Злавіў ліцвін у лесе русалку, якая ўблыталася валасамі ў ягоную барану, дамоў, радасны, прывалок — а красуня гнілой рыбай смярдзіць, у валасах сараканожкі бегаюць, вішчыць, ажно галава баліць, ні да працы, ні да любошчаў… Памучыўся хлапец, памэнчыўся, дый завалок здабычу назад, у лес.
Чым бліжэй была таямніца доктара Дзі, тым трывожней рабілася Пранцішу, і ўсё часцей думалася — якога ражна ім той вогненны меч здаўся? Ці не давядзецца моцна расчаравацца? Нават жалезная чарапаха, узброеная гарматамі, якую калісьці зрабіў знаёмец Лёдніка Якуб Пфальцман для князя Гераніма Радзівіла, толькі случчанаў папалохала ды сцены пашчапала.
Калі яны вярнуліся ў гатэль, доктар, трохі адпачыўшы, узяўся за гімнастычныя практыкаванні, якія быў закінуў на караблі, калі зваліўся з марской хваробай. Потым рассунуў мэблю ў іх пакоі да сценаў, пазычыў у пана Бжастоўскага шаблю і ўчыніў пры святле свечак і каміну такі трэнінг па фехтаванні, што ў Пранціша і пана Агалінскага, якія мусілі ўдвох нападаць на доктара, кашулі сталі хоць выціскай. А Лёднік, арудуючы то адной шабляй, то двума адразу, усё быў сабой незадаволены. Хаця пан Агалінскі, у якога шабля чамусьці ўсё вылятала і вылятала з рукі, быў незадаволены яшчэ больш, калі не сказаць — раз’юшаны, і біўся наўсур’ёз. Потым Пранціш бачыў, як доктар пра нешта шэпчацца з гатэльшчыкам, суе яму грошы і цыдулку, а гатэльшчык з той цыдулкай некуды адсылае юнага служку.
А з кім доктар рыхтуецца схапіцца — так і не патлумачыў.
Нараніцу ўрок паўтарыўся, хоць і карацейшы. Доктар пабурчэў, што старэе, што кісці рук недастаткова гнуткія, і скача ўжо недастаткова хутка — ага, недастаткова, дваіх маладзейшых загнаў, як п’яны драгун коней, — і загадаў збірацца. Прычым склаў у доктарскую скураную валізу, якую тут набыў замест скрадзенай, бутэлечкі з лекамі, тканіну для перавязкі, маток шаўковых нітак з застрашліва вялікай крывой хірургічнай іголкай… Значыць, бойка будзе сур’ёзнай. Нездарма паспрабаваў пакінуць у гатэлі паненку Багінскую. Але Паланэйка на ўгаворы і застрашванні толькі злосна прагаварыла: «Камандваць будзеш дома жонкай, доктар».
Лёднік намёк пра зняволенне Саламеі зразумеў, сціснуў зубы і адвярнуўся.
Пан Гервасій радасна заўважыў, што даўно трэба было здабыць жаданае сумленнай шабляй, а не разводзіць марцыпаны… Але паехалі яны не ў бок абацтва тампліераў, а бліжэй да ракі. Лёднік адпусціў фурмана ў самым падазроным месцы, дзе чарнелі пачварныя збудаванні партавых складоў і швэндалася мноства самага злавеснага люду. Каля вузкага праходу між двума складамі, які пакідаў адчуванне пасткі і дзе знікалі мінакі — і чыста злодзейскага выгляду, і джэнтльмэны з карункавымі манжэтамі, — стаяў, прываліўшыся да сцяны, грамідла ў скураной камізэльцы, скрыжаваўшы на грудзях рукі, якімі, напэўна, можна было выціскаць з камянёў ваду. Доктар з грамідлам пашаптаўся, сунуў манету… Той кіўнуў: праходзьце, маўляў.
І яны прайшлі.
Напачатку ўразіў шум. Людзі ў вялікім пустым памяшканні штурхаліся, крычалі… Пры сцяне мелася спецыяльная ложа, як у тэатры, там збіралася радавітая публіка. Прысутнічалі нават дамы ў вялізных капелюшах з упрыгожваннямі ў выглядзе маленькіх караблёў ды птушак, твары некаторых прыкрывалі маскі і вэлюмы. Дамы адчайна махалі веерамі, дэманструючы хваляванне тонкіх сваіх натур. Праз шэрагі вокнаў з запыленымі шыбамі праходзіла дастаткова святла, каб разгледзець да драбніцаў усё, што адбываецца на вольнай пляцоўцы пасярэдзіне залы, вакол якой кругам тоўпіліся гледачы. Зараз на ёй біліся два пеўні.
