Бульбашы


У суддзі ў кабінеце, каля дзвярэй, стаіць метра паўтара ростам, але спраўны, пругкі, як мячык, мужчына і – гэта не мастацкая дэталь, а чыстая праўда! – камечыць у руках кепку.

– Янковіч, апошні раз пытаю – чаму вы кралі каўбасу? – стомлена кажа суддзя, мілавідная бялявая жанчына.

– А я вам паўтараю – я не краў каўбасу. І хто мне яе падсунуў?! – здзіўляецца завучана Янковіч.

Акрамя Янковіча на крэслах паўз сцяну сядзяць яшчэ падсудныя: жанчына ў гадах, абвязаная вясковай хусткаю пад самую бараду, і прыгожа апранутая красуня дзяўчына.

Справа іхняя ясная, як дзень белы. Гэтыя жанчыны, кладаўшчыцы з каўбаснага цэха, дамовіліся з шафёрам Янковічам украсці кілаграмаў трыццаць сухой каўбасы, але на прахадной Янковіча тармазнулі. На следстве яны расказалі ўсё чыста: і як кралі, і як піхалі каўбасу пад сядзенне ў машыне, і як збіраліся потым дзяліць, але на судзе, невядома чаму, паняслі раптам такую лухту, што вушы пухлі.

– Як я магла красці, калі я хадзіла ў тувалет? – кажа дзяўчына.

– А я нідзе ні була, нічого ні знаю, – кажа жанчына ў гадах.

– Як разумець вашыя словы, напісаныя месяц назад? – суддзя знаходзіць у папцы і чытае: – “Я зайшла ў каўбасны цэх, узяла тры палкі каўбасы, вынесла да машыны, потым вярнулася і ўзяла яшчэ шэсць...”

– Мало што следавацель мог напісаць!

– Вас трэба караць без усялякай каўбасы – за адно тое, што вы з нашымі галовамі робіце, – кажа суддзя, ківаючы на засядацеляў. – Вось як вас, такіх, судзіць? Пазваць зараз людзей з вуліцы, ці што? Дык яны ж вас затаўкуць тут, дзесяць гадоў такой каўбасы ў вочы не бачыўшы! Ну, маўчыце. Я аб’яўляю перапынак. Калі захочаце трохі падумаць, тым лепш будзе для вас.

Курачы на ганку каля ўвахода ў суд, малады, патрыятычна настроены засядацель убачыў Янковіча і, азірнуўшыся па баках, хуценька падышоў да яго.

– Дзядзька, ну што вы робіце?! Што ж вы так пад сябе капаеце?! Прызнавайцеся! І тады толькі штраф будзе, ну, з вымовамі... Інакш улепяць па два гады папраўчых!

– Н-у – пасадзяць, ці што?

– Не пасадзяць, а будуць вылічваць з заробку дваццаць пяць працэнтаў, а галоўнае – гэта лічыцца як судзімасць!

– Ну?

– Я вам кажу. Што ж мы, бульбашы, такія цвердалобыя, недаверлівыя? Хто ж нам паможа, калі мы адзін аднаму не паможам?

– Мусіць, такі праўда, – сказаў Янковіч і пашкроб у патыліцы. – Я ўжо і сам бачу, што сабе горш робім... Трэба прызнавацца, ды хай будзе, як будзе...

Скончыўся перапынак, зайшлі ўсе ў кабінет.

– Ну, Янковіч?.. – з надзеяй пытаецца мілавідіная суддзя.

– Я... нідзе не быў, нічога не бачыў, – адказвае Янковіч – позірк долу, і кепка ў рухавых далонях.

– А я хадзіла ў тувалет.

– А я нічого ні пісала – мало што нехто там панапісваў.

– Ідзіце ў калідор! – махае суддзя рукою. – Але напярод магу сказаць – я вам уляплю, колькі па гэтым артыкуле можна!

Бульбашы...


Загрузка...