Павадырка сляпога старца


Любімае месца для забаў і гульняў мурожніцкай малечы — сухі, утравелы грудок на беразе возера, там, дзе ў яго ўпадае нешырокая, метры на паўтара, рэчачка Калпеніца. Людзі, якія ідуць берагам возера да мястэчка, пераходзяць Калпеніцу па кладцы — доўгай, трохі выгнутай пасярэдзіне дошцы, прыкметна выбеленай за доўгія гады дажджамі і сонцам. Кіламетры за два ўбок ад возера ёсць дарога на мястэчка, і там Калпеніцу пераходзяць уброд, скінуўшы, вядома, абутак. Але гэта ўсё ж далекавата, і ўсе, хто хоча мець выйгрыш у часе, ходзяць тут, карыстаюцца кладкай.

Ніне гэта мясцінка падабаецца таксама. Па-першае, возера, з водмеллю, дзе можна было смела пялёхацца, — хлапчукі сюды не прыходзілі, яны любілі купацца на глыбокім, а гэта нашмат далей, па той бок Калпеніцы. Па-другое, надта Ніне падабаецца сама рэчачка; сядзе на кладку, ногі спусціць да вады і глядзіць, як вада згінае і калыша каля берагоў доўгія наемы травы, як імпэтна слізгаюць па паверхні вадзяныя «конікі», як часам чорным ценем мільгане ад берага да берага рыбіна, — няйначай шчупачок. Можа доўга-доўга сядзець яна гэтак і думаць пра нешта сваё, пакуль іншыя дзяўчынкі ладзяць вясёлыя гульні — скачуць, куляюцца праз галаву, бегаюць у перагонкі, круцяць «мяцеліцу», ці дастаюць з возера, з трыснягу, чорныя «калатоўкі» — надта ж прыгожа глядзяцца яны дома ў збанку, асабліва сярод высокіх, з буйнымі каласамі, каліваў жыта.

Летняй парой дзеці звычайна ішлі сюды паснедаўшы — калі, вядома, не зваблівала якая іншая прынада ці забава. Пасля сняданку — сопкай, разварыстай бульбы з кіслым малаком — прышла, як заўсёды, і гэтым разам Ніна. Дзяцей было яшчэ няшмат — толькі тры ці чатыры дзяўчынкі, якія прыдумалі сабе новую забаву: прайсці па кладцы туды і назад, заплюшчыў-шы вочы. Адна ідзе, а астатнія пільна сочаць з берага, каб не падглядала. Калі ў якое хоць чуць-чуць прыадплюшчацца павекі — усё, незалік, у гэтым туры — пройгрыш. Яшчэ мела значэнне і тое, як хутка — паволі ці шпарка — праходзіш па кладцы. Самыя нясмелыя, баючыся, каб не страціць раўнавагу і не зваліцца ў ваду, ішлі зусім паціхеньку, балансуючы пры гэтым раскінутымі рукамі. Ніне гульня спадабалася, і яна з кожным разам перамервала кладку ўсё больш упэўнена і шпарчэй. Раптам меншая з дзяўчынакІрка спалохана закрычала:

— Уцякайце! Вунь жабрак ідзе! Сляпы жабрак ідзе!

Усе паглядзелі туды, куды глядзела Ірка. Сапраўды, сцежкай паўз возера ішоў старац: памылкі не было — праз адно і другое плячо ў яго віселі дзве ладныя торбы, а ў правай руцэ быў кій, якім ён вадзіў перад сабой па зямлі, як гэта робяць усе сляпыя, што ходзяць без павадыра.

— А чаго ўцякаць? — з недаўменнем глянула на Ірку Ніна.

— Ну бо гэта ж жабрак! Я заўсёды ад жабракоў хаваюся, — адказала, прыцішыўшы голас, Ірка. I было бачна, што ў сваю чаргу яна здзіўлена: як гэта можна не баяцца жабракоў? Дзяўчынка помніла, што яе, як была зусім яшчэ малой, палохалі: «Уцякай, бо жабрак забярэ ў торбу, і панясе, і прадасць у мястэчку!»

Тым часам старац скіраваў на дзіцячыя галасы, падышоў досыць блізка і спыніўся. Гэта быў невысокі і худы, з доўгай сівой барадой і выцеклымі вачыма дзядок, у зношаным шэрым пінжаку, з-пад якога была відаць белая палатняная кашуля, у кароткіх, хлапчукоўскіх, крамных штанах, з латамі на каленях, і босы.

— Дзеці! — паклікаў ён сухім сіплым голасам. — Падыдзіце да мяне бліжэй!

Дзяўчынкі сцішыліся, знерухомелі і маўчалі. Тады ад іх адлучылася Ніна і наблізілася да старца.

