыць у памерах, ачысціць, змусіць змяніць колер… — уздыхнуў. — Толькі на гэта патрэбны час плюс добра абсталяваная лабараторыя. Думаю, фунтаў сто за гэты пярсцёнак мы ў ангельскага шалбера выручым.

Гаспадар гатэлю шырока ўсміхнуўся, зразумеўшы, што госці маюць што прапанаваць, і ўласнаручна адчыніў дзверы сваёй падазронай установы.

Апартаменты, вылучаныя абакрадзеным гасцям, былі ўсяго на два пакоі — Лёднік угаварыў пана Агалінскага не раскашавацца. Бо сапраўднай цаны гаспадар гатэлю за пярсцёнак Багінскіх, вядома, не даў — Амерыканец ледзь выгандляваў, лічачы на пальцах і равучы праклёны, пяцьдзесят фунтаў.

Адзін пакой галантна саступілі панне Багінскай.

А мэта была так блізка!

Паланэя і пан Гервасій ледзь стрымліваліся, каб не пагнаць прафесара кіямі да таемнай пячоры з надпісам «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Абодва рабіліся ўсё больш нервовымі, і Вырвіч з таемнай радасцю адгадваў пад іхнімі вясёлымі перапалкамі ўзаемную падазронасць. Дзіва што — за час іхняга падарожжа пра што не расказалася, дадумалася. Варожыя партыі, канкурэнты… А вогненны меч доктара Дзі дастанецца толькі камусь аднаму!

Яны ішлі за высокай імклівай постаццю доктара па вуліцы пад назвай Тэрнміл-стрыт, між шэрагамі цемнатварых дамоў, і хоць не было чаго губляць, насцярожана праводзілі вачыма вулічных гандляроў ды мінакоў. І яшчэ здалёк пачулі гучныя крыкі. На пляцы сабраліся людзі — і паны, і беднякі, адзін джэнтльмэн ускочыў на скрыню і вяшчаў, дапамагаючы сабе жэстамі. Натоўп крычаў нешта ўхвальнае.

— Пан Лёднік, што тут адбываецца? — тузанула прафесара за крысо плашча цікаўная Паланэя.

Лёднік запаволіў хаду, падыйшоў да месціча, які меланхалічна пасмоктваў люльку на ўскрайку пляцу, распытаўся, вярнуўся да кампаніі.

— Гэта, панства, Кларкенуэл, а гэта ягоны звыклы атрыбут — палітычны мітынг, — усмешка доктара была надта крывой. — Містэр на скрынцы крытыкуе маладога караля Георга, які прызначае міністрамі самых дурных і пакорлівых, падкупляе парламент і праганяе прэч вігаў на карысць торы. Слухачы, як вы можаце здагадацца, як і прамоўца, належаць да партыі вігаў. Кароль Георг, хоць і малады, не нашмат кемней за нашага састарэлага Аўгуста. Але дарваўся да ўлады, і не церпіць людзей, якія разумнейшыя за яго альбо самастойна мысляць. Чакайце, ён яшчэ аграбе за гэта — і краіна паплоціцца. Асабліва за Амерыку…

— А што з Амерыкай? — адразу зацікавіўся пан Гервасій.

— Ды кароль хоча падаткі ў Новай Англіі падвысіць. За кошт каланістаў аплаціць усе свае капрызы — войны, рэформы… А ў Амерыку, па маіх назіраннях, з’язджаюць людзі няхай не самыя радавітыя, але смелыя, прадпрымальныя, і тыя, каму няма чаго губляць. І абжылося там іх нямала. Таму наўрад іх удасца так лёгка абабраць.

— Я б таксама падтрымаў гэтых… вігаў! — помсліва ўсклікнуў пан Гервасій, які адразу пранікся нядобрымі пачуццямі да Георга ІІІ, што крыўдзіў ягоную ўлюбёную Амерыку.

Людзі загарлалі, прычым сярод мітынгоўшчыкаў былі і кабеты, якія завіхаліся грамчэй за мужчын.

— Як на віленскім сойме! — настальгічна прамовіў пан Агалінскі.

