Раздзел адзінаццаты ЯК ЛЁДНІК І ПРАНЦІШ З НЯПТУНАМ ЗНАЁМІЛІСЯ

Мора пахне не рыбай, не ёдам, не гнілымі водарасцямі і новымі манетамі, як сцвярджаюць купцы, якія прыязджаюць у вольнае партовае места.

Мора пахне невядомасцю. Ад якой салодка і трывожна шчыміць у грудзях, і апаноўвае туга па далёкіх краінах і жах перад халоднай зялёна-шэрай безданню, у якой жывуць сваім неверагодным жыццём гіганцкія пачвары, халодныя і склізкія.

Гэта ўлетку, калі аблокі падобныя да бяскрыўдных беленькіх авечачак, марская глыбіня сіняя, блакітная, празрыстая… А ў лістападзе, калі хмары нагадваюць прывідных цмокаў, і не кожны карабель наважыцца падставіць ветразі мокраму салёнаму ветру, смерць выглядае зялёна-шэрай, а часам яна і колеру атраманту…

Цяпер хвалі былі сталёвага, сярдзітага, адцення.

Гданьскія караблі з аголенымі мачтамі ціснуліся да прычалу, іх ветразі, здавалася, скурчыліся ад холаду, як пялёсткі, велізарны грузавы кран па мянушцы Журавель на ўзбярэжнай прастойваў без працы, нават чаіцы перасталі гарлаць… Мора білася аб камень, як угневанае сэрца.

Пан Гервасій і панна Паланэя з гэтай нагоды не дужа нерваваліся, бо лепей было ім зараз не выпраўляцца ў шлях — абодва перхалі, як рагачоўскія бабы ў царкве, калі жадаюць вылечыць ад кашлю авечак, насы нешляхетна пачырванелі, вочы слязіліся… Тое, што Лёднік прымушаў кожную гадзіну піць карысны лекавы адвар, не бяда — кепска, што доктар пры гэтым гаворыць і што напісана на ягоным твары.

А напісана няўхвальнае: паны — дзеці горкія. Разбэшчаныя і неразумныя. Ладна, каб застудзіліся, на зямлі начуючы, у непагадзь блукаючы… А то — дарваліся палацавыя пестуны да італьянскіх лёдаў! І адзін перад адным налягалі срэбнымі лыжачкамі… Модная страва! Што за баль без лёдаў… З фісташкамі, цытрынай, цынамонам… У выніку — у горле болькі, у носе — вада…

Дом на Длугім Таргу, дзе паны пасяліліся, быў варты магнатаў. Лёкаі ў напудраных парыках, парцаляна, італьянскія карціны — ясна, у мясцовых банкіраў і для Багінскіх, і для Радзівілаў меліся рахункі. Пранціш зноў адчуваў сябе не на сваім шастку. Лёднік бурчэў, што нічога-не-рабленне для мыслячага чалавека горш за іржу ў механізме. Сам пабег па мясцовых навукоўцах — і ад дыспутаў, у якіх вучоныя мужы з дапамогай вытанчаных дэфініцый раскатвалі адзін аднаго таненька, як цеста на наліснік, ажно расцвітаў, як гішпанская ружа. Выкупіў для чагосьці на апошнія грошы атлас знакамітага гданьскага астранома Яна Гевелія з сузор’ямі — прыгожы, вядома… Але куды такую таміну валачы за мора? Вырвіч аддаваў перавагу іншаму вынаходніцтву пана Гевелія — цудоўнаму моцнаму піву, якое называлася ў гонар вучонага пана. Так і мусіць дасведчаны чалавек жыць — зарабляць на жыццё, варачы піва, а ў вольны час назіраць зоры! Сам Вырвіч па дажджліва-ветранай дарозе ў карчомку толькі са зласлівай радасцю паглядаў на каменныя выявы, якія ўпрыгожвалі фрыз суседняга дома, называнага Ільвіным Замкам: фігурыстыя дамы Граматыка, Арыфметыка, Рыторыка і Геаметрыя болей не схопяць за вуха і не пацягнуць на асліную лаўку. Хай сабе мокнуць пад восеньскай залевай.

Пан Гервасій на дзіва не лекаваўся гарэліцай. Напачатку, вядома, заваліўся ў рэстарацыю «Пад ласосем», пакаштаваў знакамітай «залатой вады» — гарэлкі з дадаткам сусальнага золата, трохі посуду пабіў… Але як застудзіўся, валяўся сабе на канапе, нешта запісваў у зялёны нататнічак ды паўтараў пану Палонію Бжастоўскаму наконт таго, што той павінен выхоўваць у сабе мужнасць, і надта падобны да дзеўкі.

Каб быў гэта хто іншы, а не Амерыканец, Вырвіч западозрыў бы, што пан раскрыў сапраўдную сутнасць хлапчыскі Бжастоўскага. Панна Багінская нават стамілася аджартоўвацца, а часам проста счаплялася з панам Агалінскім, як Лёднік на дыспуце з менш прагрэсіўнымі калегамі, і іхнія сваркі Пранціша дужа радавалі. Бо на яго самога панна Багінская асабліва ўвагі не звяртала, хоць Пранціш і так, і гэтак намагаўся завязаць размову, намякнуць, што не можа забыцца на абдоймы ў тамашоўскай вязніцы ды пацалункі ў доме за Дамініканскім касцёлам, няхай і з прысмакам атруты. Але князёўна ўсім выглядам паказвала, што для яе гэта не значыла нічога. Гэтак каралевы ад нудоты дапускаюць да інтымных жартаў блазнаў ды лёкаяў. Панна знайшла іншую цацку: чаплялася да доктара, як дзядоўнік за крысо, з просьбай паказаць яшчэ што-небудзь… Гэткае… А прадметы пан доктар можа рухаць? А рабіцца нябачным? Майстэрствам адводзіць вочы авалодваюць жа нават вясковыя ведзьмакі! А як выглядае філасофскі камень? Ці праўда, што пан Лёднік яго знайшоў? А як наконт сувязі з сільфідай?

