Скін Скрайф заўсёды лічыў сябе няўдачнікам. Ды ён і быў няўдачнікам, калі казаць шчыра, усё жыццё яму неяк не шанцавала...
К прыкладу, усе тыя, каго разам з ім яшчэ ў навігатарскай школе запрыкмеціла і ўзяла да сябе на службу ФІРМА, на здзіўленне хутка і паспяхова пераадольвалі адну за другой хісткія прыступкі службовай лесвіцы і паспелі зрабіць ужо даволі паспяховую кар’еру. Той-сёй з іх працаваў зараз у цэнтральным апараце ФІРМЫ, другія змаглі выбіцца ў рэзідэнты на той ці іншай планеце. Зразумела ж, на адной з тых планет, якія, альбо належылі ФІРМЕ, альбо цалком і поўнасцю ад яе залежылі, і рэзідэнт ФІРМЫ быў там, без усялякага перабольшвання, другой па значнасці асобай пасля УСЯВЫШНЯГА.
Аграполіс быў адной з такіх планет, але цяперашняя пасада Скрайфа была далёка не рэзідэнскай. Ён быў усяго толькі загадчыкам аднаго з аддзяленняў ФІРМЫ на Аграполісе, а іх, такіх аддзяленняў, было тут, на планеце, аж трыццаць восем...
Вядома ж, для мясцовых фермераў – а планета Аграполіс была населена ў пераважнай сваёй большасці менавіта фермерамі – загадчык аддзялення быў значнай фігурай. Як, дарэчы, і для сваіх уласных падначаленых: дваццаці пяці супрацоўнікаў ФІРМЫ самых розных рангаў плюс дваццаці ахоўнікаў, якія, праўда, мелі свайго ўласнага начальніка, а ён, начальнік гэты, непасрэдна загадчыку аддзялення не падпарадкоўваўся. Так што, пасада Скрайфа была, з аднаго боку, даволі значная, з другога ж – такіх загадчыкаў, як і ён, было на планеце яшчэ трыццаць сем, і ўсе яны ў аднолькавай ступені залежылі ад рэзідэнта.
Па злой іроніі лёсу рэзідэнтам Аграполіса быў былы аднакурснік Скіна па навігацыйнай школе, Том Ліўскі. Гэта ён, выпадкова сустрэўшы тры гады таму Скрайфа, прапанаваў яму гэтую пасаду на Аграполісе. Скрайф, які ўжо амаль страціў усялякую надзею хоць чаго-небудзь дабіцца ў жыцці, ухапіўся за гэтую прапанову, як за апошнюю выратавальную саломіну. Ён быў вельмі ўдзячны тады былому свайму сябру... зрэшты, вельмі блізкімі сябрамі яны ніколі не былі. Так, знаёмымі...
У той далёкі час кадэт Том Ліўскі адчайна зайздосціў кадэту Скіну Скрайфу, як і пераважная большасць іх аднакурснікаў, дарэчы. Скіну прадказвалі вялікую будучыню... ды ён і сам амаль што паверыў у гэта тады …
Скін уздыхнуў і, адарваўшыся, нарэшце, і ад справаздачаў, і ад горкіх сваіх успамінаў, узняў галаву. Ён паглядзеў на фермера, які гарой узвышаўся перад ім. Фермер усё яшчэ азіраўся вакол, у марных пошуках крэсла.
“Пастаіш! – з нейкай амаль непрытоеннай зласлівасцю падумалася Скіну. – Не разумею, чаму з кожнай дробяззю трэба абавязкова перціся да мяне?! Як быццам няма намесніка... дзяжурных няма, урэшце рэшт!”
- Дык вы кажаце, пачала ўспамінаць... – Скін зноў кінуў касы позірк на шматлікія дакументы, якія ў поўным беспарадку ляжалі зараз перад ім і загруджвалі сабой значную частку стала. Дакументаў было шмат, вельмі нават шмат... трэба будзе неяк сабрацца з духам і прывесці іх усё ж у належны парадак... – І што ж такога яна ўспомніла, містэр... містэр...
