Шмат паноў валодала Дукорай. Ды самы жорсткі быў пан Оштарп. Яго імем маткі нават дзяцей пужалі.
Не баяўся ён людскога суда. I здзекі чыніў з народа страшэнныя.
Былі дажынкі. Хлопцы і дзяўчаты ішлі з панскага поля. А ўперадзе натоўпу — Фроська з Дукоркі. У вяночку з палёвых кветак, са снапом панскага жыта на руках.
Далі знаць Оштарпу, што ідуць дажынальнікі. Выйшаў ён на ганак, сеў у крэсла з фамільным гербам. Фроська ўкленчыла, працягнула сноп жыта, песняй пачала велічаць Оштарпа, прасіць, каб літасцівы быў пан да сваіх прыгонных.
Прыгожая была Фроська, вельмі прыгожая. I загарэліся старэчыя вочы. Паклікаў Оштарп лёкая Францішка, паціху пытае:
— Хто такая?
— Каваля Тодара дачка,— адказвае той,— у нядзелю вяселле яе з Васільком.
Нічога не сказаў тады Оштарп.
А ў нядзелю наляцелі на вясельны поезд гайдукі конныя, схапілі Фроську, памчалі ў палац да пана.
Назаўтра сядзеў Оштарп у сваім улюбёным крэсле. Стаяла такая спёка, і задрамаў гвалтаўнік, забыўшыся на Фроську. Бярэ тады дзяўчына кухонны нож, паціху падкрадаецца да пана і заносіць над ім руку. Ды закукавала зязюля ў заморскім гадзінніку. Уздрыганулася Фроська, стукнуў аб каменныя пліты нож. Падхапіўся Оштарп, закрычаў нема.
На стайні ў сцяне была ніша. I па загаду Оштарпа замуравалі туды Фроську жывую.
Васілёк сабраў сяброў, і, калі Оштарп вяртаўся з Мінска, падпілавалі хлопцы мост. Шаснаццаць коней цягнулі панскую карэту, што важыла дзвесце пудоў. I рынула яна разам з Оштарпам у Свіслач.
Адзін з самых уладарных і багатых князёў Радзівілаў быў Караль Радзівіл. Сярод польскіх паноў яго звалі Круль Нясвіжа. А празвалі яго яшчэ Пане Каханку, бо гэта былі ўлюбёныя князевы словы. Нават да няшчаснага, засуджанага князем на смерць за якуюсь правіну, князь усё роўна казаў «Пане Каханку...».
Караль Радзівіл, кажуць, нідзе не вучыўся, жыў разгульна, характар меў жорсткі і падступны. Некаторыя знатныя сучаснікі сцвярджалі, што ў князя нораў, як у дзіка. Караль Радзівіл меў трох жонак, не прамінаў карыстацца правам «першай ночы» ў сваіх прыгонных, якіх меў вельмі шмат. Балі, якія наладжваў Пане Каханку, былі сапраўды каралеўскія па раскошы, а паляванні на звяроў здзіўлялі сваёй жорсткасцю.
На паляванне князь разам са сваімі гасцямі і чэляддзю выязджаў за Нясвіж у свой Альбянскі парк з паблізным лесам. Парк быў прарэзаны васьмю каналамі, якія сыходзіліся да вострава. Паляўнічыя, размясціўшыся там, на востраве, маглі без усялякай перашкоды расстрэльваць зацкаваных звяркоў, якія кружылі ўздоўж вострава. Пане Каханку забіваў па 27 ласёў і дзікоў зараз. У Альбянскі замак запрашалі і польскага караля Станіслава Панятоўскага. У часе адной з забаў Пане Каханку польскі кароль, убачыўшы, як мядзведзі рвуць ласіху, не выгрымаў жорсткага відовішча і стрэліў у мядзведзя. На гэта Пане Каханку ўсміхнуўся і сказаў: «Баба ты, а не кароль!»
Пужаючы народ, забаўляўся Пане Каханку і яздою ў санках у мядзведжай запрэжцы шасцерыком па летняй дарозе, высыпанай соллю. Соль у тую пару была дарагая. Два з паловаю фунты каштавалі якраз столькі, колькі дванаццацігадовая прыгожая дзяўчына.