Як казаў старэйшы Даніла Вырвіч, вяртаючыся з карчомкі з пустымі кішэнямі, хутка прыйшлі, хутка пайшлі, што мядзяныя, што залатыя…
Папяровыя таксама доўга не пратрымаліся. Важны дварэцкі занёс тысячу фунтаў на срэбным блюдзе таемнай лэдзі Кларэнс, якая так і не з’явілася пакупнікам на вочы, тут жа выбег жвавы малады чалавек у сінім суконным камзоле, як высветлілася, натарыюс, дамова на куплю цаглянага памяшкання ў Кларкенуэле на імя містэра Баўтрамея Лёдніка была складзеная, падпісаная, засведчаная…
І вось яны стаяць перад змрочным будынкам, хутаючыся ў плашчы ад сцюдзёнага ветру, і дрэнныя прадчуванні мітусяцца вакол і джаляць, як дзікія восы.
— Віншую, доктар, цяпер у цябе ёсць уласны палац у Ангельшчыне! — зарагатаў пан Гервасій.
Квакеры пакінулі пустыя сцены, спартанскую мэблю і ўстойлівы пах ладану. Інтэр’еры былі новаму ўладальніку мала цікавыя, гасцей, як вупыроў і пацукоў, вабілі сутарэнні.
Вырвіч у дрыготкім святле свечак спускаўся па каменных вільготных прыступках і ўспамінаў, што гэтак жа давялося пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, і колькі там страшнага і ўражлівага перажыта… Застаецца спадзявацца, што ў лонданскіх сутарэннях усё будзе прасцей… І, вядома, што там увогуле нешта будзе.
І вось арка, і надпіс на ёй «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Дзверы не зачыненыя… Але за дзвярыма — нічога цікавага. Доўгае памяшканне без вокнаў, падлога ідзе ўніз… Адзінае, што сведчыла пра таемную гісторыю — на крайняй сцяне высечаныя лічбы, рассыпаныя бязладна, як сляпы сеяў. Прафесар адразу пачаў абмацваць камяні кладкі.
— Што цяпер, сцяну ламаць? — нервова спытаў пан Гервасій. — Тут без пораху не справішся. Вунь якія глыбы…
Але Лёднік толькі рукой махнуў, маўляў, не перашкаджай. Вывучаў каменні, ледзь не носам па іх водзячы, вышукваючы аднаму яму вядомыя знакі.
— Спадзяюся, я ўсё правільна расшыфраваў… — мармытаў доктар. — Так… Дванаццаць… Тройка і чацьверыца. Тры алхімічныя прынцыпы «tria prima»: сера — душа, што значыць пачуцці і жаданні, соль — зямное цела, іртуць — дух, які ахоплівае ўяўленне, судзіць пра маральнасці і разумовыя здольнасці. Чатыры элементы — вада, зямля, агонь і паветра… Тры станы рэчыва — цвёрды, вадкі, газападобны… Лічбы пладоў, зразумелыя толькі пасвечаным — трынаццаць… Дваццаць пяць… Супадае!
І націснуў адразу на два камяні ўнізе… Яны варухнуліся, заглыбіліся. Потым яшчэ на адзін… Нешта заскрыгатала, і каменныя глыбы раптам пасунуліся па спецыяльна ўкладзеных у падлогу сталёвых палосах. З цёмнага прагалу пацягнула холадам і смерцю.
— Сведчу, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў узяты на сябе абавязак прывесці азначаных асобаў да пячоры, намаляванай лялькай па імені Пандора, — раптам урачыста прагаварыў Пранціш Вырвіч, настроены абараняць інтарэсы настаўніка.
Бо той толькі ў бойках ды дыспутах такі пагрозны і спрактыкаваны, а па жыцці — як баранчык, якога ўсе імкнуцца завалачы на разніцу. Пан Гервасій Агалінскі, не адводзячы прагнага пагляду ад прагалу, гэтак жа ўрачыста прамовіў:
— Пацверджваю, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў частку нашай дамовы, і я стрымаю слова пра лёс свайго пляменніка.
— Пацверджваю, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў дадзенае майму брату абяцанне, і паспрыяю, каб яму вярнулі жонку, — прагаварыла і панна Паланэя Багінская.
— Вось чым вы доктара прыбралі да рук, — насмешна прамовіў пан Агалінскі. — Скрасці жанчыну! Вельмі годна! Пан Богуш казаў, што Багінскія ні перад чым не спыняцца.
— Можна падумаць, ягамосці Радзівілы моцна пераймаюцца маральнай асновай сваіх учынкаў! — рэзка адказала Паланэя. — Вы ўвогуле доктара лёсам маленькага хлопчыка трымаеце! Няма чаго казаць, высокая маральнасць!
— Доктар сам добрая цаца! — ноздры Амерыканца пачалі гнеўна раздзімацца. — Ды ён перад маім родам увесь у даўгу!
— І ў шнарах, — раззлаваўся Пранціш Вырвіч. — Можа, калі паны не супраць, яны ўсё-ткі разбяруцца цяпер са сваймі скарбамі самі?
