Віктар не чакаў убачыць у Калькуце, увогуле ў Індыі, дзе нябожчыкаў спальваюць і попел развейваюць, гэтакія могілкі. Іх фантастычныя, вар’яцкія, з палацамі і замкамі надмагіллі. Але яшчэ больш не чакаў ён убачыць на такіх могілках такога Роберта Ружэвіча. Самага савецкага паэта з усіх савецкіх паэтаў - і не толькі па нацыянальнасці.
Што з ім стала?
Можа, багіня Дзеві-Марыя таксама шапнула яму, што ён мёртвы?
У Віктара не было гэтакіх адносінаў з Ружэвічам, як з Кручам. Яны былі на "вы" - і трымалі дыстанцыю. Зрэдку сустракаючыся ці ў Маскве, ці ў пісьменніцкіх паездках, перакідваліся звыклымі для знаёмых людзей, не абавязковымі фразамі, іншым разам застольнічалі, але і ў застоллях дыстанцыя паміж імі заставалася дастатковай для таго, каб адчуваць яе і не спрабаваць збліжацца.
Хіба аднойчы…
Сапраўднае прозвішча Ружэвіча было Пяткевіч, нарадзіўся ён у сібірскім сяле Касіха, у мясцінах, куды ссылалі беларусаў. У Сібір з Беларусі былі сасланыя і продкі Кручы, які ў Хомічах на Палессі знайшоў свае карані і ўсім казаў, што ён беларус. Дык вось аднойчы Віктар спытаў Ружэвіча, калі той на літаратурную вечарыну ў Мінск прыехаў і пасля вечарыны яны выпівалі ў рэстаране на вакзале, чакаючы начнога цягніка ў Маскву: можа, ягоныя продкі Пяткевічы таксама з Беларусі, надта ж прозвішча беларускае.
Яны сядзелі за сталом пад фікусам, і Ружэвіч, які нідзе і ніколі не распавядаў пра сваю радню, сказаў: "Можа быць. Па сямейным паданні продкі нашы прыехалі ў Сібір з ашмянскім фікусам. Што такое ашмянскі фікус? Ёсць фікусы бенджаміна, бенедыкта, процьма розных гатункаў, але ашмянскага няма. Значыць, ён з Ашмянаў. Неяк я з’ездзіў туды з Танкевічам, там процьма Пяткевічаў. Як фікусаў. Які з маімі каранямі? Як знайсці, калі ніякіх дакументаў? Бацька ў пашпарце палякам быў запісаны, Танкевіч сказаў: "Ён гэткі самы паляк, як і я, заўсёды ўсіх, хто з гэтых мясцін, у палякі запісвалі", - і мы ў пару касцёлаў, якія незачыненыя былі, заехалі, касцёльныя кнігі глядзелі, але ж там не відаць, якіх Пяткевічаў у сібірскае сяло Касіху выслалі… А бацьку майму польскасць ягоная далася ў знакі. Ён у НКВД служыў, на высокай пасадзе быў у Омску, але пачалося паляванне на "польскіх шпіёнаў", яго звольнілі, і ён, каб не гукнулася гэта сям’і, каб мы не сталі сям’ёй ворага народа, развёўся з маці. Каб не арыштавалі, недзе хаваўся, а потым знайшоўся на фінскай вайне, пасля на Айчыннай, пад канец якой загінуў. І цяпер няма каго спытаць пра ашмянскі фікус..."
Віктар чытаў аўтабіяграфію Ружэвіча ў зборніку паэзіі 60-х гадоў. Там: "Мая біяграфія - гэта біяграфія краіны". Як бацькі ягоныя пайшлі на фронт, як марыў ён хутчэй падрасці і біць фашыстаў, як ганарар за свой першы надрукаваны верш у фонд абароны здаў. А пра тое, што расказана было ў вакзальным рэстаране пад фікусам, ні слова.
Тыя вакзальныя пасядзелкі на адносіны іх амаль не паўплывалі. Ні раней, ні пазней не здараліся ў іх такія адкрытыя, на выварат душы размовы, як у Віктара з Кручам. І раптам...
Чаму?
Можа, таму, што абодва выступілі ў Палацы з’ездаў, дзе Ружэвіч свой верш "Па нацыянальнасці я савецкі" на свята рэвалюцыі чытаў? І цяпер яны як бы ў адной лодцы - і ім трэба веславаць у адзін бок: "Я в Державу верую - вечную! Эту. Красную по смыслу. По флагу. По цвету". Але ж зараз Роберт Ружэвіч зусім не ў той, у адваротны бок вяслуе!
- Якімі жарсцямі, з якім напалам жылі гэтыя людзі! - рушыў Ружэвіч далей па сталіцы Брытанскай Індыі. - Роз Айльмер з Уэльса, сямнаццаць гадоў, бачыце, ёй вершы прысвечаныя. Што прывяло цябе ў сямнаццаць гадоў з Уэльса ў Індыю, Роз?.. Элізабет Сандэрсан, 23 гады. Люцыя Пальк, таксама 23, таксама з вершамі на надмагіллі. Як коратка - і як напоўнена, два жыцці ў адным яны пражылі! Жыццё Брытаніі і жыццё Індыі. Мы так не жывём, да старасці цягнем і жывымі паміраем, - неяк дзіўна, нібы нешта ведаў пра яго, чаго не ведаюць іншыя, паглядзеў ён на Віктара, але таго, што ведае, не сказаў. - А вунь вуліца са знакамі вольных муляроў. Дзе грошы, дзе золата, дзе таямніцы, там, вядома, масоны…
Ружэвіч падняўся ў альтанку, якая нагадвала індуісцкі храм, у якім было напісана, што гэта храм генерал-маёра Чарльза Сцюарта, які пасяліўся тут у 1828 годзе і які быў адзін з нямногіх, хто пасяліўся тут не маладым - усё ж патрэбны быў час, каб да генерал-маёра даслужыцца.
- Заходзь! - раптам перайшоўшы на ты, чаго раней між імі не здаралася, запрасіў Ружэвіч так, нібы тут, у альтанцы на брытанскіх могілках жыве. - Я, між іншым, размаўляў з адным генералам пра тваю праблему. Круча мне пра яе сказаў. Мы з ім куды больш блізкія, чым некаму здаецца. За намі гады студэнцкага сяброўства, а ты сам ведаеш, што гэта такое. У яго з тым генералам не склаліся адносіны, а ў мяне склаліся. І Круча папрасіў мяне сяброўствам скарыстацца. Я сказаў генералу, што няварта ламаць лёс чалавеку, які па маладосці нешта не тое напісаў. А ён зрабіў выгляд, нібы не разумее, пра што я? "У нас да паэта Віктара Маргера няма ніякіх прэтэнзій, ён цудоўна выступіў на з’ездзе партыі". Я падзякаваў: няма, значыць, няма. Значыць, пытанне вырашанае. Ён тады: "А што вы, Роберт Станіслававіч, маеце на ўвазе пад нечым не тым, што напісана ім у маладосці?" Пад’ялдыкнуў, даў зразумець, што я на цябе настукаў. Дык я так і не ўцяміў: ёсць у іх на цябе што-небудзь ці няма?..
Гэта ўжо было поўнай нечаканкай - Віктар разгубіўся. Не ведаў, што сказаць. Але штосьці сказаць, падзякаваць Ружэвічу, што заступіўся, трэба было, і ён, падзякаваўшы, спытаў, трохі заікаючыся праз разгубленасць, як Ружэвіч: "А чаму, Роберт Станіслававіч?.. Чаму вы за мяне заступіліся, мы ж з вамі не ў такіх адосінах, каб…" - і Ружэвіч перапыніў яго: "Бо ёсць такая рэч у паэтаў: цэхавае братэрства. Як у масонаў. Табе Круча хіба не казаў пра гэта?"
Круча казаў. Але Круча не падобны да масона. А Ружэвіч падобны: пра ягоныя сувязі, праз якія ён мог любую праблему вырашыць, па Маскве легенды хадзілі.
У два бакі вяслуе.
Ды хіба адзін ён?.. Што цяпер, што раней. Маякоўскі, які пад Леніным чысціўся, Купала, які дулю ў кішэні Сталіну паказваў. Але так не можа быць, каб і дуля ў кішэні, і ордэн на грудзях. Тут або-або. Таму адзін застрэліўся - і ні пры чым Ліля Брык, а другі з лесвіцы сторч галавой - і ні пры чым Паўліна Мядзёлка.
Я памёр - і ні пры чым Ганна Трубяцкая.
- Калі сказалі, што ў іх да мяне ніякіх прэтэнзій, дык, можа, ні пры чым Мацвееў? - ужо без заікання ўдалося прагаварыць Віктару. - Можа, нічога і нікуды ён не дасылаў, разыграў усіх, нагаварыў абы-чаго ў качагарцы, бо п’яны быў.
Ружэвіч паківаў галавой:
- Наўрад ці… Ён у такія гульні не гуляе. Калі мы з Алай пажаніліся і нам не было дзе жыць, дык не сакратар Маскоўскага гаркама партыі, як пра тое байкі баяць, а Мацвееў, які быў пры Саюзе пісьменнікаў дворнікам, дапамог нам пасяліцца ў падвале "дома Растовых". Я добра яго ведаю. Ёсць парода людзей, якія найбольшай здрадай лічаць не здраду сяброўству ці каханню, а здраду перакананням. Прынцыпам. Мацвееў з гэтай пароды. Я так не лічыў і не лічу, перакананні і прынцыпы ў чалавеку мяняюцца, а ён лічыць, што не мусяць мяняцца. Калі ты даў прысягу чырвонаму сцягу, дык да канца, калі беламу - да канца таксама. За прынцыпы ён змагаецца любымі спосабамі - тут у яго прынцыпаў няма. І ён не хавае гэтага. Так што, калі сказаў, што даслаў, значыць, даслаў. Іншая рэч: да каго яно ў рукі патрапіла? Можа, і не да нашага генерала, а да генерала Чарльза Сцюарта. А генерал Сцюарт нашаму генералу нічога не сказаў.
Такое магло быць. У любым выпадку цяпер зразумела, чаму Круча прапаў са сваёй прапановай дыялогу ў "Літаратурнай газеце". Вырашыў дзейнічаць інакш. Патаемна, як масоны.
- Давай вып’ем, - нечакана прапанаваў Ружэвіч. - Памятаеш, як пад фікусам выпівалі?.. Цяпер пад пальмай. Багіня Дзеві-Марыя нейкі напой ад усіх хваробаў дала, паспрабуем? Хоць ты і здаровы.
І зноў ён гэтак зірнуў, нібы нешта пра Віктара ведае.
Каму сказаць, што здаровы, бо не жывы? Ганне не скажаш. Яна хоча дзіця. Не ад мёртвага ж мёртвае, як у казцы, якую расказвала некалі маці. Сказаць Ружэвічу?.. Калі ён так адкрыўся.
- Я мёртвы.
- Што?
- Багіня Дзеві сказала, што я мёртвы.
- Як мёртвы?
- Ну, мусіць, не так, як гэтыя, што на могілках, але неяк мёртвы.
- Тады тым больш.
- Што тым больш?
- Тады тым больш трэба выпіць за здароўе, - адкаркаваў Ружэвіч бу-тэлечку з густа-чырвоным, як небасхіл на захадзе сонца, напоем. - І табе ўдвая болей, чым мне.
Выпілі.
Вось і ўсё. Выпілі - і ўсё. Ці ты яшчэ жывы ці ўжо не - без розніцы. Ружэвіч нават не здзівіўся.
І так праз усё жыццё. Адкрываешся людзям, чакаеш спагады, а ім усё адно.
- Гэта нармальна, - з’явіўся аднекуль знізу, Віктар нават зірнуў, ці няма люка ў альтанцы, генерал з такімі бакенбардамі, што яны ляжалі на ягоных аксельбантах. Мусібыць, генерал Чарльз Сцюарт. - Жывы пра мёртвага так, як мёртвы пра мёртвага, раман не напіша.
Віктар хацеў спытаць, адкуль генерал ведае, што ён раман пра мёртвага піша, але Ружэвіч апярэдзіў яго:
- Рады вас бачыць, генерал! - І паказаў уніз: - Як вам там?
Чарльз Сцюарт, а гэта быў ён, каму яшчэ ў ягонай магіле быць, расшпіліў гузік на кіцелі.
- Душнавата. Індыя. У Англіі было б прахалодней.
- Так, - згадзіўся з ім Ружэвіч. - У Англіі прахалодней, я бываў у Англіі.
Генерал зірнуў на яго, як пазіраюць на чалавека, які вядзе неабавязковыя, пустыя размовы, і звярнуўся да Віктара.
- Я чуў вашу размову. І хачу вам сказаць: памерлы не мёртвы, а ненароджаны жывы. Разумееце?.. Гэта адно - і гэта вельмі важна. Другое. Вы напісалі ў рамане…
Яны тут нават пра гэта ведаюць! Памерлыя не мёртвыя - і ведаюць пра ўсё?
- Я не дапісаў яго…
- Не дапісалі, бо засваволілі! Вам яго дыктавалі, і ў дыктанце не было ніякай нячыстай сілы, дык вы самі прыдумалі некага, хто падобны да д’ябла, каб скінуць на яго і тое нячыстае, што ў вашым героі, і тое, што ў вас. Дык вы ўжо, калі ласка, ці дыктант запісвайце, ці сачыненне пішыце - тут адно з двух. Кансэнсусу паміж Богам і д’яблам быць не можа.
- Моцна сказана, - пахваліў генерала Ружэвіч. - Не можа быць таго, чаго не можа быць. Але вось жа ёсць. Мы сядзім на магіле і выпіваем з тым, хто ў ёй ляжыць. Гэта хіба не кансэнсус?
- Я не выпіваю, - зашпіліўся генерал, нібы паказваючы, што тое, што ён хацеў сказаць, сказана, на іншае ў яго няма часу, і як з’явіўся ён аднекуль знізу, так некуды ўніз і знік.
Ружэвіч у тое месца, куды знік генерал, глядзеў задумліва. "Чаго з’яўляўся? - здавалася, напісана было на ягоным твары. - Каб сказаць тое, што сказаў? А што ён сказаў такое?"
Але надпіс на твары Ружэвіча прачытаў Віктар недакладна.
- Вялікі паэт! - задумліва глынуў Ружэвіч чырвонага, як неба на захадзе сонца, напою. - Які вобраз! Якая метафара! Геніяльны паэт!
- Хто?
- Чарльз Сцюарт.
- Чаму? Што ён сказаў?
- Ён паказаў!
- Што ён паказаў?
- Метафару.
- Якую метафару?
- Метафару ўсяго нашага жыцця. Мы прыходзім у жыццё расшпіліць і зашпіліць гузік. І ўсё!.. Хіба яшчэ, - гэтак жа задумліва паглядзеў Ружэвіч за спіну Віктара, - пакатацца на сланах.
Віктар азірнуўся: па вуліцы вольных муляраў тупалі тры белыя сланы. Наперадзе, на тым вялізным, якога бачылі яны ў рэзідэнцыі губернатара, сядзеў Вензель. Ці губернатар Заходняй Бенгаліі, але гэтак падобны да Вензеля, што не адрозніць.
- Ведаеце, як гэтага слана зваць? - спыніўся каля альтанкі губернатар. - Чарльз Сцюарт. Раней ён быў англійскім генералам, а цяпер ён - індыйскі белы слон. Вось гэта і ёсць пунарджанма. Ці больш зразумела: рэінкарнацыя. Па сутнасці - працэс эвалюцыі. Ад ніжэйшага да вышэйшага. І выходзіць, што на лесвіцы эвалюцыі індыйскі слон вышэй, чым англійскі генерал. Таму і цягне ўсіх пакатацца на сланах. Таго, які за мной, завуць лорд Гастынгс. Ён быў адным з заснавальнікаў Брытанскай Індыі, першым генерал-губернатарам Бенгаліі. Той, які за ім, Бенцінк, таксама лорд, першы генерал-губернатар усёй Індыі, віцэ-кароль. Выбірайце, каму які даспадобы, абодва цікавыя гісторыі распавядаюць.
Ружэвіч выбраў лорда Гастынгса, заснавальніка Брытанскай Індыі. Віктару дастаўся лорд Бенцінк, віцэ-кароль, які распавёў гісторыю насамрэч цікавую. Аказалася, што ён, калі стаў генерал-губернатарам, забараніў саці: абрад спальвання жонак разам з памерлымі мужамі. Усе думалі, што лорд - гэтакі гуманны еўрапеец, які не трывае дзікунства, а ён проста закахаўся ў маладую ўдаву, якую збіраліся спаліць. "Я ўратаваў яе, але не на шчасце, - сумна казаў Гастынгс. - Бацька ўдавы, які быў з секты вешальнікаў, тхагаў, што служылі багіні смерці Калі, у ахвяру ёй прыносячы людзей, задушыў дачку. Тады я знішчыў секту. І ўсе зноў падумалі, што я гуманны еўрапеец, які не трывае дзікунства, а я гатовы быў знішчыць, спапяліць усю Індыю. Ніхто не думае пра нас такіх, якія мы ёсць..."
Слон Гастынгс мерна тупаў па вуліцах Калькуты, Віктара закалыхвала ягоная хада, ягоная гісторыя, якая магла стаць сюжэтам рамана ці паэмы, і яму думалася пра тое, што калі ён, не маючы ніякіх шансаў нарадзіцца, усё ж з’явіўся на гэты свет, дык мог бы з’явіцца тут, і тады Індыя з яе сланамі магла б стаць ягоным жыццём, а калі б памёр, стала б ягонай смерцю, белым сланом, і яму хацелася, каб слон не спыняўся, каб ён тупаў і тупаў, пакідаючы за сабой Калькуту, Індыю, Азію і Еўропу, гэты і той свет, - але слон быў не ягоны…
1
У сны ўвайшлі твае сланы.
Ступалі за сланамі сны
I не належалі мне болей.
Іх сніў
не ў сутарэннях болю,
А ў храме радасці
манах.
Я з босых ног ягоных прах,
Схіліўшыся, сабраў рукамі,
I прахам асвянціў чало…
I, паўшы ніц, спытаўся:
- Свамі [6],
Скажы мне:
што са мной было?
2
- У сны твае
ўвайшлі сланы, -
Сказаў манах. - Але яны
Сваім ісці павінны шляхам.
Чало, што асвянціў ты прахам,
Вадой асвенчана святой.