Раптам джэнтльмэн збоку закрычаў нешта, як відаць, насуперак, і ў прамоўцу на скрыні паляцеў агрызак яблыка.

— Усё, зараз пачнецца і бойка, як на сойме, — буркатнуў Лёднік і ледзь не бегма рушыў прэч.

Пранціш не супраць быў бы пацікаваць за лонданскім соймам далей, але адстаць ад кампаніі зусім не хацелася.

Сёння туман зменшыўся, але пахаладала. Лёднік расказваў, што зіма тут не такая суровая, як на радзіме, і калі рака замярзае — гэта лічыцца здарэннем надзвычайным, бывае некалькі разоў на стагоддзе. Але ў спалучэнні з непрыемнай вільгаццю прахалода прабірала добра… Каля дому, перад дзвярыма якога стаяў слуп, абматаны чамусьці чырвонай выцвілай тканінай, кабета, захутаная паўзверх капелюша ў ваўняную хустку, прадавала блакітныя пацеркі. Мяркуючы па ўсім, гэта былі талісманы ад нейкай хваробы. Лёднік пацвердзіў: лазурыт тут носяць ад бранхіту і пнеўманіі.

— Слухай, Бутрым, а ты б мог зарабіць грошы, каб прапанаваў свае доктарскія паслугі! — сказаў Пранціш.

— Лепей астралогія! І гаданні! — з другога боку падляцела да прафесара Паланэйка. — На гэта попыт заўсёды! Зрабіць рэкламу — «Знакаміты лекар і алхімік, прафесар акадэміі і асабісты лекар вялікіх князёў, вызначае хваробы, прадказвае будучыню і дае практычныя парады, як засцерагчыся ад чумы». Народу паваліць!

Лёднік толькі хмыкнуў.

— Вы звярнулі ўвагу, панове, на слупы, абматаныя чырвоным? Гэта значыць, што ў доме прымае цырульнік, якому магістрат даў ліцэнзію на крывепушчанне… А значыць, ён, лічыце, лекар. А бачыце, на дзвярах вось такі барэльеф?

Вырвіч зірнуў туды, куды паказваў Лёднік: да дзвярэй была прымацаваная бронзавая галава дзядзькі ў старамодным капелюшы і каўнеры-жорнаве.

— Гэта галава філосафа, астролага і алхіміка Фрэнсіса Бэкана. І азначае, што ў доме жыве ягоны паслядоўнік, які ахвотна за грошы вам і паварожыць, і гараскоп складзе, і цудадзейны электуарый зварыць. Замест Бэкана можа быць выява чараўніка Мерліна… А вунь і вандроўны мой субрат цягнецца: бачыце, у аксамітным плашчы?

Сапраўды, па вуліцы паважна ішоў высокі дзядзька з тонкай бародкай, як казлінай, у доўгай цёмнай апратцы і востраверхім капелюшы. Да дзядзькі падбегла немаладая кабета, падобна, прыслуга, сунула манету і пачала аб нечым шаптацца.

— І як вы думаеце, з такой канкурэнцыяй шмат можна зарабіць? — насмешна прамовіў Лёднік. — Ды мяне адразу ў пастарунак здадуць тыя, у каго я заробак пераб’ю. Памятаеце, пан Вырвіч, такі прэцэдэнт у карчме пад Ракавам?

Пранціш змрочна кіўнуў галавою. Успаміны невясёлыя. Тады Лёдніка забраў суддзя Юдыцкі, каб прадаць пану Гераніму Радзівілу, што ўзяўся гнаіць ды катаваць у сутарэннях слуцкага замка ведзьмакоў. Пранціш не захацеў кідаць у бядзе свайго нованабытага слугу, пасля чаго і ўзнікла між імі сяброўства.

Між тым перад кампаніяй вырасла высокая цагляная сцяна, за якой бачыліся змрочныя шпілі гатычнага храма і паўаголеныя таполі.

— Калі мы ўсё правільна палічылі, і лялька-малявальшчыца не схібіла, гэта тут, — ціха прамовіў Лёднік.

Панна Багінская і пан Агалінскі багавейліва ўтаропіліся на цяжкія дубовыя вароты, над якімі, у каменным фрызе, святлеў барэльеф у выглядзе трохкутніка, з якога пазірала ўсевідучае вока.

