Тым часам яйка, усё болей павялічвала свой памер і ўсё болей пачынала быць падобным да чалавека. Калі Аліса наблізілася да яго на адлегласць у колькі метраў, яна разгледзіла ў яго нос, рот і вочы. А калі дзяўчынка падыйшла зусім блізка, яна зразумела што перад ёй сам ХАНЬЦІ-ДАНЦІ.
- Наўрацці гэта хтось іншы,- сказала яна сабе.- Я ўпэўненая ў гэтым, быццам імя напісана на яго твары.
А імя мажліва было напісаць, з меншага разоў гэтак сто. Ханьці-Данці сядзеў на высокай сценцы ў палову цаглінкі, склаўшы ногі па-турэцку... Аліса з цяжкасцю магла ўявіць, як ён трымаецца ў раўнавазе... Тым не менш, яго вочы былі спакойнымі і глядзелі строга наперад, і колькі часу дзяўчынка была ўпэўненая, што ён нежывы.
- А як жа ж ён падобны да яйка,- сказала яна ўголас, на ўсялякі выпадак раскінуўшы рукі, каб злавіць яго, калі ён зваліцца.
- Людцы! Як мне гэта абрыдла,- прамовіў Ханьці-Данці пасля доўгай паўзы, гледзячы па-над Алісінай галавой,- рашуча ўсе клічуць мяне яйкам!
- Але ж я толькі сказала, што Вы да яго падобныя, Сэр,- далікатна сказала Аліса,- На самае прыгожае яйка ва ўсім свеце,- дадала яна, спадзеючыся, што гэта будзе для Ханьці- Данці накшталт кампліменту.
- Некаторыя,- заявіў ён, працягваючы глядзець ў адну кропку,- дурней за самае малое дзіця!
Аліса ў разгубленнасці не ведала, што адказаць. Гэта ўвогуле не было падобна на пачатак размовы, паколькі Ханьці звяртаўся нібы сам да сябе, ці да дрэва, што стаяла за спіной у дзяўчынкі... Таму яна стаяла і ціхенька прыпамінала знаёмую з дзяцінства песеньку:
“Ханьці-Данці на сценцы сядзеў,
Перакуліўся ды ўніз паляцеў.
Хто пехам прыбег, а хто на кані
Сабраць Ханьці-Данці няможна.
Ані.”
- Апошняе слова неяк выбіваецца з вершыка,- дадала яна ўголас, забыўшы, што яе могуць пачуць.
- Чаму ты размаўляеш сама з сабой?- спытаў Ханьці-Данці ў першыню паглядзеўшы на Алісу,- Лепш скажы мне сваё імя і як маешся.
- Я - Аліса, а...
- Якое благое імя,- перарваў яе Ханьці.- Што яно значыць?
- А хіба, павінна?..- сумняваючыся адказала дзяўчо.
- Людцы!.. Зразумела ж павінна,- усміхнуўшыся паведаміў Ханьці-Данці,- напрыклад, маё імя кажа аб тым, што я... самы прыгожы “Я” ва ўсім свеце. А з такім імем, як у цябе можна быць кім заўгодна!
- А чаму Вы сядзіцё тут у адзіноце?- каб не спрачацца далей, перавяла тэму ў іншую плынь Аліса.
- Таму, што для дваіх тут замала месца!- усклікнуў той.- Ці ж ты думала, што я не ведаю адказа на гэтае пытанне? Спытай яшчэ штось…
- А ці не здаецца вам, што тут ўнізе значна лепей?- працягвала дзяўчынка, не будучы ў стане змяніць тэму, таму што надта за яго непакоілася.- Сценачка, такая танюсенькая!
- Твае пытанні такія лёгкія, каб ты ведала!- пакрыўдзіўся Ханьці-Данці.- Ты, не маеш аніякай рацыі! Таму што, нават, калі я перакулюся на зямлю... а гэта наўрацці... але, калі ўявіць неверагоднае...- з гэтымі словамі, ён ганарыста надзьмуўся, і Аліса ледзь стрымала смех.- Дык вось, калі я нават і звалюся адсюль,- працягваў Ханьці,- Сам Кароль...уяўляеш, Кароль!.. сваімі ўласнымі вуснамі абяцаў даслаць мне на дапамогу ўсіх сваіх падданых, каго... каго...
- ... Каго пехам, а каго на кані,- не ўстрымалася Аліса, што з яе боку, было надта неразумным крокам.
