Мы выйдзем шчыльнымі радамі
на вольны родны свой прастор, —
хай воля вечца будзе з намі,
а гвалту мы дамо адпор!
Няхай жыве магутны, сьмелы
наш беларускі родны дух,
штандар наш бел-чырвона-белы,
пакрый сабой народны рух.
На бой, за шчасьце і за волю
народу слаўнага свайго,
браты, цярпелі мы даволі, —
на бой усе да аднаго.
Імя і сілу беларуса
няхай пачуе й бачыць той,
хто сьмее нам нясьці прымусы
і першы выкліча ла бой.
Браты, да шчасьця мы падходзім,
хай гром грыміць яшчэ мацней, —
ў крывавых муках мы народзім
жыцьцё Бацькоўшчыны сваей.