— Ты куды нас прывёў? — крыкнуў Лёдніку на вуха, перакрываючы тлум, пан Гервасій. — Мы што, на пеўняў зараз будзем ставіць?
— Гэта месца з самымі высокімі стаўкамі ў Лондане, — адказаў доктар. — Цяпер — толькі пачатак. Пасля будзе бойка на кулаках, а на завяршэнне — з халоднай зброяй.
Між тым чорны певень канчаткова задзёўб белага, і людское кола як па камандзе хуценька расступілася ўбакі, вызваляючы шырэйшы пляц. У руках забразгалі манеты, замільгалі папяровыя грошы, і пад ухвальныя выкрыкі на пляцоўку, закрапаную пеўневай крывёю, выйшлі два паўаголеныя байцы з кулакамі, абматанымі рамянямі.
Людзі зараўлі.
— Што яны ўсе выкрыкваюць? — папыталася панна Багінская. — Калі жанчыны біліся ля гатэлю, крычалі тое самае.
— Улюбёная фраза лонданцаў: «У круг!». Гэта значыць, будзе бойка, — спакойна адказаў доктар.
— Бутрым, ты што, збіраешся тут біцца на шаблях? У гэтай разбойніцкай ламарні? — з жахам здагадаўся Пранціш. — Ты ж прафесар! Вучоны!
— Ну вось, калі што, сам сябе і вылечу. Дарэчы, трымай лекі… Маеш шанец на медычную практыку.
Пранціш з самымі кепскімі прадчуваннямі прыняў цяжкую валізку.
Панна Багінская стаяла, грэбліва скрывіўшы тварык, і яе ніяк не цікавіла, якім чынам у сто першы раз зламае рабому боўдзілу нос другі боўдзіла, валасаты, як малпа.
— Вось скажыце, доктар, чаму вы заўсёды выбіраеце самы няўдзячны і стратны для ўласнага здароўя шлях? — з агідай папыталася панна. — Хіба цяжэй было прапанаваць якой герцагіні павялічыць яе дыяменты, вылечыць ад прышчоў альбо скласці парфуму, каб любы мужчына ад паху траціў галаву? Далібог, я б сама за такое не пашкадавала тысячу талераў!
— Заставалася за адзін дзень знайсці даверлівую герцагіню з лабараторыяй, павялічыць дыямент, скласці парфуму, вылечыць прышчы, а напачатку яшчэ ператварыцца ў шалбера, — прабурчэў доктар.
Людзі зараўлі, валасаты бамбіза, які перамог рабога, трос рукой з заціснутым у іх стосам папяровых грошай.
— І колькі ён атрымаў? — пацікавіўся Амерыканец.
— Фунтаў дваццаць, — мяркуючы па выразе твару, і Лёдніку не надта былі цікавыя кулачныя разборкі.
— Да тысячы далёка, — насмешна прамовіў пан Гервасій.
— Плацяць пераможцу кожнай бітвы, таму чым болей выйграеш боек — тым болей атрымаеш. І з кожнай бойкай прыз расце. Апошні з кулачных байцоў, які пераможа ўсіх, атрымае не менш за трыста фунтаў. А самыя вялікія грошы выплочваюцца падчас збройных паядынкаў.
— Але ж няма ніякай пэўнасці, што набярэцца менавіта тысяча! — абурыўся Пранціш.
— Значыць, трэба біцца, пакуль не набярэцца, — скрозь зубы прамовіў Лёднік і ўтаропіўся на пляц.
— У круг! У круг! — загарлалі гледачы.
Высокі нязграбны дзядзька з лысым шышкаватым чэрапам стукаў сябе ў грудзі кулаком і нешта выкрыкваў, відаць, не знаходзячы суперніка. Раптам у кола выйшаў малады плячысты джэнтльмэн, які на хаду здымаў дарагі камзол.
— Гэта хто? — уразіўся пан Агалінскі.
— Мяркуючы па выкрыках, лорд Кавендзіш, — здзівіўся і Пранціш. — Няўжо сапраўдны лорд?
