Глава 4


Невялікі рамонтны катер з блакітнай эмблемай ФІРМЫ на фезюляжы вылецеў з-за пагорка і, паступова зніжаючыся, зрабіў над домам шырокі паўкруг, выбіраючы найлепшае месца для пасадкі. Нарэшце ўвагу Каратышкі Джона прыцягнуў ярка-аранжавы электракар і ён мякка пасадзіў кацер побач з ім.

- Усё, прыехалі! – павярнуўшыся, абвясціў Каратышка Джон. Затым ён адключыў рухавік і, націснуўшы клавішу, якая адчыняла задні люк, дадаў з надзеяй: - Спадзяюся, без мяне абыйдзецеся?

- Не спадзявайся! – Лэслі хуценька выбраўся з душнаватых вантробаў кацера на свежае паветра, з асалодай яго ўдыхнуў. – Нічога не здарыцца, калі ты дапаможаш нам зацягнуць усе гэтыя жалязякі ў дом!

- Нічога не здарыцца, калі ты двойчы прагуляешся ад кацера да дому! – імгненна парыраваў пілот.

Ён з надзеяй зірнуў на Свенсана, але брыгадзір ужо падцягваў да люка апаратуру, якую Лэслі адразу ж прымаў і стаўляў пакуль вакол сябе на газон. Скончыўшы з гэтай справай, Свенсан павярнуўся і паглядзеў на Джона.

- Трэба дапамагчы! – ён усміхнуўся сябру амаль вінавата і развёў рукамі. – Утрох хутчэй будзе.

- Хутчэй не будзе! – буркнуў Каратышка Джон, але ўсё ж вылез.

Ён быў амаль на цэлую галаву вышэйшы за далёка не маленькага Свенсана, не кажучы ўжо пра невысокага Лэслі. За гэты свой рост і велізарную фізічную сілу Джон і атрымаў мянушку Каратышка.

- Ну, і дзе гаспадар? – ляніва прагаварыў Лэслі, з цікаўнасцю азіраючыся па баках. – Слухайце, альбо ён заўзяты лайдак, альбо... Няўжо ён без жонкі такі бездапаможна?

- Падобна на тое! – пагадзіўся Свенсан. – Ці, можа, ён п’яны?

- Можа, і п’яны.Давесці гаспадарку да такога стану...

У гаспадарцы фермера і сапраўды панаваў самы поўны развал. Галодныя каровы, не спадзяючыся ўжо атрымаць так неабходны ім корм з рук гаспадароў, рабілі гэта цяпер самастойна. Разбіўшы ўшчэнт стойлы, усе трыццаць з лішнім кароў вырваліся на свабоду і цяпер актыўна насычаліся, пакідаючы пасля сябе толькі голую бураватую зямлю, месцаміпалітую, праўда, белымі струменьчыкамі малака. Пераважная большасць жывёлін, праламіўшы масіўнымі тушамі ажурную металічную агароджу, спусташалі цяпер ягадныя кусты і грады з ранняй гароднінай. Некалькі кароў, якім чамусьці прыйшліся не да спадобы гэтыя дэлікатэсы, абглодвалі пладовыя дрэвы каля дому, згрызаючы іх ажно да самых каранёў. Аднакарова, займаючыся гэтай справай, якраз і перагароджвала зараз рамонтнікам шлях да ўваходу.

- Слухайце, а яны, часам, мяса не ядуць? – прамармытаў Каратышка Джон, акідваючы недаверлівым позіркам цёмна-бурую грамадзіну. – А то, як бы...

- Яны ўсё ядуць! – змрочна канстатаваў Лэслі. – Асадліва з галадухі! Спадзяюся толькі, што ты падашся ёй куды больш апетытным, чым я!

- Гэта, як сказаць... – Джон узмахнуў рукой. – Гэй, як цябе там! Пайшла адсюль! Што, не разумееш?! Прэч пайшла!

