У адным можна быць упэўненным, белае кацяня не мае да гэтай гісторыі аніякага дачынення, і віна поўнасцю ляжыць на ягонай чорнай сястрычцы. Апошнія чвэрць гадзіны мама-кошка ўмывала яго мысачку (гэта цалкам яго апраўдвае); таму яно пры ўсім жаданні не магло нашкодзіць.
А рабіла Дзіна гэта наступным чынам - адной лапай яна прыціскала вуха небаракі да зямлі, а другой старанна цёрла ўсю яго мысачку, супраць поўсці, ад вушэй да носа і, як я ўжо паведамляў, была цалкам занятая белым кацянём, якое пры гэтым нават спрабавала варкатаць, пэўна адчуваючы, што дадзеная працэдура яму толькі на карысць.
Але чорнае кацяня было вымыта яшчэ ранкам, таму сядзела ля велізарнага крэсла, у якім уладкавалася Аліса. Дзяўчынка размаўляла сама з сабой у паўсне, а кацянё гуляла з клубком нітак, які тая хвіліну таму зматала. Малое качала клубок сюды-туды, пакуль ушчэнт не разматала па ўсяму дыванку, заблытаўшы ніткі і зрабіўшы колькі вузлоў, а потым прынялося гуляцца з уласным хвосцікам сярод гэтага раздраю.
- А, каб ты ведала, якая ж ты благая,- усклікнула Аліса, схапіўшы кацяня і злёгку пацалавала яго, каб паказаць, што злуецца.- Мне здаецца, што Дзіне трэба больш увагі надаваць навучэнню вас манерам! Дзіна, ты мяне чуеш, папрацуй над іх шляхетнасцю!- дадала яна, сувора зірнуўшы на маму-кошку, самым пагрозлівым голасам, на які толькі была здольная. Потым Аліса зноў уладкавалася ў сваё вялізнае крэсла, разам з кацянём і ніткамі і пачала нанова матаць клубок. Яна рабіла гэта надта павольна, паколькі ўвесь час размаўляла, альбо з кацянём, альбо сама з сабой. А Кіці (так клікалі кацяня) сціпла сядзела на яе каленях, робячы выгляд, што ўважліва назірае за Алісінай працай і ад часу дакраналася да клубка, быццам дапамагаючы дзяўчынцы.
- Ты ведаеш, Кіці, што будзе заўтра?- спытала ў кацяняці Аліса.- Ты б здагадалася, калі б глядзела разам са мной у вакно, але ў гэты момант цябе ўмывала Дзіна. А я бачыла хлопцаў, якія збіралі паліва для вогнішча, вялікую колькасць дравінаў! Яны працавалі, ажно пакуль не стала вельмі халодна.Але не хвалюйся, Кіці, мы паглядзім на вогнішча заўтра!
Аліса наматала колькі нітак на шыю кацяняці, каб паглядзець, ці прыгажэй яно будзе выглядаць, але Кіці пачала з імі гуляцца, у выніку чаго клубок зваліўся на падлогу і зноў разматаўся.
- Кіці! Мая ж ты халерка! Я зараз раззлуюся па-сапраўднаму!- працягвала Аліса, пачынаючы працу нанова,- калі ты зробіш гэдак яшчэ раз, я раскрыю вакно і выкіну цябе на снег! Ты гэтага даўно заслугоўваеш, мая любая шкодзінка! Як ты растлумачыш свае паводзіны? Добра, не перашкаджай мне!- дзяўчынка працягвала, пагрозліва падняўшы палец.- Зараз я пералічу ўсе твае правіннасці. Першае, ты двойчы піскнула, калі Дзіна прыбірала цябе з ранку. Ты маеш адмаўляцца ад гэтага факту? Я ўсё чула! Як ты кажаш?- (яна ўявіла сябе адказ каняняці) - Яна трапіла цябе лапай ў вока? А навошта ты трымала вочы расплючшанымі? Калі б ты гэтага не зрабіла, анічога б не здарылася. Годзе, цяпер маўчы і слухай далей! Другое, ты пачала цягаць Белю за хвост, калі я дала ёй малака! Ты моцна захацела піць?