Шлях з веры ў веру - шлях не твой.
3
"Чаму?" - спытаўся я не ўслых.
Не ўголас ён сказаў: "Ты з тых,
Чый шлях - зваротны.
Да чужых
Святых
ты рушыў са сваімі".
"Святыя могуць быць чужымі?" -
Здзівіўся я.
Нібыта ў шкло
Задымленае, глянуў Свамі,
I дым шкляны праплыў між намі,
Пусты, як тое, што прайшло.
4
- Устань, - сказаў манах. - Ты ніц
Дарэмна падаеш, прыкуты
Да саркафагаў і грабніц
Англійскіх могілак Калькуты.
Ты ў Індыі, - казаў мне Свамі, -
Але дарма марнуеш дні,
Упёршы вочы ў камяні.
Пустыя сны пад камянямі.
Усе, хто зараз сніць іх тут,
Дарма прайшлі свой шлях пакут,
Канаючы ад малярыі.
- Не, - я сказаў. -
Бо тут
Марыя.
- Ты знаў яе? - спытаў манах.
5
Гаруда, белы Божы птах,
Ляцеў - далёка ад Калькуты,
I двух аблокаў парашуты
Нёс тым, хто страціўся ў гарах.
- Марыя, нам уніз пара, -
Прасіў я, змучаны гарамі.
"Ты знаў яе?" - пытаўся Свамі.
6
Мандара, Божая гара,
Вяршыняй падпірала неба.
"Знямогшы без вады і хлеба,
Аслепшы без павадыра,
Зблукаўшы шлях - з якой пары я
I для чаго я тут, Марыя?"
- На тое, каб адолець шлях.
7
"Ты знаў яе!" - сказаў манах,
Падаў задымленае шкло,
I, як пры сонечным зацьменні,
Я ў шкло зірнуў…
Мільгалі цені,
Глядзеў я, што са мной было.
8
Увесь у жоўта-залатым
Стаяў манах на небасхіле,
Упэўнены ў спрадвечнай сіле
Таго, што свет заве пустым.
- Тут выйсце ў неба, - мовіў ён. -
Пераступаю я закон,
Наблізіўшы да зор жанчыну.
Ды шлях адолены. Прычыны
Для апраўдання мне стае,
Каб паказаць дарогу тую,
Дзе Веду зведаеш святую,
Марыя! Зоры ўсе - твае…
I ён накінуў на яе
Апратку жоўта-залатую.
9
- А хто за мной?
- Няма каму.
- А спадарожнік мой?
- Ён следу
Твайго не ўбачыць, бо яму
Час не настаў спасцігнуць Веду.
Ён вернецца. А ты - ідзі.
10
- Ты судзіш, Свамі?
Не судзі,
Я знаў яе, таго даволі.
Глядзі, як шкло іскрыць на сколе,
Ды што ў тых іскрах для сляпца?
Зваротны шлях - сляпы. Ніколі
Яго не пройдзеш да канца.
Па ім
вяртаешся ні з кім.
11
Плыў над зваротным шляхам дым
Ад Індыі да Беларусі…
- Я не хачу ісці па ім,
А незваротнага - баюся.
Шлях там,
дзе ўперадзе - сляды.
12
- Той шлях, - сказаў манах, - нікуды,
Па тых слядах мільёны люду
Сышліся ў гурт, у гарады.
У храмы іх, у іх суды
Ты б з Індыі вярнуўся, ды
Сюды прыходзяць адусюды -
Адсюль ісці няма куды.
13
Я ўніз ішоў.
Гара з гарою
Перагукаліся, сырою
Прасцінай поўз па схілах снег…
Лавіна!
Я дарма пабег
Па камянях, па скалах слізкіх…
Дні прабягаючы, гады,
Не змог я збегчы гэтак нізка,
Каб падаць не было куды.
14
Лавіна падала -
на схіле
Раз’юшана, у самай сіле
Дагнала, душна абняла.
- Марыя! - крыкнуў я. - Марыя!.. -
I ўкрылі крык снягі сырыя.
15
Манах сказаў: "Яна дайшла
Дарогай Вед амаль да межаў,
3 якіх звароту ўжо няма,
А ты вярнуў яе. Дарма".
16
Я не вяртаў. Лавінай снежнай
Яна вярнулася сама
Па камянях, па скалах слізкіх.
17
- Ты дзе была, Марыя?
- Блізка.
- Чаму на могілках англійскіх
На камені тваё імя?
- Бо шлях адолела дарма, -
Сказаў манах. - Бо не жанчыне
Пакінуць свет дарогай Вед,
Бо светам стаўся ёй паэт
Англійскі ў афіцэрскім чыне.
18
За нораў дзёрзкі і бунтоўны
Ён з метраполіі раптоўна
Адпраўлены ў Калькуту быў.
Тут ён гібеў, страляўся, піў,
Блукаў, зваротны шлях згубіў -
I ў дом патрапіў малітоўны.
Бог ведае, што за хімеры
Жылі ў англійскім афіцэры,
Ды выдумаў сабе паэт,
Што вернецца місіянерам
Дамоў, што прагне новай веры
Стары ягоны добры свет.
Ён кінуў піць. Пісаў увішна
Евангелле ад Рамакрышны,
Ствараў хімеру: Веру Вер.
Як сноб, на англіцкі манер
Хрыста аспрэчваў афіцэр.
Паслаў ерэтыка Ўсявышні
У горы.
Перад ім гара
Мандара ўстала - брама ў неба.
Аслаблы без вады і хлеба,
Аслеплы без павадыра,
Караскаўся ён за хімерай
Дарогаю, якой не верыў,
Бо верыць не прыйшла пара.
I скінула яго гара
Лавінаю…
Яго ў снягах
Знайшла Марыя ледзь жывога,
Адняньчыла, нібы малога,
I, не адпрэчыўшы зямнога,
Згубіла свой нябесны шлях.
19
- Вам не ўзляцець, - сказаў манах,
Пакуль зямля цяжарыць крылы…
20
…Яна знайшла мяне, накрыла
Апраткай жоўта-залатой,
Сказала: "За мяжой пустой
Сырая снежная магіла -
I ў ёй усё, што я любіла".
21
"Шлях з веры ў веру - шлях не той?" -
Спытаўся я,
і з вуснаў строгіх
Пачуў адказ: "Адзін са многіх".
22
- То ў чым віна мая, Марыя,
Калі парывы ветравыя
Нясуць, нібыта дым шкляны,
Душу
зблуканымі шляхамі?
23
- Перад усімі, - мовіў Свамі, -
Нябесныя шляхі віны.
Зямным - зямное.
Дзеці самі -
3 малога цешацца яны. -
I шкло іскрылася між намі,
Клубіўся ў ветры дым шкляны.
- I Веда Вед,
I Вера Вер -
Хімерныя, калі на згубу,
Адняньчаны, ідзе да шлюбу
Паэт, англійскі афіцэр.
Калі спасцігнуць Веду свету
Жанчыну абірае лёс,
А тая таямніцу гэту
Лавінай кідае з нябёс
Пад ногі выхрысту-паэту,
То ўсё дарма: і рух, і мэта,
Куды б дарога ні вяла…
24
- Марыя, ты ўсё ж там была.
Скажы мне, што там?
- Дзе?
- У Бога.
- Нічога там няма. Дарога.
25
Сінеча холаду начнога
Над Гімалаямі плыла.
Сыходзіліся ў храм начны
Індусы -
там спявалі хорам,
Там пакланяліся яны
Таму, пра што і думаць сорам
У Англіі…
Крывёй жывой
Жыццё бруілася, як брага,
Густой хісталася травой
У хвалях Інда, водах Ганга.
Гатовае па волі Брамы
Само сабой ахвяраваць,
Яно глядзела ў вочы Ямы,
Не баючыся паміраць,
Спазнаючы сябе, вякамі
Зямную трушчыла кару
I ўзносілася ўвысь хрыбтамі
Высокай Хары і Меру,
Каб там, дзе ўжо няма нічога,
Дзе абрываецца дарога
I зноў вяртае на зямлю,
Змяя пацалавала Бога,
I Бог пацалаваў змяю.
26
- Злуеш, Марыя?
- Не злую.
27
- Не ўсе ў жыцці, нібы на свяце, -
Сказаў манах. - Яна праз саці [7]
Прайшла, застаўшыся ўдавой.
Той афіцэр англійскі, той
Паэт, сасланы за разбой,
Сектантам стаў,
ахвяраваў
Марыю, што жыла ў Марыі,
Прызначыўшы яе кастру,
Як сам сканаў ад малярыі…
28
За ёй падняўшыся ўгару -
Адзін спускаўся ўніз з гары я:
"Марыя, калі я памру,
Дзе мы сустрэнемся, Марыя?"
- Тут, дзе маланкі шаравыя
Высокай Хары і Меру,
У храме, лотасам сагрэтым,
Дзе Вішну абвіла змяя;
Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым
Ёсць Індыя, адна планета,
I ўся астатняя зямля.
Чакай свой час, сваю пару.
29
- Марыя, калі я памру,
Ты скажаш, што там?
- Дзе?
- У Бога.
30
"Нічога там - адна дарога
Ды зор ахвярнае святло…"
31
- А ты б хацеў, каб там было
Што-небудзь? - запытаўся Свамі.
- Каб Індыя была…
32
Над намі
Нябёс задымленае шкло
Мігцела зорамі і снамі.
Са сноў сыходзілі сланы.
33
Ступалі след у след яны
На свой зваротны шлях.
Манах
Мне ў прыгаршчы насыпаў прах,
Сказаў: "Ідзі, нясі дадому,
Развей на родных берагах.
Не суддзі мы адзін адному".
- Марыя!.. -
голас у гарах
Прапаў, не чутны мне самому.
Гаруда, белы Божы птах,
Сарваў з Мандары кветку сому
I кінуў на зваротны шлях.
LV
- Я нарадзіўся ў Назарэце. Гэта ў Галілеі, на той час адной з правінцый Рыма. Сям’я наша была шматдзетнай, чацвёра братоў і тры сястры. Жылі бедна, а ўсіх трэба было карміць. Я быў першынцам, таму мой бацька зямны, які быў не столькі цесляром, бо Галілея не лясны край, колькі мулярам, рана далучыў мяне да працы. А калі я вырас, у Назарэце, невялікім паселішчы з нейкай сотняй жыхароў, працы не стала. Усе, хто мог збудавацца, збудаваліся. Нас чакаў голад, але тут Ірад Анціпа, правіцель Галілеі, надумаў зрабіць з Сепфорыса, спаленай рымлянамі галілейскай сталіцы, новы горад. Аўтакратарыс. Ён быў побач, у гадзіне хады ад Назарэта. Вось там працы хапала. І аднойчы, калі, запрацаваўшыся, мы з бацькам не пайшлі на ноч дахаты, а засталіся начаваць каля тэатра, які будавалі для Ірада, да раскладзенага намі вогнішча падышоў падарожнік. Прысеў на камень і прамовіў: "Вы распалілі агонь, каб падагрэць ежу і наталіць цела, а ёсць чалавек-прарок, які распальвае агонь, каб наталіць душу". Бацька спытаў: "Што гэта за агонь?" - і падарожнік адказаў: "Божы". Яшчэ ён сказаў, што прарок той жыве на Іярдане і агонь ягоны ў вадзе, якой хрысціць ён, ачышчаючы ад грахоў. А зваць таго прарока, які прарочыць Божы суд, пасля якога для ахрышчаных і ачышчаных настане Царства Божае, - шырока глянуў Хрыстос на Купалу, - Ян Купала [8].
Аповед падарожніка гэтак мяне ўразіў, што я напісаў верш пра Божы агонь, які не гасне ў вадзе. Прачытаў яго падарожніку, і ён сказаў, што я паэт. "І шлях твой, - сказаў ён, - да Яна Купалы. Ідзі да яго".
Не адразу, але пайшоў я на Іярдан. Там сустрэў мяне Купала і спытаў, ці гатовы я ахрысціцца ад яго ў пакаянне?
Пражыўшы на свеце амаль трыццаць гадоў, я не лічыў сябе бязгрэшным. Таму сказаў, што гатовы. Купала ахрысціў мяне, а калі выходзіў я з вады, расхінуліся нябёсы, з якіх Голас пачуўся: "Ты сын мой улюбёны, у якім дабраславенне маё!" І тады прарок сказаў: "Ты той, які з’явіўся за мной, але ідзе паперадзе мяне, бо за мяне мацнейшы".
Ён таксама быў паэтам і стаў маім настаўнікам. Я паверыў ва ўсё, што прарочыў ён, і сам пачаў Божы суд і Царства Божае прарочыць. Купала казаў, што да Суда блізка і Царства для праведнікаў вось-вось настане. Я таксама стаў казаць: "Не паспееце абысці гарадоў Ізрайлевых і яшчэ не спазнаеце смерці як убачыце Божае Царства".
Але мінаў час, а Царства Божае не наставала. І тыя, хто пакаяўся, каб яго ўбачыць, людзі, якія чакалі яго ў Віфсаідзе, у Харазіне, сталі пытаць: "Вось мы ахрысціліся, пакаяліся, а дзеля чаго? Ты казаў, што дзеля Царства Божага, а дзе яно?" Я адказваў, што хутка, вось-вось яно надыдзе, але ўжо й галаву Купалу Ірад адсек, а Царства Божае ўсё не надыходзіла. Тады ў пропаведзях і прароцтвах маіх я пачаў прамаўляць, што не прыйдзе Божае Царства як нешта відавочнае, пра што можна будзе сказаць: вось, яно тут, ці вунь, яно там. І нарэшце я сказаў, што Царства Божае - сярод вас. Толькі не ўсе яго, бо не шчыра паверылі, могуць бачыць, не ўсе ў ім, бо не шчыра пакаяліся, могуць жыць. І Бог, шкадуючы дзяцей сваіх, адкладвае Свой Суд і надыход Свайго Царства да часу, калі ўсе павераць, калі ўсе пакаяцца…
Я спадзяваўся, што так і будзе. І казаў так, а людзі ў Віфсаідзе, людзі ў Харазіне кідалі ў мяне камяні. І крычалі, што я іх падмануў. Тады я сказаў: "Гора табе, Віфсаід!.. Гора табе, Харазін!.."
Хрыстос моцна, нібы адчуўшы боль, пацёр скроні і змоўк. Маўчаў Ён, як здалося Купалу, доўга. Вельмі доўга. Выглядала, быццам Ён шкадуе пра тое, што сказаў. А яшчэ больш пра тое шкадуе, што зрабіў. Пра мукі, якія прыняў, каб зратаваць чалавецтва, якое можна было і не ратаваць…
Нарэшце, страсянуўшы галавой, Ён зноў загаварыў:
- Не, я не страціў веру ў прароцтвы Купалы. Будзе Божы Суд, і Царства Божае будзе. Але не тады і не так, як я прарочыў. І я прасіў і прашу нябеснага Бацьку майго адказаць мне, чаму? Прашу сказаць, у чым мая віна, а Ён не кажа. Кажа толькі, што разбурацца праз тое, што не верылі, Віфсаід і Харазін. Толькі што мне той Віфсаід з тым Харазінам, калі праз марныя спадзяванні мне здаецца, што марным стаўся мой лёс. Тое самае здаецца табе, - зноў шырока глянуў Сын Божы на Купалу. - І я чакаў, што ты скажаш мне пра гэта, як я табе пра гэта казаў, каб ты суцешыўся. Помніш?.. "Не ўсё спраўджваецца не толькі ў людзей, але і ў Бога".
Калі б Купалу спыталі, колькі часу распавядаў пра жыццё сваё Хрыстос, ён не адказаў бы. Можа, тры хвіліны. А, можа, трыццаць тры гады. І калі яны прамінулі, Лётчык прамовіў, расцягваючы словы ў цішыні, якая звінела над Краснай плошчай: "Нехта злятае з дзясятага паверха гатэля, нехта - з дзясятага паверха нябёсаў… Цікавая прыпавесць… Але дзе ў ёй Бог?"
"Чулі? Я ж казаў, што дарма Ён павінаваціўся, бо мацнейшы, калі вінаваціцца, ужо не мацнейшы", - стукнуў патыліцай у крыж Сталін, а Купала ўспомніў словы парабка Пасляка: "Сатана быў любімым анёлам Бога".
Бог не мусіць дазваляць сабе мець любімых.
- Я і чалавек яшчэ. І як Бог люблю ўсіх, а як чалавек не кожнага, - спакойна сказаў Хрыстос, не зважаючы на выпад Лётчыка, які зноў за ягоныя словы ўчапіўся:
- Не кожнага! Таму аднаго з тых, хто на крыжы, Ён лічыць вінаватым, а другога - не. Чаму? Бо ў невінаватага не спраўдзіліся ягоныя спадзяванні?.. На будучыню краіны, у якой ён нарадзіўся ці на што там яшчэ… А спадзяванні вінаватага хіба спраўдзіліся? Жыць стала лепш, жыць стала весялей?.. - падначыў ён Сталіна, які гэтак крутнуў галавой да Купалы, што шыя хруснула: "Я ж вам казаў, мы ў адной кампаніі!.." - і Лётчык сцвердзіў.
- Так, у адной! Тады чаму адзін вінаваты, а другі - не? Таму што ў яго імя прарока? Настаўніка?.. Дык жа ў таго, хто з ім на крыжы, імя бацькі! Цесляра ці муляра, - сказаў Лётчык так, нібы невядома яшчэ, хто насамрэч той бацька, - спадзяванні якога на старэйшага сына, які заменіць яго ў сям’і, таксама не спраўдзіліся!..
"Бу-ба-бых!" - гэтак грымнула ў нябёсах, што маўзалей пахіснуўся, дзверы разнасцежыліся - і ў іх зноў з’явіўся Ленін.
- Вось яшчэ адзін з няспраўджаных! - ніколькі не спалохаўшыся грому нябеснага, працягваў Лётчык, які ці не сам прыдумаў гэты гром з другім прышэсцем Леніна. - Перамагла сусветная рэвалюцыя?.. Настаў камунізм ва ўсім свеце?.. Ды тут ані ў кога нічога не спраўдзілася! - раскінуў Лётчык рукі над плошчай. - Зямля такая! Так тут пасеена! І што? Праз тое ўсім дараваць, што не ўрадзіла?..
