ПРА СКАРБ, ЗАКАПАНЫ НА АЗЯРЫЙСКІМ ГАРАДЗІШЧЫ


Расказваюць, што шмат гадоў таму, уначы прыйшлі ў адно мястэчка да рыбака-селяніна Вяхоткі трое невядомых людзей і прасілі яго перавезці іх на гарадзішча. Стары рыбак уважыў іх просьбу і разам з імі пераехаў на востраў. Тут падышлі яны да рабіны і, вывараціўшы яе, знайшлі пад карэннямі жалезныя дзверы. Адзін з тых людзей адамкнуў тыя дзверы ключом, затым усе чацвёра зайшлі ў пакой, у якім пры запаленай свечцы сядзела дзяўчына, а каля яе ляжаў сабачка. У пакоі былі яшчэ адны жалезныя дзверы. Адамкнулі і тыя і зайшлі ў другі пакой, які быў поўны грошай. Тут тыя людзі сказалі Вяхотку, каб ён браў сабе грошы колькі хоча і адвозіў іх дамоў, пакуль яны будуць снедаць. Рыбак паспеў звезці дамоў тры мяшкі грошай. Калі ён у апошні раз звярнуўся на востраў, то незнаёмцы аддалі яму ключ ад дзвярэй патаемніка і сказалі, што пакідаюць яму ўсё сваё багацце з тым, аднак, што ён можа карыстацца ім толькі сам, не кажучы пра тое нікому.

З таго часу рыбак Вяхотка зрабіўся багаты і, не ведаючы куды дзяваць так лёгка нажытыя грошы, пачаў піць. Гэта заўважылі суседзі і аднавяскоўцы і пачалі дапытвацца, адкуль такое багацце ў Вяхоткі.

Раз стары, будучы пад чаркай, расказаў свайму сыну, як ён здабывае грошы, і разам з ім выправіліся на востраў, каб паказаць месца, дзе схаваны скарб. Але пад рабінаю не было ўжо ні склепа, ні дзвярэй.


* * *

Гадоў каля шасцідзесяці таму да няшчаснага года (так называе народ 1812 год) прыехаў у сяло Мястэчка позна вечарам нейкі пажылы чалавек і прасіў рыбака перавезці яго на востраў і паказаць гарадзішча. Рыбак уначы доўга не згаджаўся, але калі той даў яму рубля серабром, перавёз яго на востраў.

Толькі яны прыйшлі да самой сярэдзіны гарадзішча, як перад імі з грукатам і віскам раскрыліся адны за другімі трое жалезных дзвярэй і адкрыўся склеп. Зайшоўшы ў яго, яны ўбачылі на крэсле цудоўную баярыню, ля ног яе двух хартоў, а побач, з правага і левага бакоў, застаронкі сярэбраных і залатых грошай. Чалавек той спакойна набраў у свой мяшок серабра і пайшоў. Выйшаў за ім і рыбак, думаючы: прыйду я заўтра ўдзень ды набяру як мага больш золата. На світанні ён сапраўды прыйшоў на гарадзішча, але ні золата, ні серабра, ні прыгожай баярыні і яе верных хартоў, ні нават дзвярэй жалезных і мура каменнага і слядоў не засталося, а замест усяго гэтага перад ім, як і раней, узвышаўся круглы земляны насып, ускапаны месцамі то рукой шукальніка шчасця, то часам і капытамі скаціны, што пасвілася

Загрузка...