— А чаму і не? Арыстакраты таксама тут бяруць удзел, — няўважна азваўся Лёднік. — Чаго не зробіш ад нуды! А паназіраць нават герцагіні ездзяць.
— А ён вельмі прывабны! — вызіраючы з-за чужых плеч, ацаніла Паланэйка бялявага, добра складзенага лорда.
Той апраўдаў яе захапленне, калі ўклаў лысага на дзясятым удары. Пераможанага хуценька адвалаклі за ногі з пляцоўкі.
— Сто пяцьдзесят фунтаў таму, хто адолее лорда Кавендзіша! — пракрычаў кіраўнік жорсткіх забаў.
І тут здарылася нечаканае: пан Гервасій, які са з’яўленнем лорда пачаў праяўляць да бойкі непадробны інтарэс, з крыкам ірвануў наперад.
— Я, шляхціц, ліцвін Гервасій Агалінскі прымаю выклік ягонай мосці пана Кавендзіша!
Лёднік, Пранціш і Багінская праштурхаліся ўслед за Амерыканцам. А той ужо на прагных вачах натоўпу скідваў камзол, кашулю, парык і выскаляўся ў прадчуванні бойкі. Баўтрамей схапіў пана за плячо.
— Што вы творыце, вашамосць! Вы хоць ведаеце правілы гэтай гульні?
— Го, мяне ў нашым палку яшчэ ніхто не мог здужаць! Морду наб’ю ангельцу на раз! — пан Гервасій нахабна глядзеў у вочы высокаму бяляваму лорду, які механічна падскокваў на месцы, чакаючы суперніка.
— Пачакайце ж! — з прыкрасцю сказаў доктар, нешта пракрычаў, яму кінулі дзве скураныя палоскі, перамазаныя крывёй, і свежай, і засохлай. — Запамінайце… — Лёднік з дапамогай Пранціша пачаў абкручваць кулакі пана Гервасія пасамі, тлумачыць спехам правілы і даваць парады.
— Гоу! — гэтае слова Пранціш вывучыў добра.
Сотні вачэй зноў гарэлі грэшнай прагай чужых пакутаў і смерці. Да гэтага дадавалася магчымасць дармовых грошай, азарт, п’янкі, як мёд баторын. Нават панна Багінская кусала вусны ад нецярпення.
Лорда, аднак, на раз заваліць не ўдалося. Пан Гервасій выглядаў не горш за яго: плечы шырокія, адважны, хуткі, але лорд рухаўся больш дакладна. Агалінскі шалеў, ятрыўся, лупіў у вясёлым азарце, а ангелец пралічваў свае рухі з халоднай жорсткасцю, біў моўчкі, удары прымаў без лаянкі.
— Дурань, куды кідаецца! — каментаваў скрозь зубы дзеянні Амерыканца Лёднік. — Прапусціў у галаву — каб мазгі меў, дык без іх застаўся б.
Пранціш таксама нерваваўся: яму і самому хацелася б вось так, па-мужчынску… Каб захапляліся, каб панна Паланэя кусала ад хвалявання вусны… Эх, быць бы такім жа плячыстым, як пан Гервасій! Ці хоць высокім, як Лёднік. Затое ў спрытнасці студыёзусу роўных няма. Вось у гэты момант бойкі ён на месцы Амерыканца прысеў бы ды збоку…
Лёднік тузануў вучня за рукаў.
— Не ўздумай і ты нешта ўчыніць! Бачу, загарэўся… Толькі рыпніся — уласнаручна па галаве дам.
— Оў! — зараўлі вакол.
Альбанчык патрапіў такі кулаком з усяе моцы ў сківіцу лорду. Лорд бразнуўся на падлогу, як ссечанае дрэва.
Сто пяцьдзесят фунтаў, перададзеныя ад пераможцы Пранцішу, студыёзус, навучаны горкім досведам, схаваў за пазухай, пад кашулю. Пан Гервасій з тварам, перамазаным чырвонай юхай, хадзіў па коле, шырока ўсміхаючыся разбітымі вуснамі, біў сябе ў грудзі, парослыя рудой поўсцю, і крычаў:
— Агалінскія не здаюцца! У славу пана Караля Радзівіла любога паб’ю!
Нехта сунуў замежнаму байцу бутэльку, як відаць, не з гарбатай, пан Агалінскі прагна прысмактаўся і зусім павесялеў.