- Гэй, гаспадар! – крыкнуў Свенсан. – Дзе ты там? Прымай гасцей!

Магчыма, карове надакучылі іхнія крыкі, а, можа, ёй раптам захацелася пакаштаваць чаго-небудзь больш прывабнага, чым цвёрдая горкая драўніна. Так ці інакш, але чорна-бурая грамадзіна перад імі раптам глуха рохнула і, цяжка ступаючы, рушыла ў бок гароду. Шлях быў свабодны.

- Не падабаецца мне ўсё гэта! – заклапочана прагаварыў Свенсан, не рухаючыся з месца. – Мо трэба звязацца з дзяжурным?

- І што мы яму скажам? – Леслі засмяяўся. – Што каровы нарабілі шкоды па віне п’янага гаспадара?

- З чаго ты вырашыў, што ён п’яны? – спытаў Джон. – Можа, ён яшчэ не вярнуўся дадому!

- А электракар?

Джон паглядзеў на элетракар. Было бачна, што машыну нядаўна выкарыстоўвалі...

- Тут штосьці здарылася! – прамармытаў ён. – Штосьці такое... толькі мы пакуль не ведаем, што менавіта...

- Вось зараз і даведаемся! – Лэслі ўжо старанна загружаў Каратышку апаратурай. – Вось... і гэта таксама! А гэта ты возьмеш у левую руку...

- Ды хопіць ужо! – узмаліўся, нарэшце, Каратышка Джон. – Пакінь і для сябе хоць штосьці!

* * *

Інстынкт спрацаваў ці яшчэ штосьці падсвядомае, але Скрайф усё ж паспеў ухапіць бутэльку і сунуць яе некуды пад стол у той самы момант, калі Холін, ледзь прыадчыніўшы дзверы кабінета, усунуў туды сваю сіваватую галаву разам з доўгім цікаўным носам.

- Я не вельмі перашкодзіў? – спытаў ён, уваходзячы, і ў голасе свайго намесніка Скрайфу падалася ледзь прыхаваная ўсмешка. Урэшце... магчыма гэта яму толькі падалося...

- Ды не, я нічым асаблівым тут… – Скрайф прымусіў сябе нават усміхнуцца, крыху нацягнута, праўда. – Заходзь!

Запрашэнне крыху спазнілася, бо Холін ужо быў у кабінеце, а Скрайф, вылаяўшыся ў думках, прыйшоў да высновы, што новага сакратара трэба ўсё ж звальняць. Ці, яшчэ лепш, перавесці яго на нейкі час у вахцёры, хай павучыцца там, як і каго трэба пускаць да начальства!

- Я наконт той жанчыны, якая пачала ўспамінаць... – вочы Холіна літаральна ўпіліся ў пачырванелы твар Скіна. – Я прагледзіў усю дакументацыю на яе, як вы і прасілі...

Ён не сказаў “загадалі”, ён ніколі не гаварыў так…Скрайф і з гэтым даўно ўжо змірыўся. Але тое, што Холін назваў яго на “вы” неяк насцярожыла Скрайфа. Няўжо гэты стары ліс штосьці западозрыў?! Гэта было б кепска! Яшчэ горшым было тое, што ён, Скін, здаецца, значна перавысіў сёння звычайную сваю дзённую норму…

- Ты што, дрэнна сябе адчуваеш? – спытаў Холін, зноў пераходзячы на “ты”...і зноў у ягоным голасе пачулася Скіну амаль не прыхаваная ўсмешка.

- Хвіліначку!

Узняўшыся з-за стала, Скрайф падыйшоў да акна, расчыніў яго насцеж. Адначасова з гэтым ён паспеў непрыкметна кінуць у рот два маленькіх блакітных шарыкі.

