Праз колькі часу грукат паступова пачаў сціхаць, пакуль не надыйшла мёртвая цішыня. Аліса напалохана падняла галаву. Яна не заўважыла анічога і спачатку вырашыла, што прысніла, і Льва, і Аднарога, і Лістаношаў... Але тут яна заўважыла талерку, на якой быў слодыч і нож.
- Тады ўсё адбылося насамрэч,- вырашыла яна,- калі... калі гэта толькі не працяг сну. І я спадзяюся, што сон мой, а не Чорнага Караля! Мне не да спадобы быць часткай нечага сну,- а потым тужліва прамовіла,- Як жа ж мне хочацца пайсці і разбудзіць яго, каб паглядзець што атрымаецца?
Раптам, яе разважанні перарваў чыйсьці крык:
- Гэй! Супыніся! Шах!- з гэтымі словамі, трымаючы па-над галавою вялізную булаву, на паляну выскачыў Вершнік, апрануты ў бліскуча-чорны панцыр. Калі яго конь дасягнуў Алісы, ён спыніўся, і Вершнік кульнуўся на зямлю з крыкам,- Цяпер ты мая... нявольніца!
Дзяўчынка напалохана адскочыла, хаця спалохалася яна хутчэй за Вершніка, чым за сябе. Таму яна ўважліва сачыла, як той зноў падымаецца вершкі. Уладкаваўшыся, ён пачаў зноў:
- Цяпер ты ма...
- Гэй на кані! Шах!- супыніў яго нечый крык , Аліса здзіўлена азірнулася, каб убачыць новага супраціўніка!
На паляну выскачыў Белы Вершнік. Ён пад’ехаў да дзяўчынцы, спыніўся і кульнуўся з каня, як хвіліну таму Чорны. Потым падняўся вершкі і глянуў на супраціўніка. Нейкі час абодва Вершніка сядзелі на канях і моўчкі глядзелі адно на аднаго, а Аліса здзіўлена назірала за абодвума.
- Каб ты ведаў, яна мая нявольніца!- урэшце вымавіў Чорны.
- Так, але ж я прыскочыў і ўратаваў яе!- адказаў Белы.
- Выдатна! Тады трэба распачаць бойку!- сказаў Чорны Вершнік, апранаючы на галаву шлем, што вісеў з боку сядла і сваім выглядам нагадваў канячую галаву.
- Зразумела, спадзяюся вы ведаеце Правілы Змагання!- адказаў яму супраціўнік, таксама апранаючы шлем.
- Лепш за ўсіх! І да таго заўжды іх саблюдаю,- заявіў Чорны. Яны пачалі лупіць булаву аб булаву так шалёна, што Аліса была вымушаная схавацца за дрэвам, каб па ёй не патрапілі.
- Цікава, а якія ў іх правілы змагання?- падумала яна, калі назірала за Вершнікамі, баязліва выглядаючы са свайго сховішча.- Першае, пэўна: “Калі адзін Вершнік трапляе па другому, яны адодва абавязаны кульнуцца на зямлю. Другое: “Булаву трэба трымаць абедзвюма рукамі, як гэта робяць батлеечныя лялькі”... Які ж грукат стаіць, калі яны куляюцца! Быццам ад колькі камінных прыладаў, якія адначасова кінулі аб жалезныя краты! А якія ж у іх паслухмяныя коні, нібы драўляныя! Вершнікі столькі разоў куляюцца і забіраюцца на іх наноў, што анікожны жывы б вытрымаў!
Яшчэ адным Правілам Змагання, якое Аліса заўважыла, было падаць выключна на галаву і бойка ўрэшце скончылася тым, што абодвы гэткім чынам і зваліліся, кожны ў свой бок. Калі яны падняліся наноў, яны паціснулі адзін аднаму рукі, Чорны Вершнік забраўся на каня і ад’ехаў.
- Гэта была найвыдатнейшая перамога!- заявіў Белы Вершнік, запыхаўшыся падыходзячы да дзяўчынкі.
- Я не ведаю!- сумняваючыся прамовіла тая.- Але ж мне не хацелася быць чыёйсьці нявольніцай. Я хачу быць Каралеваю!
- Будзеш, калі перасячэш апошні ручай,- адказаў Вершнік.- А я буду абараняць цябе на тваім шляху праз лес... а потым я павінен вярнуцца назад. Гэта і ёсць мой ход!
