XVII. ПЕСЬНЯ КАЛІНОЎЦАЎ[3]

Палыном і быльлём парасьлі, нашы нівы,

Як ня б'емся, ня гнёмся над імі у крук.

Плён зьбіраюць папы з маскалямі, ня дзіва,

Што канае народ твой і ты, Бсларусь!

Але годзе! Мы устанем! Ціхім раньнем, на Усходзе

Ссыплем, згорнем у шапкі залатую зару

I ў сталёвым ад кос і ад песьняў паходзе

Возьмем волю сабе і табе, Беларусь!

Каліноўскі нас кліча і агніста й зацята

На змаганьне за сьвята для мазолістых рук,

За зямлю для аратых, і за сонца ў хатах,

За ўвесь твой народ, за цябе, Беларусь!

Дык ударам, як гром, дык лінём навальніцай,

Дык праб'ёмся-ж крыціцай з-пад зямлі угару,

Каб мядзянай пшаніцай мог зіхцець-каласіцца

Наш загон і бязьмежжы твае, Беларусь!

Гэй сьмялей, гэй далей! Не лякаймася, сьмерці!

Пашы целы і славу сыны падбяруць.

Хоць і зложым на пожнях гарачыя сэрцы,

Але ты будзеш жыць і расьці, Беларусь!

Загрузка...