- А Мамка ж мая!- ускрыкнуў Ханьці-Данці, адначасова здзівіўшыся і раз’юшыўшыся.- Ты падслухоўвала... за дзвярыма... не, стаяла за дрэвам.... схаваўшыся ў каміннай трубе... Як ты здагадалася?!
- Прачытала,- далікатна адказала яна,- у кнізе!
- Ну, канечне! Канечне, аб гэтам было напісана ў кнізе,- супакоіўшыся прамовіў Ханьці.- У падручніку па “Гісторыі Англіі”. Глядзі на мяне уважліва! Я той, хто размаўляў з самім Каралём. Калі ў цябе будзе магчымасць паглядзець на падобнага героя? Ты толькі не палічы, што я гэтым ганаруся, ты нават можаш паціснуць мне руку!- Яго ўсмешка распаўзлася ад вуха да вуха, калі ён нахіляўся да дзяўчынкі (пры гэтым, ён цудам не зваліўся са сваёй сценцы) і працягваў ёй сваю руку. А дзяўчынка напалохана назірала за ім.
- Калі ён ўсміхнецца, хаця б крыху шырэй, яго вусны сустрэнуцца ззаду,- вырашыла Аліса,- Што будзе з яго галавой?! Ці не адваліцца?!
- Так! Хто пехам, хто на кані, але прынясуцца ўсе да шчэнту,- працягваў Ханьці-Данці.- Яны сабяруць мяне не болей, чым за хвіліну! Але ж мы адхіліліся ад нашай тэмы, аб чым у нас ішла гаворка?
- Я ўжо і не прыпомню,- ветліва прамовіла дзяўчынка.
- Тады, пачнем нанова,- знайшоўся яе суразмоўца,- цяпер пытацца буду я (“Ён кажа так, нібы мы з ім гуляем!”- падумала Аліса),- Увага, пытанне! Колькі табе год?
- Сем год і шэсць месяцаў.- амаль не задумваючыся адказала яна
- Не!- трыўмфуючы ўсклікнуў Ханьці-Данці.- Ніколі не кажы падобнага!
- А як тады? Растлумачце!- спытала Аліса.
- У мяне няма настрою, гэтым займацца,- заявіў Ханьці.
Але ж дзяўчынку гэта не задаволіла, таму яна працягвала,пазбягаючы на яго глядзець.
- Сем год і шэсць месяцаў,- глыбокадумна прамовіў ён.- Няўтульны для ўспрымання ўзрост. Калі б ты спытала ў мяне раней, я б параіў табе спыніцца на сямі... але зараз ужо запозна выпраўляць!
- Мне не патрэбны падобныя парады!- раз’юшылася Аліса.
- А якая ж ты ганарлівая, каб ты ведала!- пачуўся адказ.
- Няўжо?- пачала шалець дзяўчынка.- А хіба можна спыніць свое сталенне?
- Сам насам не,- паведаміў Ханьці-Данці,- але, калі б ты мела памочніка, магла б і супыніцца на сямі.
- Які ў Вас прыгожы пас,- нечакана сказала Аліса.
(Яна вырашыла, што ўжо досыць наразмаўлялася на тэму ўзросту і размову трэба было працягваць далей, тым больш. што была яе чарга пачынаць.)
- Вой, не!- паправілася яна, крыху паразважаўшы,- я мела на ўвазе “прыгожы гальштук”, ці ўсё ж такі пас... прабачце мяне, калі ласка!- напалохалася дзяўчынка, Ханьці-Данці выглядаў смяротна пакрыўджаным, яна пачала шкадаваць аб тым што змяніла тэму.- Каб я ведала,- падумала Аліса,- дзе ў яго шыя, а дзе талія?
Ханьці-Данці, напэўна быў раззлаваны ўшчэнт, ён маўчаў хвіліну, ці дзве. Калі ён спрабаваў сказаць штось, яго голас больш нагадваў гыркатанне.
- Мяне яшчэ ніколі не крыўдзілі гэткім чынам,- ўрэшце прамовіў ён,- няўжо нельга адрозніць гальштук ад пасу?
- Каб Вы ведалі, наколькі я дурная,- прамовіла баязліва дзяўчо, каб супакоіць Ханьці-Данці.
- А маё ты дзіця, канечне ж гэта гальштук і вельмі прыгожы, як ты ўжо заўважыла. Гэта падарунак ад Белага Караля і яго Каралевы! Вось!
- Ды няўжо?- прамовіла Аліса, вельмі задаволеная тым, што звярнула на гэта ўвагу.
