ПАЭМА ГАРАЧАГА ЛІСЦЯ


Ты назвалася амяла:

мая мілая —

не людская...

Зорка горкая нас вяла,

прывяла ўжо:

крывёй сцякае.

Ты назвалася...

Назаві —

засяроджаныя аўтапілоты —

ненароджанае...

Лезавы

наш прасцяг...

Не настане потым.

Неразгорнутых кніг тамы...

Што самое сябе баіцца?

Азіраешся:

«Гэта мы?..»

Гэта — бальніца.

Мы адно аднаго аддаём.

Цемра цяжкая, нібы дзёгаць.

Апынулася неба дном:

дом —

у ім табе дапамогуць.

Голас голы:

не гавары...

Допыт ранішні і вячорны.

Гукі белыя —

павадыры.

Паскідаюць халаты —

чорна.

Я прарок твой:

цябе выглядаў,

я выходзіў да плота маліцца...

Смяг табою і галадаў...

А разгледзеў:

прыйшла бальніца.

Ноччу зыркаю, вешчавой

што абвесціцца? —

лезавое...

Херувімчык —

пазнаеш:

твой —

нахіляецца над слязою.

Твары цьмяныя насупор

узіраюцца:

смерці збыцца...

Запытаешся:

«Гэта сабор?..»

Гэта — бальніца.

Што настане?..

Услед пайсці —

бы напнецца паветра —

не ўпусціць...

Ты ў гарачым маім лісці.

Я адцяты ад нас:

у пустцы.

Мозг раздрапвае вастрыё.

Урастае ў зямлю зямное,

а нябеснае не маё:

як замок —

прада мной... за мною...

Жыў Іполь...

Бы сцвярджаў абрад —

атуляў жываплотам поле...

Прывітаецца:

«Ты мне брат».

Развітаецца:

«Сні Іполя».

Я з вужакаю і савой...

Гавару сябе, як цытату...

Ды ўсёй боскасцю —

сам не свой —

адчуваю, што я адцяты.

Выбіралі:

куды ісці?..

Усё роўна з дарогі збіцца.

ТЫ У ГАРАЧЫМ МАІМ ЛІСЦІ...

Гэта — бальніца.

Я далоні складу замком.

Замыкаецца блізкасць збоем.

Безнадзейнасць глядзіць з вакон.

Нахіляешся:

што з табою?!

Уладар твой —

на дабрабыт

зараблялася:

раб вантробаў...

Ты мне рада...

сабе забрыд:

зарабляецца на хваробу.

Дні -

стракатае шкамуццё.

Ці скажу каму:

будзь мне братам...

Забівае мяне жыццё.

Выжываюць дэ-

генераты.

Нам няпроста.

Прасцяг крывы,

і пранізана блізкасць болем.

Іншароднае — у крыві.

Зорка цёмная

над Іполем.

(Перашэптваюцца жрацы...)

Ўваскрэшу —

дзе ўзяць жменьку тлену?!.

Гай

святой

АМЯЛЫ...

На шпрыцы

панаторкваліся антэны.

Рэжуць парасткі прастаты.

Бачу мозг свой:

мне ў ім адбіцца...

Перахрысцішся:

«Гэта ты?!.»

Гэта — бальніца.

ТЫ НАЗВАЛАСЯ...

Гледачы

разглядаюць сябе:

відоўня...

Ненароджанае —

ўначы.

Бы савіныя вочы —

поўня.

Адбіраецца мова:

смяг,

галадаў ёй,

а ўздых кароткі...

Нам няпроста:

крывы прасцяг...

Адцінаюцца ў цемру продкі.

Шлях — панылая кавяла.

Смерць накліканая

зайздросней.

ТЫ НАЗВАЛАСЯ АМЯЛА...

Выжываюць імхі і бросня.

Іншароднею —

не грашу...

Забываю,

з якога роду...

...ШТО З ТАБОЮ?!.—

ў маю душу

ужыўляюцца электроды.

Замарожвае словы лёд.

Зоркі цэляцца,

як байніцы.

Здагадаюся:

«Гэта палёт...»

Гэта — бальніца.

Бы вужака ўзбуджаецца —

ртуць...

Будзе мозг мой хвароба жэрці

не жыхар,

затужу вярнуць

не сябе ўжо,

а нас ад смерці.

Што мільгала

ў душы і ўваччу

уваскрэсіцца да драбніцы...

Ашаломлены,

прашапчу...

А пачуе мяне — бальніца.

Не світала —

зноў вечарэць:

час адцяты...

сляпыя кадры...

Адчаканена ў профіль смерць:

выліваецца квадра ў квадру.

Сон —

скамечаная прасціна.

Цемра торгаецца ў задусе.

Ўсе названа...

Ўсяму цана...

Я пад імем тваім кладуся.

Твар прыцемнены

у вакне:

дзева-маці!..

А сэрцу біцца

у замкнёнае:

не адамкне...

Гэта — бальніца.

Азіраешся:

не мая...

Клікаць буду цябе —

людскую...

Я на скальпелі вастрыя.

Што

ў гарачым

лісці

цікуе?!.

ТЫ НАЗВАЛАСЯ АМЯЛА...

1977

Загрузка...