Лопнуўшы адразу ж, шарыкі ўраз напоўнілі ўсю ротавую поласць прыемным водарам мяты і прахалоды. І, амаль адразу– пранізліва-ледзяная хваля, якаядабегла да мозга, абвалакла яго на імгненне і адразу ж адкацілася назад. Калі Скрайф зноў павярнуўся да свайго намесніка, ён быў ужо цвярозым, як шкельца...

- Дык што з той жанчынай? – спытаў ён, вяртаючыся да стала і зноў апускаючыся ў крэсла. – Прабач!

Ён націснуў адну са шматлікіх кнопак і адразу ж аднекуль знізу з’явілася крэсла для наведвальнікаў. Не такое зручнае, як у Холіна, але ўсё ж...

- Дык што з жанчынай? – паўтарыў Скрайф, дачакаўшыся, калі Холін апусціцца ўсё ж ў крэсла для наведвальнікаў. – Што канкрэтна ты высветліў?

Сказаць па праўдзе, нічога з таго, што б там не высветліў ягоны намеснік, Скрайфа зараз не асабліва і цікавіла. Куды больш яго цікавіла пытанне: раскусіў ці не Холін ягоныя хітрыкі ля акна?

- Я высветліў, хто яна такая! – голас Холіна выдаваў зараз вышэйшую ступень занепакоеннасці, таму Скрайф, адкінуўшыся ў крэсле,з цікаўнасцю і нават са здзіўленнем паглядзеў на свайго намесніка... упершыню бачыў ён Холіна такім устрывожаным. – Яна з “дзікіх кошак”, уяўляеш!

- Не ўяўляю! – Скін недаўменна паціснуў плячамі. – З якіх кошак?

Цяпер ужо Холін паглядзеў на яго з недаўменнем.

- Дзікія кошкі Барсума! Ты што, ніколі не чуў пра іх?

Скрайф задумаўся. Дзікія кошкі Барсума... штосьці знаёмае... Дзесьці ён усё ж чуў пра іх, здаецца... толькі вось дзе і ад каго?

- Барсум... – ён пацёр кончыкамі пальцаў скроні, - Барсум... Гэта назва нейкай планеты, так? Незвычайнай нейкай планеты...

- Так! – Холін чамусьці ўздыхнуў. – Звычайнай яе назваць цяжка! – Ён адкінуўся ў крэсле наколькі гэта было магчыма, зноў уздыхнуў. – Справа ў тым, што пра гэтую планету амаль нічога не вядома... так, на ўзроўні чутак.ФІРМА з ёй не кантактуе... а калі ўсё ж і кантактуе, то ніяк гэтага не афішыруе...

- Пачакай, я, здаецца, штосьці ўспомніў! – прагаварыў Скрайф павольна. – Дзікія кошкі Барсума... ну, вядома ж, я пра іх чуў! Жанчыны-амазонкі?

Холін сцвярджальна кіўнуў.

- Амазонкі, ніндзя, суперагенты... як іх толькі не называюць...Самі ж яны называюць сябе – “дзікімі кошкамі”.

- Яны што, любяць драпацца? – пажартаваў Скрайф, але Холін, не прымаючы жарту, адмоўна пакачаў галавой.

- Не ведаю, як драпацца... але ў баявых адзінаборствах ім няма роўных ва ўсёй нашай Федэрацыі!

- Так ужо і няма! – Скрайф недаверліва ўсміхнуўся.

- Няма! – упарта паўтарыў Холін. – Яны з самага ранняга дзяцінства пачынаюць авалодваць гэтым майстэрствам. Адзіны іх занятак – сакрэтныя аперацыі найвышэйшай складанасці. За вялікія грошы іх наймаюць дзеля гэтага ўрады асобных планет альбо тыя ці іншыя карпарацыі. І заўсёды – стопрацэнтны вынік! Праколаў у іх практычна не бывае!

- І што ж гэта за аперацыі? – з цікавасцю спытаў Скін. – Забойствы?

