Увогуле куфэркі з залатымі дукатамі не прынята перакульваць, як куфлі з няякасным півам.
Залатыя дукаты прынята пералічваць, любавацца іх уладным спакусным бляскам, перахоўваць, прыкідваць, на што патраціць…
Але доктар Баўтрамей Лёднік куфэрак з прыгожай разьбою, з накладным залатым вензелем з каронай менавіта перакуліў, і дукаты пакрыўджана раскаціліся па стале, са звонам спатыкаючыся аб хімічныя прылады.
— Фаўст, не гарачыся! — пагладзіла мужа па спіне пані Саламея. — Ну шпурнеш ты гэтыя манеты, па тваім выразе, у дыпламатычную пысу князя Рапніна, нажывеш яшчэ аднаго магутнага ворага, а што далей? Лепш аддай гэтыя грошы на царкву!
— Як ты не разумееш! — бушаваў Лёднік. — Ён жа прыслаў мне нібыта плату за тое, што я па ягонай замове абдурыў двух магнатаў, адцягнуў іх увагу ад барацьбы за трон! Каб я ўдзельнічаў у палітычных інтрыгах, ды яшчэ так… Ганьба!
Доктар знервавана захадзіў па кабінеце.
— Баўтрамей, не пераацэньвай сваю значнасць! — сурова сказала Саламея.
Зморшчынка пазначылася паміж яе чорных выгінастых броваў — праўдзівы мужчына што заўгодна зрабіў бы, абы на гэтым дасканала гожым абліччы не з’яўлялася такіх зморшчынак. Праўда, пасля свайго зняволення ў кляштары, пра якое яна ўспамінаць не любіла, прыступы тугі час ад часу находзілі на жонку доктара.
— Няўжо ты думаеш, што так ужо істотна паўплываў на палітычныя падзеі, утварыў, так бы мовіць, гістарычную шкоду? Па-першае, і без цябе б нейкую інтрыгу прыдумалі. Па-другое, ты што, лічыш, ягоная мосць князь Радзівіл сядзеў і чакаў твайго вогненнага мяча? Ды ад яго на кожным сойміку ледзь не сцены рушыліся! Упэўнена — ён за гуляннямі ды засяданнямі і не ўспамінаў пра заморскую экспедыцыю, васковую ляльку, цуда-зброю… А князь Багінскі — няўжо, каб ты не выправіўся за мора, ён быў бы смялейшы, больш удачлівы? Не думаю. А па-трэцяе, ты дзейнічаў дзеля ратунку сваіх бліжніх, а значыць, дзеля адзіна правільнай мэты ў часы палітычных карагодаў. Радзівілы і Багінскія на цябе забыліся, князь Рапнін задаволены… Ды гэта проста цуд! І ведаеш што… — Саламея лёгенька пацалавала мужа ў шчаку. — Забудзься на сваё падарожжа, як на страшны сон…
— Я б і рады… — тужліва прамовіў Лёднік і павярнуўся ў той кут кабінету, дзе стаяла напалову разабраная скрыня.
А ў скрыні сядзела васковая Пандора — ніхто з хатніх не мог уцяміць, хто і навошта яе доктару вярнуў. Верны слуга Хвелька толькі хрысціўся спалохана ды пацеры мармытаў, калі апынаўся побач з шатанскім аўтаматам. Лёднік падыйшоў да лялькі, задумліва дакрануўся да яе бела-ружовага твару, акрэсліў пальцам абрыс брыві, правёў па шчацэ, як бы лашчачы…
— Яна і ў жыцці такая ж прыгожая? — ціха папыталася Саламея.
Доктар уздрыгнуў ад такой праніклівасці жонкі, і, прамарудзіўшы, стрымана адказаў, не азіраючыся:
— Яшчэ прыгажэй. Воск не перадае характар… Уладнасць, жорсткасць… Наіўнасць. Вар’яцкае спалучэнне.
Саламея сціснула рукі, але наважылася на пытанне:
— Яна закахалася ў цябе?
Бутрым адвярнуўся ад лялькі, якая пазірала ненатуральна вялікімі шэрымі вачыма на партрэт Галена, быццам прыкідвала, ці не варта і гэтага славутага доктара залучыць да сваёй світы.
— Яна пагулялася мною. Такі быў капрыз асобы каралеўскай крыві. Можа быць, апошні капрыз у яе жыцці. Яна… загінула.
Пані Лёднік сутаргава ўздыхнула, абняла мужа за плечы, прыхінулася да яго вінавата прыгорбленай спіны.
— Дарагі, не пераймайся, прыхамаці радавітых асобаў нам добра знаёмыя. Успомні, як я была ў палоне ў князя Гераніма Радзівіла. Кожны з нас… можа патрапіць у такія варункі, калі ўсе нашыя цноты нас не ўберагуць, — пры гэтых словах голас Саламеі змяніўся, Пранцішу падалося, што пані зараз заплача, але яна перасіліла сябе і загаварыла больш весела. — Добра, што гэтай высакароднай даме не зажадалася нанесці табе шкоду. Ведаеш, з тваім характарам падобнае жаданне ўзнікае шмат у каго з тваіх знаёмцаў.
Лёднік павярнуўся, схапіў жонку ў абдоймы, схаваў твар у яе чорных, бліскучых, як шоўк, валасах.
— Я не варты цябе… Ты маеш рацыю — забыцца на ўсё, як на страшны сон… Толькі б яшчэ даведацца, ці стрымаў слова пан Агалінскі, ці мой хлопчык не пакутуе, ці не сапсаваны ягоны лёс…
— Ягоная мосць пан Агалінскі — сапраўдны шляхціц, ён трымае слова, — запэўніла Саламея. — Вось пабачыш — у хуткім часе аб’явіцца!
Зіма паціху канала ў калюжынах і лагчавінах, апошнія лапікі бруднага, як пабітага воспай, снегу ператвараліся ў веснавыя ручаіны, што буркаталі, бы сярдзітыя прафесары, і смяяліся, як пракудлівыя студыёзусы. Потым цёмнае цела ліцвінскай зямлі прыбралася ў зялёныя рызманы травы, і буслы па-гаспадарску аглядалі новыя гнёзды, не ведаючы, якое з іх ацалее.
А потым Пранціш Вырвіч вярнуўся дадому не сам. Па-праўдзе, прынеслі яго, як мех груцы, ягоныя аднакурснікі на чале з чарнявым мацаком-гарадзенцам Недалужным. Аднакурснікамі яны былі ўжо былымі — бо паны студыёзусы ператварыліся ў дыпламаваных дактароў вольных навук! З якой нагоды і быў учынены баль, пасля якога прыбавіцца працы шкельнікам, якіх жыхары слаўнага места Вільні будуць запрашаць устаўляць новыя шыбы, ліхтаршчыкам, якія будуць замяняць разбітыя ліхтары, карчмарам, якім давядзецца закупляць новы посуд…
— Калі я атрымаў дыплом у Празе, мы з сябрукамі загарнулі ноччу ўсе статуі на Карлавым мосце ў белыя прасціны, а раніцу я сустрэў на верхняй пляцоўцы званіцы, — меланхалічна сказаў Лёднік устрывожанай жонцы. — Прычым як я патрапіў на тую званіцу — забіце, не ўспомню.
І пайшоў варыць свайму вучню свежае зелле ад наступстваў начнога балявання.
Нараніцу Пранціш сапраўды мала што мог успомніць. Але дыплом — вось ён, з пячаткай! І шапачка доктарская, і мантыя! Цяпер можна заняцца і вайсковай кар’ерай… Хай прафесар выбачае — але медыцына Пранціша не вабіла.