Калі ж гаворка заходзіла пра прадказанні і гараскопы — ну не будзе гэта вялікім грахом, дарагі пан Баўтрамей, скласці мале-енечкі такі гараскопчык для адной добрай высакароднай асобы — Лёднік сціскаў зубы і рэтыраваўся, як Генрых Валуа з польскага трону. Моўчкі і раптоўна.

Пан Гервасій пра цёмную сутнасць спадарожніка не ўспамінаў, толькі па прыездзе ў Гданьск Вырвіч падслухаў гарачую размову: Амерыканец умольваў доктара прызнацца, ці не счараваў той усё-ткі пані Галену Агалінскую, схіляючы да любошчаў, а Лёднік ледзь не рычэў, адмаўляючы.

А раздражнення свайго не мог спагнаць нават фехтаваннем… Бо на другі дзень па прыездзе ў Гданьск раптам выпусціў на падлогу кубак і пачаў лаяцца на пяці мовах… Сэнс усіх праклёнаў быў прыблізна «ацаляльнік хрэнаў». Вырвіч пабачыў, што з далоняў доктара крапае кроў — адкрыліся цудам зажыўленыя раны. Так што цяпер доктар хадзіў з забінтаванымі рукамі, а на параду Паланэйкі палячыцца тым самым спосабам, што прадэманстраваў айцец Габрыелюс, сярдзіта адказваў, што гэтая ментальная медыцына — усё роўна што завешваць дыванком пралом у сцяне. Эфект імгненны, а карысці трохі… Нічога, загаіцца натуральным чынам.

За два тыдні, на якія іх прывязала да сушы непагадзь, рукі прафесарскія з дапамогай адмысловых мазяў сапраўды больш-менш загаіліся, пісаць ды рыхтаваць лекі доктар мог па-ранейшаму, а вось брацца за шаблю пакуль сабе не дазваляў. Добра, што знаёмства з мясцовымі калегамі адцягвала ўвагу ад выхавання няшчаснага студыёзуса Вырвіча. Да таго ж, прынеслі ліст ад Саламеі — панна Багінская расстаралася. Ліст кароценькі, жывая-здаровая, у бяспецы… Не лезь, Фаўст, у дрыгву, бессмяротную душу беражы…

Нарэшце флюгер у выглядзе залатога пеўня перастаў круціцца, як шалёны. Са шхуны «Святая Брыгіта» прыслалі вестку, што праз пару дзён можна будзе адплываць. Даўно спакаваныя куфры адправілі на карабель.

І тут да пана Палонія Бжастоўскага прыйшоў госць.

Вельмі ветлівы і палітычны, у парыку і камзоле са срэбнай парчы… Але ад шляхетнага госця чамусьці нават недасведчаная прыслуга рассыпалася ўбакі, як шкадлівыя дзеці ад сярдзітага гувернёра. Калі б волаты паўсталі з курганоў, магчыма, хтось з іх выглядаў бы менавіта так. Пан мог увайсці не ў кожныя дзверы, такі здаровы. Бровы і вейкі светлыя, як пушынкі дзьмухаўца, а вочы на спаласаваным шнарамі твары падманлівыя, то таксама светлыя, то бяздонна-цёмныя, з барвовым адценнем. Пан нават усміхаўся — і ад гэтай усмешкі хацелася намацаць шаблю, а яшчэ лепей — зараджаны пісталет.

— Рады бачыць вашую княскую мосць! — раскланяўся пан перад пераляканым панічам з Бжастоўскіх. — Таму што знікненне вашае нарабіла шмат гора і спалоху, і для несуцешнага жаніха, і асабліва для вашага яснавяльможнага пана брата. Доўгія дні пошукаў вашае княскае мосці былі горкімі, як палыновая гарэліца, і шчасліва завершыліся дзякуючы паведамленню ад гданьскага банкіра, чыймі паслугамі вы зрабілі ласку скарыстацца. Ваш пан брат неадкладна хоча вас бачыць у Слоніме, дзе адбудуцца заручыны вашай мосці з яснавяльможным панам падкаморыем Пацам. І ці не будзе ласкавая ваша мосць, найяснейшая панна, паведаміць, дзе падзеўся ягоная мосць пан Марцін Баршчэўскі, знаўца моў і слынны картограф, які мусіў быць у гэтай кампаніі заміж вашай яснавяльможнай асобы і ад чыйго імя да вашага брата адсылаліся лісты?

На апошнім сказе ў ветлівым голасе пана Германа Ватмана дадалося металу. Пранціш зірнуў на Амерыканца, які стаяў у баку і нічым не выдаў здзіўлення наконт таго, што ягоны спадарожнік выявіўся высакароднай паннай. Але калі Ватман выкрыў перад Агалінскім асобу Паланэйкі, значыць, цвёрда намерваецца яе звезці. Панна Багінская стала, як на каранацыі:

— Пан Марцін Баршчэўскі дужа хацеў паглядзець Гішпанію, і дзякуючы шчасліваму выпадку ягоная мара здзейснілася. А я падмяніла пана ў ягонай місіі. І пакуль не здзейсню падарожжа, вяртацца не збіраюся, вашамосць. А на заручыны я сваёй згоды не давала. У Статуце забаронена паненку насуперак волі замуж выдаваць. Так і перадайце майму пану брату.

Найміт удавана скрушна ўздыхнуў.

— Як вы засмуцілі мяне, ваша мосць. Бо маю даручэнне прывезці вас незалежна ад жадання панны, таму што воля вашага брата і жаніха маюць моц большую.

— Ягоная мосць Пац мне пакуль не жаніх! — адчайна выкрыкнула хрыплым ад застуды голасам Багінская. — Лепей у моры згінуць, чым з ім пашлюбавацца!

