***

Эсмэральда

вы бачылі яе самі:

гадоў 19

максымум

танная хустка

якой звычайна націраюць боты

апухлы твар

ад алькаголю хваробаў

удараў мужа або цыганскае мамкі

на джынсах жоўтыя плямы

цёмныя пацёкі

ўніз па сьцёгнах

яна храпе ў праходзе

пускаючы зялёную сьліну

раскінуўшы ногі й рукі

нібы дзеўкі

ў порна

але краса не здаецца так проста

яе паўднёвыя скулы вабяць мужчынаў

насатага гопніка лысага барыгу

нават таго эстэта ў клясычнай тройцы

(пераблытай яе ў радзільні

хто ведае

была б тваёй жонкай)

яе ногі, пругкія і жаданыя

вушы і вусны

мініятурныя брамы

для ўсяго чужога

хочацца плакаць

і цалаваць

(то бок – штурхаць ботам і патасна апэляваць да сумленьня)

на яе правым плячы – анёл з залатымі зубамі

на яе левым плячы – анёл з выбітымі зубамі

адзін налівае

другі таксама

ўжо ня верыць у цуды

Загрузка...