Першы раз на ўроку


Хвілін праз колькі, як пачаўся ўрок, дзверы ціха адчыніліся і, на здзіўленне ўсім дзецям, у клас зайшла пяцігадовая дачка іхняга настаўніка Ніна. Левай рукой яна прыціскала да сябе дзве тоўстыя кніжкі, правай падтрымлівала іх знізу.

— Ніна? — не ўтаіў здзіўлення і Іван Рыгоравіч. — Чаго ж ты сюды прыйшла, дачушка?

— У школу прыйшла, ужо буду вучыцца, — сур'ёзна і нават неяк паважна, з годнасцю адказала Ніна.

— Дык табе яшчэ рана ў школу, Ніначка, толькі пяць гадкоў маеш, — ласкава патлумачыў бацька.

— Ну ўжо буду вучыцца, — як бы і не пачула яго слоў Ніна і пайшла да першай у крайнім радзе парты, дзе ўбачыла незанятае месца — нехта з дзяцей адсутнічаў.

— Ну, ладна, пабудзь, павучыся, раз ужо гэтак хочацца, — усміхнуўся Іван Рыгоравіч і памог малой усесціся за партай, побач з белабрысенькай, у шэрачках, трэцякласніцай Феняй. — Толькі сядзі ціха, — строга папярэдзіў тата, — ціхенька сядзі! Слухай і не замінай дзецям, чуеш?

Ніна нічога не адказала, бо ўжо глядзела ў сшытак суседкі, у які тая акуратненька спісвала з дошкі задачкі на дзяленне.

Пачатковая школа ў Мурожніцы, як і шмат дзе ў той час, была двухкамплектная: першы клас вучыўся разам, у адным пакоі, з трэцім класам, а другі — з чацвёртым. Быў канец травеня, навучальны год завяршаўся, і настаўнік Іван Рыгоравіч, ён жа загадчык школы, займаў дзяцей паўтарэннем пройдзенага, каб пераканацца, хто чаму навучыўся, каму якія паставіць у табель гадавыя адзнакі.

— Так, дзеці, цяпер слухайце мяне вы, — звярнуўся Іван Рыгоравіч да першакласнікаў. — Пакуль трэці клас будзе рашаць задачкі, мы з вамі давайце ўспомнім вершыкі, якія вы на працягу году вучылі напамяць. Хто які вершык хоча расказаць — падыміце руку. Ты, Коля, хочаш? Ну калі ласка! Выйдзі сюды, да стала, і раскажы.

Ніне гэта было цікава, яна ўжо не глядзела, што піша Феня, а слухала бацьку і аж прыўстала, каб убачыць, хто ж падняў руку і будзе расказваць вершык. Некалькі вершыкаў яна і сама ўжо ведала напамяць — ад таты, ад мамы, ад старэйшай сястры Ліпы, — ведала і любіла дома іх дэкламаваць. З канца класа да стала выйшаў Коля — худзенькі рослы хлапчук, у клятчатай кашульцы, у залатаных на каленях штоніках і босы (ужо амаль лета на дварэ, і хадзіць у абутку грэшна, бо — не напараешся, калі не эканоміць). Ён крыху задраў галаву, як бы глядзеў кудысь у далячынь, набраў паветра, напружыўся і гучна, хоць і глухаватым голасам, выгукнуў: «Мой конь!» I шпарка, амаль без перадыху, пагнаў:

Гэй мой конік, гэй, мой сівы,

Быстраногі, белагрывы,

Галавою страсяні,

Капытамі зазвіні,

I далёка, мілы мой,

Паімчымся мы з табой!

— Малайчына, Коля, выдатна расказаў, — пахваліў хлапчука Іван Рыгоравіч і нават ласкава правёў далонню па яго стрыжанай «пад барана» — радамі — галаве. — А ногі, галубок, трэба мыць, а то дзяўчаткі смяяцца будуць. Сёння ж харашэнька вымый ногі, добра?

— Добра, — радасна паабяцаў хлапчук.

— Хто яшчэ хоча расказаць вершык? Ты, Ваня, хочаш? Ну, калі ласка.

Да стала выйшаў відочна каранастага складу хлапчук, не па ўзросце шырочанькі ў плячах і з велікаватай круглай галавой і таксама босы. Не чакаючы паўторнага запрашэння, гладка і хутка адмалаціў:

Толькі выпаў першы снег —

Я на лыжы — і пабег.

Пакуль бегаць навучыўся —

Разоў сотню паваліўся.

— I ты малайчына, Ваня, — пахваліў настаўнік і таксама пагладзіў хлопчыка па галаве. — А ногі і ў цябе брудныя. Абавязкова памый перад сном, добра? Не забудзеш?

Іван Рыгоравіч абвёў позіркам два рады першакласнікаў і са здзіўленнем у голасе спытаў:

— А што ж гэта ў нас адны хлопчыкі расказваюць? А дзяўчынкі хіба не ведаюць?

— Я!..Я!..Я!.. — падалі голас адразу некалькі дзяўчынак.

— Ну, Аленка, ты ўжо даўно руку трымаеш, хадзі раскажы ты, а мы паслухаем.

Выйшла Аленка — у белым каптаніку і чырвона-чорнай, у прадольныя палосы, спаднічцы. На нагах — карычневыя сандалікі і ружовыя панчошкі да каленкаў. Як на свята, як тая паненачка-сяляначка. У школу бацькі адпраўлялі яе толькі так. Дома ўвесь гэты ўбор тут жа скідаўся.