— Давайце! Ну, гоў-гоў па вашаму. Хто наступны?
Лепей бы ён гэтага не зведаў. За прыз наступнага боя выйшаў змагацца сапраўдны Галіяф. Не меншы за Ватмана. Ягоная фізіяномія здавалася сабранай з кавалачкаў, лобныя косткі выступалі наперад, як у малпы, ніжняя сківіца была падобнай да кавадла. Маленькія вочы Галіяфа глядзелі невыразна, без злосці, без цікавасці.
— Ну, давай, малпа лонданская! — пан Гервасій з налёту ўрэзаў Галіяфу ў сківіцу-кавадла.
А той як не заўважыў. Нават галавой не паматаў. Панна Агалінская завішчэла, калі волат раптам выкінуў наперад сваю даўжэзную руку і, здаецца, лёгенька стукнуў пана Гервасія ў плячо, а той і пакаціўся…
Цяпер Пранцішу ўжо не хацелася самому быць у коле. Змаганне выглядала безнадзейным. Агалінскі кідаўся, лупіў — Галіяф ягоных удараў не заўважаў. Затое пан Гервасій раз за разам валіўся з ног, відаць, успамінаючы свой двубой з полацкім бычком у двары карчмы.
— Заб’ю! — хрыпеў Амерыканец, калі яго за ногі адцягвалі з пляцоўкі.
— Нічога, паўтары сотні фунтаў — добры ўнёсак, — суцяшаў Лёднік. — А гэты доўбня — падобна, тутэйшы чэмпіён, заўсёды перамагае.
— Вашамосць вельмі мужна трымаліся, — запэўніла Амерыканца Багінская.
— А замуж за мяне пойдзеш? — весела прахрыпеў Агалінскі, гледзячы на «нявесту» адзіным не запухлым вокам. — Я за жонку сваю яшчэ не так буду біцца!
У Пранціша ажно сэрца спынілася. Але Паланэйка толькі какетліва засмяялася.
— Ах, пан Агалінскі, хіба да такіх размоваў цяпер…
Пакуль Лёднік абмацваў Амерыканца, ставячы дыягназ, пакуль прыкладаў мазі, Галіяф сапраўды ўклаў яшчэ аднаго суперніка, чырванатварага, падобнага да бочкі, і атрымаў яшчэ дзвесце фунтаў і званне галоўнага сённяшняга пераможцы. Прычым чырванатвараму пашанцавала куды меней, чым пану Агалінскаму: Лёднік, кінуўшы вокам на бязвольнае цела, запэўніў, што ў небаракі зламаная шыя. Наўрад выжыве.
Пасля невялікага перапынку затрубіла труба, зусім як пры пабудцы ў казармах. Людзі зноў ажывіліся, заварушыліся, зазвінелі манетамі.
— Ну, усё, мая чарга, — вельмі будзённа сказаў Лёднік і рушыў наперад.
Цяпер біліся майстры халоднай зброі.
Супернікі тут таксама распраналіся да пояса — каб не было спакусы паддзець пад кашулю які панцыр, што часам рабілі. А без кашулі прафесара Лёдніка можна было прыняць за разбойніка-катаржаніна — з ягоным наборам разнастайных шнараў і жылістым, падцягнутым целам. Прафесар звязаў цёмныя валасы ў хвост і застыў у расслабленай паставе, апусціўшы шаблю.
— Містэр Айсман! — аб’явіў кіраўнік.
Вырвіч, нягледзячы на нярвовасць, ледзь не засмяяўся ад такога псеўданіму: ён ужо ведаў, што айс — гэта па-ангельску «лёд». Вядома, прафесару Віленскай акадэміі без патрэбы, каб у Еўропе даведаліся пра ягоныя подзьвігі ў якасці вулічнага байца.
Першым супраць «містэра Айсмана» выйшаў таксама немалады ваяр са слядамі шматлікіх ран, узброены палашом. Ён біўся разважна, спрактыкавана… Але супраць Лёдніка доўга пратрымацца не мог. Некалькі хвіляў — і палаш на падлозе. Мала хто здолеў нават прасачыць імклівыя рухі «містэра Айсмана». Пераможаны паважліва пакланіўся, як стары ваяр старому ваяру, і нават пажадаў удачы. Першыя пяцьдзесят фунтаў адправіліся да студыёзуса за пазуху.
