БЫЛО БАЛОТА


І

Як альшына мая — з-пад піл,

як вужака мая —

з-пад бота,

застагну,

упаду ў нахіл...

Напачатку было балота.

Не вядзьмарка — не ажыву:

як душа пакідае цела,

апантанасці і жніву

уступаю свае надзелы.

Па адстойніках і равах,

праз малыя і буйныя рэкі

паўтараецца даўні шлях,

мой апошні —

з вараг у грэкі.

Пераходзілі эры,

святло

пагасала,

і сутарэнні

нагрувашчваліся —

было:

першаснасць... першатварэнне.

Немаўленства сівой зямлі —

скамянее:

пасля спарону...

Навакольныя дрэвы знялі

свае велічныя кароны.

Бор далёкі вее бяду,

ахінаецца ў пыл і дрымоту...

Неспадобнае — адыду...

Напачатку было балота.

Вызначаючы цемру і бель

і жыццёвыя пуцявіны,

ўсцяж

праносілася мадэль

жыццядайнай душы буслінай.

Разляцеліся ўсе буслы —

расцерушыліся абяцанкі:

што насілі,

тым абняслі...

Бы кругі на вадзе — буслянкі.

Аднадзённы і хлеб, і век...

Нерухомее горада постаць...

На няўцямныя поспех і спех

наклікаецца цямная помста.

Наганяючы небыццё,

навастрыліся аэрадромы...

Хай вядома ўсім: леціце...—

залятаеце ў невядома...

З'явы звязваюцца ў чаргу,

надыходзяць

неспадзявана!..

Каб зыначыцца — не змагу,

выпадае: само не стану...

Далягляд, бы ў слязе, ў смузе.

Дзе шукаюць каровы напіцца —

хмара дольняя папаўзе...

Перасохлі мае крыніцы.

Разгубіліся пацеркі з рук —

журавіны...

Імшар сівее...

З раўнавагі — у збойны зрух:

прачынаюцца сухавеі.

Вымкне будучыня маной,

непадманная — засумуе...

Плача кнігаўка нада мной,

хто аплача яе самую?..

ІІ

Баламуцячы сілу ліхую,

сінявокі, як дзень, валхвец —

у балоце глухім валхвуе

экскаватаршчык Абравец.

Нібы здані з дрыгвы паўсталі...

На гнілыя калоды, на мхі,

на паганыя воды ссылалі

дух нячысты і дух ліхі.

Індульгенцыя на памылкі:

прэч з абседжанага жытла...

Быццам скончаны тэрмін ссылкі

ці амністыя надышла.

Пойдзеш коса ці пойдзеш проста

не натрапяцца грэбля і гаць...

На усе навакольныя вёрсты

вокі чортавыя глядзяць.

Булькаценне... пасма рудая...

павуцінне... кшакі... брыжы...

Ноч настане —

ад небакраю

наварушваюцца міражы.

Чорным дымам душаць дыханне,

белай немаччу цвіляць кроў,

сутыкаюць,

нібы ў яднанні,

скрыгат сталі і рык звяроў.

У крутыя звіваюць завівы

непадобныя паясы,

адчыняюць нябесныя злівы

і падземныя галасы.

Патаемныя твораць чары

з чалавечых дзей і высноў...—

І ўстаюць —

тут і там —

пачвары:

грозны перад-і пасляслоў.

То не вочы цямнеюць — вачніцы,

целы круціць і торгае шал,

і вар'яцкая ўсмешка шчыміцца,

агінаючы рота правал...

Абравец, ты ўздыхаеш, нямы,

і нібы ад нуды заразнай,

не адробішся ад думы,

доўгай-доўгай і невыразнай.

І балота з табою ўздыхае,

непрытомныя сны снуе —

быццам маці, закалыхае,

быццам мачаха, апаўе.

Пракаветны балотны нораў —

не заб'ецца, не ўздыме бунт...

Рассцілаецца: у пакоры,

адымае — ў пакоры — грунт...

Прахапляешся незвычайна —

захлынаецца ў твані карэц,

экскаватар хрыпіць адчайна...

Абрываецца Абравец,

вырываецца...

А назаўтра —

тросы вытрымалі б хаця —

экскаватар, як дыназаўра,

вынатужваць з небыцця.

Залучыла балота ўпотай —

ні двара ў цябе, ні кала.

Ды ўжо хутка:

было балота...—

і пра будучыню:

была...

III

Рай адняты —

будуем рай...

Каб усё ў адну долю звесці,

аблажыла балотны край

экскаватарнае нашэсце.

Стрэлы выцягнуліся здаля:

не дацягнуцца — сцягнуцца ніты:

ахне ўражаная зямля,

разарваная дынамітам.

Па сваіх законах цвіла,

стала мала такой карысці —

будзе служкаю ля стала:

ўрыхтавалі прыродзе выйсце.

Ўздоўж і ўшыр — ля нарэзу нарэз.

Па крамяных маіх світаннях

перасоўваецца прагрэс,

збалансоўваючы на сланях.

Безаглядна, як рэжа штых,

рассякаюцца краявіды,

выпрамляецца кожны штрых:

геаметрыя па Эўкліду.

Разлічылі —

куды падзець,

куды ўкласці імпэт і працу...

Захапляльна наўзбоч глядзець,

ды пакутліва азірацца.

Абравец, памарудзь... замры...—

цяжка ўеліся твае лукі

і ў цякучае цела зары,

і ў свінцова-газетныя друкі.

Твой здабытак табе чужы —

бы душу атачыла сажа...

Што адолена — адкажы...

Што знядолена — хто адкажа?..

...Ураўняліся яма і груд,

і дарога гудзе скразная...

Я прыеду ў знаёмы кут

і знаёмага — не пазнаю.

Буду доўга тлуміць брыво:

іншы голас...

іншыя людзі...

іншы вынік...—

а скажуць: было,

і пра сёння,

як некалі: будзе.

Ці хвалю яго, ці люблю —

ў ім бяссілле сваё і сіла...

У прызначаны час на зямлю

пераможнае

заступіла...

І саступіць...

Што на дварэ

усталюе назаўтра?., на потым?.

Што пакіне і што забярэ?

Напачатку

было

балота.

Загрузка...