Пакой, дзе адбывалася размова, быў завешаны пастаральнымі пейзажыкамі: пастухі і пастушкі ў прыгожанькіх строях пасвілі авечачак, гайдаліся на арэлях, збіралі кветачкі… Так, што хацелася запусціць у іхні марцыпанавы свет натуральнага худога і злога ваўка… Ці хаця б з’едлівага прафесара Віленскай акадэміі. Лёднік змрочна маўчаў, матрыманіяльныя планы Багінскіх яго не хвалявалі, але відаць было, прыкідвае: звязуць дзеўку, яно прасцей далей будзе, але каго замест яе пашлюць? Ватман тут жа гэта паясніў:

— А я замест панны з’езджу ў Ангельшчыну, дапамагу сваім дарагім сябрам панам Вырвічу ды Лёдніку ў дарожных цяжкасцях.

Прафесар пазмрачнеў, але пярэчыць не стаў: вядома, спрактыкаваны забойца за спадарожніка — справа нярвовая, але лепей мець яго пры сабе, чым ён будзе круціцца дзесьці каля Саламеі.

— Панна Багінская сама павінна вырашаць, ехаць ёй ці заставацца! — усклікнуў Пранціш. — Ваша мосць не можа яе прымушаць.

— А я тут пры чым? — удавана здзіўлена прамовіў Ватман. — Панна незамужняя, таму яе апекун — ейны брат. Збірайцеся, ваша мосць! Карэта чакае.

Паланэя збялела, як ліпіначка. Бездапаможна азірнулася ў пошуках ратунку.

— Калі вашамосць сцвярджае, што жаніх мае права вырашаць лёс сваёй нявесты, дык не бачу ніякіх перашкодаў для паразумення! — раптам ступіў наперад Амерыканец, так расправіўшы шырокія плечы, абцягнутыя аксамітным залацістым шлафрокам з пясцовай апушкай, што ўтульная хатняя вопратка падалася воінскай кальчугай. — Яснавяльможная панна зрабіла мне гонар назвацца маёй нявестай!

— Што? — Пранціш веры вушам не даваў.

Панна Паланэя, падобна, таксама такога не чакала і цяпер не ведала, што рабіць.

— Вашамосць не шмат на сябе бярэ, называючыся жаніхом панны Паланэі Багінскай, сястры ягонай мосці князя Міхала Багінскага? — халодна і трохі насцярожана спытаў Ватман.

Амерыканец задраў нос:

— Я — пан Гервасій Агалінскі, на сёння — старэйшы ў нашым родзе, мечнік Дрысвяцкі, паручнік войска ягонай мосці князя Радзівіла. Панна Багінская пад маёй абаронай, і калі вы, пан Ватман, будзеце настойваць на ад’ездзе панны, мы сёння ж з ёй абвянчаемся.

Герман Ватман ажно крактануў раздражнёна:

— Ну, панна, ну кручаная! Сама хоць разумееш, што нарабіла? Ды твой брат і з цябе, і з мяне скуру спусціць, калі даведаецца пра такога самавольнага жанішка!

Пагроза была не жартоўная. Бітвы за нявестаў з пасагам былі частымі і крывавымі. І слова згоды тут значыла шмат. Вунь пан Салагуб аднойчы гасцяваў у багатага суседа, ды не хацеў ад’язджаць, пакуль прыгожая дачка гаспадара не прап’е яму страмяннога кубка. Каб выправіць п’янога шумлівага госця, бацька папрасіў дачку не ўпірацца, ды яшчэ нешта такое неадмоўнае кінуў на настойлівыя просьбы пана наконт шлюбу… Госць з’ехаў, праспаўся, а абяцання гаспадара не забыў. І пад пагрозай суда, двубоя ці наезда бацька мусіў выдаць дачку за не самага выгаднага жаніха. Так што словы пана Агалінскага маглі мець сумныя наступствы. За кожным радавітым шляхціцам стаяла цэлая партыя — сваякоў, прыхільнікаў, а над тымі ў сваю чаргу — адзін з магнатаў, якога яны падтрымлівалі. Пане Каханку цалкам мог умяшацца і пачаць дапамагаць аднаму з альбанчыкаў пашлюбавацца з абранніцай. Ватман ажно пот з ілба абцёр…

— Пан Герман, а навошта майму брату-дабрадзею ведаць пра пана Агалінскага? Тым болей, я і перадумаць наконт шлюбу з ім магу… — хуценька ацаніла сітуацыю Паланэя. — Дапусцім, вы не знайшлі мяне, спазніліся… А з-за мора я вярнулася б, як была, цнатлівай і дабрадзейнай паненкай і адразу паехала б да свайго брата. А калі вы, пан Ватман, будзеце змушаць мяне зараз жа вяртацца, касцёл у канцы вуліцы…

Найміт абвёў вачыма кампанію, відаць, прымерваючыся, ці не перабіць усіх лішніх ды не звалачы шкадлівую паненку, але тут былі слугі, тут быў вольны горад Гданьск, тут быў пасланец князя Радзівіла, і найміт крыва ўсміхнуўся:

— Я заўсёды выконваю тое, што мне даручылі.

— Вось і выканаеце даручанае… Толькі трохі пазней, — міла прагаварыла Паланэя. — Баюся, лепшага выйсця ў вас, пан Герман, няма.

— І ты гатовы ўзяць такую за жонку? — з жахам папытаўся ў Агалінскага Ватман.

Пан Гервасій падкруціў руды вус.

— А я люблю коней і жанчын з характарам.

На развітанне Ватман ледзь дзверы не вынес. Ажно пастухі і пастушкі на карцінах здрыгануліся.

— І даўно ваша мосць ведае, што я — не мужчына? — з некаторай няёмкасцю папыталася Багінская.

— Ну, у тамашоўскіх сутарэннях я канчаткова вырашыў, што пан Вырвіч з мужчынам абдымацца не стаў бы.

