***

Prada

Аленцы

Вечар па азначэньні не бывае сьветлым.

Ён то цягнецца гекзамэтрам, то папсовым куплетам.

З табой, каханая, – не засумуеш, безь цябе ж – поўны макабр:

прыяжджаюць першы, другі, трэці... пяты, сёмы сябар...

я думаю пра цябе, яны напаўняюць шклянкі...

І разумееш: гэты заплыў – да ранку.

Мы стаім на бальконе з Вано, я гляджу ў неба.

Пэўне, там нехта ёсьць, але зь ім пра гэта ня трэба,

бо пра гэта наогул ня трэба казаць уголас.

На ягоным плячы я знаходжу твой цёмны волас…

І былі б мы жлабы, то наклалі б адзін адному.

Мы трындзім пра высокае. Потым у гастраноме

набываем ня помню ўжо што на апошнія пэса.

Мы вяртаемся – ты ўжо сьпіш. Алькагольная мэса

была ў самым зэніце, хаця толькі сьвітала.

Я сказаў, што кахаю цябе, ты таксама сказала,

памахала рукой і на працу пайшла. Мы бухалі,

як багі, як апошнія дэгенэраты і швалі.

Мы прапілі ўсю, што мелі ў кішэнях, суму,

але потым знайшлі ў сэрванце твае парфумы –

і сады зацьвілі ў засьмяглых чырвоных глотках:

я згадаў водар твой, але згадка была кароткай;

я згадаў бы і болей, але адмовіла цела.

І адно толькі сэрца гудзела, гудзела, гудзела...

Загрузка...