Памяць пра кіно ў Замчышчы


У адзін з самых марозных дзён той зімы ў Замчышча прывезлі кіно. Падзея — не звычайная, бо здаралася рэдка, можа, раз у паўгода. Паказваюць кіно ў калгаснай канцылярыі — у хаце былога «кулака», высланага з сям'ёй гадоў сем назад на Поўнач, у Котлас (так гаварылі). Хата, па вясковых мерках, вялікая, раздзеленая сеначкамі на дзве палавіны. У меншай — сама канцылярыя, стол старшыні праўлення, стол рахункавода, шафа з паперамі; а большая, нашмат большая, адпушчана пад калгасны клуб, які ўсё абяцаюць пабудаваць, але таму і не спяшаюцца, што ёсць гэтая пустая палавіна кулацкай хаты. Тут збіраюцца калгаснікі на свой агульны сход, тут праводзяцца ўрачыстыя вечары ў гонар Чырвонага Кастрычніка, ці Першамая, ці дня Савецкай Арміі, ці Міжнароднага дня жанчын і даюцца канцэрты мастацкай самадзейнасці. Тут, зразумела, паказваюць і кіно. Трэба сказаць, што ў Замчышчы глядзець кіно любілі — кожны раз сыходзілася амаль уся вёска, нават многія старыя дзяды і бабы, асабліва ж дападалі дзеці, упусціць гэты шанц для іх раўнялася няшчасцю. Тым больш што квіткі купляў на ўсіх агулам калгас, — старшыня мудра разлічыў: выдаткі невялікія, а далучаюць такім чынам людзей да культуры — справа вельмі важная. «Чаму не схадзіць, калі бясплатна», — разважалі тыя, хто стараўся ашчаджаць кожную капейку. А хто з вяскоўцаў тады не ашчаджаўся?

Яшчэ раніцай Ніне паведалі пра навіну сяброўкі.

— Ці чула, Нінка, сёння ў клубе будзе кіно, у восем вечара. Мы ўсе ідзём, а ты? Пойдзеш? Такое, кажуць, будзе кіно!

Як і ўсе беларускія дзеці той пары, Ніна вельмі любіла глядзець кіно і ўспрыняла навіну з вялікай радасцю. Як гэта яна не пойдзе на кіно! Вядома, пойдзе! Тут і пытацца не трэба.

— А ведаеш, што кажуць? Што малых дзяцей не пусцяць. Табе добра, твой тата цябе правядзе. А мы — знаеш, што прыдумалі? Пойдзем за гадзіну раней, залезем на печ і схаваемся за комінам, у куточку.

— Таты няма дома, ён паехаў у Віцебск, вернецца толькі заўтра.

— Дык тады далучайся да нас! — прапанавалі сяброўкі. — Мы цябе паклічам, добра?

Ніна з радасцю згадзілася. Вось будзе цікава! Усіх дзяцей прагоняць, а яны схаваюцца за комінам і іх не ўбачаць.

Вечара Ніна чакала з нецярпеннем. Але і яе, і яе сябровак напаткала вялікае расчараванне: калі яны прыйшлі, за добрую гадзіну да пачатку, у клуб, печ ужо была захоплена хлапчукамі, — з тым жа самым намерам. Ну, а чаму хлапчукі павінны быць менш разумнымі і кемлівымі, чым дзяўчынкі? Расчараваным нічога не заставалася, як стуліцца ў куточку каля печы, хоць і на гэты куточак ахвотнікаў было уга колькі. На вялікі жаль, чуткі спраўдзіліся: калі ўжо насыходзілася амаль поўная хата людзей, кіншчык, здаравенны таўстагаловы дзяцюк, загадаў:

— Дзеці да чатырнаццаці гадоў — асвабадзіце памяшканне! Чулі? Давайце, давайце! Хуценька! Не чакайце, пакуль стану за шкірку выкідваць!..

I дзеці, перш за ўсё дзяўчаткі, падаліся да дзвярэй. Нічога не зробіш. Прасіліся, угаворвалі, ледзь не слёзна енчылі — не памагло. Кіншчыку, па ўзгадненні з дырэктарам школы, даў загад старшыня калгаса.

— Ну, а ты — што? Цябе не датычыць? — крануў кіншчык за плячо падлетка ў насунутай на лоб авечай аблавушцы, які зручна стуліўся сярод дарослых на ўслоне.