- Не толькі... – Холін крыху памаўчаў. – Яны могуць, к прыкладу, выкрасці кіраўніка карпарацыі... Удвух, утрох... нягледзячы на сотню целаахоўнікаў! А могуць, наадварот, вызваліць яго з палону. Зняць копіі сакрэтнай дакументацыі... ды ці мала падобных сітуацый можа ўзнікнуць у жыцці... І заўсёды стопрацэнтны вынік, уяўляеш!

- Сур’ёзныя дамачкі! – Скоайф памаўчаў крыху, асэнсоўваючы толькі што пачутае. – І што, гэтая жанчына...

- Яна з “дзікіх кошак”!

Нейкі час абодвы маўчалі.

- Гэта сур’ёзна, Скін! – ціха прагаварыў Холін, упершыню ён назваў Скрайфа не па прозвішчу. – Трэба штосьці рабіць!

- Трэба! – згадзіўся Скрайф. – Дарэчы, дзякуй, што напомніў!

Ён націснуў сярэднюю з клавішаў і правы экран засвяціўся, на ім з’явіўся твар аднаго з дзяжурных.

- Хто-небудзь з рамонтнікаў ужо вярнуўся? – спытаў Скрайф і дзяжурны згодна кіўнуў. – Пашліце іх да таго фермера, які быў у мяне сёння. Пашліце зараз жа!

- Яны ўжо вылецелі, містэр Скрайф! – паведаміў дзяжурны. – Яны ўжо павінны быць там!

- Вось бачыш! – Скрайф паглядзеў на Холіна. – Рамонтнікі ўжо там... сітуацыя пад кантролем! Якая гэта брыгада? – зноў звярнуўся ён да дзяжурнага.

Дзяжурны на імгненне задумаўся.

- Пятая, містэр Скрайф!

- Пятая? – Скрайф усміхнуўся. – Гэта тая, дзе пілотам Каратышка Джон?

- Яна самая! – дзяжурны таксама дазволіў сабе нясмелую ўсмешку. – Брыгадзір –Алаф Свенсан, аператар – Лэслі...

- Вельмі добра!

Скрайф зноў націснуў клавішу і твар дзяжурнага знік.

- Вось бачыш – усё ў парадку! – Скрайф пазяхнуў, потым устаў, як бы паказваючы гэтым, што размова закончана. – Хутка яна зноў забудзе, што калісьці жыла ў палацы. Хутка яна зноў стане ранейшай паслухмянай рабочай жонкай...

“Напіцца б зараз! – тужліва падумалася яму. – Не так, як заўсёды, а па-сапраўднаму! Да парасячага віскату... да адключкі! Каб толькі ні аб чым гэтым не думаць... каб ні аб чым, наогул, не думаць! Ну, чаму ты яшчэ тут сядзіш, Холін?! Ідзі! Уставай і ідзі! “

Але Холін працягваў сядзець, і Скрайфу нічога іншага не заставалася, як толькі зноў апусціцца на ранейшае сваё месца.

- Што яшчэ? – суха спытаў ён.

- Ды ўсё тое ж! – Холін уздыхнуў. – А што, калі яна ўспомніла не толькі той факт, што калісьці жыла ў палацы?

- Ды што б яна там не ўспомніла – хутка яна ўсё зноў забудзе! Магчыма, гэта ўжо адбылося... – Скрайф замаўчаў, у раздражненні барабанячы пальцамі па адпаліраванай паверхні стала. – Ведаеш, Максіміліян, у мяне шмат спраў, так што...

Але Холін нават не паварушыўся.

- Гэта “дзікая кошка”, Скін! – Зноў ён назваў Скрайфа Скінам, гэта хоць штосьці ды значыла. – Ты што, не разумееш, што гэта “дзікая кошка”?! І калі яна ўспомніла хоць невялікую частку свайго былога “я”...

- Тры рамонтнікі плюс муж... – пачаў было Скрайф, але Холін толькі адмоўна трасянуў галавой.

- Рамонтнікі не справяцца з ёй, Скін!