Ён зноў забыўся прозвішча наведвальніка.
Фермер даволі няўклюдна пераступіў з нагі на нагу.
- Яна заявіла, што жыла калісьці ў палацы! – буркнуў ён, не зусім ахвотна.
- У палацы?! – рыжаватыя бровы Скрайфа ўзляцелі высока ўверх. – Цікава, цікава! У палацы, кажаце?
Нічога не адказваючы, фермер толькі моўчкі паціснуў шырокімі плячамі. Бачна было, што ўсё гэта яму зусім не цікава. Як яго там... О’Ніл, здаецца?
- Скажыце, містэр О’Ніл... – Скрайф змоўк, у які раз ужо акінуў незадаволеным позіркам папяровы вэрхал на стале, - спадзяюся, вы не вельмі жорстка абыйшліся са сваёй жонкай за гэты... – ён зноў змоўк, падбіраючы патрэбныя словы, - за гэтыя, скажам так, абставіны, якія ад яе зусім нават не залежылі... дакладней, залежылі, але…
Канчаткова заблытаўшыся ў сваіх разважаннях, Скрайф заўважыў здзіўлена-недаўменны выраз твару О’Ніла і паспяшаўся дадаць:
- Справа ў тым, што любое пакаранне... любы фізічны боль, я маю на ўвазе, толькі пагаршае сітуацыю ў такі момант...
Фермер крыху сумеўся, нерашуча пераступіў з нагі на нагу.
- Магчыма, я ўсё ж... – ён змоўк, далонню, якая была, пэўна, разы з два шырэй за далонь Скрайфа, палез у патыліцу. – Магчыма, крыху я...
“Крыху! – Скін вылаяўся ў думках. – Ды ты збіў яе на горкі яблык, дубалом!”
Дадаўшы – таксама ў думках, зразумела – яшчэ дзве-тры кароткія фразы, яскрава характэрызуючыя фермера, Скрайф націснуў крайнюю правую клавішу селектарнай сувязі. Адразу ж успыхнуў экран аднаго з манітораў, асвяціўшы заспаную фізіяномію дзяжурнага дыспетчара. Дзяжурны быў з новенькіх і таму, пэўна, не адразу скеміў, хто глядзіць на яго зараз з экрана. Некалькі імгненняў дыспетчар толькі недаўменна лыпаў вачыма, затым да яго, нарэшце, дайшло...
- Дзяжурны па тэрыторыі, малодшы супрацоўнік Залеўскі! – адрапартаваў ён, імгненна ўскочыўшы з месца і выцягнуўшыся так, што, здаецца, дакраніся і ён адразу ж зазвініць нібыта тая струна. – За час майго дзяжурства...
- Вольна, Залеўскі! – сказаў Скін, адкідваючыся ў крэсле і з задавальненнем разглядваючы спалоханы твар дыспетчара. – Скажы, якая з рамотных брыгад зараз на месцы? Хоць адна з іх ёсць на месцы?
- Ніяк не! – дзяжурны ўсё яшчэ стаяў навыцяжку. – Усе тры на тэрміновых выкліках! Будуць не раней, чым праз гадзіну-дзве! А што здарылася? – у голасе дзяжурнага прагучалі адначасова ўстрывожаныя і цікаўныя ноткі. – Што-небудзь сур’ёзнае, містэр Скрайф?
- Сур’ёзнае? – Скін пабарабаніў пальцамі па стале, скоса зірнуў на нерухомую фігуру О’Ніла. – Ды не, не думаю, каб гэта было занадта ўжо сур’ёзна... Зараз да цябе падыйдзе адзін наш пакупнік, містэр О’Ніл... – ён зноў кінуў хуткі погляд на фермера. – Возьмеш у яго ўсе дадзеныя, запішаш каардынаты, і як толькі якая-небудзь з брыгад вызваліцца – накіруеш яе туды. Усё зразумела?
- Усё зразумела! – дзяжурны яшчэ больш выцягнуўся, хоць больш, здавалася б, ужо немагчыма фізічна. – Будзе выканана!