— Тут быў кляштар рыцараў-гаспітальераў… —патлумачыў Лёднік. — Цяпер ён закінуты, сцяна пабудаваная пазней. У раёне Кларкенуэл заўсёды сяліліся падазроныя тыпы… Кшталту доктара Дзі.

І рашуча пастукаў у браму.

Стукаць давялося доўга. Толькі калі пан Гервасій замалаціў у дубовыя створкі нагой у падкаваным боце, нехта незадаволена азваўся па той бок сцяны, і вароты прыдчыніліся. Месціч, што адчыніў нязваным гасцям, мог быць родным братам гаспадара гатэлю «Дуб і Крумкач». Такі ж санлівы выцягнуты твар, рудаватыя бакенбарды, паблажлівы позірк маленькіх светлых вочак. Тое, што на прыхадняў была настаўленая руля пісталету, сведчыла, што тубылец не проста побач праходзіў, а вартуе ўласнасць.

Пасля таго, як у рукі спадара перайшло некалькі шылінгаў, вароты адчыніліся шырэй, і ліцвіны патрапілі яшчэ бліжэй да сваёй мэты.

Старажытны храм знаходзіўся ў вартым жалю стане. Відаць было, што ён перажыў і пажар, і людскую нянавісць — радыкальныя кларкенуэльцы не любілі багатых мніхаў і важных рыцараў. Лёднік настойліва распытваў вартаўніка, суючы яму манету за манетай, твар ягоны ўсё змрачнеў.

— Значыць, так… Добрая навіна — тут сапраўды ёсць сутарэнне з лацінскім надпісам, і знаходзіцца яно ў доме, які называецца — не паверыце — «Агонь і жалеза».

Паланэйка і пан Гервасій ажно напяліся, як ганчакі, якія адчулі пах крыві параненага звера.

— А дрэнная навіна? — папытаўся Пранціш.

— А дрэнная — што мы туды не патрапім. Той участак, дзе сутарэнне, пасля смерці доктара Дзі быў прададзены магістратам, там пабудаванае вунь тая халупа… — Лёднік паказаў на цагляную пабудову, падобную да казармы, якую аддзяляў ад кляштара яшчэ адзін мур. — Калісь у ёй зладзілі бровар, а ў пячоры, якую мы шукаем, захоўвалі віно. Пасля будынак прыстасавалі пад жытло для наёмных рабочых, якія будавалі новы мост. Цяпер ён прадаецца разам з усімі таямніцамі.

— Вось і цудоўна! — усклікнуў пан Гервасій. — Набудзем камяніцу — і ўсё!

— За якія шышы? — з’едліва папытаўся доктар. — Цана ёй — не менш пяцісот фунтаў. І трэба паспяшацца, бо выкупяць іншыя — тады ўвогуле невядома, што станецца. Новы гаспадар можа і знесці ўсё.

— А чаго чакаць? — выкрыкнуў Пранціш. — Давай вартаўніка аглушым — і палезлі ў той будынак! Замок я любы адчыню!

— Яно б і някепскі план, — адказаў Лёднік, — каб не адна акалічнасць. Будынак не пусты.

Нібы ў пацверджанне ягоных слоў у вакне змрочнага дома паказаўся чалавек у чорным, можна было разгледзець толькі ягоны бледны твар.

— Квакеры. Секта такая рэлігійная… Асабліва строгая… — патлумачыў прафесар. — Яны збіраюцца адплываць ці на Гаваі, ці на Карыбы, прапаведваць веру Хрыстову. А пакуль сядзяць і зацята моляцца. І ні за якія грошы нікога шнырыць па доме не пусцяць. Людзі суровыя, і да вайсковай справы добра прыдатныя, зброя ў іх маецца. Дом не іхні, належыць адной лэдзі, якая імі апякуецца і дэкляравала, што выручаныя за будынак грошы ахвяруе братам у Хрысце на іхні місіянерскі шлях. Так што як толькі будынак прадасца — яго і вызваляць.

Паланэйка, Амерыканец дый і Пранціш пазіралі на цагляную збудову, як закаханы на зачыненыя ваканіцы красуні.

