Глава 9


Штурм пачаўся за некалькі хвілін да заканчэння ультыматума, і Свенсан, які суправаджаў Холіна і зараз цярпліва чакаў яго ў дыспетчарскім пакоі, змог з вышыні дзесятага паверху назіраць за яго падрыхтоўкай і пачаткам. Космадэсантнікі (а іх было ніяк не менш за пяцьдзесят) дзейнічалі прафесійна і граматна… і ўсё роўна ў Свенсана было нейкае нядобрае прадчуванне правалу ўсёй гэтай бездакорна распрацаванай аперацыі. Адкуль яно ўзялося, гэтае прадчуванне, Свенсан і самому сабе не змог бы растлумачыць.

З таго час, як сам Свенсан выйшаў у адстаўку (не зусім дабраахвотна, праўда, але гэта ўжо тэма асобнай размовы), прайшло не так і шмат часу і экіпіроўка дэсантнікаў амаль не змянілася. Вось і зараз на іх былі такія знаёмыя Свенсану камбінізоны, дакладней - скафандры, сапраўдны цуд тэхнікі, калі казать шчыра. Мала таго, што гэты скафандр забяспечываў амаль поўную абарону свайго ўладальніка ад пераважнай большасці ручной зброі, у ім мелася і ўласнае і даволі разнастайнаеўзбраенне… і што яшчэ больш важна – чалавек у гэтым скафандры мог свабодна ўзнімацца ў паветра і нават перамяшчацца там з высокай даволі хуткасцю і манеўранасцю. Як скафандры маглі гэта рабіць, было тайнай за сямі пячаткамі. Ні Свенсан, ды і ніхто, здаецца, з дэсантнікаў аб гэтым не ведаў… проста выкарыстоўвалі іх і ўсё.

- Ну, што? – сказаў Холін (Свенсан так і не заўважыў, калі ж ягоны непасрэдны начальнік паспеў падыйсці). – Любуешся?

Свенсан нічога не адказаў.Ён толькі маўчкі назіраў за тым, як дэсантнікі, група за групай, знікалі ў заранне праробленых праломах у сцяне ангара. Бой зараз ішоў там, знутры… жорсткі бой… і Свенсан міжволі пашкадаваў заложнікаў. Шанцаў застацца ў жывых у іх, здаецца, не было аніякіх…

Холін нібыта прачытаў ягоныя думкі.

-Маглі б проста знішчыць усё памяшканне адным добрым зарадам, - крыва ўсміхаючыся, заўважыў ён. – Але ж трэба паказаць, што зроблена ўсё магчымае для выратавання заложнікаў! А што да астатняга…

Не дагаварыўшы, ён толькі гучна вылаяўся і змоўк.

Між тым шум бою у ангары раптоўна заціх, і гэтая нечаканая хуткаплыннасць боюбыло дзіўнай і даволі незразумелай для Свенсана. Неяк падсвядома ён чакаў ад “дзікіх кошак” куды больш упартага супраціўлення. Праўда, пяць дзесяткаў космадэсантнікаў гэта сіла і сіла немалая, але ўсё ж… У Свенсана мільганула наватнедарэчная думка, што менавіта дэсантнікі панеслі вялікія страты і адступілі… і якраз у гэтым адзіная прычына такой хуткаплыннасці бою ў ангары …

- Штосьці не так? – спытаў раптам Холін, уважліва ўглядваючыся ў напружаны твар свайго першаганамесніка. – Там штосьці не так пайшло?

Але адказаць Свенсан не паспеў. З ангару вылецеў адзін з дэсантнікаў, за ім яшчэ некалькі.

- Сюды! – закрычаў першы, здзіраючы з галавы шлем. – Доктара! Там…

І, не дагаварыўшы, ён паляцеў да галоўнага будынка космапорту. А з ангара ўсё выляталі альбо выходзілі космадэсантнікі. Праўда, не ўсе змаглі выбрацца адтульсамастойна. Вось дэсантнікі асцярожна вынеслі некалькі цел у скафандрах (забітых ці, можа, параненых), вось медыцынскія работнікі ў зялёных халатах наблізіліся да іх, а потым, выслухаўшы нейкія тлумачэнні, зніклі ў чорным праломе сцяны ангара. А з заложнікаў чамусьці так і не з’явіўся ніхто…

- Штосьці тут не так! – паўтарыў Холін, а Свенсан раптам рашуча накіраваўся да ліфта. – Куды ты?

