Раздзел IV Цілідон і Цілідзін

Браты стаялі пад дрэвам, абняўшы адзін аднога за плечы, але Аліса хутка разабралася, хто з іх хто, бо той што злева меў на каўнеры вышыванку “ДОН”, а той што зправа - “ДЗІН”.

- Напэўна, -вырашыла Аліса,- “ЦІЛІ” вышыта на іх каўнерах ззаду.

Браты працягвалі стаяць на месцы і не варушыліся, таму Аліса на кароткі час забылася, што яны жывыя. Яна абыйшла іх са спіны, каб паглядзець, ці ёсць якія надпісы ззаду, і імгненна была напалохана, калі той, хто меў вышыванку “ДОН” прамовіў:

- Калі ты лічыш, што мы з воску, плаці грошы. На васкавыя фігуры дарма не глядзяць. Ніяк.

- І ў адваротным выпадку,- дадаў брат з вышыванкай “ДЗІН”,- калі ты раптам вырашыла, што мы жывыя, табе трэба было сказаць нам штось.

- Вох, прабачце, калі ласка!- толькі і змагла вымаміць Аліса, бо ў яе галаве навязліва гучала старая песенька, і дзяўчынка траціла ўсі сілы, на тое, каб не пачаць спяваць яе ўголас:

“Цілідзіна Цілідон

На бойку заклікаў

Бо Цілідону Цілідзін

Бразготачку зламаў.

Як два вароніных крыла,

Святло ад іх схавалі;

Спрачацца нашы ваяры,

Далей не пажадалі.”

- Я ведаю, аб чым ты думаеш,- сказаў Цілідон,- але ты не маеш рацыі. Ніяк.

- І ў адваротным выпадку,- дадаў Цілідзін,- калі б ты мела рацыю, гэта было б праўдай; а калі б гэта было праўдай, то было б бясспрэчным. Але ж гэта лухта. Лагічна.

- Я разважала,- ветліва паведаміла Аліса,- якім чынам лепей выйсці з лесу, бо хутка будзе цёмна. Калі ласка дапамажыце мне!

Але браты толькі глядзелі адно на аднаго і ўсміхаліся.

У гэты момант яны выглядалі, як вялізныя школьнікі і Аліса не устрымаўшыся тыкнула Цілідона пальцам і крыкнула:

- Першы

- Ніяк,- ўзбуджана крыкнуў ён і гучна закрыў рот.

- Другі,- крыкнула дзяўчынка, тыкнуўшы Цілідзіна, адчуваючы, што той хучшэй за ўсё крыкне сваё ўлюбённае “І ў адваротным выпадку!” і не памылілася.

- Ты не маеш рацыі,- енкнуў Цілідзін.- Спачатку ты павінна была сказаць: “Дзень добры ў хату!” і паціснуць нам рукі.

Тут браты ўзялі адзін аднаго за руку, а вольныя працягнулі Алісе, каб павітацца з ёй.

Дзяўчынка вырашыла, што калі паспрабуе павітацца з кожным па асобку, можа пакрыўдзіць іншага; таму лепшым выйсцем палічыла схапіць абедзве вольныя рукі разам. Праз імгненне ўсе троя танчылі ў невялічкім карагодзіку. Потым Аліса ўспамінала, што гэта здавалася настолькі натуральным, што яна нават не здзівілася, калі пачула аднекуль музыку. Было такое ўражанне, што грала дрэва, пад якім яны танчылі. Аліса палічыла гэта неверагодным, але здавалася, што дрэва церла галінай аб галіну, як смыкамі па скрыпках.

(- Было так хораша,- потым распавядала Аліса сястры,- праз колькі часу мы хорам пачалі спяваць “Вакол шаўкоўніцы ідзем” (Англійская дзіцячая песенька-гульня). Не памятаю, калі мы пачалі, але здаецца рабілі гэта даволі доўга.)

Нарэшце тоўсценькія танцоры запыхаліся.

- Чатырох паўтораў для танцу дастаткова,- цяжка дыхаючы, сказаў Цілідзін, і танец, як нечакана пачаўся, так і скончыўся, разам з дзівоснай музыкай.