- А ці ты лічыш, што яна не хацела? І ўрэшце трэцяе, ты разматала ўсе мае ніткі, пакуль я за табой не назірала!
- Ажно тры правіны, Кіці, і ані за адну ты не была пакараная. Я пачакаю да наступнай серады і потым ўжо пакараю цябе за ўсё, што ты нарабіла. Уяўляю сабе, што было б, калі так рабілі са мной!- сказала Аліса, больш сабе, чым кацяняці.- Напрыклад, каралі мяне толькі напрыканцы года? Мяне б напэўна пасадзілі ў турму і хутчэй за ўсё ў кандалах. Ой не! Калі б напрыклад за кожную правіну мяне пакідалі без вячэры, аднойчы я б засталася без пяцідзесяці вячэраў запар! Здаецца мне, гэта было б не вельмі прыемна! Хаця было б яшчэ горш, калі б мне прыйшлося з’есці пяцьдзесяць вячэраў адразу!
- Ты зноў мяне не слухаеш, ты назіраеш за снегам на вуліцы? Ён падае так ціха, мягка! Нібы хтосьці цалуе шкло звонку. Няўжо снег настолькі любіць дрэвы і дамы, што цалуе іх так далікатна? А потым лагодна ўкрывае сваёю коўдрю і магчыма прамаўляе: “Спіце, мае любыя, пакуль зноў не прыйдзе лета!” А калі яны прачынаюцца летам, Кіці, то апранаюць сваю лепшую зялёную вопрадку і танчаць на сваіх месцах, калі на іх дзьме вецер, а як жа гэта цудоўна!- усклікнула Аліса, на хвілінку паклаўшы на калені ніткі, каб пляснуць сваімі далонькамі.- Ах, як бы я жадала, каб гэдак было на самой справе! Лес сапраўды ўвосень выглядае такім сонным, калі лістота на дрэвах жаўцее.
- Кіці, а ці іграеш ты ў шахматы? Не ўсміхайся, даражэнькая, я сур’ёзна. Калі мы сёння ігралі, ты самым уважлівым чынам назірала за намі, а калі я аб’явіла “шах”, пачала варкатаць! Які гэта быў цудоўны “шах”, Кіці, і калі б не гэты брыдотны Вершнік, я несумненна перамагла, як ён толькі падабраўся да маіх фігур. Кіці, любая мая, а давай уявім...
Я, шкада не ведаю і паловы таго, што Аліса прапануе штохвіліны зрабіць, прамаўляючы сваю улюбёную фразу: “Давайце ўявім!” Дзень таму, яна мела даволі сур’ёзную спрэчку са старэйшай сястрой на гэты конт. Калі Аліса прамовіла: “Давай ўявім, што мы каралі ды каралевы”, яе сястра, якая любіла дакладнасць ва ўсім, сказала, што гэта немагчыма, таму што іх толькі дзве, Аліса здалася і вымушаная была прамовіць: “Добра, ты будзеш толькі адной каралевай, але... я буду ўсімі астатнімі адначасова!” А аднойчы, яна моцна напалохола сваю старую нянечку, гаркнуўшы ёй на вуха: “Няня! Давай уявім, што я галаднюсенькая гіена, а ты костка!”
Але мы крышачку адцягнулі ўвагу ад размовы Алісы з кацянём.
- Давай уявім, што ты Чорная Каралева, Кіці! Калі б ты села і скрыжавала свае лапкі, ты б моцна была на яе падобнай. Паспрабуй, сонейка!- Аліса зняла Чорную Каралеву з дошкі і паставіла яе перад кацянём, як ўзор. Але нічога не атрымалася, казала потым дзяўчынка, бо Кіці катэгарычна не жадала складваць лапкі, як трэба. Тады яна ўзяла кацяня за шкварку і паднесла да люстэрка, каб паказаць наколькі блага ў яго атрымліваецца,- Зараз жа зрабі, як трэба! - а потым дадала,- Альбо я кіну цябе ў Дом, які знаходзіцца па-за люсэркам. Ці ты хочаш гэтага?
