Раздзел IX Каралева Аліса


- Выдатна,- прамовіла Аліса.- Ніколі не думала, што апынуся Каралевай гэтак хутка... і, як вам гэта падабаецца, Ваша Вялікасць,- сур'ёзным тонам дадала яна (Аліса вельмі любіла ругаць сябе),- Вы сядзіцё на голай зямлі, як невядома хто! Хіба ж гэта прыстойна!- таму дзяўчынка паднялася на ногі... і надзьмута, але асцярожна, каб не звалілася карона, пайшла наперад, але хутка зразумеўшы, што яе ўсё роўна ніхто не бачыць, кінула свае закідоны.

- Калі я насамрэч апынулася Каралевай,- прамовіла яна, зноў прысеўшы на зямлю,- я з цягам часу, навучуся яе насіць.

Раптоўна, Аліса нават не паспела гэтаму здзівіцца, яна апынулася паміж Белай і Чорнай Каралевамі, якія сядзелі з абодвух яе бакоў, яна, зразумела, пажадала спытаць у іх, як яны тут апынуліся, але падумала, што гэта будзе не надта шляхетна. Тым не менш, вырашыла яна, не будзе шкоды ў тым, калі яна спытаецца, ці скончылася гульня.

- Прабачце, ці не маглі б вы мне сказаць...- пачала яна, гледзячы на Чорную Каралеву .

- Ніколі не пачынай размову першай!- рэзка перапыніла яе Каралева

- Але ж, калі кожны будзе прытрымлівацца гэтага правіла,- прамовіла Аліса, якая заўжды была гатовая крышачку паспрачацца,- і кожны чакаў, калі з ім пачнуць размаўляць, усе бы маўчалі...

- Смехата,- усклікнула Каралева.- Зразумей гэта, маё дзіця...- тут яна прыпынілася з суворым выглядам і, паразважаўшы хвіліну-другую, раптоўна змяніла тэму.- Ты толькі што сказала: “Калі я насамрэч апынулася Каралевай...” А ці маеш ты права гэтак сябе называць? Ты яшчэ не Каралева, ва ўсялякім выпадку, пакль не здаш патрэбныя іспыты. І чым хутчэй мы пачнем, тым будзе лепей.

- Я ж толькі сказала “калі...”,- жаласным тонам прамовіла Аліса.

Каралевы паглядзелі адна на адну, і Чорная, дрыжачы ад злосці усклікнула:

- Яна сцвярджае, што сказала толькі “калі”!

- А мне здаецца, што яна сказала больш слоў!- прастагнала Белая, заламываючы сабе рукі.- Значна больш!

- Ты сама ведаеш, што сказала больш,- сказала Чорная Каралева Алісе.- Запомні на будучыню: Заўжды кажы толькі праўду... Спачатку думай, перш чым штось прамовіць... А потым яшчэ і запішы!

- Ну ж я не ведала...- пачала Аліса, але Чорная Каралева зноў яе перапыніла.

- І я пра гэта кажу! Ты зусім не карыстаешся сваёй галавой! Ці ты лічыш, што камусь патрэбен дзіцёнак, які анічога не ведае? Нават зверы маюць веды... А дзеці больш важкія, чым зверы, ці не так? Ты не зможаш адмовіца ад гэтага, нават, калі б спрабавала рабіць гэта абедзвюма рукамі.

- Але ж адмаўляюцца не рукамі.- не згадзілася Аліса

- Я пра гэта ж,- адказала Чорная Каралева.- У цябе анічога б не атрымалася, як бы моцна ты гэтага не жадала.

- Яна зараз у гэткім настроі,- дадала Белая,- што здольна адмаўляцца, як заўгодна... толькі не ведае ад чаго!

- Які брыдотны і благі характар,- заўважыла Чорная. На хвіліну-другую павісла няўтульная цішыня. Яе парушыла Чорная Каралева, звярнуўшыся да Белай,- Запрашаю, Вашую Вялікасць на імпрэзу ў гонар каранацыі Алісы!

- А я запрашаю, Вашую Вялікасць,- лёгка усміхнуўшыся адказала Белая.

- Прабачце, першы раз чую пра тое, што ладжу імпрэзу ў свой гонар,- прамовіла Аліса,- але, калі яна ўсё ж такі ладзіцца, мне здаецца, што гасцей павінна запрашаць я сама.