Пасля візіту да палкоўніка коннага рэгімента вялікай булавы пана Мыцельскага, сябра памерлага вялікага гетмана Радзівіла Рыбанькі, што адбылося дзякуючы пратэкцыі доктара Лёдніка, Пранціш яшчэ больш павесялеў: яго чакала цікавае прызначэнне ў Ковенскі павет і для пачатку чын падхаружага з гадавым акладам ажно ў сто пяцьдзесят польскіх злотых! Не агледзяцца — стане бравы рыцар Вырвіч харужым, потым — капітанам, потым… Сто разоў пашкадуе паненка Багінская, што прамінула такога малойцу!
Пранціш, ганарыста заламаўшы новенькую шапку, зайшоў у дом з зялёнымі аканіцамі ля Вострай брамы. Хвелька, які і не падумаў схуднець за час расстання з доктарам, пакланіўся маладому пану Вырвічу асабліва ўрачыста: зразумеў, што цяпер пан не студэнт, а сапраўдны рыцар! Напрыканцы тыдня будзе гатовы драгунскі мундзір, італьянскі конь колеру спелага каштану чакае ў стайні, іншы рыштунак набудзецца… Вырвічу нават аванс выдалі — з увагі на асаблівыя адносіны да Лёдніка гетмана-нябожчыка, які да смерці сваёй быў шэфам рэгіменту.
А вось доктара, перад якім асабліва хацелася пахваліцца, дома не было. Пані Саламея дарэмна намагалася хаваць трывогу.
— Прыходзіў пан Агалінскі, — расказвала яна. — Вясёлы такі, прыбраны… Пагаварылі з Бутрымам, і паехалі.
— Куды? — разгубіўся Пранціш.
Пані Саламея паціснула плячыма.
— Бутрым сказаў — у госці да пана Агалінскага. Нібыта даўно слова даваў да яго з’ездзіць, вось і настаў час… Жартаваў, усміхаўся… А ў мяне нешта на сэрцы неспакойна. Разумею, што дарэмна турбуюся — паехаў да сябра. Сына свайго, напэўна, пабачыць, пацешыцца… Ну хіба што перап’юцца з панам Гервасіем…
Але голас пані дрыжэў, а пабачыўшы, як бялее твар Пранціша, Саламея дык і зусім голас страціла.
Не можа быць… Вырвіч даўно і думаць кінуў пра страшную прысягу Лёдніка, пра пагрозы пана Гервасія засцябаць таго да смерці за свайго брата і братаву жонку, у гібелі якіх вінаваціў доктара… Пасля перажытага разам! Пасля таго, як доктар столькі разоў таму ж пану Гервасію ратаваў жыццё, столькі разоў выяўляў свае ахвярнасць і высакароднасць — а яе ж у сына гарбара было не пазычаць… Няўжо Амерыканец вырашыў скарыстацца правам на жыццё былога раба?
А Лёднік — вось жа ўпарты! Да згубы ўпарты! Мог і паехаць на смерць…
Пранціш кінуўся ў прафесарскі кабінет, без усялякіх цырымоній параскідваў на стале паперы, павыцягваў шуфляды… У верхняй ляжаў запячатаны канверт, падпісаны пані Саламеі Лёднік і пану Пранцішу Вырвічу. Новаспечаны доктар і падхаружы не вагаўся: разарваны канверт паляцеў на падлогу, а змесціва…
Аркуш выслізнуў з пальцаў і адправіўся на падлогу за разарваным канвертам. Саламея падняла паперу, прабеглася вачыма па роўненькіх радках… Непаслухмянымі вуснамі спытала Вырвіча:
— Што гэта значыць?
Вырвіч схапіўся за галаву. Ён жа даваў слова Лёдніку не расказваць ягонай жонцы пра прысягу!
— Ведаеш, дзе маёнтак Агалінскіх? — раптам уладна крыкнула кабета, схапіўшы Пранціша за каўнер. — Пакажаш дарогу! Едзем!
І зноў яны гналі коней, і зноў цаной было жыццё… Вецер, які яшчэ захоўваў веснавую пранізлівасць, нецярпліва падганяў у спіны, з пад капытоў коней расплюхвалася фантанамі брудная вада, якая яшчэ нядаўна была празрыстым, бы дыяменты, дажджом. Пранціш паглядаў на ваяўнічы профіль жанчыны, якая прыгнулася да шыі каня, нібыта хацела прыспешыць тым ягоны бег, і прыходзіла ў галаву, што не хацеў бы ён апынуцца на месцы таго, хто пакрыўдзіць ейнага каханага. Ды і пісталеты пані прыхапіла з сабой. А што такога? Жаночыя двубоі — справа звычайная. Нават расійская імператрыца Кацярына яшчэ ў якасці жонкі спадчынніка трону кожны год па некалькі разоў бывала секунданткай у сваіх прыдворных дам. Ёсць кабеты ў Еўропе, якія і мужчын на двубоі выклікаюць. Адна такая, у Францыі, адразу з двума білася на шпагах, аднаго прыкончыла ўколам у горла, другога — у сэрца. Нават кароль умяшаўся і загадаў баявітай паненцы больш двубояў не ўчыняць. Панна Багінская вунь як спрытна ўпраўляецца з кінжальчыкам, хоць і шчуплая… І пані Саламея, падобна, не схібіць.
Маёнтак Агалінскіх быў не такі вялікі, як палацы Багінскіх і Радзівілаў, але ўсё-ткі — двухпавярховы мураваны дом з калонамі, каменныя гаспадарчыя пабудовы, прыгожы парк з мармуровымі альтанкамі… Яшчэ было заўважна, хоць гасцей прапусцілі без перашкод, што маёнтак падрыхтаваны да абароны, як сапраўдны замак — нават гарматы стаялі на валах.
— Дзе ягоная мосць пан Гервасій Агалінскі? — крыкнуў Пранціш лёкаю ў белай світцы.
Той спалохана пакланіўся:
— Ягоная мосць пан з госцем пайшлі на стайню… Туды вось… За дрэвамі… Але пан Гервасій загадаў іх не турбаваць! І каб ніхто да стайняў не падыходзіў! Ні блізка! Пабачыць, што хтось падглядае — вушы адсячэ!
Апошнія словы лёкай з адчаем крычаў ужо ў спіну гасцям.
Завярнуўшы за кут доўгай каменнай будыніны, у якой размяшчаліся стайні, Пранціш пабачыў дзве постаці… І спыніў Саламею, зашаптаў:
— Пачакай… Тут справа гонару… Калі ўмяшацца — можам зрабіць яшчэ горш. Няхай разбяруцца паміж сабою раз і назаўсёды. З’явіцца паспеем, калі дойдзе да… незваротнага… Але ж не будзе пан Гервасій Бутрыма сапраўды забіваць!
Саламея, якая кусала вусны да крыві ад трывогі, моўчкі кіўнула галавой. Абодва асцярожна падабраліся бліжэй, схаваўшыся за таўшчэзную ліпу. Пранціш трымаў Саламею за плечы — баяўся, што яна ўсё сапсуе, выбяжыць… Бо жанчыну ажно калаціла ад страху за любага.
А той любы ніякага страху не выяўляў. Змрочны, саркастычны… Ну, як заўсёды. Пан Гервасій таксама не ўсміхаўся, стаяў, сунуўшы рукі за літы слуцкі паяс, які падпярэзваў сінюю чугу.
— Ну што, Бутрым, месца табе знаёмае. Наколькі я ведаю, праводзіў ты тут шмат часу… Без карысці, праўда, для тваёй спіны.
— Выбар месца аддаю вашамосці, — холадна прамовіў Лёднік. — Я не пераборлівы.
Пан Агалінскі крыва пасміхнуўся:
— Яшчэ б табе перабіраць… У стайню, на звычную табе лаўку, не пойдзем. Кладзіся, доктар, проста на зямлю… І без усялякіх дыванкоў.
