ПЕРШАЯ ПАЭМА ШЛЯХУ


Канчаўся горад.

Я хацеў паспець.

У вышыню ўпіналіся званіцы,

і вартавыя вежы свой цяжар

трымалі змрочна: што яны вартуюць?

Панурыя муры...

прыцяты брук...

глухія камяніцы...—

што ні скажаш,

сам не пачуеш...

Што каму казаць —

я з горада яшчэ не выйшаў.

Ніводнай простай вуліцы — усе

з намекам нейкім, нейкім паваротам,

бязвыйсны час...

А я хацеў паспець,

хаця аднойчы трапіць не ў сутонне,

аднойчы паглядзець: ці дзе што ёсць..

Мяне стамляе горад непрытомны.

Я не паспеў. Сутонне надышло,

нібы правал:

ці ёсць што дзе — не бачыў,

нібы мяжа:

на ёй канчаўся свет,

нібы заклён:

што значыць гэты горад?!.

Я не вяртаўся — ў роспачы стаяў:

не чуў... не бачыў... моцы не ставала

сюды спяшацца, а назад брысці

між камянёў,

да камянёў туліцца,

самому камянець...

Я прападаў,

канала сэрца, думка западала —

і я ступіў наперад:

кім я ёсць?!.

І кім не ёсць?!.

Ступіў, куды — не бачыў.

Я голас чуў.

Не бачыў я сябе.

Мне голас гаварыў.

Яго не бачыў.

Быў у сутонні і з сутоння чуў...

Пытаўся голас: хто ты?!.

Я адказаў і сам сябе пачуў —

да слыху дакранулася маўленне,—

што ведаў і не ведаў: гэта я...

Так, гэта я...

А болей немагчыма

сказаць што-небудзь, я заўжды маўчаў

і голасу свайго не чуў ніколі.

Так, гэта я...

А хто я — не магу

цяпер сказаць, сказаў бы — памылюся..

Я сам сябе праз горад пазнаваў,

а ён мной ані разу не азваўся...

Так, гэта я...

Я горад пакідаў,

а ўсе не мог пакінуць, быццам нехта

яго прысніў —

я ў нейчы трапіў сон:

як ні выходзь — сутонне напярэймы...

— Ступі далей,— мне голас загадаў...

І я ступіў...— убачылася ззянне;

пяшчотнае: нібы яно цвіло,

разумнае: не рэзала пагляду,

я разабраўся: голас быў адтуль...

Ён зноў пытаўся: хто ты?!, назавіся!..

І верад свой я ў словы пераклаў...

...Я голас выдзіраў з сябе:

бы плеўку,

нібы хваробу —

выдраў і шпурнуў,

а ён упаў і, ўпаўшы, варушыўся

і да мяне цягнуўся...

Я хацеў

сказаць, што ён дарэмны,— і не здолеў..

Так і цяпер...—

не здолею сказаць,

не здолею назвацца,

бы дарэмны,

незразуметы ззяннем,— перад ім...

Я сам сабе не ведаю імёнаў.

— Ступі далей,— штурхнулася ў грудзях.

Я зноў ступіў — і ў ззянні апынуўся.

Ім ахінуты, сам сябе не меў,

бы раставала цела безбалесна...

Пытаўся голас...

Што я мог сказаць,

што мог я сцвердзіць?

Гэта быў мой голас...

Ён ува мне быў, ён пытаўся мной

і мной чакаў.

Я адказаў па-свойму:

ты ведаеш, кім ёсць я,

кім не ёсць,

сам назаві мне ўсе мае імёны,

адно імя,

якое мушу мець

перад адзіным.

Я не адзінокі,

я адпаведны...

Прагучаў здалёк

і адвярнуўся голас: назавіся...

Прыкуты да зямлі, на ланцугу,

вялікая зямля — а я нявольны,

гладжу перад сабой —

прасторны зрок:

у ім я сустракаюся з прасторай;

і думаю: што значыць мой палон,

калі сінее неба неабсяжна,

калі вада хавае глыбіню,

калі зямля не месціцца ў палоне?!

Сябе не адчуваў тады, бы сам

і небам і вадою станавіўся,

не часткай іхняй, але ўсім, і ўсёй,

і ўсёй зямлёй:

яна мяне гаіла...

І звон — не ланцуговы — наплываў...

Ланцуг быў лішні, але ўсё на месцы.

А ці на месцы я?!.

У цёмны час —

не мог супраціўляцца ім і бачыць

я іх не мог —

адгэтуль і адтуль

дзве цёмныя істоты адначасна

прыходзілі...

Штоночы паміраць

наканавана целу:

раздзіралі —

яно крычала моўчкі...