- Яны падаравалі яго мне,- глыбокадумна працягваў Ханьці-Данці, паклаўшы адну нагу на другую і трымаючы гальштук у руках, каб дзяўчынка магла лепш яго разгледзіць,- на нядзень нараджэння!
- Калі? Прабачце не зразумела!- разгубілася яна.
- Я не крыўдую,- адказаў Ханьці.- Што ты не зразумела?
- Аб падарунке на Нядзень нараджэння,- крыху падумаўшы адказала Аліса.- На Дзень нараджэння падарункі дораць, гэта я ведаю, а каб гэдак...
- Ты папросту ніколі аб гэтым не думала!- ускрыкнуў Ханьці-Данці.- Вось глядзі, колькі дзён доўжыцца год?
- Трыста шэсцьдзесят пяць!
- А колькі з іх ты святкуеш, Дзень нараджэння?
- Адзін.
- А калі ад трохсот шасцідзесяці пяці адняць адзін, колькі будзе?
- Трыста шэсцьдзесят чатыры, вядома!
- Палічы лепш на паперцы,- засумняваўся Ханьці-Данці.
Аліса, усмяхаючыся дастала з кішэні блакнот з алоўкам і палічыла ў слупок:
365
-1
364
- Здаецца ўсё верна...- сказаў Ханьці, самым уважлівым чынам, разгледзеўшы Алісіны вылічэнні.
- Вы трымаеце яго да гары нагамі,- заўважыла Аліса.
- Аёечку!- узвесяліўшыся прамовіў Ханьці-Данці, калі дзяўчынка перагарнула блакнот.- А я гляджу, твае лічбы нейкія дзіўныя. Але, як я ўжо казаў, ўсё здаецца рэшана верна... Хаця я не маю часу, каб разгледзіць ўсё больш дакладна... Дык вось, ёсць трыста шэсцьдзесят чатыры дні, калі ты можаш атрымаць падарунак на Нядзень нараджэння...
- Так!
- І толькі адзін, каб атрымаць падарунак на Дзень нараджэння. Вось табе і хвала!
- Не разумею, пры чым тут “хвала”,- разгубілася Аліса.
- Вядома, не зразумееш,- хціва ўсмяхнуўся Ханьці-Данці,- пакуль я не растлумачу. Я меў на ўвазе: “Самы добры аргумент у спрэчцы”!
- Але ж “хвала” не значыць “самы добры аргумент у спрэчцы”,- не згадзілася дзяўчынка.
- Калі я карыстаюся якімсьці словам,- пагардліва сказаў той,- яно значыць тое, што я хачу, каб яно значыла... не больш, не менш!
- Дзіва нейкае,- сказала Аліса,- няўжо можна прымусіць словы мець зусім іншы сэнс.
- Зразумела ж,- пачуўся адказ,- але, каб гэтак рабіць, трэба быць сапраўдным майстрам слова.
Аліса была настолькі збянтэжана гэтай заявай, што колькі часу не ведала што й казаць, таму праз хвіліну-другую размову пачаў сам Ханьці-Данці.
- Каб ты ведала словы як я! Некаторыя з іх маюць такі паганы нораў, асабліва дзеясловы, яны самыя ганарлівыя з усіх. Вось с прыметнікамі яшчэ сяк-так, з імі і ты зладзіш, а дзеясловы... А вось Я, магу кіраваць нават колькімі адначасова! НЕДАТЫКАЛЬНАСЦЬ! Гэдак толькі я магу!
- Растлумачце, калі ласка, а што гэта значыць?
- А вось цяперча ты кажаш, як і трэба разумнай дзяўчынцы,- пахваліў Алісу Ханьці, а яго вочы свяціліся ад задавальнення.- Калі я кажу “Недатыкальнасць”, я маю на ўвазе, што гэтую тэму мы ўжо разгледзілі дастаткова, і час пераходзіць да наступнай, паколькі, як я разумею, ты не збіраешся сядзець тут да сівога валосся.
- А ці не здаецца вам, што для аднаго слова гэта занадта?- глыбокадумна заўважыла дзяўчынка.
- Не хвалюйся, мае дзіця, калі слову прыходзіцца працаваць зашмат,- супакоіў яе Ханьці-Данці,- яно заўжды атрымлівае дадатковую плату.
- Ёечку!- толькі і змагла вымавіць Аліса, паколькі чарговы раз была збянтэжана і не магла сказаць штось больш.
- Каб ты бачыла, як яны па чарзе прыходзяць да мяне вечарам у суботу,- працягваў Ханьці-Данці, хістаючы галавою з самым сур’ёзным выглядам,- за сваім заробкам!