Вырвіч рыпнуў зубамі. Біць шляхціца на голай зямлі — гэта ганьба! На дыване — можна… Каго на дыване не сцябалі? Нават Пана Каханку бацька — вялікі гетман — ахаджваў. Але Лёдніку шляхецкія тонкасці, падобна, былі абыякавыя. Зняў камзол, кашулю, няўважна кінуў, скамечыўшы, убок, проста на вільготную ад нядаўніх дажджоў траву, як бы не спадзяваўся больш апранаць. Лёг…
— Так вашай мосці зручна будзе мяне забіваць? — яшчэ і атруты ў голас падпусціў. — Папярэджваю, я жывучы. Папрацаваць пану давядзецца цяжка.
— Нічога, я дужы! — насмешна прамовіў пан Агалінскі. — І спяшацца нам няма куды.
І зняў са сцяны, з аднаго са спецыяльна ўбітых крукоў, нат не бізун — а пугу, з цяжкім плеценым «хвастом»… Ды што гэта, Амерыканец усур’ёз сабраўся доктара прыкончыць? Гэта ўжо не жарцікі!
Пранціш ледзь утрымаў Саламею, якая заціскала рот кулаком.
— Як жа доўга я марыў гэта зрабіць! — весела прарычэў пан Гервасій і з усяе моцы ўдарыў па спіне доктара.
— Гэта табе за пані Галену… Гэта за брата майго… Гэта за тое, што лезеш у ложкі шляхцянак без сораму!
Вырвіч прыкідваў, колькі варта вычыкаць. Доктар, вядома, жывучы, але ж скура ў яго не такая, як у цмока…
Але пан Гервасій, сцебануўшы тры разы, спыніўся. Выпрастаўся, выцер рукавом спацелы лоб, выдыхнуў з палёгкай.
— Ёсць у мяне для цябе адна навіна, доктар. Малодшы мой пляменнік, пан Аляксандр Агалінскі, трагічна загінуў.
— Што?!! — доктар ускочыў, як не адчуваючы на сабе новай порцыі свежых шнараў.
Пан Гервасій нават на крок адступіў — такое ў доктара было аблічча.
— Загінуў хлопчык, — упарта паўтарыў Амерыканец. — Карэта ўвалілася ў дрыгву, ну і… Нават целаў не знайшлі.
Лёднік зажмурыў вочы, і Пранцішу стала страшна ад думкі, што былы алхімік і чарадзей далей можа ўчыніць.
— Але, можа, і не загінуў, — спяшаючыся, прамовіў пан Гервасій, якому, відаць, таксама стала не па сабе.
Лёднік адплюшчыў вочы і гнеўна выкрыкнуў:
— На такія жорсткія жарты я пану дазволу не даваў!
Пан Гервасій пасміхнуўся — яго, падобна, усцешыла, як доктар пераймаецца.
— А гэта ты зараз сам вырашыш, жарты ці не… Магчыма, пана Аляксандра Агалінскага знайшлі, удалося яго неяк дастаць з карэты… І будзе ён жыць, як варта нашчадку слаўнага шляхецкага роду, успадчынніць некалькі вёсак, зробіць кар’еру пры двары пана Радзівіла… А магчыма, беднае дзіця ўсё-ткі бясследна знікла ў дрыгве. Але… знайшоўся іншы хлопчык… Згублены сын аднаго вучонага, але не радавітага доктара.
У Лёдніка ажно вусны задрыжэлі ад раптоўнай здагадкі. А пан Агалінскі працягваў, амаль павучальна:
— Мала як бывае — выкралі дзіця, потым яно выхоўвалася невядома дзе… А якая там у малых памяць… Што там да трох гадоў было… І вось родны бацька цудам адшукаў сына. Дык вось не ведаю, як адбылося насамрэч? Які хлопчык выратаваўся?
Лёднік ступіў наперад і цвёрда прамовіў голасам, трохі здушаным ад узрушэння:
— Ягоная мосць пан Аляксандр Агалінскі трагічна загінуў. Амін.
— Ну што ж, тады сустракай свайго аднойдзенага сына! — прамовіў пан Гервасій і крыкнуў: — Паланэйка! Давай, вядзі яго!
З густой прысады паказалася знаёмая постаць у белай сукенцы і карункавым каптуры: княжна Багінская, гарэзна ўсміхаючыся, несла на руках цемнавокага малечу.
Здарылася неверагоднае: малое пазнала дзядзьку, які з ім колісь важдаўся, і само пабегла да яго:
— Пан доктал!
Лёднік схапіў на рукі сваё шчасце… І тут жа строга сказаў:
— Не пан доктар, а пан бацька.
Хлопчык сур’ёзна паглядзеў на прафесара, нават скептычна.
— А цаму?
— Таму, што ты мой сын.
Малеча задумаўся — зусім па-прафесарску. Уважліва агледзеў нованабытага бацьку, крануў пальчыкам крывавы след ад пугі на яго плячы, азірнуўся на пана Гервасія Агалінскага. Нарэшце з годнасцю кіўнуў галавой.
— Добла, пан бацька. Хацу глядзець у тлубу на золы!
Трэба ж, памятае паход у абсерваторыю! Што значыць спадчыннасць…
Пан Гервасій абняў панну Багінскую — дакладней, мяркуючы па ейным уборы і заручальных пярсцёнках у абаіх — пані Агалінскую, і выгукнуў убок:
— Хопіць хавацца! Пан Вырвіч, пані Лёднік, выходзьце!
Пранціш раскланяўся з панам Гервасіем — той усміхаўся ва ўвесь рот, падкручваючы вусы.
— Ну што, скончыў вучобу, студэнт?
— А нягож! — Пранціш стараўся не глядзець на пані Агалінскую. — А не баішся, вашамосць, што наконт патопленай у дрыгве карэты нядобрыя чуткі пойдуць?
Амерыканец не збянтэжыўся ні на макавінку:
— А ніякага спадману! Сапраўды дурань-фурман коней не стрымаў, панеслі… Мы з Паланэйкай прагульваліся верхам, пачулі крыкі… Пакуль даскакалі… Нянька з фурманам Базылём патанулі — спрабавалі выплысці, ну і… А хлопчыка, якога зараза-нянька ў карэце кінула, я так-сяк выцягнуў — на пасе, навязаным да дрэва, ныраў у дрыгву… Анёл-ахоўнік паспрыяў, відаць. Малы непрытомны быў, як яго дастаў, але жывы, Паланэйка яго неяк выхадзіла. Ніхто не ведае, што ён выжыў, акрым маёй старой карміліцы, мяне і жонкі. Вось Паланэйцы і прыйшло да галавы — скарыстаць выпадак, каб вярнуць дзіця роднаму бацьку. Ну, дай Бог яму і доктару шчасця… А ўся маёмасць брата старэйшаму пляменніку дастанецца. Ні шэлега не вазьму, ніхто не папракне, што сірот абрабаваў. Я ж увогуле адсюль з’язджаю з жоначкай — карабель чакае ў Гданьску.
Пан Гервасій усміхнуўся Паланэйцы, і тая перапляла пальцы з ягонымі.
— За мяне цяпер ёсць каму думаць! — пахваліўся Амерыканец, гледзячы на жонку з захапленнем і жарсцю. — Паланэйка такія пасланні сачыніла — і свайму пану-брату, і ягонай мосці князю Радзівілу ад майго імя… Распісала нашыя прыгоды, падступнасць ангельскіх чараўнікоў, вернасць шляхецкім традыцыям… Пан Радзівіл аж расчуліўся, кажуць, дэкляраваў спраўдзіць бацькаў запавет і вярнуць васковую ляльку аднаму прафесару.
— Праўда, дзесяць альбанчыкаў прыслалі Гервасію пераламаныя пер’і, — з трохі нервовай усмешкай паведаміла Паланэя. — Што значыць, пры стрэчы заб’юць, як здрайцу.
— А твой пан-брат увогуле не адказаў, — заўважыў пан Гервасій.
