Начны голас (Аповед майго сябра-міліцыянера)


- Пішуць — любоў, каханне... Так ужо выпісваюць! І цалуюцца, і спяць, і з палюбоўнікамі там, і хрэн паймёш... Вось раней, правільна, умелі пісаць. Я яшчэ са школы помню — Шамяка...

- Шамякін? — перапытваю я. – Іван Шамякін?

- Ой, Шамякін — правільна... Тады — Леў Тургенеў там, чуў?

- Чуў.

- Вось гэтыя ўмелі пісаць! Чытаеш – і як бы з табою ўсё. Хаця ў мяне зусім інакш было. Так як у мяне, я яшчэ нідзе не чытаў. Што, любоў — дык абавязкова цалавацца ці там спаць разам? Я любіў першы і апошні раз у семнаццаць гадоў. Мы жылі тады ў вёсцы каля самага горада, бацька працаваў у горадзе і гадоў трыццаць чакаў кватэры. Тады, помню, ён якраз атрымаў ордэр, але пакуль не перабіраліся. Так што я ўжо мог лічыцца гарадскім, таму любіў хадзіць на вясковыя гулі, дзе мяне ўсе ведалі і паважалі за тое, што я без пяці мінут гарадскі... Я і цяпер па здароўі не плачу, магу перапіць такіх мужыкоў, што ого, а тады, у семнаццаць, выглядаў на хлопца пасля войска. Памахацца мог, калі якая заварушка, польку ўмеў, вальс, апранаўся нармальна - - джынсікі, куртка харошая... З дзеўкаю ўмеў пагаварыць, ну, як для вёскі — быў развіты. Адно росту быў невысокага, гэта пасля, у арміі, выцягнуўся.

Неяк сабраліся ў суседнюю вёску на танцы. Вось не помню, канец лета быў ці пачатак восені, але халаднавата ўжо было, а галоўнае, цемрадзь такая, што я ледзь дабраўся да канца сваёй вёскі. Каля крайніх хат мяне ўжо чакалі кампаньёны: Іван, лепшы сябра, аднакласнік, Светка - - васьмікласніца, наша сяброўка, і яшчэ нейкая незнаёмка, якую ніяк нельга было разгледзець - - ні якая яна, ні якога росту, ні колькі гадоў... Калі Светка нас пазнаёміла, сказала, што гэта яе сваячка з горада, незнаёмка засмяялася:

- З таго самага, дзе ты скора будзеш жыць!

Я нядаўна чытаў у «АіФ» анкету, што больш за ўсё падабаецца мужчынам у жанчыне, што іх наймацней запальвае. Дык вось, на першым месцы была, здаецца, усмешка, вусны, на другім — голас! Не ногі, не фігура — усё гэта ўсярэдзіне анкеты, — а голас. Вось і мяне аж скаланула тады ад таго голасу. Апісаць я яго, само сабою, не апішу, скажу толькі пра першае, што думалася: яна гаварыла, быццам перад гэтым, хвілінку назад, была страшэнна нечым напужаная, і раптам адкрылася, што баяцца не было чаго; яна быццам выдыхала з палёгкаю — о-ой, ну, дзякуй Богу, усё абышлося — і смяялася збянтэжана і праз смех палёгкі... Расказваю я кепска, а ў самога ў вушах стаіць.

Пайшлі мы ў цёмны лес — ісці трэба было кіламетраў пяць. Прырода там у нас - - нідзе такой больш няма, прыгожа, як у парку якім: хвойнік, бярэзнік, тады балотца... хоць што распісваць, усё роўна ж нічога не відно. Ідзём, як сляпыя, след у след, ледзь не за ручкі пабраўшыся...

Але неяк так патроху Іван з малою прыадсталі, а я з гэтай галасістаю ідзём адныя,— то яна, спатыкнуўшыся, схопіць мяне за руку, то я яе, то плячамі, бакамі неяк церанёмся... Пачаў я знаёміцца бліжэй:

- Як бы гэта паглядзець якія губы ўмеюць такім голасам прамаўляць?

- Што, спадабаўся голас?

- Слухаў бы і слухаў! А ты ад сціпласці не памрэш... Ты думаеш, я ад цябе першага гэта чую?