Купала яшчэ раней заўважыў, што грудок, пад якім пахаваў сам сябе стваральнік савецкай дзяржавы, прасеў. Ды так глыбока, што ўтварылася яміна, і выглядала, нібы магіла спусцела. "У іх тут хадоў, як у кратоў, - сказаў Няжыла. - Яны па хадах тых будуць вяртацца, колькі іх ні хавай. Тут насамрэч такая зямля. Вось пабачыце: яшчэ і князь Сямён, які загадаў сабакамі нас зацкаваць, вернецца. Хады ім трэба перакрыць, каб не маглі вярнуцца. А як перакрыць, - пакруціў Няжыла крыж, каб Купала ўбачыў увесь натоўп на плошчы, - калі такія ж хады яны пракапалі, прасвідравалі ў галовах гэтых людзей? І па іх яны будуць вяртацца, пакуль зямля гэтая не пахрысціцца агнём!"
Купала ўбачыў, як паківаў на гэтыя словы Хрыстос, і хацеў спытаць, што мае на ўвазе паганец Няжыла, кажучы пра хрышчэнне агнём, але тут ад дзвярэй маўзалея азваўся Ленін.
Гэтым разам ён быў без крыжа. З кнігай, памахаўшы якой, пракартавіў: "Іосіф Вісарыёнавіч!.. Я прачытаў "Кароткі курс гісторыі ВКП(б)". Вы перабольшылі вашу ролю ў партыі і рэвалюцыі, Іосіф Вісарыёнавіч! Вель-мі пе-ра-боль-шы-лі! І ўвогуле вы капрызны і грубы, пра што я казаў вам… - пагартаў Ленін "Кароткі курс гісторыі ВКП(б)"… - вось, у мяне запісана: 5 сакавіка 1923-га. Роўна за трыццаць гадоў да вашай смерці. Тады ж я напісаў вам, што нашы адносіны могуць быць разарванымі, і цяпер, прачытаўшы кнігу, якую вы падкінулі мне ў саркафаг, я іх разрываю! Раз-ры-ва-ю! - рвануў напалам кнігу, скуль толькі сілы набраўшыся, Ленін, кінуў пад ногі, патаптаў, нібы патанцаваў, і хаваючыся ў маўзалеі, гэтак ляснуў дзвярыма, што Купала падумаў: "Сталіна ў іх ужо ніколі не ўнясуць", - а Сталін, робячы выгляд, нібы ён да гэтага абыякавы, пазяхнуў: "І яго вынясуць… Праз тое і нервуецца Уладзімір Ільіч…"
Крыж захістаўся, віленскія пакутнікі амаль не трымалі яго, стаялі, раты разявіўшы, - гэтак іх уразіла другое прышэсце Леніна. "Во сіла! - падпёр нарэшце крыж Кумец. - Гэтак гісторыю парваў!.." І Круглец падпёр крыж са свайго боку: "Наўрад ці яго вынясуць. Чуеце, што на трыбуне кажуць?.."
- Уладзімір Ільіч быў непрымірымы да ідэйных ворагаў, але заклікаў партыю быць цярпімай да тых, каго яшчэ можна вярнуць на шлях партыйнасці. У гэтым выяўлялася мудрасць Леніна, чаго не было ў Сталіна, які стаў на шлях масавых рэпрэсій, на шлях тэрору, які дзейнічаў не праз партыю, а праз карныя органы, праз банду Берыі, і арышты, ссылкі тысяч і тысяч людзей, катаванні, смяротныя пакаранні, расстрэлы без суда і следства сталі практыкай палітычнай барацьбы, - даносілася з урадавай трыбуны, дзе махаў кулакамі Хрушчоў, а галава патрыярха, не слухаючы яго, прамовіла: "З маўзалея вынесці можна. А вось з галоў…" - і рэхам нядаўняга грому гукнуліся словы Няжылы: "Яны будуць вяртацца..."
- Яны будуць вяртацца, пакуль не пахрысцяцца агнём, - данеслася з неба, і ў рэху нябесным пазнаўся Купалу Голас, які чуўся яму з вышыні ў дзень ягонага пахавання, і які - цяпер Купала гэта ўспомніў - сказаў некалі ў ім маленькім: "Не бойся".
"Я не баюся, Госпадзі! Нічога не баюся болей..." - прашаптаў у Купалу маленькі Янка, а дарослы сказаў: "Але для гэтага трэба было памерці".
Пачуўшы голас Бога, усе забыліся на Леніна, знямелі і глядзелі на Хрыста.
- Мне Ён таксама сказаў "не бойся", калі я крыж свой узнёс на Галгофу, - прамовіў Сын Божы, і Купала вышэй узняў галаву, шукаючы ў небе той дзіўнай прыгажосці твар, які ўпершыню ўбачыў са стога над рэчкаю ў Прудзішчы, дзе парабак Пасляк расказаў яму калісьці пра ягонае жыццё амаль тое самае, што цяпер распавёў Хрыстос, які таксама глядзеў у нябёсы і ківаў у згодзе з тым, што чулася з іх, але чулася ўжо Яму аднаму ды, мусібыць, апосталам, што таксама ківалі разам з Хрыстом і галавой патрыярха, пра якую цяжка было сказаць: ківала яна, чуючы тое, што казаў Бог, ці проста ківалася.
- Вы чулі, што Ён сказаў?.. - занерваваўся, спрабуючы зразумець, што адбываецца, Сталін, а "лётчык" прамаўляў да тых, хто не чуў Бога:
- Ёсць законы, якія там, - ускінуў ён адну руку ў неба, - і ёсць законы, - ткнуў ён пальцам другой рукі ў зямлю, - якія тут! Дык няхай той, хто называе сябе Сынам Божым, адкажа: нехта іх адмяняў?.. - І паколькі Хрыстос слухаў не яго, а Бога, Лётчык сам адказаў: - Ніхто! А па законах, якія тут, прызнанне віны - доказ для суда!.. Дык як судзіць будзем?.. - выгукнуў на ўсю плошчу Лётчык, і адразу ж Кашкадамаў, стоячы на ўрадавай трыбуне без галавы, якой спартоўцы каля гістарычнага музея пачалі ў футбол гуляць, немаведама чым прагалёкаў: "Тройкай!" - а потым, рашуча адсунуўшы ўбок партыйнага ідэолага Суслава, заняў ягонае месца побач з Хрушчовым, стаў нешта даводзіць яму, ды той нябожчыка, тым больш безгаловага, не чуў, так што дарма старшыня таварыства ваяўнічых бязбожнікаў да яго праціскаўся. І Купала падумаў, што гэтак не з адным Кашкадамавым: многія нешта кажуць, даводзяць, вяшчаюць з трыбун, думаючы, што яны яшчэ жывыя, хоць даўно нябожчыкі - і ніхто ад іх нічога не чакае. Таму сыходзіць трэба раней, чым памрэш, і тваёй галавой стануць гуляць у футбол.
- Можна тройкай!.. - падыгрываючы Кашкадамаву, стаў паперадзе святых Пятра і Паўла, як бы дэманструючы, што вось яна, да ўсяго гатовая, судовая тройка, і ён старшыня гэтай тройкі, Лётчык. - А можна і судом прысяжных, - тут жа дадаў ён, паглядзеўшы ўверх, дзе на даху порціка Хрыстос ужо не ківаў у нябёсы, а казаў нешта апосталам, абыходзячы стол і кладучы рукі на плечы кожнаму з іх: першаму Яну, потым Юду, Хаме, Варфаламею з Мацвеем, Андрэю, Сымону, Піліпу з Фадзеем, абодвум Якавам, і калі абышоў усіх, стаў на край порціка і, пастаяўшы з хвіліну, прамовіў: "Калі ёсць тут той, хто некаму з двух раскрыжавых грэшнікаў ногі абмыць гатовы, ці ёсць той, хто гатовы зняць некага з іх з крыжа, каб далей самому крыж пакутніка несці, няхай зробіць гэта".
Голас ягоны быў ціхі, нават цішэйшы, чым звычайна, але Яго пачулі ўсе. Мёртвыя і жывыя. Толькі не ўсе зразумелі, да каго Ён прамовіў?.. Да вучняў сваіх? Да мёртвых, да жывых?..
"Нынешнее поколение советских людей будет жить при коммунизме! Ура!" - скончыў на трыбуне сваю прамову Хрушчоў, на што Берыя, упершыню падаўшы голас на плошчы, пракінуў: "Яшчэ адзін прарок…" - а Хрушчоў, пачуўшы апошнія словы Хрыста, паспрабаваў суаднесці рэальнае з нерэальным, павярнуўся да Суслава: "Якія грэшнікі?.. Якія пакутнікі?.." - і калі Суслаў пацепнуў худымі плячамі, маўляў, скуль я ведаю, - новы кіраўнік савецкай краіны замахаў кулакамі, затупаў нагамі: "Ды што тут дзеецца?.. Што гэта за кіно? Хто здымае, хто дазволіў?.." - набіраў ён голасу, але Лётчык націснуў зорку на шлеме, і Хрушчоў змоўк. Разяўляў рот, нешта крычаў, ды ніхто яго не чуў. Ён злаваўся, падскокваў, прабег у адзін канец трыбуны, у другі, і калі дапяў, што крычыць нямым крыкам, сам сябе спалохаўся, зняў капялюш і, выцершы лысіну, прамармытаў нешта разгублена, чаго таксама не чуваць было, і што агучыў Лётчык: "Ён сказаў, што Сталін у ботах. І што боты не зняць, бо прыбітыя".
"Боты прыбітыя, кіцель прышыты, сам ён - нібыта са сталі адліты!" - успомніліся нечыя крамольныя вершы, і Купала злавіў сябе на тым, што яму цікава: хто? Хто вымые Сталіну ногі, хто здыме яго з крыжа, каб далей панесці крыж самому?..
На трыбуне маўзалея Хрушчоў глядзеў на Суслава, Суслаў на Хрушчова, на Лобным месцы Берыя - на Мяркулава, Мяркулаў - на Берыю. Пра тое, хто ім ногі вымые, хто іх з крыжа здыме, ніхто не думаў.
- Лаўрэнцій, ты атруціў мяне?.. - раптам неяк не па-сталінску, па-дзіцячы ўсхліпнуўшы, спытаў Сталін, а Берыя, абышоўшы крыж, падняў галаву да Купалы: "Іосіф Вісарыёнавіч казаў ці не казаў вам, Іван Дамінікавіч, што ў жыцці і смерці вялікіх людзей мусіць быць вялікая таямніца?"
Купала кіўнуў: казаў.
- Свалата!.. - ужо не па-дзіцячаму, па-даросламу прамовіў Сталін. - Якая ж ты свалата, Лаўрэнцій.
- А гэта залічыцца ў выкупленне грахоў? - раптам пачулася з плошчы, і да Лобнага месца падышоў, трохі кульгаючы, капітан Забіякін. - Мяне аўстрыякі забілі, калі я боты чысціў. Адзін пачысціў, а другі не паспеў. Гуталін застаўся. Магу гэтаму, які ў ботах, пачысціць. Ну, калі залічыцца ў выкупленне..
- Не залічыцца! - адмахнуўся ад капітана, які, мусіць, замінаў яму, як і Хрушчоў, весці сваю гульню, Лётчык. - Грэх забойства не выкупляецца.
Забіякін пастаяў, пра нешта напружана думаючы.
- Дык не я ж забіў. Мяне забілі.
"Добра, што я гэтага не сказаў", - падумаў Купала, а Лётчык тэатральна, ён увогуле схільны да тэатральных эфектаў быў, здзівіўся:
- Ды ну?.. Так усе кажуць. А паказаць табе, Забіякін, як насамрэч было?..
Лётчык націснуў зорку на шлеме - і на трэцім уступе піраміды маўзалея з’явіўся светлавалосы юнак у форме аўстрыйскага афіцэра часоў напалеонаўскіх войнаў, які стаяў каля намёта і, нагнуўшыся да нізенькага зэдліка, чысціў боты. Паспеў пачысціць толькі адзін. Са спіны падкраўся да яго капітан Забіякін, ударыў у спіну штыком, сцягнуў з аўстрыйца абутак ды яшчэ прыхапіў гуталін са шчоткай.
- Вайна ж была, мяне пасля таксама забілі, - паглядзеўшы, як ён аўстрыйца ў спіну закалоў, паспрабаваў апраўдацца вайной Забіякін, ды Лётчык не прыняў апраўдання: "Гэта не віна вайны". І ўсе так падумалі, бо, вядома, вайна - гэта, як і ўсё астатняе, людзі, і што яны робяць, тое і на вайне, і паўсюль робіцца. "Але і вайна з людзьмі робіць сваё, - сказаў Хрыстос, нібыта пашкадаваўшы Забіякіна. - Вайна - гэта тое, што ў самой чалавечай крыві, але можна ачысціцца нават ад гэтага, прайшоўшы праз пакаянне", - а Лётчык тут жа словы ягоныя перакруціў.
- Наш Збаўца шкадуе забойцаў! Ён гатовы ўсіх пашкадаваць, грахі дараваць і ногі абмыць, абы Яго любілі. І называе гэта дабром, маючы ў тым інтарэс. Патрабуючы, вымагаючы любові. А людзі поўныя зла. Так, вы поўныя зла, - гучней загаварыў Лётчык, бо плошча зашумела, - пра што самі ведаеце. Не толькі да раскрыжаваных. Да ўсіх, апроч сябе. Вы прагнеце зла, вам добра, калі іншым кепска. І калі вы прагнеце і прагнеце, патрабуеце зла, і калі ў ім вам добра, значыць, у зле болей дабра, чым у самым дабры. І я вам даю яго, зло. Даю столькі, колькі хочаце, не патрабуючы ад вас за гэта таго, чаго патрабуе Ён. Чаго ў вас няма. І вы бярэце чыстае, без прымесяў фальшывых пакаянняў, зло, бярэце яго ў мяне, жывеце ім - і мяне праклінаеце! А таго, хто не даў вам нічога, апроч цьмяных прароцтваў пра царства Божае, славіце. І з гэтай фальшы знітаваныя і ваша жыццё, і ваша смерць. Вось у чым грэх, вось за што вас трэба судзіць. Усіх, хто тут, апроч хіба аднаго, які ўзяў тое, што я даў яму, жыў з тым і быў мне ўдзячны.
"Та-ва-рыш Ста-лін!.. - зноў, перакрываючы нават гучны голас Лётчыка, прагалёкаў Кашкадамаў, на крык якога Сталін, здрыгануўшыся, выдыхнуў: "Гых!.." - і нешта торгнулася ў грудзях Купалы. Там, дзе нядаўна білася сэрца. "Божа, за што я з ім?.. " - "Дык скажы, - пачулася там, дзе білася сэрца, - што невінаваты…" І Купала ўжо набраў паветра ў грудзі, каб сказаць: "Судзіце мяне за грахі мае на маім крыжы, я не мушу цягнуць чужы", - але тут крутнула ветрам, другім бокам павярнула вянок, у якім лятала Спагада…
З вянка глядзела маці. І ў вачах яе стаялі слёзы.
Гэта доўжылася імгненне, бо вянок зноў крутнуўся, Купала ўбачыў слязінкі ў куточках вачэй Спагады - і выдыхнуў паветра: "Гых!.."
- Я памыю ногі яму, калі мне, грэшніцы, будзе тое дазволена, - выйшла з вядром з-за спінаў віленскіх пакутнікаў Ганна, і ўсе, хто быў на маўзалеі і хто на Лобным месцы, зірнулі на яе: каму?.. Сталіну?.. Купалу?.. - І ваду вып’ю, - паглядзела Ганна на дах порціка над маўзалеем, чакаючы, мусібыць, адказу адтуль, але ніякага адказу не было. "На гэта не патрэбны дазвол", - прамовіла галава патрыярха, якую трымаў аберуч архімандрыт Данскога манастыра Ісідар, і тады Ганна ўкленчыла пад крыжам каля Купалы, які адчуў, як раптам абмяк, знясілена звесіўшы галаву, Сталін, і пачуў, як сказаў ён шэптам: "Усе мяне прададуць…"
56
Вестыбюль варшаўскага гатэля, у якім пасялілі дэлегацыю беларускіх савецкіх пісьменнікаў, быў забіты маладымі паненкамі.
- Што ў вас тут? Злёт польскіх камсамолак? - спытаў Віктар парцье, і той буркнуў, не хаваючы непрыязні: "Злёт польскіх курваў. Яны ўжо даўно без працы, а ім сказалі, што ў нашым гатэлі замежныя турысты пасяліліся".
- "Якія замежныя?" - "Вы. Ніякіх іншых замежных турыстаў у Польшчу не пускаюць. Ды і хто паедзе, калі ваенны стан?" - "Мы ж прыехалі". - "Вас прыслалі". І парцье, зарэгістраваўшы Віктара, не падаў, адкінуў яму ягоны чырвоны пашпарт.
У варшаўскіх крамах не было нічога. Панчохі не купіць, а не тое што сукенку - і прастытуткі гатовыя былі абслугоўваць хоць за што. За шакаладку. Але члены дэлегацыі беларускіх савецкіх пісьменнікаў рабілі выгляд, нібы шакаладак у іх няма.
Пасяліліся яны днём, а ўжо ўвечары Чэслаў Любча, з якім Віктар пазнаёміўся, калі той быў карэспандэнтам польскага радыё ў Маскве, спытаў: "Ты чаго прыехаў? Я хіба цябе запрашаў? А не запрашаў, дык едзь назад!"
Яны ўсе, парцье ў гатэлях, прастытуткі, карэспандэнты польскага радыё, прадавачкі за пустымі прылаўкамі, кожны рабочы ў Гданьску і кожная прыбіральшчыца на варшаўскім вакзале, кожны прахожы на кракаўскай ці познаньскай вуліцы баяліся аднаго: што ў Варшаву, як не так даўно ў Будапешт і Прагу, увойдуць савецкія танкі. І дэлегацыя беларускіх савецкіх пісьменнікаў была для палякаў экіпажам аднаго з тых танкаў, якія стаялі за Бугам на савецка-польскай мяжы.
- А ты камандзір гэтага танка! - казаў яму Чэслаў, усё ж згадзіўшыся нарэшце сустрэцца з Віктарам як перакладчык з паэтам. - Я разумею, што пачэсна мець у сваім танку механіка-кіроўцу Танкевіча і камандзіра вежы Брыльца, але ты разумееш, у што ты ўляпаўся?