Злосць прайшла. Скрайфу раптам стала смешна.

- Там – Алаф Свенсан, былы космадэсантнік! – сказаў ён. – Там – Каратышка Джон, урэшце рэшт! Ты ніколі не бачыў, як ён завязвае вузлы на сталёвай арматуры? А як ён робіць ланцужкі з цвікоў на хуткасць? Не бачыў?

- Бачыў! – адазваўся Холін. – Але я бачыў і другое! – у голасе Холіна зноў загучала трывога і яна, трывога гэтая, міжволі перадалася і Скрайфу. – Я бачыў “дзікую кошку” ў справе!Хочаш паслухаць?

Больш за ўсё Скрайфу хацелася выпіць. Але, разумеючы, што ад Холіна так проста не адвязацца, ён нейк неакрэслена кіўнуў галавой. Няхай расказвае і вымятаецца, колькі ўжо можна!

- Гэта было некалькі гадоў таму, - пачаў Холін. – Я вяртаўся тады... а ў рэшце рэшт, якая розніца, адкуль я вяртаўся тады і куды накіроўваўся!На адной з планет у мяне была перасадка. Лайнер спазняўся, часу ў мяне было зашмат, і я зайшоў у бар мясцовага космапорта перакусіць… ну і перакуліць пару кілішкаў. Вось там я яе і ўбачыў...

Холін змоўк і нейкі час проста сядзеў моўчкі. Нарэшце Скрайф не вытрымаў.

- І ты што, адразу зразумеў, што перад табой “дзікая кошка”? – з сарказмам спытаў ён. – А можа, вы пазнаёміліся, і яна сама паведаміла табе аб гэтым?

- Нічога я не зразумеў! – Холін ці то не заўважыў сарказму, ці то проста не звярнуў на яго аніякай увагі. – Я, наогул, не заўважаў яе спачатку... у бары было даволі шмат народу… тым больш, што яна сядзела адна, збоку, каля самай сцяны. І ў гэты час у бар увалілася нейкая кампанія падвыпітых грамілаў...

- Космадэсантнікі? – спытаў Скрайф.

Холін паціснуў плячамі.

- Магчыма! Але, хутчэй за ўсё, гэта былі піраты...

- Піраты? – здзівіўся Скрайф. – Але ж піраты... яны па-за законам! Усюды... у любой часткі Федэрацыі!

- Толькі не там, дзе гаспадарыць ФІРМА! – Холін крыва ўсміхнуўся. – На гэтых планетах піраты адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы. У адрозненні ад мясцовых жыхароў, якія, на сваё няшчасце, з імі там вымушаны кантактаваць...

Ён змоўк. Скрайф таксама маўчаў, паглажваючы пад сталом левай рукой халоднае шкло бутэлькі. Ну, давай жа... расказвай хутчэй і вымятайся!

- І што было потым? – спытаў ён, калі агульнае маўчанне зноў пачало пагрозліва зацягвацца.

- Потым? – Холін усміхнуўся. – Потым было, як звычайна. Іх было чалавек шэсць, і яны адразу ж пачалі дэбашырыць. Зневажалі мужчын... заляцаліся да жанчыны... калі хто з мужчын ўзаступаўся за іх–адразу ж атрымліваў па фізіяноміі...

- Уяўляю! – Скін са шкадаваннем паклаў левую руку на стол. – Табе таксама перапала?

- Ды не! – Холін, чамусьці, па-ранейшаму поўнасцю ігнараваў саркастычныя падначкі свайгосубяседніка. – Дакладней, магчыма б, і перапала... але, на маё шчасце, яны заўважылі гэтую дзяўчыну – нельга было не заўважыць такую прыгажуню – і ўсім кагалам рушылі да яе століка...

- Ну і... – Скрайфу раптам стала цікава, ён нават пра бутэльку забыўся. – Што было далей?