І Пранціш зразумеў, што шчасце гэтай пары насамрэч вельмі плыткае… І чапляюцца яны адно за аднаго, як пасажыры патанаючага чоўна.
Пранціш наважыўся зірнуць на пані Паланэю. Фанабэрыстая, упэўненая, хітравата-мілая, напятая смяротнай небяспекай — і шчаслівая…
Шчасце каханай жанчыны з другім — што можа раніць больш балюча?
— Я набыла выдатныя пістолі галандскай працы! Мы з Гервасіем прыстраляліся — усіх варон у парку перабілі!
Пан Агалінскі з пачуццём пацалаваў жончыну ручку:
— Ну, у каго яшчэ такая кабета ёсць? — і засмяяўся, як Цэзар над пераможанымі егіпцянамі. — А як лаяцца пачне — насалода слухаць! Я і слоў такіх не ведаю… Ну, усё, змарыўся я з-за гэнага доктара, аж плячо баліць. Лёднікі няхай пераначуюць у тым дамку, дзе мы паніча трымалі — ніхто не заўважыць. Пані Саламея спіну доктару падлечыць. Есці-піць карміліца ім прынясе… А ты, пан Вырвіч, пойдзеш з намі вячэраць — праз дзень-другі мы выпраўляемся за акіян.
— А Лёднікам лепей зранку ціхенька з’ехаць — каб ніхто не пабачыў іхняга сына, — скамандавала Паланэйка.
Пранцысь азірнуўся на прафесарскае сямейства — і зразумеў, дзеля чаго яны ўсе ездзілі ў гэтае нялёгкае бязглуздае падарожжа.
Нараніцу галава была цяжкаватая… Пранціш ледзь стрымліваўся, каб не пазяхаць пры дамах. Вырвіч вырашыў не заставацца ў гаспадароў, хаця пан Гервасій настойліва прапаноўваў працягнуць прыемнае развітанне. Нядоўгае сямейнае жыццё не дужа змяніла характары, таму развітанне з панам Гервасіем магло ператварыцца ў такое баляванне, пасля якога сцены і свядомасць па цаглінцы збіраюць. Тым болей пану Гервасію і Паланэйцы, па ўсім было відаць, карцела застацца сам-насам.
Неба пералівалася жаўтавата-ружовымі колерамі, як модны шлафрок, у якім выходзяць са спачывальні піць каву, і здавалася таксама нявыспаным і санлівым. Доктар, усеўшыся на каня, захінуў соннага малога сваім плашчом, як найвялікшую каштоўнасць. Малы Алесік дарогай соладка драмаў, але трэба было даць адпачыць і вершнікам, і коням. Таму прыпыніліся ля карчмы пад ганарліваю назвай «Тры цэзары». Якіх менавіта цэзараў меў на ўвазе той, хто замаўляў шыльду, незразумела, бо на кавалку бляхі была намаляваная толькі крываватая карона з перлінамі. Непадалёк блішчэла плынь ракі, і Пранціш успомніў, што дзесьці побач павінен быць пракляты млын, на якім яны столькі страхаў нацярпеліся.
У тлум і смурод карчмы заходзіць усёй кампаніяй не сталі, Лёднік выкупіў лепшага, што там мелася, прыдатнага да спажывання, і пані Саламея, усеўшыся на лавачцы пад кустом бэзу, частавала хлопчыка, які неяк адразу да яе прыхінуўся. Нешта яму напявала, усміхалася шчасліва… Пранціш не сумняваўся, што пані палюбіць малечу ўсім сэрцам. Лёднік прысеў побач з жонкай і сынам і любаваўся ідылічнай карцінай сямейнага шчасця. Пуга пана Гервасія была вельмі малой платай за гэта.
А Пранціш спрабаваў заглушыць тугу бутэлькай піва. І піва было не надта добрае — не портэр лонданскі, і туга была не з тых, якія могуць рассмактацца за адзін дзень… Не, не бачыў Пранціш у пане Гервасіі нічога такога, што рабіла б яго вартым панны Багінскай больш, чым пан Вырвіч. Толькі што — багацейшы ды нахабнейшы… Але Пранціш цяпер падхаружы драгунскай харугвы!
Ад піва прыемна круцілася галава… Вырвіч адыйшоўся да брамы, да густых кустоў язміну, якія яшчэ свяціліся вохкімі белымі зорачкамі, бо вуркатанне Лёднікаў над сваім малым лагоды душэўнай у ягоным цяперашнім стане не дадавала. Сонца пачало прыпякаць, нібыта цівун махануў над ім бізуном за нядбайную працу на панскіх палетках. Усё трэба было пачынаць спачатку — збіраць душу па кавалачках, шукаць сэнс жыцця, вяртаць здольнасць верыць і кахаць…
На падсохлай дарозе падняліся клубы пылу: неадменна ехаў вялікі атрад. Вырвіч напяўся: мала што… Час неспакойны. Можа, маскоўцы, можа, прусакі, можа, шляхецкі наезд… Але вершнікі, узброеныя, як на вайну, без мундзіраў ды іншых пазнак сваёй прыналежнасці, пад’ехалі да карчмы, хуценька перахапілі па кубку віна — і, кінуўшы карчмару жменю манетаў, рушылі далей. Не задзіраліся, не жартавалі, не спрабавалі зазірнуць пад спадніцу якой гожанькай прыслузе… Сур’ёзныя людзі, спрактыкаваныя воі, найміты на службе ў часовага пана. Пранціш стаяў у ценю язміну, сціснуўшы зялёнае горла паўпустой бутэлькі, нібыта хацеў яе задушыць… А потым кінуў у траву, нават не паспрабаваўшы дапіць. Таму што пазнаў аднаго з вершнікаў, таго, хто кіраваў атрадам. Пазнаць яго было няцяжка: здаровы, як мядзьведзь, з белымі валасамі і брывамі і бяздоннымі вачыма. Герман Ватман, найміт Багінскіх.
І Пранціш не сумняваўся, куды яны кіруюцца — у маёнтак Агалінскіх.
Малады драгун не разважаў. Ён падыйшоў як мага больш разняволенай хадой да Лёдніка і паведаміў, што мусіць вярнуцца па забытую ў Агалінскіх вельмі дарагую сэрцу рэч, а менавіта срэбны корд. Таму няхай едуць сабе ў Вільню, а ён дагоніць. А калі прыпозніцца — хай не хвалююцца. Дарослы пан, не студэнт.
— За кордам, значыць, — скептычна кінуў Лёднік, як відаць, не паверыўшы. — Захацеў усё-ткі пабаляваць з панам Гервасіем? Глядзі, панапіваецеся — не пабіцеся!
— Пастараюся! — весела вымавіў Пранціш і рушыў падалей ад шчаслівага сямейства.
Схапіў першага стрэчнага мужыка за каршэнь:
— Ці ёсць тут якая яшчэ дарога да Глінішч, карацейшая?
Мужык падумаў, пачухаў галаву:
— Хіба што вунь там, лагчавінай праехаць… Толькі па дарозе будзе балота, дзе нядаўна малы паніч утапіўся з карэтай.
Вырвіч зноў гнаў каня колеру спелага каштану, і думаў пра тое, што Паланэйка займее таго, чаго баялася… Цікава, што даручана Ватману — толькі звесці паненку, альбо зрабіць яе ўдавою? А можа, вырашана абодвух, без магнацкага бласлаўлення пашлюбаваных, зняволіць? Сястру сваю пан Багінскі, вядома, забіваць не стане — а вось у манастыр адправіць.
