— Ці мае беларус аглядаць чужыну?
— Сьвет — гэта найлепшая школа жыцьця. Хто шмат бачыў, той шмат ведае. Кажны, хто толькі можа, няхай аглядае ня толькі свой родны край, але і замежжа.
— Як павінен трымацца беларус на чужыне?
— Беларус першым чынам павінен памятаваць, што чужынцы, углядаючыся на яго, будуць меркаваць аб усім народзе, таму на чужыне, трэба годна і паважна прадстаўляць сябе і сваю нацыю.
— Ці трэба вучыцца чужой мове?
— Трэба. Чым болей чалавек ведае, тым яму лепей, бо ён робіцца больш адукаваным. А толькі добра адукаваны чалавек можа шмат зрабіць для свае Бацькаўшчыны. Хто ведае чужую мову, той можа чытаць чужыя кніжкі і часапісы, можа даведацца з іх шмат для нас карыснага, што трэ' было-б, каб і ў нас было. Гаворачы з чужымі людзьмі, раскажа такі чалавек і аб нашым народзе і аб нашым жыцьці. Бо часам на чужыне ведаюць аб нас толькі тое, што напішуць аб нас нашыя ворагі. Але перш за ўсё, і на чужыне будучы, кажны беларус павінен добра знаць сваю мову, сваю геаграфію, гісторыю, мастацтва, літаратуру, словам — усё жыцьцё, каб будучы на чужыне, не рабіў сам сораму нам, але годна заступаў і абараняў наш народ, дзеля яго дабра працаваў, ды каб добра аб ім інфармаваў чужынцаў.