- Туды! – сказаў Свенсан, не азіраючыся. – У ангар.

Ён і сам не ведаў, чаму прыняў раптам такое рашэнне. Простая цікаўнасць, ці, можа, падсвядомае жаданне яшчэ раз, самы апошні, убачыць дзіўную гэтую жанчыну, з якой ён правёў калісьці такія непаўторныя два тыдні,і якая, нібыта ў падзяку за гэта, зусім нядаўна так вялікадушна падаравала яму жыццё.

Праўда, убачыць яе Свенсан мог зараз толькі мёртвай, бо нават думка аб тым, што “дзікая кошка” магла жывой здацца ў палон… нават сама думка аб гэтым здавалася яму не толькі немагчымай, але і абсурднай…

* * *


Першае, што адчуў Сарджэн, калі крыху ачуняў, гэта прыемную цеплыню аголенага жаночага цела, якое цесна прыціскалася да ягонага цела, таксама, здаецца, поўнасцю распранутага. Расплюшчыўшы затым вочы, ён, нягледзячы на густы паўзмрок вакол, зразумеў, што знаходзіцца ў адным з памяшканняў незразумелай гэтый будыніны сяродджунгляў, і ляжыць зараз у ложку пад цёплай коўдрай. І Мэры ляжыць побач з ім… і ўсё амаль як раней, калі вось так, разам, яны заўсёды прачыналіся раніцай...

Вось толькі раней яна ніколі не абдымала яго так моцна.

-Мэры! – пяшчотна прашаптаў Сарджэн. Ён паспрабаваў паварушыцца, але так і не змог гэтага зрабіць. –Каханая!

-Заткніся!

Голас Мэры адразу ж вярнуў Нікаля да рэальнасці. Так, Мэры, ягоная былая рабочая жонка, ляжала побач з ім у ложку і нават моцна яго абдымала, але аб фізічнай блізкасці тут нават і гаворкі не йшло.

Тут было штосьці іншае, і нават моцна абдымаючы былога мужа, жанчына была ў сваіх думках вельмі і вельмі далёка ад яго зараз.

І болю зусім не было чутна…

“Яна ж мяне лечыць! – дайшло нарэшце да Сарджэна. – Якраз у гэты самы час яна нейкім незразумелым чынам загойвае мае раны… яна гэта ўмее…”

Мэры і сапраўды ўмела загойваць раны, у гэтым Сарджэн змог упэўніцца яшчэ ў тым, мінулым сваім жыцці. Аднойчы, калі ён моцна параніў руку саломарэзкай і, забегшы ў дом, загадаў Мэры хуценька накласці на рану спецыяльны калоідны пластыр, яна ўпершыню асмелілася не выканаць загад мужа. Замест гэтага Мэры проста нахілілася над знявечанай рукой Нікаля і паклала на пашкоджанае месца сваю вузкую цёплую далонь. І, о, дзіва, адразу ж знік, прапаў кудысьцімоцны пякучы боль… і Сарджэн, замест таго, каб паўтарыць больш строгім голасам папярэдні загад, толькі моўчкі і са здзіўленнем паглядзеў на сваю рабочую жонку. І здзіўленне гэтае яшчэ больш узрасло, калі праз нейкія дзесяць хвілін Мэры адняла пальцы і Сарджэн не ўбачыў на руцэ вялікага ірванага парэзу. Больш таго, там не аказалася нават шкнару... і гэта было не толькі неверагодна, алеі вельмі падобна на цуд… ды гэта і было цудам…

- Як ты гэта зрабіла? – спытаў ён тады рабочую жонку.

- Не ведаю.