— Яны разбяруцца! — Паланэя прымружыла блакітныя вочы. — Толькі рукамі наймітаў! Як на сойме ў Слоніме, калі паслугач пана Радзівіла Валовіч нападаў на майго брата! Пасмеў прыніжаць яго! У той час, як ягоны гаспадар заліваў вочы віном! А потым мой брат змушаны быў бараніць Воўчын, радавую сядзібу Панятоўскіх, ад радзівілаўскіх банд! Гэткі агідны і банальны наезд!
— А не агідна гэта, што ваш брат, жанаты, між іншым, мужчына, паехаў у Пецярбург, прапаноўвацца ў каханкі новай імператрыцы? — раз’юшыўся пан Агалінскі. — Жыў там, як самадайка, прабачце, на агледзінах! Ножкай па паркеце шваркаў перад немкай-царыцай, якая свайго мужа на той свет справадзіла! Радзівілы, прынамсі, ні пад каго не кладуцца!
— А ці не ваш Пане Каханку слаў ліст расейскай імператрыцы, як толькі тая аўдавела, пратэкцыі прасіў, у вернасці кляўся? — насмешна кінула Паланэйка. — Афронт атрымаў — вось і шалее! Вось і ўся ягоная незалежнасць!
— Няпраўда! — пачырванеў пан Гервасій. — Гэтага не можа быць! Не пісаў ягоная мосць Радзівіл такога ліста…
— Яшчэ як пісаў! — з’едліва прагаварыла Багінская. — І самымі куртуазнымі словамі! Карону выпрошваў! Магу сведкаў даць…
— Ды пан Караль — і без кароны кароль! — адчайна крыкнуў Агалінскі.
— Калі ён кароль, дык дзе хоць якая разумная справа, якую ён зрабіў для краіны? — Багінская гатовая была вочы вынуць «жаніху». — Медзвядзямі заміж лёкаяў гасцей палохаць? Мой пан брат мануфактуры ладзіць, дарогі пачыніў, тэатр ягоны найлепшы ў Еўропе!
— У Радзівілаў таксама мануфактуры і тэатры маюцца! — пан Гервасій ажно руку на дзяржальна шаблі паклаў, нібыта на сойме падчас гарачай дыскусіі. — Галоўнае — ён незалежнасць княства бароніць! Бо ў Статуце сказана — чалавеку пачціваму нічога не можа быць даражэй за вольнасць, бо яна — скарб, які ніводнаю сумаю пераплачаны быці не можа.
— Ён абароніць вольнасць! — узвысіла голас Паланэйка. — Патопіць краіну ў п’янстве ды звадах! У дзяржаве павінна быць моцная рука — і ўладар павінен быць чалавекам разважлівым і адукаваным, як мой пан брат!
— Панове, можа быць, працягнем пошук? — прапанаваў Пранціш Вырвіч, сумна думаючы, што насамрэч усе яны сюды патрапілі з-за інтрыгаў расейскага шпіёна, і трон ужо прадназначаны не Багінскім і не Радзівілам, а Цялку-Панятоўскаму.
У вузкі праход, які адкрыўся пад аркай, Амерыканец і Паланэйка ўмудрыліся са злосці праціснуцца разам. Амерыканец у адной руцэ трымаў ліхтар, у другой — шаблю. Паланэя — Пранціш мог прысягнуць — пад плашчом сціскала сімпатычны востранькі кінжальчык, Вырвіч неаднойчы заўважаў, як яна яго перахоўвае.
Лёднік прываліўся спіной да сцяны збоку ад уваходу і стамлёна прымружыў вочы. Падобна, цікавасць да спадчыны доктара Дзі ў яго за доўгі шлях канчаткова выветрылася.
Расчараваныя крыкі змусілі студыёзуса і прафесара рушыць за спадарожнікамі. Нічога не знайшоўшы ў маленькім памяшканні, больш падобным да калідора, тыя вывучалі яшчэ адну сцяну, за якой гіпатэтычна мог хавацца праход. Гэта была пліта, адрозная ад іншых сценаў. Мяккі вапняк, прыкрашаны барэльефам, што нагадваў дрэва, заміж лістоў на ім раслі лічбы і літары. Лёднік цяжка ўздыхнуў. Ягоная місія не скончылася.
— Та-ак, перад намі arbor raritatis, дрэва рэдкасці, — прафесар вадзіў доўгімі пальцамі па абрысах барэльефа. — Гэтак доктар Дзі выяўляў чалавечае жыццё. На кожным ярусе дрэва чалавек праводзіць сем год, а пасля робіць выбар, куды рухацца далей… Бачыце, разгалінаванні ў форме літары іпсілон? Сем — сума мужчынскай лічбы тры і жаночай чатыры. Таму задачу на кожным этапе чалавек павінен выканаць дваістую. Завершанасць — гэта восем ступеняў… Ва ўзросце чатыры на сем, гэта значыць, у дваццаць восем гадоў, галоўны выбар — або мы робімся эгацэнтрыкамі і тыранамі, выбіраючы матэрыяльны свет, ці пнеўматыкамі — праз элементы паветра і вады падымаемся да духа агня, становімся філосафамі… І апошняя ступень перад пасвячэннем — пяцьдзесят шэсць гадоў… Літара «І»… Просты шлях уверх.
