Раздзел сямнаццаты ЭПІЛОГ

Васковы твар дасканалай прыгажосці плямілі чорныя пасакі сажы. Пад носам лялькі ўтварыліся бандыцкія вусы.

— Алесік! Што ты робіш? — пані Саламея сцягнула малога з каленяў Пандоры.

Шыкоўная сукенка лялькі таксама была ў чорных адбітках маленькіх далонек.

— Цётка др-рэнная! — упэўнена заявіў Аляксандр Баўтрамеевіч Лёднік, дэманструючы не толькі прыроджанае імкненне да эксперыментаў, але і толькі што набытае ўменне вымаўляць літару «р».

— Пайшлі рукі мыць! — строга сказала Саламея. — Ну што ты нарабіў, татка сварыцца будзе…

— Не будзе! — заявіў малы. — Ён гэтую цётку не любіць!

Пранціш ледзь стрымаў рогат. Сын прафесара ўсе таткавы сакрэты раскрываў лёгка — відаць, з-за падабенства характараў. І ўжо карыстаўся тым напоўніцу: якім бы строгім татка не выглядаў, як бы ні адчытваў малечу за пракуды, а варта было таму ўсхліпнуць альбо зрабіць жаласныя вочы — і раставаў, як воск на сонцы… А ўжо калі малы пачынаў задаваць пытанні — чаму яблык падае ўніз, а не ўверх, як зроблены тэлескоп, чаму кроў чырвоная — расчульваўся, і давай захапляльныя лекцыі чытаць… І што з гэтага дзіцёнка толькі вырасце? Хіба што новы прафесар…

А вось цікава, ці ўспадчыніў малы магічныя здольнасці бацькі?

Вядома, пра гэта Пранціш услых ніколі не пытаўся. Лёднік усялякія згадкі пра вядзьмарства, таемныя веды і прадказанні прышласці не пераносіў на дух. Колькі малітваў па вяртанні з падарожжа адчытаў святому Кіпрыяну…

Пані Саламея падхапіла замурзанага, як лонданскі трубачыст, чарнавалосага і нават цяпер трохі дзюбаносага хлопчыка на рукі і панесла мыць. Пранцішу дасюль было аж не па сабе, як пані млела ад шчасця, калі малы час ад часу называў яе «мама». Пакуль што сама нараджаць яна не збіралася… Ватман дарэмна пагражаў. Пранціш хваляваўся, як Лёднікі перажывуць з’яўленне такога «шкілету з шафы», як прызнанне Ватмана пра ягоны гнюсны ўчынак з пані. Была цяжкая доўгая размова за зачыненымі дзвярыма, пасля якой пані хадзіла з заплаканымі вачыма, а доктар быў маўклівы, як дрыгва. Ясна — дакараў, чаму не распавяла пра бяду… Ён вунь адразу, з парогу, свае грахі вываліў. Потым былі пяшчотныя пацалункі, абдоймы і слёзы палёгкі… І, падобна, пасля перажытай бяды палачане сталі яшчэ дружнейшымі.

Ці будзе калі ў Вырвіча такое шчасце?

Вось ён, адпушчаны на святы дадому — так, менавіта ў Лёднікаў быў ягоны дом — сядзіць, такі гожы ў сваім мундзіры, з заўважнымі вусікамі, пры літым поясе са слуцкай персіярні, пры залатых галунах і чырвоных ботах, дзеўкі млеюць — а вялікага і вернага кахання няма. Знікла княжна Багінская за акіянам, адзіны след — перадала з Гданьску цыдулку без подпісу. Маўляў, адплываюць, памагай святы Хрыстафор.

На двары забрахаў руды Піфагор — весела, прыветна. Нешта забубнеў таксама прывітальнае Хвелька… Значыць, вярнуўся гаспадар.

Лёднік стамлёна зайшоў у пакой, зняў капялюш, паставіў доктарскую сваю валізу, сеў на канапу, правёў рукой па худым дзюбаносым твары.

— Цяжкая аперацыя была… Ледзь адратаваў пацыента. Жоўць разлілася ў брушыну… А вопытных асістэнтаў бракуе, — гэта ён дакорліва адрасаваў Вырвічу, які адрынуў медыцыну дзеля вайсковай справы.

Пранціш, аднак, віны не адчуваў ні на каліва — пан Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр, нашчадак Палямона — шляхціц, рыцар, вой!

Малы Алесь радасна падбег да бацькі, забраўся на калені. Лёднік пацалаваў малога ў лоб і адкінуўся на спінку канапы, заплюшчыў вочы, прыціскаючы да сябе сына і чуючы пахі вячэры — пані Саламея хуценька накрывала на стол…

Ніхто не ведаў, колькі лёс дазволіць доўжыцца такім ціхім вечарам, напоўненым сямейным шчасцем, таму яны і былі асабліва дарагія сэрцу.

На вуліцы пачуліся стрэлы і крыкі… Лёднік нат не зварухнуўся, не адплюшчыў вачэй, адно па твары ягоным прабег цень. Вырвіч ускочыў, зазірнуў у вакно:

— Што там робіцца? Бутрым, ведаеш што-небудзь?

Лёднік цяжка ўздыхнуў і неахвотна адказаў:

— У саборы людзі Станіслава Панятоўскага пачалі страляць па радзівілаўскіх… Ну і… зноў сеча. Відаць, хутка прыбягуць прасіць камусьці з паноў выпушчаныя вантробы ўправіць на месца.

Пранціш замітусіўся, схапіў шапку, шаблю. Пані Саламея трывожна глядзела на яго.

Лёднік толькі сумна папытаўся:

— За каго біцца будзеш, драгун?

Пранціш трохі задумаўся, потым усміхнуўся, расправіў плечы:

— Не бойся, у дурную зваду не палезу. Але што ж я за шляхціц, калі стану хавацца ад боек у цяжкія для радзімы часы? За каго біцца? Ясная рэч, за волю, за Бацькаўшчыну! Ну, бывайце!

Пранціш выбег на двор, хутка па бруку застукалі капыты ягонага каня…

— Як думаеш, ён не патрапіць у бяду? — папыталася Саламея.

Лёднік толькі паціснуў плячыма.

— Калі залева, не вымакнуць немагчыма. Невядома, куды нас віры палітычныя занясуць. Будзем маліцца, Залфейка, ды чакаць. Калі ў чалавека ёсць годнасць ды любоў да радзімы — ён не стане трэскай на чужых хвалях. Не прападзе і ягоная мосць пан Пранціш Вырвіч.

Над Вільняй зазванілі званы, паплылі аблокі, заплакалі анёлы… Сонца прабілася скрозь хмары, як вогненны меч.

І не было іншага часу і іншага месца для тых, хто быў прызначаны жыць, кахаць і змагацца тут, дзе жыве Беларусь.

2012

Загрузка...