Заставалася ў чарговы раз памянуць нядобрым словам лонданскіх злодзеяў.

Каб не тыя злодзеі — ліцвіны лацвей пачуваліся б спаміж мармуровых калонаў, што прыкрашалі вітальню шыкоўнага палацу ўладальніцы цаглянага бровара каля кляштара тампліераў. Неяк не верылася, што асоба, якая жыве ў такім палацы, мае інтарэс да малацікавага будынку ў Кларкенуэле. Імя ўладальніцы — лэдзі Кларэнс — нічога не гаварыла.

Сама лэдзі да гасцей не выйшла, аднак жа — што дзіўнага. Госці прыехалі без асаблівага шыку, гандлююцца за нейкія малыя грошы… Панна Багінская стаяла, ганарыста задраўшы нос — неадменна ўяўляла, як бы магла пад’ехаць сюды на шасцярні пародных коней у карэце з гербам, з лёкаямі і казачкамі на запятках, з герольдам, які абвяшчае прыезд… І выйшла б, ступаючы на пакладзеную пад прыступку карэты аксамітную падушачку, у неабдымным раброне з фіжмамі, усыпаная дыяментамі, у прычосцы вышынёй з купал сабора святога Паўла… Вось тады б ганарліўка з гэтага палацу адчула сваё месца! У Багінскіх не такія палацы ёсць!

А Пранціш круціў галавой, разглядаючы карціны-статуі-парцаляну-срэбра, і не мог пазбавіцца адчування, што за імі ўважліва назіраюць нечыя вочы, вывучаюць, як кузурак…

— Лэдзі пытаецца, навошта шаноўным панам будынак у Кларкенуэле?

Паважны дварэцкі з абвіслымі шчокамі добра размаўляў на французскай мове, якой у кампаніі больш-менш валодалі ўсе, таму пан Гервасій з задавальненнем адсунуў убок доктара і ўзяў на сябе перамовы, няхай і завочныя, з высакароднай асобай.

— Няхай яе мосць лэдзі Кларэнс не сумняваецца, што ейная былая маёмасць будзе выкарыстоўвацца ў самых прыстойных мэтах… Мы… мы зладзім там склад найлепшых вінаў!

Пранціш ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць. Амерыканец мог бы прыдумаць і больш прыгожую версію. Што ў галаве, тое і на языку…

Дварэцкі вярнуўся з яшчэ больш надзьмутай фізіяноміяй і паведаміў, што лэдзі Кларэнс на такіх умовах прадаваць не хоча. Тут жа выскачыла наперад Паланэйка ў абліччы пана Бжастоўскага.

— Няхай яснавяльможная пані прабачыць, але, можа, яна згодзіцца прадаць той будынак мне? Я выкарыстаю яго ў самых хрысціянскіх мэтах: учыню прытулак для бедных і шпіталь… Вось і доктар з намі, славуты на ўсю Еўропу прафесар сэр Лёднік, які дапаможа зладзіць найлепшае медыцынскае абслугоўванне абдзеленых лёсам няшчасных… Бо ён менавіта гэтым і займаецца ў славу гасподню!

Словы пана Бжастоўскага цяклі, як вадкі мёд. Ай да малайчынка Паланэя — правільна разлічыла, раз лэдзі такая святоша, што ўтрымлівае сектантаў-місіянераў, вядома, ідэя з віном яе абурыла… А дапамога бедным — самае то!

Але дварэцкі вярнуўся ад нябачнай лэдзі з тым жа адмоўным адказам… Пазалочаныя гіпсавыя амурчыкі па баках пакоя пасміхаліся над няўдалымі пакупнікамі самым непрыстойным чынам, і цэліліся ў іх з маленькіх лукаў, нібыта палкага кахання тым і не хапала да кучы.

— Перадайце лэдзі, — грымнуў Лёднік, якому апрыкраў гэты марлезонскі балет, — што асабіста мяне цікавіць таемная гісторыя спамянутага будынка, і я маю да яго навуковую цікавасць. І прывык усе свае эксперыменты даводзіць да лагічнага завяршэння. Таму няхай лэдзі назаве любую цану.