(Аліса не рызыкнула спытацца, колькі ён плаціць словам, таму і я нічога не магу паведаміць на гэты конт.)
- Калі вы гэдак добра ведаеце словы, Сэр,- спыталася дзяўчынка.- Ці ж не маглі бы Вы, растлумачыць мне паэму “Жаблацмокія”?
- Напомні аб чым там, а лепш прачытай,- сказаў Ханьці-Данці.- Я магу растлумачыць усе паэмы якія толькі існуюць... і шмат якія з тых, што яшчэ нават не напісаны.
Гэта гучала шматабяцальна, таму Аліса прыняла свой ўлюбёны артыстычны выгляд і пачала:
“Ў час верчавання, крыпезу
Свюлiлi склiбкiя таўкi.
Ды шкробныя, як баргузы,
Смыхчалi мамсюкi.”
- Пакуль годзе,- супыніў яе Ханьці-Данці.- Цяжкіх слоў тут і так вышэй даху. Але пачнем “Час верчавання” - гэта а чацьвёртай дня - Час гатавання вячэры.
- Вой, як цікава,- прамовіла Аліса.- а “Склібкія”?
- “Склібкія” - гэта “Гібкія і Склізкія”, а “Гібкія” - тое самае, што “Актыўныя”. Гэта як партманэт: адно слова мае два сэнсы.
- Буду ведаць.- глыбокадумна адказала дзяўчынка.- А хто такія “Таўкі”?
- “Таўкі” - гэта такія жывёлы. Яны адначасова падобны да барсука, яшчаркі і штопара.
- Напэўна, гэта даволі цікавыя істоты?
- А то ж,- адказаў Ханьці-Данці,- яны любяць ладзіць свае гнёзды ля сонечных гадзіннікаў, а сілкуюцца сырам.
- А што такое “Свюліць”?
- “Свюліць” - гэта “Свярліць” штосьці і пры гэтым круціцца як тая “Юла”.
- А “Крыпеза” - гэта напэўна газон вакол сонечнага гадзінніка, ці так?- спыталася Аліса, сама здзівіўшыся сваёй вынаходлівасці.
- Зразумела ж, мая ты любая! А крыпезой яго называюць таму, што расце ён, крыху наперад, крыху назад...
- І крыху па-за.- дадала дзяўчынка
- Твая праўда. Далей, “Шкробныя” - гэта “Хрупкія як шкло і да таго ж Убогія” (яшчэ адно слова-партманэт, разумееш?). А “Баргузы” - гэткія вельмі нязграбныя птушкі, ў якіх пер’е тарчыць ва ўсе бакі, гэткія жывыя шчоткі для падлогі.
- А “Мамсюкі”?- спытала Аліса.- Я баюся, што хутка вам абрыдну.
- Што ты? Мне шчасце дапамагаць камусь!- супакоіў яе Ханьці.- “Мамсюкі” - гэта зялёныя парсючкі, якія, я, канечне, не надта ўпэўнены, але здаецца, згубілі дарогу дамоў, то бок заблукалі.
- А “Смыхчаць”?
- “Смыхчанне” - гук, які з’яўляецца адначасова “Мычаннем”, “Свістаннем” с “Чыхам” па сярэдзіне. Ты, напэўна, яго нават чула... там у лесе. Ну, ці задаволена ты, мае дзіцятка? Дзе ты знайшла гэткі складаны верш?
- Прачытала ў адной кнізе,- адказала яна.- І мне чыталі... Але нашмат лягчэйшыя за гэты. Па-мойму Цілідзін!
- Што датычыцца паэзіі,- прамовіў Ханьці-Данці, артыстычна складаючы рукі,- Калі так, я сам чытаю верш не горш за астатніх.
- Вой не! Навошта! Не турбуйцеся!- шпарка прамовіла дзяўчынка, спадзеючыся, што гэта яго спыніць.
- Тое, што я зараз прачытаю,- Ханьці быццам не чуў Алісіных слоў,- я напісаў спецыяльна, каб цябе пазабавіць.
Зразумеўшы, што ў любым выпадку слухаць прыйдзецца, яна маркотна падзякавала аўтару і прысела.
“Зімой, калі завея злая,
Цябе я песняй забаўляю...”
Зразумала, я гэта не спяваю...- дадаў Ханьці.
- Я бачу,- адказала Аліса.
- Няўжо ты можаш бачыць спеў, калі так, ты маеш выдатнейшы зрок!- сувора адказаў ён. Каб не пакрыўдзіць яго зноў, Аліса замаўчала.