Дарога была — так, адно найменне, што дарога. Ледзь пазначаная, голле сцябала па твары, па плячах… А потым і праўда пачалося балота. Конь паслізваўся на гліне, у адным месцы, саступіўшы са сцежкі, праваліўся ледзь не па грудзі… А вось і месца, дзе ўтапілася карэта — тут з балоцістай сцежкай скрыжоўвалася больш шырокая, наезжаная дарога, відаць, тая самая, па якой вось-вось да маёнтка даедзе атрад пад камандай Ватмана. На скрыжаванні стаяў нядаўна пастаўлены дубовы крыж — не звычайны, прыдарожны, аброчны, а ў памяць загінулых — пад ім, на грудку чорнай зямлі, ляжалі зрэзаныя, яшчэ не прывялыя, кветкі.
Пранціш, выпацканы ў гліне і твані, з наліплай на адзенне раскай, уляцеў на двор маёнтка Агалінскіх, як памежнік за кантрабандыстам:
— Пан Гервасій! Пані Паланэя! Зараз жа з’язджайце!
Агалінскі паспеў ужо, відаць, куфаль-другі піва выжлуктаваць і атрымаць за гэта ад ласкавай жоначкі добага прачуханца. Пачуўшы, што здарылася, ён страпянуўся, як певень, які праспаў світанак:
— Ну я іх сустрэну, гіцаляў! Гарматы падрыхтаваныя, зараз людзей узброю — і…
Паланэя, якая збялела, калі прагучала імя Германа Ватмана, тузанула мужа за рукаў.
— Нагадаю васпану, што гэта не купка нападнікаў, а людзі майго ягамосці брата, генерал-маёра і стольніка літоўскага… І ён, калі што, можа сюды цэлую армію прыслаць. Васпан будзе трымаць аблогу супраць цэлага войска? Вайну ўчыніць на ўсё княства? Я не Сафія Алелькавіч, а ваша мосць — не Януш Радзівіл. Гэта раней да вас на дапамогу прыскакалі б сваякі ды сябры… Але з-за нашага шлюбу вы — адзін. Усе адвярнуліся. Едзем да карабля!
Пан Гервасій лаяўся, праўда, ціха, але праз лічаныя хвілі абодва сядзелі ў карэце — на шчасце, куфры загрузілі яшчэ ўчора. На развітанне Паланэйка пацалавала Пранціша:
— Няхай пан знойдзе сваё шчасце! І… даруе мне за ўсё. Не буду прасіць — не забывайце мяне… Наадварот — няхай іншая, лепшая, як найхутчэй выцісне ўсялякі ўспамін пра мяне. А я ніколі не забудуся на адважнасць і дабрыню пана Вырвіча.
І нешта невялікае і цяжкое сунула яму ў руку…
Калі карэта схавалася з вачэй, Вырвіч усвядоміў, што шчокі ганебна мокрыя… Ды што ж гэта — расплакаўся, як дзяўчынка! Пацягнуўся кулаком выцерці — успомніў пра заціснуты там падарунак… Крыж. Залаты крыж на ланцугу, увесь усыпаны дыяментамі, рубінамі, смарагдамі, сапфірамі… Аж вачам глядзець балюча. Каралеўскі падарунак! Ды за гэты крыж, напэўна, вёску купіць можна!
Але на душы лягчэй не стала. Пранціш уздзеў дарагую рэч на шыю, засунуў пад кашулю… Што ж, мінулы раз, калі княжна паслала Пранціша на смерць у полацкія сутарэнні, яна ўзнагародзіла Вырвіча каштоўным кінжалам персіянскай працы… Той застаўся дзесь у тамашоўскіх сутарэннях, прыўлашчаны турэмшчыкам. А калі паненка разбіла свайму рыцару сэрца — адкупілася крыжам… Ці прынясе ён яму больш удачы?
Вырвіч кіраваў каня знаёмай балоцістай сцежкай, апусціўшы галаву, чуючы толькі ўласныя цяжкія думкі… Таму на скрыжаванні не адразу заўважыў, што па вялікай дарозе набліжаюцца вершнікі. Халера! Таксама — вой знайшоўся! Варона, а не вой!
Вырвіч прыпусціў каня па сцежцы, спадзеючыся, што яго не паспелі заўважыць з гасцінца. Але калі ззаду пачуліся галёканне і стрэлы, зразумеў, што папаў, як верабей у шапку.
А разагнацца не было як — па такой дарозе гаршкі не вазіць… Пакуль Пранціш адчайна раздумваў, ці не лепей саскочыць з каня ды кінуцца ў гушчар, конь спатыкнуўся…
Вырвіч паспеў выхапіць шаблю — Лёднік яго добра трэніраваў, але пад кулямі асабліва не пахвалішся фехтавальным майстэрствам. Дарэмна гарлаў пра тое, што ён шляхціц, драгун, падасць у суд на сваволю — найміты проста рабілі сваю справу. І некаторых ён бачыў раней — у Полацку, калі тыя разам з Ватманам сядзелі ў засоцы ў доме Рэнічаў са зняволенай пані Саламеяй. А вось і сам пан Герман Ватман — чакае, адкінуўшыся ў вольнай паставе на магутным дрыгканце.
— Вітаю вашую студэнцкую мосць!
— Я дыпламаваны доктар, васпан, і падхаружы літоўскай харугвы! І абураны страшэнна вашым падступным нападам! Я падам петыцыю ягонае каралеўскае мосці! У Трыбунал! Як вы насмеліліся гвалтам перапыняць шляхціца! — Пранціш не здымаў руку з дзяржальна шаблі.
На Ватмана ягоная гарачая прамова зрабіла ўражання не больш, чым муха на збан малака.
— І якім жа чынам пан падхаружы патрапіў у гэтыя лясы? І ці не гасцяваў ён у адной дужа радавітай, прыгожанькай, але неўтаймоўнай, персоны?
— Я, вашамосць, рыхтуюся адпраўляцца да месца дыслакацыі сваёй харугвы, мне няма часу на гасцяванні! — Пранцысь на хаду сачыняў нешта пра важныя вайсковыя даручэнні, пра якія ён не мае права распавядаць, але Ватман толькі махнуў рукой.
— На ўсялякі выпадак ваша мосць праедзе з намі ў маёнтак Глінішчы. Раптам сустрэнем там нашых агульных знаёмых? Вось і адзначым разам спатканне… Дарэчы, а дзе баявіты доктар, былы слуга васпана? А то ён мае ўласцівасць узнікаць у самым непатрэбным месцы, у нязручную часіну, ды яшчэ з шабелькай. З гэтых кустоў не выскачыць?
Вырвіч запэўніў, што прафесар у Вільні, і ў кустах яго дакладна няма, і зноў пачаў абурацца… Але яго ніхто не слухаў. Нават шаблю адабралі, добра, што не звязалі, як сноп.
У маёнтак Агалінскіх, да Пранцішава задавальнення, бандзе Ватмана патрапіць так лёгка, як яму з пані Саламеяй, не ўдалося. Слугі, падобна, атрымалі адпаведны загад… Нават з гарматаў пару разоў выстралілі… Праўда, паранілі толькі шматпакутную зямлю, якую ранамі не здзівіш, а найміты Ватмана стрэлаў не баяліся. Пранціш лічыў кожную выйграную хвілю: гэта ж Паланэйка яшчэ бліжэй апынецца да свабоды!
Ватман час ад часу заклікаў пана Гервасія выдаць панну Багінскую ягонаму брату, але адказу, вядома, ніякага не атрымліваў.
Сонца ўсё ніжэй схілялася да лесу. За гэты час можна было ад’ехацца далекавата. Цяпер Пранціш быў амаль упэўнены, што Паланэйка ў бяспецы.
Калі нападнікі прарваліся ў маёнтак, то пераканаліся, што гаспадароў няма. Усё, што ўдалося дабіцца ад слугаў — пан і маладая пані з’ехалі. Куды — на вялікае шчасце, ніхто сказаць не мог. Напэўна, юнай пані Агалінскай удалося пакіраваць мужам, як след, і ён не крычаў на кожным кроку, што выпраўляецца ў Амерыку.