Панна Багінская пачырванела і чхнула. Зараз жа, нібыта ў адказ, чхнуў і пан Гервасій. І абодва весела рассмяяліся. А Пранціш… Пранціш развярнуўся і пайшоў… У дождж, вецер і адчай.

Слёзы засцілалі вочы… У чарговы раз шарачка ткнулі носам, хто ён ёсць. Няхай словы пра жаніхоўства былі шалберствам, спосабам выратаваць даму з няёмкага становішча… Але пан Агалінскі зрабіў лёгка, жартуючы тое, што Пранцішу не пад сілу. Бо памкненні Вырвіча да жаніхоўства нават прыкасцёльны юрад не прыняў бы ўсур’ёз. А пан Агалінскі, хоць і не магнат, меў дастаткова высокае становішча, каб ягоныя прэтэнзіі на руку князёўны Багінскай не выглядалі зусім неверагодна. Здаралася, такім шанцавала парадніцца з магнатамі. А Пранціш — так, паабдымацца ў цемры…

Ля фантану Няптуна, у якім шэрыя струмені змешваліся з дажджавой вадой, Пранціш раптам выхапіў шаблю, яшчэ не ведаючы, што зараз зробіць: сябе засячэ, ці кагось іншага… Лязо люстравала шэры халодны свет, у якім не мелася спагады і надзеі…

— Пан сабраўся біцца з мармуровым Няптунам? — задыханы голас Лёдніка прагучэў за правым плячом, нібыта азваўся анёл-ахоўнік.

Пранціш, памарудзіўшы, усё-ткі схаваў Гіпацэтаўра.

— Як ты думаеш, яны ажэняцца?

Вырвіч сам не пазнаваў свайго голасу. Усе гэтыя гады студыёзуса падштурхоўвала далёкая мара дабіцца княжны Багінскай, стаць з ёю ўпоравень… І вось — гэтую мару мімаходзь адабраў руды, але багаты і радавіты невук…

— Ты што, таксама будзеш змушаць мяне гараскоп складаць? — Лёднік паклаў руку Пранцысю на плячо. — Павер, хлопча, не зоры вырашаюць лёс чалавечы. Самы дасканалы гараскоп — усяго толькі варыянт падзей… А малітва мае моц нават зрушыць шляхі планетаў. Таму на тваё пытанне ў мяне адзін адказ — не ведаю.

Пранціш закрыў твар рукамі. У фантане цурчэла вада, і па звычаі, выпраўляючыся ў царства Няптуна, трэба было кінуць да ног мармуровага марского бога манетку… Але Лёднік заўсёды так сувора ставіўся да забабонаў, што Пранціш не наважыўся праявіць ганебную слабасць. Так і не кінуў.

Хмары плылі па небе Кароны з боку Літвы, як фрэгаты невядомай краіны.


А іхняя шхуна была самай звычайнай. Гандлёвым караблём пад назвай «Святая Брыгіта», чый трум быў забіты нецікавымі рэчамі кшталту ільняных сувояў і канопляў. Шлях чакаўся доўгі і небяспечны… Са спынамі ў розных портах. Пранціш нават на некаторы час забыўся на сваё прыніжэнне.

А вось у каюце настрой зноў падупаў. Усё-ткі Пранціш уяўляў нешта больш выгоднае… Адведзены ім на пару з Лёднікам катух быў больш падобны да каморы, спаць належала ў падвешаных на вяроўках гамаках з грубага радна, ды яшчэ смярдзіць усё гнілой рыбай! За тыя грошы, што Радзівілы адвалілі за месца на «Святой Брыгіце», на сушы можна было б зняць пакоі з суцэльнага золата. Праўда, калі Пранціш паглядзеў апартаменты Агалінскага і Паланэі, якія мелі кожны асобную каюту, ягонае раздражненне трошкі прыціхла. Бо пакоі важных паноў былі не лепшыя за іхні. А ўжо калі паказалі, як жывуць матросы… А што хацець, купецкі карабель — не палац, тут кожны вяршок павінен выкарыстоўвацца з карысцю. Чым болей тавару рассоўваць, пасажыраў пасяліць.

Лёднік нічым не выказаў незадаволенасці, выпіў нейкі зялёны напой з маленькай бутэлечкі — такіх у яго была з сабою цэлая валіза, прыладкаваўся ля круглага вакенца, каб чытаць, і ўсё — нават лекцый няма. А Пранціш быў страшэнна расчараваны. Колькі разоў ён уяўляў сабе сваё марское падарожжа — стаяць на палубе, дыхаць ветрам, назіраць, як велічна коцяцца хвалі… А тут асабліва па палубе не пройдзешся — вецер з ног збівае, мора шэрае, неба шэрае… Ад гайданкі нудзіць.

Але чалавек да ўсяго прывыкае. Хутка Пранціш аблазіў увесь карабель, куды яго толькі пускалі. Асабліва цікавіўся навігацыйнымі прыборамі — некаторыя з іх, між іншым, прыдумаў таямнічы доктар Дзі. І Амерыканец знайшоў сабе занятак — выявіў, што штурман ды двое матросаў пабывалі ў Амерыцы, адзін нават біўся з індыянамі… Начальства, вядома, скоса пазірала на тое, што чальцоў каманды адцягваюць ад службы, але пасажыры важныя, грошы заплацілі… А мараходы і радыя за байкамі час бавіць. Са штурманам, сівым падцягнутым немцам, у пана Агалінскага ўвогуле ледзь не сяброўства завязалася на тэме экзатычных прыгодаў.

Пранціш усё дзівіўся, якая цяжкая гэта праца — марская… Нават цяжэй, чым сялянская. Гэта яны, пасажыры, маглі гайдацца сабе ў ложках, а матросы цалюткі дзень нечым займаліся, часам зусім бязглуздым, кшталту надрайвання да бляску розных дэталяў. Ды яшчэ за найменшую правіну іх сцябалі няшчадна. Дзіва што на караблях звыклай справай былі бунты.