Публіка шалела ад узрушэння. Супраць Баўтрамея выходзілі старыя і маладыя, прафесійныя забойцы і арыстакраты. Біліся на шпагах, рапірах і мячах. Лёднік працаваў акуратна і хутка. Зброя суперніка на падлозе — грошы забраць — перадаць на захаванне Вырвічу.
Вочы ў людзей гарэлі, як у вурдалакаў. Ім хацелася яшчэ большага, яшчэ ярчэйшага, яшчэ страшнейшага… Паступова з агульных выкрыкаў склалася адно слова, якое крычалі і дамы ў капелюшах, седзячы ў ложы, і разносчыкі газет, рамізнікі і докеры ўнізе: «Bloode! Bloode!». Што азначала «Крыві!». Вырвіч зразумеў, што гледачы незадаволеныя тым, што Лёднік нікога сур’ёзна не параніў і не забіў, і сам цэлы. А тут жа і лекары пільнавалі, каб зашываць на месцы раны — гэта было яшчэ адно асобнае відовішча.
Да Лёдніка наблізіўся кіраўнік, перагаварыў. Прафесар незадаволена кіўнуў галавой. Кіраўнік нешта пракрычаў, пасля чаго натоўп радасна загуў.
— Што ён сказаў? — устрывожана папытаўся Пранціш у стамлёнага палачаніна.
— Што цяпер бойка будзе працягвацца, пакуль адзін з супернікаў не зможа ўстаць. Адно слова, дзікуны.
Лёднік абцёр з ілба пот і ўздыхнуў.
— Зноў грэх на душу браць, людзей калечыць…
Укладваў людзей Лёднік, аднак, акуратна, з дасканалым веданнем анатоміі, каб не пакалечыць зусім. Але кроў лілася, і публіка была задаволеная. Сам прафесар дадаў да калекцыі шнараў пару драпін.
Стос грошай за пазухай Пранціша ўсё рос, і студыёзус нервова прыціскаў яго да сябе левай рукой.
— Ну што, тысяча ёсць? — прахрыпеў Лёднік пасля чарговай схваткі, падчас якой спрытны, як яшчарка, супернік ледзь са злосці насуперак усякім правілам не ўсадзіў доктару ў бок схаваны ў поясе нож.
— Усяго двух соцень не хапае.
— Тады трэба заканчваць.
Доктар пайшоў да распарадчыка на перамовы… І тут здарылася бяда. Адзін з пераможаных супернікаў, якога Лёднік, шкадуючы, толькі аглушыў плазам шаблі, чарнявы, з прыплюснутай злоснай фізіяноміяй, падскочыў да свайго пераможцы са спіны з аголеным палашом.
— Бутрым!
Лёднік ледзь паспеў азірнуцца і сустрэць лязо лязом… А на яго населі яшчэ некалькі, відаць з той жа банды. Замільгалі нажы… Пранціш дапамог доктару са сваёй шабляй, імгненна стаўшы спіна да спіны, не дарэмна натрэніраваны… Пан Агалінскі выкруціў руку з нажом аднаму з падлюкаў і прыклаў кулаком у лоб. Умяшаўся яшчэ той-сёй з публікі. Абурана закрычалі і ў ложы, асабліва патрабаваў навесці парадак лорд Кавендзіш, які, падобна, трохі ачуняў ад удару ў сківіцу. Парушальнікаў правіл з ганьбай вытурылі… Усё скончылася за пару хвіляў. Але прафесар стаяў, заціскаючы рукой глыбокі парэз на левым перадплеччы. Крыкнуў злосна распарадчыку, здаецца, што з кола не выходзіць, біцца працягне, той радасна заківаў.
Прафесар без цырымоній усеўся на падлогу, усё гэтак жа заціскаючы рукой рану, з-пад пальцаў лілася кроў, і загадаў Пранцішу:
— Зашывай!
Да параненага тут жа падбеглі мясцовыя лекары са сваім інструментарыем, але ліцвінскі калега выразна паслаў іх на чысцюткай латыні зашываць дзюбы таўэрскім крумкачам.
Паланэйка дапамагла Вырвічу дастаць з валізкі падрыхтаваныя Лёднікам інструменты.
— Голку і нітку ў спірце патрымай! — камандаваў Лёднік.