Яна не маніла яму, бо рабочыя жонкі не ўмеюць маніць. Яна і сапраўды не ведала на той момант, якмагла зрабіць такое… проста зрабіла і ўсё…

Зараз яна, здаецца, усёведала, проста пытаць аб гэтым Сарджэн чамусьці не асмеліўся. Ён проста працягваў ляжаць побач з Мэры (ці, можа, з Марганай) і чакаў, што ж будзе далей. Магчыма, яна ўсё ж прыкончыць яго потым, хоць незразумела тады, навошта было перад смерцю папярэдне залечваць раны будучай сваёй ахвяры…

-Чаму ты пабег у джунглі? – спыталася раптам Мэры з нейкай нават цікаўнасцю ў голасе. – Ты што, не разумеў, што праз джунглі адсюль немагчыма ўцячы?

Напэўна яе і сапраўды цікавіла гэтае пытанне, бо, расслабіўшы, нарэшце, рукі, жанчына адпусціла Нікаля і, крыху прыўзняўшыся на локці, ўважліва на яго паглядзела. Іх позіркі сустрэліся… штосьці было не так у тым, як яна глядзела… ды вось толькі Сарджэн ніяк не мог зразумець, што, менавіта, было тут не так…

А потым зразумеў. Нягледзячы на адсутнасць акуляраў, Нікаля выразна бачыў у паўзмроку пакоя твар Мэры і яе чароўныя грудзі…

І вочы, у якіх зараз былі холад і абыякавасць. І яшчэ пагарда.

- Ты што, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і выправіла мне зрок?

- Ты не адказаў на маё пытанне! – у роўным і таксама халодна-абыякавым голасе Мэры (а, хутчэй, Марганы) цікаўнасці было зусім крыху, а вось пагроза прысутнічала… незразумелая нейкая, і, тым не менш, даволі ўяўная пагроза. І яшчэ крыху пагарды прагучала ў абыякавым гэтым голасе, пагарды “дзікай кошкі” да баязліўца-мужчыны… – Няўжо ты так страціў розум ад страху, што бег куды вочы глядзяць?

- Калі б я хацеў уцячы, - прагаварыў Сарджэнз крыўдай, - то выбраў бы дэсантны кацер. Я бачыў яго там, каля сцяны, і ён, здаецца, у поўным парадку…

Нічога яму на гэта не адказаўшы, Мэры зноў апусцілася на падушку і нейкі час яны так і ляжалі побач. Мэры маўчала, думаючы аб нечым сваім… Нікаля таксама маўчаў, толькі думак у галаве ягонай не было аніякіх. Пустая была галава, зусім нават пустая…

-Як жа ты тады апынуўся ў джунглях? – прагаварыла Мэры нейкім ужо зусім іншым голасам. – Што ты там рабіў? Даследваў мясцовую фауну?

-Ды не, які з мяне даследчык… - Сарджэн раптам адчуў, што чырванее… добра, што ў паўзмроку пакоя гэта не так прыкметна. – Проста я… проста мне…

-Што, проста табе?

-Проста мне здалося, што з табой нешта здарылася! – адным духам выпаліў Нікаля. – Штосьці кепскае! Я пачуў жаночы крык… дакладней, крык гэты быў вельмі падобны на жаночы… і таму…

-І таму ты пабег мяне ратаваць?

У голасе жанчыны чулася зараз усмешка, уяўная такая ўсмешка, але пагарды там больш не было. Як, дарэчы, і пагрозы…

- Ты што, ідыёт?

Сарджэн нічога не адказаў, але ў думках быў цалком згодны з былой сваёй жонкай.

- Ты разумееш, што ледзь-ледзь не загінуў?

Сарджэн зноў нічога не адказаў, ды і што было адказваць…

-І калі б я не падаспела своечасова…

-Дзякуй! – шчыра і ад усяго сердца прагаварыў Сарджэн і, не стрымаўшыся, дадаў: - Скажы, а табе было б мяне шкада, калі б я загінуў?

-Што?!