Панна Багінская носу з каюты амаль не паказвала, нават на вячэры афіцэраў і радавітых пасажыраў у кают-кампанію, дзе па традыцыі было больш раскошна. Лёднік папярэдзіў, што раз вырашыла надалей падарожнічаць у якасці пана Бжастоўскага, лепей, каб у каманды карабля не ўзнікала ніякіх падазрэнняў. Вядома, век Асветніцтва… Але забабоны наконт таго, што жанчына ў моры прыносіць няшчасце, жывучыя.

Шхуна рабіла дзесяць вузлоў у гадзіну, мора было восеньскае, суровае, і Пранціш заўважыў, што з Лёднікам нешта не тое. Прафесар і так не адрозніваўся румянкам, а тут зрабіўся не тое што белы, а проста зеленкаваты. У кают-кампанію не хадзіў. І, здаецца, увогуле нічога не еў, толькі спусташаў свае бутэлечкі — ажно вочы ўваліліся, так што ў цемры прафесара можна было цалкам прыняць за нейкую пазасветную істоту кшталту вупыра.

Бяда здарылася, калі Пранцысь неяк неасцярожна прабіраўся каля Лёдніка, які зноў палез у сваю валізу з лекамі, зачапіўся, паваліўся проста на валізу… Карацей, бутэлечкі пабіліся. Лёднік рэдка быў такі ўгневаны, добра што саслаб і не здолеў ухапіць шкадлівага студыёзуса за русявы чуб, і той удала ўцёк з каюты і прыбіўся да пана Гервасія, які спажываў разам са штурманам чарговую порцыю грогу — цёплага напою са шчодрым дадаткам рому. А калі Вырвіч вярнуўся, то Лёднік стаяў, укленчыўшы, у куце каюты, ухапіўшыся за рундук, і яго ванітавала… Паколькі страўнік прафесара даўно быў пусты, відовішча цяжкое.

— Бутрым, што з табой? Чым дапамагчы?

— Пайшоў прэч… — голас доктара быў такі слабы, што Пранціш перапалохаўся.

— Можа, карабельнага доктара паклікаць?

Хрыплыя гукі, якімі прафесар адрэагаваў на словы студыёзуса, павінны былі азначаць смех.

— Яшчэ шаптуху мне прывядзі… А дапамог ты, пабіўшы ўсю мікстуру.

— Ды што з табой? Атруціўся?

Вырвіч уклаў Лёдніка ў ложак. Але прафесар зараз жа звесіў галаву ўніз ад новага прыступу ванітаў.

— Ды што за пошасць?

— Не ўздумай… каму… расказваць!

Нарэшце ўдалося выпытаць, што ў прафесара проста марская хвароба. У цяжкой форме. Лёдніку даводзілася ўжо ў сваім жыцці плаваць, і кожны раз здаралася такая мітрэнга. А паколькі прафесар страшэнна саромеўся праявы любой слабасці, пра гэтую таксама маўчаў. Нарыхтаваў у дарогу лекаў, якія, па-праўдзе, не дужа дапамагалі. А цяпер — увогуле кепска.

— Перажыву! — шыпеў скрозь зубы Лёднік, якога, падобна, больш непакоіла, каб хто не даведаўся пра ягоную «загану», чым уласныя пакуты.

Але Пранціш быў устрывожаны. Калі гэты стан надоўга — а плысці ж яшчэ і плысці — скончыцца кепска. Прафесар нічога не есць, не п’е, напэўна, і не спіць. І калі ён, адзін з лепшых лекараў Еўропы, не можа сам сабе дапамагчы…

Паколькі раіцца з пазелянелым Лёднікам было бескарысна, Пранціш кінуўся да супольных. Лёднік дарэмна пераймаўся, што над ім стануць пасміхацца — першыя дні падарожжа кепскавата было ўсім, пасля звыклі, нават панна Багінская. А страціць прафесара пасярод мора гэткім дурным чынам не хацелася нікому. Панна Багінская зноў завяла гаворку пра магнетызм, якім валодае доктар — няхай ашчадзіць магіі на ўласны ратунак! Агалінскі пабег раіцца са знаёмцамі з каманды… І праз гадзіну заваліўся ў каюту да доктара, трымаючы пад пахай вялізную бутэльку з мутным змесцівам.

У Лёдніка нават сіл не было госця пагнаць.

— Пі, чараўнік! Горш не стане! Маракі падказалі — ром з перцам ды яшчэ нейкай трасцай….

Лёднік паспрабаваў адбівацца, але, відаць, яму было ўжо ўсё адно, што сяло, што выселкі.

Прагрэсіўная медыцына захінула посны свой твар трактатам пра будову вестыбулярнага апарату і ганарыста выйшла з пакою…

Праз пару гадзінаў Лёднік і пан Гервасій сядзелі за каржакаватым столікам, трывала прымацаваным да падлогі каюты, і распявалі песню пра Лявутаньку:

Рыцар каня паіў,

Лявутэнька ваду брала

І з рыцэрам размаўляла:

— Ай, рыцэру, рыцэру,

Прашу цябе на вячэру…

Далей у песні расказвалася, як рыцар павінен быў пераплысці ўночы рэчку быстраньку на святло трох свечак, запаленых Лявутанькай, але

Каралёва ключніца, усяму свету разбойніца,

Каля рэчкі хадзіла, хустачкай махнула,

Усе свечачкі пагасіла і рыцэра ўтапіла.

А калі Лявутанька даведалася, што каханы загінуў, памерла з гора… І выраслі на магілах закаханых явар і бярозанька, злучыліся вершалінамі…

Мутнай вадкасці ў бутэльцы засталося на самым дне. На кавалку шынкі, які чырванеў на жалезнай талерцы, бачыліся сляды доктарскіх зубоў (пра дыету пасля хваробы прафесар, падобна, і не ўспомніў).

