***
Контурная карта памяці
Калі ты забудзеш гэтыя перапынкі
ў жыцьцёвых раскладах, мілосную клаўнаду
кароткіх сустрэч, тыя пляжы й будынкі,
дзе мы кармілі сьпехам нашу пажаду, –
пастаў сьцяжок на мапе маёй краіны,
як напамін, што нас прывялі да згубы
гэтыя словы, падобныя на руіны,
гэтыя фразы, згніўшыя быццам трупы.
Мы не сядзецьмем болей каля вакзалу,
калі на рукох квіткі і тыя чужыя.
Усе тыя ночы, каторых так не хапала,
усе вар’яцтвы, каторымі даражылі –
адзінае, што мы мелі і што ўмелі.
Мы спалі ў вагонах і на пясочным кварцы.
Кожнае раніцы неба над намі блішчэла
залатою фіксою свайго паўднёвага сонца.
Нашы будні былі фэерычнаю стужкай навінаў.
Мы чыталі ўсё, акрамя гараскопаў на заўтра.
Але ведалі, час нічога па нас не пакіне,
акрамя падрабязнае анатамічнае карты.
І цяпер я сяджу ў кавярні і мімаволі
згадваю нашы вясёлыя эскапады.
Пра мілосьць, якая, зьмяніўшы яўкі й паролі,
забыла пакінуць новыя каардынаты.