Рэзка павярнуўшы галаву у бок Нікаля, Мэры нейкі час моўчкі глядзела яму ў вочы амаль ранейшым пагардлівым позіркам.

-Шкадаваць цябе?!

-Ну, хоць крыху… - прамармытаў Саржэн збянтэжана і неяк нават вінавата. – Хоць… я разумею…

-Нічога ты не разумееш!

Жанчына працягвала глядзець на свайго былога мужа, і ў поглядзе гэтым дзіўна перапляліся зараз самыя разнастайныя пачуцці.

-Што ж мне з табой рабіць? – нібыта разважаючы ўслых, прагаварыла Мэры. – Падкажы мне, што з табой рабіць?

-Забі! – прашаптаў Сарджэн, стомлена заплюшчваючы вочы. – Толькі сама. Прыняць смерць ад рукі жанчыны, якую кахаеш… ведаеш, гэта не самы горшы варыянт смерці…

-Дурань! – глуха і неяк безнадзейна прагаварыла Мэры. – Які ж ты ўсё ж дурань!

-Які ёсць…

Сарджэн раптам адчуў, як рука Мэры навобмацак адшукала пад коўдрай ягоную руку, сціснула яе. Не моцна, асцярожна і нават пяшчотна…

-Абдымі мяне! – ледзь чутна прашаптала жанчына. – Не бойся, я дазваляю…

* * *

Каля ўваходу ў ангар стаялі два дэсантніка, ужо без скафандраў. Калі Свенсан падыйшоў, адзін з іх адразу ж загарадзіў яму дарогу.

-Туды нельга! – ляніва і крыху пагардліва прагаварыў ён. – Калі ў вас няма допуску…

-У вас ёсць допуск? – спытаў другі дэсантнік.

-Няма, - прагаварыў Свенсан і хацеў было ўжо адыйсці ўбок, але ў гэты час з цёмнай дзіркі ангара выйшаў яшчэ адзін дэсантнік. У скафандры, але з празрыстым пярэднім шчытком.

-Алаф! – здзіўлена ўсклікнуў ён, хапаючы Свенсана за руку. – Вось нечаканая сустрэча!

-Сапраўды!

Свенсан паспрабаваў успомніць прозвішча космадэсантніка, які яго прызнаў, але так і не ўспомніў. Твар быў знаёмы… вось толькі дзе і калі яны сустракаліся?

– Ну, як ты? – Свенсан вымавіў гэтую нейтральную фразу дзеля таго толькі, каб працягнуць размову, каб дэсантнік не западозрыў, што Свенсан нават не памятае яго. – Як астатнія?

-Ды так… - дэсантнік паціснуў плячамі. – А ты чаму тут, на Аграполісе? Няўжо працуеш у ФІРМЕ?

-Прыйшлося, - сказаў Свенсан.

- А тут што робіш?

– Ды вось, - цяпер ужо Свенсан паціснуў плячамі, - хацеў паглядзець … не пускаюць…

-Ідзем! – рашуча прагаварыў дэсантнік (прозвішча ягонага Свенсан, на жаль, так і не ўспомніў, як і тое, дзе яны ўсё ж маглі страчацца) і дадаў, павярнуўшыся да вартавых: - Гэты са мной! Тым больш, ён наш…былы космадэсантнік.

Дэсантнікі ля ўваходу не сталі пярэчыць і Свесан, услед за сваім знаёмым, апынуўся, нарэшце, у вялізным гулкім памяшканні ангара.

Усё тут нагадвала аб нядаўнім боі. Рэзка і асвяжальна пахла азонам, як і заўсёды, пасля масавага прымянення плазменнай зброі…у правай сцяны ў некалькі радоў ляжалі нерухомыя чалавечыя целы.

На дзіва шмат цел…

- Заложнікі? – Свенсан кіўнуў у бок нябожчыкаў. – Яны іх усё ж прыкончылі?

- Не яны! – неяк неахвотна адазваўся дэсантнік. - Мы!

-Вы? – Свенсан нават спыніўся, уважліва паглядзеў на субяседніка, ці не жартуе… зразумеў, што жартам тут і не пахне. – Навошта?

