Новае месца працы Нінінага таты — сямігадовая школа ў Замчышчы. Дзяцей у школе шмат, бо сюды ходзяць і вучні пятых-сёмых класаў з суседніх вёсак, дзе школы толькі пачатковыя. Іван Рыгоравіч з Нінай сталі на кватэру да старой, даўно аўдавелай бабулі Хрысціны. Хата невялікая, але — на дзве палавіны, у другой, як тут гавораць, «чыстай», і пасяліўся новы настаўнік. Баба Хрысціна — кабеціна негаваркая, норавам — строгая, любіць парадак, каб усё было дагледжана, прыбрана, вымыта, у яе нават мянушка не якая-небудзь крыўдная, а ганаровая — «чысцюля». Ніне чысціня і парадак падабаюцца, яе мама таксама за гэтым вельмі сачыла. Але кепска тое, што баба Хрысціна не дазваляе Ніне вадзіць у хату дзяцей — як яна кажа: «міндрыцу». У самой яе ўнукаў няма і яна, відаць, прывыкла да спакойнага, ціхага жыцця, — калі ніхто не замінае і не дурыць галаву. Ну і з-за гэтай самай чысціні і парадку: там, дзе збіраюцца на свае забавы малыя дзеці — там будзе шурум-бурум, а не парадак. Тата наконт гэтага строга папярэдзіў і патлумачыў чаму: баба Хрысціна — старая і хворая, ёй патрэбна цішыня, дык ты ўжо глядзі, Ніначка, а то давядзецца шукаць другую кватэру.
Вось і атрымалася, што з новымі сябрамі Ніна можа сустракацца для гульні-забавы толькі на вуліцы або ў хаце якой-небудзь дзяўчынкі. Можа, з гэтай прычыны, што часта даводзіцца быць дома адной, Ніна дужа ўцягнулася ў чытанне кніг. Хоць вучыцца яшчэ толькі ў другім класе, а чытае ўжо зусім бегла, хутка, і кнігі ў школьнай бібліятэцы мяняе вельмі часта — настаўніца-бібліятэкарка аж дзівіцца: «Калі ты іх паспяваеш прачытваць, Ніначка?» Кнігі асабліва любіць тыя, у якіх расказваецца пра горкае, гаротнае жыццё дзяцей — хлопчыкаў і дзяўчынак. Некаторыя з іх, як «Нэллі і Патраш», прачытала па два-тры разы, і так перажывала за дзевачку і сабачку, так ёй было іх шкада, што аж слёзы да воч падступалі.
Зіма тым годам выдалася лютая — мароз даходзіў да 35-40 градусаў. Вясной людзі ўбачаць, што амаль усе дрэвы ў садах — і яблыні, і грушы, і слівы, і нават вішні — вымерзлі. Гэта была тая самая зіма, калі супраць нашай краіны, тлумачыла ў школе настаўніца, павялі вайну «нягоднікі-белафіны». Таму жыхарам Замчышча яна запомніцца не толькі небывалым холадам, але і першай ахвярай вёскі богу вайны: дзесьці там, у заснежаных лясах за Карэльскім перашыйкам, загінуў ад кулі фінскага снайпера сын старшыні калгаса, і ў вёсцы пра гэта шмат гаварылі. А Ніна ўсё распытвала тату, чаму тых нягоднікаў-снайпераў завуць «кукушкамі», бо ведала, што «кукушка» — гэта зязюлька, — самая сумная з усіх птушак, чые галасы Ніна чула, і ёй не падабалася, што такім прыгожым імем называюць забойцаў.
У тую незабыўную зіму, у самыя страшныя маразы дзеці ў школу не хадзілі, — быў аб'яўлены, і надоўга, каранцін. Але настаў дзень, калі мароз крыху адваліўся, на дварэ чуць-чуць памякчэла. «Чуць-чуць» — не азначала, што наступіла адліга, зусім не, але і не той яры марозны сквар, калі і рот не адкрыць — дых займае. Пры такім памякчэнні ўжо можна, хоць не надоўга, і на вуліцу выбегчы, каб крыху пазабаўляцца. I дзеці гэтай спрыяльнай акалічнасці не ўпускаюць. Вунь — бачыць Ніна праз акно — і Воўка Гамзук цягне саначкі, пакоўзацца выйшаў. Гамзук — гэта, вядома, мянушка, якую вясковыя дзеці доўга не шукалі: хлапчук гаворыць трохі ў-нос, гамзае, — адсюль і Гамзук. А саначкі ў Воўкі самыя лепшыя ў вёсцы — фабрычнай работы, на металёвых палазках. Ды і паліто ў яго таксама, мабыць, самае лепшае — крамнае, з тоўстым цёплым каўняром. Гэта ў яго падарункі ад роднага дзядзькі, матчынага брата, які ў Віцебску займае нейкую важную пасаду. Ды і маці — не ў калгасе робіць, а за грошы — загадвае паштовым аддзяленнем у Замчышчы. Убачыла Ніна Воўку — і так жа ёй захацелася раптам пакоўзацца на саначках! Але сваіх у яе няма — ні саначак, ні лыжаў, — тата яшчэ не купіў, нестае грошай, усе разыходзяцца на харчаванне, на вопратку і абутак. А тыя, старыя, засталіся ў Мурожніцы, на іх цяпер, напэўна, катаецца Ліпа. Таксама вельмі добрыя санкі, праўда, сваёй, вясковай работы: іх змайстраваў унучкам гады тры назад дзед Сеня. Паспеў зрабіць ім гэты падарунак якраз перад тым, як яго забралі і некуды павезлі вайскоўцы, амаль у той самы дзень, як і другога дзеда — Захара, знакамітага на ўсю ваколіцу пчаляра.
