ЧАМУ ЗАЯЦ, ЛІСА ДЫ ВОЎК РАЗАМ НЕ СЫХОДЗЯЦЦА


Калісьці ўсе пушчанскія звяры жылі ў вялікай згодзе. Часта збіраліся разам на якой-небудзь паляне на свае звярыныя сходы-зборы, таксама і ў госці хадзілі адзін да аднаго. Але здарылася вось што.

Аднойчы пагнаў хлопчык пасвіць козы. Гоніць іх, гоніць дарожкаю каля агародаў, а тыя козы — скок! — і ў агарод, і да капусты. Давай хлопчык іх выганяць. Гоніць-гоніць і выгнаць не можа. Сеў на мяжы і плача.

Бег узмеж агародаў зайчык, убачыў хлопчыка, як той горка плача, пытаецца ў яго:

— Чаго плачаш, хлопча?

— Як мне не плакаць! — праз слёзы той кажа. — Вунь улезлі козы ў капусту, і аніяк не магу іх выгнаць.

— Не плач,— яму зайчык на тое,— пайду я выганю.

Гнаў зайчык коз, гнаў і аніяк выгнаць не можа: ядуць козы капусту, ажно бароды ў іх трасуцца. Сеў зайчык каля хлопчыка і таксама заплакаў.

Бегла мяжою ліса, убачыла зайчыка ды пытаецца:

— Чаго плачаш, зайчык?

— Плачу я, бо хлопчык плача, а хлопчык плача, бо коз з агарода выгнаць не можа.

— Не плачце,— суцяшае іх ліса. — Я іх зараз выганю.

Гнала-гнала ліса коз з агарода, а тыя і слухаць яе не хочуць: жумраць капусту, аж за вушамі трашчыць. Села ліса каля зайчыка ды заплакала.

Бег воўк, убачыў, як у лісы слёзы з вачэй коцяцца, ды пытаецца:

— Чаго плачаш, ліска?

— Плачу я, бо зайчык плача, зайчык плача, бо хлопчык плача, а хлопчык плача, бо коз з агарода аніяк выгнаць не можа.

— Не плачце,— прамовіў воўк,— я іх мігам выганю.

Кінуўся ён да коз, гнаў іх, гнаў, а тыя хоць бы што: цярэбяць капусту, дый годзе. Сеў воўк каля лісы ды зароў.

Па-над агародамі ляцела маленькая пчолка. Убачыла яна, як воўк слёзы пралівае, пытаецца:

— Чаго плачаш, воўча?

— Плачу я, бо ліса плача, ліса плача, бо зайчык плача, зайчык плача, бо хлопчык плача, а хлопчык плача, бо коз з агарода аніяк выгнаць не можа.

— Не плачце,— празвінела пчолка,— я іх умомант выганю.

Падляцела пчала да першай казы і — бзом-бзом ёй у вуха, потым да другой — бзом-бзом, затым да трэцяй — бзом-бзом і так усім козам у вушы набзомкала. Застрыглі козы вушамі, затрэслі галовамі, задзерлі свае куртатыя хвасты ды далі драпака з агарода.

Звярам ніякавата зрабілася, што маленечкая пчолка мацнейшая за іх, вялікіх. Разбегліся яны хто куды ад сораму і дагэтуль не сыходзяцца разам.

Загрузка...