Скрайф шчоўкнуў клавішай і манітор патух. Фермер яшчэ нейкі час таптаўся на месцы, як бы жадаючы і далей працягнуць размову, але Скрайф быў ужо сыты ім па горла. Ветліва ўсміхаючыся, ён узняўся з-за стала, паказваючы гэтым, што аўдыенцыя закончана.
- Ідзіце да дзяжурнага, - сказаў ён, махнуўшы рукой у напрамку да дзвярэй. – Там вам усё растлумачаць.
Дачакаўшыся, калі за фермерам зачыніліся нарэшце дзверы, Скін зноў апусціўся на ранейшае месца, аж знемагаючы ад нецярпення. Левая ягоная рука ўжо звычна нырнула пад стол, навобмацак адшукала там маленькую, ледзь прыкметную кнопку, націснула яе. Высунулася патаемная шуфлядка і Скін прагна выхапіў адтуль плоскую шкляную бутэльку больш чым напалову запоўненую нейкай залаціста-празрыстай вадкасцю. Падазронна зірнуўшы на дзверы, Скін паднёс плоскую бутэльку да засмяглых вуснаў, зрабіў першы працяглы глыток...
Калі Скін зноў схаваў бутэльку ў шуфлядку стала, вадкасці там засталося не больш чвэрці. Ён пасядзеў крыху, прыслухоўваючыся да ўнутраных сваіх адчуванняў, потым уздыхнуў, устаў і выйшаў у прыёмную. Сакратар, малады хлопец, апрануты ў зусім новенькую і крыху нават велікаватую яму ўніформу, ускочыў з-за стала і вінавата паглядзеў на шэфа.
- Яшчэ раз пусціш да мяне аднаго з гэтых... – Скрайф змоўк, стараючыся падабраць найбольш падыходзячыя словы, але так і не падабраў аніводнага. – Карацей, пусціш яшчэ – лічы сябе звольненым! Зразумеў?
Сакратар вінавата кіўнуў і пачырванеў.
- Пасылай іх да Холіна, калі ўжо дзяжурны дыспетчар ім, чамусьці, не падыходзіць!
- Я паслаў яго да Холіна, - сказаў сакратар. – Я нават праводзіў яго туды...
- І што? – Скрайф адчуў раптам, як напруглася ўсё знутры. – Што сказаў Холін?
Ён сам добра ведаў ужо, што сказаў Холін... не трэба было пытацца аб гэтым у сакратара...
- Холін сказаў... – голас сакратара гучаў па-ранейшаму вінавата, - ён сказаў, што ў яго зараз вельмі шмат спраў...
- Вось як? – Скрайф адчуў раптам, што шчокі ягоныя таксама пачынаюць чырванець. (гэтага яшчэ не хапала!). – Вось як? – паўтарыў ён, стараючыся не глядзець на сакратара – Калі хто мяне будзе пытацца – я ў намесніка!
Сакратар зноў кіўнуў вінавата, але Скрайф ужо, не глядзячы на яго, выходзіў з прыёмнай. У калідоры ён спыніўся і нейкі час стаяў так, моўчкі і нерухома, не зводзячы цяжкага позірку з дзвярэй насупраць.
Гэтыя дзверы куды больш падыходзілі для кабінета загадчыка аддзяленнем, чым ягоныя ўласныя. І таблічка золатам, дзе слова “намеснік” амаль гублялася дзесьці зверху, а цэнтральнае слова “загадчыка”, наадварот, было занадта вялікім і адразу ж выдзялялася на суцэльна-чорным фоне дзвярэй. “Нядзіўна, што ўсе яны бягуць, у першую чаргу, у мой кабінет! – мільганула ў галаве Скрайфа. – Холін – вось хто сапраўдны загадчык аддзялення! Холін, а не я!”...
Ён націснуў цяжкую бронзавую ручку дзвярэй і ўвайшоў у прыёмную.