- Калі ты ўважліва будзеш слухаць, Кіці, і не будзеш мяне перапыняць, я крыху распавяду табе свае думкі аб доме, што знаходзіцца за люстэркам. Першае - гэта пакой, які мы можам назіраць скрозь шкло - ён моцна падобны на нашую гасцёўню, толькі ўсё наадварот. Я, калі забяруся на крэсла, магу назіраць яе ўсю, акрамя каміна. Ах, блага, што мне нельга гэтага зрабіць! Мне б хацелася ведаць, ці запальваюць яны яго ўзімку, хаця, калі наш камін палае, і з яго ідзе дым, такі самы дым бачна і ў люстэрке, але магчыма мне гэта толькі здаецца, можа яны толькі робяць выгляд, што ў іх каміне ёсць агонь. Нават іх кнігі падобныя на нашыя, толькі літары напісаныя зправа-налева; я гэта дакладна ведаю, таму што падносіла адну з кніг да шкла, а яны трымалі такую ж у сваіх руках.
- Ці хацелася б табе, Кіці, жыць у Доме за люсэркам? Толькі, вось пытанне, ці далі б табе там малака? А калі б і далі, ці можна яго піць? І самае галоўнае, як нам туды трапіць? Ты можаш добра бачыць гасцёўню і частку калідору, калі дзьверы ў пакоі дастаткова шырока расчыненыя, і тая частка падобна да нашага ўласнага калідору, а як выглядае астатняе? Вох, Кіці, як было б добра, калі б мы змаглі прайсці праз шкло! Я амаль упэўнена, што гэта магчыма! Ёечку! Гэта было б больш чым выдатна!
- А, давай ўявім, што ведаем гэты спосаб, Кіці. Што шкло, падобнае на смугу, і праз яго можна прайсці. Ай, але ж яно насамрэч ператвараецца на смугу! Цяпер праз яго з лёгкасцю можна прайсці!- сказала яна, стоячы на каміннай палічцы, хаця і не зразумела, як там апынулася. А шкло, між тым пачало таяць, як той серабрысты туман.
Праз імгненне, Аліса ўжо была з адваротнага боку і скокнула на пол Люстраной Гасцёўні. Першае на што Аліса звярнула ўвагу, ці гарэў камін, і ёй было вельмі прыемна даведацца, што таксама, як і яго брат з нашага свету, Люстарны Камін даволі ярка палаў.
- Выдатна, значыць мне тут будзе цёпла, як і ў Маёй Гасцёўні,- вырашыла Аліса,- нават яшчэ цяплей, бо няма нікога, хтоб гнаў мяне ад агню. Вось яны здзівяцца, калі ўбачаць мяне тут праз шкло, а дабрацца да мяне не змогуць!
Тут, яна азірнулася па баках і заўважыла, што тыя рэчы, якія былі бачныя з Яе Гасцёўні, былі звычайнымі і нецікавымі, але ўсё астатняе выглядала звыш чым дзіўна. Напрыклад карціны, што віселі па-над камінам былі жывымі, а гадзіннік на каміннай палічцы (яе крыху бачна ў Люстэрку) меў твар, маленечкага старога, які ёй усміхнуўся.
- Гэты пакой не такі акуратны, як наш,- вырашыла Аліса, калі заўважыла, колькі шахматных фігур у ачагу сярод попелу, а ў наступны момант - Айёйку - сурпрыз, Аліса нават прысела на падлогу, каб лепш бачыць, шахматныя фігуркі павольна шпацыралі, ўзяўшыся за рукі!
- Вось, Чорныя Кароль з Каралевай,- сказала Аліса (шэптам, каб не напалохаць іх),- а гэта - Белы Кароль са сваёй жонкай сядзяць на краі шуфліку... А вось ідуць, узяўшыся за рукі, дзве Вежы... Думаю яны не чуюць мяне,- працягвала яна, апускаючы галаву ніжэй,- а магчыма, нават і не бачаць. Можа й не, але я адчуваю сябе нябачнай...