- Мы далі табе час, каб ты гэта зрабіла,- заўважыла Чорная Каралева,- але, ты напэўна прагульвала заняткі па добрых манерах.

- Манерам не вучаць на занятках,- адказала Аліса.- На іх вучаць чытаць, пісаць, лічыць і падобным рэчам.

- Ну, паглядзім, як ты навучылася лічыць,- прапанавала Белая Каралева. Колькі будзе адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін да адзін?

- Вой, не ведаю,- сказала Аліса.- я збілася з ліку.

- Складаць, не ўмее,- перарвала размову Чорная.- А як у цябе з адыманнем? Колькі будзе восем мінус дзевяць?

- Не магу,- шпарка адказала Аліса,- але ж...

- Адымаць, таксама,- сказала Белая.- А як з дзяленнем? Падзялі булку на нож!

- Я думаю...- пачала дзяўчынка, але Чорная Каралева адказала за яе

- Зразумела ж бутэрброды,- прамовіла яна.- Паспрабуем яшчэ задачу з адыманнем. Адымі костку ў сабакі, што застанецца?

- Ну, не костка дакладна,- паразважаўшы адказала Аліса,- а што застанецца: злы ды галодны сабака, які, хутчэй за усё, пабяжыць за мной, каб мяне кусіць, таму я таксама я не застануся.

- Карацей, ты лічыш, што не застанеца анічога,- прамовіла Чорная Каралева.

- Так, лічу што так!

- І як заўжды адказ не верны,- заўважыла Каралева,- застанецца сабакава самавалоданне!

- Не разумею, вас!

- Гэта ж зусім проста,- ускрыкнула Каралева.- сабака ж пабяжыць за табой, згубіўшы самавалоданне, ці не так?

- Магчыма,- асцярожна адказала дзяўчынка.

- То бок, калі сабака пабяжыць, згубіўшы яго, самавалоданне застанецца на месцы!- Каралева трыўмфавала.

- Яно таксама можа куды небуць збегчы,- самым сур’ёзным чынам сказала Аліса, пра сябе падумаўшы,- Гэтая размова - лухцень на лухцені.

- Аніякага разумення ў ЛІКУ,- разам адказалі Каралевы, зрабіўшы націск на апошнім слове.

- А хіба ў вас яно ёсць?- нечакана акрысілася Аліса ў бок Белай Каралевы, бо вельмі не любіла, калі ёй гэткім чынам ўказвалі на памылкі.

- Складаць я канечне магу,- задыхаючыся і заплюшчыўшы вочы прамовіла тая,- калі ёсць шмат часу... але ж толькі не адняць, ніколі ў жыцці!

- Спадзяюся, хаця б Абэцэду ты ведаеш?- спыталася Чорная Каралева.

- Зразумела ж,- адказала Аліса.

- Аёечку, я таксама,- прашапатала Белая,- будзем паўтараць яе разам. Больш таго, адкрыю табе страшэнную таямніцу... Я нават умею чытаць словы з адной літары! Ці ж не выдатна гэта?! Але не хвалюйся. У свой час ты і сама гэтаму навучышся.

- Паглядзім, як у цябе з ведамі аб Хатняй Гаспадарцы,- праз колькі часу спыталася Чорная.- Ці ведаеш ты, з чаго трэба рабіць хлеб?

- Зразумела, ведаю,- шпарка ўскрыкнула дзяўчынка.- Спачатку бярэцца мука...

- Бярэшся за быка?- спытала Белая Каралева.- Хіба ж ты не ведаеш, што гэта вельмі небяспечна?

- Не быка, а муку, яе робяць з пшаніцы,- патлумачыла Аліса,- а пшаніца расце на зямлі...

- Для гэтага трэба зямля? Колькі сотак?- сказала Белая Каралева.- Не забывайся, трэба улічваць усе ўмовы.

- Памашы на яе,- напалохана перарвала размову Чорная.- Яна так шмат думала, што ў яе можа падскочыць тэмпература!

Каралевы зараз жа прыняліся абмахваць дзяўчо галінкамі, пакуль Аліса не папрасіла іх кінуць, ці яны ўшчэнт растрэплюць яе валасы.