-А што нам заставалася рабіць? – з прыкрасцю і нейкай нават злосцю ў голасе прагаварыў дэсантнік. – Яны ж самістралялі ў нас! Каля дзесятка нашых паклалі!

-Яны? – Свенсан ушчыльную падыйшоў да нерухомых цел каля сцяны. – Гэтыя? Ды якяны маглі страляць…ці трымаў хто з іх раней у руках плазмер?

- І тым не менш… - дэсантнік уздыхнуў, таксама падыйшоў да сцяны, стаў побач са Свенсанам. – Яны стралялі ў нас, нібы звар’яцелыя! Ды яны і былі вар’ятамі! Усе да аднаго. Узброеннымі вар’ятамі! Страшна нават падумаць, што здарылася б, калі б яны вырваліся адсюль туды…- І ён паказаў галавой у бок выхаду.

- Не разумею! – сказаў Свенсан. Ён і сапраўды не разумеў.

- Гіпнакрэсла, - сказаў дэсантнік. – Вунь яно валяецца!

Непадалёку ад іх і сапраўды ляжала гіпнакрэсла, і Свенсан адразу ж пазнаў яго.

- А зброю? – спытаў ён. – Дзе яны ўзялі столькі зброі?

Пад словам “яны” Свенсан вядома ж падразумлеваў “дзікіх кошак”, а не гэтых няшчасных, што загінулі ўсе да аднаго, нават не разумеючы, за што яны тутзмагаюцца.

- Са зброяй проста, - сказаў дэсантнік. – Яны нездарма захапілі менавіта гэты ангар. Тут было некалькі складоў з самымі рознымі відамі ўзбраення.

- Яны і аб гэтым ведалі?

Дэсантнік нічога не адказаў, ды і што было адказваць. У гэты час са змрочнай глыбіні ангара да іх падыйшло яшчэ некалькі космадэсантнікаў.

- Жывых няма, - сказаў адзін з іх. – Змагаліся да апошняга…

- Жанчыны таксама? – спытаў Свенсан.

Ён даўно хацеў задаць гэтае пытанне, але чамусьці ўсё ніяк не рашаўся зрабіць гэта. Яны, вядома ж, таксама дзесьці сярод загінуўшых… і, можа, не трэба яму зараз глядзець на яе нерухомае цела, няхай лепш у памяці захаваецца тая апошняя іх сустрэча…тая, дзе яна яшчэ была жывой і размаўляла з ім…

-Якія жанчыны? – недаўменна перапытаў дэсантнік. – Тут толькі мужчыны былі: турысты, бізнесмены… некалькі фермераў…

-Ён, напэўна, меў на ўвазе “дзікіх кошак”! – здагадаўся другі дэсантнік. – Ён пра іх пытаўся!

-Яны таксама загінулі? – Свенсан раптам адчуў, як сарваўся, задрыжэў ягоны голас. – Дзе яны?

-Нам таксама хацелася б гэта ведаць, - змрочна буркнуў хтосьці з дэсантнікаў, а ягоны суседраптам ні з таго, ні з сяго засмяяўся.

-Ніколі я яшчэ не ўдзельнічаў у такой правальнай аперацыі! – прагаварыў ён амаль весела. – Яны ж нас проста вакол пальца абвялі, гэтыя… коткі!

І ён гучна, са смакам вылаяўся.

Ніяк не ўцяміўшы, аб чым ідзе гаворка, Свенсан проста пераводзіў погляд з аднаго дэсантніка на другога.

- Яны што, засталіся жывыя? – прагаварыў ён нарэшце.– У гэтым пекле?

Дэсантнікі пераглянуліся.

-Хутчэй за ўсё, “кошак” ужо не было тут у момант бою? – сказаў адзін з іх. – Пытанне толькі, куды яны маглі падзецца? Не маглі ж яны проста прасачыцца праз усе нашыя кардоны… такое наогул немагчыма…

- Гэта ж “дзікія кошкі”! – выгукнуў хтосьці. – Для іх магчыма ўсё!