Кампаньёны паглядзелі на Лёдніка, як на вар’ята — панна Паланэя дык, падобна, гатовая была з ім абысціся, як з лёкаем, які вывернуў на яе сукню кубак з кавай. Амаль выкрыць іх таемныя намеры!

На гэты раз дварэцкі затрымаўся даўжэй, прынесены ім адказ усіх здзівіў: лэдзі згадзілася прадаць былы бровар доктару Лёдніку з увагі на ягоны навуковы інтарэс. Умовы — тысяча фунтаў, прынесці асабіста пазаўтра раніцай.

Лёднік цырымонна пакланіўся, абарваў Пранціша, які хацеў быў трохі пагандлявацца, па ўсіх свецкіх правілах падзякваў нябачнай лэдзі Кларэнс і вывеў кампанію з палацу.

На беразе Тэмзы з відам на новенькі Вестмінстэрскі мост, цуд інжынернай думкі, адбылася невялічкая стратэгічная рада.

— Каб не здарэнне ля гатэлю — я б тысячу фунтаў з аднаго куфра зачарпнуў! — раздражнёна сказаў пан Гервасій.

Паланэйка ўздыхнула, разгладжваючы заплямлены і змяты рукаў нядаўна шыкоўнага камзолу:

— Зараз у Лондане ёсць колькі вядомых асобаў з Польшы і Літвы, але ж ісці, прадстаўляцца, выкрывацца, тлумачыць, што мы тут робім… А я ў такім выглядзе…

— Выключана! — адрэзаў пан Агалінскі. — Лепей бы мяне паслухаліся… Ды я адзін прыступам той дом вазьму! Квакераў шабляй нашаткую, і сутарэнні нашыя…

— У тых сутарэннях можа нічога не быць, васпане, — напружана папярэдзіў Лёднік.

Пан Гервасій уважліва паглядзеў на прафесара:

— Я сваё слова стрымаю, не пераймайся. Твая справа — прывесці мяне ў пячору.

— Нас, пан Агалінскі, нас! — міла выскалілася Паланэйка.

Вытанчаная такая, міленькая… Але Вырвіч адчуваў, што ў барацьбе за мэту яна будзе, бадай што, больш небяспечнай за Амерыканца. Той з прыхаванай насмешкай пакланіўся:

— Вядома, дарагая мая нявеста, у нас жа ўсё павінна быць агульным!

Дзесьці зазванілі званы — і адразу ім азваліся іншыя… Лонданскія храмы напаўнялі горад велічнымі гукамі з усіх бакоў, здавалася, нават туман разамгліўся.

— Пойдзем да майго былога аднакурсніка Роджэра, — рашуча заявіў Лёднік. — Ён зрабіў добрую кар’еру, сярод кліентаў — спрэс герцагі… Зноў жа — у Каралеўскім навуковым таварыстве не апошні чалец. Тысяча фунтаў — грошы немалыя, але для яго магчымыя. Калісьці я дапамог яму на пачатку ягонай кар’еры, падкінуў пару ідэек… Тады Роджэр дэкляраваў, што век не забудзе маёй ласкі. Вось і паглядзім…

Яны ехалі ў нанятым фаэтоне, навес не ратаваў ад вільготных мізэрных кропляў, што наліпалі на твар, як павута.

Мурзаты хлопчык, які валок кошык з вуглем, заўважыў рудога вусатага замежніка, які агідна важна пазіраў па баках, седзячы ў экіпажы. Хлопчык з выклікам свіснуў і паказаў вусатаму джэнтльмену кулак, а калі той пагрозна выскаліўся і выкрыкнуў незразумелае «Засяку!», яшчэ і шпурнуў наўздагон кавалкам вугля.

— Калі я тут быў у маладосці, — спакойна адказаў Лёднік на лаянку пана Гервасія, абуранага нахабствам мясцовага простага люду, — на вуліцы ўвогуле нельга было паказацца ў прыдворным строі. Адразу закідвалі гразёй. Нават караля і каралеўскую сям’ю сустракалі абразамі. На статуі каралевы Ганны ля сабора святога Паўла вулічныя хлапчукі практыкаваліся ў шпурлянні камянёў. Не думаю, што з таго часу арыстакратаў тут палюбілі. Дарэчы, самая папулярная п’еса, якую разыгрываюць у хатніх тэатрах самі арыстакраты — гэта «Опера жабракоў». Граф’я ды бароны з задавальненнем пераапранаюцца ў лахманы, ужываюць грубыя словы і асвойваюць дрэнныя манеры. Парадокс, панове!