— Ведаю, не дылетант! — адрывіста адказаў Пранціш, цалкам засяроджваючыся на «медычнай практыцы».
Публіка шчыра радавалася, намагаючыся прысунуцца як мага бліжэй, паназіраць за аперацыяй. Зусім як у касцёле ў Тамашова. Лэдзі і джэнтльмены ў ложы падносілі да вачэй акуляры на доўгіх ручках, выцягвалі шыі, каб лепш разгледзець працэс. Пан Гервасій некалькі разоў адсоўваў падалей цікаўнікаў, якія былі гатовыя носам у чужую рану дзюбнуцца, як сцярвятнікі. Адзінае, што мог прафесар — захоўваць гранічна пагардлівы выраз аблічча.
Вырвіч з дапамогай Паланэі, якая нат не паморшчылася ні разу, справіўся даволі хутка, аж заганарыўся, шчыльна перавязаў рану. Лёднік узняўся, пакруціў рукой, правяраючы:
— Нармальна!
Кіраўнік зараз жа абвесціў аб працягу відовішча, дакладней, ягонай апошняй і самай цікавай часткі. Містэр Айсман, які прадэманстраваў выдатнае валоданне зброяй, выклікае на бойку адразу дваіх. Прыз — пяцьсот фунтаў.
Лёднік стаяў у падманліва абыякавай паставе, апусціўшы галаву, у абодвух руках па шаблі. Гледачы перашэптваліся, перазіраліся. Падобна, містэр Айсман нагнаў на ўсіх страху. Нарэшце ў круг выйшлі двое: чарнявы ірландзец з абсечаным вухам і матрос каралеўскага флоту, з перабітым носам і залысінамі, на спіне якога красаваліся шнары ад удараў не менш, чым у Лёдніка. Да варажбіткі не хадзі — байцы спрактыкаваныя. Гледачы зараз жа пачалі рабіць стаўкі.
Ірландзец пастараўся заняць пазіцыю насупраць параненай рукі суперніка. Пранціш моцна сумняваўся, што гэта яму дапаможа. Аднак небяспека заставалася — прафесар стамлёны, паранены, вакол поўна тых, хто можа і нажом у спіну пырнуць, і падножку падставіць.
Але калі распарадчык выгукнуў «Гоў!», Вырвічу зноў прыйшло на думку параўнанне з чорнай змяюкай. Лёднік вырашыў учыніць для ангельцаў на развітанне відовішча і не спяшаўся завяршаць бойку, быццам хацеў давесці ненавіснікам, што атрыманая рана яго не зламала. Ягоныя рухі нагадвалі імклівы складаны танец, які заварожваў, як танец гадзюкаў, шаблі мільгалі, як маланкі. Першым з бойкі вылецеў ірландзец — Лёднік метадычна параніў яму абедзьве рукі. Амаль зараз жа бразнула на каменныя пліты шабля марака, а яе ўладальнік укленчыў, аслеплены крывёй, што цякла з неглыбокай раны на ілбе, і страшэнна лаяўся.
Доктар урачыста пакланіўся, атрымаў грошы, адмовіўся: распачаць палкае сяброўства з прыхільнікамі — скарыстацца з інтымных паслугаў захопленых дзявіцаў — адсёрбнуць з бутэлькі — прагуляць частку выйграных грошай у выдатным прытончыку, і кінуў кампаньёнам, апранаючыся на хаду:
— Цяпер самая складаная задача — рэтыравацца адсюль цэлымі і пры грашах. Панна Паланэя, трымайцеся між нас…
Трывога Лёдніка была зразумелай: вакол іх сабралася падазроная банда, кідаючы дужа зацікаўленыя позіркі. Пранціш узяўся за шаблю…
Раптам натоўп расступіўся, бандзюкі змрочна панурыліся. Да пана Гервасія падыходзіў у суправаджэнні да зубоў узброеных слуг лорд Кавендзіш з заўважна распухлай сківіцай, ад чаго вымаўляў словы не зусім выразна.
— Магчыма, шаноўныя чужаземцы гавораць па-французску?
— О, так! — узрадваўся пан Гервасій магчымасці нарэшце спакойна перагаварыць з роўным. — Рады бачыць, што вашамосць знаходзіцца ў добрым здароў’і. Дазвольце прадставіцца: шляхціц Гервасій Агалінскі.