- Думаю, цяпер з ёй ужо ўсё добра,- прамовіла Чорная Каралева.- Як у цябе з замежнымі мовамі, мае дзіця? Перакладзі на французкую мову: “Люлі-лялі-лей”

- Няма такіх слоў у ангельскай мове,- сур’ёзна адказала дзяўчынка.

- А хіба трэба, каб былі?- спытала Каралева.

- Калі вы,- папыталася знайсці выйсце з гэткага цяжкога становішча Аліса.- перакладзеце “Люлі-лялі-лей” на ангельскую мову, я са здавальненнем зраблю пераклад на французкую!- трыўмфуючы скончыла яна.

- Каралевы не йдуць на падобныя пагадненні,- яўна пакрыўдзіўшыся заявіла Чорная.

- Лепей бы яны не задавалі дурных пытанняў,- падумала Аліса.

- Кідайце ўжо спрачацца,- занепакоена сказала Белая.- З чаго атрымліваецца маланка?

- Маланка,- рашуча адказала Аліса, упэўненная ў сваім адказе,- з грымотаў... ці не,- шпарка паправіла яна сябе.- Я мела на ўвазе, што гэта грымоты робяцца з маланкі.

- Папраўляцца запозна,- прамовіла Чорная,- што было сказана аднойчы, было сказана назаўжды і ты павінна памятаць аб гэтым, бо тут тоіцца моцная небяспека!

- Вой, я адразу ж прыпомніла,- падняўшы вочы долу і нервова выкручваючы рукі прамовіла Белая Каралева,- якія жахлівыя грымоты былі ў мінулы аўторак... дакладней у мінулыя аўторкі!

- А ў нас,- здзіўлена заўважыла Аліса,- больш за аднаго аўторка разам не бывае.

- Як убога,- прамовіла Чорная.- У нас звычайна па два-тры аўторкі (і іншых дзён тыдня) адначасова, а ў зімку ў нас бывае адначасова пяць начэй... так цяплей.

- Толькі таму, што пяць начэй цяплей за адну?- рызыкнула спытацца дзяўчынка.

- Зразумела ж!

- Але яны адпаведна і халадней упяцёра разоў...

- Натуральна!- ускрыкнула Каралева.- Упяцёра цяплей ды ўпяцёра халадней... А я ўпяцёра багацей ды разумней за цябе!

- Гэта падобна да загадкі без адказу!- вырашыла Аліса, цяжка ўздыхнуўшы і вырашыўшы кінуўць далейшую спрэчку.

- Ханьці-Данці таксама гэтак ліцыць,- ціхусенька прамовіла Белая Каралева, быццам звярталася сама да сябе.- Аднойчы ён прыйшоў да нас са штопарам у руках...

- І чаго хацеў?- спытала Чорная.

- Ён крыкнуў гэта, калі грукатаў у дзверы,- адказала Белая,- Казаў, што яму трэба гіпапатама. Але ж нічога падобнага ў нас тым ранкам не было.

- А што калі-некалі бывае?- здзівіўшыся спытала Аліса.

- Толькі ў чацвяргі,- прамовіла Каралева.

- А я ведаю, навошта ён прыходзіў,- заўважыла Аліса,- ён хацеў пакараць рыб, бо...

- А якія ж былі грымоты,- зноў пачала енчыць Белая Каралева,- уявіць немагчыма (“У яе ўсё жыццё гэта не атрымліваецца,”- заўважыла Чорная.),- Палову даху адарвала і грымоты рынуліся ў хату... пакаціліся па ўсіх пакоях вялізнымі камлыгамі... перакульваючы сталы, крэслы, іншую мэблю, а я настолькі спужалася, што не магла прыпомніць свае ўласнае імя!

- Калі са мной здараюцца, нейкія недарэчнасці,- падумала Аліса,- Я, нават, не пытаюся яго прыпомніць! Навошта?- але ўголас нічога не сказала, каб не абразіць адчуванні Каралевы.

- Вашая Вялікасць павінна прабачыць яе,- звярнулася Чорная Каралева да Алісы, паглажваючы руку Белай,- яна добрае стварэнне, але, як і звычайна, не можа стрымацца ад таго, каб не сказаць якоесь глупства.