І тады Пранціш зразумеў, што неба хутка яму сінім вузлом завяжацца. Ватман падыйшоў да маладзёна, усміхаючыся, як гаспадар нядбайнаму арандатару.
— Нешта падказвае мне, што ягоная мосць пан Вырвіч мусіць ведаць, куды скіраваліся паны Агалінскія… І я веру, што высакародны пан Вырвіч мне шчыра пра гэта распавядзе. Бо пан дужа разумны, і не захоча займець нязручнасцяў, а можа, і пакутаў пякельных, яшчэ пры жыцці маладым… З-за кабеты, якая яму, між іншым, гарбуза дала.
Вырвіч адчуў, як паміж лапаткамі прабег мароз.
— Ды з чаго пан Ватман вырашыў, што я быў у гэтым маёнтку і нешта ведаю?
Ватман падчапіў з-за каўнера хлапца цяжкі залаты ланцуг і выцягнуў крыж, які, аказваецца, здрадліва пабліскваў у не да канца зашпіленай прарэсе кашулі.
— А гэткія каштоўнасці ў паноў Вырвічаў па куфрах заваляліся? Асабліва з гербам «Агнявец». Дый слугі пана пазналі. Дык дзе Паланэя Багінская? Куды яны паехалі?
Пранціш страсянуў русявым чубам. Гісторыю належала выдумаць кранальную — і доўгую, як бабулін сувой. І Вырвіч пранікнёна пачаў казаць пра свае пяшчотныя, але, вядома, выключна паважлівыя пачуцці да высакароднай княжны… Пра перанесеныя разам выпрабаванні, прыплятаючы тое-сёе з іх рэальных падарожных прыгодаў — гісторыя, як панну ледзь не скінулі з карабля ў бурныя хвалі збунтаваныя матросы, а харобры пан Вырвіч яе абараніў, атрымалася асабліва рамантычнай, амаль як балада нямецкага мінязінгера. І вось малады Вырвіч, перш чым выпраўляцца на вайсковую службу, вырашыў, ад неадольнасці пачуцця, пабачыць хоць разок сваю чароўную даму… А яна, жорсткая сэрцам, адкупілася ад яго залатым крыжам, узяўшы слова, што забудзецца на яе і не стане ні даведвацца, ні расшукваць. Вось і не ведае цяпер бедны Вырвіч з разбітым сэрцам, куды ягоная каханая падзелася з клятым панам Гервасіем Агалінскім, шчаслівым супернікам.
Ватман уважліва выслухаў… Нават не перабіў ні разочку. Спачувальна галавой ківаў. А пасля проста падаў знак, і пана падхаружага спрытненька скруцілі, не зважаючы на выспяткі і поўхі, якія той шчодра раздаваў, а потым ля ягонага носу аказалася бліскучае, вострае, як пагляд мытніка, лязо турэцкага кінжала.
— Ну, адкуль пачнем скуру лупіць з пана? Можа, з аблічча — каб ніводная дзеўка больш не паглядзела, а то перапсаваў іх, відаць, за сваё нядоўгае, але шкадлівае, жыццё…
Вырвіча моцна трымалі, заламаўшы рукі. Вочы Ватмана здаваліся зусім белымі. Як балотны туман. Нехта схапіў нядаўняга студыёзуса ззаду за валасы, прымусіўшы задраць галаву. Пранціш сціснуў зубы. Лязо пяшчотна, як сухая травінка, кранула ягоную шчаку.
Галоўнае — Паланэйка ў гэты час імчыць у карэце… Нават з іншым… Нават ужо забыўшыся на беднага шляхцюка з Падняводдзя…
— Адпусці хлопца!
Лязо прыбралася. Пранціш адплюшчыў вочы…
Баўтрамей Лёднік стаяў у спакойнай такой паставе, апусціўшы шаблю, чорныя валасы звязаныя на патыліцы ў хвост — значыць, падрыхтаваўся да сур’ёзнай бойкі. За ягонай спінай павольна апускалася, наліваючыся стамлёнай чырванню, сонца, і аблічча доктара здавалася цёмным, амаль злавесным.
— Так я і думаў, доктар, што ты выпаўзеш, як вужака з хмызоў.
Ватман гуляўся з кінжалам, як дзіця з бразготкай, і вочы ягоныя былі цяпер не белыя, а бяздонна-барвовыя.
— Адпусці хлопца, Ватман, — сурова паўтарыў Лёднік.
— А калі не адпушчу, што ты мне зробіш? — насмешна папытаўся найміт.
— А вось што! — Лёднік узняў руку, і з-за дрэў, што раслі вакол маёнтка, паказаліся людзі… Шмат людзей. Не жаўнеры — мужыкі. У світках, у палатняных кашулях… Але з віламі, косамі, сякерамі, цапамі, а той-сёй — са стрэльбамі ды гакаўніцамі. Асабліва небяспечна выглядалі прыхадні, узброеныя шаблямі ды пісталетамі, што былі апранутыя ў вывернутыя кажухі. У іх былі суровыя, абветраныя твары людзей, што звыклі хавацца, абараняцца, спаць на голай зямлі. Пранціш пазнаў таго-сяго… Гэта ж тыя, хто прыходзіў да праклятага млына, дзе Лёднік ратаваў абвінавачаную ў вядзьмарстве Саклету. Лясныя браты ды жыхары вёскі Карытнікі, у якой Лёднік лячыў ды раздаваў грошы… Вядома, за ўсемагутным доктарам яны цяпер пойдуць, куды скажа. Ды й пан Агалінскі, відаць, стрымаў слова і палепшыў сваім падданым, якія з кары хлеб пяклі, умовы жыцця.
— Яны не спалохаюцца і не адступяць, Ватман, — сурова прагаварыў Баўтрамей. — Ты са сваёй кампаніяй учыняеш вульгарны наезд на маёнтак шляхціца. Любы суд прызнае, што ягоныя гаспадары мелі права ўзброіць сваіх людзей і бараніцца. Адступіся. Разбіты збан не склеіш. Панны Багінскай больш няма — ёсць пані Агалінская, а яе муж адмовіўся ад пасагу, і падставы судзіцца няма.
Ватман ненавісна прымружыў шалёныя вочы.
— Тварына ты слізкая, доктар. Колькі ты яшчэ будзеш станавіцца на маім шляху? Ні ў моры не патануў, ні ў Ангельшчыне не забілі… І нават за тое, што ні з чым прыехаў, паны табе даравалі. Можа, ты чараўніцтва ўжываеш? Тым болей мушу цябе спыніць…
Найміт паклаў руку на дзяржальна шаблі.
— Давай так… Мы з табой — сам насам. Да смерці. Калі ты пераможаш — мае людзі сыдуць. Нікога не зачапнуць. Чуеце? — павярнуўся да каманды, тыя загулі на знак згоды. — А калі перамагу я… — Ватман злавесна ўсміхнуўся, — сыдуць твае людзі.
— Ты можаш прасіць толькі пра тое, каб вам дазволілі сысці, — строга прагаварыў Лёднік. — І зараз жа адпусці пана Вырвіча — іначай ніякіх перамоваў!
Найміты Ватмана змрочна збіліся ў купку вакол правадыра, цэліцца ім даводзілася ва ўсе бакі — бо і слугі з маёнтка ачомаліся і далучыліся да абароны ад наезду. Перавага відавочна была не на баку пасланцаў князя Багінскага.
— Адпушчу гэтага ілгуна, калі пагодзішся на двубой! — заявіў Ватман.
— Бутрым, не згаджайся! — пракрычаў Пранціш, спрабуючы выкруціцца з рук наймітаў. — Гэта пастка! Мы і так пераможам!
— Пан доктар, дазвольце, мы іх пастраляем, як цецярукоў! — выгукнуў з-за дрэва адзін з мужыкоў, у якога ад нецярпення стрэльба ў руках уздрыгвала. — Сярод нас паляўнічыя ёсць — у вока вавёркі трапляюць!