— А што — я? — незадаволена зіркнуў той з-пад аблавушкі. — Мне ўжо скора шашнаццаць!

— Табе — шашнаццаць? — перакрывіў, не паверыўшы, кіншчык. — Хлусіш, пашавэлак!

— Праўда, праўда! — заступілася за «пашавэлка» кабета, што сядзела перад ім. — Гэта ён ростам не выйшаў, а яму ўжо напэўна шаснаццаць.

— Ён ужо да Яўхімавай Нюркі ў сваты прыходзіў, а ты яго за пашавэлка маеш! — гукнуў мужчына з канца лаўкі, зарагатаў сам, і ўсе, хто пачуў, весела зарагаталі.

— Ну тады на вашу адказнасць, — прымірэнча пагадзіўся кіншчык. — А вы — пайшлі, пайшлі! Вам пара спаць, шантрапа, а не па кінах хадзіць!

«Шантрапа» — гэта і былі ўсе такія, як Ніна і яе сяброўкі. Выходзіць не спяшаліся, спадзяваліся: а раптам кіншчык злітуецца і дазволіць застацца. «О, каб быў тата! — пашкадавала ў думках Ніна. — Ён бы мяне пасадзіў побач з сабою, як тыя разы, бывала... I чаму ён якраз сёння паехаў? Так хочацца паглядзець кіно!..»

На дварэ тым часам пачаў крапчэць — нанач — мароз. Пасля цёплай хаты — Ніна гэта адразу ж адчула. Падумала пабегчы дадому, але самая кемлівая з сябровак Лідачка (гэта яна і наконт схованкі за комінам прыдумала) затрымала ўсіх нечаканай прапановай:

— Дзевачкі! А мы давайце праз акно паглядзім! Станем на прызьбе — і ўсё будзе відаць. Помніце, як вясной глядзелі?

— Дык гэта вясной, а цяпер... яно ж замерзлае!

— Не скрозь замерзлае, а толькі знізу. Нешта ўбачым...

I заядлыя малыя кіношнікі імпэтна паўскоквалі на прызбу і пачалі ўглядацца праз замерзлыя шыбіны, што там робіцца ў хаце і ці не пачалі пускаць кіно. Ніне дасталося месца скраю, яна ўткнулася тварыкам у шыбіну, левай рукой трымаючыся за ліштву, правай — за ніжнюю асадку рамы, і пачала ўглядацца, хоць кіно яшчэ не пачыналася. Неўзабаве адчула, як мароз заходзіць і ў рукавічкі, і ў валёначкі — і там і там пальцам холадна, але стаяла, бо баялася, што як толькі адыдзецца, то нехта захопіць месца, дзяўчынак каля вакна шмат. Спрабавала варушыць пальцамі, але гэта чамусьці слаба памагала, холад даймаў іх усё мацней, і нарэшце яны няйначай як перасталі слухацца яе. А тут загула ў хаце дынама — значыць, пачалося кіно, і ўсе дзяўчынкі прымкнулі да вакна. На жаль, праз замерзлую шыбіну нічога не было бачна, і Ніна з крыўдай у душы зразумела, што кіна яна не паглядзіць. Трэба ісці дадому. «Пайду ўжо я», — сказала хутчэй сабе, чым сяброўкам, і саскочыла з прызбы. I ўпала: ступні ног як адзервянелі і не слухаліся яе. Падымаючыся, адчула, што не слухаюцца і пальцы рук — нібы амярцвелыя. I аднак жа паднялася і, неяк няўклюдна ступаючы, як не на сваіх нагах, пасунулася на вуліцу. I датупала да хаты, а дзверы адчыніць не можа, — ніяк не націсне на слясак, каб падняць клямку, адзервянелыя пальцы зрываюцца. Трохі злякаўшыся, памкнулася пастукаць у дзверы кулачком, — баба Хрысціна пачуе і адчыніць, але далонька ў кулачок як трэба не згарнулася, і Ніна, стаўшы да дзвярэй упаўбока, пачала стукаць локцікам, — моцна, колькі было сілы. I гаспадыня пачула, і клямка бразнула.

— А хто ж гэта тут стукае? — спытала, расчыняючы дзверы, баба Хрысціна. — Нінка? Ты ж умееш адчыняць, чаго ж ты стукаеш?

Відаць, і дзіцячым розумам скеміўшы, што з ёю здарылася бяда, Ніна ў адказ ціха войкнула і заплакала.