Белая Каралева пакорліва паглядзела на Алісу, якая адчувала, што ёй трэба штось сказаць, але нічога не прыходзіла ёй у галаву.

- Яна не мае аніякага выхавання,- працягвала Чорная,- але ў яе заўжды быў добры нораў! Прылашчы яе і ўбачыш, як ёй гэта будзе да спадобы.- Але ў Алісы не хапіла смеласці гэта зрабіць, тым часам Каралева працягвала,- Крышачку дабрыні... папільёткі ў валасы... зробяць яе сапраўды цудоўнай...

- Я спаць хачу,- глыбока пазяхнуўшы і паклаўшы сваю галаву на Алісіна плячо, уз’енчыла тая.

- Нябога, вельмі стамілася,- сказала Чорная Каралева.- Паглаць яе па галаве... дай свой начны каптурок... і праспявай калыханачку.

- Але ж я не нашу з сабой начны каптур,- прамовіла дзяўчынка, пытаючыся выканаць першае настаўленне Каралевы,- і не ведаю аніводнай калыханкі.

- Тады я сама гэта зраблю,- прамовіла Чорная Каралева і пачала спяваць:

“Спі, мая ледзі, пад кусцікам бэзу!

Покуль нам лёкаі ладзяць імпрэзу.

Пойдзем, як зробяць усё, на банкет

Вы, Я, Аліса і ўвесь сусвет”.

- Ці ты запомніла словы?- спытала яна, кладучы галаву на другое Алісіна плячо.- тады праспявай мне. Штосьці мне таксама спаць захацелася,- і праз імгненне абедзве Каралевы спалі, магутна пахрапваючы.

- І што мне цяпер рабіць?- прастагнала Аліса, здзіўлена гледзячы навокал. Тут спачатку адна галава, а потым другая скаціліся з яе плячэй і ляглі цяжкімі камлыгамі на калені.- Гэткага не здаралася спрадвеку, ніколі і ніхто не сцярог сон адразу двух каралеў! Ва ўсялякім выпадку ў Гісторыі Англіі дакладна, таму што ў нас аніколі не было больш за адну каралеву запар. Гэй, прачніцеся, мне цяжка вас трымаць,- нецярпліва звярнулася яна да Каралеў, але адказам ёй быў толькі ціхія храпы.

З цягам часу храпы пачалі штохвіліны мяняцца і ўрэшце рэшт больш нагадвалі ігру музычных інструментаў, а праз хвіліну другую, да музыкі далучыліся словы, якія хутка было мажліва разабраць. Аліса гэтак заслухалася, што, аніадразу заўважыла, як з яе каленяў зніклі дзве цяжкія галавы.

Яна апынулася перад шыкоўнай брамай, па-над якой вялізнымі літарамі было напісана “КАРАЛЕВА АЛІСА”. З абодвух бакоў ад брамы меліся званочкі, ля аднаго было напісана “Званок для Наведавальнікаў”, а на другім “Званок для Лёкаеў”.

- Пачакаю, пакуль яны скончаць сваю песню,- вырашыла Аліса,- а ўжо потым буду званіць... але ў які званочак?- яна стаяла ў вялікай разгубленасці,- Я не наведавальнік і аніяк не лёкай. Тут павінен быць “Званок для Каралевы”.

- Раней за наступны тыдзень прыёму не будзе!- паведаміла, крышачку раскрыўшы дзверы і шпарка паглядзеўшы на Алісу, нейкая істота з доўгаю дзюбаю і зноўку зачыніла дзверы з вялізным грукам.

Аліса даволі працяглы час дарэмна стукала і званіла ў дзверы, пакуль нарэшце нейкая старая Жабка, апранутая ў яскрава-жоўтую вопрадку і вялізныя чаравікі, што сядзела ля дрэва, храмаючы не падыйшла да яе.

- Ну чаго здарылася?- спыталася яна хрыплым шэптам.

Аліса павярнулася на яе голас, гатовая раззлавацца на каго заўгодна.

- Дзе валэндаецца служка, які павінен адчыняць дзверы!- разлютавана прамовіла яна.

- Якія дзверы?- спытаў ён.

- Зразумела ж гэтыя!- ледзве не пачала тупаць нагамі Аліса, радражнённая павольнасцю жабкінай гаворкі.