Ватманскія людзі паныла пераглядаліся — жадання гераічна паміраць за чужую справу ў іх дакладна не было. І Ватман не мог гэтага не разумець.
— Давай, Герман, не дурэй… — буркатліва прагаварыў Лёднік. — Сам бачыш — шанцаў у вас няма. Проста адпусціце хлапца і без усякіх двубояў сыходзьце. Няма чаго кроў дарэмне ліць, ні сваю, ні чужую. І так яе зашмат праліваецца.
— Баішся мяне, доктар? — злавесна прагаварыў Ватман, выходзячы наперад пругкай хадою — здаровы, як мядзведзь, белавалосы, белабровы, са спаласаваным шнарамі ружовым тварам. — А вось жоначка твая мяне не баялася. Ведаеш, так лягалася — дасюль сінякі не сышлі…
Ватман здзекліва засмяяўся, і Пранціш схаладнеў, зразумеўшы, што задумаў найміт.
— Не расказала табе чароўная Саламея пра нашу з ёй прыгоду? — насмешнічаў Ватман. — Што ж, у кожнай жанчыны ёсць свае сакрэты. А тут такая жанчына… Ніколі не забыцца мне тае начы! — пан Герман з насалодай прастагнаў. — Я пастараўся навучыць яе хоць чамусьці… Ты ж так і не дапяў, дактарок! Дзе табе… Такую жарсную кабету задаволіць няпроста… А я дужа стараўся!
— Мярзотнік! — Лёднік выхапіў шаблю і ступіў да Ватмана.
Той дастаў сваю зброю.
— Дык што, двубой? На тых умовах, што агучвалі?
— Згодны! — скрозь зубы прагаварыў Лёднік, зняў камзол, скінуў на зямлю, стаў у пазіцыю.
Пранціш адчуў, што яго адпускаюць, і падляцеў да доктара.
— Нашто ты паддаўся? Ён жа спецыяльна цябе расцвельваў! Падумай пра малога!
Лёднік няўважна адсунуў хлапца ўбок — і Пранціш зразумеў, глядзечы на ягонае аблічча, што словы бескарысныя. Для абодвух дуэлянтаў самым важным на свеце цяпер было — забіць ворага. Адразу абаім не было месца на гэтай не такой малой зямлі.
І, як і баяўся Пранціш, ад прадчування выбітнога відовішча вочы ў людзей загарэліся, усе — і найміты Багінскіх, і мужыкі з Карытнікаў, і лясныя браты, і лёкаі з маёнтка — на час нават забыліся на сваю варожасць, падцягнуліся бліжэй, каб лепей бачыць. Доктар — фехтавальшчык выбітны, вунь лёгка стаў чэмпіёнам лонданскага байцоўскага клубу… А Герман Ватман — вядомы на ўсю Еўропу найміт-забойца, якога перакупляюць каралі і князі. Тры гады таму ў полацкіх сутарэннях Пранціш і Лёднік удваіх не маглі з ім справіцца.
Момант, калі лязо сустрэлася з лязом, проста немагчыма было адсачыць. Як бы збліснулі дзве маланкі і адскочылі. Доктар рухаўся лёгка і прутка, кідаўся, як змяя, але і Ватман, падобны да скалы, быў хуткі і плаўны — як вадзяныя цмокі ў глыбінях марскіх… Каб справа была ў Лондане — зараз пачалі б рабіць стаўкі, і нехта разбагацеў бы нечувана.
— Не разумею цябе, доктар, — усміхаўся Ватман, — з чаго б табе заступацца за тую магнатку, што спрыяла зняволенню тваёй жонкі, сілком змусіла цябе ў падарожжа ехаць? Ці за выкармыша радзівілаўскага — ты ж быў рабом ягонага брата, і я бачыў тваю спіну. Што табе да багацеяў, якія цябе скарыстаюць, як трэсачку ў зубах пакалупацца, ды выкінуць грэбліва. Няўжо ты не хочаш іх пакараць? Скажы, куды яны з’ехалі, а потым, як выканаю сваю місію, мы з табой зноў сустрэнемся — і ты пакараеш мяне… Калі вядома, зможаш.
Найміт адбіў цэлую серыя выпадаў Лёдніка нязмушана, як бы ў чыжыка гуляў.
— Я не за іх, я за сябе б’юся, — скрозь зубы прагаварыў Лёднік. — Я аднаго ад усіх гэтых магнатаў ды князькоў хачу — каб пакінулі нас у спакоі! Перасталі гандляваць Бацькаўшчынай! Каб вырашалі свае амбіцыі, як павукі ў слоіку: перагрызіцеся вы там усе і пакіньце нам нашую зямлю!
Герман ледзь не дастаў доктара ў бок… Але ж не дастаў, з прыкрасцю хмыкнуў:
— А ты не заплыў тлушчам, Бутрым. Скачаш, як блыха. А ў спакоі вас не пакінуць — бо калі ёсць зямля, будуць тыя, хто захоча ёю ўладарыць. А пакуль будуць уладары — ім спатрэбяцца такія, як я.
— А вас, наймітаў, забойцаў, мы паганым венікам з Бацькаўшчыны будзем вымятаць! — Лёднік шалёным наступам змусіў Ватмана адысці і нават чыркануў па падбароддзі кончыкам шаблі, але зараз жа сам змушаны быў адступіць.
Кожны ўдар Ватмана быў такой моцы, што стрымаць яго без высілкаў мог хіба той Галіяф, які заваліў пана Гервасія Агалінскага на байцоўскай пляцоўцы ў Лондане. Але доктар трымаўся — за кошт свайго майстэрства ды зваротлівасці, якія ўраўноўвалі недахоп сілы ў параўнанні з белавалосым гігантам.
— Нікуды мы не падзенемся! — выскаляўся Ватман. — Мы будзем прыходзіць і забіраць вашых жанчын, і атрымліваць ва ўзнагароду маёнткі, якія адбяруць у бунтаўнікоў, і вы станеце выхоўваць нашых дзяцей… А вось цікава будзе, калі пані Саламея народзіць ад мяне сына! І ты будзеш яго гадаваць! Папытаўся, дарэчы, ці не цяжарная жоначка — раз ты не змог ёй дзіця зрабіць, магчыма, у мяне атрымалася?
Доктар скрыжаваў зброю з наймітам з такой ятрасцю, што каб той быў слабейшы — паваліўся б, як сухая чараціна. Нейкі час біўся моўчкі, зацята… А потым здушана прамовіў:
— Няхай так… Няхай! У таго дзіцяці будзе і наша кроў. І мы выхаваем яго ў любові да гэтай зямлі, каб ён да апошняга змагаўся за яе з такімі, як ты! Каб ён не даў тваім гаспадарам прадаваць нас за магчымасць атрымаць уладу хоць з чыіх рук!
— Нічога ты не зробіш, доктар, — пагардліва прагаварыў Ватман. — Ні ты, майстар вучоны, ні рамантычныя хлопчыкі, як твой вучань, ні гэтыя мужыкі. Вы — або інструменты, якім дазваляюць мець трошкі клёку, ці проста быдла, якое ганяюць пугай. Па мне, дык лепей трымаць пугу ў руцэ.