Віктар дарэшты зразумеў гэта, калі пад колы аўтобуса, у якім разам з ансамблем народнай музыкі і танца, далучаным да дэлегацыі пісьменнікаў, ехалі яны на канцэрт, кінулі трохлітровы слоік алею, а пад сцэнай палаца культуры, дзе павінны былі яны выступаць, знайшлі самаробную бомбу, - так што дзякуй Богу, што не даехалі, і ўсё абышлося разбітымі насамі і выбітымі зубамі: кіроўцу ўсё ж удалося ўтрымаць аўтобус на колах, ён знёс прыдарожныя слупкі, слізгануў з дарогі на ўзбочыну, але не перакуліўся. "Во пшэкі! - працадзіў кіроўца скрозь выбітыя аб стырно зубы. - Жаляцца, што дзяцей няма чым карміць, а самі алей слоікамі на дарогу кідаюць!"
- Куды ты прывёз нас? - выціраючы кроў з рассечанай губы, спытаў Віктара агаломшаны Чаргінаў. - Куды і для чаго ты нас прывёз? - на што Танкевіч пракінуў раздражнёна: "Ты, Іван, не хлопчык! Не рабі выгляд, нібы не ведаў, куды ехаў і для чаго?" - але і па ім было відаць, што сам ён цалкам усведамляць гэта пачаў толькі цяпер.
У першы дзень дэлегацыю беларускіх савецкіх пісьменнікаў вадзілі па кабінетах партыйных функцыянераў, большых і меншых начальнікаў, кіраўнікоў якія і падобныя былі адзін да аднаго, і словы казалі адны і тыя: маўляў, зараз цяжкі час, але ён міне, масты братэрства, якія ўзвялі над Бугам савецкі і польскі народы нікому не ўдасца падарваць. Калі ў другі дзень такія ж людзі сустрэлі іх у Саюзе польскіх пісьменнікаў, Танкевіч не вытрываў: "Я болей слухаць не магу гэтых маставікоў!"
- Ні з кім з прыстойных людзей звесці цябе не магу, - адмахнуўся Любча, калі Віктар спытаў яго, ці можа дэлегацыя нефармальна сустрэцца з варшаўскай інтэлігенцыяй. - Усе прыстойныя літаратары, мастакі, музыкі ці ў турме, ці ў эміграцыі. Засталіся толькі курвы ў кабінетах, у якія вас водзяць. Вось з імі і сустракайцеся.
- У нас шакаладак столькі няма, - сказаў Віктар, і Чэслаў не зразумеў: "Якіх шакаладак?" А калі Віктар растлумачыў, якіх, Любча ўскіпеў: "Не чапай нашых курваў! Нашы курвы - не вашы курвы. Вашы курвы, калі мы прыйдзем, будуць нам смактаць, а нашы курвы, калі вы прыйдзеце, будуць вас забіваць!"
Гледзячы на паненак у холе гатэля, Віктар так не сказаў бы, але не стаў спрачацца. Упершыню ён бачыў Чэслава Любчу, беларуса з Наваградчыны, які воляй лёсу апынуўся ў Польшчы, гэтакім зацятым палякам. "Цяпер і ты мусіш быць палякам, цяпер усе прыстойныя людзі ў свеце - палякі. Толькі Ярузельскі - вырадак. З Брэжневым, які гатовы ўвесці ў Польшчу войскі, цалуецца! Просіць увесці хутчэй! Васямнаццаць дывізій разам з немцамі і чэхамі! І ўяві, што тут будзе! Кроў! Вайна!"
Калі праязджалі Брэст, Віктар бачыў, што вайскоўцаў у горадзе значна больш, чым звычайна. Якраз падыходзіла, не маскіруючыся, не хаваючыся, новая калона, і ён падумаў, што не хаваюцца, каб папалохаць. Але калі падключаюць саюзнікаў, калі збіраюць "інтэрнацыянал", тады гэта не проста запалохванне.
- Скуль ты ведаеш пра войскі?
- Ад чэхаў! Думаеш, яны забыліся пра савецкія танкі? Думаеш, у нас там сваіх людзей няма?.. Рыхтуецца акупацыя, а Ярузельскі ўсіх, хто гатовы жыццё аддаць за Польшчу, пасадзіў! Уся "Салідарнасць" за кратамі! А тых, хто яшчэ на волі, ён гатовы расстраляць, як расстраляў рабочых у Гданьску!
Чэслава калаціла, калі ён гэта казаў. І глядзеў так, нібы Віктар быў сярод тых, хто страляў гданьскіх рабочых.
- Няхай танкі! Няхай Ярузельскі вырадак! Але я тут пры чым?
- Як пры чым? Ты з Брэжневым не цалаваўся?
Што беларускія паэты ў Мінску, што польскія перакладчыкі ў Варшаве… Усе лепшыя толькі таму, што не цалаваліся з Брэжневым.
Віктар не крыўдаваў на Чэслава - за што крыўдаваць? Калі думаць, што заўтра з усходу прыйдзе да цябе вайна, і бачыць перад сабой чалавека з усходу, няхай і сябра, дык яшчэ і не такое скажаш. А сябру - тым больш.
"Саветы бацьку майго згнаілі ў лагеры пад Навасібірскам, а цяпер ідуць, каб мяне забіць! І ты ідзеш з імі! І хочаш, каб я цябе тут абдымкамі сустракаў?"
Бацька Чэслава Любчы памёр у сібірскім лагеры. Чэслаў казаў: "Вырасшы бязбацькавічам, я, ватны па натуры, стаў каменным па характары. Жыццё такім зрабіла".
Пасля вайны маці ягоная з дзецьмі перабралася з Беларусі ў Польшчу, і Чэслаў, беларускі нацыяналіст, які ў Саюзе беларускай моладзі спяваў "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", стаў яшчэ і нацыяналістам польскім.
- Не ўсе ж прыстойныя людзі з’ехалі, ты ж застаўся, - угаворваў Віктар ускіпелага двойчы нацыяналіста знайсці каго-небудзь з вядомых польскіх літаратараў на сустрэчу з вядомымі літаратарамі беларускімі. - Значыць, яшчэ нехта застацца мог. І ўсе яны ведаюць, хто такі Танкевіч, хто такі Брылец…
- Ян Твардоўскі тут, - пачаў патроху здавацца цвёрды па характары, але мяккі па натуры Чэслаў. - Ён жа не толькі паэт, ксёндз, дык як яму кінуць паству? Сёння, дарэчы, у касцёле манастыра візітантак прапаведуе. Падыходзьце, на пропаведзь усім можна. А там пабачым…
Пабачыліся ў кватэры Твардоўскага, куды, апроч іх, запрасіў гаспадар з паўтузіна прыхаджанаў, якім не хапіла пропаведзі і якім ён ужо дома казаў: "Злом можа быць нават дабрыня. Асабліва, калі яна чужая. Я люблю кашу, дык і табе дам, і ты яе любі. Чаму? Бо я яе люблю! Я так жыву, дык і ты так жыві, як я! Чаму? Бо я так жыву! А на тое, што нехта любіць не кашу, а клёцкі, што хтосьці інакш хоча жыць, напляваць!"
Пасля такой казані ён прапанаваў прывітаць гасцей з Савецкага Саюза, і прыхаджане, тут жа спаслаўшыся на тэрміновыя справы, адзін за адным павыходзілі, засталіся толькі манашка-візітантка, што прыслужвала ў доме, і лысаваты фацэт у акулярах, які спытаў: "Ойча, можна я гасцей вершам прывітаю?" І пачаў:
Czekamy ciebie, czerwona zarazo,
byś wybawiła nas od czarnej śmierci,
byś nam Kraj przedtem rozdarłwszy na ćwierci,
była zbawieniem witanym z odrazą!.. [9]
Віктар ведаў гэты верш Юзэфа Шчэпаньскага, напісаны пад канец лета сорак чацвёртага, калі немцы распраўляліся з варшаўскімі паўстанцамі, а Чырвоная армія стаяла пад Варшавай і не спяшалася паўстанцам дапамагаць. Любча, які прачытаў яму верш "Чырвоная чума" некалі ў Маскве, даводзіў, што савецкія войскі не вызвалялі Варшаву на загад Сталіна, які нібыта сказаў: "Чым болей польскіх нацыяналістаў і нямецкіх фашыстаў пераб’юць адзін аднаго, тым нам лепей", - і, мусібыць, пра тое калі не ведаў, дык здагадваўся Шчэпаньскі, які загінуў падчас паўстання, уклаўшы ў свой апошні верш столькі нянавісці да "чырвонай чумы", колькі яе ва ўсім ім было, і цяпер, амаль праз сорак гадоў, яна віравала ў гэтым лысаватым фацэце ў акулярах, з такім напалам вырывалася з яго, што цяжка было яе стрываць, і першым, як і ў Саюзе пісьменнікаў, не стрываў Танкевіч. Ён падняўся: "Дзякуй, пане Яне…" - і пайшоў, а Твардоўскі сказаў: "Калі ласка…" - і не стаў ні перад кім з беларускай дэлегацыі, якая чародкай рушыла за Танкевічам, перапрашацца, не стаў нікога затрымліваць.
- Ты сам гэтага хацеў! Сам прасіў сустрэчы з кім-небудзь прыстойным! - агрызаўся Чэслаў на лаянку Віктара. - Дык што ты цяпер ад мяне хочаш?
Віктару не хацелася нічога - ён не ведаў, дзе сябе падзець. Вярнуўшыся ў гатэль, у вестыбюлі якога ўсё яшчэ чакалі шакаладак некалькі паненак, успомніў, як Чэслаў сказаў: "Польскія курвы цябе заб’юць", - і ўзяў дзвюх. "Забівайце!" - завёў іх у нумар, піў з імі ўсю ноч прывезеную з Мінску гарэлку і з такой жа нянавісцю, з якой фацэт у акулярах верш пра чырвоную заразу чытаў, быў з імі, крычаў істэрычна: "Курвы!.. Калі летам сорак чацвёртага савецкія танкі не ўвайшлі ў Варшаву, стаялі за Віслай, дык я тут пры чым?.. Калі ўвосень восемдзесят другога савецкія танкі стаяць за Бугам, каб увайсці ў Варшаву, дык я тут пры чым?.." - і суцішыўся толькі тады, калі адна з іх, найбольш п’яная і найбольш падобная да курвы, вы-паліла ў твар: "Ty sam jesteś kurwa!" - і пайшла з нумара, хістаючыся, не ўзяўшы шакаладку.
Курва!..
Раніцай ён патэлефанаваў Ганне: "Я твайго бацьку ніколі ні пра што не прасіў, усё, што ён рабіў, ён рабіў сам, а цяпер прашу: хай што-небудзь, што заўгодна прыдумае, каб сёння ці заўтра адазваць мяне з Варшавы ў Маскву, інакш я тут застрэлюся, чуеш, застрэлюся!" - і пачуў: "Страляйся!.. Няўжо ты не разумееш, што цяпер, пасля даноса Мацвеева, твая паездка ў Варшаву - праверка! І калі ты не пройдзеш яе, сапраўды можаш страляцца! - кінула яна трубку, а праз гадзіны тры, якія ён тупа прасядзеў на крэсле перад люстэркам, трымаючы галаву абедзвюма рукамі, не ведаючы, куды яе пакласці, і ўсё болей таго фацэта, якога ў люстэрку бачыў, ненавідзячы, Ганна сама патэлефанавала: "Я сказала Грачыну, што калі ты кіраўнік дэлегацыі, дык трэба і абазначыць цябе як кіраўніка, адпаведна статусу, і Грачын дамовіўся пра тваю сустрэчу з Ярузельскім. А пасля сустрэчы цябе будуць чакаць з выступам на польскім тэлебачанні".
Курва!
Скрозь адны курвы! Жанчыны, мужчыны, паэты, фацэты!.. У Варшаве, у Маскве!..
Вярнуўшыся ў Маскву з Індыі, ён усё чакаў, калі яго паклічуць на Лубянку, а яго ўсё не клікалі. Затое, што яго моцна здзівіла, патэлефанавалі з Мінска: "Тэрміны паездкі ў Варшаву канчаткова ўзгодненыя з польскімі таварышамі, таму вам як кіраўніку групы заўтра а 10-й раніцы трэба быць на інструктажы ў Доме дружбы". Ледзьве паспеўшы на вечаровы цягнік у Мінск, усю ноч ён думаў дарогай, што б гэта ўсё значыла, але ні да чаго не дадумаўся. З вакзала адразу паехаў у Дом дружбы, дзе два "інструктары", гэбіст і цэковец, доўга дудукалі пра найскладаную палітычную сітуацыю і магчымасць правакацый у Польшчы, але не сказалі, што прыезд у Польшчу савецкіх пісьменнікаў з танцорамі ў час, калі на мяжы стаяць савецкія танкі, гэта правакацыя і ёсць.
Калі на двух аўтобусах яны выязджалі з Брэста, танкі гэтыя бачылі, і Брылец сказаў: "Будуць стаяць і чакаць, пакуль пад нашы аўтобусы палякі падкладуць міны. Тады рушаць на Варшаву".
Віктару ў галаву такое не прыходзіла, ён вырашыў, што Брылец пажартаваў. Але ўжо не думаў так, калі Брылец расказваў яму, як, вярнуўшыся назад, напалоханыя тым, што здаралася на польскіх дарогах і ў канцэртных залах з бомбамі пад сцэнай, артысты цалавалі берасцейскую зямлю. "Я таксама цалаваў некалі родную зямлю, - казаў Брылец. - Толькі гэта было пасля Другой сусветнай вайны, тады, калі вяртаўся з палону…"
У дзверы нумара пастукалі, Віктар адчыніў: парцье. Той самы, які пашпарт ягоны грэбліва адкідваў, калі ў гатэль сяліліся, а цяпер стаў перад ім - сама пачцівасць.
- Вас машына ўнізе чакае.
Хутка яны. Ён памяты, непамыты, непаголены. І праз дзве гадзіны ехаць у Беласток. Танкевіч учора, калі выйшлі ад Твардоўскага, спытаў: "А чаго мы ходзім, куды нас водзяць? Да чужых. Давайце да сваіх з’ездзім". І сам дамовіўся на сустрэчу з беларусамі сёння ў Беластоку. А Віктара зноў, як і ў Мінску, і ў Маскве, ад сваіх да чужых цягнуць.
- Якая машына?
- Ад таварыша Ярузельскага, - з прыдыханнем паведаміў парцье, які не быў прыхільнікам польскіх камуністаў, староннікам генерала Ярузельскага, але па твары ягоным лёгка ўгадвалася, што гэта не было прыдыханне страху перад уладай, а прыдыханне містычнага трымцення перад ёю, шчасця, што хоць неяк з ёй судакрануўся - няхай сабе праз нейкага савецкага фацэта. Віктар паўсюль гэта бачыў, такое з усімі робіцца - і з палякамі таксама, няхай нават ты тройчы паляк з усёю польскаю пыхаю.
- Скажыце, што прашу пачакаць хвіліну. Мне памыцца, пагаліцца…
Парцье паглядзеў на яго спачувальна, маўляў, ты з раніцы гэтак выглядаеш, што хоць пяць разоў пад вечар пагаліся, лепш выглядаць не будзеш.
- Не, сказалі паспяшацца, у таварыша генерала вобмаль часу, - настойліва стаяў у дзвярах парцье, і Віктар успомніў генерал-нябожчыка Сцюарта, у якога не было праблемы з часам, але ўсё адно ён некуды спяшаўся: з’яўляўся і знікаў.
Як ён казаў?.. Мы паспяваем у гэтым жыцці толькі расшпіліць і зашпіліць гузік?
Спускаючыся, Віктар зайшоў да Танкевіча, сказаў, што ў Беласток не зможа паехаць, тэрміновыя справы ў Варшаве, і Танкевіч, зірнуўшы на яго, паківаў: "Бачу, што тэрміновыя".
Зашпілены на ўсе гузікі міністр нацыянальнай абароны, Старшыня савета міністраў, Першы сакратар ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі, Старшыня ваеннага Совета нацыянальнага выратавання генерал арміі Войцэх Ярузельскі сустрэў Віктара ў пакоі, не надта падобным да кабінета: з канапай, столікам і зэдлікамі каля яе, з мяккім, якія звычайна сцелюць у спальнях, дываном на падлозе і карцінамі на сценах, сярод якіх вісеў чорна-белы фотаздымак у едка-чырвонай раме, на якім Ярузельскі ў цёмных акулярах ("Каб не бачыць, з кім цалуешся", - падумаў Віктар) цалаваўся з Брэжневым. Сцяна вакол рамы сантыметраў на дзесяць была трохі святлейшая ад астатняй, не кранутая сонцам, значыць, на гэтым месцы вісела нешта большых памераў, а фота з пацалункам павесілі тут нядаўна, калі не сёння.
- Як Васіль Дзям’янавіч? - падаўшы руку, адразу даў зразумець, чаму ён прымае Віктара, Ярузельскі. - Вы ягоны зяць? У нас з ім някепскія адносіны. Не сяброўскія, але някепскія. Ён… як бы гэта дакладней сказаць… адэкватны чалавек. - І жэстам запрасіўшы сесці, раптам спытаў: - А палкоўнік Мікалай Маргер вам не радня? Ён з Беларусі родам, не помню места. Пару гадоў мы служылі разам, калі ён яшчэ не быў палкоўнікам, а я генералам. Нават сябравалі. Дык радня, ці вы проста… як гэта ў вас называецца… сайменнікі? Цёзкі?
Віктар чакаў любога пачатку размовы, але не такога. Пакуль яго везлі да Ярузельскага, ён, зусім не гатовы да сустрэчы, сутаргава думаў: што сказаць? З чаго пачаць? З таго, што чаўплі яму на інструктажы ў Доме дружбы: "Паўсюль паўтарайце словы Леаніда Ільіча, што Савецкі Саюз ніколі не пакіне братнюю Польшчу ў бядзе, заўсёды польскаму народу дапаможа"? Ён пралапатаў гэтыя словы на сустрэчы ў Саюзе польскіх пісьменнікаў, але нават там яны прагучалі зусім інакш, чым у Доме дружбы. А тут… Каб іх сказаць, тут мусіў быць Брэжнеў, а не ён. Але тут ён - і пра што гаварыць з ім кіраўніку дзяржавы? Ды няма пра што! Хіба пра дзядзьку ягонага, які ўцёк у Польшчу адразу пасля вайны і пра якога ва ўсіх анкетах у графе "Ці ёсць у вас радня за мяжой?" Віктар пісаў: "Няма".