На працягу хвіліны Жабка глядзела на дзверы сваімі вялізнымі сумнымі вачыма, потым падыйшла бліжэй і пашкрабала іх вялікім пальцам, быццам правяраючы, ці не адарвецца фарба, а потым зноў паглядзела на Алісу.

- Дзверы, як дзверы,- прамовіла Жабка.- І чаго табе ад іх трэба?- апошнія словы яна прамовіла настолькі хрыпла, што Аліса ледзь разабрала словы.

- Не зразумела, што вы маеце на ўвазе,- прамовіла яна.

- Хіба ж я не па-ангельску кажу?- заявіла Жабка.- Ці ты глухая? Чаго табе ад іх трэба?

- Нічога,- нецярпліва адказала дзяўчынка,- Я біла па іх, каб...

- Не трэба гэтага рабіць... аніколі ў жыцці не трэба гэтага рабіць...- прамармытала Жабка.- Ім гэта не падабаецца,- яна зноў падыйшла бліжэй і са ўсяе моцы стукнула па дзвярах сваім вялізным чаравіком.- Як ты з імі,- цяжка дыхаючы прамовіла яна, храмаючы да свайго месца пад дрэвам,- гэтак і яны з табой.

У наступнае імгненне дзверы шырока распахнуліся і пачуўся нечы пранізлівы голас, які спяваў:

“Прамаўляла Аліса:

- Люстэрны Сусвет,

Запрашаю я вас да мяне на банкет!

Усе падданыя бачаць карону маю

І сягоння з Трыма Каралевамі пьюць!”

А хор з соцень галасоў падхапіў прыпеў:

“Напаўняйце жа куфлі усе навакол,

Канцылярскія кнопкі кладзіце на стол,

Кінце мыш у гарбату, у каву катоў

І Вітайце Алісу тры на трыццаць разоў!”

Аліса спачатку крышачку была засаромленая з таго гвалту, які паднялі прысутныя, а сама між тым разважала: “Тры на трыццаць, будзе дзевяноста. Цікава, а ці вядзе хтось падлік?” Хвіліну-другую доўжылася цішыня, пасля чаго той самы спявак з пранізлівым голасам пачаў другі куплет:

“Прамаўляла Аліса:

- Хадзіце хутчэй,

Бо ці меў хтось у Свеце такі прывілей -

Блізка бачыць мяне, любасць - слухаць мяне,

Гонар - піць у прысутнасці Трох Каралеў?”

Следам зноўку адчуўся хор:

“Мы друкарскую фарбу ў куфлі нальем,

Каб смачней нам было з імпэтам кладзем

Мы бавоўну ў віно і Алісу ізноў

Дзевяноста на дзевяць вітаем разоў!”

- Дзевяноста на дзевяць?- у адчаі прамовіла Аліса.- Вой, гэта я ніколі ў жыцці не падлічу! Лепш адразу ўвайду...- і дачакаўшыся моманту, калі ўсё зноў на хвіліну сціхне, зрабіла крок наперад.

Яна напалохана аглядзела тых, хто сядзеў за сталом, які стаяў у цэнтры залі. Аліса налічыла прыблізна пяцьдзесят гасцёў, сярод якіх былі жывёлы, птушкі і нават колькі кветак.

- Добра, што яны заявіліся сюды самі,- падумала яна,- Я б ніколі ў жыцці не здагадалася, каго я жадаю пабачыць на банкеце.

На чале стала, дзяўчынка ўбачыла тры шыкоўныя крэслы. На двух з іх ужо сядзелі Чорная і Белая Каралевы, а крэсла, што стаяла пасярэдзіне было пустым. Аліса прайшла праз залю і ўселася на пустое крэсла, адчуваючы сябе не надта лагодна ў гэтай мёртвай цішыні і вельмі жадала, каб хоць хтосьці пачаў размаўляць.

- Ты спазнілася, суп і рыбу мы з’елі без цябе,- нарэшце прамовіла Чорная Каралева.- Прынясіце мясное!- прыказала яна. У той жа момант аб’явіліся афіцыянты, якія паставілі перад Алісай ягнячую нагу. Дзяўчынка напалохана глядзела на страву, бо дагэтуль ніколі сама не рэзала мяса. Гэта заўважыла Каралева,- Ты саромішся, тады я вас пазнаёмлю,- сказала яна.- Аліса - гэта Мяса; Мяса - гэта Аліса.

