ПАЭМА ЗАПАЛЕНЫХ СВЕЧАК


Круціўся хмыз.

Бяссувязны язык

хваліў жыццё.

Заблытаныя святы.

Празрэнні апярэджвалі разлік.

А людзі разумелі:

блазнаваты.

Клаў вогнішчы.

Сам побач клаўся.

Дым

шукаў сваё.

Шаптала штосьці лета.

А над шурпатым розумам тваім

згушчаліся зіхоткія сусветы.

У полымя апранутыя —

сніў,—

крычалі птахі:

бацька твой галодны.

А адыходзіў —

вогнішчы гасіў.

Каб адысці — пагаснуць неабходна.

Узбоч жыцця пазначацца крыжы.

Чым захапляўся —

тое наракае.

Прыручаныя рухі.

Адкажы,

куды ідзеш?..

Ішоў да небакраю.

Усюды — ты:

крывая іпастась.

Каб распрастацца —

мкнуцца да экстазу

пытанні,

што не ўмеюць папытаць,

што адказаць не здолеюць,

адказы.

З-пад рук — пясок.

Жывое — спарышы.

Паруш ваду —

патайнае парушыш.

А бацька гаварыў:

не церушы —

у матчыныя вочы нацярушыш.

Чароды сноў.

Празрэнні — з чарады:

ўдрукуюцца ў цябе,

нібы ў вашчыну,—

зайсці у неймавернае туды,

адкуль ужо вярнуцца немагчыма.

Круціліся сцяжыны:

дзе чыя?

Жыццё разгаліноўваецца

ў спробы.

Аголенае

сэрца

ручая.

А рэчы ацярушваюць аздобу.

Хто сустракаўся —

ўжо той не чужы.

Праточыцца сутонне пад павейкі.

Прад чалавекам зоркі і крыжы.

Куды? — пытаўся. __

Усім было данекуль.

Падзел яднае.

Адкрыццё — на раз.

Жыццё перабірае іпастасі.

Змяркаецца

прыручаны

абраз.

А бацькава вячэра засталася.

Напружваюцца пільна зрэнкі з'яў.

Што набываў —

адхіліцца ў прапажу.

Куды жывеш?

імёны называў,

якія ўспамінаў:

жыццё пакажа.

Дзе ў немачы,

дзе ў моцы — пазначай.

Празрэнні адмаўляюцца ад ежы.

Да сэрца

дакранаецца

ручай.

Я не сабе —

сваё шукаў —

належу.

У зрэнкі зазіраюць груганы.

І лёс

свае дарункі

забірае.

А бацька прыўзнімаецца з труны:

удзень і ўноч ідзі да небакраю.

Праточваўся пясок.

Да нейкіх меж

ты набліжаўся.

У сабе не ўжыцца.

Дагэтуль — ты.

Прачнешся і заснеш.

А ўвечары падыдзеш да бажніцы.

Пытанні

рассяроджаныя

ў днях.

Вышэптвае

сутонне

запаветы.

І будзе бразгатаць падзёрты дах

і — зазіраць у сэрца іншасветы.

О думка неўтаймоўная, бяжы!..

Я — небакрай.

У немачы знайдзіся.

І я — хада:

усюды па мяжы.

А бацька патрабуе:

нарадзіся.

Дыханне свечак.

Смутак абразоў.

Зіхоткасцю аздобленыя строі.

Адшукваўся сцяжынамі разоў.

А сам ужо апрануты ў старое.

Груган

наскрозь

твой розум

прадзяўбе.

Назваць збіраўся,

ў пераліках спробных,

без імені,

адгэтуль ты,

сябе —

апошні між усіх аднаасобнік.

Я чалавек:

я смягну і тужу.

У разважанні ўблыталіся рэчы.

Што пра сябе —

спытае хто —

скажу?

У пустцы прызначаюцца сустрэчы.

Адлікі апярэджвае хада.

У розум удрукоўваецца нешта.

Сабе і бацьку.

Горкая вада.

Вандроўнікі

натоляцца

дарэшты.

Што з некім адбылося,

што з табой,—

адрозніваў.

Пясчаны пошап смагі.

Над размаітай памяццю былой

заззяюць пакручастыя працягі.

Распростанае свята

зацвіце.

Імёны пазнаёмяцца нанова.

Сам без сябе,

ў шурпатай пустаце.

А рэчы рэпеціруюць прамову.

Людскія — лесы.

Скрыцце — ў адкрыцці.

Ужо бездапаможныя,

калені

укліняцца ў пясок —

пераўзысці

зацверджаныя межы і ўяўленні.

Захопліваюць рухі пустату.

І думкі адхіляюцца ад спрэчкі.

У іншасвеце

хмызам

прарасту.

Ад вогнішча

запальваюцца

свечкі.

Загрузка...