Кожны раз, калі ён пісаў гэтае "няма", яму было сорамна, бо ён нібыта адмаўляўся ад кроплі сваёй крыві, і аднойчы паставіў у той графе прочырк, але яму вярнулі анкету як няправільна запоўненую: "Напішыце ці няма, ці ёсць". І калі б ён напісаў "ёсць", а тую анкету параўналі б з папярэднімі, дазналіся б, што ён маніў, дык болей ніколі ніякіх анкет ні для вылучэння на прэміі, ні для выезду за мяжу яму б не выдавалі.
- Дзядзька, - сказаў ён Ярузельскаму. - Родны дядзька. Родам з Крэва.
- Так, з Крэва! - нібы ўзрадаваўшыся, што ўспомніў, выгукнуў Ярузельскі. - Дзядзька ваш расказваў, як пасля вайны, калі прыйшлі саветы, усіх крэўскіх сабралі на пляцы: хто паляк - направа, хто рускі - налева! Пра беларусаў нават не ўспомнілі, што такія могуць быць, дык ён падумаў: калі прыйшлі рускія і нічога не сказалі пра беларусаў, тады навошта мне быць рускім, лепш я буду палякам. І хоць браты не пускалі яго: "Ты куды, палякаў за Армію Краёву будуць страляць!" - рызыкнуў, ступіў направа - і стаў палкоўнікам войска польскага. Вось што значыць адзін крок у нашым жыцці! Можа, мы з’яўляемся ў свет, каб зрабіць у ім адзін крок. Адзін крок - і ўсё!..
Ён так гэта сказаў, што не зразумець, пра што ён, было немагчыма, і Віктар, нечакана для самога сябе адчуўшы павагу да гэтага відавочна стом-ленага чалавека, здольнага ўзяць на сябе такую адказнасць, падумаў, што крок зрабіць - не гузік зашпіліць, і што, мусібыць, каб стаць палітыкам, трэба быць чалавекам са звярынага мяса з нечалавечым мысленнем.
- Хоць можна зрабіць крок не ў той бок, - паківаўся на зэдліку Ярузельскі. - Як бацька мой, які вясной трыццаць дзявятага прыехаў з сям’ёй у Вільню. А ўвосень Вільня падпала пад саветы, і ўсіх палякаў саслалі ў Сібір. Не пытаючыся, хто куды хоча… Там, у лагеры ў Алтайскім краі бацька і застаўся. Не было труны, каб пахаваць, дык я закруціў яго, як у саван, у газету "Праўда", растрыбушыўшы лагерную падшыўку. Там жа, у Алтайскім краі, працуючы ўсю зіму на лесапавале, я захварэў на снежную слепату, і цяпер не магу глядзець на свет без цёмных акуляраў. Праз гэта ваш сябар Любча… Вы каву будзеце? Налівайце… Я таксама… Вам цікава, адкуль я ведаю, што ён ваш сябар? Памочнік мой паказаў перад нашай сустрэчай газету "Trybuna Ludu", дзе верш ваш надрукаваны ў ягоным перакладзе. Някепскі пераклад. Дык вось праз тое, што я ў цёмных акулярах, Любча прыдумаў для мяне мянушку "зваршчык". Хоць некалі мы таксама сябравалі, разам ў згуртаванні сем’яў рэпрэсаваных былі: ягоны бацька, як і мой, не вярнуўся з Сібіры. І, між іншым, гэта я, калі ў галоўным палітупраўленні служыў, параіў Любчу на месца карэспандэнта польскага радыё ў Маскве, а ён мне ў падзяку мянушку "зваршчык" прыляпіў. Маўляў, я Варшаву з Масквой зварваю… Што вы каву не п’яце? Тут не Сібір, але астыне…
Пра газету "Праўда" Ярузельскі, пэўна, прыдумаў ці, магчыма, і закруціў нябожчыка-бацьку ў пару газет, хто б яму даў падшыўку "Праўды" растрыбушчыць, але ж усё астатняе прыдумаць ён не мог
З кім ні пагавары, хоць з Кручам, хоць з Любчам, хоць з Ружэвічам, хоць з Ярузельскім, ва ўсіх нехта з радні быў сасланы ў Сібір! І чалавек, які цяпер камандуе войскам, спецслужбамі, кіруе не самай маленькай краінай Еўропы, у бляску сібірскіх снягоў на снежную слепату захварэў, каб пасля ўсё жыццё на свет скрозь цёмныя акуляры глядзець! Вось метафара, Роберт!..
Ад Грачына Віктар ведаў, што кіраўнікі краін савецкага блоку па сутнасці прызначаюцца ў Маскве, і паколькі размова ягоная з Ярузельскім з як бы палітычнай, весці якую Віктар не быў гатовы, проста не ўяўляў, што ў ёй казаць ("Савецкі Саюз ніколі не пакіне братнюю Польшчу?.."), праз дзядзьку Мікалая і Любчу перайшла як бы ў размову асабістую, можна было спытаць - і ён спытаў:
- А як вас, колішняга лагерніка-антысаветчыка, пасадзілі ў крэсла кіраўніка Польшчы?
"Я на зэдліку, - зірнуўшы пад ногі, паправіў акуляры, якія былі яму велікаватыя, спаўзалі з пераносся, Ярузельскі. І павярнуўся да дзвярэй, у якія ўвайшоў чалавек у вайсковай форме, ягоны памочнік. - Што там?" - "Вас да тэлефона. Масква". - "Хто?" - "Таварыш Грачын. Раней, чым дамаўляліся". - "Скажы, што я размаўляю з тым, каго ён да мяне паслаў". - "Я сказаў. Але ён не пра гэта". - "А пра што?" - "Брэжнеў памёр". - "Хто?" - "Таварыш Леанід Ільіч Брэжнеў…"
З хвіліну Ярузельскі глядзеў на свайго памочніка і маўчаў. Павярнуўся да фотаздымка, на якім цалаваўся з Брэжневым. Пад цёмнымі акулярамі не разгледзець было выраз ягонага твару, але Віктару здалося, што твар Першага сакратара Польскай аб’яднанай рабочай партыі, якому паведамілі пра смерць Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, ні ў чым не змяніўся.
- Так! - рэзка падняўся ён з зэдліка. - Цяпер ніхто не ўгаворыць яго ўвесці войскі!.. - І падаў Віктару руку. - Я скажу таварышу Грачыну, што мы добра паразмаўлялі. А вы скажыце Любчы, які крычыць, што я хачу крыві, што крыві я не хачу. Калі б я хацеў, ён бы ўжо маўчаў. Можаце і па тэлебачанні гэта сказаць.
Апошнія словы генерал прамовіў, торгнуўшы шчакою, упершыню за ўсю размову паказаўшы, што ў яго таксама ёсць нервы.
На выхадзе з будыніны ЦК, калі Віктар здаваў пропуск, яго дагнаў запыханы памочнік Ярузельскага: "Прасілі перадаць, таварыш Грачын прасіў перадаць, што цяпер вы можаце ехаць у Маскву. А дэлегацыя можа вяртацца ў Мінск".
На вуліцы ўжо чакала польскае тэлебачанне: "Праўда, што Брэжнеў памёр?.. "
Больш іх нічога не цікавіла. Ні ён сам, ні дэлегацыя пісьменнікаў, ні народная музыка з танцамі. Аператар глядзеў, чакаючы, журналістка тыцала мікрафон у падбароддзе, у яе рукі трэсліся - так яна хацела быць першай, хто паведаміць гэтую навіну, і Віктар сказаў, што Леанід Ільіч ніколі не пакіне братнюю Польшчу, заўсёды польскаму народу дапаможа, а журналістка глядзела на яго і лыпала вачыма.
Калі вярнуўся ў гатэль, парцье падаў яму разам з ключом запіску ад Танкевіча. "Тэлефанавалі з Дома дружбы, сказалі, каб мы з Беластока выпраўляліся ў Мінск. Яшчэ сказалі, што (па чутках) памёр Л.І., і што старшынёй пахавальнай камісіі прызначаны тав. Анд. Убачымся дома, Танкевіч".
Падняўшыся ў нумар, ён лёг на канапу і доўга ляжаў, гледзячы ў столь. Калі старшынёй пахавальнай камісіі прызначаны Андропаў, ён і будзе на месцы Брэжнева, які Польшчы ўжо нічым не дапаможа. Як і Віктару, калі ўсплыве данос Мацвеева.
Яму ўспомнілася начная размова з Брэжневым на дачы Грачына, і ён злавіў сябе на тым, што яму шкада, што не стала гэтага чалавека. І не таму, што ён мог бы дапамагчы. Яшчэ невядома, ці дапамог бы… Але калі пры Хрушчове, які назваў дэспатам Сталіна, сядзелі ў турмах тысячы палітычных, дык пры Брэжневе, які пра Сталіна маўчаў, дзясяткі. І гэта пры ўсіх анекдотах пра дарагога Леаніда Ільіча.
Трэба было б памянуць яго. Ды няма з кім. Хіба з курвамі.
Зазваніў тэлефон. Ганна: "Ты ўжо ўсё ведаеш?" - "Не ўсё. Чаму не Грачын? Не яшчэ нехта?" - "Бо ў Андропава на ўсіх быў кампрамат…" І яна пераказала тое, што сказаў ёй бацька. Што Брэжнеў памёр на ўрадавай дачы ў Зарэччы, і першым, каму паведамілі пра смерць Генеральнага сакратара ЦК КПСС, быў сакратар ЦК КПСС і былы старшыня КГБ СССР Андропаў, які першым і прыехаў на дачу. Забраўшы ў кабінеце Брэжнева партфель з кампраматам на ўсіх членаў Палітбюро, ён паклікаў у Зарэчча міністра абароны Вусцева і сакратара ЦК Грачына. Яны селі ўтрох каля ложка нябожчыка, і Андропаў, на каленях якога ляжаў усім ім знаёмы партфель, прапанаваў неадкладна вырашыць, хто будзе пераемнікам Леаніда Ільіча. Вусцеў, які меў армію, але не меў партфеля на каленях, вырашыў, што пераемнікам павінен быць Андропаў, і Грачын, у якога не было ні арміі, ні партфеля, прапанову Вусцева падтрымаў.
Во як… Утрох вырашылі, хто будзе кіраваць краінай. КГБ. Ён і так кіраваў, але ўсё ж не наўпрост, а цяпер - наўпрост.
"Табе няма чаго асцерагацца, - хутка, нібы баючыся, што ён трубку пакладзе, казала Ганна, - Андропаў цяпер абавязаны Грачыну, так што…" - "Гэта Грачын табе сказаў?" - "Гэта я табе кажу. А з ЦК прафсаюзаў пытаюць, калі выйдзеш на службу? Калі б нешта было, не пыталі б. Так што сядай у цягнік". - "У мяккі вагон?" - "Можаш і ў плацкартны. Апошні раз…"
Паклаўшы трубку, ён зайшоў у лазенку, перабраў бутэлькі з учарашняга разгулёну. У некаторых засталося на дне, ён зліў усё ў адну шклянку. Памянуў, як вядзецца яно ў народзе…
Можа быць, пры Брэжневе для гэтага народа быў найбольш прыдатны спосаб існавання? Было што выпіць, было чым закусіць. Няхай без далікатэсаў, але было. А галоўнае: было ўсяго пароўну. Так, Грачын еў смачней, але хадзіў гадамі, як і Суслаў, у адным і тым жа касцюме. У некага была 300-я секцыя, у некага крама "Бярозка", але ў большасці ўсяго было пароўну. І гэта была як бы справядлівасць, праз адсутнасць якой народ гэты і кідаўся ў бунты, у рэвалюцыі. А яго вешалі, стралялі, гнаілі ў лагерах, што нібы скончылася, але зноў можа пачацца…
Зноў зазваніў тэлефон. Гэтым разам Любча: "Брэжнеў памёр. Замест яго будзе Андропаў. КГБ. А ён не спыніцца ні перад чым, каб падавіць у Польшчы рух за свабоду. Мы арганізуем мітынг супраць уводу савецкіх войскаў. Калі ты той Віктар Маргер, якога я ведаў раней, ты мусіш прыйсці, каб падтрымаць нас".
Ён не ведае, ці той я, якім быў раней, але яму вядома, што Брэжнеў памёр і што Андропаў будзе на ягоным месцы. Хоць нідзе не было пра гэта ніякай інфармацыі. Выходзіць, што не трэба ніякіх газет, ніякага радыё з тэлебачаннем.
- Чэслаў…
- Ну? Што?
- Ты хочаш, каб мне не было куды вярнуцца?
- Я хачу, каб табе было з кім застацца.
- А дзе застацца? У Польшчы, куды ўвойдуць савецкія войскі?
- Калі мы ўсе выйдзем, яны не ўвойдуць. Трэба не даць Ярузельскаму магчымасці іх запрасіць. Гэта кроў.
- Ён сказаў, што не хоча крыві.
- Каму сказаў?
- Мне.
- Ты быў у гэтага вырадка?
- Быў.
- Та-а-к… І як ты будзеш апраўдвацца?
Чаму ён павінен апраўдвацца? Хоць перад Любчам, хоць перад кім? І ўсё ж апраўдаўся:
- У мяне ў Маскве каханая, Чэслаў.
Любча памаўчаў. Сказаў, памаўчаўшы:
- Гэта аргумент. Але прад’явіць яго ты потым зможаш толькі самому сабе. - І тэлефонная трубка захлынулася кароткімі гудкамі.
Выпіць больш не было чаго, Віктар апрануўся, выйшаў на вуліцу. Зайшоў у бар на Маршалкоўскай - ён быў забіты выпівохамі. Узяў "Выбаровай", уціснуўся за стол у самым куце.
Некалі ў гэтым бары за гэтым сталом ён напісаў верш "Новы свят", які Чэслаў за гэтым жа сталом адразу пераклаў.
Хавалі Сталіна. Масква
Глядзіць далёка:
Драконавая
Галава
З крамлёўскім вокам.
Варшаўцы выйшлі на пляцы,
Паныла ўсталі.
"Поляки, вроде, молодцы", -
Заўважыў Сталін.
І Берыя згадзіўся:
"Да,
Все в скорби, вроде...
Оделась только б... одна
Не по погоде.
Мы стерву эту устраним..."
Як выклік, смела
Ішла насуперак усім
Жанчына ў белым.
Лубянскі снайпер у прыцэл
Зірнуў марозна.
Адзін, другі і трэці стрэл…
На след, ды позна!
Скасіўся Берыя на след,
Пенснэ ўспацела:
- Ей-богу, Коба, это бред -
Она без тела!
А посмотреть со стороны...
Ну, польки эти!
І Сталін уздыхнуў з труны:
"- Смотри, Лаврентий!
Одна она пусть стоит двух
Московских пассий –
Опасней, если это дух,
Куда опасней!
Держать на поводке народ
Учись до гроба.
Сама свобода не живет".
"Я знаю, Коба".
Адзін, другі і трэці стрэл...
"- Стреляешь плохо!"
Лубянскі снайпер збіў прыцэл
Аж на эпоху.
Ва ўсіх часах, хоць жылы рві,
Свае законы;
Сукенка белая ў крыві –
Сцяг бел чырвоны!
Сама свабода не жыве?..
А ў нос вам дулю!
Яшчэ тырана па Маскве
У склеп цягнулі,
Яшчэ трашчалі ў лагерах
Лесапавалы,
А ўжо імперыя па швах
Паўзла, трашчала,
І воля ўжо ўставала з тла,
Плыла, як пава...
Жанчына ў белым і была
Сама Варшава.
На ўсё пайшло сем кухляў піва, тры на аўтара і чатыры на перакладчыка. Дапіўшы чацвёрты кухаль, Чэслаў завёўся: "Давай п’янтосам прачытаем!" Яны прачыталі: "Хавалі Сталіна. Масква глядзіць далёка, Драконавая галава з крамлёўскім вокам!.." - і п’янтосы запляскалі, папёрліся з півам за іх стол, а бармэн закрычаў з-за стойкі:
- Прастаўляю "Выбаррву"!
Цяпер п’янтосы былі не тыя, не той час, і бармэн не той. "Niech wszyscy Kamuniści zginą!" - раптам, узняўшы келіх, крыкнуў бармэн, і ўсе ўскочылі: "Niech zginą!" Віктар не падняўся, выпіў, седзячы, і сусед ухапіў яго загрудкі, рвануўшы так, што паліто па шве затрашчала: "Dlaczego siedzisz? Czy jesteś komunistą?.."
Калі выбраўся з бара, яго спыніў патруль: пачыналася каменданцкая гадзіна. Ён паказаў пашпарт, патрульныя пакруцілі яго, не разгортваючы, у руках: "Каменданцкая гадзіна для ўсіх, і для рускіх, і для п’яных", - але не сталі затрымліваць, правялі да гатэля.
- Я шукаў вас, - сустрэў яго парцье. - Пакуль вас не было, патэлефанавала нейкая жанчына, сказала, што вам куплены квіток на начны цягнік да Масквы і што вас будуць чакаць, каб перадаць яго, на вакзале каля першай касы. Калі паспяшаеце, - зірнуў парцье на гадзіннік, - паспееце.
Хто тэлефанаваў, хто квіток купіў, парцье не ведаў, і Віктар падумаў, што гэта можа быць тая сяброўка Ганны, якая жыве ў Варшаве, блядуе, і якой у асалоду перажываць, што яна блядзь. А калі ўжо ён, сабраўшы рэчы, выходзіў з гатэля, аддаўшы парцье апошнюю шакаладку, той гукнуў яму ўслед: "Чакайце! Успомніў! Тая жанчына прасіла абавязкова сказаць, што квіток у мяккі вагон".
LVII
З усіх выступаў маўзалея, з порціка і трыбуны, з усёй прасторы ад Васільеўскага спуска да Александраўскага сада Красная плошча глядзела на лобнае месца і маўчала.
- Можа, спярша пап’еш?.. - падняла вядро Ганна, і Купала ўбачыў, што на донцы выбіты крыж, папярэчына якога выглядала трохі пахіленай, а левы бок яе быў карацейшы за правы. Яшчэ з гэтага ж боку было закляпанае трымя клёпкамі адно вушка - і Купала пазнаў вядро. Яно было з касцёлу ў Радашковічах, дзе яго хрысцілі: у гэтым вядры, як распавядала маці, прынеслі ваду на хрост. Назаўтра пасля хросту маці паехала ў Маладзечна, купіла і аддала ў касцёл новае вядро, а гэтае ў ксяндза выпрасіла. Яно стаяла ў іхняй хаце, вада ў ім ніколі не мутнела, заўсёды была чысцюткай, як толькі што з крыніцы, і здавалася маленькаму Купалу салодкай…
Зараз яму здалося, што ён глынуў той вады.
