***
Дэпо радасьці
Ты ніколі не загіналася ў ваньне ад болю.
І крумкач для цябе не мэтафара – проста птушка.
Засынаеш – п’янай, а прачынаесься – голай.
Любіш плакаць пад рамантычныя кінастужкі.
Вось скончыш вучэльню, зробіш пару спаронаў.
На фабрыцы, дзе падшукаеш нарэшце працу,
знойдзеш сабе якога-небудзь гандона,
каб ня страшна было па раніцах прачынацца.
Каб жыцьцё наладзілася, каб у лазьнях
проста парыцца, а ня трахацца з мужыкамі.
Як народная тупасьць кажа: “ўсё будзе прыўкрасна!”
Нажывеш дзяцей і лішнія кіляграмы.
І прыходзячы ў цэх, і сыходзячы ўвечары з цэху,
адчувацьмеш, як час зьнімае зь цябе, бы стружку,
невідочны налёт маладосьці, як ён дзеля сьмеху
горлам пускае любоў, бы крывавую юшку.
Гэты мур панэльны, сваю завадзкую сансару
ты абрала, дзяўчо, сама, ператварыўшы,
пераплавіўшы ўсё сваё золата мрояў у пару
пярэдніх зубных каронак і сьціплы крыжык.