Паралельна сваім разважанням прафесар націскаў на адпаведныя часткі барэльефу. Пліта прадказальна адсунулася.
— І не нудзіць быць такім вучоным? — прабурчэў пан Гервасій і палез за паннай Багінскай, якая ўжо заскочыла ў новае памяшканне.
— Труна, ці што? — напружана папытаўся пан Агалінскі, сузіраючы доўгую скрынку з пакрытага чорным лакам дрэва, якая займала амаль увесь маленькі пакой.
Лёднік уважліва агледзеў скляпеністыя сцены, каменную падлогу, прастукаў, памацаў.
— Нічога тут больш няма. Доктар быў пазёр, каб што яшчэ схаваў — пакінуў бы філасофскія загадкі. Давайце гэта вынесем на святло.
Скрынка была падазрона лёгкай. Пранціш, якога ўсё-ткі прабраў азарт, пераконваў сябе, што, магчыма, Дзі прыдумаў невялікі вогненны меч, які павінен змяшчацца ў руцэ.
А наверсе іх чакалі.
Сапраўды, не магло ўсё аказацца так проста. Дзесяткі са два, узброеныя ўсім, чым могуць быць узброеныя найміты на службе ў дужа важнай персоны.
А вось і тая персона…
Скрынка ляснулася аб падлогу, Лёднік, Пранціш і Агалінскі выхапілі шаблі, панна Багінская мудра схавалася з кінжальчыкам за спіну «містэра Айсмана», чэмпіёна вулічнага бою.
Да іх падыходзіла Пандора.
Такая самая, як сядзела ў лабараторыі Віленскай акадэміі. Толькі вочы меншыя, нармальнай, чалавечай, велічыні, і старэйшай яна стала. Гэтай Пандоры, у моднай сукні са светла-шэрага шоўку і лазуркавага аксаміту, усыпанай перлінамі і расшытай срэбрам, з белым футрам, няўважна накінутым зверху, у сінім капелюшы, упрыгожаным тым жа белым футрам, можна было даць гадоў дваццаць пяць. Але звыкла ўладны твар, уладны да жорсткага, быў як бы не падлеглы ўзросту — не твар, а маска, не чалавек, а «сымболь у парчы з лілеямі».
— Адчыняйце! — скамандвала Пандора па-нямецку, і яе слугі заваждаліся з масянжовымі пасамі, якія перацягвалі скрынку.
— Трэба меркаваць, маем гонар бачыць лэдзі Кларэнс? — ветліва па-нямецку прамовіў Лёднік, схіліўшыся ў свецкім паклоне.
— Можаце называць мяне і так, — няўважна адказала Пандора, пільна назіраючы за працэсам адкрывання чорнай скрынкі.
— Зусім як у антычным міфе, — прашаптаў Пранціш прафесару.
Той пасміхнуўся куточкам роту. Чароўная Пандора зноў збіралася адчыняць чорную скрынку, у якой былі схаваныя ўсе беды чалавецтва.
Нарэшце накрыўка адляцела, і зацікаўленыя асобы прагна ўтаропіліся ўнутр… Нічога падобнага на меч там не аказалася, але лэдзі Кларэнс выхапіла срэбны футарал, у якім звычайна захоўвалі старажытныя пергаменты. Слуга пачціва дапамог яго раскруціць, дастаў пажаўцелыя скруткі. І лэдзі паглыбілася ў вывучэнне папер. Каралеўскія пячаткі, якія віселі на прымацаваных да пергамента шнурах, сведчылі, што гэта не проста вершы ці прыватныя лісты, а кляйноды. Дакументы асаблівай важнасці.
Пан Гервасій адштурхнуў плячом слугу, які стаяў ля скрынкі, і памацаў незразумелую канструкцыю, якая засталася ўнутры: падобна да футарала для чагосьці доўгага, з устаўленымі пад рознымі вугламі люстэркамі… Паланэйка хуценька ўзяла іншую дзівосную рэч — крышталёвы чэрап. Неверагодна дакладна зроблены, ажно можна ўявіць, што гэта сапраўды парэшткі такога вось празрыстага хрусткага чалавека… Ці не чалавека? Бо чэрап быў неяк занадта выцягнуты ўверх. Лёднік жа схапіўся за сшытак у цвёрдай скураной вокладцы, які ляжаў у той жа скрынцы, пагартаў, учытаўся…
— Ну, стары махляр! — раптам вырвалася ў прафесара. — А я — стары дурань… — тут жа прызнаўся са скрухай. — Дроцікі Індры, светлавая энергія, «ёсць шмат чаго на свеце, друг Гарацыё…» Фокусы адны!
— А вы чакалі знайсці тут нешта навукова вартае? — насмешна спыталася лэдзі, задаволена скручваючы прачытаныя пергаменты. Яе нямецкі быў зусім без акцэнту. — І ў такую далеч за гэтым прыехалі? Тое, што доктар Дзі — махляр, вы, слынны прафесар Баўтрамеюс Лёднік, павінны былі ведаць.
Прафесар пачціва пакланіўся.
— Ваша светласць ведае мяне?