У прыёмнай Холіна сядзела ягоная сакратарка… яна ж - рабочая жонка Холіна. Убачыўшы Скрайфа, жанчына штосьці хуценька і амаль неразборліва прагаварыла ў селектр, але нават не падумала ўстаць. Так было заўсёды, і Скін даўно ўжо махнуў на гэта рукой. Урэшце рэшт, жанчына гэтая – не супрацоўніца ФІРМЫ, заробка яна тут не атрымлівае, непасрэдна Скрайфу не падпарадкоўваецца. Яна была ўласнасцю Холіна... ну а тое, што Холін сам адмовіўся ад сакратара – ягоная асабістая справа! Сама ж ФІРМА толькі выйграла фінансава ад такой замены...
- Прывітанне! – сказаў Скрайф, уваходзячы ў вялізны, шыкоўны кабінет свайго намесніка і апускаючыся ў крэсла для наведвальнікаў. – Чым займаешся?
- Ды так... – Холін адсунуў убок нейкія паперы, ляніва паглядзеў на Скіна паверх акуляраў. – Нічога сур’ёзнага. А ў цябе?
Холін заўсёды называў свайго непасрэднага начальніка на “ты”, і Скіну нічога не заставалася, як толькі адказваць яму тым жа. Праўда, рабілі яны гэта толькі пры асабістых зносінах, без пабочных асоб.
- Памятаеш апошнюю буйную партыю жанчын? – спытаў Скін. – Колькі іх тады нам даслалі? Больш за пяцьдзесят, здаецца...
- Пяцьдзесят сем, - сказаў Холін без затрымкі. – І ўсе былі рэалізаваны за першыя тры дні, акрамя адной, на якую, чамусьці, так і не знайшлося пакупніка...
“І якую ты ўзяў сабе, лічы, што бясплатна! – міжволі падумалася Скрайфу. – Трэба ж так апусціцца! Хоць... невядома, як буду выглядаць я, калі пратырчу тут хоць палову таго тэрміна, што Холін...”
Ён успомніў раптам, якой кіслай была фізіяномія Холіна, калі яны сустрэліся ўпершыню. Мабыць, ягоны цяперашні намеснік спаў і бачыў ужо менавіта сябе загадчыкам аддзялення. І, будзем шчырымі, паставы для гэтага спадзявання ў яго меліся, і былі яны куды больш важкімі, чым у Скіна, але...
Усю справу вырашыла тое, што Скін вучыўся калісьці разам з Томам Ліўскі і нават крыху сябраваў з ім у тыя далёкія часы.
- А чаму раптам ты зацікавіўся менавіта гэтай партыяй? – спытаў Холін, вяртаючы думкі Скіна з нябёсаў, дзе яны толькі што луналі, зноў на грэшную зямлю. – Здарылася што?
Скрайф паціснуў плячамі.
- Ды не, нічога звышасаблівага! Проста сёння раніцай да адной з жанчын гэтай партыі пачала вяртацца памяць...
- Гэта бывае! – Холін глядзеў на загадчыка спакойна і нават добразычліва, але і ў поглядзе ягоным, і ў тоне, якім ён размаўляў са Скінам, адчуваліся, як і заўсёды, дрэнна прыхаваныя ноткі ўласнай сваёй перавагі, пагарды нават... – Я думаю, не трэба вельмі ўжо хвалявацца з-за гэткай дробязі. Проста паведаміць дзяжурным… яны ведаюць, што рабіць у падобных выпадках...
“Чаму я прыпёрся да яго зараз? – стомлена падумалася Скіну. – Што я, наогул, хачу высветліць, чаму мяне так закранула гэтая гісторыя? Ну, пачала ўспамінаць... не яна першая, не яна апошняя! Дзяжурная брыгада за паўгадзіны прывядзе яе ў парадак, калі гэта можна назваць парадкам! А Холін... вось ён глядзіць на мяне зараз і пэўна ўжо ягоны доўгі, звышадчувальны нос, якім ён так ганарыцца, пачуў пах... ён, вядома ж, нічога не скажа мне, тым больш, нічога не скажа падначаленым... ён, наогул, ніколі не апускаецца да пустых размоў з імі, у адрозненні ад мяне. Але ён так рады любому выпадку хоць у чымсьці прынізіць мяне, выявіць маю поўную, як кажуць, прафесійную некампетэнтнасць. Што ж, магчыма, ён і мае рацыю!