- Пра сціпласць ці пра голас?

- Пра голас.

- Няўжо так многа кавалераў, ты хочаш сказаць?

Тут яна засмяялася з палёгкаю ад няспраўджанага страху, выдыхнула:

- Ніводнага - - і гэта чыстая праўда. А пра голас і сяброўка ж можа сказаць, і ў школе, на спевах...

Нашыя яшчэ больш адсталі, а мы ішлі, задзіраючы галовы на прасвет паміж вершалінамі дрэў, які пазначаў дарогу.

– Ты мяне заінтрыгавала. Можна, я запалю спічку і пагляджу?

- Не, лепш не трэба.

- Няўжо такая страшная?

– Ну, не такая ўжо, але лепш будзе, калі ты па голасе будзеш мяне ўяўляць. Я тады так ці інакш буду лепшаю, чым ёсць.

- Нешта тут не тое... Хоць сапраўды прырода рэдка бывае гарманічнай. Рэдка, я кажу, супадае, каб і добрая, і прыгожая, і разумная. Калі фігура харошая, дык характарам не выйшла, калі ногі стройныя, дык...

- А ў цябе, аказваецца, вопыт! Такія арыгінальныя разважанні... А вось якая я, як ты думаеш: прыгожая, разумная ці добрая?

- Думаю — добрая, — шчыра ляпнуў я.

Яна зноў выдыхнула са смехам, скінуўшы нейкі страх.

– Та-а-ак, ясна! Па-твойму гэта — сінонім непрыгожасці... А што — я магла быць бы добраю. Для тых, хто са мною добры...

Ты ж ведаеш, наколькі лягчэй размаўляць з дзяўчынаю ў цемры альбо п'янаму, які адразу смелы, разумны робішся... Так і я тады — гнаў усё, што лезла на язык. Як для вёскі, дык гэта была ўга якая размова, а такія словы як «сінонім», «заінтрыгавала», «арыгінальна» можна было адносіць да вышэйшага вясковага пілатажу.

- Не, я ж не кажу сто працэнтаў... Можа, ты і прыгожая, і ўсё такое, але чаго тады ты, гарадская, прыехала ў вёску на танцы? Да нас сюды прыязджаюць альбо падгуляць, альбо хлопца знайсці... І ўсе нейкія не самыя лепшыя...

- Слухай, ты ў мяне дагаворышся са сваёй логікай! Ды гэта і не логіка, а няпраўда. Ты вось сам вясковы, а вясковых хлопцаў не ведаеш. Сапраўды, яны часта недалёкія, п'яныя, гаварыць не ўмеюць, але да дзяўчат у іх адносіны правільныя, лепшыя, чым у гарадскіх... Тут у іх нейкая інтуіцыя. Сілаю яны не лезуць, дзеўку біць не будуць, абзываць не стануць... Адно, што гаварыць з імі цяжка, трэба ламаць сябе, падстройвацца. Сядзе, абдымаць не ўмее, баіцца, рукі трымцяць, паўгадзіны думае, нарэшце: «Адкуль жа такія раскрасавіцы бяруцца?» Ён думае, так трэба — як ён недзе ў кіно пачуў ці як старэйшыя хлопцы расказвалі. Не скажаш жа яму – ды будзь ты самім сабою, спытай проста: «Як я табе як хлопец? Пайшла б са мною? Магу я табе спадабацца?» Не скажаш гэтага, шкадуеш яго, жуеш следам за ім: «Да, красівенькая - - а што? А ты як думаў?..» Вось і ўся размова, і зноў паўгадзіны думае... А вось што, цікава, вясковаму хлопцу ў дзяўчыне падабаецца? Як табе...— панізіла яна голас, — Светка? Прыгожая яна?

- Яшчэ што скажы! Дзіця горкае... Яна нам з Іванам як сястра, такая шустрая, простая, не ламаецца... Неяк на Паску мы з Іванам выпівалі на прыродзе, і Светка была, сядзела з намі, хоць сама не п'е, не курыць, вядома... Калі вежаеш, што яна - - выдатніца, акуратная такая, чысценькая, — а вось сядзіць з намі, балбоча,— тады і п'ецца неяк іначай... Вось такіх я люблю!