— Я падышла, дзядулька, — сказала.

— Як цябе зваць, золатка?

— Ніна.

— А колькі табе гадкоў?

— Дзесяць. Адзінаццаты пайшоў.

— О, дык ты ўжо вялікая. Ніначка, тут недзе ёсць кладка праз рэчку, правядзі мяне да яе, калі ласка.

Сказаў — і працягнуў да дзяўчынкі руку. Ніна на імгненне сумелася, як бы завагалася ў нерашучасці, але тут жа гэту боязь пераадолела і ступіла наперад, і яе рука апынулася ў яго кашчавай далоні.

— Яна во тут зусім блізка, хадзіце за мною, — ласкава выказала ахвоту дапамагчы Ніна.

Старац перакінуў сваю далонь ёй на плячо, і яна адчула яго лёгкія, учэпістыя пальцы.

— Вядзі, золатка!

Ніна, ідучы побач з жабраком, кінула позірк на сябровак і тройчы махнула ім свабоднай рукой — маўляў, ідзіце і вы за намі, не бойцеся. I дзяўчаткі пайшлі, але нясмела і трохі воддаль. Ужо каля самай кладкі малая павадырка схамянулася: а як жа далей — як ён, сляпы, пяройдзе на той бераг? Ён жа сарвецца! Вядома, Калпеніца неглыбокая, не ўтопішся, але ж... увесь будзе мокры, а ён ідзе, напэўна, у мястэчка. Значыць, трэба перавесці яго, — само сабою прыйшло ў галаву рашэнне.

— Мы ўжо каля кладкі, — сказала Ніна, — я правяду вас і на той бераг, бо кладка вузкая.

— Во якая ты кемная дзяўчынка! — усклікнуў жабрак. — Я толькі хацеў цябе папрасіць, а ты і сама здагадалася. Стань, дзетка, паперадзе і паціхеньку ідзі, а я за табою, трымаючыся за плечыка... Толькі не спяшайся. А сама ты не баішся пераходзіць?

— Не-е! Я шмат разоў пераходзіла, нават заплюшчыўшы вочы.

— Во малайчына! Ну хадзем.

Ніна спакойна ступіла на кладку і памалу-памалу, на трэць кроку, пайшла. Адчула, што рука жабрака на яе правым плячы быццам стала цяжэйшай. Абмацваючы босымі нагамі кладку, старац пасоўваўся за Нінай услед, прыстукваючы, для пэўнасці, канцом кія збоку па дошцы.

Колькі разоў пераходзіла Ніна гэту Калпеніцу, а такой трывогі, як цяпер, ніколі не зведала. Не за сябе, вядома. За сляпога старога чалавека баялася: хаця б не страціў раўнавагу і не сарваўся! Але вось ужо і другі бераг — гэткі ж зарослы ніцым лазняком і высокай травою, як і той. I вось ужо яны абое на беразе, на сцежцы. I так лёгка і хораша стала на душы ў Ніны! Аж глянула жабраку ў твар — каб убачыць, ці задаволены ён, што на яго абліччы? I ўбачыла: дзядок усміхаецца. Не вачыма, а толькі бяззубым, пад сівымі вусамі, ротам. Ніколі яшчэ не бачыла, як усміхаецца чалавек без вачэй, і гэта яе моцна ўразіла, бо перш за ўсё ці смяюцца ці плачуць вочы, і па гэтым відаць, што на душы ў чалавека. А тут... I аднак жа яна ўбачыла, што дзядок задаволены, што ён усміхаецца.

— Вось і перайшлі, дзякую табе, золатка, дзякую, — ласкава сказаў стары. — А заўтра аб гэтай пары ты не будзеш тут?

— Буду! — з пэўнасцю адказала Ніна. — Я кожны дзень тут бываю пасля снядання.

— Вось як? Ну тады я і заўтра папрашу цябе памагчы мне. Добра?

— Добра! — кіўнула галавой Ніна, як быццам ён мог бачыць гэты яе ківок. I раптам, бы спахапіўшыся, спытала: — Можа, вас правесці далей?

— Не-не, не трэба, — адказаў старац. — Тут я пайду і пайду гэтай бітай сцягою, а там на дарогу выйду. Бяжы, золатка, да дзяцей, бяжы.

Ніна трохі пастаяла, паглядзела, як цупаючы кіем сцежку, аддаляецца старац, і пайшла назад. I кладку перайшла з заплюшчанымі вачыма. I амаль подбегам — шпарка, як ніколі.

— Ой, якая ты смелая, Ніна! — выказала здзіўленне Ірка. — Я б нізашто не далася, каб жабрак мне руку на плячо паклаў!

Назаўтра Ніна прыйшла на грудок каля возера першая. Снедала спяшаючыся, бо баялася спазніцца, і гэта заўважыла маці.