Браты адпусцілі рукі і хвіліну-другую моўчкі глядзелі на Алісу. Пачатак размовы зацягваўся, бо дзяўчынка не ведала, з чаго пачаць гаворку з людзмі, з якімі толькі што танчыла.

- Цяпер ужо запозна казаць “Дзень добры ў хату!”- думала яна,- але трэба неяк пачаць.

- Ці вы не надта стаміліся?- паразважаўшы вымавіла дзяўчынка.

- Ніяк. Але вялікі дзякуй, што пацікавілася,- адказаў Цілідон.

- Наша ўдзячнасць,- дадаў Цілідзін.- Ці любіш ты паэзію?

- Та-ак! Зразумела... сёе-тое люблю,- з недаверам сказала Аліса.- А ці не падкажыце, як выйсці з лесу?

- Што будзем чытаць?- спытаў у брата Цілідзін, гледзячы на яго агромістымі, зачараванымі вачыма, не заўважаючы Алісінага пытання.

- “Аб нешляхетнасці!” самае доўгае,- адказаў Цілідон, пяшчотна абдымаючы брата.

Цілідзін адразу ж пачаў:

“Паліла Сонца...”

Але дзяўчынка рызыкнула перарваць яго.

- Калі яно вельмі доўгае,- самым ветлівым чынам прамовіла яна,- ці не маглі б вы спачатку паказаць мне дарогу...

Цілідзін ціха ўсміхнуўся і пачаў нанова:

“Паліла Сонца так, нібы

Сто тысяч сонц гарыць

І запускала па вадзе

Прамення ліхтары...

Што вельмі дзіўна, бо была

Апоўнач на двары.

Быў Месяц ад падобных спраў

Ў вялікае смузе

Крычаў ён Сонцу: “Робіш ты

Зусім не балазе.

Мы ж дамаўляліся свяціць

Заўсёды па чарзе.”

Быў пляж сухім, а мокрымі

Былі марскія хвалі.

Аблокі не ляталі па

Блакітным небакраі:

І птушачкі над галавой...

Тым разам не ляталі.

Уздоўж пяску Цясляр з Маржом

Шлі, горка смуткавалі;

Яны глядзелі на пясок

І слёзы выціралі:

“А, калі б гэта хто прыбраў!”-

Сябры пакутавалі.

“А калі б сем прыгожых дзеў

Ўзяліся працаваць,

За поўгады,- спытаўся Морж,-

Паспелі б тут прыбраць?”

Цясляр ў адказ пачаў ізноў

Ад слёз сваіх стагнаць.

“Мае ж вы Вустрыцы! - пачаў

У хвалі Морж крычаць,-

Прыходзце, будзем разам мы

Уздоўж пляжу шпацыраць!

Але не шмат, каб кожнай мы

Змаглі руку падаць.”

Старыя слухалі, але

Спакусы не адчулі.

Разумныя з-пад глыбіні

Сябрам казалі дулю...

І мелі выгляд, што даўно

У ложачках паснулі.

Але хто былі маладзейш,

Спакусніка пачулі.

Яскравыя сукеначкі

Яны ўраз апранулі

І, хай зусім не мелі ног,

Чаравікі абулі.

І хуценька па моры плыў

Какетак юных шэраг,

А па-за імі шчэ і шчэ

Радочкі Вустрыц смелых...

Праз хвалі пенныя яны

Спяшаліся на бераг.

Цясляр з Маржом ад мора прэч

Адразу паспяшалі.

Сябровак за сабой ісці

Сардэчна запрашалі:

А Вустрыцы за імі ўслед

Амаль не паспявалі.

“Мы зараз,- Морж прапанаваў,-

Разову распачнем,

Аб сургучы, аб карале,

Капусце і чаўне,

Аб тым чаму ня маем мы

Лятаючых свіней.”

Сяброўкі ўз’енчылі: “Перш чым

Размову распачнем

Мы, панны тлустыя, у кутку

Хоць крыху адпачнем!”

“А мы з Маржом,- сказаў Цясляр.

І не спяшаем! Не.”

“Дастану з торбы,- Морж сказаў,-

Я воцату і перцу,

Ты ж, калі ласка, сябра, дай

Мне чорненькага хлебцу.