Лорд расцягнуў вусны ва ўсмешцы, наколькі дазваляла пабітая сківіца, абвёў вачыма кампанію ліцвінаў, трохі затрымаўшы позірк на пане Бжастоўскім.
— Прапаную шаноўнаму панству скарыстацца маёй кампаніяй і маёй карэтай, каб пакінуць гэтае блаславёнае месца. Бо мне падаецца, што джэнтльмэны не зусім ведаюць мясцовыя звычаі і з гэтай прычыны могуць патрапіць у невыгоднае становішча.
Прапанова была прынятая з удзячнасцю і аказалася вельмі своечасовай, калі меркаваць па расчараваных фізіяноміях бандзюкоў.
У шыкоўнай прасторнай карэце месца хапіла ўсім. Лорд адкінуўся на абшытую залацістым атласам сценку.
— Дзе ваша краіна, сэр Агалінскі, уяўляю цьмяна, хаця сустракаў у Лондане князя Юзэфа Панятоўскага. Ён вельмі любіў рызыкоўныя прыгоды… Як і вы, джэнтльмэны.
Лорд гаварыў разняволена і трохі млява, як чалавек, які звык да ўлады. Пан Гервасій запэўніў суразмоўцу, што яны патрапілі ў гэты прытон толькі таму, што, прыехаўшы, былі абакрадзеныя. Лорд паціснуў плячыма.
— Вы маглі б прадаць сваю дзяўчынку. Я з задавальненнем яе куплю. Ліцвінак у мяне яшчэ не было.
Паланэя збялела.
— Гэта мая нявеста! — гнеўна сказаў пан Гервасій.
Лорд млява падняў рукі.
— У такім разе прашу прабачыць мяне, вашамосць. Але ваш маскарад не можа падмануць спрактыкаванае вока. Я чуў, сярод таго зброду той-сёй змаўляўся вашу нявесту скрасці. Ведаеце, жанчыны — дарагі тавар. Асабліва адукаваныя, з манерамі.
На лорда з ягоным абыякава-вясёлым цынізмам немагчыма было злавацца. Ён быў з той пароды людзей, што, каб прабавіць час да ланчу, могуць здзейсніць подзвіг, выстраліць сабе ў рот альбо забіць выпадковага мінака з аднолькавай верагоднасцю і аднолькавым выразам твару. У пане Агалінскім лорд Кавендзіш прызнаў такога ж арыстакрата, што і падкрэсліваў, звяртачыся выключна да яго. На Лёдніка ж пазіраў са стрыманай паблажлівай цікавасцю:
— А вы, містэр Айсман, напэўна, былі жаўнерам?
Лёднік фанабэрыста варухнуў брывом.
— Я доктар, вашамосць.
Лорд зрабіў ласку недаверліва ўсміхнуцца.
— На вас сляды куль і ляза, гэта можа здарыцца паўсюль. Але столькі кіяў ды бізуноў, што прайшліся па вашай спіне, магчыма зарабіць толькі ў арміі, на флоце альбо на катарзе.
Пан Агалінскі перхануў і апусціў вочы. Ён выдатна ведаў, адкуль у Лёдніка шнары ад удараў — пастараўся старэйшы Агалінскі. Прафесар набыў яшчэ больш фанабэрысты выгляд.
— Скажам так, ваша мосць, я нейкі час знаходзіўся ў палоне.
Лорд Кавендзіш матнуў галавой, паказваючы адначасова і лёгкае спачуванне, і сваю абыякавасць да перыпетый Лёднікава жыцця. І зноў утаропіўся ў пана Агалінскага.
— Прапаную васпану яшчэ адно экзатычнае ўражанне: я ведаю адну прыемную кавярню з выбранай публікай, дзе можна пакурыць вельмі цікавы тытунь, прывезены з вастравоў… Да раніцы вы будзе падарожнічаць у самых смелых сваіх мроях… Складзеце кампанію, васпан?
На твары лорда прабягалі цені прыдарожных дрэваў, нібыта цёмныя анёлы. Пан Агалінскі, якога Лёднік на ўсялякі выпадак непрыкметна штурхануў локцем, уздыхнуў і адмовіўся.
— Тады, вашамосць, прадайце мне свайго целаахоўніка-доктара. Гэта надзвычай цікавае спалучэнне — дасканалы забойца і лекар у адной асобе…
Млявы голас лорда Кавендзіша гучэў так, што незразумела было, ці ён жартуе, ці гаворыць наўсур’ёз. Зразумела было адно: не дай Гасподзь яго раззлаваць.