— Куды гэта так спяшаешся? На якую работу? — спытала амаль сярдзіта.

— Мне трэба, там... чакаюць.

— Пачакаюць. Еш! А то праз гадзіну прыляціш: мама, есці!

I аднак жа Ніна паспела, яшчэ і пагуляла з сяброўкамі, пакуль на сцежцы паявіўся дзед-жабрак. Яна кінулася яму насустрач, азвалася і ўбачыла, як ён узрадаваўся, пачуўшы яе голас, як адкрыўся пад вусамі яго амаль зусім бяззубы рот. I Ніна перавяла яго праз кладку, і ёй здалося — яшчэ больш спраўна, чым учора.

Так было і на трэці дзень, і на чацвёрты. А на пяты... Маці зноў заўважыла, што Ніна надта спяшаецца пайсці з-за стала, амаль не паснедаўшы. З'ела адну бульбіну, запіла шклянкай малака — і ўжо гатова выпырхнуць.

— Куды! А ну-ка сядзь! — сувора прыкрыкнула маці. — Што гэта такое — каторы дзень ляціш, як на пажар! Што гарыць?

— Ма-а-ма, гэта ж яна спяшаецца, каб сляпога жабрака перавесці праз рэчку, — па-здрадніцку выдала прычыну Нінінай спешкі Ліпа. — Ужо ўсе дзеці ў сяле пра гэта гавораць.

— Жабрака? Гэнага Пігулеўскага? Ды ты нешта выдумляеш, — паглядзела маці на сваю заўсёды спакойную, разважлівую большую.

— Праўда! Пераводзіць жабрака праз кладку. Мне і Вікця казала, і Анютка, і Ірка...

Ніна пачырванела, як быццам яе выкрылі ў нейкім непрыгожым брыдкім учынку. Нават адчула, як не хоча глытацца камяк бульбянай кашы.

— Ну і пераводжу, і ў цябе пытацца не буду! — са злосцю кінула Ліпе.

— Ты здурнела, ці што? — уставілася маці на віноўніцу. — Мая дачка — за павадырку ў старца?

— Ен сляпы, мама, у яго зусім няма вачэй, — адчуваючы, што вось-вось набягуць слёзы, стала тлумачыць Ніна. — У яго на германскай вайне газам выела вочы, ён мне сам расказаў пра гэта. Мне надта шкада яго, мама! Ён папрасіў мяне правесці да кладкі... А тады і па кладцы... Бо адзін, ён можа сарвацца ў рэчку...

Ніна гаварыла гэта і ўсё-такі спяшалася даесці кашу, адчуваючы, што пабяжыць, што яе ніхто не стрымае — нават мама.

— Дзяцінец цябе ведае, што за наўда прыстала! Гэта ж падумаць: павадыркай да жабрака нанялася! — сярдзіта выгаварыла маці. Але з кожным словам спакайней і лагодней.

I Ніна выпырхнула, і праз колькі хвілін была на грудку. Сяброўкі ўжо чакалі яе.

— Не ішоў? — спытала, задыхаўшыся, Ніна.

— Не ішоў, — адказалі тыя ў адзін голас. Пра каго яна пытаецца — ведалі. — Мы ўжо даўно тут, яшчэ не ішоў...

Ніна далучылася да іхніх забаў, але ўвесь час, праз кожную хвіліну, кідала позірк на сцягу паўз возера — ці не ідзе той, дзеля каго яна так спяшалася. Аднакстарацтак і не паявіўся. I ў Ніны сапсаваўся настрой. Што здарылася? Чаму ён не прыйшоў? Ён жа казаў, што заўтра будзе ісці, і гэткай самай парой.

Не прыйшоў сляпы жабрак і назаўтра. Ніна нават пабегла на грудок яшчэ да снядання, думаючы, што ён пачаў хадзіць раней. Доўга стаяла, а тады яшчэ даўжэй сядзела моўчкі на кладцы, і было ёй вельмі маркотна — так, што нават да гульняў сябровак не далучылася.

Не прыйшоў старац і на трэці дзень, і на чацвёрты. I Ніна зразумела: нешта здарылася. Так, нешта нядобрае здарылася, і той убогі сляпы дзед больш не прыйдзе. Можа, немцы схапілі дзе-небудзь у дарозе? Чула, гаварылі ў вёсцы, што немцы беспрытульных, бяздомных бадзягаў забіраюць і кудысьці адвозяць. А куды — невядома.

Кожны раз, калі Ніне даводзілася пасля пераходзіць па той кладцы Калпеніцу, ёй здавалася, што яна адчувае на сваім плячы лёгкія, але ўчэпістыя пальцы сляпога старца.

Загрузка...