Хто яны?..

Што пра мяне вядома ім?!.

Зіхоткі

мне голас быў: скажы, што ты свіння!..

І быў другі: скажы, што ты сабака!..

А я маўчаў — не здолеў гаварыць...

Пакута пераконвала ў інакшым,

пакута адкрывала: кожны раз

ты здолееш сказаць так — гэта мала.

Яшчэ не час, для большага трывай!!!

І я трываў.

Я той, хто неназваны...

Яны знікалі з цемраю.

Зямля

мяне гаіла.

Дзіўныя істоты —

што ім патрэбна: мучылі мяне,

нібы такі я быў недастатковы.

Хто мае цела — ходзіць па зямлі,

а я ішоў праз цела, нерухомы:

яно мой шлях,

бязмежнае яно...

І адчуваў, што некуды выходжу.

Я пасярэдзіне —

валочыцца ланцуг,

як напамінак, што цяпер я вольны,—

а па баках сабака і свіння,

у белым дні:

таемныя істоты.

Яны суправаджаюць і вядуць...

Пясок сыпучы трэцца пад нагамі,

сінее неба,

мора-акіян

бяжыць у нерухомасці.

Нічога

ніхто не кажа, нібы ўсё і так —

настане час — і стане зразумела.

А ўжо раскалыхаліся пяскі,

скрануліся і рынуліся ў неба,

і застагнаў-хіснуўся акіян...

Хто быў са мной — прапалі вокамгненна.

Нарвалася віхура —

я ўжо ў ей...

Над гібельнай вадой ужо —

я гіну...

Я падаю, бы камень...

Прагучаў:

скажы, што ты свіння!..—

ў той момант голас.

І я паспеў: я той, хто не свіння...

я той, хто не свіння...—

паспеў прамовіць

і закруціўся, згінуў...

І туды,

адкуль узяўся, ўпаў, як непрытомны...

Стаяў сабака побач — ён чакаў.

Другое не было,

я азірнуўся:

а дзе свіння?..

— А я ўжо не свіння,—

пачулася ў паветры непарушным.

Ідзем далей.

Удвух цяпер.

Ланцуг

назад распасціраецца, бы хоча

вярнуцца да ранейшага, калі

ён быў пры ўжытку зразумелым...

Віхура — зноў...

І зноў я над вадой —

над пашчай ненасытнай...

Быццам камень...

Не камянямі пашчу насычаць...

Як мне бездапаможна!..

Я не помніў:

я ёсць або не ёсць...

Пачуўся зноў,

зноў голас быў: скажы, што ты сабака!..

І зноў я адказаў наадварот:

я той, хто не сабака...

І на бераг,

бы сэрца абарвалася, упаў...

Нікога не застаў.

Я ачуняў.

Пайшоў адзін, але не адзінокі.

Адным канцом нявольны,

а другі

я падабраў, ім звольнены...

Самохаць

нясу ланцуг — выходжу з ланцуга.

А не данёс... не выйшаў...

На пясок,

уражаны, прыпаў...

Рухомы вір,

бы нечакана, вырас у прасторы

і, ўкручваючы неба і зямлю

ў сябе самога, у знішчальны танец,

у скон, у бездань,

рухаўся сюды...

Жахаўся я глядзець:

безабаронны

мой кругабег, які мяне сцвярджаў

і адмаўляў...

Я ўрынуты ў віхуру...

Зіхнула ззянне, быццам апякло...

І голас адазваўся, бы напоўніў

да самай рэшты...

Я хацеў паспець...

Ён спапяляў...

Кім быў я?!.

Назавіся!..

Сарваны з месца,

падаў акіян,

і мільгацелі вобліскі і ўсхліпы...

Растурзаны:

...я той, хто не свіння...

Блукалі сны:

...я той, хто не сабака...

Вада і жахі тыцкаліся ў твар

я ў многіх тварах

гіну не сказаўшы

трапляю ў горад

з горада іду

іду не я

пытаюся я хто ты

за шыю абдымаў ланцуг

я быў

сабака і свіння яны сцвярджалі

яшчэ трывай

яшчэ ступі далей

па-за табой сустрэча немагчыма

я быццам плеўку голас выдзіраў

і адшпурляў а голас варушыўся

ён гэта я

мяне ўжо не было

а словы гаварыліся пачута:

я той хто шлях і хто па ім ідзе...

Ачнуўся я...

Мне чуўся ціхі звон...

Я прахапіўся:

гэта быў мой горад,

далёкі горад...

Ён нібыта плыў,

ён азываўся —

я пайшоў насустрач.

Загрузка...