«Не бі вавёрачку»


На перапынках любімае месца дзяцей было пад бярозай — высознай, кунатай, ужо досыць тоўстай у камлі, унізе парэпаным, у чорных трэшчынах, вышэй — белым і гладкім, у танюсенькіх завіточках-стужачках на кары. Яна стаяла за нейкіх трыццаць крокаў ад будынку школы, за глухою, без вокнаў, сцяной, наўзбоч ад дарогі, што вяла да недалёкага лесу. Зямля пад бярозаю была вытаптана дзіцячымі нагамі так, што ў летнія сухія дні напамінала пульхны шэры попел, ніякая трава там ужо ніколі не расла — не паспявала прарасці. Для забаў і гульняў месца было вельмі прывабнае. Дзяўчынкі, пабраўшыся за рукі, утваралі колца і раскручвалі яго — колькі было сілы, аж пакуль не парвецца, і тады нехта, пад вясёлы смех-рогат астатніх, паляціць-пакоціцца долу. Хлопчыкі любілі тут дужацца, мерацца сілай, гуляць «у ножыка», а яшчэ — спаборнічалі, хто вышэй залезе на бярозу. Справа была не з лёгкіх — абхопліваючы гладкі камель рукамі і нагамі, дабрацца да першых сукоў. Але найбольш спрытным са старэйшых гэта ўдавалася. Ну а там, па суках, залазілі і досыць высока.

Гэтым разам першы збег з ганку школы і пусціўся, падскокваючы, да бярозы Юзік Грабянок — самы задзірысты ўчацвёртым класе малец, завадатар усялякіх хлапечых прыгод. Ён жа і ўбачыў першы, як з зямлі скочыла на камель бярозы і потым шуснула ўгору, у маёвую зелень, вавёрка. Юзік «тармазнуў» і, нібы не верачы вачам сваім, на імгненне аслупянеў. Тым часам ад школы, як наперагонкі, несліся хлапчукі, а за імі і дзяўчынкі. I Юзік, павярнуўшыся да іх, штосілы закрычаў:

— Вавёрка! Вавёрка на бярозе!

I падбег да дрэва бліжэй, і, задраўшы галаву, паказваў угору рукой.

— Вунь, на другім суку, вунь! Бачыце, як пазірае!

I дзеці ўбачылі, і закрычалі наперабой — каб пачулі і тыя, што былі каля школы.

— Вавёрка! Вавёрка! Хутчэй сюды! Вавёрка!

— А які хвост, гляньце! Большы за самую!

— Во, пабегла яшчэ вышэй!

— Дзе яна, дзе? Я не бачу, пакажыце! Коля, дзе яна? Ты бачыш?

Праз хвіліну пад бярозаю была ўся школа — усе чатыры класы. Збегліся як на вялікае дзіва. Хоць зусім мала хто — хіба сёй-той з першакласнікаў — не бачыў вавёрак у лесе. Але ў лесе — гэта адно, а тут — на краі вёскі, каля самай школы, — гэта ўжо зусім іншае. Ды калі яшчэ побач з табой — больш за паўсотні чалавек, і ўсе крычаць, свішчуць, улюлюкаюць, — і нядзіва прымеш за дзіва.

Ніна гуляла з такой жа дашкольніцай, як сама, у дварэ школы, калі ўсчаўся ўвесь гэты гармідар, і зразумела, што каля бярозы нешта здарылася, і таксама пабегла ўслед за дзецьмі. Такі ўжо закон грамады: раз бягуць усе — бягу і я. Чацвёртакласніца Фрузка, таксама дачка настаўніцы, схапіла Ніну за руку, падвяла бліжэй да бярозы і паказала, дзе сядзіць вавёрка. I Ніна ўбачыла.

— Вавёрачка! Вавёрачка! — радасна закрычала яна і нават заскакала і ў ладкі запляскала. — Якая прыгожанькая! Якая прыгожанькая!

— Давайце згонім яе з бярозы і зловім! — прапанаваў Юзік. — Ёй жа тут, долках, не будзе дзе дзецца!

— А як ты яе згоніш?

— Каменнямі, палкамі!..

— А. як пападзеш каменем дый заб'еш?

— Ведаеце што? Трэба, каб хто палез на бярозу і пачаў там страшыць яе, дык яна па суках і спусціцца. Хто ў нас найлепш лазіць?

— Во — Мішка Цала!

— Цала, палезеш?

Цала — гэта была мянушка, бо як быў малы — замест «сала» казаў «цала». Мішка задзёр галаву, зморшчыў кірпаты нос у рабацінні, вышчарыў рэдкія, са шчарбінай, зубы і ўставіўся позіркам у светла-зялёную высь, яшчэ такую не густую, што запалоханы звярок быў адусюль відаць.

— Магу злазіць, — сказаў неяк вяла, без ніякага запалу Мішка.

Але пакараскаўся па ствале спрытна, сілу, было бачна, у руках меў — падцягваўся лёгка, нагамі абшчарэпваў бярозу, як клешчамі. Праз якую хвіліну ўжо стаяў на першым суку і шукаў вачыма бедную нязваную-неспадзяваную лясную госцю. Адчуўшы небяспеку, вавёрка шмыгнула вышэй і схавалася за ствол. Яшчэ праз хвіліну Цала забраўся на наступны сук. I тут Юзік, які і падбіў сябрука лезці, раптам закрычаў:

— Цала! Уцякай! Яна табе на галаву зараз скоча! Як кот Савосю! Уцякай скарэй!

I ўсе гэтак моцна падхапілі:

— Уцякай, Цала! Яна табе вочы выдзера!

— Яна ўжо зусім блізка, Цала! Уцякай!

— Уцякай, Цала! Як Савосю будзе!

— Злазь, Цала! Злазь!

