Сродак (Абразок)


У ранішнім тралейбусе едуць высокі і нізкі. Абое пакамечаныя, з падпухлымі, нядобра ссінелымі тварамі, на якіх усе сляды ўчарашняй ночы...

Высокі, прыкрываючы далоняю рот, кажа:

— Кожная пахмелка скарачае жыццё на адзін год.

Нізкі слухае з надаверам. Па гэтых падліках ён павінен быў памерці сама мала разоў з дзесяць.

– Можна піць кілаграмамі, — кажа зноў высокі, — і нічога не будзе. Абы не пахмяляцца. Ні півам, ні нават кефірам. У кефіры таксама спірт ёсць.

-- Дык што, мучыцца? Дзякую.

-- Сама лепш: наліваеш гарачую, каб аж скура смылела, ванну, выпарваешся і п'еш малачко. Сырое, а яшчэ лепш — паранае. Малако выцягвае ўсе гэтыя п'яныя шлакі...

-- Што, праўда? — трохі ажыўляецца нізкі. — Папарышся, пап'еш — і ўсё?

-- Ну, захацеў — усё! Тады толькі ўсё і пачынаецца! Як стане гэтае праклятае малако высмоктваць, як пачне цябе і вярнуць, і круціць: сэрца абрываецца, у вачах — павукі, у Рыгу ездзіш...

-- Вось дурань! — плюецца нізкі. — Дык лепш сто грамаў выпіць!

-- Гэта само сабою, — апраўдваецца высокі. — Пасля ванны і малака — гэта само сабою – святая справа...

– Дурань, — паўтарае нізкі. — Я думаў, ты раскажаш, як і каб не пахмяляцца, і каб галава не трашчала.

– Ну, захацеў! Так не бывае. Навука такіх рэцэптаў пакуль не адкрыла, — нявесела жартуе высокі.

Замаўкаюць. У вачах у абодвух — пакутнае, пакорлівае доўгацярпенне.


Загрузка...