— З чаго вынікае, — ментарскім голасам прагаварыў Лёднік, спатыкаючыся на асобных літарах, — што ў дадзенай народнай баладзе прасочваюцца матывы антычнага міфу пра Леандра і Гера…

— Адкуль, вашамосць, мужыкам ведаць антычныя міфы! — спатыклівым языком запярэчыў пан Гервасій. — У мужыка, васпане, мазгі іначай зладжаныя. Там высокія матэрыі не змяшчаюцца…

— Антычныя міфы складзеныя антычнымі мужыкамі, васпан! — важна падняўшы ўгару палец, прамовіў Лёднік. — Паэзія нараджаецца пад стрэхамі, у полі… А ў палацы адны саладзенькія селадоны ды галатэі.

Пан Гервасій злосна прыжмурыў памутнелыя светлыя вочы.

— Я ведаю, якая паэзія табе даспадобы, Баўтрамей.

Ударыў па стале кулаком… Яшчэ раз… яшчэ… І пад пагрозны рытм ціха заспяваў:

Далёка слыхаці такую навіну:

Забілі Пятруся, забілі ў Жыліну.

А за што забілі, за якую навіну?

Што сваю мае, чужую кахае.

Чтэры служачкі да Пятруся слала,

А за пятым разам сама паехала.

«Пакінь, Пятрусю, у поле араці,

Няма пана дома, будзем начаваці…»

Галас пана Агалінскага рабіўся ўсё гучнейшы, надрыўны, больш падобны да плачу:

Выглянула пані з новага пакою,

Убачыла пана на вараным коню.

«Уцякай, Пятрусю, уцякай, сардэнька,

Бо ўжэ пан прыехаў — будзе нам цяжэнька».

Узялі Пятруся ды пад белы рукі,

Павялі Пятруся на вечны мукі.

«Пакажы, Пятрусю, пакажы жупаны,

Што падаравала вяльможная пані.

Пакажы, Пятрусю, пакажы пярсцені,

Што падаравала вяльможна ў пасцелі».

Білі Пятруся чатыры гадзіны,

Упаўнялі сабе, што Пятрусь няжывы…

Пан Агалінскі перастаў стукаць па сталешніцы, галава яго з прыліплым да лоба потным рудым чубам звесілася, апошнія словы песні прагучэлі амаль шэптам:

Вяльможна ідзе, яго матка хліпе…

«Не плач матка, не плач, бо я сама плачу,

Я за тваім сынам панства, жыцце трачу…»

Ды яшчэ Пятруся ў дол не апусцілі —

Па вяльможнай пані званы зазванілі…

Лёднік уткнуўся галавой у складзеныя на стале рукі, нібыта хацеў схавацца. Насупраць у гэткай жа паставе застыў пан Гервасій. У пакоі запанавала маўчанне, як на могілках, напоўненае болем і непапраўнасцю.

— У яе былі такія лёгкія, неслухмяныя валасы… — шаптаў пан Агалінскі, нібыта сам сабе. — Здавалася, у іх жыве ветрык. А калі яна ўсміхалася, верхняя губа так смешна прыўзнімалася… Так безабаронна… Калі б я быў старэйшым братам, яна была б маёй… І ўсміхалася б нашмат, нашмат часцей. Я б асушваў кожную ейную слязінку вуснамі… Ты памятаеш усмешку пані Галены, доктар?

— Я памятаю, як усміхаецца мая Саламея… — шаптаў Лёднік, якога, што прадказальна, разабрала яшчэ мацней, чым суразмоўцу. — Калі яна ўсміхаецца, на яе левай шчацэ ўтвараецца ямінка. А валасы ў яе цёмныя, цяжкія і бліскучыя… Калі прапускаеш іх скрозь пальцы, здаецца, што слізгае шоўк…

— Я ўсё роўна цябе заб’ю… — прамармытаў пан Гервасій.

І абодва канчаткова праваліліся ў п’яное забыццё.

А Пранціш узрадваўся ў душы сваёй, што ніхто са спадарожнікаў не ўспомніў паненку Паланэю Багінскую.

Бо калі яна ўсміхаецца, не па-свецку, а па сапраўднаму, шчыра, яе носік так міла прыўзнімаецца, а ў вачах такія гарэзныя жарынкі… І левы куточак ружовых вуснаў трохі вышэй за правы, і трэба быць сляпым, каб не закахацца за адну гэтую ўсмешку…

І гайдала ўсіх іх, закаханых шчасліва і нешчасліва, ахвяраў і катаў, драўляная «Святая Брыгіта», як кузурак гайдае сухі лісток, што зляцеў на плынь ракі… І біўся ў мокрых ветразях змрочны вецер, і не было ў гэтым часе бяспечнай прыстані.


Вайна, якая скаланала Еўропу ўжо сёмы год, здыхала, як дужы драпежнік, у якога ўсадзілі стрэлы і дзіды, а ён усё яшчэ паўзе, б’е кіпцюрамі, драпае ўсё, да чаго можа дацягнуцца. Пасля таго, як брат прускага караля Генрых Прускі выйграў бойку пры Фрайбергу, з’явіўшы свету «цуд Брадэнбургскага дома», зноў у сэрцах пасялілася трывога… Па дарогах блукалі банды марадзёраў, войскі наймітаў, гатовыя на любыя злачынствы ці подзьвігі, жыццё чалавечае каштавала меней, чым шэлег… Дарога па моры, няхай доўгая, у неспагадную пару, была больш бяспечнай, чым па залітай крывёю сушы.


Калі праходзілі Зунд, спыніліся ў дацкім порце. З’явілася магчымасць выйсці на цвёрдую глебу. Наважылася і панна Паланэя. Яна сціпла трымалася кампаніі доктара і Пранціша, да якіх прыбіўся і карабельны доктар, пузаты, вясёлы і прафесійна цынічны. Лёднік наважыўся на знаёмства з калегам толькі пасля таго, як зменшыў сімптомы марской хваробы з дапамогай радыкальнага сродку ад пана Гервасія і тым пазбавіўся пагрозы стаць пацыентам. Не сказаць, каб зусім было доктару добра — але ж хадзіць, есці ды чытаць лекцыі мог.