“Калі Вясна зямлю адновіць,
Я растлумачу песні словы.”
- Дзякуй вам вялікі,- прамовіла дзяўчо.
“І летнім сонцам адагрэта,
Ты зразумееш песню гэту.
Як восень загрукоча ў дзверы,
Усё запішаш на паперы.”
- Калі буду іх датуль памятаць,- прамовіла Аліса.
- Твае словы,- адказаў на гэта Ханьці-Данці,- раняць мяне, няўжо ты зможаш гэта забыць?- але працягваў:
“Я рыбкам ў мора ліст даслаў
Ў ім напісаў: “Я пажадаў!”
І ўрэшце рэшт, праз нейкі час,
Ад рыбак атрымаў адказ.
Там напісана: “Мы нічым,
Не можам вам дапамагчы””
- Баюся, што не разумею, аб чым ідзе гаворка,- заўважыла дзяўчынка.
- Не хвалюйся, далей верш будзе значна лягчэй,- адказаў Ханьці.
“Я зноўку рыбкам напісаў,
Слухмянасці патрабаваў,
І атрымаў ад іх адказ:
“Тон памяняць мы просім вас!”
Пісаў ім раз і два пісаў:
Ані радка не атрымаў.
Ад гэткіх спраў я раззлаваў,
Таму кацёл з паліцы зняў.
Пакуль ваду я наліваў,
Я грукат сэрца адчуваў.
Мне лістанош прыйшоў сказаць,
Што рыбы ўжо у ложках спяць.
Яму сказаў: “Тады ідзі
І зараз жа іх разбудзі!”
Не варухнуўся ён. Пачаў
У вуха я яму крычаць.”
Гэтыя радкі Ханьці-Данці насамрэч пракрычаў і зрабіў гэта настолькі громка, што Аліса ўзрадавалася, што яна не на месцы беднага лістаноша.
“Ён мне няўмольнасць паказаў,
Ён “Не крычы”- мне адказаў.
Ён з гонарам прамовіў мне:
“Я разбудзіў бы іх, але...”
Я штопар ўзяў і непахісна
Пайшоў будзіць іх асабіста.
Я дзверы ўбачыў і пачаў
Ў іх стукацца, за іх крычаць:
“Прачніцеся дурныя рыбы!”,
І разбудзіў бы іх, калі бы...”
Пачалася доўгая паўза.
- І гэта ўсё?- баязліва спыталася дзяўчынка.
- Так. Гэта ўсё!- адказаў Ханьці-Данці.- Бывай!
Гэта прагучала настолькі нечакана, што спачатку Аліса разгубілася, але вырашыла, што ёй падобным чынам паказваюць, што болей не жадаюць яе бачыць, і заставацца тут далей не надта шляхетна. Таму паднялася і працягнула яму руку.
- Да хуткай сустрэчы!- як мага больш вясёлым тонам прамовіла яна.
- Нават калі мы сустрэнемся зноў, не ўпэўнены, што пазнаю цябе,- незадаволена адказаў Ханьці, працягваючы дзяўчынцы толькі адзін палец,- вы людзі так падобныя адно да аднаго.
- Але ж твары ў нас розныя.- задумліва прамовіла Аліса.
- Не кажы ерунды,- адказаў ён.- Усе вашы твары выглядаюць заўжды аднолькава - два вока (ён намаляваў іх у паветры пальцам), пасярэдзіне нос, а пад ім рот. Заўсёды адно і тое ж. Але, калі б у цябе абодвы вокі былі з аднаго боку ад носа, альбо рот на ілбе... пазнаць цябе было б даволі лёгка.
- Гэта выглядала б даволі брыдка,- заўважыла дзяўчынка. Але Ханьці-Данці толькі заплюшчыў вочы і спытаў:
- А хіба ж ты спрабавала?
Аліса крыху пастаяла, каб упэўніцца, што з ёй больш не размаўляюць. Але паколькі вочы Ханьці больш не расплюшчваліся, і здавалася, што ён забыўся аб дзяўчынцы, яна яшчэ раз развіталася і, не атрымаўшы аніякага адказу, спакойна пайшла прэч, разважаючы сам-насам:
- Ён самы непрыемнейшы!- Аліса сказала гэта громка, адчуваючы задавальненне ад таго, што ужывае гэткае доўгае слова,- самы брыдотнейшы з тых, каго я колісь сустракала...
Яна не паспела скончыць сваю думку, паколькі адчула ў лесе мацнейшы гук нечага падзення.