— Я змерзла... Рукі змерзлі... I ногі...

Баба Хрысціна сцягнула з рук дзяўчаці рукавічкі і схапіла ў цёплыя далоні яе адубянелыя пальчыкі.

— Ай-я-я-яй! — заякатала адразу ж, усплянуўшы ў далоні. — Ай-я-я-яй! А дзіцятка маё, а як жа гэта сталася? Ты ж на кіно пайшла, а не на вуліцу!

— Не пусцілі ў кіно, — ужо зусім не стрымліваючы плачу, адказала Ніна. — Кіншчык усіх дзяцей прагнаў...

Хрысціна сцягнула з малой пальтэчка, потым, пасадзіўшы на ўслонік, валёначкі і замітусілася, войкаючы і божкаючы, па хаце.

— Зараз, дзіцятка, зараз буду лячыць цябе... На няшчасце, і бацькі няма дома...

Яна наліла ў медны тазік халоднай вады, некалькі конавак лінула ў ладную гліняную місу, тазік паставіла Ніне пад ногі, а місу — побач на ўслоніку.

— Апускай ногі ў ваду, дзіцятка, апускай, а рукі — во сюды, у міску. Ай-я-я-я-яй! Аж пасінелі! Во — плямамі пайшлі твае ручачкі! Абмарозіла, неразумненькая, абмарозіла! Як жа мне ўратаваць іх?!..

Чым больш Хрысціна гаварыла, тым мацней і жаласней плакала і енчыла Ніна — пальцы рук і ног пачало надта балюча калоць і ламіць. «Таму што ў вадзе», — здагадалася беднае дзеўчаня і хацела выняць далонькі з місы, але баба прыкрыкнула:

— Трымай у вадзе! Трымай і цярпі, а то без пальцаў застанешся! Некалі, помню, заечым тлушчам абмарожанае гаілі — самае лепшае лякарства, нават лепш за гусіны шмэльц памагае, але ж дзе ты цяпер таго тлушчу возьмеш. А вось шмэльц павінен быць у Якубіхі, яна трымае гусей. Схаджу да Якубавых, папрашу, калі яшчэ спаць не ўклаліся... Пасядзі, дзіцятка, я зараз вярнуся, толькі не вымай з вады рукі і ногі...

Хрысціна хуценька апранула кажух, накінула на галаву хустку і знікла за дзвярыма. Застаўшыся адна, Ніна заплакала галасней, — боль з кожнай хвілінай мацнеў, асабліва ў пальцах рук, трываць было проста немагчыма, такога болю яна ніколі не ведала. Баба Хрысціна вярнулася занадта скора — і ні з чым.

— Ці спяць ужо, ці ўсе на тое кіно сышлі — але ў вокнах цёмна, — ад парога паведаміла Ніне. — Заўтра раненька схаджу, а цяпер надзяру цыбулі на тарку і абкладу табе пальчыкі дзёртай цыбуляй — таксама памагае. Цярпі, дзіцятачка, цярпі!..

Яна абчысціла тры вялікія цыбуліны, узяла на заложніку тарку, спрытна сцёрла іх, і пазагортвала тую ружаватую кашыцу ў кавалачкі марлі. Потым завяла Ніну ў ложак і паабкладала абмарожаныя пальцы гэтым ядавіта-горкім і страшна пякучым лекам.

— Зараз я напаю цябе гарачым чаем, ліповым, і з малінавым варэннем, каб унутры холад не застаўся, — сказала малой гаротніцы.

Ніна ўжо змаглася ад плачу і, трохі прыцярпеўшыся да болю, ціха, жаласна скуголіла.


* * *

Доўгі час скура на руках і на ступнях ног аблазіла, здзіралася, сыходзіла, траціла прыгожы прыродны колер і — без натуральнага валасковага покрыву — рабілася непрыемнай для вока бліскуча-голай. Асабліва гэта адбілася на пальцах рук, на ўсё жыццё яны засталіся падобнымі на дробныя зморшчаныя моркавачкі, толькі колеру не маркоўнага, а сінюшнага. На ўсё жыццё! Колькі Ніна адплакала з-за гэтага, колькі тымі пальчыкамі выцерла горкіх дзіцячых слёз! Калі б слёзы мелі чароўную сілу лекавання, яны вярнулі б яе пальчыкам тую красу-прыгажосць, што была ад Бога. Але слёзы, на жаль, гэткіх чараў не маюць.

Загрузка...