Вырвіч з аднаго боку быў зласліва ўсцешаны — а вось вам, магнацікі, не паўсюль перад вамі рассцілаюцца, з другога боку — ён жа сам шляхціц, няўжо тут нейкі насільшчык ці вугальшчык будзе з ім спрачацца, каму першаму ў дзверы прайсці?

Вучонага пана, да якога яны прыехалі, дакладна вулічныя хлапчукі маглі закідаць гразёй — за адны пярсцёнкі з дыяментамі. Дзіва што пан прымусіў іх чакаць у гасцёўні, прыбіраўся, відаць, у лепшае. Няўжо так хоча добра выглядаць перад калегам і сябрам маладосці?

Аднак на выцягнутым твары пана — маршчыністы лоб, доўгі крываваты нос, светлыя запалыя вочы — застыла толькі грэблівая насцярога. Значыць, прыбіраўся, каб важнасці сабе надаць, а госця прынізіць.

Шчырых абдоймаў з паляпваннем па спіне з былым аднакурснікам не здарылася. Затое містэр Роджэр гаварыў на добрай нямецкай — відаць, у Пражскім універсітэце звык з Лёднікам размаўляць менавіта на ёй.

— Добры дзень, гер Баўтрамеюс. З якой нагоды — лекцыі, кансультацыі, ці, можа, на сталую працу?

І па ўсім відаць, што пану менш за ўсё хацелася б, каб прыяцель тут затрымаўся.

Лёднік запэўніў, што тут праездам, суправаджае радавітага выхаванца, і завёў далікатную гаворку пра бядотнае становішча, у якое кампанія патрапіла, далей лагічна вынікала пазыка грошай… Але містэр Роджэр перапыніў госця, у ягоным тонкім голасе, як вада з-пад веснавога снегу, прабівалася шчырая нянавісць:

— І як ты, гер Баўтрамеюс, пасля сваёй публікацыі ў лейпцыгскім часопісе насмеліўся прыехаць у краіну, лепшых вучоных мужоў якой пасмеў абразіць, скалануць самыя асновы акадэмічнай навукі?

Ой-ёй! Замест дабразычлівай гутаркі патрапілі на дыспут. Вочы пана загарэліся, ён пачаў сыпаць навуковымі тэрмінамі… А ягонае абурэнне, як Пранціш зразумеў, паходзіла ад таго, што Лёднік апублікаваў пра нейкае сваё адкрыццё раней, чым да таго ж дадумаўся містэр Роджэр, а ён усё жыццё збіраўся да гэтага дадумацца, а Лёднік, шарлатан такі, мроі аднакурсніка парушыў… Ды яшчэ пакрытыкаваў такія-сякія навуковыя высновы лонданскага калегі.

— Мы адправілі ў рэдакцыю ліст пратэсту супраць вашых інсінуацый! Усе падпісаліся — нават расхвалены вамі Джон Хук!

Тут Лёднік не вытрымаў і даў волю сарказму, і даходліва патлумачыў пану, што той са сваёй закаснелай і зашоранай свядомасцю ніколі б не дайшоў да таго адкрыцця, і ўвогуле кансерватары, прадстаўніком якіх ёсць містэр Роджэр, толькі перашкаджаюць сапраўдным вучоным, якіх зараз у Англіі шмат, і да якіх містэру Роджэру — як да зоркі Венеры…

Раз’ятранага прафесара Віленскай акадэміі спадарожнікі ледзь не сілком выцягнулі з шыкоўнага дому аднакурсніка-кансерватара, чый бледны невыразны твар пад канец спрэчкі набыў вельмі выразны бурачны колер.

— А іншых сяброў, Бутрым, у цябе тут няма? — папытаўся раздражнёны Пранціш, размазваючы па твары лонданскі туман.

