***
калі ты жыў з бацькамі і сьвет сканчаўся
канцавым прыпынкам тралейбуса,
калі меў дзяўчыну але час ад часу
кахаўся зь дзясяткам іншых і сэнсам
жыцьця была асалода, калі настаўніца
праклінала тваё пакаленьне п’ючы валідол
калі адстаўны вайсковец на занятках працы
ў белай гарачцы біўся галавою аб стол
ты атручваўся восені няякасным алькаголем
і вазіў кантрабанду праз польскі кардон
штосуботы ў футбол бегаючы па полі
штонядзелі наведваючы прытон
дзе сэрца накручвала лішнія кілаваты
шалёна гудзела быццам пчаліны рой
дзе радасьць трапляючы ў рукі казырнаю картай
потым абавязкова трапляла ў адбой
ты занураўся ў цёмныя паркі жарсьцяў
вучыўся паказваць краіне свой шчыры “фак”
ты ведаў куды ды ня ведаў навошта хавацца
ад гэтага сьвету й ягоных галодных сабак
ты засынаў на дахах у поўнай нірване
ўдыхаючы водар смалы і фабрычны смог
а недзе ўгары, бы ў кабіне высотнага крану
сядзеў з бутэрбродам вясёлы шчаціністы бог