У часы старадаўнія воўк, сабака, кошка і мыш жылі між сабою дружна, не варагавалі, адзін за аднаго стаялі і ні ў чым патрэбы не мелі.
Раз ваўку давялося некаторы час пагаладаць: не было харчоў. I расстараўся ён сабе граматку — прасіць хлеб па вёсках і па сёлах. З гэтаю граматаю воўк і пайшоў жабраваць.
Па дарозе мусіў ён перайсці па кладцы цераз нейкую рачулку, ды зваліўся ў ваду і так замачыў сваю грамату, што яе немагчыма было разгарнуць, не прасушыўшы. Дабег воўк да бліжэйшай вёскі, ускочыў у першую хату, папрасіў там гаспадарскага сабаку дапамагчы яму і высушыць прамоклую грамату, а сам, таксама мокры, пайшоў сушыцца ў ёўню. Сабака адразу, як мага асцярожна, разаслаў грамату на градцы і, сам не маючы часу, даручыў кошцы перадаць гэтую паперу ваўку, калі ён па яе прыйдзе.
Між тым кошка заснула, прасохлая грамата ўпала з градкі на зямлю і трапіла ў зубы да мышкі, што тут якраз прабягала. Тая, не ведаючы, што гэта за папера, згрызла яе амаль усю, а шматкі, якія засталіся, зацягнула ў сваю норку.
Калі воўк вярнуўся ў хату і даведаўся пра ўсё, дык пачаў лаяць сваіх таварышаў. Ніхто з іх не хацеў прызнаць сваю правіну, і яны ўсе між сабою перасварыліся ўшчэнт. Воўк быў у роспачы, бо новай граматы яму не маглі даць. Завыў ён, бедны, немым голасам і злосна накінуўся на сабаку, які ледзьве вырваўся. Тады раззлаваўся сабака ды кінуўся на кошку і не выпусціў яе з лап, пакуль не пакусаў дашчэнту. Тут кошка накінулася на мыш, якая найбольш і правінілася.
З таго часу і варагуюць воўк з сабакам ды з кошкай і мышкай.