Пандора, як найвялікшую каштоўнасць, паклала клейноды ў пазалочаную скрынку, якую ёй з паклонам падаў лёкай, з дапамогай прыслужніцы ўселася на прынесеную абцягнутую аксамітам лавачку, пагладзіла сабачку, агідна малога, пухнатага і пляскатапысага, якога ёй паднёс другі лёкай, і толькі тады зрабіла ласку адказаць.
— За вамі назіралі, доктар. Калі вы захацелі набыць будынак «Агню і жалеза», я адразу западозрыла, што мы з вамі ўжо сустракаліся. Толькі я была ў васковым выглядзе. Спадзяюся, вы не здымалі з мяне сукенкі? Па разгубленай фізіяноміі гэтага маладога чалавека бачу, што здымалі… Ну і як я вам спадабалася, васпан?
Лэдзі зарагатала, гледзячы на збянтэжанага студыёзуса — відаць па ўсім, яна займала гэткае высокае становішча, што магла дазволіць сабе вольныя жарты і не абцяжарвацца пільнаваннем этыкету ў размовах з тымі, хто нашмат ніжэй.
Панна Багінская вырашыла, што па сваім статусе яна з іх кампаніі больш за ўсіх адпавядае лэдзі, і высунулася наперад, трымаючы пад пахай крышталёвы чэрап, які, падобна, цвёрда намервалася прыўлашчыць.
— Дазвольце прадставіцца, вашамосць — я княжна Паланэя Багінская, сястра генерал-маёра войскаў Вялікага княства Літоўскага князя Міхала Казіміра Багінскага… Прызнацца, я не зусім разумею, што адбываецца.
— Захапляюся смеласцю князёўны, якая адправілася ў такую авантуру, ды яшчэ пераапранутай у мужчынскі касцюм, — прамовіла з лёгкім паклонам лэдзі Кларэнс. — Паверце, вашамосць, я не насмешнічаю — я і сама здольная на такія прыгоды, — лэдзі зноў засмяялася, хаця яе шэрыя вочы заставаліся халоднымі, як горны крышталь.
Пандора падала знак, і для панны Багінскай таксама прынеслі прыгожанькую лавачку, на якую панна зараз жа і ўселася ўрачыста, дэманструючы звыкласць да прыдворных паводзінаў.
— Як вы здагадаліся, я ў адрозненне ад вас знайшла, што хацела, — лэдзі паказала на куфэрак з клейнодамі. — Без гэтых папер нашаму роду было цяжка весці барацьбу за спадчынныя землі і права займаць высокае становішча… Магчыма, самае высокае ў дзяржаве.
Вочы Пандоры злавесна бліснулі.
— Пракляты доктар Дзі! Вы ведаеце, як каралева Бес, Лізавета, яго адорвала, давярала яму… А ён пад канец яе жыцця зусім разбэсціўся. Заняўся чорнай магіяй. Звязаўся з Келі, у якога вушы былі абрэзаныя за падробку манетаў. Ды за адну афёру з няшчасным польскім графам Лестэрскім, якога яны ўшчэнт абабралі, Дзі варта было пасадзіць у Таўэр! Кароль Джэймс дык увогуле махляра пагнаў. Але Дзі, быў час, знаходзіўся вельмі блізка ад трону. Яму давяралі на захаванне важныя дакументы. Прынамсі, тыя, што тычыліся паходжання майго прадзеда. Так, прадзед быў каралеўскага роду.
— Вы кажаце пра сына лорда Дадлі і каралевы? — удакладніла панна Багінская.
Лэдзі скрывілася.
— Давайце не называць імёнаў! Усё трымалася ў такой таямніцы, што яна дагэтуль можа забіваць. Мой прапрадзед меў уплыў на каралеву і ўсяляк угаворваў яе прагнаць махляра Дзі і перастаць верыць ягоным прадказанням. Урэшце доктар патрапіў у апалу. Яго выгналі з Кембрыджу… І пасля смерці каралевы доктар Дзі вырашыў адпомсціць. І дакументы, якімі мае продкі маглі пацвердзіць высокае паходжанне, зніклі.
Дасканалыя рысы Пандоры выказалі лёгкую пагарду.