— Ты ўпускаеш адну важную дэталь, Герман, — са стрыманым гневам прагаварыў сын полацкага гарбара. — Пугай можна пагнаць у храм ці на вайну… Але не прымусіш шчыра маліцца альбо стаць героем. Можаш згвалціць жанчыну — але не прымусіш яе пакахаць. У кожнага павінна быць тое, у што ён верыць і за што не збаіцца паміраць. Што ў цябе такога ёсць, а? Замак у чужой краіне, напханы нарабаваным дабром? У мяне — мая каханая, мой сын, мой вучань, мой Полацак…
— Пафасам не захлыніся, прафесар, — кінуў раззлаваны найміт. — Прамаўляеш, як героі старажытнагрэцкіх трагедый. Зараз я цябе проста заб’ю. І праз трыста гадоў ніхто не ўспомніць доктара Баўтрамея Лёдніка з усімі яго подзьвігамі. А пра паноў Багінскіх, Сапег, Радзівілаў, Панятоўскіх ды іншых уладароў — будуць чытаць і пісаць у кнігах. Якімі б пры жыцці паскуднымі, здрадлівымі, жорсткімі яны ні былі. Гісторыя — рэч несправядлівая! І калі не прызначана тваёй радзіме быць — яна знікне, расчыніцца ў іншых краінах, як дзясяткі і сотні да яе дзяржаў, княстваў, герцагстваў…
— Яна не знікне ніколі, таму што заўсёды будуць нараджацца такія, як мы! — сказаў Бутрым, глыбока ўздыхнуў — як заўсёды рабіў, калі праганяў злосць, нервовасць, стому — і гледачы атрымалі задавальненне…
Праціўнікам было больш не да слоў. Яны ўжывалі ўсе свае ўменні напоўніцу. Не для форсу, а каб забіць і не быць забітым. Сонца паволі знікала за лесам, цені раслі, быццам набліжаліся цікаўныя здані. У двары маёнтка Агалінскіх зрабілася шумна — бо гледачы захапляльнай бойкі раўлі, падбадзёрвалі дуэлянтаў, лаяліся… Карацей, нічым не адрозніваліся ад натоўпу ў Дракошчыне, Тамашове, Лондане ці Вільні, якому паказваюць відовішча з крывёй і смяротным завяршэннем… А завяршэнне мусіла быць хутка. Бо абодва дуэлянты стаміліся, пот і кроў залівалі вочы. Нарэшце Ватман зароў, як мядзведзь, і так махнуў шабляй вакол сябе, перакруціўшыся, як ваўчок, што доктару, каб пазбегнуць удару, давялося кульнуцца на зямлю. Зараз жа у тое месца, дзе ён упаў, уторкнулася шабля. Доктар круціўся па стаптанай траве, як вужака, ледзь паспяваючы ўхіляцца ды лежачы адбіваць удары, Ватман з хэканнем сек шабляй, не даючы ворагу падняцца… Вырвіч бегаў туды — сюды, спрабуючы ўсачыць за кожным рухам бойкі…
— Маёй будзе баба! — раўнуў Ватман і з сілай уторкнуў шаблю ў Лёдніка.
Падняў — на лязе цямнела кроў. У Пранціша ажно сэрца спынілася… А Лёднік на імгненне замёр, і раптам выгнуўся, як спружына, неверагодным намаганнем паслаў знясіленае цела наперад — і Ватман застыў, заціскаючы рукамі рану ў грудзях, у белых вачах яго было шчырае здзіўленне:
— Табе б… доктар… у балагане выступаць…
На вуснах найміта паказалася крывавая пена. Гігант зноў падняў шаблю, зрабіў крок да ворага, але захістаўся і паваліўся, як слуп. Вырвічу падалося, што зямля задрыжэла.
Лёднік упаў на калені, абапершыся рукамі, і спрабаваў аддыхацца. Пранціш падбег да свайго прафесара:
— Бутрым, ты цэлы? Куды ён цябе параніў?
Лёднік ажно не мог гаварыць… Яшчэ б — каб паглядзець на такі паядынак, лонданскія знаўцы аддалі б горы золата! Нехта падаў конаўку з вадой. Прафесар, захлынаючыся, адпіў, аддыхаўся, падняў галаву…
— Саклета?
Невысокая жанчына ў намітцы шчасліва ўсміхалася:
— Пан доктар! Я, як толькі даведалася, што вы ў бядзе і на дапамогу клічаце, адразу свайго мужа адправіла. І братоў ягоных… І бацька мой вунь там, з канём, за дрэвамі.
Лёднік, пахістваючыся, узняўся: кашуля на баку набрыняла крывёй, падобна, там слізганула наастачу шабля Ватмана.
— Дазвольце, я вам раны прамыю… Я лекі ўзяла! Як вы тады вучылі, зроблена! З крываўнікам, з драўляным алеем… І хлеб з плесняй — як жа без яго?
Доктар абцёр рукой твар.
— Значыць, ты замуж выйшла?
— Так! — шчасліва ўсміхнулася Саклета. — Пан Гервасій пасаг прыслаў… А Антось мой харошы, з дзяцінства мяне шкадаваў… Толькі раней, як у мяне нараст на твары быў, сваякі не дазволілі б яму са мной ажаніцца. Цяпер майму бацьку дапамагае на млыне. Усё дзякуючы вам, пан Баўтрамей! Павек мне не расплаціцца!
Ад сонца застаўся толькі барвовы пасак над лесам. Баўтрамей, перавязаны, апрануты, фанабэрысты, стамлёна-змрочна зірнуў на Пранціша:
— Ну што, паехалі, рыцар? Пераначуем на млыне, вунь як запрашаюць. Хопіць, нагасцяваліся ў паноў Агалінскіх… Узяліся ж яны на нашу галаву… Рамэа ды Юлія мясцовага разліву… А лоб за іх падстаўляць чамусьці нам. А я стары ўжо для такой гімнастыкі.
— А як ты аказаўся тут у самы зручны момант? — пацікавіўся Пранціш.
Лёднік памацаў плячо са старой ранай, асцярожна паправіў павязку на свежай ране на баку.
— Пасля твайго ад’езду «па срэбны корд» пачуў, як ля карчмы адна дзеўка расказвала другой пра страшнага волата з чырвонымі вачыма і белымі валасамі, які на чале войска пагнаў некуды ў бок Глінішчаў. Спалучыў у думках два і два… Адправіў Саламею ў Вільню — наняў ім з малым павозку з фурманам. А паколькі, у адрозненне ад пана Вырвіча, разумеў, што сам-насам з атрадам не спраўлюся, паскакаў па дапамогу. Мужыкі наездаў таксама не любяць.
Калі Лёднік, пакульгваючы, праходзіў паўз цела Ватмана, каля якога сабраліся ягоныя найміты, што рыхтаваліся без асаблівай славы, але і без стратаў, пакінуць Глінішчы, цела раптам варухнулася, і дужая, як сталёвая, рука ўхапіла доктара за крысо, так, што той ледзь не паваліўся.
— Наш двубой яшчэ напэрадзе, доктар! — прахрыпеў Ватман.
На ягоных вуснах лопаліся крывавыя бурбалкі. Лёднік вызваліўся, змрочна агледзеў ворага, якога адзін з паплечнікаў узяўся лекаваць. Працэс лячэння доктару не спадабаўся:
— Чакай, не так, — скамандаваў ён самадзейнаму лекару. — Хлеб с плесняй пакладзі сюды… Прыцісні… Так, каб паветра не праходзіла. Вось гэткім чынам… — доктар дапамог перавязаць рану, якую сам жа і нанёс.
Ватман ляжаў, заплюшчыўшы вочы, ці страціў прытомнасць, ці бачыць не хацеў, як ненавісны Лёднік яго ратуе.
— Будзеце везці, пакладзіце на левы бок, — распарадзіўся, цяжка ўстаючы, Бутрым.
Вырвіч ажно адвярнуўся з прыкрасцю. Цяпер ён ясна разумеў, чаму не хоча быць лекарам: вось так лёгка пераступаць праз свае пачуцці дзеля клятвы Гіпакрата, і ратаваць жыццё ворагу, які згвалціў тваю жонку і марыць толькі пра тое, каб цябе забіць… Не, пакуль што Пранціш на такое не здатны.
У апошнім святле доўгага летняга дня Пранціш заўважыў на твары Баўтрамея Лёдніка мройную ўсмешку… Такую, якая бывае ў вандроўніка, які нарэшце вяртаецца да каханых людзей.