Цяпер вячэру распачаць,

Гатовы мы здаецца.”

Ускрычалі Вустрыцы: “Няўжо

Мы толькі ваша ежа?

Так шчыра вы прасілі нас

Марскія кінуць межы!”

“Які прыгожы,- Морж сказаў,-

Світанак на ўзбярэжжы!”

“Як добра, Вустрыцы, што вы

Прыйшлі да нас на гулі!-

Сказалі ім Цясляр з Маржом

І ў воцат акунулі,-

Мы гэта й двойчы паўтарым,

Калі вы дрэнна чулі!”

“Зрабілі блага мы з табой,-

Морж вырашыў сказаць,-

Што тлустых Вустрыц за сабой,

Прымусілі бяжаць!”

Цясляр у адказ: “Не ўмееш ты

Лімоны наразаць!”

“Па вам я буду слёзы ліць

Шэсць дзён і сем начэй.”-

Морж прамаўляў, ды выціраў

Струменьчыкі з вачэй,

І што хвіліны енк яго

Рабіўся ўсё грамчэй.

“Як добра, што змаглі да нас

Вы ў госці завітаць!-

Сказаў Цясляр,- А зараз час

Да дому вам спяшаць...”

Але, хто з’едзены, ужо

Не ў стане адказаць”.

- Мне больш спадабаўся Морж,- паведаміла Аліса,- Ён хоць крышачку шкадаваў бедных Вустрыц.

- Але скаштаваў нашмат больш за Цесляра,- сказаў Цілідзін.- Ты лічыш, што ён хусцінкай толькі слёзы выціраў; ён прыкрываўся, каб Цясляр не бачыў, колькі ён з’еў. Вось так вось, Не маеш рацыю!

- Які ён дрэнны,- раз’юшчылася Аліса.- Тады мне больш падабаецца Цясляр... ён з’еў менш за Маржа.

- Ён з’еў столькі, сколькі была магчымасць узяць,- сказаў Цілідон.

Дзяўчынка на хвілінку разгубілася, але паразважаўшы крыху, прамовіла:

- Тады! Яны абодва нягодныя...- тут Аліса зноў замаўчала і баязліва азірнулася, паколькі пачула гук, падобны на пыхценне паравога рухавіка, яна вельмі спалохалася таго, што так могуць гыркатаць вялізныя дзікія жывёлы. Урэшце, яна асцярожна спытала.- А ці бачылі вы колісь тут ільвоў ці тыграў?

- Не пужайся, гэта толькі храп Чорнага Караля,- супакоіў дзяўчынку Цілідзін.

- Хадзем, паглядзіш на яго,- ускрычалі браты і, схапіўшы Алісу за абедзве рукі, павалаклі яе туды, дзе адпачываў Кароль.

- Хіба ж не прыгажун?- спытаў Цілідон.

Аліса ў гэтым была няўпэўненая, але нічога не адказала. Кароль ляжаў у высокім чорным начным калпаку і здалёк больш нагадваў кучу смецця, а храпеў так моцна...

-... гэдак у яго хутка галава адваліцца,- заявіў Цілідон.

- А каб ён толькі не прастудзіўся, лежачы на сырой зямлі,- сказала Аліса, яна была вельмі клапатліваю дзяўчынкай.

- Ён спіць,- прамовіў Цілідзін,- А ці ведаеш ты, што ён сніць?

- Не,- адказала Аліса,- Хіба ж гэта хтосьці можа ведаць?!

- Чаму не?! Ён сніць... цябе,- усклікнуў Цілідзін і, трыўмфуючы, пачаў пляскаць далонямі,- І як толькі ён прачнецца... дзе ты апынешся?

- Зразумела ж, застануся на сваім месцы,- адказала дзяўчынка.

- А вось і лухта,- пыхліва заявіў Цілідзін.- Ты апынешся нідзе. Таму што ты толькі частка яго сна!

- І як толькі Кароль прачнецца,- дадаў Цілідон,- ты... гоп... і знікнеш, як полымя затухлай свечкі.

- Ня знікну!- абурана ўсклікнула Аліса.- А калі я толькі часта яго сна, хто вы самі?

- Тое самае,- адказаў Цілідон.