Штосьці моцна запішчэла на стале за Алісінай спіной, яна азірнулася і ўбачыла, што адна з Белых Пешак упала і качаецца па стале. Аліса дапытліва пачала чакаць, што будзе далей.
- Гэта голас маёй дзяўчыначкі!- енкнула Белая Каралева, хутка адрынуўшыся ад Караля так, што той апынуўся ў попеле.- Маёй каштоўнейшай Лілі! Майго імператарскага кацянятачкі!- і яна пачала шпарка лезці па камінным кратам.
- Імператарская брыда,- сказаў Кароль, паціраючы нос, які пашкодзіў пад час падзення. Ён крыху злаваўся на Каралеву, бо з ног да галавы быў забруджаны попелам.
Аліса, заўсёды любіла камусьці дапамагаць, а паколькі малая Лілі крычала ўсё мацней, яна далікатна ўзяла Каралеву і паставіла яе на стол ля плачучай дачкі.
Каралева, цяжка дыхаючы, села. Гэткая хуткая вандроўка па паветры перахапіла яе дыханне, і ўсё, што яна магла, гэта моўчкі сядзець, абняўшы малую Лілі. Як толькі яна крыху супакоілася, яна крыкнула Каралю, які насупіўшыся працягваў сядзець сярод попелу:
- Сцеражыся Вулкана!
- Якога яшчэ Вулкана?- спытаў Кароль, баязліва паглядзеўшы на агонь у каміне, нібы вырашыўшы, што знойдзе яго там.
- Таго, што кінуў мяне ўгору,- цяжка дыхаючы крыкнула Каралева, яе дыханне пакуль не прыйшло ў норму.- Ідзі звычайным шляхам і сачы, каб і цябе не здула!
Аліса паглядзела на Караля, ён рухаўся вельмі павольна, таму ўрэшце яна сказала:
- Так вы трапіце на стол праз пару гадзін. Можа вам дапамагчы?- Але кароль быццам не пачуў яе пытання, ён увогул не бачыў і не чуў дзяўчынку.
Тады Аліса вельмі далікатна ўзяла яго і панесла павольней і мягчэй за Каралеву, каб у яго не перахапіла дыханне, але, перш чым паставіць Караля на стол, яна вырашыла крышачку яго пачысціць, бо ён ўшчэнт быў забруджаны попелам.
Потым Аліса распавядала, што ніколі ў жыцці не бачыла падобнага твару, які быў у той момант у Караля, калі нябачная рука яго трымала ў паветры і чысціла. Ад здзіўлення ён хацеў штосьці крыкнуць, яго рот і вочы зрабіліся жахліва вялікімі і круглымі. Урэшце рука Алісы пачала дрыжаць ад смеху і яна была вымушаная паставіць яго на зямлю.
- Вой, калі ласка, не трэба рабіць падобнага твару, мой даражэнькі,- усклікнула яна, забыўшыся, што Кароль яе не чуе.- Вы так рассмяшылі мяне, што я ледзь вас не выраніла! І не трэба так шырока разяваць рот, ці весь попел апынецца там. Ну вось цяпер вы чысты!- дадала яна, прыгладзіла яго фрэзуру і паставіла ля Каралевы.
Кароль неадкладна паваліўся на зямлю і гэдак ціха ляжаў, што Аліса пачала непакоіцца аб ім і пайшла па пакойчыку ў пошуках вады, каб пырснуць на яго, але знайшла толькі чарніліцу. Калі Аліса вярнулася да стала, Кароль ужо ачуняў і размаўляў са сваёй жонкай баязлівым шэптам, так ціха, што дзяўчынка ледзь чула словы.
- Вось ані кроплі не лгу, даражэнькая, я з жаху пахаладзеў ажно ды самых бакаў!
- Няма ў цябе ніякіх бакаў!- адказала яму Каралева.
- Гэткага жаху, як у гэты момант,- працягваў Кароль,- я ніколі ў жыцці не забуду, ані!
- Абавязкова забудзеш,- адказала яму жонка,- калі толькі не запішаш у памятную кнігу!