— Я раскажу вершыка пра вераб'я, — крыху шапялявячы абвясціла Аленка.

Верабей.

Чы-чы, чы-чы, верабей,

Не клюй маіх канапель,

Бо я табе, вераб'ю,

Кіем ножку пераб'ю.

— Малайчына, Аленка, вельмі хораша расказала. Як і заўсёды, — пагладзіў і яе па галоўцы Іван Рыгоравіч. — Ты ў нас выдатніца. Хто яшчэ раскажа?

I тут здарылася нечаканае: мацней за ўсіх дзяўчынак закрычала «я!» Ніна.

— Я раскажу, я! Ужо я раскажу!

I, не чакаючы запрашэння, уподбег пайшла на сярэдзіну класа. Іван Рыгоравіч аж рукамі развёў: во якія неспадзяванкі выкідвае яго меншая!

— А што ж ты, Ніна, хочаш расказаць нам? Які верш?

Думаў, Ніна ці назаве, ці скажа, пра што яе верш, а яна адразу ж пачала дэкламаваць:

У Савосева суседа

Быў пярэсценькі каток...

— Пачакай, пачакай, — перабіў яе Іван Рыгоравіч. — Дзеці, Ніна хоча расказаць нам верш пра коціка. А ці хочаце вы яго паслухаць?

— Хочам! — амаль усе, хорам, адказалі дзеці, у тым ліку і трэцякласнікі, якіх гэта Нініна ініцыятыва таксама вельмі зацікавіла.

— Ну, расказвай, Ніна, — павярнуўся да малой Іван Рыгоравіч.

I Ніна, ні разу не збіўшыся, не запнуўшыся, прачытала па памяці:

У Савосева суседа

Быў пярэсценькі каток

Выхаванец Паўла-дзеда,

Такі слаўны пестунок.

Нос бялявы, хвост чарнявы,

Задзірасценькі,

Кіпцік-шчыпчык заграбасценькі,

Вушкі-слушкі не мыляюцца,

Вочкі ў ночку запаляюцца.

Мяўкнуў коцік, выгнуў спінку,

Хвост падняў, як корбку,

Але ў тую ж у хвілінку -

Шусь каток у торбу!

На гэтым Нінін верш — урывак з паэмы Якуба Коласа «Савось-распуснік» — заканвачаўся, тата гэта ведаў.

— Ну што ж, і ты малайчына, Ніна, добра расказала, вельмі добра. Бачыла, як усе дзеці слухалі? А як пойдзеш у школу, тады будзеш ведаць вершаў яшчэ больш, многа-многа будзеш ведаць. Бяжы цяпер, дачушка, дамоў, там ужо, відаць, мама цябе шукае. Бяжы!..

Пакуль, седзячы на крэсле, тата яе хваліў, Ніна стаяла паблізу нерухома, як бы нечага чакаючы — ці запрашэння пачытаць яшчэ, ці чагось іншага, і гэтае чаканне на яе тварыку свяцілася, адбівалася, трымцела ў вачох і на растуленых у шчаслівай усмешцы губках. Але як толькі ён сказаў ісці дадому і, падышоўшы, крануў за плячо і яшчэ раз сказаў «Ідзі, дачушка!», — святлістасць на тварыку імгненна пачала гаснуць, яна апусціла вочы, пахіліла галоўку і моўчкі, ні на кога не гледзячы, паволі перастаўляючы ногі, падалася да дзвярэй. Іван Рыгоравіч гэту рэзкую перамену ў настроі дачкі заўважыў, але падыходзіў да канца ўрок, астатнія хвіліны яму былі патрэбны на трэцякласнікаў, і ён вырашыў высветліць прычыну пасля, на перапынку: зойдзе дадому і распытае Ніну, што здарылася.

Так і зрабіў. Дадому ісці недалёка, кватэра ў гэтым жа школьным будынку, толькі з другога ўваходу, і праз хвіліну пасля званка Іван Рыгоравіч ужо быў на сваёй палавіне. Ніна была дома адна, сядзела на канапе спанураная, засмучаная і на бацьку не падняла вачэй. Больш за гэта — пачала шморгаць носам і ўсхліпваць. Іван Рыгоравіч сеў побач, пасадзіў яе сабе на калена (адчуў, што нават упіраецца, не хоча яго пяшчоты) і ласкава пачаў пытаць:

— Чаго ты, Ніначка? Што з табой? Нават слёзкамі плачаш? Чаго?

— А ты... а ты... мяне не пагладзіў, — з вялікай крыўдай у голасе, глытаючы спазмы, адказала Ніна. — Усіх пагладзіў па галаве, а мяне не пагладзіў...

Іван Рыгоравіч быў моцна ўражаны. Прытуліў малую да грудзей, абцалаваў вочы, галоўку, і гладзіў, і прамаўляў, расчулены амаль да слёз:

— Ах ты, мая раднюсенькая, крывіначка ты мая дарагая! Якая ж ты раўнівая і ранімая! Так лёгка ўпадаеш у крыўду! Ой жа і дастанецца табе ў жыцці з такім сэрцайкам!..

Ягоных высокіх слоў Ніна яшчэ не разумела. На тую хвіліну ёй было досыць адчуць, што тата моцна-моцна яе любіць. Як і яна яго.

Загрузка...