— Учынак гэтага паганага доктара пазбавіў наш род надзеі на трон. З тэстаменту доктара Дзі стала зразумела, што клейноды, засведчаныя каралевай Лізаветай, дзесьці перахаваныя. Гаварылі, што доктар даверыў ключ да сваіх скарбаў васковай ляльцы. Але прадзед жыў у Нямеччыне, змушаны хавацца ад ворагаў, якія баяліся, што ён уступіць у змаганне за ўладу. Калі ён змог вярнуцца ў Англію, каб адшукаць васковую ляльку — якая, дарэчы, была зробленая ў выглядзе самога доктара — той ужо не існавала. Пры каралі Джэймсе мніхі яе спалілі, як д’ябальскую рэч, і па-свойму мелі рацыю. А далей — выпадак… — Пандора коратка ўздыхнула, расправіла складачку на спадніцы, як быццам не было нічога важней за тое, каб гэтая складачка была раўнюткай, кранула капялюш — прыслуга адразу ж паднесла пані круглае люстэрка ў залатой аправе, якому Пандора ласкава ўсміхнулася, і працягнула гаварыць, любуючыся сабой. — Я, ведаеце, мала жыла ў Англіі. У нас замкі ў Нямеччыне, Швейцарыі… Калі ў Швейцарыі пайшла мода на васковых лялек, бацька захацеў замовіць такую ў вядомага майстра, Вакансона. У выглядзе мяне — усе з маленства захапляліся маёй прыгажосцю. — Лэдзі сказала гэта без усялякага какецтва, проста як факт, ласкава ўсміхнулася люстэрку і нарэшце адвяла ад яго вочы. — Гэта было забаўна… З мяне здымалі маскі, абмяралі. Майстар і распавёў, што да яго звярнуліся ад ліцвінскага князя… як яго… Эрдзівіла… Папрасілі пабудаваць аўтамат на аснове старажытнага механізма. Як толькі прагучэла імя доктара Дзі, мой бацька адразу зразумеў, што гэта шанец! Прапанаваў Вакансону выкарыстаць для лялькі з механізмам доктара Дзі маё аблічча… Майстар працаваў тры гады, пакуль я, васковая, пачала маляваць свой малюнак.
— Тады ваш бацька заплаціў, каб майстар прыбраў з механізму важную дэтальку, і малюнак больш ні для каго не з’яўляўся. Каб аўтамат пры наладжванні мог крэсліць толькі нешта няпэўнае, — працягнуў Лёднік.
— А навошта было дзяліцца таямніцай? — пасміхнулася Пандора. — Бацька гатовы быў і сам аўтамат выкупіць — толькі Вакансон страшэнна ўпарты і дзёрзкі. Ах, слова гонару, рэпутацыя майстра, павінен выканаць заказ кліента — нават пад страхам смерці. Бацька задаволіўся тым, што малюнак быў у нас, а аўтамат сапсаваны. Дзе знаходзіцца скарб, здагадацца было няцяжка: дом, празваны «Агонь і жалеза», пабудаваны над сутарэннямі, дзе калісьці дзейнічала таемная лабараторыя доктара Дзі і адбываліся зборышчы адэптаў-чарнакніжнікаў. Бацька адразу выкупіў гэты будынак. Паверце, абшукалі яго грунтоўна. Але ніякіх сховішчаў адкрыць не ўдалося. Бацька падумваў разабраць усё па каменьчыку… Але пачаліся чарговыя палітычныя мітрэнгі, мы з’ехалі. Бацька памёр… І я вярнулася сюды толькі нядаўна. У таемнае сховішча ў гэтым доме, прызнацца, я больш не верыла. Каб яно было, даўно адшукалі б. Хто ж ведаў, што ў далёкай краіне знойдзецца доктар, які пачыніць аўтамат, расшыфруе малюнак… І з’явіцца сам, каб залезці па скарб.
Лэдзі Кларэнс кінула паблажлівы позірк на Лёдніка і зноў звярнулася да Багінскай.
— Я аддала дом квакерам, бо ён карыстаўся такой дрэннай славай, што маглі падпаліць. А так — святыя людзі, моляцца ўдзень і ўначы. Але і яны пачалі вярзці лухту пра нейкіх прывідаў, доктара Дзі, Урыеля. І я вырашыла халупу гэтую прадаць.
— А чаму вы шукалі тут клейноды? Ягоная мосць пан Геранім Радзівіл марыў пра вогненны меч… Ды і наш доктар прыйшоў да той жа высновы, — папыталася панна Багінская.
Пандора іранічна хмыкнула.
— Для нас тут не было загадкі. Агонь — сімвал нашага радавога герба. Жалеза — прысутнічае ў гербе нашых палітычных праціўнікаў у выглядзе мяча. Перамога агню над жалезам — гэта пацверджанне нашай каралеўскай крыві!
— Чакайце, — вылез Пранціш, — але вогненны меч існаваў! Разрэзаныя латы!
— А пра гэта давайце доктара спытаем…
Лёднік змрочна пакланіўся слухачам і загаварыў павучальна, як на лекцыі.
— Мяркуючы па тым, што мне ўдалося зараз прачытаць у сшытку доктара Дзі, тут прысутнічаюць ажно два вогненныя мячы. Альбо прылады, якія пераламляюць і ўзмацняюць светлавы промень. Канструкцыя, якая так спадабалася пану Агалінскаму — макет прыбора, у якім сонечны промень праходзіць праз сістэму люстэрак і можа падпаліць, ну, скажам, ветразь карабля. У добрае сонечнае надвор’е. Архімед у свой час такое ладзіў. Праўда, рабіць гэтую прыладу трэба футаў сем вышынёй, але жалеза рэзаць усё адно не зможа. Затое ў сшытку намаляваная схема, як, выкарыстоўваючы люстраныя шчыты і скрытыя камеры, падмяняць у гэтым прыборы на вачах уражанай публікі цэлыя прадметы загадзя рассечанымі. Псіхалагічнае ўздзеянне можа быць вялікім.
— А чэрап? — ускрыкнула расчараваная панна Багінская.
