***

portfolio

вось табе год –

батыскаф памяці пачынае

сваю падсьвядомую экспэдыцыю

але куды менавіта – невядома

на дно акіяну

каналізацыі

або стандартнай чыгуннай ванны

вось табе пяць –

ego робіць першыя падкопы

першыя замахі на чужую ўласнасьць

у дзевяць сьвет – вялікая кандытарская фабрыка:

чорны шакаляд цноты

белы шакаляд спакусы

каляровыя цукеркі расчараваньняў

пятнаццаць – джунглі амбіцый і страхаў

па якіх няма правадніка

толькі вуліца – як першы і апошні місіянэр

які ня ведае дарогу але кажа –

гульня ў лялькі скончылася

трымай зброю хлопча

але з часам зброя псуецца

і ты вяртаесься да сваіх

вудуісцкіх лялек

мілых фігурак

падазрона падобных да цябе самога

Загрузка...