Мы гордыя тым, што мы беларусы, крывічы, бо мы — народ здольны. 3 нашага народу выйшла багата славутых людзей, за якіх ніколі нявыплачаны доўг маюць перад намі і палякі (Касьцюшка, Міцкевіч, Сыракомля, Крашэўскі, Манюшка і шмат інш.), і маскалі (Дастаеўскі, Глінка і шмат інш.), і іншыя нашыя суседзі. Пра нашую здольнасьць сьведчаць таксама нашыя звычаі і абычаі, нашыя песьні і казкі, нашае будаўніцтва, усякія культурныя памятнікі і інш.
Мы гордыя з свае мовы, бо нашая мова мэлёдыйная, багатая і вельмі надаецца да песьні і паэзіі. А да таго-ж яна — адна з найчысьцейшых славянскіх моваў.
Мы гордыя з свае песьні. Беларусы маюць вельмі багата песьняў. Нота нашых песьняў вельмі багатая і адлюстроўвае у сабе душу нашага народу. Нашая народная песьня займаець адно з выдатнейшых месцаў між песьнямі ўсіх народаў сьвету. Ёю цікавяцца вучоныя людзі чужых народаў. Беларускія народныя песьні выкарыстоўвалі і упляталі у свае творы гэткія славутыя кампазытары-музыкі, як Рымскі-Корсакаў, Глінка, Манюшка, Мусаргскі, Карловіч, Шыманскі, Грэчанінаў і інш.
Мы гордыя з свайго народу. Усякі іншы народ, жывучы ў такіх цяжкіх абставінах, якія выпалі на нашу долю, загінуў-бы, а наш народ выказаў нязвычайную жыцьцёвую сілу. Ен ператрываў усякія злыбяды, ліхалецьці і напасьці ды перахаваў у сабе сваю родную мову і любасьць да свае Бацькаўшчыны Беларусі. Наш народ любіць праўду і красу — ён спакойны і разважны, а пры гэтым станоўкі і цьвёрды.
Мы гордыя з свае гісторыі, бо нашая гісторыя — гэта нясупыннае змаганьне за волю, змаганьне за захаваньне свае нацыянальнае душы. Пры тым, мы ніколі ня галіліся на чужое. Нашая гісторыя — гэта Гольгота нашага народу, якая чыніць яму чэсьць і славу.
Мы гордыя за сваю родную зямлю. Нашая Бацькаўшчына — прыгожы край. Багата ў ей красы: харошая у нас вясна і лета, восень і зіма. Нашыя пушчы, лясы і абшары апавітыя паэзіяй, з якое праглядае нашая мінуўшчына.
Адным словам, мы гордыя, што мы беларусы.
І мы гордыя сваймі змагарамі-беларусамі, сваймі нацыянальнымі гэроямі, якія змагаліся за лепшую долю беларускага народу, якія на аўтар Бацькаўшчыне злажылі сваё жыцьцё, як Кастусь Каліноўскі, Ігнат Грынявіцкі, як Слуцкія Паўстанцы, як Усевалод Ігнатоўскі, Язэп Лёсік, і багата-багата іншых. Мы гордыя іхнай працай, мы усе будзем працаваць і змагацца для дабра свайго краю. Мы будзем адначасна так, як і яны, верыць у тое, што народ наш беларускі будзе шчасьлівым, радасным, што абмінець яго доля ліхая і будзе час, калі зажыве ён у дастатку, у дабрабыце, спакойна, сваім беларускім жыцьцём.