- Зразумела ж тое самае,- закрычаў Цілідзін.

Ён галасіў так моцна, што Аліса не ўстрымаўшыся сказала:

- Цішэй! Ты разбудзіш яго сваімі енкамі.

- Не трэба непакоіцца аб тым, што ён прачнецца,- заявіў Цілідон, Ты ж толькі частка яго сна. Насамрэч цябе няма!

- Я ёсць,- адказала Аліса і заплакала.

- Ад таго што ты пачала плакакаць, рэальней не станеш,- заявіў Цілідзін,- ты ўсё роўна не існуеш.

- А калі ж я не існую,- адказала дзяўчынка і засмяялася праз слёзы, бо гэта ўсё здавалася ёй смешным,- Чаму я здольна плакаць?

- Хіба ж ты не думаеш, што гэта сапраўдныя слёзы,- перарваў яе Цілідон з пагардаю ў голасе

- Гэта ж дурота з дуротаў,- разважала сама з сабою Аліса,- і няма чаго з гэтага плакаць,- Яна выцерла слёзкі і прамовіла, як мага больш бадзёрым тонам.- Ва ўсялякім выпадку, мне тэрмінова патрэбна выйсці з лесу, бо хутка будзе цёмна. І напэўна хутка пачнецца дождж!

Цілідон расчыніў над сабой і братам вялізны парасон і паглядзеў па баках.

- Тут,- сказаў ён,- яму нас не дастаць. Ніяк.

- Але ж дождж будзе звонку!

- У адваротным выпадку,- знайшоўся Цілідзін,- звону хай сабе ідзе. Мы не супраць.

- Якія эгаісты,- вырашыла Аліса, яна ўжо збіралася пажадаць ім добрай ночы ды ісці прэч, але раптам Цілідзін выскачыў з-пад парасона і схапіў яе за руку.

- Ты бачыш гэта?- спытаў ён, задыхаючыся ад жарсці. У момант яго вочы пачырванелі і павялічыліся ў памеры. Ён паказваў пальцам на нейкую маленькую белую рэч, што ляжала пад дрэвам.

- Гэта звычайная бразготка,- адказала Аліса, разглядзеўшы цацку, якая ляжала там.- Яна не зробіць табе нічога благога, ані,- хутка дадала яна, вырашыўшы, што той напалохаўся,- Толькі старая бразготка... надта старая і да таго ж паламаная.

- Людцы добранькія! - енчыў Цілідон, вырываючы валоссе з фрэзуры.- Яе зламалі! Хто?- ён паглядзеў на Цілідзіна, які сядзеў на зямлі, хаваючыся за парасонам.

Аліса звольнілася з яго рук і паспрабавала яго супакоіць:

- Ну, не пакутуй гэдак аб старой бразготцы.

- Але ж яна не старая. Ані,- стагнаў чалавечак, шалеючы з кожнай хвілінай яшчэ больш,- Кажу табе, яна была новая... Я толькі ўчора яе набыў... А мая ж найноўшая бразготачка!- яго голас ператварыўся на сапраўдны віск.

Тым часам Цілідзін змагаўся з парасонам, жадаючы зачыніць сабе там, гэта на колькі часу адцягнула Алісіну ўвагу ад яго лютуючага брата. Але ж у чалавечка нічога не атрымлівалася. Урэшце рэшт ён схаваўся ў парасоне, але галава ўсё адно была звонку. Цілідзін ляжаў на зямлі, хапаючы ротам паветра і лупаючы вачыма.

- Гэдак ён больш нагадвае рыбу, чым чалавека,- падумала Аліса.

- Здаецца, што павінна распачацца бойка,- супакоіўшыся прамовіў Цілідон.

- Прапанова прынята,- змрочна адказаў Цілідзін, вылязаючы з парасона,- толькі хай яна дапаможа нам падрыхтавацца.

Узяўшы адно аднаго за рукі, абодва сыйшлі кудысьці ў лес і праз хвіліну-другую вярнуліся несучы вялізную колькасць прыладаў для абароны: падушкі, коўдры, дыванкі, абрусы, жалезныя талеркі і вёдры для вугля.