- Дзякуй, я напіўся… - сказаў ён, і Ганна, паставіўшы вядро, зачарпнула ваду далонямі, прахалодна дакранулася да балюча-гарачых ступняў, якія смылелі.
Не адны горкія здараліся ў ягоным жыцці часіны - бывалі і салодкія. І не толькі тады, калі быў маленькі і піў салодкую ваду. У салодкія часіны пісаліся паэмы, кахаліся жанчыны. Ну, няхай гэта былі не часіны, імгненні, але яны здараліся. Ды такога салодкага імгнення, як зараз, калі ён вісеў, раскрыжаваны, і жанчына, якую ён кахаў, вадой з вядра, з якога піў ён у маленстве, ногі яму абмывала, Купала не помніў.
"Адкуль у яе вядро з нашай хаты?.." - глядзеў ён, адчуваючы, што ўсё ёй даруе, на Ганну, і тая, таксама адчуўшы, мусібыць, што ён даруе ёй, яшчэ й пацалавала ногі ягоныя: "Маці твая ўчора прыходзіла, прынесла…" Купала не падумаў, што гэта дзіўна, бо маці памерла, а ўспомніў, што было аднойчы ў ягоным жыцці такое самае, як цяпер, салодкае імгненне!..
Хлопчыкам ён гуляў на выгане ў пікара і парэзаў нагу аб бляшанку. Парэз быў рваны, глыбокі, крываточыў і балеў невыносна. Нарваўшы трыпутніку, ён дакульгаў да рэчкі, сеў на кладку, абмыў рану, прыклаў трыпутнік - кроў не спынялася, боль не сціхаў. Яго пачало трэсці ці то ад болю, ці то ад холаду, бо ўжо азяблай была восеньская вада, па якую ішла да рэчкі маці - убачыла сына, кінула вядро, падбегла: "А маё ты дзіцятка, Яначка мой!.." Схапіла яго, падняла, прыціснула да грудзей і так доўга з ім стаяла на кладцы, паўтараючы: "Дзіцятка маё, Яначка мой..." Ён глядзеў за спіну маці на раку, на той, на другі бераг, дзе былі большыя, чым вёска, могілкі, на восеньскі, дрыготкі лес за ракой, на халодныя аблокі над лесам, якія плылі далёка за лес, за небасхіл у бясконцасць, і так шкада яму стала тых, хто ляжыць на могілках, каго ўжо ніхто і ніколі не абдыме, не сагрэе, і такая раптам абняла яго любоў, такім ён адчуў сябе шчаслівым, што яго гэтак любяць у гэтым бясконцым, дзе мёртвых болей, чым жывых, халодным свеце, у гэтым жыцці, у якім да смерці - толькі перайсці кладку, і так цёпла яму стала, схаванаму ад смерці і холаду ў матчыны грудзі, і стала гэтак соладка, як не бывала ні ад ранняга травеньскага, ні ад позняга жнівеньскага мёду, які крывёй адчуў ён на вуснах маці, калі тая, вынесшы яго на бераг і пасадзіўшы ў падол, пацалавала рану - і боль сышоў.
Ноччу ён прачнуўся ў страху, не разумеючы, чаго баіцца, бо ночы, цемры ён не баяўся, і ляжаў, гледзячы ў столь, што бялела ў цемры, і на якой, як нейкія пісьмёны, ляжалі, пагойдваючыся, цені аголенай слівы за вакном, глянуўшы ў якое і ўбачыўшы прышчэрбленую, нібы параненую, поўню, ён падумаў, што любіць яго будуць толькі параненага.
"Ці раскрыжаванага, - сказаў Хрыстос у ім. - Так што трывай".
"А колькі трываць?"
"Столькі, колькі хочаш, каб любілі".
"А інакш ніяк?"
"Ніяк інакш".
"Я ўжо не хачу. Надта цяжка… Невыносна нават па смерці…"
"Але ж я трываю…"
"Дык Ты Сын Бога. Як табе Божым Сынам быць?"
Спытаўшы, Купала тут жа завінаваціўся, што ў яго вырвалася такое дзёрзкае пытанне, але Хрыстос успрыняў яго спакойна.
"Як і табе", - адказаў Сын Божы нейкім інакшым, чым перад тым прамаўляў, голасам. Як бы голасам брата - і Купала зразумеў, пра што Ён. Яму таксама не падабалася, калі людзі самі сябе называлі рабамі, няхай і Божымі, але цяжка было ўявіць Божымі дзецьмі Сталіна ці Берыю, Мяркулава ці Кашкадамава.
"І тым не менш, - сказаў Хрыстос. - Яны дзеці Ягоныя. І ўсе яны, і Качарыгі, і Юды - ягоныя дзеці".
"Таму і Страшны суд адкладваецца? Бог чакае, пакуль усе пакаюцца і ачысцяцца? Ён чакае, бо шкадуе?"
Хрыстос зноў памаўчаў.
"Ты пытаеш пра тое самае, што і я. Але няма адказу."
Ён усё ж шукаў апраўдання няспраўджаным прароцтвам. Хацеў давесці, што не падманваў Віфсаід і Харазін.
"Я сустрэў Юду ў Харазіне, - тым жа даверлівым голасам брата казаў далей Хрыстос. - Ён распавёў мне, як жонка ягоная памірала з голаду. Цяжарная была. Яна памірала, а ён нічога не мог зрабіць: ва ўсёй Галілеі зярнятка не знайсці было, усё спаліла небывалая спёка. І ён страціў жонку і ненароджанае дзіця. А калі пачуў пра царства Божае, зразумеў гэта так, што яны ўваскрэснуць і будуць з ім. І жонка, і тое дзіця, якое ў Царстве Божым народзіцца. Таму пайшоў са мной. І калі ў Іерусаліме я сказаў Юду, што ён зразумеў мяне не так, што царства Божае ў ім самім, як дзіця ягонае ў ягонай жонцы, ён сказаў: "Дык яно ж мёртвае". І зрабіў тое, што зрабіў. Стаў тым, хто мяне прадаў. І я ведаў, што ён пакажа на мяне ў Гефсіманскім садзе, няцяжка было гэта прадбачыць. Дык вось што гэта: здрада? Ці помста за маё няспраўджанае прароцтва, якое стала ягонай няспраўджанай надзеяй?.. Тады ці можа быць кара за гэта на Страшным судзе? А калі можа быць, дык якая?.. І калі караць тых, хто спадзяваўся на прарока, дык што рабіць з прарокам?..
Сын Божы казаў гэта нібы сам сабе, нібы не чакаючы адказу, але Купала разумеў, што чакаў. І не ведаючы, што адказаць, спытаў:
"Але ж Гасподзь ведае, каму і які несці крыж?.."
"Ведае. І не хоча, каб нехта нёс чужы. А ты чаго хочаш?"
"Калі несці крыж, дык свой. І яшчэ хачу, каб таго, што было тут, не было. Так можна?.. "
"Каб не было твайго Віфсаіда і твайго Харазіна?.. Ці ты хочаш, каб не было тваёй смерці?"
"Не. Жыцця, якое тут было".
Гэтым разам Хрыстос не гукаўся так доўга, нібы, не дачакаўшыся таго, чаго чакаў, скончыў размову. Нарэшце прамовіў: "Што ж… Можа быць, людзі, якія тут сабраліся, палічаць, што гэта і ёсць Страшны суд. Такі, якім яны ўяўляюць яго. Як геену вогненную. Гэй бэн гіном…"
- Таварыш Сталін!.. - у трэці раз надрыўна, як параненыя звяры выюць, пачулася з плошчы, па якой бег ад маўзалея да лобнага месца безгаловы Кашкадамаў, і правадыр заварушыўся на крыжы, на якім павіс, быццам заснуў.
- Што?.. Што такое?.. Мне прыснілася, нібы вы размаўляеце з некім, але ў сне не разабраць было, з кім і пра што? У гэтай краіне ніколі не ведаеш, хто, з кім і пра што размаўляе. Хіба толькі тады дазнаешся, калі памрэш і не спіш. А я заснуў. І нават не магу сказаць, ці прачнуўся… Я прачнуўся, Ганна? Хто мяне пабудзіў?
- Безгаловы нейкі, - абмыўшы ногі Купалу, паглядзела на плошчу, на ўзбуджаны ў чаканні відовішча натоўп, на маўзалей, на трыбуне якога тоўпіліся кіраўнікі партыі і ўрада, на Лётчыка над імі і на Хрыста над усім, Ганна. - У гэтай краіне заўсёды нехта знойдзецца, каб вас пабудзіць.
Яна гучна гэта сказала, і Красная плошча прагула, нібы будзіла Сталіна, які спытаў: "А хто-небудзь, каб ногі мне абмыць, знойдзецца?.." Ганна прамаўчала, а галава патрыярха Ціхана прамовіла: "Вам рукі мыць трэба". Сталін паклікаў: "Лаўрэнцій!.. Чуеш?.. Я ўсё табе дарую!.." - але Берыя таксама не адгукнуўся. Тады правадыр стаў выкрыкваць імёны адно за адным: "Хама!.. Юда!.. Пётр!.. Варфаламей!.. Якаў!… - Ён доўга крычаў, пакуль не стаміўся. - Андрэй!.. Сымон!.. Піліп!.. Фадзей!.. Ян!.. Мацвей!.." Сціх і павярнуў, наколькі змог, галаву да Купалы. "Бачыце… Я ж казаў, што ўсе… Апроч маці… А я з ёй нават не развітаўся. Барадзіно ў той дзень, калі яе хавалі, прысніў. Толькі пад Масквой не французы, а немцы. І фельдмаршалам у мяне Кутузаў-Тухачэўскі, які кажа: "Трэба здаць Маскву". Дык што з ім рабіць было? У той жа дзень расстраляць! Вось чаму я на пахаванне маці не паехаў… Каб уратаваць Расію…"
58
Генеральнага сакратара ЦК КПСС, Старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, чытырохразовага Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы, Маршала Савецкага Сюза, Галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі СССР, лаўрэата Міжнароднай Ленінскай прэміі "За ўмацаванне міру паміж народамі", пісьменніка, лаўрэата Ленінскай прэміі па літаратуры Леаніда Ільіча Брэжнева хавалі апоўдні 15 лістапада 1982 года. У ХХ стагоддзі ён пражыў 75 гадоў, 18 з якіх пракіраваў адной з найбольшых краінаў свету і памёр лёгкай смерцю ў сне пад раніцу 10 лістапада.
Паэт Віктар Маргер стаяў з правага боку левай гасцявой трыбуны, адкуль добра відаць была выкапаная каля крамлёўскай сцяны і абцягнутая знутры чырвоным шоўкам магіла, якая выглядала так, нібы ў ёй нешта дагарала пасля пажару.
- Час дагарае, - прамовіў хтосьці за спінай Віктара. - Дагарае чырвоны час.
Віктар азірнуўся: у чорным паліто, чорным гарнітуры, чорнай кашулі з чорным гальштукам стаяў за ім дырэктар антыкварнай крамы Назар Януаравіч Вензель.
Труну з целам нябожчыка перанеслі ад уваходу ў Маўзалей Леніна да магілы, і на трыбуну Маўзалея пачалі падымацца таварышы Андропаў, Вусцеў, Грачын, члены пахавальнай камісіі, члены і кандыдаты ў члены Палітбюро. Усе яны былі ў мешкаватых паліто, хто ў андатравых аблавушках, хто ў старамодных капелюшах фасону кацялок, і сярод іх вылучаўся ў добра скроеным плашчы маладцаваты мужчына, які быў не ў кацялку, а ў любімым амерыканскімі музыкамі капелюшы фасону трыблі, нешырокія палі якога трохі загіналіся на патыліцы ўверх, што надавала малайцу яшчэ і заліхвацкі выгляд. "Хто гэта?.. Хто такі?.." - пыталіся ганаровыя госці, якія былі запрошаныя на пахаванне Брэжнева, але ніхто не мог ім сказаць, хто гэта такі. Віктару здавалася, што недзе ён гэтага малайца бачыў, толькі не мог успомніць, калі і дзе?
- Гэта Нячаеў, - сказаў за спінай Вензель. - Былы дырэктар фабрыкі Нячаеў. Дакладней, ягоная міжножная частка. Успомнілі?.. Як бачыце, усё так, як вы напісалі. Трэба думаць, што пісаць.
На трыбуне Маўзалея людзі ў андатравых аблавушках і фетравых капелюшах сталі ў адзін шэраг, старшыня пахавальнай камісіі Андропаў падышоў да мікрафона.
- Сёння мы і разам з намі ўвесь савецкі народ, усё прагрэсіўнае чалавецтва развітваецца з верным сынам партыі, кіраўніком савецкай дзяржавы, лідарам міжнароднага камуністычнага руху, дарагім і любімым таварышам Леанідам Ільічом Брэжневым. Слова для развітання прадастаўляецца Генеральнаму сакратару ЦК КПСС, Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР чытырохразоваму Герою Савецкага Саюза, Герою Сацыялістычнай Працы, Маршалу Савецкага Сюза, Галоўнакамандуючаму ўзброенымі сіламі СССР лаўрэату Міжнароднай Ленінскай прэміі "За ўмацаванне міру паміж народамі", пісьменніку, лаўрэату Ленінскай прэміі па літаратуры дарагому і любімаму Леаніду Ільічу Брэжневу - прадаўжальніку вялікай справы Уладзіміра Ільіча Леніна! Пакуль вечна жывая ягоная справа, ён таксама вечна жывы! Ура!
"Ура-а!.." - не надта дружна, бо ніхто не чакаў на пахаванні ніякіх "ура", працягнула Красная плошча, і Брэжнеў, хоць са слоў Андропава не зусім зразумела было, які Ільіч вечна жывы, павярнуўся ў труне на бок, прыпадняўся, хацеў устаць, але не змог, бо, напэўна, не надта добра сябе пачуваў, зноў лёг на спіну, і тады да яго кінуўся, скочыўшы з трыбуны Маўзалея і цягнучы за сабой шнур мікрафона, маладцаваты мужчына ў модным плашчы і капелюшы фасону трыблі: "Калі ласка, прамаўляйце, Леанід Ільіч!.."
- Дарагія таварышы!.. - пачуўся над Маўзалеем, над Краснай плошчай, над Масквой і ўсёй савецкай краінай знаёмы, трохі ў нос, прыглушаны голас.
- Я трое сутак праляжаў у Калоннай зале Дома Саюзаў, дзе ноччу было халаднавата, і трохі прастудзіўся. Тым не менш, хачу сказаць, што вельмі прыгожая зала, усім рэкамендую, - скончыў прамову Брэжнеў, але над ім нахіліўся капялюш фасону трыблі, нешта шапнуў на вуха, і Брэжнеў дадаў: - У нас сур’ёзная дэмаграфічная праблема, яе трэба неадкладна вырашаць, таму рэкамендую прызначыць сакратаром ЦК КПСС па ідэалогіі таварыша Нячаева, які прайшоў шлях ад простага майстра-лялечніка да дырэктара фабрыкі цацак, выявіў сябе нястомным працаўніком, для якога клопат пра тое, каб з’яўлялася ўсё болей і болей дзяцей, не кабінетная тэорыя, а штодзённая практыка, таму рэкамендую".
Цалкам задаволены Нячаеў пацалаваў Брэжнева, вярнуўся на трыбуну Маўзалея і аддаў мікрафон Андропаву.
- Паважаныя таварышы! Шаноўныя госці! Дарагія сябры! - урачыста, пасля кожнай фразы робячы паўзу, прамовіў Андропаў. - Па нашай партыйнай традыцыі прадаўжальнікаў вялікай справы таварыша Леніна і таварыша Сталіна хаваюць пачынальнікі вялікай справы таварыша Леніна і таварыша Сталіна таварыш Ленін і таварыш Сталін!
Загучала жалобная музыка, да труны Брэжнева падышлі ў форме рабочых пахавальнай каманды Ленін і Сталін.
Віктар, не зразумеўшы, навошта гэты маскарад, а калі гэта не маскарад, дык як такое можа быць, павярнуўся да Вензеля, той нахіліўся да ягонага вуха: "Мёртвыя бачаць мёртвых".
- Але ж я і жывых бачу!
- Значыць, вы не зусім мёртвы. Нешта ў вас памерла, нешта не. Як у дырэктара фабрыкі Нячаева.
У голасе Вензеля з’явіліся насмешлівыя ноткі. Раней такога не было.
Зрэшты, шмат чаго не было раней. Не было Ганны. І ўсё, што прыйшло пазней, прыйшло разам з ёй. Гэта яна купіла яму квіток у мяккі вагон.
Тры дні таму, калі ён вяртаўся з Варшавы і цягнік спыніўся ў Мінску, ён глядзеў у вакно вагона: выйсці? Застацца? Паехаць у Крэва?.. Нават прайшоў у тамбур, але не выйшаў, не застаўся. Правадніца, якая курчылася на пероне пад плашчыкам, што не хаваў яе ад ветру з дробным, сякучым дажджом, сказала: "Стойце там, няўтульна тут", - і ён стаяў у тамбуры, пакуль яна не паднялася і не зачыніла дзверы.
Прыехаўшы ў Маскву, злы на самога сябе, ён пасварыўся з Ганнай. Крычаў, што не хоча, каб квіток у мяккі вагон куплялі яму ўсялякія курвы і каб яна, калі хоча застацца з ім, збіралася ў Крэва, а Ганна пачала крычаць, што яна не пакаёўка Любоў, каб ахвяраваць дзеля яго ўсім, што мае, і калі сказала, што купіла яму квіток у мяккі вагон, бо ён сам захацеў перасесці ў яго з плацкартнага, Віктар ляснуў дзвярыма. Цяпер Ганна стаяла ў цэнтры гасцявой трыбуны побач з Індзірай Гандзі. Нешта нагаворвала ёй, тая ківала. Зацікаўлена ківала, так, як звычайна ківаюць жанчыны, калі пляткараць пра мужчын, і наўрад ці яны пляткарылі пра Брэжнева.