Холін устаў, павольна падыйшоў да адчыненага акна, нейкі час глядзеў кудысьці ўніз, потым зноў павярнуўся да Скрайфа.

- Разумееш, я таксама заўважыў яе ў гэты час... можа, крыху раней... Пакуль гэтыя мардавароты здзекваліся з астатніх,дзяўчына не звяртала на ўсё, што адбывалася ў бары аніякай увагі. Яна нават не паглядзела ў той бок ані разу... проста сядзела, пацягвала праз саломіну свой кактэль... аж да таго часу, пакуль гэтыя прыдуркі не акружылі яе з усіх бакоў. Яна нават дазволіла схапіць сябе за рукі... і толькі потым пачала іх мяцеліць! Разумееш, усё адбылося вельмі хутка, амаль імгненна... здаецца, на кожнага з нападаўшых, яна не патраціла больш двух-трох удараў, і гэтыя ўдары цяжка было нават разглядзець – усё злілося ў адну суцэльную віхуру. Карацей, хвіліны не прайшло, як усе шасцёра валяліся беспрытомнымі вакол століка... а гэтая дзяўчына, яна нават не паглядзела на іх! Зноў села за свой столік і пачала, як і раней, смакаваць кактэль...

- І ўсё ж, як ты даведаўся, што гэта была менавіта “дзікая кошка”? – перабіў Холіна Скрайф. – Яна што, аб’явіла аб гэтым усяму бару?

- Мне па сакрэту расказаў сам бармэн... – Холін змоўк на імгненне, неяк крыва усміхнуўшыся пры гэтым. – Потым... калі ўсё ўжо скончылася. А спачатку з’явілася паліцыя... нарэшце, з’явілася. Медыкі таксама пад’ехалі. Яны, дарэчы, аказваючы пацярпелым бандытам першую дапамогу, канстатавалі, што ўсе яны, хоць, без сумнення, выжывуць і нават, з цягам часу, змогуць рухацца,наўрад ужо калі ў будучым змогуць зацікавіцца жанчынамі...

- Вось нават як!

- Менавіта так! Разумееш, яна магла зрабіць з гэтымі мярзотнікамі ўсё, што пажадае! Магла проста забіць іх усіх... але вырашыла, што так больш павучальна...

Холін замаўчаў.

- А што паліцыя? – спытаў Скрайф.

- Паліцыя?! – Холін хмыкнуў. – Паліцыі гэтая дзяўчына паказала нейкае сваё пасведчанне і ўсе паліцэйскія літаральна выцягнуліся перад ёй па стойцы “смірна”. Бармэн сказаў мне потым: ў пасведчанні ўказывалася, што гэтая дзяўчына запрошана на планету для выканання нейкай звышсакрэтнай місіі, і што ўся паліцыя і, наогул, усе ўзброенныя сілы планеты павінны былі аказваць ёй у гэтым максімальнае садзейнічанне і выконваць любы яе загад або патрабаванне на ўвесь час аперацыі...

Экран справа раптам засвяціўся і на ім з’явіўся ўстрывожаны твар дзяжурнага знізу.

- Містэр Скрайф, я наконт пятай брыгады... – запінаючыся, прагаварыў ён. – Здаецца, у іх нейкія праблемы...

- Праблемы?! – здзівіўся Скрайф. – І што гэта за праблемы?

У гэты час Холін ірвануўся да стала і, ледзь не збіўшы Скрайфа з ног, літаральна ўпіўся ў экран вачыма.

- Звяжы мяне з пятай брыгадай! – выкрыкнуў ён у мікрафон. – Неадкладна!

На Скрайфа Холін не звяртаў аніякай увагі, быццам таго і ў кабінеце не было! Гэта было яўным парушэннем субардынацыі, і Скрайф хацеў ужо нават абурыцца і выказаць свайму намесніку ўсё, што ён аб гэтым думае. Але ў самы апошні момант ён чамусьці стрымаў сябе, прамаўчаў. Вельмі ўжо трывожна прагучаў голас Холіна...