- Трэба ўсё добра прывязаць! Ці ты зможаш?- уважліва спытаў Цілідон.- Трэба ўсё гэта да шчэнту на нас апрануць ды добра прымацаваць.

Потым Аліса распавядала, што за ўсё свае жыццё не бачыла большай мітусні, як ў той момант, пакуль яна дапамагала абодвум братам... а якую ж колькасць ўсяго яны пыталіся на сябе начапіць! І усё гэта дзяўчынцы трэба было замацаваць з дапамогаю кнопак і добра прывязаць.

- Гэдак яны ператворацца на кучы старой бялізны, калі я скончу!- вырашыла Аліса, прымацоўваючы падушку да шыі Цілідзіна.

- Гэта перашкодзіць яму адсячы мне галаву,- канстатаваў ён, а потым сур’ёзным тонам дадаў,- застацца без галавы... гэта самае кепскае, што можа стацца падчас бойкі.

Аліса рассмяялася, але адразу ж зрабіла выгляд, што закхекалася, каб не пакрыўдзіць чалавечка.

- Ці не вельмі я бляднючы?- спытаў Цілідон, калі дзяўчынка прывязвала да яго галавы шлем. (Дакладней тое, што ён называў шлемам, хаця гэта больш нагадвала звычайную каструлю.)

- Самую крышачку,- далікатна адказала Аліса.

- Я вельмі адважны,- прашапатаў чалавечак,- але ж сёння ў мяне моцна баліць галава.

- А ў мяне зубы,- сказаў Цілідзін, падслухаўшы брата.- Мая хвароба мацнейшая за тваю!

- Тады вам сёння нельга біцца,- прамовіла дзяўчо, спадзеючыся, што гэдак зможа прымірыць змаганцаў.

- Але ж хаця б самая маленечкая бойка павінна адбыцца, нашто нам доўгае змаганне,- супакоіў Алісу Цілідон.- Колькі зараз часу?

- А палове на пятую,- адказаў Цілідзін, гледзячы на гадзіннік.

- Ну вось, паб’емся гэдак да шостай гадзіны і абедаць!

- Выдатна,- крыху маркотна адказаў яму брат,- а яна хай назірае... Толькі глядзі, не падыходзь надта блізка,- дадаў ён,- Падчас бойкі ты можаш трапіць пад маю гарачую руку. Калі я моцна раззлуюся, я б’ю па ўсім што бачу!

- А я ўвогуле разбураю ўсё да чаго дацягнуся,- крычаў Цілідон,- бачу я гэта ці не!

- Дык вы гэдак ўсе дрэвы пашкодзіце,- рассмяяўшыся прамовіла Аліса.

- Думаю,- сказаў Цілідзін азіраючыся па баках з усмешкаю задавальнення,- калі мы скончым, вакол нас будуць адны трэскі.

- І ўсё з-за нейкай бразготкі,- уздыхнула дзяўчынка, усё яшчэ спадзеючыся пасароміць іх за тое, што б’юцца з-за такой дробязі.

- Мне таксама не хочацца гэтага рабіць,- сказаў Цілідон,- але ж яна была зусім новай.

- Хучшэй бы ўжо варона прыляцела,- падумала Аліса.

- У нас толькі адна шабля на дваіх,- сказаў Цілідон брату,- але ў цябе ёсць парасон, а ён, ведаеш, які востры. Тым не менш трэба пачынаць шпарчэй. Бо хутка тут будзе цёмна, як у склепе.

- І нават яшчэ цямней,- заявіў Цілідзін.

Сцямнела настолькі раптоўна, што Аліса вырашыла, што набліжаюцца грымоты.

- Якая вялізная чорная хмара,- заўважыла яна-. І як хутка набліжаецца! Здаецца яна мае крылы!

- Варона!- у непакоі завішчаў Цілідон і абодва браты, схапіўшы ногі ў рукі, праз імгненне зніклі.

А дзяўчынка пайшла праз лес па невялічкай сцежачцы і спынілася пад вялізным дрэвам.

- Тут яна мяне не знойдзе,- вырашыла Аліса,- яна надта тоўстая, каб прабрацца між дрэў. А як жа ж яна махае крыламі... Тут у лесе пачаўся сапраўдны ўраган... Во, з кагосьці хустку здула!


Загрузка...