- Ясна... Скажы, Андрэй, а мяне... такую, як я, непрыгожую, але разумную і добрую, ты змог бы палюбіць?

Прастачком, паўтаруся, я і тады ўжо не быў, умеў, што сказаць:

- Ну, калі ты так любіш арыгінальнасць, дык і спытаю: а ты б мяне?

- Ведаеш, я палюбіла б толькі таго, хто змог бы стаць маім мужам.

- А чаму б і не?

Вось тут яна, упершыню за дарогу, без смеху, голасам, у якім ужо не было палёгкі скончанага страху, сказала:

– Ты не смяешся? Не баішся ката ў мяшку?

– Не, — адказаў я.

Тады яна спынілася і схапіла мяне за руку:

- Хочаш, мы цэлы вечар будзем танцаваць з табою? А пасля ты правядзеш мяне дадому? Хочаш? I па дарозе назад я табе нешта скажу, скажу шмат чаго цікавага...

Мяне б цяперашняга туды, пачуць бы зноў гэтыя словы!.. А тады, — што я мог тады падумаць? «Цэлы вечар з табою танцаваць», — значыць, акрамя голасу, у ёй нічога няма? I яна не спадзяецца, што нехта запросіць? «Правядзеш дамоў, скажу нешта», - - ясна, што ёй са мною цікава, я ёй спадабаўся што я яшчэ новага пачую?..

Дужа лёгкая была перамога, і гэта хоць і цешыла мяне, але не магло не насцярожваць.

- Вунь вёска, хаты, бачыш? — сказаў я, каб не маўчаць.

- Дзе?

Мы пераходзілі мосцік цераз канаву, за якім пачыналася вуліца, і сапраўды, уперадзе нешта мігцела. Ужо да вушэй ледзь чутна даносілася музыка і асабліва гук бубна, які бухаў, здавалася, недзе пад зямлёю, пад самымі нагамі.

Нас дагналі.

- Пазнаёміліся? — спытала Светка. — Вы так прыліплі, што шкода вас разлучаць!

- Андрэй мне абяцаў, што будзе танцаваць толькі са мною і дамоў правядзе.

- Во як? Ну, добра. А цяпер, хлопчыкі, пардон, нам трэба ў кусты... Ідзіце, мы прыйдзем зараз.

Каля клуба стаялі «пазік», грузавік і некалькі матацыклаў - - паз'язджаліся з розных вёсак. Тады так і гулялі - - кожная вёска танцавала сваім гуртам, па розных кутках вялізнага клуба; было нейкае перамір'е, таму біцца не біліся і свае глядзелі сваіх. Яшчэ каля ганка нас з Іванам сустрэлі знаёмыя мясцовыя, пазвалі за клуб, налілі самагонкі – пілі, помню, з адкручаных у матацыклаў крышачак стоп-сігналаў... Потым знік недзе Іван — у яго была тут свая дзяўчына, а я, ап'янелы ад самагонкі, ад музыкі, ад мільгацення знаёмых і незнаёмых твараў навокал, хадзіў па клубе як непрыкаяны і знарок не танцаваў, бо ўсе прыгожыя, «прыкінутыя» - - як след адзетыя — былі з хлопцамі, а мне ў тыя гады маглі падабацца чамусьці толькі занятыя дзяўчаты, якія хадзілі з іншымі. Да тых, што танцавалі толькі агульныя танцы, у коле, а на вальсах, на польках ціснуліся па кутках і паўз сцены па дзве, па тры і перашэптваліся (як некалі пасля вайны), мне чамусьці сорамна было падыходзіць...

На мяне наткнулася Светка і, сярдзітая, зашыпела:

- Ты што?! Ідзі запрашай Наташу, яна чакае, ні з кім не танцуе цэлы вечар!..

I мне ўявілася нешта нуднае, адна з тых, што ціснуцца па кутках і перашэптваюцца. Я адмахнуўся, выйшаў з клуба пакурыць і зноў, як чорт пад руку штурхануў – за клуб, да тых, што пілі, і зноў мне налілі ў стоп-сігнал... Потым — лепш бы я піў ужо тады з імі да канца! – на лавачцы, на ганку — там быў крыты ганак і з бакоў такія лавачкі — я пачуў голас, знаёмы цудоўны голас, якім павінны былі гаварыць толькі са мною!..