- Вельмі ўдзячная!- сказала Аліса.- Ці не дапамагчы Вам зняць шлем?- Ён быў такі вялізны, што Вершнік сам-насам з ім бы не зладзіў. Толькі разам яны змаглі ўправіцца.
- Цяпер дыхаць будзе значна лягчэй,- прамовіў Вершнік, папраўляючы сваю кудлатую фрэзуру абедзвюма рукамі і гледзячы на Алісу сваімі вялікімі лагоднымі вачыма на ціхім твары. Дзяўчынка вырашыла, што аніколі ў жыцці яна не бачыла гэтак дзівосна выглядаючага ваяра.
Ён быў апрануты ў панцыр з волава, які, яўна не падыходзіў яму па памеру, а на спіне на лямцы поперак пляча вісела невялічкая дзіўная скрынка адчыненай крышкай уніз. Аліса зацікаўлена паглядзела на яе.
- Я бачу, табе спадабаўся мой заплечнік,- сяброўскім тонам прамовіў Вершнік. Гэта - мая уласная вынаходка... Я трымаю ў ім маю вопратку і бутэрброды. Ты бачыш, я нясу яго ўгору дном, гэта дзеля таго, каб тое што ў ёй ляжыць не замачыў дождж.
- Але ж ўсё можа выпасці,- далікатна заўважыла дзяўчо.- Вы ведаеце, што яна адчыненая?
- Ані! Не ведаў!- сказаў Вершнік, на яго твары з’явіўся цень прыкрасці.- Тады ўсё павыпадала! А якая карысць ад пустога заплечніка?- здымаючы скрынку сказаў ён. Спачатку ён збіраўся кінуць яе ў кусты, але раптоўна ў яго галаву прыйшла цікавая думка, і ён далікатна павесіў яе на бліжэйшую галінку. Потым спытаў у Алісы: - А ці ўяўляеш навошта?
Яна захістала галавой.
- Я спадзяюся, што яна спадабаецца пчолам і тады ў мяне будзе ўласны мёд!
- Але ж у вас ужо ёсць адзін вулей... ці штосьці вельмі яго нагадваючае... вунь, да сядла прывязаны.
- Так, гэта самы выдатны вулей,- тужліва адказаў Вершнік,- Лепшы ўва ўсім свеце. Але ж аніводная пчала ў яго пакуль не залятала. А яшчэ я маю мышалоўку. Мне здаецца, што мышы пужаюць пчол... ці пчолы мышэй... Я забыўся.
- А я думала, нашто вам мышалоўка? - заўважыла Аліса.- Ніколі не чула аб тым, што мышы могуць жыць на канячай спіне.
- Але магчыма ўсё,- прамовіў той,- і калі гэтак здарыцца, мне б не хацелася, каб яны тут жылі.Ведаеш,- прамовіў ён, крыху памаўчаўшы,- трэба быць гатовым да ўсяго. Ведаеш, чаму мой конь носіць бранзалеты на нагах?
- Ані! Навошта?- разгублена спыталася дзяўчо.
- Каб яго не пакусалі акулы,- адказаў Вершнік.- Гэта - мая ўласная вынаходка. А цяпер дапамажы мне забрацца вершкі. Я буду праводзіць цябе да выхаду з лесу... А што гэта ў цябе за талерка?
- Тут колісь быў пірог,- паведаміла Аліса.
- Мы павінны ўзяць яе з сабой,- заявіў Вершнік.- Раптам на шляху нам патрапіцца якісьці пірог. Дапамажы мне пакласці яе ў торбу.
Гэта заняла ў іх колькі часу. Нягледзячы на тое, што Аліса дастаткова шырока раскрыла торбу, Вершнік быў жахлівым нязграбай і першыя два ці тры разы падаў у торбу сам.
- Канечне, ёй там будзе крыху зацеснавата,- сказаў ён, калі талерка нарэшце патрапіла ў торбу. - У маёй торбе зашмат падсвечнікаў,- з гэтымі словамі Вершнік падвесіў торбу да сядла, разам з мехам морквы, каміннымі шчыпцамі і шмат яшчэ чым. Пасля зноў звярнуўся да Алісы,- Спадзяюся твае валасы добра прышпіленыя да галавы?
- Як і ў астатніх,- усміхнуўшыся адказала яна.
- Гэтага наўрацці будзе дастакова,- палохаючы заўважыў Вершнік.- Ты нават не ўяўляеш наколькі тут мацнюшчы вецер. Раз... і ты ўжо лысая.
- А чаму ў вас няма вынаходкі, каб стрымаць здуванне валасоў?- спыталася дзяўчынка.