Пан Гервасій пайшоў з сябрамі з каманды па мясцовых шынках… Лёднік запатрабаваў наведаць кунсткамеру. У кунсткамеры аказалася мадэль паравой машыны. І два дактары плюс адзін доктар недавучаны дзве гадзіны абмяркоўвалі мудрагелісты механізм і ягоныя перспектывы. Пан Палоній Бжастоўскі толькі закапыліў нос і заявіў, што пры двары ягонага старэйшага брата ёсць вынаходнік, які пабудаваў куды больш дасканалую машыну. Праўда, пра зладжанне гэтай машыны паніч нічога патлумачыць не мог. Таму нудзіўся і рваўся да ювелірных крамаў. І ўсё было б міла, калі б Пранціш не заўважыў злыя позіркі, якімі па вяртанні праводзілі матросы са «Святой Брыгіты» юнага пана Бжастоўскага, ды яшчэ перашэптваліся пры гэтым.

Сваімі назіраннямі студыёзус, аднак, дзяліцца ні з кім не стаў — мала што… А потым давялося яшчэ дапамагаць валачы на карабель у дупу п’янога пана Гервасія, які ўмудрыўся ў шынку ўчыніць бойку з партугальскімі мараходамі і атрымаў чарговы жывапісны ліхтар пад вока і нажавы парэз вуха — яшчэ крыху, і нёс бы яго пан у кішэні.

Вуха пану Гервасію зашывалі ў чатыры рукі — абодва дактары, ды яшчэ са злавеснымі жартачкамі. Пранціш падазраваў, што яны ўчынілі нейкую прафесійную гульню, аб заклад пабіліся, магчыма. Але вуха пана вярнулася на месца, тым больш адмысловае абязбольваючае не спатрэбілася — у крыві пана Гервасія шчодра бруіў ром.

А ноччу Пранціша пабудзіў Лёднік. Карабель гайдаўся так, што ліхтары нагадвалі навязаных на ніткі светлякоў, якія ірвуцца на волю. Такой гайданкі яшчэ не здаралася. З-за шуму хваляў даводзілася крычаць.

— Пайшлі да Багінскай!

Пранціш вылузнуўся са свайго ложка, ледзь не паваліўшыся.

— А што такое?

— Матросы бунтуюцца! Кажуць — баба на караблі, патопіць усіх!

Панна Багінская забілася ў куточак каюты, прыкрываючыся пісталетам, як веерам. Пан Агалінскі, з абвязанай белай хусткай галавою, ля пашкоджанага вуха на тканіне цямнелі плямы засохлай крыві, быў надзіва вясёлы — яго, здаецца, забаўляла сітуацыя.

— Капітан спрабуе перагаварыць з гэтым быдлам! — пракрычаў праз шум хваляў пан Гервасій. — Калі што — перастраляем дурняў, у мора паскідаем! Жанчын баяцца!

— А ці не вашая мосць падчас задушэўных размоваў з матросамі нешта лішняга пра жанчын нагаварыў? — строга папытаўся Лёднік.

Пан Гервасій апусціў вочы.

— Ну, можа, за пляшкай штось і распавёў пра сваю дарагую нявесту…

— Я пакуль васпану слова выйсці за яго не давала! — абурана крыкнула панна Багінская. — Якое права меў вашамосць абмяркоўваць мяне з п’янымі мужыкамі?

— Золатка маё, мужыкі з мужыкамі заўсёды абмяркоўваюць вартасці чароўных дам! — без ценю няёмкасці адказаў пан Агалінскі. — Галоўнае, што за гонар сваіх дам мы можам аддаць жыццё. Не хвалюйцеся, ваша мосць, вы пад маёй абаронай, і дзеля вашае бяспекі…

— Дзеля маёй бяспекі пан мусіў проста памаўчаць! — нервова крыкнула Багінская. Карабель штурханула асабліва моцна, так што давялося хапацца за тое, што пад рукой, каб не паваліцца. — Доктар! А вы можаце якую-небудзь ілюзію стварыць? — панна Багінская ўпарта прымала доктара за чараўніка з казак. — Сон на іх наслаць?

— Наслаць на каманду сон падчас шторму — усё роўна што карабель патапіць, — злосна адказаў Лёднік. — Спадзяюся, пан Гервасій, запісваючы байкі пра індыянаў і іхнія залатыя гарады, не распавёў за адным разам і пра мае вядзьмарскія заслугі?

Пан Гервасій зноў апусціў вочы.

— Далібог, панства, не памятаю…

Ну вось, цяпер у маракоў «Святой Брыгіты» былі сур’ёзныя прычыны патрабаваць, каб небяспечных пасажыраў адправілі за борт дзеля ўлагоджвання раз’ятранага Няптуна.

У дзверы каюты пастукалі, пачуўся голас капітана. Чырвоны твар галоўнага на караблі ажно ішоў плямамі.

— Вось вы дзе ўсе! Мне, вядома, заплацілі добра, але пасярод мора грошы каштуюць няшмат. Ты, пан, каторы доктар, чараваць умееш?

— Я прафесар Віленскай акадэміі! — Лёднік абурана ўскінуў галаву, не прыкрытую парыком, ажно цёмныя пасмы валасоў матнуліся па твары.

— А мне да дупы, чаго ты там прафесар, — рычэў капітан. — Мне трэба супакоіць гэтых гіцаляў, якіх вы, вашыя мосці, сваймі непатрэбнымі гутаркамі збаламуцілі. Капелан пры смерці, штурману руку зламалі, мяне слухаць не хочуць. Таму ідзі, доктар, на палубу і на вачах каманды ўлагоджвай Няптуна, русалак, наядаў ці якую іншую халеру — альбо давядзецца адправіць на корм рыбам дзеўку і цябе з ёю разам.