Ягнячая нага прыпаднялася са сваёй талеркі і ветліва нахілілася, Аліса нахілілася ў адказ, не ведаючы, што ёй трэба спачатку зрабіць - напалохацца, альбо здзівіцца.

- Ці не хочаце кавалачак?- сказала яна прысутным, узяўшы нож і вілку.

- Ані ў якім разе,- рашуча адказала Чорная Каралева,- што за манера, кідацца з нажом на таго, з кім цябе толькі што пазнаёмілі. Унясіце мясное!

Афіцыянты тутай жа прыбралі ягняціну і паставілі перад Алісаю слівовы пудзінг.

- Я не хачу знаёміцца з пудзінгам! Калі ласка,- у імпэце прамовіла дзяўчынка,- Гэтак я сёння застануся без абеда. Ці адрэзаць вам крышку?

- Пудзінг - гэта Аліса, Аліса пазнаёмся - гэта Пудзінг,- няўмольна прарыкала Каралева.- Прыбярыце пудзінг!

Афіцыянты ўнеслі пудзінг настолькі хутка, што дзяўчо нават не паспела адказаць на яго вітанне.

Абражаная тым, што Чорная Каралева, была адзінай, хто аддаваў наказы за сталом, яна рашылася на невялічкі эксперымент.

- Афіцыянты! Вярніце пудзінг!- той стаяў перад Алісай праз імгненне, што больш нагадвала нейкі фокус. Пудзінг быў настолькі вялізнага памеру, што дзяўчынка спачатку напалохалася, як колісь перад ягнячай нагой. Тым не менш, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, яна адрэзала кавалак і паклала яго перад Чорнай Каралевай.

- Якое нахабства! Як бы табе спадабалася, калі б я адрэзал кавалачак цябе!- прамовіў Пудзінг вязкім, тлустым голасам, а дзяўчынка была ў настолькі вялізнай разгубленасці, што магла толькі моўчкі глядзець на яго, адчуваючы, што задыхаецца.

- Скажы, хоць што небудзь,- сказала Чорная Каралева,- Гэта ж лухцень нейкая, калі кажа страва, а чалавек не.

- Ведаеце, сёння я пачула столькі разнастайных вершаў,- пачала Аліса, крыху напалоханая мёртвай цішынёй, якая панавала ў зале перад тым, як яна раскрыла вусны і тым, што усе вочы глядзелі толькі на яе,- і што самае цікавае, Усе яны былі аб рыбах, ці іншых марскіх істотах. Ці вы не падкажыце, чаму тут так любяць рыб?

- Што датычыцца рыб,- заўважыла Чорная Каралева, павольна і шляхетна, прытуліўшы свае вусны да самага вуха дзяўчынкі, тым не менш анізбіраючыся адказваць на яе пытанне,- яе Белая Вялікасць, ведае цудоўную загадку... яна вершаваная... і як раз такі аб рыбах. Ці не хочаш, каб яна яе расказала?

- Як прывабна з боку Вашай Чорнай Вялікасці, прыпомніць гэта,- мармытала Белая Каралева ў другое вуха дзяучынкі, голасам нагадваючым галубінае буркаванне.- Дзеля мяне гэта будзе сапраўдным задавалненнем! Ці пачынаць мне?

- Так, так! Калі ласка!- ветліва сказала Аліса.

Белая Каралева засмяялася ў захапленні і патрапала дзяўчынку па шчацэ, а потым пачала чытаць:

“- Як мне рыбу злавіць?

- Гэта лёгка, дзіцёнак і той гэта зможа.

- Як мне рыбку набыць?

- Гэта лёгка, каштуе яна дробны грошык.

- Прыгатуем, хадзі?

- Гэта лёгка, хвіліны чакаці не будзем.

- На талерку кладзі.

- Ды навошта, яна маё ўласнае блюда.

- Рыбку мне падавай!

- Гэта лёгка, ужо на стале твая страва.

- Крышку з блюда здымай!

- Я не здольны на гэткую цяжкую справу!

Штось трымае, як клей,

Крышку блюда, каб рыбку надзейна схаваць,

Ты знайдзі, што лягчэй,

Крышку зняць, ці загадку маю разгадаць?”

