***
калі кубікі былі маладымі
у садку
калі я сядзеў на гаршчку
складаў кубікі
і пераказваў мульцікі
сваёй першай любові Наташцы
выхавацелькі тупа
дапівалі нашы кісялі і дажоўвалі кашкі
а пасьля адмывалі нашы какашкі
у абед мы заўсёды гулялі на вуліцы ў даганялкі
тыцкалі ў дохлых птушак савочкам і палкай
а бацькі ў гэты час працуючы недзе да ўсрачкі
зараблялі мне
на марозіва й жвачкі
калі б не Наташка ў садку была б проста жопа
бегаючы між арэляў
мы гулялі ў бандытаў і копаў
выхавацелькі – вядома – былі на баку дзяржавы
якая як ведаем зараз псуе ўсе забавы
яны ставілі ў кут на калені ці проста так
і казалі “ну як так можна” або “сапляк”
канечне я меў там купу забавак
гумовыя танчыкі лялькі наборы скакалак
і з гэтаю наіўнаю бутафорыяй
было хаця і адносна але ўсё-ткі весела
але я чакаў вячэры дакладней вечара
калі прыйдзе вясёлы тата ці сумная мама
апране на мяне боцікі і панаму
каля шафы з вожыкам
а злыя цёця Валя і цёця Ларыса
застануцца ў садку мыць ёршыкам
брудны посуд і доўга драіць падлогу
пакараныя дзедам марозам
то бок дзядзем богам
увечар зь сябрамі як заўжды пабегаю ў бэрыка
адтыру зь імі дрэннага хлопчыка Эрыка
пацалую нахабна Наташку што гуляе ў лялькі
(мой лібэртынаж як відаць пачынаўся змалку)
і заснуўшы нарэшце дома ў цёплым ложку
буду сьніць
маму
кубікі
санкі
і дохлую кошку