- Хвіліна развітання для родных і блізкіх, - жалобна прамовіў Андропаў і члены пахавальнай камісіі, члены і кандыдаты ў члены Палітбюро пачалі спускацца з трыбуны, і, калі ўсе развіталіся, Ленін і Сталін прыкруцілі вечка да труны і на белых, доўгіх і шырокіх, як ручнікі, стужках, Ленін з галавы, а Сталін з ног пачалі апускаць труну ў чырвоную магілу. Грымнуў артылерыйскі залп, і Ленін ці то з нечаканкі, ці з таго, што аслабеў, лежачы ў Маўзалеі, ці проста таму, што з ягонага боку, з галавы труна была цяжэйшай, выпусціў стужку з рук. Пад артылерыйскі залп труна галавой уніз грымнулася ў магілу, адкуль пачулася: "Вы там зусім ахрэнелі?" - і Ленін праз такую прылюдную няўдачу мусіў бы неяк павінаваціцца, разгубіцца, але ён не павінаваціўся і не разгубіўся: "Іосіф Вісарыёнавіч, вы што нарабілі?.." Патаптаўшыся дзеля прыліку яшчэ трохі каля магілы, ён горда пакрочыў у свой Маўзалей, і хоць Сталін услед яму спытаў крыўдліва: "Пры чым тут я, з вашага боку галава была, з майго ногі", - Іосіф Вісарыёнавіч усё адно застаўся вінаватым, бо хто з іх з якога боку стаяў, мала хто з плошчы бачыў, а як Ленін яго звінаваціў, чулі ўсе, і Сталін, махнуўшы рукой, рушыў да Лобнага месца, дзе ўзвышаўся крыж, вакол якога тоўпіліся дзіўныя людзі ў апратках 40-х гадоў і часоў Вялікага Княства Літоўскага. "Лаўрэнцій! - паклікаў Сталін, і з натоўпу каля Лобнага месца выбег Берыя, якому Сталін раздражнёна стаў выгаворваць: - Так нельга, Лаўрэнцій! У Суслава была няхай маленькая, але ўсё ж галава члена Палітбюро, а тут проста галоўка члена. І яна адказве за ідэалогію! Гэта здзек з партыі! Нельга так, Лаўрэнцій, трэба з гэтым нешта рабіць. Ажыўляцца мне трэба. Што ў нас з 1-й лабараторыяй? Працуе яна над гэтым?" - і Берыя выструніўся: "Працуе, таварыш Сталін! І не толькі 1-я лабараторыя, уся краіна над гэтым працуе!"
"Кіньце вашы фокусы…" - не паварочваючыся, ведаючы, што Вензель яго чуе, ціха сказаў Віктар. - І пачуў за спінай: "Гэта не мае фокусы. На гэтым крыжы гэтыя людзі прынеслі на Лобнае месца Сталіна і Купалу. Гэта вы так напісалі. І паэму пра Нячаева напісалі вы, а не я. Думаць трэба, што пісаць. Дарэчы, вашага сябра Мацвеева праз вас пасадзілі". - "Пасадзілі? За што? За маю паэму?" - "Ён даслаў яе ў КГБ пад сваім іменем. Пісаць ён ніколі не ўмеў, але марыў, каб нешта пад ягоным іменем было напісана. І яшчэ, ведаючы вашу схільнасць да маральнага мазахізму, хацеў, каб яго пасадзілі праз вас і каб вы праз тое пакутавалі. Гэтакі прысніўся яму сюжэт, які, калі б мог, ён напісаў бы, а не ўмеючы пісаць, вырашыў пражыць. Адны робяць з жыцця літаратуру, іншыя - з літаратуры жыццё".
Ну, Мацвееў! Столькі нерваў! Столькі страхаў! Столькі бяссонных начэй: што будзе? Арыштуюць, не арыштуюць? Ну, Мацвееў… Ідыёт!
"Трам-там-тарам-там-там!.." - калыхнуў трыбуну ваенны марш, і па Краснай плошчы рушылі, развітваючыся са сваім галоўнакамандуючым, пра якога расказвалі ў казармах анекдоты, жаўнеры войскаў Маскоўскага гарнізона. Калі яны адмаршыравалі і члены пахавальнай камісіі, кандыдаты ў члены і члены Палітбюро з ганаровымі гасцямі з трыццаці пяці краін свету, сярод якіх быў і Ярузельскі - які ўсё спрабаваў прыстроіцца да Андропава, каб, пэўна, папрасіць не ўводзіць у Польшчу войскі, чаго ніяк не даваў зрабіць яму міністр абароны Вусцеў - скіраваліся ў Крэмль на памінкі, да гасцявой трыбуны, з якой спусціўся Віктар, падскочыў Нячаеў.
- Мы з табой за адным сталом! І не толькі на памінках. Я ў партыі, ты ў прафсаюзах. У школе камунізма!.. І не рабі выгляд, нібы не пазнаеш! Гэта я мог бы выгляд зрабіць, што цябе не пазнаю. Мог бы пра цябе з Мацвеевым забыцца, але я помню, хто паслаў мяне ў ЦК. І Мацвееву я дапамагу. А вось ты не помніш дабра. Ведаеш, што Грачын пра цябе сказаў? Што ты няўдзячны! І лепш бы Ганна са мной была, чым з табой!
Бадай, лепш. Ад гэтага члена з галоўкай у капелюшы фасону трыблі ў Ганны былі б дзеці, не трэба было б у Індыю ехаць.
Прыпадняўшы на развітанне капялюш, маўляў, гонар маю! - Нячаеў дагнаў Ганну з Індзірай Гандзі, узяў іх пад рукі і павёў у Крэмль. Віктар глядзеў услед: не ісці ж за імі… А куды яшчэ ісці, ён не ведаў.
- Ад вас з нейкім абрэзкам у капелюшы сыходзіць каханая, найлепшая, якая ў вас магла быць, жанчына, а вы не ведаеце, што рабіць? - спытаў Вензель. - У такім разе вось вам прэзент на памяць пра яе. Падарунак ад 1-й лабараторыі.
Падарункам ад 1-й лабараторыі былі два срэбрана-бліскучыя шарыкі, падобныя да тых, што выпалі з "ашыйніка", калі яго здымалі з Віктара ў лякарні. Яны прыемна зацепліліся ў руцэ, нават, здавалася, запульсавалі, выпраменьваючы цяпло.
- І ў дадатак... - праз паўзу, нібы раздумваючы, ці казаць гэта, прагаварыў Вензель. - У дадатак да падарунка вось што. Адразу пасля аварыі Ганна завезла вас у крамлёўскі шпіталь на Уздвіжанцы. Там ёй сказалі: "Нам вельмі шкада, але..." Тады яна патэлефанавала мне.
- Чаму вам?
- А каму яшчэ, калі вы не жывы? І я назваў ёй адрас на Лубянцы, куды вас прывезці. Але ўсё адно мы вас не ажывілі б, ніякія рэгенератары не дапамаглі б, калі б не яна. У вас, каб вы ведалі, палова яе крыві, але кроў можна было ўзяць у кожнага, у каго ваша група. Ганна аддала вам палову жыццёвай сілы, якая важней за кроў, бо яна і ёсць жыццё, якое мы навучыліся пераліваць. Не буду тлумачыць тэхналогію, вы ўсё адно не зразумееце, але, каб нешта ўцямілі, гэта як дыханне губы ў губы, толькі выдыхаеш не паветра, а душу. І калі кроў можна ўзяць прымусова, дык жыццёвую сілу, душу прымусова не возьмеш, а толькі тады, калі нехта сам захоча аддаць яе некаму, не пашкадуе. Падзеліцца жыццём. Інакш нічога не выйдзе, не перальецца. Ганна не пашкадавала. Яе папярэдзілі, што гэта не кроў, якая адновіцца, а яна не пашкадавала. Прасіла ніколі і нікому пра тое не казаць, і я не казаў, але цяпер падумаў, што вам трэба ведаць. І яшчэ, я думаю, варта вам ведаць вось што: тое самае зрабіла некалі яе маці. Дзеля каго - здагадайцеся самі. Але тады мы яшчэ толькі пачыналі - і не ўсё ўдавалася.
Ганна!.. Нешта такое: лякарня, падобная да Ганны жанчына на суседнім ложку, зеленаватага колеру прылада на стале паміж імі, што міргала агеньчыкамі і падавала ціхія, як спадарожнік з космасу, сігналы, бегатня людзей у сініх халатах Віктару ўспаміналася. Так успаміналася, нібы снілася, але ці мала што можа прысніцца?..
"Каханне - гэта калі тваё жыццё не ў табе, а ў іншым чалавеку". Вось чаму яна паўтарала і паўтарала гэтыя словы! Вось чаму вярталася і вярталася да таго, што ўбачыла ў Крэўскім замку! Да Любові, якая зратавала ад смерці Вітаўта! Пераліла ў яго сваё жыццё! Дык у каго пераліла? Ці варты ён ахвяры? Вось што Ганну, калі яна бачыла, як мітусіўся Віктар у падараваным ёй жыцці, гняло. Вось што яе мучыла, калі толькі Вензель усё гэта не прыдумаў.
- Вы таксама раман пішаце, Назар Януаравіч?
Вензель выявіў на твары штосьці кшталту крыўды.
- Я не займаюся белетрыстыкай. Жыццё - дакументальны жанр, як кажа Цапман.
Дакументальным жанрам называў жыццё Марат, які з таго часу, калі пакінуў развітальную запіску: "Жыццё - дакументальны жанр. Заўтра ўвечары самалёт. А там - як Бог дасць", - ніяк болей не гукаўся, і ніхто не ведаў, дзе ён і што з ім.
- Цапман? - перапытаў Віктар. - Які Цапман?
- Ваш мінскі знаёмы, які збіраўся з’ехаць за мяжу, бо ў Мінску яго пераследвалі. Ці ён ваш сябар, не ведаю ўзроўню вашых адносінаў. Але ведаю, што вы папрасілі за яго беларускае кіраўніцтва, ён нікуды не з’ехаў, а пасля нам спатрэбіўся інжынер па электроніцы - і лепшага за Цапмана мы не знайшлі. А калі б ён з’ехаў, дык не было б у нас лепшага. Так што ўсё, што вы рабілі, зроблена вамі на карысць Радзімы, незалежна ад таго, што вы думалі зрабіць.
Сапраўды незалежна… Усё, што адбывалася з ім апошнім часам, адбывалася незалежна ад ягоных намераў. Але тое, што адбывалася з тымі, хто быў побач, адбывалася праз яго. Мацвеева пасадзілі, Цапмана завербавалі. Не сам жа ён, антысаветчык, у 1-ю лабараторыю падаўся. У КГБ. Не пайшоў бы Віктар прасіць за яго, ён бы з’ехаў.
Кругам па плошчы яны падышлі да Лобнага месца, дзе Сталін, усё яшчэ нешта выгаворваючы Берыі, глянуў на іх, і позірк быў такі мёртвы, што Віктар сцяўся, нервова крутнуў шарыкі між пальцаў, адзін з якіх выслізнуў, падскочыў на брукаванцы - Сталін спрытна злавіў яго.
- А вось і таварыш Вензель! У шарыкі таварыш Вензель гуляе! А што нам скажа таварыш Вензель пра поспехі 1-й лабараторыі?
Нічога не адказаўшы Сталіну, Вензель забраў у яго шарык.
- Вы чаго, Віктар Паўлавіч, гэтак сцяліся? Ён жа пакуль не жывы. - І вярнуў шарык Віктару. - Гэта "мысляр", як мы яго назвалі. Адзін "мысляр" кантраляваў ваш стан, калі вас ажыўлялі. Фізіку. Другі - псіхіку. Свядомасць. Каб вы нічога не западозрылі, іх схавалі ў "ашыйнік". На той час не было яшчэ ў нас Цапмана, які зрабіў іх не большымі за макавае зерне. Геніяльны інжынер.
"Адна з уласцівасцяў любой эфектыўнай сістэмы - імкненне да кампактнасці", - казаў Марат. І вось што з гэтага выйшла.
- І што? - спытаў Берыя, які зацікаўлена слухаў Вензеля. - Што з таго, што нешта большае стала меншым?
- Меншае стала большым па сваіх магчымасцях, таварыш Сталін, - чамусьці не Берыі, а Сталіну адказаў Вензель. - Цяпер мы можам, прыдумаўшы для гэтага любую прычыну, напрыклад, прышчэпкі супраць грыпу, ужыўляць "мысляроў" незаўважна для пацыентаў, кантраляваць іх і кіраваць імі. Для таго, каб вы ажылі, трэба ўжывіць такое жаданне мільёнам людзей, гэта вялікая праца, так што давядзецца, Іосіф Вісарыёнавіч, яшчэ пачакаць.
Сталін сувора зірнуў на Берыю.
- Чуў, Лаўрэнцій?.. А ты: гэта добра, што вы на крыжы! Хто на крыжы, той ажывае! У свеце навукова-тэхнічны прагрэс, а ты мне казкі біблейскія! Нібыта паэт нейкі, а не наркам дзяржаўнай бяспекі СССР!.. Дарэчы, дзе Купала? Мне аднаму вісець?
Тое самае, калі ўжо Сталін і Купала на адным крыжы, хацеў спытаць Віктар.
- Адлучыўся, - сказаў на ягоны дапытлівы позірк Вензель. - Ён не любіць пахаванні. Як і я. І, каб вы ведалі, я тут не праз тое, што Брэжнева хаваюць. І нават не праз вас. Праз Ганну, - пад руку павёў ён Віктара ад Лобнага месца. - Некалі я быў закаханы ў яе маці. Так закаханы, што вар’яцеў, гатовы кінуць увесь свет да яе ног. Але ёй патрэбны быў не свет. Паэт. Бачыце, нават зрыфмаваў, хоць гэта не мой жанр. І тады я паспрабаваў стаць чымсьці большым, чым паэт. Не меншым, чым свет, у якім ёсць жыццё, смерць і ўваскрашэнне. І стварыў 1-ю лабараторыю. Я прымяраў ролю бога, а Ганна прыдумала з мяне д’ябла. І гэты прыдуманы лабараторны д’ябал стаў д’яблам Купалы. Можа, праз тое і рынуўся ён у лесвічны пралёт.
Віктар адчуў, як у ім пагарачэла кроў.
- Дык яго не скінулі? Рынуўся сам?
- Скуль я ведаю? Мы пазнаёміліся, калі ён быў ужо нябожчыкам. І пра тое, скінулі яго ці сам рынуўся, не казаў.
Зірнуўшы на гадзіннік, Вензель спыніўся каля ўваходу ў ГУМ. Відаць было, што размаўляць пра смерць Купалы ён не хоча. Як і ніхто з тых, хто мог пра гэта нешта сказаць.
- Але ж вы маглі быць у той вечар у гатэлі "Масква".
- Мог, але не быў. У той вечар я быў у антыкварнай краме. 1-я лабараторыя - праца, а крама - хобі. Як і цырк. Для адпачынку. Калі памятаеце, крама мая тут, у ГУМе. Бачылі, колькі ў ёй цікавых рэчаў? Але з усяго, як падарунак на развітанне, выбраў я для вас вось гэта, - дастаў Вензель ключ з кішэні паліто. - Калі не захочаце адчыніць дзверы, якія ён адмыкае, аддайце ключ Ганне. У мяне будзе прычына сустрэцца з ёй, каб забраць.
І Вензеля праглынулі дзверы ГУМа.
Узяўшы ключ, Віктар доўга стаяў на Краснай плошчы, гледзячы, як расцякаецца пасля пахавання натоўп - мёртвыя скрозь жывых і жывыя скрозь мёртвых.
Да ключа быў прычэплены нумар, як гэта робіцца ў гатэлях. 414.
LIX
Сталін змоўк знясілена, схіліўшы галаву на плячо, і Купала падумаў: "Гэта ўжо трызненне. Вар’яцтва. Калі нехта кажа, што не змог пахаваць маці, бо ў той дзень яму трэба было расстраляць саснёнага фельдмаршала, каб уратаваць Расію, гэта вар’яцтва".
- Што ж, калі ніхто… - пераставіла Ганна вядро з-пад ног Купалы пад ногі Сталіна - і вада ў вядры, калыхнуўшыся і засвяціўшыся на дне, загарэлася, агонь палыхнуў клубам, узнёсся ўверх…
"…І агонь Ягоны ў вадзе!" - тут жа ўспомніўся Купалу сон, убачаны ў трэці дзень па смерці, і Хрыстос у тым сне, і падарожнік, які прыйшоў у горад, збудаваны Ірадам, каб сказаць Хрысту: "Шлях твой да Яна Купалы. Ідзі да яго на Іярдан".
Купала кінуў вокам на Лётчыка - той зорку на шлеме не кранаў: вада загарэлася сама.
Ганна нахілілася, зачарпнула агонь, які палаў у яе руках, і абмыла агнём боты Сталіна. Раз, другі, трэці.
"Хрышчу цябе святлом і агнём…"
- Хрышчу цябе святлом і агнём, - прагучала над Краснай плошчай, і жывыя з мёртвымі, уражаныя тым, што толькі што ўбачылі, пачалі хрысціцца, маліцца - і тут загаварыў крыж. Глухаваты голас ягоны гэтаксама, як ціхі голас Хрыста, пранікаў скрозь крамлёўскія сцены і скрозь сцены ГУМа, скрозь мураванкі Пакроўскага сабора і Гістарычнага музея, разносіўся над Масквой, з ветрам ляцеў далей, лунаў над нізінамі, гарамі і пагоркамі зямлі, што разам з землямі татарскімі і ўдмурцкімі, мардоўскімі і марыйскімі, калмыцкімі і кумыцкімі, эвенскімі і нанайскімі, саамскімі і юкагірскімі, тазынскімі і лазынскімі, хакаскімі, карэльскімі, нянецкімі, езідскімі ды іншымі, населенымі амаль дзвюма сотнямі народаў, чамусьці называлася - пад плач званоў зруйнаванага храма Ісуса Хрыста! - святой Руссю. "Не толькі агонь, усё ў свеце цягнецца да нябёсаў. Кожная травінка, былка кожная! - вяшчаў, павярнуўшыся да маўзалея тым бокам, на якім быў раскрыжаваны Сталін, крыж, і ці не ўсім, хто быў на плошчы, здавалася, што гэта ён, правадыр, і вяшчае. - І калі б Расія, як агонь, мкнула да неба, у ёй бы болела Бога! Але яна, як дым, сцелецца да небасхілу, каб у ёй болела зямлі! На захадзе і ўсходзе, на поўдні і поўначы. І пакуль будзе так, датуль валадарыць у ёй будзе той, хто рухаецца адразу ў чатыры бакі, не маючы ніякай іншай, апроч зямлі, мэты! І гэтым будуць апраўдвацца ахвяры, смерць, кроў! Так было заўсёды! Усё, што дзеелася ў Расіі вар’яцкага, жахлівага, нечалавечага, мела апраўданне ў тым, што дзеелася яно дзеля Расіі!.. - прамаўляў крыж, а полымя разгаралася, на Сталіне затлелі боты, і ён - ці праз тое, што амаль гарэў, ці праз тое, што разумеў: усім здаецца, нібы гэта ён прамаўляе! - біўся патыліцай аб глухавата-драўляны голас. А ў руках архімандрыта Данскога манастыра Ісідара, вар’яцеючы ад таго, што чула, білася галава патрыярха Ціхана.