Пасля гэтых слоў дэсантнікі загаманілі ўсе разам.

- Так ужо і ўсё?

- Мы, здаецца,таксама чагосьці вартыя!

-Пачакайце! – Свенсан усё ніяк не мог прыйсці ў сябе ад толькі што атрыманай інфармацыі. –Выходзіць, яны зноў абдурылі нас?

* * *

- Яны абдурылі нас! – праз зубы цадзіў хударлявы, бегаючы па пакою з кутка ў куток. – Яны зноў абвялі нас вакол пальца, гэтыя… гэтыя…

Ён спыніўся насупраць прыгнечана маўклівага Тома Ліўскі.

- Гэта твая віна, Ліўскі! Толькі твая і нічыя больш!

І, выкрыкнуўшы абвінавачвальную гэтую фразу, хударлявы зноў пачаў бегаць уздоўж і ўпоперак па пакою.

- Ды супакойся ты! – буркнуў таўстун. – І сядзь, не матляйся перад вачыма!

- Не твая справа! – вызверыўся на яго хударлявы. – Не табе складаць справаздачу ў Цэнтр, а мне!

- Ну, ты складзеш, - усміхнуўся таўстун. – Ты на такія справы майстра!

Хударлявы нейкі час моўчкі глядзеў на яго.

-Што ты гэтым хочаш сказаць? – не прагаварыў нават, а прашыпеў ён.

-Ды тое толькі, што ў гэтай справаздачы ты перавернеш усё з ног на галаву! – прыняў выклік таўстун. – Ты зробіш адзіным вінаватым у няўдалым гэтым штурме мяне! І, зразумела ж, ні словам адзіным не ўспомніш, што сам гарой стаяў за сілавое вырашэнне праблемы!

-Не трэба! – закрычаў хударлявы, нервова махаючы перад носам таўстуна доўгім вузлаватым пальцам. – Не трэба перадзёргваць карты! Я стаяў за поўнае і неадкладнае знішчэння ангара з усімі, хто там знаходзіцца, а зусім не за гэты ідыёцкі штурм! Але ж там былі твае патэнцыяльныя пакупнікі… вось чаму ты мяне і не падтрымаў з самага пачатку! І што ў выніку?! Дзе яны зараз, гэтыя твае пакупнікі?

-Там, дзе і твае! – агрызнуўся таўстун.

-Панове, панове, супакойцеся! – прымірэнча прашаптаў маленькі. – Крыкам справе не дапаможаш!

-Гэтай справе нічым не дапаможаш! – усё ніяк не жадаў супакоіцца хударлявы. – Мы селі ў лужыну ды яшчэ якую!

Ён зноў пачаў вымяраць таропкімі крокамі пакойі раптам, нечакана змяніўшыся ў твары, застыў на месцы, нібы аслупянелы. Маленькі прадстаўнік ФІРМЫ таксама паспешліва ўзняўся з месца, за ім, не менш паспешліва, ускочылі таўстун і Том Ліўскі, пры гэтым яны сутыкнуліся, з грукатам паваліўшы на бок цяжкае крэсла. Але на гэтае крэсла ніхто не звярнуў нават увагі, усе выцягнуліся, нібы салдаты на парадзе, расправіўшы па магчымасці плечы і максімальна ўцягнуўшы жываты. У таўстуна, праўда, апошняе атрымалася не вельмі…

Холін, які ўвесь гэты час сціпла і нерухома сядзеў каля чорнай матавай сцяны(што пры жаданні магла рабіцца велізарным экранам),з цікаўнасцю ўслухоўваючыся ў лаянку высокага кіраўніцтва, спачатку не ўцяміў нават, у чым тут справа. Потым азірнуўся на дзверы і таксама таропка ўскочыў з месца.

У дзвярным праходзе стаяў яшчэ адзін прадстаўнік ФІРМЫ… і Холін не адразу нават зразумеў, што гэта РАДЖА. Зразумеў гэта ён не па адзенню таго, хто стаяў зараз каля дзвярэй, бо апрануты РАДЖА быў вельмі проста, нават сціпла… вызначыць ягоны ранг дапамагла Холіну тая пачцівасць і нават рабалепства, з якой усе прысутныя глядзелі навысокага госця.