- Гэта ўсё? – падкрэслена ветліва спытаў Холін, зноў падсоўваючы да сябе паперы. – Прабач, але я планаваў сёння праверыць наш месячны баланс, бо хутка канец квартала...
- Я памятаю! – буркнуў Скрайф, устаючы. – Я зараз пайду! Проста... справа ў тым, што гэтая жанчына... яна заявіла раптам мужу, што калісьці жыла ў палацы...
Ён чамусьці падумаў, што гэтае ягонае паведамленне зацікавіць Холіна... і сапраўды, Холін, на хвілінку адарваўшыся ад сваіх папер, зноў узняў галаву.
- Вось нават як? – прагаварыў ён абыякава. – Магчыма і жыла! Што з гэтага?
І, нават не чакаючы адказу, ягоны доўгі чырванаваты нос зноў уткнуўся ў паперы.
- Пачакай! – павольна прагаварыў Скрайф, зноў апускаючыся ў крэсла. – Тады мне не зусім зразумела адна рэч! Хіба сярод жанчын, якіх нам пастаўляюць... – запнуўшыся, ён змоўк на імгненне. – Я хацеў сказаць, што заўсёды думаў, што наш “тавар” набываецца на адсталых, бедных планетах, сярод сацыяльных нізоў грамадства...
- У асноўным,. так яно і ёсць! – і зноў слых Скрайфа разанула кепска прыхаваная нотка паблажлівасці, пагарды нават у роўным, размераным тоне субяседніка. – ФІРМА мае ўстойлівыя кантакты са сваімі агентамі на такіх планетах і цалком легальна набывае там пераважную большасць жанчын. Але... – Холін ледзь чутна хмыкнуў, - бізнес ёсць бізнес...
- Не зразумеў!
Холін уважліва паглядзеў на Скрайфа. Уважліва і некалькі недаўменна.
- А што тут разумець! – сказаў ён. – Частку “тавара” нам пастаўляюць піраты, і, прытым, вельмі танна... – Холін паціснуў плячыма. – Згадзіся, сярод такога “грузу” можна сустрэць каго заўгодна!
- Нават прынцэсу? – спытаў Скін.
Холін зноўку паціснуў плячамі.
- Прычым тут прынцэса? У палацах жывуць не толькі прынцэсы! Прыслугі там, згадзіся, куды больш, чым непасрэдна саміх прынцэс!
Ён змоўк, паказваючы ўсім сваім выглядам, што размова скончана. Але Скрайф усё яшчэ заставаўся сядзець.
Нельга сказаць, што ён упершыню пачуў аб цесных сувязях ФІРМЫ з піратамі... гэта, прынамсі, не было сакрэтам ні для каго з супрацоўнікаў ФІРМЫ, пачынаючы з вышэйшых кіраўнікоў і закончваючы самым ніжэйшым клеркам. Але адна справа – чуць пра гэта проста краем вуха ў сяброўскіх размовах з калегамі на вечарынцы альбо карпаратыўнай гулянцы ... і зусім іншая – калі ўявіць, як яно бывае на самой справе…
Холін зноў адклаў свае паперы і ўздыхнуў.
- Ва ўсялякім разе, калі ты так жадаеш, я магу праглядзець поўную дакументацыю той партыі. Ты памятаеш нумар гэтай жанчыны.
Скрайф машынальна назваў нумар, які, у сваю чаргу, пачуў ад фермера. Потым ён устаў, зноў вярнуўся ў свой кабінет і, зачыніўшы дзверы на дыстанцыйны замок, нецярпліва выцягнуў з патаемнай шуфлядкі поўную бутэльку з такім неабходным яму зараз напоем.
- Што мы робім?! – з горыччу шаптаў ён у рэдкіх прамежках паміж глыткамі. – Як можам мы рабіць такое?! Усе мы злачынцы... усе: і я, і Холін, і Том... і ўся наша занюханая ФІРМА! Усе мы злачынцы і няма нам даравання... нікому з нас... няма даравання… ніколі... ніколі…