- Я пакуль над гэтым разважаю,- адказаў той,- Але, калі жадаеш, магу расказаць, як стрымаць іх выпаданне.
- Так, я вельмі радая буду паслухаць!
- Спачатку трэба ўзяць вертыкальна стаячую палку,- пачаў Вершнік,- і прымусіць сваё валоссе заплясціся на яе, як той плюшч. Усё, уніз валасы больш не ўпадуць... А ўверх, увогуле, анічога не падае. Гэта - мая ўласная вынаходка. Калі ёсць жаданне, можаш паспрабаваць.
Аліса чамусьці вырашыла, што гэта не самы лепшы план. На працягу пяці хвілінаў яна ішла ў цішыні, дзіўлячыся з гэтай ідэі, час ад часу спыняючыся, каб дапамагчы нязграбе конніку, які быў самым няўдалым ездаком з усіх, каго яна бачыла.
Штораз, калі конь спыняўся (а рабіў ён гэта рэгулярна), Вершнік куляўся праз галаву; а калі зноў пачынаў ісці (як заўжды нечакана), куляўся назад. У астатні час рыцар трымаўся ў сядле, хаця меў звычку спаўзаць ці ў той, ці ў іншы бок. Спаўзаў ён звычайна туды, дзе шла дзяўчынка, таму яна хутка зразумела, што лепш ісці ад каня, як мага далей.
- Вы пэўна, не надта шмат практыкуецеся ў язде вершкі?- рызыкнула спытаць дзяўчынка, дапамагаючы яму падняцца пасля чарговага - пятага падзення.
Белы Вершнік паглядзеў на яе з моцным здзіўленнем, напалам з абразаю.
- А чаму ты гэдак вырашыла?- спытаў ён, узбірабчыся на каня, адной рукой трымаючы Алісу за валасы, каб ўратаваць сябе ад падзення ў супрацлеглы бок.
- Мне здаецца, калі б у Вас было крышачку больш практыкі, Вы б не куляліся так часта.
- Я маю шмат практыкі,- сур’ёзна заявіў Вершнік,- я, можна сказаць, нават сплю на кані.
-Ды няўжо ж?- не вытрымаўшы прамовіла Аліса, але зрабіла гэта настолькі лагодна, наколькі змагла. Пасля колькі часу, яна рухаліся моўчкі. Вершнік заплюшчыў вочы і мармытаў штосьці сам сабе, а дзяўчынка напалохана чакала чарговага куляння.
- Вялікае мастацтва Язды Вершкі,- раптоўна прамовіў громкім голасам Вершнік, махаючы пры гэтым правай рукой,- у тым каб пра...- Вершнік скончыў так нечакана, як і пачаў, бо зваліўся галавой туды, дзе толькі што прайшла Аліса. Як жа гэта яе напалохала!
- Спадзяюся, Вы нічога сабе не зламалі?- непакоячыся спытала яна, дапамагаючы Вершніку падняцца
- Ані, сур’ёзных пашкоджанняў няма,- адказаў ён, быццам быў не супраць паламаць костку-другую.- Як я ўжо казаў: “Вялікае мастацтва Язды Вершкі, у тым каб правільна... правільна трымаць раўнавагу”. Неяк так.
Ён адпусціў паводдзі, раскінуў рукі, каб паказаць Алісе, свае магчымасці і адразу ж кульнуўся спіной, пад ногі свайго каня.
- У мяне вялікая практыка,- паўтараў ён, пакуль дзяўчынка падымала яго на ногі.- Вельмі вялікая!
- Смехата!- усклікнула Аліса, згубіўшы апошняе цярпенне.- Вам трэба ездзіць на драўляным коніку на колцах!
- А хіба ён рухаецца лепш?- з зацікаўленасцю спытаў Вершнік, абняўшы каня за шыю. І зрабіў гэта ў патрэбны час, інакш бы зноў кульнуўся.
- Значна раўней за жывога,- адказала дзяўчынка, пачынаючы смяяцца, нягледзячы на тое, што рабіла ўсё, каб гэтага не здарылася.
- Трэба,- глыбокадумна сказаў сабе Вершнік, - набыць адну-дзве на спробу.- Зноў колькі часу яны маўчалі, а потым рыцар працягнуў.- Я увогуле ўвесь час раблю сякія-такія вынаходкі. Спадзяюся, ты заўважыла, калі ў апошні раз мяне падымала, што я выглядаў даволі задумліва?
- Гэта калі вы патрапілі галавою ў яму?- спытала Аліса.
