Даўней у нас, старажылы расказваюць, была такая пастанова: як чалавек пастарэе, то сын вывезе яго ў пушчу і кіне звярам.
Ну, аднаго разу вязе сын свайго бацьку (а ён яго, гэта, надта любіў, толькі што рабіць, калі такая пастанова).
Аж бацька кажа:
— Няўжо ты, сынку, мяне пакінеш?
— Я вас, татку, не пакіну, але вязу наўмысна, каб мяне не каралі, а ўночы вас забяру дамоў, і будзеце жыць у каморачцы.
— Так і так, як мы жыць будзем?
— Не бядуй,— адказвае той,— сынку, як ты яшчэ быў малы, я гумно ставіў, а быў тады надта вялікі ўраджай, і я немалочаным жытам гумно крыў, цяпер абдзяры і будзеш насенне мець.
Прайшоў якісь час, адно ж хлеба няма.
I зноў кажа сын бацьку:
— Так і так...
— Не бядуй,— адказвае той,— сыночку, у хаце пад катухом шмат грошай я закапаў, дастань, то будзеш найбагацейшы за ўсіх гаспадароў.
I праўда, усе з голаду паміралі, а ён пірагі пёк. Людзі дзівіліся, адкуль гэта ён іх бярэ.
Тады няма куды дзявацца — прызнаўся.
З тае пары ўжо не кідалі дзеці старых бацькоў.