На лаўцы, спінаю да мяне, сядзеў шаракаплечы патлаты дзяцюк у цяльняшцы і мычэў на вуха дзяўчыне, што прыстроілася ў яго на каленях:

- I адкудава ж такія бяруцца?

- Усё адтудава! – з палёгкаю, што страху няма, смяялася ў адказ яна.

Дзяцюк павярнуўся, зіркнуў на мяне зверам, і я пайшоў у клуб, але хутка і яны зайшлі, пачалі танцаваць. Тут, на святле, я ўжо добра яе разгледзеў, і чым больш разглядаў, тым больш цверазеў... Магчыма, яна і не была такой красуняю, як мне тады бачылася, — але якая яна была! Апранута проста — не так, як нашы, вясковыя, што нацягваюць на сябе ўсё, што па тэлевізары ўбачаць, ці ў горадзе на вуліцы, — яна была апранута аднатонна, у нешта, здаецца, бэзавае - я кепска колеры адрозніваю - - світэр, сукеначка кароткая, «чоха» пад хлопчыка, твар дзіцячы зусім, мілы, роцік – усмешка да вушэй... I галоўнае, чым яна ад усіх вылучалася, дык гэта нейкай раскаванасцю, свабодай, вось быццам яна тут гаспадыня, а ўсе — яе госці, і яна толькі што выбегла з кухні, ад пліты, насунула толькі замест пантофляў красоўкі,— вось патанцую трохі, а там трэба бегчы глядзець, ці што не падгарэла...

Я стаяў так блізка, што чуў, як гэты, у цяльняшцы, казаў:

-- Паедзеш з намі? У...

- Паехалі! - - залівалася яна сваім смехам - - быццам ад першага яго слова ёй стала страшна, ад другога страх прайшоў: выдых – палёгка – па-е-халі!

Можна было яшчэ падысці, забраць неяк, але я стаяў, як пень, і чакаў ну, кіўні мне, дай які знак!.. Падыдзі першая, ты ж бачыш мяне! Сама ж казала - танцаваць разам, правесці...

Потым яны зніклі.

Я не шукаў яе, пайшоў зноў да хлопцаў за клуб і напіўся так, што спаў пад клубам... Цяпер успамінаю, што лета было, інакш ад холаду акалеў бы там за ноч. Раніцай ледзь ледзь дахаты дайшоў. Матка, праўда, не сварылася, пахмяліцца дала... I толькі потым, калі адаспаўся трохі, адляжаўся, да мяне пакрысе стала даходзіць: што ж я такое ў гэтую ноч прапіў?! «Цябе Наташа чакае, ні з кім не танцуе цэлы вечар!»

Не ведаю, як бы я вытрымаў, каб не быў чамусьці ўпэўнены, што знайду яе: праз Светку, у горадзе — не такі той горад вялікі... Але хутка мы пераехалі, тады адразу неяк — войска, пасля адразу неяк жаніўся, неяк развёўся... Слаба помню, сцерлася неяк усё. Каб не аліменты, дык і самому не верыцца – быў я некалі жанаты, не быў?..

- Можа, збегаць яшчэ гарэлкі пашукаць?

- Не, мне ўставаць у паўпятага. Ды памыць там, што замочана...

- Можа, табе яшчэ раз жаніцца?

- Ну - - куды... Ужо ж не хлопчык. Хіба з дзіцям браць, ці разводную... Ды я ніякай не хачу. Аднаму неяк весялей. Вось набухаюся пасля работы то з хлопцамі, то адзін, лягу, святло выключу, прыёмнік паслухаю... А то так ляжу, без святла, успамінаю... Часта тая дарога ўспамінаецца. Прайду з ёю яшчэ раз, пра сваю судзьбу з ёю пагавару... А то вочы расплюшчаныя, а сны сняцца. Мура розная. Быццам жывём мы з ёю, кватэра ў нас, сядзім вечарам на кухні, дзіця пад нагамі лазіць... Так задумаешся, задумаешся — дый заснеш.

Мінск, 1993г.


Загрузка...