- Так. У гэты момант я знайшоў новы спосаб пералязання праз загароджу... Ці не жадаеш паслухаць?
- Цікава, цікава!- ветліва адказала дзяўчо.
- Вось што я вынайшоў,- прамовіў Вершнік.- Справа ў тым, што падчас пералязання праз захароджу галоўная цяжкасць ў нагах, бо галава і рукі ўжо зверху. Таму найперш трэба пакласці галаву з рукамі на загароджу, падняць ногі ўгору. Цяпер, калі ногі таксама высока, трэба толькі скочыць на іншы бок! Вось!
- Вядома, калі зробіш, як Вы сказалі, можна трапіць ў іншы бок,- глыбокадумна прамовіла Аліса,- але ці не здаецца вам, што гэта крыху цяжкавата?
- Я, сапраўды, пакуль не спрабаваў,- сур’ёзна адказаў той,- так што анічога табе не скажу... Але хутчей за ўсё, ты маеш рацыю.
Ён быў так раззлаваны тым, што ягоная ідэя не ўдалася, што дзяўчынка паспешна вырашыла змяніць тэму размовы.
- У Вас такі цікавы шлем,- бадзёра сказала яна, - гэта таксама Вашая вынаходка?
Вершнік ганарліва паглядзеў на свой шлем, што вісеў на конскім сядле.
- Зразумела ж,- адказаў ён,- але ён нажаль не самы лепшы, колісь я вынайшоў шлем, які выглядаў, нібы цукровая галава. Ён быў настолькі вялікі, што калі я куляўся, ён амаль адразу ж упірался ў зямлю, і падаць было не надта далёка... Але была небяспека зваліцца ў сам шлем. Калі гэта адбылося чарговы раз, я не паспеў адтуль вылезці, а шлем знайшоў іншы Белы Вершнік і адразу ж начапіў сабе на галаву. Напэўна вырашыў, што гэта ягоны шлем.
Пры гэтым рыцар выглядаў так ганарыста, што дзяўчынка не пасмела засмяяцца.
- А ці Вы ніяк не паказалі яму,- дрыжачым голасам спытала Аліса,- што былі на яго галаве?
- Пхнуў яго раз-другі,- сур’ёзна адказаў Вершнік.- Тады ён урэшце зняў шлем, але спатрэбіўся час, каб выцягнуць мяне адтуль. А калі яму гэта ўдалося, я з хуткасцю маланкі знік.
- Але ж чалавек на гэткую хуткасць ня здольны,- не згадзілася дзяўчынка.
- Я здольны на ўсе хуткасці свету,- пахістаўшы галавой адказаў Вершнік. Хвалюючыся, ён раскінуў рукі... і адразу кульнуўся галавой у глыбокі роў.
Аліса хутка падбегла да рову ў яго пошуках. Яе вельмі напалохала гэтае падзенне, да гэтуль ён анічога сабе не шкодзіў, але дзяўчо непакоілася, што на гэты раз Вершнік дакладна сабе штось паламае. Але бачыць магла толькі яго боты і адразу супакоілася, калі пачула яго адвечныя развагі.
- Так, я здольны на ўсе хуткасці, якія толькі маюцца ў свеце,- працягваў ён,- да таго ж было не надта шляхетна прысвойваць чужы шлем... ды яшчэ і з гаспадаром у ім.
- Але як жа Вы здольныя гэтак спакойна размаўляць, дагары нагамі?- спытала Аліса, калі выцягнула яго за ногі і паклала на краі рова.
- Не мае аніякай розніцы,- адказаў Вершнік, здзіўлены Алісіным пытаннем,- дзе мае ногі. Мая галава працуе заўжды. Больш таго, чым яна глыбей, тым лепш у мяне атрымліваюцца вынаходкі.- Ён крышачку памаўчаў, а потым пряцягнуў,- Напрыклад, неяк я зрабіў насамрэч выдатную вынаходку, новы рэцэпт пудзінга. Ён прыйшоў мне ў галаву, калі я спажываў мяса.
- І што, вам зараз жа яго прыгатавалі?- спыталася дзяўчынка.
- Ані,- надта задуменна прамовіў Вершнік,- зараз жа не прыгатавалі.
- Можа наступным днём. Каб не есці два пудзінгі адразу!
- Наступным днём,- прамовіў рыцар,- яго таксама не прыгатавалі. - Ён апусціў вочы да зямлі, а ягоны голас рабіўся цішэй і цішэй. - Яго ўвогуле не прыгатавалі! Больш таго, наўрацці колісь прыгатуюць! А якая ж была выдатная вынаходка.