Ніна хуценька сунула ногі ў валёнкі, надзела пальтэчка і шапку-вушанку, схапіла вязаныя рукавічкі і выбегла на вуліцу.
— Воўка! Пачакай!..
Гамзук пачуў і азірнуўся. Яны вучыліся ў адным класе, праўда, не сказаць, каб сябравалі, — Ніна ўвогуле сябравала толькі з дзяўчынкамі, — але і ніколі не задзіраліся між сабой, не сварыліся. Тым больш што ён быў маўчун і крыху «ацеслівы».
— Давай я цябе паважу! — яшчэ падбягаючы, дружалюбна прапанавала Ніна. — Давай! Аж туды — у канец вуліцы!
Гамзук, было бачна, крыху разгубіўся ад такой нечаканай прапановы і адказаў не адразу.
— Не трэба... Я сам...
— Давай! — настойліва паўтарыла Ніна. — Ты не бойся, я не выкулю. Садзіся! Ну садзіся! — I падышла да яго і ўзялася за павадок.
I Гамзук прагэмзаў:
— Ну ладна... Але толькі трохі...
Ён аддаў ёй павадок, усеўся на санкі, ногі, крыху падкурчыўшы, упёр у пярэдняе білца, а рукамі ўчапіўся за крайнія планачкі насцілу.
Ніна хацела бегма рвануць з ходу, але з ходу бегма не атрымалася — Гамзук аказаўся цяжкаватым. I аднак жа, калі не бегма, дык амаль уподбег пацягнула, а дзе вуліца хоць трохі ішла ўніз — дык і бегма. Дзяўчо імгненна разагрэлася, расчырванеліся шчокі, разгарэліся — ад задавальнення, ад радасці — вочы. А яшчэ і ад думкі, ад надзеі, можна нават сказаць — ад упэўненасці, што Воўка наўзаем пакатае і яе, абавязкова пакатае, ну а як жа! Спярша — яна яго, а тады — ён яе, а пасля можна і яшчэ раз памяняцца месцамі. Ах, як шчыравала Ніна, у якім акрылёным настроі цягнула-пёрла па расслізганай вуліцы санкі з нялёгкім пасажырам! Адно шкада, што Воўка — маўчун, ну зусім маўчун, а ні слова не кажа. «Вось калі я ўсядуся, думала, дык адразу закамандую: «Гэй, пайшоў, конічак! Гэй, пайшоў!..»
Ніна пракаціла Гамзука далёка за апошнія хаты, не прыпыняючыся, акуратна развярнулася, шчасліва зіркнуўшы пры гэтым на маўчуна-пасажыра, і закапыціла што змогі назад. Ужо добра такі стамілася, але віду не паказвае. «Вось працягну міма школы, а там і запынюся...» А са школьнага двара на вуліцу выйшаў сам дырэктар, Адам Ігнатавіч. Ніна і на яго кінула шчаслівы пагляд, сказала «добры дзень!» і трохі збянтэжылася. Так заўсёды: хоць і тата настаўнік, а яна пры сустрэчы з іншымі настаўнікамі кожны раз бянтэжыцца.
— Вова! Ты гэта што? — спытаў у здзіўленні Адам Ігнатавіч. — Не ты Ніну, а яна цябе возіць? Ну і рыцар! Хіба рыцары гэтак робяць, га?
Ніна спынілася. Гамзук заварушыўся, даючы зразумець, што злазіць.
— Дык я... Дык гэта... яна сама... — заапраўдваўся прысаромлены «рыцар».
— А мне зусім няцяжка! — выгукнула ўжо ў спіну дырэктару Ніна. Той, было бачна, спяшаўся.
Гамзук злез з санак і тузануў з рук дзяўчынкі павадок:
— Давай, мне ўжо трэба дадому!..
На твары Ніна можна было ўбачыць не проста здзіўленне, а разгубленасць. «Дадому? Дык, значыць, ён мяне не пакатае? Тады... Тады — я пакатаюся сама, толькі хай пазыча саначак...»
— Воўка, — сказала, крыху заступіўшы яму дарогу, — а ты дай мне трохі пакатацца. Мне надта хочацца пакатацца! Я адразу ж іх табе прыцягну.
— Няможна, мама будзе сварыцца, — прагугнявіў Воўка.
— Я ім нічога не зраблю! Я буду асцярожна, не бойся! Трохі пакатаюся і прыцягну. Дай, Воўка, ну дай!
— Сказаў жа: няможна! — буркнуў насуплены гаспадар санак. Відаць, тое, што яго прысарамаціў дырэктар, ды не сам-насам, а пры Ніне, яму моцна сапсавала настрой і збудзіла непрыязнасць да дзяўчынкі. Што трэба быць удзячным і за дабро плаціць узаемнасцю — гэтага хлапчук яшчэ не разумеў.
Ніне можна было ісці з Воўкам разам, у адзін жа бок, але яна не пайшла, засталася стаяць там жа, насупраць школы. Вялікая крыўда і яшчэ нешта — можа, пагарда, а можа, і злосць, — затрымалі яе на месцы. Якое расчараванне і засмучэнне! Так спадзявалася і так шчыравала, з такой ахвотай і радасцю — і вось чым усё кончылася!
— Скупярдзяй! — голасна крыкнула яна, калі той ужо крокаў на дваццаць адышоўся. I яшчэ грамчэй паўтарыла: — Скупярдзяй!
«Рыцар» Гамзук не азірнуўся. Зрабіў выгляд, што не пачуў? Ці ад сораму?
Праз нейкую хвіліну, калі «скупярдзяй» ужо быў досыць далёка, Ніна ціха пайшла дадому. «Папрашу тату, каб купіў саначкі... Ці лыжы? От каб і саначкі і лыжы! От было б добра! Кожны б дзень коўзалася!..»