— А чэрап, вашамосць, правобраз гэтай машыны. Думаю, доктору Дзі прывезлі яго з Амерыкі, — пан Гервасій адразу кінуў на чэрап зацікаўлены позірк. — Доктар Дзі вывучыў яго ўласцівасці і захацеў скарыстаць прынцып. Пакладзіце яго на роўную паверхню…
Паланэйка паставіла ўпадабаны рарытэт на скрынку для фокусаў. Лёднік зазірнуў у сшытак, зверыўся з намаляванай там схемай і акуратна паднёс запалены ліхтар да крышталёвага «твару»: зараз жа вочы чэрапа зырка запалалі адлюстраваным агнём, як бы з іх вырваліся два промні. Гэта было так страшна, што Паланэйка войкнула, і нават лэдзі Кларэнс уздрыгнула, а тады ляніва папляскала ў ладкі.
— Брава, прафесар, доктар Дзі мае вартага спадчынніка. Можаце забіраць усе гэтыя рэчы. Вы ж купілі іх разам з домам, — пасміхнулася. — Мне, дарэчы, вельмі цікава было назіраць, як вы здабываеце грошы. Гэта ваш, доктар, сябар з каралеўскага навуковага таварыства, да якога мае людзі наведаліся пасля вашага візіту, распавёў пра шарлатана і блюзнера прафесара Лёдніка вельмі шмат цікавага. А назаўтра я сама паназірала за вашым выступленнем у маім улюбёным байцоўскім клубе. Мне паведамілі, што вы паслалі заяўку на ўдзел. Я была ў ложы, у белым капелюшы, пад маскай. Я атрымала задавальненне, — лэдзі Кавендзіш прылашчыла сабачку, якога ёй зноў паднеслі па ейным знаку, і агледзела Лёдніка неяк вельмі нядобра, ацэньваюча, як быццам збіралася набываць новы прадмет мэблі і прыкідвае, у які пакой яго лепей паставіць. — Дарэчы, я папрасіла свайго сябра, лорда Кавендзіша, праводзіць вас дамоў. Іначай, баюся, мы б сёння не размаўлялі.
Паланэйка ветліва пакланілася.
— Дзякуем, вашамосць. Але ягоная мосць лорд Кавендзіш неяк дзіўна сябе паводзіў: як толькі я спыталася пра вашую персону, высадзіў нас з карэты.
Пандора адкінула галаву і засмяялася, як з гары едучы.
— О, а я думаю, чаму ён сёння не адказаў на цыдулку! — няўважна скінула з калень сабачку, які пакрыўджана віскнуў. — Лорд мілы, але трохі надакучлівы. Чамусьці прыдумаў сабе, што ён у мяне закаханы. Мой муж з-за гэтага над ім увесь час жартуе. Мне давялося запэўніць сэра Джона Кавендзіша, што я з чатырма чужаземцамі асабіста не знаёмая… Што справа чыста палітычная… А тут высвятляецца, што вы мною цікавіцеся. Што ж, давядзецца пакараць ягоную светласць за такую смешную рэўнасць.
Пранціш глядзеў, як варушацца дасканала акрэсленыя вусны Пандоры, як яна манерна расцягвае словы, і яму здавалася, што гэта гаворыць аўтамат. Цяпер была бачна падобнасць — не знешняя, а ўнутраная — лэдзі Кларэнс і лорда Кавендзіша. Гэткая абыякавасць да жыцця і смерці — і чужых, і ўласных, упэўненасць, што кожны капрыз павінен задавальняцца… Жорсткасць дзіцяці, якое надзімае праз саломінку жабу і абрывае крылцы мухам, і проста не ў змозе асэнсаваць чужы боль.
— Ну, час ісці. Ах, гэтая палітычная барацьба аднімае так шмат сілаў! — лэдзі з дапамогай прыслугі ўстала, зноў паправіла капялюш. — Я хачу прыдумаць асаблівы гальштук для вігаў. Элегантны і трошкі з выклікам.
Панна Багінская адвесіла развітальны паклон з некаторай няёмкасцю — каб была ў сукенцы, прысела б у рэверансе. Пан Гервасій таксама пачуваўся пакрыўджаным, бо лэдзі таксама вызначыла кожнаму сваё месца. На гэты раз княжна Багінская — дзесьці блізка па статусе, пан Агалінскі — ніжэй на прыступку, і размоў не варты, Пранціш Вырвіш — яшчэ ніжэй… Паж, які трымае шлейф. А Лёднік — так, блазан, забаўка.
А з забаўкамі можна не цырымоніцца. Лэдзі наставіла на прафесара палец, абцягнуты танюткай скурай пальчаткі.
— Паедзеце са мной.
Прафесар нават разгубіўся ад нечаканасці.
— Навошта, вашамосць?
— Лячыць мяне будзеце, — лэдзі насмешна глядзела на доктара, і было ў яе паглядзе штось драпежнае. — Як вы фехтуеце, я бачыла. Цяпер пакажаце свой медыцынскі талент.
Лёднік ледзь стрымліваў злосць.
— Я не ўзяў інструментаў і лекаў.