Аліса з цікавасцю назірала, як кароль выцягнуў з кішэні велізарны блакнот і пачаў пісаць. Нечакана ў яе галаву прыйшла адна думка, яна схапіла за кончык аловак, які Кароль трымаў на плячы і пачала пісаць.
Бедны Кароль быў разгублены і азадачаны. Нічога не кажучы, ён колькі часу моўчкі змагаўся з алоўкам. Але Аліса была мацнейшай за яго, і ўрэшце Кароль выпаліў:
- Даражэнькая! Мне патрэбен больш тонкі аловак, з гэтым я не магу ўправіцца, ён піша зусім не тыя рэчы, што я хачу!
- І якія рэчы ён піша,- спытала Каралева, зірнуўшы ў блакнот (там Алісінаю рукою было напісана: “Белы вершнік рухаецца па качарзе і хутка згубіць раўнавагу”),- Хіба ж гэта памятка, аб тваіх адчуваннях?
Тым часам Аліса, пакуль назірала за Белым Каралём (дзяўчынка яшчэ крыху непакоілася аб Каралі і была гатовая пырснуць на яго з чарніліцы, калі той зноў згубіць прытомнасць), заўважыла нейкую вялікую кнігу, якая ляжала на стале, яна ўзяла том і папыталася знайсці, чаго б пачытаць.
- Ой не, тут ўсё напісана моваю, якой я не ведаю,- сказала яна сабе.
Тэкст на старонцы выглядаў вось так.
Яна колькі часу была ў разгубленасці, але ўрэшце здагадалася.
- Зразумела! Вядома, гэта ж Люстраная Кніга! І калі я буду трымаць яе ля шкла, словы будуць напісаныя, як трэба.
Яна падыйшла да люстэрка і прачытала наступную паэму:
Ў час верчавання, крыпезу
Свюлiлi склiбкiя таўкi.
Ды шкробныя, як баргузы,
Смыхчалi мамсюкi.
"Да Жаблацмока не хадзi
У край жахлiвай даўнiны,
Каб не сустрэўся Юб'юб злы
Ды Бандэрцап фрумны."
Але хлапчук ўзяў ворплы меч
I ворлага пайшоў шукаць.
Пад дрэвам тумтумным прысеў,
Каб манлака чакаць.
Але нядоўга ён уфеў:
Паветра, раптам, нехта спёк,
То вогнiшчам забурбулеў
Благлiвы Жаблацмок.
Раз! Два! Раз! Два! Та! Да! Та! Да!
Жыгжыгае лязом клiнок!
I галава ў манлака
Адлётвае у бок!
"Забiт табою Жаблацмок?!
Прамень жа, у рук маiх палон!
О фрабны дзень! О скок! О скок!"-
З усмешкай харлiць ён!
Ў час верчавання, крыпезу
Свюлiлi склiбкiя таўкi
Ды шкробныя, як баргузы,
Смыхчалi мамсюкi.”
- Выглядае прыгожа,- сказала яна скончыўшы,- але цяжка зразумела,- (Аліса, як і заўсёды, нават сабе не прызналася, што не зразумела нічога, ані),- Мая галава перапоўненая думкамі... але не вядома якімі! Адно ведаю дакладна, тут хтосьці забіў кагосьці.
-Але,- падумала Аліса, нечакана падскочыўшы,- калі не паспяшацца, мне прыйдзцца вярнуся назад, перш чым я пагляджу ўвесь астатні Дом! Спачатку трэба паглядзець сад!
Праз імгненне яна была ўжо за межамі гасцёўні і пабегла па лесвіцы... дакладней гэта не зусім нагадвала бег, гэта быў новы спосаб рухацца па лесвіцы хутка і лёгка, вырашыла Аліса. Яна толькі трымалася кончыкамі пальцаў за парэнчы і мягка рухалася ўніз, нават не кранаючыся нагамі прыступак. Дзяўчынка праплыла праз вітальню і пэўна вылецела б у дзверы, калі б не ўхапілася за касяк. У Алісы крыху круцілася галава ад плавання ў паветры, таму яна была задаволеная, што можа працягваць ісці больш натуральным для сябе спосабам.