Тытул “РАДЖА” мелі толькі найбольш значныя і ўплывовыя кіраўнікі ФІРМЫ. Калі верыць чуткам (а не верыць ім не было аніякіх пастаў), такі тытул насілі адначасова ўсяго толькі калядвух дзесяткаў чалавек, ну, можа, крыху больш… Прадстаўнік ФІРМЫ такога рангу яшчэ ніколі не наведваў Аграполіс, і Холін адчуў раптам нейкае ўнутраннае хваляванне. Хоць… яму чаго хвалявацца, дробнай сошцы? Няхай хвалюецца кіраўніцтва… ды яно і сапраўды хвалюецца, яшчэ як хвалюецца…

А РАДЖА, абвёўшы усіх прысутных халодным позіркам блакітных вачэй, павольна падыйшоў да стала, сам узняў крэсла, якое незадоўга да гэтага павалілі Ліўскі і таўстун, нетаропка ў яго апусціўся.

- Ну! – прагаварыў РАДЖА, і голас ягоны прагучаў неякляніва, абыякава нават. – Што тут у вас?

- Я… мы… - хударлявы, нібыта ў чаканні дапамогі, паглядзеў на таўстуна, але той у ягоны бок нават не глядзеў, не зводзячы адданых вачэй з РАДЖЫ. – Я зараз усё растлумачу…Справа ў тым, што я… што мы…

- Справа ў тым, што вы не справіліся з заданнем! – рэзка перабіў яго РАДЖА. – І тлумачыць вы будзеце не мне, а… - ён змоўк і, узняўшы ўверх ненатуральна доўгі палец з пазалочаным пазногцем, дадаў. – Там вы ўсё гэта будзеце тлумачыць!

Ён змоўк, не апускаючы пальца, і ўсе таксама стаялі моўчкі і нерухома, і не зводзілі трывожных позіркаў з гэтага тонкага пальца, нібыта перад імі быў сам “перст лёсу”, а не звычайны чалавечы палец…

-Там вы паспрабуеце ўсё растлумачыць! – паўтарыў РАДЖА, з нейкім нават задавальненнем пазіраючы на спалоханныя фізіяноміі сваіх падначаленых. – Калі зможаце, вядома… - Пасля гэтых слоў ён памаўчаў крыху, пазяхнуў і дадаў: - Уладай, якая дадзена мне ФІРМАЙ, я адхіляю вас ад пасад. Пакуль што, часова. Шлюбка стартуе да зоркалёта праз… - РАДЖА паглядзеў на гадзіннік, памаўчаў крыху… - праз паўгадзіны. За гэты час вы паспееце сабрацца, ці не так?

Гэта было пытанне дзеля пытання, адказу на яго нават не патрабавалася, і таму ніхто нічога не адказаў.

-Усё, я вас больш не затрымліваю! – ранейшым лянівым і абыякавым голасам прагаварыў РАДЖА, потым ён зірнуў на спахмурнелага Тома Ліўскі і дадаў рэзка: - Цябе, Ліўскі, гэта таксама датычыцца!

-Мяне? – Ліўскінедаўменна азірнуўся вакол. – А як жа Аграполіс?

-А вось гэта цябе ўжо не датычыцца!

Ён змоўк, нібыта даючы зразумець, што размова скончана. І, зразумеўшы гэта, спачатку прадстаўнікі ФІРМЫ, а за імі і Ліўскі, ціхенька выйшлі з пакою. Холін таксама рушыў было да выхаду ўслед за ўсімі, але тут здарылася нечаканае.

- Вас я папрашу затрымацца, - нечакана ветліва прагаварыў РАДЖА.

Холін азірнуўся, не адразу зразумеўшы, што гэтыя словы адносяцца менавіта да яго.