Мішка, вядома ж, ведаў гісторыю пра Савося, якому кот, ратуючыся ад сабакі, скочыў на галаву, — тады гэту паэму Якуба Коласа ўсе школьнікі ведалі. Не на жарт перапалоханы, Цала долу не злазіў, а ляцеў, ледзь дакранаючыся рукамі і нагамі да ствала, а метры за два ад зямлі і зусім сарваўся, гэпнуўся і кульнуўся прэч ад бярозы. Смеху-рогату было ад той пацехі нямала. Смяялася, аж заходзілася, і Ніна.

— Давайце яе камянямі згонім! — даў новую каманду завадатар Юзік.

— Камянямі! Камянямі! — падхапілі ў паляўнічым азарце хлапчукі і кінуліся шукаць доле камяні. Вось і першы камень паляцеў у крону, потым і другі, і трэці.

— Вы ж можаце забіць яе, грахаводнікі! — за-крычала Фрузка. — Перастаньце кідаць!

— Перастаньце кідаць! — услед за Фрузкай крыкнула Ніна. — Перастаньце кідаць!

Але хто ж будзе слухаць гэтыя пісклявыя галасы пратэсту, калі ўся істота поўніцца корцю — сагнаць! сагнаць! сагнаць! Асабліва стараецца, мабыць, каб загладзіць канфуз і апраўдацца ў вачах «публікі», Мішка. Вось і зноў прымерваецца, каб трапна запусціць у вавёрку каменем. I не паспеў: да яго ў адно імгненне падскочыла і замалаціла кулачкамі ў жывот Ніна.

— Не бі вавёрачку! Не бі вавёрачку!

Цала адштурхнуў малую досыць моцна — бо яна ўпала, і шпурнуў камень у палонніцу неразумнага дзіцячага азарту. Камень папаў у ствол і адскочыў, падаючы, ударыўся аб сук, слізгануў па голлі і — трэба ж было! — зваліўся на галоўку Ніне, — яна якраз перабягала пад бярозай туды, дзе стаяла Фрузка. Моцна закрычала малая заступніца вавёрачкі, схапілася рукой за надлоб'е, і дзеці зразумелі, што здарылася няшчасце, асабліва як убачылі, што з-пад русявай грыўкі да пераносся паліўся струменьчык крыві. Адны кінуліся да Ніны, першаю — Фрузка, падхапіла яе на рукі і ад страху залемантавала сама. Другія панесліся да школы, грамадой уварваліся ў настаўніцкую і наперабой закрычалі да дырэктара.

— Іван Рыгоравіч! Ніне галаву разбілі!

— Каменем! Мішка Цала!

— Кроў цячэ!

Дырэктар збялеў, падхапіўся з крэсла.

— Дзе яна?

— Там, пад бярозай!

Іван Рыгоравіч выскачыў з настаўніцкай і кінуўся ў двор. Не адступаючы ад яго, беглі, лапочучы, вестуны.

— Гэта Мішка, Іван Рыгоравіч! Гэта Цала!

— Ён хацеў збіць вавёрку каменем!

Ад бярозы да школы ішлі гурмой вучні, паперадзе, з Нінай на руках — Фрузка. Ніна трымалася рукой за галаву і моцна плакала, лоб, пераноссе, шчокі былі ў крыві. Убачыўшы бацьку, заплакала яшчэ мацней. Іван Рыгоравіч разгарнуў грыўку і агледзеў рану. На шчасце, яна не была сечанай — толькі трохі счасала скуру. «Камень быў, відаць, невялікі і не востры», — вызначыў, супакойваючыся, дырэктар. Узяў Ніну на левую руку, правай прыціснуў да ранкі белую хусцінку-насовачку. Ніна ўжо ведала, што галаву ёй разбіў камень, кінуты ў вавёрку Мішкам Цалам, і, жаласна румзаючы, скардзілася тату:

— Гэта Мішка кінуў каменем, ён хацеў забіць вавёрачку, там вавёрачка на бярозе, прыгожанькая-прыгожанькая!..

— Ах які ён хуліган, гэны Мішка! Ну, мала яму за гэта не будзе! Ой, будзе! Вось пазвонім у міліцыю, прыедзе міліцыя, забярэ яго і пасадзіць у турму — за яго хуліганства.

— Праўда? Забярэ і пасадзіць? — быццам узрадавана перапытала Ніна.

— Забярэ і пасадзіць! — сурова, з націскам, пацвердзіў бацька. — Будзе ведаць, як хуліганіць! А ты не плач, дачушачка, не плач. Зараз я залячу тваю ранку. Змажу ёдзікам, пашчыпле трохі, і ўсё загоіцца.

Пацалаваў Ніну ў лобік, мацней прытуліў да сябе і панёс у хату.


* * *

Назаўтра раніцай, калі Іван Рыгоравіч збіраўся ісці ў школу і шукаў патрэбны сшытак, у хату з двара ўляцела Ніна і, нават не зачыніўшы дзвярэй, выпаліла:

— Тата! Ён уцёк!

— Хто — уцёк?

— Мішка! Ён уцёк!

— Які Мішка? I адкуль уцёк? — заклапочаны сваім, не адразу скеміў Іван Рыгоравіч.

— З турмы уцёк! Мішка! Ён пайшоў у школу!

— А-а, Мішка! — успомніў, нарэшце, Іван Рыгоравіч. — Не, Ніначка, ён не ўцёк. Ён надта прасіўся, каб яму даравалі, і даў слова, што больш ніколі не будзе хуліганіць. Ну вось, яго пашкадавалі, паверылі яму і адпусцілі. Разумееш?

— Больш ніколі не будзе? — перапытала Ніна. Памаўчала і сур'ёзна, у задуменні, дадала: — То гэта добра.

Загрузка...