"Падымі мяне, Ісідар… - ледзь разнімаючы вусны, папрасіла галава патрыярха. - Падымі… прамовіць хачу.." А калі архімандрыт узняў яе, галава нешта прахрыпела.
"Анафема. - прашаптаў, мусібыць, тое, што не разабраў у хрыпах галавы патрыярха Купала, архімандрыт Ісідар. І паўтарыў гучней, ужо ад сябе. - Анафема!.. "
Прыпякала ўсё болей, Купала адчуваў свае ногі так, нібы нацёр іх у новых неразношаных чаравіках, у якіх да таго ж засмылелі падэшвы. Ён рвануўся левай рукой да правай, паспрабаваў вырваць цвік, але той не паддаваўся, Несцярэнка з Кашкадамавым, Кіраў з Тухачэўскім, Горкі з Маякоўскім, Коган з Куйбышавым увагналі яго па самую плешку, і тады віленскія пакутнікі нахілілі крыж, Кумец з Кругляцом выдралі цвікі з рукі і ног Купалы, Няжыла зняў яго з крыжа, які падхапілі сталінскія сокалы, абодва ў лётных шлемах, Рыбко з Чкалавым, і ўзнялі раскрыжаванага Сталіна над Лобным месцам.
- Браты і сёстры!.. - узвіўся, здалося, языком агню Сталін, і амаль адразу, перакрываючы ягоны голас, па Краснай плошчы, якая таго, што прамаўляў крыж, нібыта й не пачула ці не захацела пачуць, пракацілася: "Ур-р-а!.." І ўзвіліся чырвоныя сцягі, разгарнуліся транспаранты, узляцелі каляровыя шары. "Няхай жыве таварыш Сталін! Ур-р-а!.. Слава таварышу Сталіну! Ур-р-а!.." - пачала выстройвацца, нібы па чыімсьці загадзе, плошча ў калоны, першая з якіх, спартыўныл таварыствы "Буравеснік", "Працоўныя рэзервы", "Дынама", "Лакаматыў", "Спартак" замаршыравалі пад музыку ваеннага аркестра, і пайшлі, пайшлі па плошчы перад лобным месцам прадстаўнікі працоўных калектываў, заводаў і фабрык, калгасаў і саўгасаў, акадэмій, інстытутаў і тэхнікумаў, мастацкіх вучэльняў і школ, таварыстваў педагогаў-марксістаў, гісторыкаў-марксістаў, краязнаўцаў-марксістаў, таварыства "Далоў непісьменнасць!" і таварыства па зямельным уладкаванні працоўных габрэяў, таварыства будаўнікоў пралетарскага кіно і проста таварыства будаўнікоў, таварыства шэфства горада над вёскай і таварыства вывучэння міжпланетных зносін, міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі, руху "Біскаўтаў!", таварыства пралетарскага турызма, ваяўнічых бязбожнікаў і аматараў крэмацыі з двума партрэтамі Кашкадамава, з галавой і без галавы. За ваяўнічымі бязбожнікамі і аматарамі крэмацыі дзяўчынка з ружовым банцікам і хлопчык у піянерскай пілотцы неслі транспарант "ГУЛАГ", пад якім крочылі першыл ягоныя кіраўнікі на чале з Хведарам Эйхмансам, начальнікі Стэплагу, Мінлагу, Дуброўлагу, Азёрлагу, Берлагу, гулагаўскіх упраўленняў "Галоўгідраволгабалтбуд", "Сталінградгідрабуд", "Галоўспецнафтабуд", Усходняга ўпраўлення будаўніцтва і лагераў БАМ, Заходняга ўпраўлення будаўніцтва і лагераў БАМ, "Енісейбуд", "Асоббуд", "Галоўспецбуд", "Галоўасбест", "Галоўслюда", "Сярэднеазбуд", "Башспецбуд", "УЛСПЧМ", "УТП", "ГУАС", "ГУЛГМП", "ГУЛЛП", будаўнікі Беламорска-Балтыйскага канала імя Сталіна і Сталінградскай ГЭС, Волга-Данскога канала імя Леніна, Транспалярнай магістралі, Паўночнай чыгункі, тунеля на Сахалін, гарадоў Камсамольск-на-Амуры, Савецкая Гавань, Дубна, Дудзінка, Находка, Ухта, Інта, Пячора, Варкута, мільёны ледзь жывых і мёртвых зэкаў групы "А", групы "Б", групы "В", групы "Г", сярод якіх мільгалі і мільгалі знаёмыя твары сасланых і расстраляных: вунь невядома дзе памерлы і пахаваны Восіп Мандэльштам, сябар Маякоўскага Уладзімір Нарбут, Абдула Тагі-Задэ, Тыцыян Табідзе, якога, у адрозненне ад Галактыёна Табідзе, Берыя не цытаваў, бо Галактыёну ў Тбіліся пашчасціла выжыць, а Тыцыяна расстралялі ў Тбілісі, як у Мінску расстралялі Кляшторнага і Таўбіна, Зарэцкага і Валасевіча, Кульбака і Аксельрода, Лявоннага і Дудара, маладых таленавітых паэтаў і вучоных, музыкаў і актораў, болей за сотню якіх паклалі ў адну цёмную восеньскую ноч, - вунь яны ідуць асобнай купкай, і Міхась Чарот, які надрапаў перад смерцю на сцяне турэмнай камеры: "Я прысягаю вам, сябры, мае палі, мае бары, - кажу вам - я не вінаваты!" - убачыў Купалу, замахаў, заштурхаў хлопцаў, паказваючы: "Купала! Купала!.. Вунь там, пад крыжам, на якім Сталін!" - і ўсе хлопцы ўскінулі рукі, запляскалі, бо мусіць, падумалі, што калі Сталін на крыжы, а Купала пад крыжам, дык гэта ён, Купала, Сталіна раскрыжаваў, і цяпер усё зменіцца!.. А як і што для вас можа змяніцца, калі па баках калоны ваенізаваная ахова, калі вы закатаваныя, забітыя, хлопчыкі мае, на якіх былі ў мяне, у Беларусі былі такія спадзяванні, гэткія надзеі?!. Родненькія!.. Алесік, Юрка, Тодар, Майсей, Міхась!.. Як жа сэрца мне цісканула, які жах паклаўся агнём і дымам наперадзе, калі вас не стала, і я ўвайшоў у гэты дым з агнём, падумаўшы, што разам з вамі можа не стаць Беларусі, маці, якая вас нарадзіла, і дасюль з гэтага жаху, з дыму гэтага і агню не магу выйсці…
Завод за заводам, фабрыка за фабрыкай, калгас за калгасам, лагер за лагерам, а паміж імі то Саюз кампазітараў, то Саюз мастакоў, то Саюз пісьменнікаў, то таварыства "Веды" з транспарантам "Няхай жыве нармальны Статут навуковых, навукова-мастацкіх і літаратурных таварыстваў!" крочылі і крочылі калоны, якім канца-краю не відаць было, і ў кожнай з іх, нават самай мёртвай, жыўцом спаленай у гарах Чачні ці затопленай на баржы ў вусці ледзянога Енісея, знаходзіўся нехта, хто крычаў Сталіну "ўра!". Іх не зразумець было, гэтых людзей - ні жывых, ні мёртвых. Сталін нават не глядзеў на іх - ён пазіраў, усміхаючыся, на Хрыста.
- Таварыш Сталін!.. - узбеглі на лобнае месца і ўхапіліся за крыж разам з "сокаламі", падумаўшы, відаць, што правадар трыумфальна вернецца зараз не толькі ў маўзалей, але і ў Крэмль, Берыя з Мяркулавым. - Мы з вамі, Іосіф Вісарыёнавіч!.. Мы з вамі! - І Берыя скамандаваў "сокалам". - На маўзалей! На трыбуну!
"На маўзалей!.. На трыбуну!.." - падхапілі калоны дэманстрантаў, размахваючы сцягамі, плакатамі, транспарантамі. Яшчэ вышэй узнялі крыж са Сталіным сокалы Рыбко і Чкалаў, энкавэдысты Берыя з Мяркулавым, маршал Тухачэўскі з капітанам Забіякіным, які й не ведаў, што гэта за чалавек на крыжы, якому хацеў ён боты пачысціць, але, як усе, гэтак і капітан, - і тут Хрыстос, які доўга і самотна, самотна і доўга глядзеў на ўзвіраваную Красную плошчу, на зэкаў і фізкультурнікаў, на калгаснікаў і рабочых з інтэлігенцыяй, на правадыроў і народ, які правадырам, што тапталі яго, як анучу на ганку, гатовы быў вылізаць боты, ускінуў галаву ў неба і нешта прашаптаў. Купала не расчуў Ягоныя словы, але па губах яму здалося, што Сын Божы прамовіў: "Гэй бэн гіном…"
Абрус, якім быў засланы стол на даху, дзе сядзелі апосталы, узняло ветрам - Юда ледзь паспеў схапіць і пакласці ў кайстру хлеб, разламаны з Хрыстом. "Янка!" - крыкнула, учапіўшыся за верхавіну крыжа, каб на вянку яе вецер не знёс, Спагада. Яна спусцілася ніжэй, падала руку, віленскія пакутнікі ўсадзілі Купалу побач з ёй на вянок, які паціху пачаў падымацца, і Купала праплыў спачатку тварам да сталінскіх, якія ўжо гарэлі, ботаў, потым да ягоных галіфэ, кіцеля, а калі апынуўся тварам у твар з правадыром, вянок на імгненне завіс, галава Сталіна павярнулася, але ўбачыў Купала не сталінскую патыліцу, а твар Лётчыка ў шлеме, які зарагатаў: "Каян Лупака!.." - і Спагада плюнула яму ў рознакаляровыл вочы: "Сатана пракляты!" - а ў грудзях Купалы ўскіпела такая злосць, што ён таксама не стрываў, плюнуў: "Не схаваешся за Богам!" - але галава зноў імгненна павярнулася, плявок паляцеў у твар Сталіну, які скрывіў губы, усміхнуўся змрочна: "Пры жыцці паспрабавалі б…"
- Так! Паспрабавалі б пры жыцці!.. - страшна ўскрычала, коцячыся па плошчы ад музея рэвалюцыі, галава Кашкадамава. З разгону ўскацілася на лобнае месца, павярнулася да трыбуны маўзалея. - А то цяпер рассмялеліся! Тыран! Людажэр!.. А народ любіў! Жыць стала лепей, жыць стала весялей! Вы не Сталіна - вы народ прадалі! Ра-сі-ю!.. - хрыпла ляцела ад лобнага месца да маўзалея, і не паспеў Купала падумаць, што, калі б Кашкадамаву далі слова на трыбуне, галава ягоная крычала б зусім іншае, як тая падкінулася, кульнулася цераз патыліцу і, стукнуўшыся лбом у вядро, перакуліла яго…
Купала зірнуў на дах маўзалея - нікога там не ўбачыў. Нібы Хрыстос з апосталамі адляцелі на ўзнятым ветрам абрусе. Не было і святых Пятра з Паўлам у порціку - толькі мільгнуў паміж цэнтральнымі калонамі і знік за імі Лётчык.
Полымя плёхнула на лобнае месца, драўляны насціл якога адразу запалаў, віленскія пакутнікі скочылі з яго на брукаванку, развітальна ўзмахнулі рукамі і кінуліся да Маскварэцкага маста, дзе іржалі, чакаючы іх, коні. З узнятым на крыжы Сталіным рушылі да трыбуны цераз плошчу, скрозь жывую з мёртвай чалавечую плынь сталінскія сокалы Рыбко і Чкалаў, Берыя з Мяркулавым, архімандрыт Ісідар з галовамі патрыярха Ціхана і старшыні таварыства аматараў крэмацыі Кашкадамава ў руках, маршал Тухачэўскі і капітан Забіякін, а за імі, ціскаючыся і штурхаючы адзін аднаго, лезучы адзін аднаму на спіны, усе, хто быў паблізу лобнага месца, на якім засталася толькі Ганна. Стаяла ў агні, так раскінуўшы рукі, нібы абдымалася з агнём. Адна няверная сярод верных, адна грэшніца сярод святых, адна жывая сярод мёртвых.
"Я гатовая за цябе жывой згарэць".
Вянок падняўся над лобным месцам ужо даволі высока, да ўзроўню дзясятага паверха гатэля "Масква", што віднеўся за гістарычным музеем. Зірнуўшы ўніз, Купала абняў, прытуліў да грудзей, у якіх ударыла сэрца, Спагаду, і калі яна, убачыўшы, як зірнуў ён на абнятую полымем Ганну, безнадзейна папрасіла: "Янка, не трэба. Не трэба, Яначка…" - разамкнуў абдымкі і скочыў з вянка.
"...не ўсё спраўджваецца не толькі ў людзей, але і ў Бога."
- Янка! - вогненна закрычала насустрач яму Ганна. - Яначка!..
"...і нехта злятае з дзясятага паверха гатэля, нехта - з дзясятага паверха нябёсаў".
Спагада крутнулася на вянку, спрабуючы вярнуцца, але падхоплены гарачай хваляй вянок лёгка ўскінуўся ў неба, і затрапятала за ім распраўленая ветрам шаўковая стужка: Мне сняцца сны аб Беларусі…
Пакружыўшы над лобным месцам, дзе шугаў, сцякаючы на брукаванку, агонь, над маўзалеем, з трыбуны якога прамаўляў раскрыжаваны Сталін, над Краснай плошчай, па якой крочылі і крочылі скрозь полымя дэманстранты, Спагада праляцела над Крамлём, над Аляксандраўскім садам і скіравала на захад. Агледзеўшыся, яна ўпершыню заўважыла, што пахавальны вянок Купалы сплецены з тых жа кветак, якія намаляваныя ў вянку на вокладцы ягонай кнігі "Ад сэрца".
Па Кутузаўскім праспекце рухалася ў бок Мінскай шашы машына, у якой, Спагада гэта ведала, з Данскіх могілак Масквы везлі на перазахаванне ў Мінск прах чалавека, які ніколі не паміраў.
Спагада апошні раз азірнулася - за ёй, даганяючы сонца, скакалі на гнядым, на чорным і на белым конях Кумец, Круглец і Няжыла, а за імі, агнём і дымам паласуючы неба, з якога ўсміхаўся Бог, палала Масква.
60
Вечарам 15 лістапада 1982 года Віктар Маргер, убраўшыся ў белую з цёмна-чырвонымі агатавымі запінкамі кашулю, апрануў цёмна-карычневы, тонкага сукна ангельскі гарнітур, абуў карычневыя на тонкай скураной падэшве чаравікі, павязаў светла-шэры з цёмна-чырвонай агатавай шпількай гальштук, сунуў у заднюю кішэню штаноў карычневую з чырвонай аблямоўкай насоўку, у левую ўнутраную кішэню пінжака - чорны скураны партманэт з пропускам у 300-ю секцы Упраўлення справамі Савета міністраў СССР і пасведчанне сябра Саюза пісьменнікаў, у правую кішэню - яшчэ адзін скураны партманэт, карычневы з пропускам у сталовую Упраўлення справамі ЦК КПСС, нататнік, на першай старонцы якога быў запісаны верш, прысвечаны Купалу, і, увайшоўшы ў вестыбюль гатэля "Масква", спытаў адміністратарку, ці вольны 414-ы нумар? Адміністратарка, жанчына, падобная да Люцыны, ліфцёршы ў доме Кручы, якая перадавала яму, каб застрэліўся, пісталет, адказала, што нумар заняты, але чалавек, які ў ім жыве, рэдка ў сябе бывае, так рэдка, што яна не бачыла яго, колькі тут працуе, і зараз можа падняцца, каб паглядзець, ці ў нумары пастаялец… - яна пагартала нейкія паперы. - пастаялец Луцкевіч, на што Віктар сказаў, што не трэба, з яе дазволу ён падымецца сам, і адміністратарка заківала: "Калі ласка, вы ж таксама там жылі, вас я не так даўно бачыла, яшчэ дама з вамі была, шыкоўная такая, апранутая шыкоўна, і вы сёння шыкоўна апрануліся, як Луцкевіч, а дама, якая была з Луцкевічам, таксама някепска апранутая і, ведаеце, вельмі падобная да вашай, толькі старэйшая, нядаўна яна пайшла, так што там ён, калі ён там, адзін".
Віктар падняўся на чацвёрты паверх, памарудзіў перад дзвярыма, не паспеў адамкнуць - дзверы расчыніліся самі. У парозе стаяў Купала. Відаць, ён чакаў тую жанчыну, якая нядаўна выйшла з нумара. Спадзяваўся, што вернецца. Ступіў у калідор, паглядзеў у адзін бок, у другі, і толькі тады жэстам запрасіў зайсці.
Нумар выглядаў не так, як тады, калі Віктар жыў у ім з Ганнай, а так, як быў апісаны 29 чэрвеня 1942 года ў данясенні № 3/3/6661 начальніка 3-га Упраўлення НКВД СССР Горлінскага на імя Берыі і Сталіна. На стале ляжала каробка шакаладных цукерак, пачак цыгарэт "Эліт", стаялі келіхі з недапітым віном, попельніца з недапалкамі, а пад сталом - дзве бутэлькі з-пад шампанскага. Адзіная рэч, якая не была апісаная ў данясенні, - тэлескоп каля вакна. Пазначаныя былі нават такія дробязі, як адарваны гузік на падлозе, а тэлескоп чамусьці не.