- Прашу! – шырокім жэстам РАДЖА паказаў на крэсла насуперак сябе. – Сядайце, Максіміліян… так, здаецца, ваша імя?

Холін кіўнуў галавой і, стараючыся нічым не выдаць сваё хваляванне, моўчкі апусціўся ў мяккае зручнае крэсла, чакаючы працягу размовы.

-Здзіўлены? – спытаў РАДЖА, адкідваючыся на спінку крэсла. – Можаце не адказваць, і так бачу! А між тым, я хачу прапанаваць вам пасаду рэзідэнта на Аграполісе. Што вы на гэта скажаце?

Не ведаючы, што і адказаць, Холін толькі моўчкі чакаў працягу. І не памыліўся.

- Бачу, што згодны, - РАДЖА ўсміхнуўся, паказваючы бездакорныя, асляпляльна белыя зубы, занадта белыя, каб быць сапраўднымі… - Але гэта яшчэ не ўсё з таго, што я хацеў вам сказаць…

Ён змоўк, але і Холін таксама працягваў сядзець моўчкі.

- З сённяшняга дня вы надзяляецеся надзвычайнымі паўнамоцтвамі! – неяк асабліва ўрачыста прамовіў РАДЖА, і Холін міжволі ўскочыў з месца, выцягнуўся. – Сядайце! Ды сядайце ж вы!

Пачакаўшы, калі Холін зноў апусціцца ў крэсла, РАДЖА сам устаў, павольна прайшоўся па пакою…

-Сітуацыя надзвычайная, - прагаварыў ён, спыняючыся насуперак Холіна. – Спадзяюся, вы падзяляеце гэтае маё меркаванне?

-Так, падзяляю! – Холін зноў паспрабаваў устаць, і зноў быў вернуты назад уладарным жэстам РАДЖЫ.

І зноў нейкі час РАДЖА толькі моўчкі мераў пакой таропкімі крокамі, а Холін гэтак жа моўчкі назіраў за гэтымі ягонымі перамяшчэннямі.

- Тое, што тут у вас адбылося, - зноў загаварыў РАДЖА, паварочваючыся да стала, - гэта ўжо не ёсць пытанне тольківашай планеты. Гэта пытанне ўсёй ФІРМЫ, яе будучыні… самога нават яе існавання…

Голас РАДЖЫ прагучаў так злавесна, што Холін нават уздрыгнуў, сам таго не жадаючы.

-Гэтыя жанчыны не павінны пакінуць планету! Ні ў якім выпадку!

-Тады трэба закрыць касмапорт, - прапанаваў Холін. – І вывесці на арбіту ўсе касмічныя апараты, якія тут знаходзяцца…

-Гэта ўжо зроблена, - сказаў РАДЖА з цікаўнасцю пазіраючы на Холіна. – Засталася толькі мая шлюбка пад аховай дзесяці космадэсантнікаў…

-Мала! – міжволі вырвалася ў Холіна. – Дзесяці недастаткова!

-Вы так лічыце?

Холін кіўнуў сцвярджальна.

-Шкада, што мне трэба вяртацца, - сказаў раптам РАДЖА. – Цікава было б з вамі папрацаваць… Да таго ж…

Не закончыўшы фразы, ён зноў падыйшоў да стала, сеў на ранейшае месца.

- А зараз раскажыце мне ўсё, што ведаеце!

Холін здзіўлена на яго паглядзеў.

-Не зразумеў!

-Я маю на ўвазе напад “дзікай кошкі” на атдзяленне ФІРМЫ, - растлумачыў РАДЖА. – Знікненне картаў, артэфактаў… У вас жа маецца нейкае сваё меркаванне ўсяму гэтаму, ці не так?

-Так, маецца… - Холін памаўчаў крыху і дадаў. – Не меркаванне нават, а так, гіпотеза…

-Ну вось і падзяліцеся са мной гэтай сваёй гіпотэзай… - сказаў РАДЖА, стомлена адкідваючыся на спінку крэсла і заплюшчваючы вочы. – Толькі як мага карацей, у мяне не так шмат часу…


Загрузка...