- А з чаго яго трэба гатаваць?- спытала Аліса, спадзеючыся падбадзёрыць яго, бо здавалася, ён знаходзіцца ў вялікай тузе.
- Бярэм прамакатку,- стогнучы адказаў ён.
- Але ж гэта будзе зусім не смачна?
- Адна прамакатка, так,- шпарка перарваў Вершнік,- але ты нават не ўяўляеш, што будзе, калі дадаць да яе іншыя інгрэдыенты?.. Напрыклад, порах і сургуч... А цяпер, я павінен пакінуць цябе, бо лес скончыўся.
Аліса быццам не чула яго, яна задуменна разважала аб дзівосным пудзінгу.
- Ты зажурылася,- занепакоена прамовіў рыцар,- хочаш, я праспяваю песеньку, каб ты хаця б крыху развесялілася?
- А яна доўгая?- спытала Аліса, якая пачула ўжо шмат вершаў гэтым днём.
- Натуральна,- адказаў Вершнік,- і вельмі, вельмі прыгожая. Калі я спяваю яе... з вачэй у слухачоў пачынаюць ліцца слёзы, ці...
- Ці што?- спытала дзяўчынка, бо той нечакана замаўчаў
- Ці не пачынаюць. Яе імя - “Трасковыя Вочы”
- Вы пэўна хацелі сказаць назва?- здзіўлена спытала Аліса.
- Ані,- крыху раздражнёна адказаў той.- Гэта яе імя. А назва яе: “Старэнечкі дзядок”
- То бок вы хочаце сказаць, што яна мае гэтую назву,- паправіла сябе Аліса.
- Ты ізноў памыляешся! Яна мае назву “Шляхі і Сродкі”, вось так вось.
- Добра, так што гэта за песня?- канчаткова здзівіўшыся, спытала Аліса.
- Я толькі хацеў аб гэтым сказаць,- прамовіў Вершнік.- Гэта песня “Той, што сядзіць на веснічках”, яе музыка - мая ўласная вынаходка.
Прамовіўшы гэта, ён спыніў каня, кінуў вузду і пачаў павольна адбіваць такт адной рукой. Слабая ўсмешка асвяціла яго далікатны глупы твар, нібы сама музыка прыносіла яму асалоду.
З усіх дзівосаў, што Аліса ўбачыла Па-За Люстэркам, гэта найбольш яскрава засталася ў яе памяці. Нават гады апасля, гэтая сцэна стаяла перад яе вачыма, быццам адбылася толькі ўчора. Лагодныя блакітныя вочы і ўсмешка Вершніка, сонца, граючае ў ягоных валасах і бляск яго панцыра, які асляпляў дзяўчынку. Вольна рухаецца конь з вуздой, якая свабодна звісае з шыі, конь скубе траву ля яе ног, чорны цень лесу за спіной... Усё гэта, здавалася, назаўжды засталося ў яе галаве, як памяць аб прыгожай карціне ў музэі. Дзяўчынка прытулілася да дрэва, назіраючы за канём і ягоным ездаком і слухала, напалову задрамаўшы, пад меланхалічную мелодыю.
- Але ж музыка аніяго вынаходка,- казала яна сабе,- гэта ж “Аддаў вам ўсё, што толькі меў”. Аліса стаяла і ўважліва слухала, але слёзы з яе вочак не ліліся.
“Скажу табе ўсё, што магу:
Аднойчы я сустрэў
Старога дзеда, што сабе
На веснічках сядзеў.
- Скажы, дзядуля, чым жывеш?-
Спытацца я рашыўся.
І, як праз рэшата вада,
Яго расказ паліўся.
- Ў палетках,- адказаў стары,-
Я матылькоў лаўлю,
А потым з мясам піражкі
З іх крылля я раблю.
Іх набываюць у мяне
На пляжы маракі;
Вось з гэтага і маю я
Свой хлеб, абы якí.
Я ж разважаў, як бáкі мне
Зялёнкай фарбаваць.
І каб хто не заўважыў, іх
Хусцінкай прыкрываць.
Таму у задуменні я
Дзядулі даў у плеш,
І што ёсць моцы закрычаў:
- З чаго, стары жывеш?
Стары паведаміў:
- У гарах,
Ад часу я блукаю,
Знаходжу там крынічкі ды
У вогнішча кідаю,
А потым з попелу раблю
Дзеля валос алей
І крышку грошыкаў тады
Я маю ад людзей.