— У маім палацы знойдуцца, — здавалася, Пандора падцягвае да сябе на павадку няшчаснага шчанючка, які ўпіраецца ўсімі чатырма лапамі, вішчыць, але ўсё роўна апынецца ў дасяжнасці гаспадарскага бізуна. — Нічога кепскага з вамі не здарыцца.
— У такім разе, ваша светласць, я вазьму з сабой асістэнта, — Лёднік паказаў на Пранціша, але лэдзі холадна сказала:
— Не. Вы справіцеся адзін. Спадзяюся.
У апошнім слове прагучэла пагроза. Вусны Лёдніка падціснуліся, вочы загарэліся, ён гатовы быў узарвацца, але Паланэйка кальнула яго сваім кінжальчыкам у бок і, прыўзняўшыся на дыбачкі, прашаптала на вуха, захоўваючы мілы выраз тварыку.
— Калі вы, доктар, зараз працягнеце ламацца, як дзяўчынка-цнатліўка, далібог, сама вас зарэжу, не чакаючы, пакуль слугі лэдзі гэта зробяць. Ну, усміхайцеся і наперад!
У вачах Пандоры, якая пачынала ўсведамляць нечуванае — непакорства яе волі, з’явілася нешта такое… «Заб’юць усіх», — мільганула ў галаве Пранціша.
Прафесар усміхацца і не падумаў, ад гневу ён змог толькі павярнуць галаву ў бок Багінскай і прашыпець лаянку на лаціне, наконт «чым вышэй, тым разбэшчаней», але за лэдзі сышоў.
— С-сука… — толькі і сказаў пан Агалінскі, калі яны засталіся адны ў пустым, як сумленне прафесійнага злодзея, доме. — Садрала з нас тысячу фунтаў для смеху! Адчынілі для яе скарбніцу, знайшлі клейноды, якія два стагоддзі сям’я шукала… А яна пасмяялася ды яшчэ і доктара звезла!
Вырвіч не знаходзіў месца ад трывогі. Мела рацыю пані Саламея. Лялька сапраўды нядобрая і небяспечная! Варта было ёй ажыць — і яна схапіла таго, хто насмеліўся яе ажывіць. Проста страшная казка!
— Можа, прабрацца за ім у палац? Што гэтая шалёная з Бутрымам вытварыць?
Пан Гервасій здзекліва зарагатаў, а панна Багінская фыркнула над наіўнасцю студыёзуса:
— Думаю, твой былы слуга атрымае цікавую кампенсацыю за тысячу фунтаў. Лэдзі ж сказала, што збіраецца адпомсціць лорду Кавендзішу за дарэмную рэўнасць.
Пранціш пачырванеў ад бруднага намёку. Усё-ткі прыдворнае жыццё заўважна разбэшчвае людзей! Неверагодна прыгожая і радавітая асоба каралеўскай крыві, замужняя, — што ён сын полацкага гарбара? Ды яшчэ немалады, худы, дзюбаносы і такі з’едлівы, што аб язык парэзацца можна.
А пан Гервасій яшчэ і дадаў:
— Не здзіўлюся, калі лэдзі пасля кожнага наведвання байцоўскага клуба залучае да сябе чэмпіёнаў. Нават самых страхотных. А Лёднік твой перад радавітасцю дам ніколі не спыняўся.
У ягоным голасе чуліся ноткі зайздрасці і злосці.
У гатэлі яны проста сядзелі і маўчалі, як паляўнічыя, што дэкляравалі ўпаляваць зубра, а ледзь падстрэлілі па курапатцы. Пан Гервасій паклаў ногі на скрынку з люстэркамі, панна Паланэя выкарыстала крышталёвы чэрап як падстаўку для парыка. Абодва, падобна, прыдумвалі, як найлепей распавесці тым, хто іх паслаў, пра каштоўнасць здабытых не вельмі ўражлівых рэліквій. Вядома, спадзеў быў на Лёдніка.
А той усё не вяртаўся. Пранціш усю сцяну шабляй скалоў, адпрацоўваючы хітры ўдар, які падгледзеў у прафесара падчас ягонага апошняга паядынку.
З’явіўся доктар толькі раніцай. Прыйшоў стамлёны, злосны, як шэршань, сцяўшы зубы, скінуў камзол, парык, боты і ўпаў ніцма на ложак. Вырвіч заўважыў, што на рукаве ягонай кашулі, над павязкай, якая сцягвала рану, праступіла кроў.
— Што там адбылося, Бутрым? — не вытрымаў студыёзус. — Ты ў парадку?
— Ты чытаў біблейскую гісторыю пра святога Ёзафа, якога дарэмна спакушала жонка вяльможы Патыфара? — глуха, у падушку прагаварыў Лёднік, у якога, падобна, не было сіл павярнуць галавы.
— Т-так, нешта памятаю… — прамармытаў Пранціш у кепскіх прадчуваннях.
— Дык вось, высветлілася, я не святы Ёзаф, — сказаў Лёднік.
Пан Гервасій і панна Паланэя рагаталі доўга, але сцішана.
Злаваць прафесара яшчэ больш не хацелася нікому.