— З навуковых колаў — як бачыце, лепей ні да каго не совацца… — адказаў Лёднік, вывучаючы свае далоні са шнарамі. — А іншыя ўплывовыя знаёмцы ў мяне такога ж кшталту, як вядомы вам айцец Габрыелюс. Ім я і на вочы патрапляць не хачу.

Пан Палоній Бжастоўскі раптам зусім па-хлапечы зарагатаў.

— Доктар, у вас нейкі асаблівы талент — выклікаць да сябе палкія, але адмоўныя, пачуцці… Нават пан Гервасій вас забіць збіраецца. Напэўна, і ў пана Вырвіча не раз рукі часаліся прыкончыць свайго вучонага слугу?

Пранціш толькі злосна зіркнуў на паненку, бо яна была права: тры гады таму пана Вырвіча не раз аж калаціла ад нянавісці да дзёрзкага халопа — няхай не забіць, але збіць яго, зламаць дужа хацелася. Тады й падумаць не мог, што халоп будзе ў якасці прафесара адпраўляць былога гаспадара ў карцэр.

Пан Гервасій злосна падбіў нагой кавалак вугля, які валяўся на бруку і які, магчыма, нейкі галадранец шпурляў у залачоную карэту.

— Можа, наезд ўчыніць? Падпільнаваць багатага махляра-купчыну, ці ліхвяра… Адабраць грошы ў злодзея — урону шляхецкай годнасці няма!

— Займацца рабаўніцтвам не будзем! — цвёрда заявіў Лёднік. — На маёй душы і так грахоў хапае.

— А давай я ў гулецкі дом пайду! Дзе стаўкі павышэй… — энергічна прапанаваў Пранціш. — Я ж і ў косткі, і ў карты…

— Абдзяруць, як ліпку, — адрэзаў прафесар, — Пры ўсіх вашых талентах і шанцаванні, вашамосць, гэта на апошняй лаўцы аўдыторыі вы аднакурснікаў абыгрываеце, а супраць мясцовых шулераў не пацягнеце… А яшчэ можна і лязо ў бок атрымаць.

— Дзе ж, вашамосці, у такім разе, мы да пазаўтрашняй раніцы здабудзем тысячу фунтаў? — са слязьмі ў голасе папыталася Паланэя. — Ведаеце, панства, я вельмі хачу зноў пахадзіць у сукенцы! А для гэтага трэба ўдала завершыць падарожжа.

Побач прайшла гандлярка рыбай, распаўсюджваючы вакол характэрны пах. Сукенка са шчыльнай тканіны і сцёганая спадніца рабілі постаць бясформнай і як высечанай з каменю, на галаве, паўзверх каптура, кабета несла кошык з таварам, у зубах дымілася кароткая люлька. Падобна, гэтая баба з Білінсгейтскага рынку магла б пабарукацца нават з панам Гервасіем.

Гандлярка ацэньваючым позіркам слізганула па засмучоных панах, нешта праспявала грубым голасам — мяркуючы па тым, як тузануўся Лёднік, дужа непрыстойнае, і пайшла сабе далей, няўмольная і незразумелая, як сам гэты горад.

Такая ў ручку пана цалаваць не стане.

Лёднік уздыхнуў, паглядзеў у шэрае неба, якое пачынала цямнець.

— Заўтра штось прыдумаем. Клічце, пан Вырвіч, рамізніка, паехалі ў гатэль.

А тады пачаўся яшчэ адзін цуд — таму што з надыходам на горад цемры паўсюль, каля кожнага дзясятага дому, пачалі запальваць ліхтары. Цэлая армія ліхтаршчыкаў, у высокіх капелюшах, з доўгімі палкамі на плячы, спрытна сноўгала ад ліхтара да ліхтара… У асветленыя кругі выходзілі жанчыны ў модных капялюшыках, грэючы рукі ў футраных муфтачках, прыхіляліся да ліхтароў у галантных позах, прахаджваліся, вызіраючы кліентаў. А галоўнае — вітрыны! Зашклёныя, вялікія! Усе крамы ззялі, як вокны палацу падчас балю. Светла было, як днём. Вось бы так учыніць у Менску і Вільні!

Загрузка...