Пасля ветлівых тлумачэнняў Лёдніка, што ён больш не прадаецца, лорд утаропіў светлыя невыразныя вочы ў фехтавальшчыка:
— Справа толькі ў цане. Вы ж сёння прадавалі сваё жыццё. І я прадаваў — за келіх рызыкі. Ты ствараеш кола — альбо ідзеш у кола. Я люблю паспрабаваць і тое, і тое. Год таму мы прыдумалі адну цікавую забаву… Чулі пра магаўкаў?
— Не, ваша мосць.
Твар лорда стаўся, як у цівуна над гультаяватымі жнейкамі.
— Мы так называемся ў гонар індзейцаў. Чырванаскурыя таксама не абцяжарваюць сябе развагамі пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Уявіце сабе: ідзе па вуліцы, апаганьваючы яе сваёй прысутнасцю, які-небудзь смярдзючы абшарпанец… Альбо пузаты мяшчук, які марыць хутчэй апынуцца ў ложку побач са сваёй таўсманнай жонкай… І раптам апынаецца ў коле ўзброеных шпагамі джэнтльменаў у чорных плашчах і масках. Ён пачынае пацець ад страху і намацвае кашалёк… І тут адчувае укол у паясніцу. Паварочваецца… І зноў яго колюць ззаду. Ён зноў паварочваецца… І яго зноў колюць у спіну. Задача ў тым, каб надаць рухам ахвяры дынамічнасць, каб ён круціўся як найхутчэй, і гэта нагадвала танец. Чым непаваротлівей і звыродлівей ахвяра, тым больш смешна атрымліваецца. Асабліва цікава з кабетамі… Яны вішчаць, падскокваюць, выгінаюцца…
— Вы і кабетаў перапыняеце? — абурыўся Пранціш.
— А што?
Вырвіча ажно трэсла ад гневу.
— Такія заняткі нявартыя шляхціца, ваша мосць!
— Альбо ты ўтвараеш кола, альбо стаіш пасярэдзіне яго, — абыякава прамовіў лорд. — Хочаце ў круг — вашая воля. Асабліва было б забаўна паназіраць за панам доктарам. Гэта быў бы адмысловы танец!
— Ды Баўтрамей парэзаў бы вашых «магаўкаў», як жаб на лабараторным стале!
Лорд не паспеў адказаць, улезла хуценька Паланэя:
— Сэр Кавендзіш, а ці ведае ваша мосць вельмішаноўную лэдзі Кларэнс? Магчыма, пан зробіць ласку нешта распавесці чужаземцам пра гэтую высакародную асобу?
Багінская зрабіла ўсё правільна: прадухіліла магчымы гнеў лорда, адцягнуўшы ягоную ўвагу бязвінным пытаннем, і пытанне было важнае…
Вось толькі ці не было яно бязвінным, ці лорд канчаткова розумам паехаў, толькі вочы яго ашклянелі, ангелец некалькі разоў ляснуў кулаком у сценку карэты, і фурман спыніў коней.
— Перапрашаю вашамосцяў, але далей везці вас не магу. Вельмі прыемна было пазнаёміцца, — пры апошніх словах шалёны лорд пакратаў апухлую сківіцу. — Арэвуар.
І, далібог, Вырвічу падалося, што ў абыякавых вачах лорда Кавендзіша паказалася сапраўдная нянавісць.
І нельга сказаць, каб усіх надта засмуціла неабходнасць пакінуць карэту — у таварыстве лорда пачувалася, як тым замежнікам, якіх у Нясвіжы, у гасцях у пана Караля Радзівіла, абслугоўвалі заміж лёкаяў смаргонскія мядзьведзі.
Пабіты пан Гервасій Агалінскі, парэзаны пан Баўтрамей Лёднік, напалоханая перспектывай выкрадання панна Паланэя Багінская і прыгнечаны тым, што не ўдалося здзейсніць подзвіг на вачах Чароўнай Дамы студыёзус Пранціш Вырвіч вярталіся ў гатэль «Дуб і Крумкач», да цяпла каміну. Пранціш пяшчотна прыціскаў рукою схаваны пад кашуляй стос заробленых ліцвінскай крывёй грошай.