- Даю хвіліну, каб знайсці адказ,- прамовіла Чорная Каралева.- А мы тым часам вып’ем за тваё здароўе! Здароўе Каралевы Алісы!- крыкнула яна высокім голасам

Усе госці прынялісь піць, кожны сваім ўласным спосабам: Хтось апранаў куфаль на галаву і злізваў тое, што сцякала па твары... іншыя кулялі графіны на стол і пілі што сцякала па абрусе... а хтосьці, што выглядаў як кенгуру, забраўся ў талерку са смажанай ягняцінай і пачаў імпэтна лакаць соўс.

- Як тыя свінні!- вырашыла Аліса.

- А цяпер ты павінна, прамовіць ганаровае слова, да прысутных,- сказала Чорная Каралева, пахмурна гледзячы на дзяўчынку.

- А мы падтрымаем Вас,- прашапатала Белая, калі Аліса пакорліва падымалася, каб гэта зрабіць, яна была крышачку напалоханая.

- Дзякуй, вядома,- прашапатала яна ў адказ,- але думаю, я выдатна спраўляся сама.

- Але ж будзе зусім не тое,- рашуча прамовіла Чорная, дзяўчынка вырашыла падчыніцца.

(- Яны так прыціснулі мяне!- казала яна апасля, калі распавядала сястры аб банкеце,- Што ты б напэўна вырашыла, што яны збіраюцца мяне зплюшчыць)

Самым цяжкім пад час прамаўлення слова, было менавіта тое, што Каралевы прыціснулі яе з абодвух бакоў так, што дзяўчынцы папросту не хапала кіслароду.

- Я паднялася, каб выразіць вам сваю ўдзячнасць,- пачала Аліса, насамрэч падняўшыся на колькі сантыметраў, але паспела ўхапіцца за край стала і зноў села на месца.

- Сцеражыся!- крыкнула Белая Каралева, схапіўшы Алісіны валасы абедзвюма рукамі.- Што тут зараз пачнецца!

Усё (распавядала Аліса апасля) здарылася ў адно імгненне. Свечы выраслі да столі, выглядаючы, нібы зарасці чароту з палаючымі вярхушкамі. Бутэлькі прыляпіла сабе па баках пару талерак і шпарка махалі імі, як крыламі і, карыстаючыся вілкамі на манер ног, разбегліся па ўсіх напрамках.

- Як тыя птушкі,- казала сабе Аліса, назіраючы за пачынаючымся хаасам.

Раптам дзяўчынка адчула нечый хрыплы смех з боку і азірнулася на Белую Каралеву, каб паглядзець, што з ёй здарылася. Але замест яе на крэсле сядзела ягнячая нага.

- А вось і я!- крыкнуў хтось з глыбокай супніцы, Аліса павярнулася ў яе бок і ўбачыла добразычлівы твар Каралевы, які праз імгненне знік у супе.

Трэба было імгненна, штосьці зрабіць. Некаторыя з гасцей ужо ляжалі на блюдах, а чарпак ішоў па стале ў Алісіным напрамку, падаваючы знакі, каб яна асвабадзіла яму шлях.

- Сілаў маіх больш няма гэта цярпець!- яна схапілася за край стала... узяла абрус абедзвюма рукамі, дзёрнула, і ўсё, што знаходзілася на стале - талеркі, блюда, госці, свечы, адразу ж апынуліся на падлозе.

- А вось вас,- прамовіла яна, шалёна азірнуўшыся на Чорную Каралеву, якую палічыла крыніцай ўсіх яе бедаў... Але ж Каралевы там не было... Яна раптоўна зменшылася да памеру невялічкай лялькі і цяпер сядзела на стале, вясёла гуляючы ўласнай хусткай, якая цягнулася ззаду яе.

Іншым часам Аліса, напэўна, здзівілася б, але ж зараз яна была вельмі ўзбуджаная, каб чамусьці здзіўляцца.

- А вось вас,- зноў пачала дзяўчынка, схапіўшы маленькую Каралеву ў той момант, калі тая пыталася пераскочыць праз бутэльку, якая толькі што перакулілася на абрус,- я захістаю, як тое кацяня!


Загрузка...