— Мне дзіўна чуць, што адукаваны чалавек патурае забабонам, ваша мосць! — заявіў Лёднік.

— Скуру лупіць з матросаў за патуранне забабонам будзем, калі гэты шторм перажывем! — адрэзаў капітан. — Давай, што-небудзь там разыграй перад маракамі, якія ўпэўнены, што ты — вялікі чараўнік.

— Магу толькі памаліцца, вашамосць, — халодна адказаў доктар.

— Дык ідзі і маліся! — капітан схапіў Лёдніка за рукаў і выштурхнуў з каюты.

Вырвіч, трымаючыся за спецыяльна нацягнутыя паўсюль вяроўкі, рушыў следам. Пан Агалінскі застаўся абараняць сваю «нявесту».

Ніколі Вырвіч не забудзецца тае начы. Халодная салёная вада збівала з ног, мора спявала на розныя галасы харал, пад які можна выпраўляцца на той свет, не разабраць, дзе пачынаецца мора і заканчваецца неба, аднолькава чорныя. Тая звыклая вада, што пырскала ў твар, здавалася, не мае нічога агульнага з жывой, дыхаючай субстанцыяй за бортам. Адзіны ліхтар гайдаўся, як апошні ліст на дрэве. Лёднік стаяў на носе карабля, прывязаны вяроўкамі, каб не змыла, і чытаў уголас, адплёўваючыся ад салёнай вады і задыхаючыся ад парываў ветру, праваслаўны канон святому Кіпрыяну, свайму заўсёднаму заступніку, хоць акрамя рэву мора нічога не было чуваць. Хтось з матросаў лічыў, што гэта чараўнік шаманіць, хтось, магчыма, прымаў доктара за святога, тым больш той-сёй заўважыў на ягоных руках стыгматы, іншыя разумелі, што ён такі ж чалавек, як яны, які у небяспецы заклікае да вышэйшых сілаў… Галоўнае — з’явілася хоць нешта, у што можна паверыць паміж бліскучымі чорнымі горамі, якія вырасталі з ніадкуль і з абыякавасцю чалавека, што ступае на мурашоў, шпурлялі карабель.

Невядома, чым усё гэта скончылася б, калі б шторм не суняўся. Магчыма, апынуліся б пасажыры «Святой Брыгіты» за бортам… Але Гасподзь прыслухаўся да малітваў, і шхуну перастала кідаць, як трэсачку. Назаўтра мора было звычайным — не прыветным, але ўсё-ткі больш падобным да ўзаранага поля, чым да горных хрыбтоў. Спаміж хмараў нават там-сям праглядалі сінія лапікі.

Лёднік сядзеў за сталом каюты, зноў уткнуўшыся ілбом у счэпленыя рукі, ці маліўся, ці проста думаў пра штосьці цяжкое. У пакой заваліўся пан Гервасій з абвязанай галавой. Ад пана заўважна несла ромам, і пагойдваўся ён не толькі воляю мора.

— Паненка наша пералякалася. Зноў цябе, доктар, кліча — ці галава ў яе баліць, ці жывот, ці нервы трапечуцца. І чаго да цябе бабы ліпнуць, як мухі на мёд? Гэй, а што з табой, Бутрым? Пагана? У мяне аквавіта ёсць, прынесці?

Прафесар стамлёна прагаварыў, не зварухнуўшыся:

— Мне надакучыла гуляць у чужыя гульні. Чуеце, вашамосць, крыкі? Гэта лупяць матросаў, для якіх я выяўляў прарока Майсея перад Чэрмным морам.

— Ну і правільна лупяць, — здзіўлена адказаў Амерыканец. — Заслужылі! Калі быдла гэтае не драць, яны наступны раз і гаспадароў патопяць, і сябе са страху. Жаўнер павінен гневу свайго камандзіра баяцца болей, чым ворагаў!

— Чалавек, які баіцца — вартае жалю стварэнне, вашамосць. Баяцца трэба толькі Госпада, а не другога чалавека.

— І ты мяне не баішся? — насмешна папытаўся пан Гервасій. — Я ж — смерць твая.

Лёднік падняў галаву і цвёрда вымавіў:

— Жыццё маё і смерць у волі Госпада, вашамосць, а не ў вашай.

Пан Гервасій, аднак, не пачаў задзірацца. Прыслухаўся да крыкаў болю, што даляталі з палубы.

— Эк гарлаюць… Глядзі, доктар, будзеш з маёй нявестай вольна абыходзіцца — таксама так загарлаеш.

Лёднік холадна зірнуў на пана.

— Папярэджванне залішняе. Я жанаты чалавек, хрысціянін, даваў клятву Гіпакрата і да таго ж дзяўчаткамі такога тыпу не цікаўлюся. А найперш наведаю больш сур’ёзных пацыентаў, дапамагу калегу. Пакалечаных сёння на судне хапае.

Пранціш фыркнуў:

— Толькі як ты па караблі хадзіць будзеш? — і патлумачыў пану Гервасію: — Ад яго цяпер адны разбягаюцца і пальцы скрыжоўваюць, як ад нячыстай сілы, а другія спрабуюць рукі цалаваць. Думаюць — святы. Каб яшчэ між сабою прыхільнікі тае і другой версіі не пабіліся.

— Бедлам! — прашыпеў доктар, рэзка ўзняўся і пачаў пакаваць сваю доктарскую валізу.

Крыкі змоўклі. Пан Агалінскі пазяхнуў, асцярожна пакратаў прышытае вуха.

— Ну а мы, пан Вырвіч, давай у карты перакінемся, пакуль карабель не шпурляе.

Плысці заставалася яшчэ тыдзень — калі Няптун не раззлуецца. Помслівы марскі бог, напэўна, не забыўся, што пан Пранціш Вырвіч так і не кінуў манеткі ў фантан у Гданьску.

Загрузка...