Але гэта адбылося ўвечары. Калі заспанага Лёдніка расштурхалі, каб уручыць перададзены з расфуфыраным лёкаем падарунак: тысячу фунтаў, толькі не ў банкнотах, а ў пераліку на паўнавесныя нямецкія цэхіны, і цудоўную турэцкую шаблю-кілідж, у похвах, усыпаных каштоўнымі камянямі.
Доктар адшпурнуў мяшок з цэхінамі, быццам той таксама квапіўся на ягоную дабрадзейнасць, шаблю нават з похваў не выцягнуў. Толькі сціскаў сківіцы, хаваў вочы і спрабаваў не зважаць на з’едлівыя разважанні пана Гервасія пра тое, што лэдзі Кларэнс засталася, мяркуючы па ўсім, задаволенай лячэннем, і чаму толькі выправіла лекара наранку? Надакучыў? Другі доктар пад дзвярыма чакаў? Няўжо не прапаноўвала застацца падаўжэй?
— Прапаноўвала! — нарэшце раўнуў раззлаваны ўшчэнт Лёднік. — Усё прапаноўвала! Месца персанальнага доктара, амарата, палітычнага паплечніка з перспектывай увайсці ў партыю вігаў… Мала мне палітычных тузанінаў Рэчы Паспалітай! І калі панства яшчэ раз нагадае мне пра лэдзі, я, бадай што, падумаю над яе прапановай больш прыхільна.
Пасля гэтага жартачкі ўслых спыніліся, пан Гервасій таксама надзьмуўся, бо пана добра такі закранула, што на яго, радавітага, дужага, прыгожага і маладога, Пандора не паквапілася, і пайшоў піць портэр — моцнае ангельскае піва, якое ўвайшло ў моду у Вялікім Княстве. У Менску за бочку портэра прасілі васемнаццаць залатых, а тут яна каштавала ўсяго адзін. Дый піва было смачнейшым — бо свежае, не замучанае марскім плаваннем. А яшчэ казалі, што ангельскія півавары ў піва, якое прадаюць за мяжу, дадаюць усялякай халеры, каб смакавала і не псавалася, ледзь не мыш’яку. Так што пан Агалінскі, каб мог, цэлы карабель якасным півам загрузіў бы. Багінская схавалася ў сваім пакоі, бо добра памятала пра пагрозу выкрадання. Цэхіны Пранцысь дальнабачна прыбраў сабе. А Лёднік, як відаць, пачынаў ужо мучыць сябе за чарговы грэх.
— Я нічога не скажу пані Саламеі, — ціха прамовіў Пранціш.
— Я сам ёй скажу, — ганарыста абвесціў доктар.
Студыёзус вылупіў вочы:
— Навошта? Здурэў, Бутрым? Хіба жонцы варта пра такое расказваць?
— А калі не варта, што ж гэта за шлюб? — паныла прамовіў Лёднік, відаць, ужо ўяўляючы непрыемную размову.
Вырвіч ажно застагнаў — вось няшчаснае стварэнне гэты лекар, вечна сам сабе жыццё псуе.
— Ты вось што, перастань сябе грызці. У чым твая віна? Хіба ты сам да лэдзі ў госці набіваўся? Ну, трымаўся б за сваю годнасць, як сабака за гаспадарскі венік… І нас бы там, у бровары, усіх і паклалі. І ляжалі б нашыя костачкі ў сутарэннях, ото ж пані Саламеі радасць была б! Нам яшчэ вярнуцца трэба — і выжыць.
— Грэх ёсць грэх, — прабурчэў Лёднік, але, відаць, трохі супакоіўся, што Пранціш не пагарджае ім.
А Вырвіч яшчэ раз пасміхнуўся дзівацтвам былога слугі. Стаць амаратам асобы каралеўскай крыві — гэта ва ўсім свеце лічылася не за ганьбу, а за вышэйшы гонар, нават за дзяржаўную службу. За гэта змагаліся, ганарыліся, і ўжо, вядома, не саромеліся прымаць дарункі. Станіслаў Панятоўскі паўсюль дэманстраваў залатыя табакеркі з вензелямі расійскай імператрыцы. Расказвалі, што як жывы быў яшчэ муж Кацярыны, які жонку сваю законную дужа не любіў і рады быў ад супружаскага доўгу ўнікнуць, дык яны, здаралася, учатырох вячэралі — Пётр са сваё каханкай, Кацярына — з Цялком-Панятоўскім, а тады разыходзіліся гэткімі шчаслівымі парачкамі па пакоях. А былы мяшчук пераймаецца! Святы Ёзаф знайшоўся. Эх, ды каб яго, Пранціша, Пандора ў госці паклікала! Усё жыццё можна прыгоду такую ўспамінаць і сабой ганарыцца. Вунь паглядзець бы і на пана Агалінскага, які ад зайздрасці паветра кусае. Панна Багінская, чый жанаты брат з дапамогай дацкага пасла Зігфрыда фон Остэна набіваецца ў каханкі да царыцы, таксама на доктара цяпер з большай павагай глядзіць, як бы ён у шляхецтве ўмацаваўся. А Лёдніку, бач, сорамна! Адно слова — каму само ў рукі шчасце ідзе, той яго не цэніць…