Я ж разважаў, як цэлы год
Мне цеста спажываць
Аладкавае, каб у шляху
Мне тлушчу панабраць.
Старога я хістаў, пакуль
Ён не пачаў сінець,
І, як шаленец, я крычаў:
- З чаго жывеш ты, дзед?!
- У возеры,- ён адказаў,-
Ўсю ноч траску лаўлю
І з яе вочак у цішы
Я гузікі раблю.
Не маю золата за іх
І срэбра я не бачу,
Мне медным грошыкам народ,
За працу ту аддзячыць.
Бывае масляны рулет
Я адшукаю ў снезе,
Ці колы адшукаю я
Сярод дрыгвы у лесе.
Вось гэткім шляхам на жыццё
Я сродкі набываю
І келіх, хлопча, за цябе
Высока падымаю!
Старога я пачуў, бо ўжо
Я вырашыў, як мне
Мост ад іржы уратаваць
Зварыўшы у віне.
Аддзячыў дзеда за расказ,
Што мне апавядаў,
(А болей мо за келіх той
Што за мяне падняў.)
Калі прыклею пальцы я
Адзін да аднаго,
Ці траплю ў левы чаравік
Я праваю нагой,
Калі вялізным камянём
Сваю пяту задзеў,
І льюцца слёзы ручаём,
Я зноўку быццам з тым дзядком
З непаслухмяным языком,
Чые валасы, як малако,
Падобны тварам з крумкачом,
З вачамі, што блішчаць вагнём,
З цяжкою долей, хто знаём,
Гайданы лёгкім скразнямом,
З страшэнна ціхім галаском,
З, нібы набітым цестам, ртом,
Што фыркаў, быццам быў быком,
Што неяк цёплым летнім днём,
На веснічках сядзеў.”
Праспяваўшы апошнія радкі сваёй балады, Вешнік падабраў вузду і направіў свайго каня ў той бок, з якога яны толькі што прыйшлі.
- Апошнія пяць метраў, ты пойдзеш адна,- прамовіў ён,- спусцішся па схіле, перасячэш ручай і ты – Каралева. Але спачатку... правадзі мяне, калі ласка,- спыніў Вершнік Алісу, якая ўжо гатова была несціся ў тым напрамку, які указаў Вершнік.- Не доўга. Ці не памахаеш ты сваёй хусткай, пакуль я не павярну? Думаю, гэта крыху падбадзёрыць мяне.
- Зразумела, я пачакаю,- адказала дзяўчо,- дзякуй вам... за тое, што праводзілі мяне... і за песню таксама... яна мне вельмі спадабалася!
- Няўжо!- сумняваючыся прамовіў Вершнік,- але ж ты не праліла ані слязінкі.
Яны паціснулі адно аднаму рукі і рыцар павольна паскакаў у лес.
- Думаю, не трэба праводзіць яго задоўга,- сказала сабе Аліса, гледзячы Вершніку ў след.- Зноў кульнуўся!.. І як заўжды галавой!.. Але ўзвершыўся лёгка... пэўна з-за той колькасці рэчаў, што вісяць на яго кані...- дадала дзяўчынка, працягваючы назіраць за канём, што павольна рухаўся па дарозе, і Вершнікам, што ўвесь час, спаўзаў ці ў той, ці ў іншы бок. Кульнуўшыся яшчэ чатыры-пяць разоў, ён дасягнуў павароту. Аліса памахала яму хусцінкай і крышачку пачакала, пакуль ён не знікне з поля яе зроку.
- Спадзяюся, што гэта насамрэч яго падбадзёрыла,- прамовіла яна, збягаючы са схіла,- а цяпер хучшэй да ручайка і я... Каралева! Як выдатна гэта гучыць!- У колькі крокаў яна дабегла да ручая і, прыгнуўшы праз яго, крыкнула.- Нарэшце, Восьмая клетка!
Яна прызямлілася, на мяккую, як коўдра траву, на якой сям-там у шахматным парадку былі размешчаныя кветнікі.
- Як жа тут хораша, добра што я нарэшце тут апынулася! Вой, а што гэта на маёй галаве?- напалохана ўсклікнула Аліса, адчуўшы рукамі нешта цвёрдае, што крута ахапіла яе галаву.- Што там магло апынуцца без майго жадання?- сказала яна сабе, здымаючы прадзмет з галавы і кладучы на калені, каб лепш разгледзіць.
Гэта была залатая карона.