- Доўга мне чакаць?! – зноў выгукнуў Холін у мікрафон. – Я, здаецца. аддаў загад: звязаць мяне з пятай брыгадай!

- Я зразумеў, сэр! – перапалоханы дзяжурны вінавата лыпаў вачыма. – Мы спрабавалі, але...

- Што, але?! – зароў Холін, ды так, што нават Скрайф уздрыгнуў ад нечаканасці. – Што з імі здарылася?!

-З імі няма сувязі! – праляпятаў дзяжурны. – Не магу зразумець, чаму...

- Гэта і ўся праблема? – з уяўнай палёгкай Скрайф адкінуўся на спінку крэсла, з насмешкай паглядзеў на чырвоны ад хвалявання твар Холіна. – Магчыма, зараз у іх ідзе сеанс гіпнатэрапіі... У гэты час, як ты ведаеш, уся сувязь адключаецца...

Нейкі час Холін моўчкі глядзеў на свайго непасрэднага начальніка цяжкім немігаючым позіркам. Аб чым ён думаў – невядома, але нічога прыемнага для Скрайфа у гэтых думках, пэўна ж, не было.

- Ты думаеш? – спытаў, нарэшце, Холін не зусім упэўненым голасам.

Замест адказу Скрайф толькі паціснуў плячамі.

- А пілот? Чаму ён не адказвае?

Скрайф зноў паціснуў плячамі.

- Не ведаю! Магчыма, пілот таксама пайшоў з астатнімі... – ён змоўк, скоса глянуў у бок Холіна, той, здаецца, аб чымсьці напружана раздумваў. – Ты ж ведаеш Лэслі... ён заўсёды хоча запрагчы Каратышку хоць у якую работу!

Не адказваючы, Холін толькі няўважліва кіўнуў галавой.

- Мне адключыцца? – спытаў нясмела дзяжурны.

Скрайф даў дазвол і экран зноў патух.

- Трэба выслаць туды ахоўнікаў! – сказаў раптам Холін. – Не меншдзесяці!

- Што?! – Скрайф нават прыўстаў у крэсле. – Колькі?

- Не менш дзесяці! – паўтарыў Холін.

- І яны справяцца ўдзесяцярох? – з’едліва спытаў Скрайф, зноў апускаючыся ў крэсла. – Як лічыш?

Але Холін зноў не прыняў іроніі. А, можа, ён яе проста не разумеў?

- Не ведаю! – сказаў ён суха. – Магчыма, і не! Таму яны павінны быць са зброяй і, наогул, у поўнай баявой экіпіроўцы!

- Вось нават як?!

Скрайфу вельмі хацелася ляпнуць зараз кулаком па стале... з усяе сілы ляпнуць, а затым паказаць гэтаму нахабніку на дзверы! Няхай займаецца сваімі канцэлярскімі справамі і не лезе ў ягоную, Скрайфа, кампетэнцыю! Скрайф ужо нават узняў кулак над сталом, але штосьці ўсё ж стрымала яго. Магчыма, нічым не прыхаваная трывога Холіна нейкім чынам перадалася і самому Скрайфу, бо, зусім нечакана нават для сябе самога, ён толькі згаджальна кіўнуў галавой.

- Рабі, як лічыш патрэбным! – сказаў ён стомлена і, калі Холін, павярнуўшыся, накіраваўся ўжо да дзвярэй, дадаў: - Ведаеш... калі ў іх па нейкай прычыне проста не спрацавала сувязь – нас падымуць на смех!

- Нічога! – адказаў Холін, нават не павярнуўшыся. – Як-небудзь паспрабую гэта перажыць!

Ён выйшаў і падкрэслена-шчыльна зачыніў за сабой дзверы. А Скін, вылаяўшыся ў думках, выцягнуў, нарэшце, з-пад стала прыхаваную там бутэльку і прагна да яе прыпаў...


Загрузка...